Домбі і сын/30
← Раздзел ХХІХ. Місіс Чык зрабілася відушчай | Раздзел ХХХ. Перад вяселлем Раман Аўтар: Чарльз Дыкенс 1848 (пераклад 1938) |
Раздзел ХХХІ. Вяселле → |
РАЗДЗЕЛ ХХХ
Перад вяселлем.
Хоць зачараванага дома больш не было і рабочыя людзі ўварваліся ў яго і стукалі ўвесь дзень, грукалі і тупалі па лесвіцах, выклікаючы з раніцы да вечара няспынныя прыступы брэху ў Дыагена, яўна пераконанага, што ўрэшце вораг яго перамог і, з урачыстасцю задзіраючыся, рабуе яго ўладанні, — але першы час у жыцці Фларэнс не заўважалася вялікіх перамен. Вечарамі, калі рабочыя выходзілі, дом зноў рабіўся панурым і закінутым, і Фларэнс, слухаючы галасы адыходзіўшых людзей, якія гучна разлягаліся па вестыбюлю і лесвіцах, уяўляла ў думках шчаслівы дамашні ачаг, да якога яны варочаюцца, і дзяцей, што іх чакаюць і ёй радасна было думаць, што яны вясёлыя і ідуць з радасцю.
Аддаючыся думкам пра новую маці, пра любоў і давер'е да яе, якія захлёснулі яе чыстае сэрца, Фларэнс яшчэ больш мацней любіла сваю родную нябожчыцу маці. Яна не баялася, што ў той будзе суперніца ў любві. Кожнае ласкавае слова прыгожай лэдзі гучэла для Фларэнс, як водгулле таго голасу, які даўно спыніўся і змоўк.
Аднойчы Фларэнс сядзела ў сваім пакоі, чытала і думала пра гэту лэдзі і абяцанне неўзабаве наведаць яе — змест кнігі наводзіў на гэтыя думкі, — як раптам, падняўшы позірк, яна ўбачыла яе ў дзвярах.
— Мама! — усклікнула Фларэнс, радасна кідаючыся ёй насустрач. — Вы прышлі!
— Яшчэ не мама, — з задуменнай усмешкай адазвалася лэдзі, абвіўшы рукою шыю Фларэнс.
— Але вельмі хутка ёю будзеце, — сказала Фларэнс.
— Цяпер вельмі хутка, Фларэнс, вельмі хутка.
Яна падвяла Фларэнс да крэсла і села каля яе; Фларэнс пазірала ёй у твар, зачароўвалася яе прыгожасцю і ахвотна пакінула сваю руку ў яе руцэ.
— Вы аставаліся адна, Фларэнс, з таго часу, як я тут была?
— О, так! — з усмешкай адказала Фларэнс.
Яна запнулася і патупілася, бо яе новая мама была вельмі сур'ёзная і ўглядалася пільна і задуменна ёй у твар.
— Я… я прывыкла быць адна, — сказала Фларэнс. — Мне гэта зусім не цяжка. Іншы раз мы з Ды праводзім цэлыя дні ўдваіх.
Фларэнс магла-б сказаць — цэлыя тыдні і месяцы.
— Ды, гэта ваша пакаёўка, дарагая?
— Гэта мой сабака, мама, — са смехам адазвалася Фларэнс. — Маю пакаёўку завуць С'юзен.
— А гэта вашы пакоі? — запыталася Эдзіт, азіраючыся вакол. — Тады мне іх не паказалі. Мы павінны іх упрыгожыць, Фларэнс. Яны будуць лепшымі ва ўсім доме.
— Калі-б мне дазволілі перамяніць іх, мама, — адазвалася Фларэнс, — ёсць адзін пакой наверсе, які значна больш мне спадабаецца.
— Хіба тут не досыць высока, любая мая дзяўчынка? — з усмешкай запыталася Эдзіт.
— Гэта быў пакой майго брата, — сказала Фларэнс, — і я яго вельмі люблю. Я хацела пагаварыць аб ім з татам, калі вярнулася дадому і застала тут рабочых і ўсе гэтыя перамены, але…
Фларэнс патупіла вочы, баючыся, каб той-жа позірк не прымусіў яе зноў запнуцца.
— Але я пабаялася, што гэта яго засмуціць; а з тае прычыны, што вы сказалі, мама, што хутка вернецеся і будзеце тут поўнай гаспадыняй, я вырашыла адважыцца і папрасіць аб гэтым вас.
Эдзіт сядзела, не зводзячы бліскучых вачэй з яе твара, але, калі Фларэнс зірнула на яе, яна, у сваю чаргу, патупіла вочы. Вось тады-ж і падумала Фларэнс, што прыгажосць гэтай лэдзі зусім не тая, якою паказалася ёй першы раз. Яна лічыла гэту прыгажосць ганарлівай і велічнай, але лэдзі трымала сябе так ласкава і ціхмана, што — каб была яна аднагодкай з Фларэнс і адных з ёю схільнасцей — яна бадай ці ўнушала-б больш давер'я.
Яна ахвотна згадзілася з просьбай Фларэнс адносна новага пакоя і сказала, што сама аб гэтым паклапоціцца. Пасля яна пачала распытваць пра небараку Поля і пасля кароткай гутаркі паведаміла Фларэнс, што заехала па яе з намерам забраць яе да сябе.
— Цяпер мы пераехалі ў Лондан, мая маці і я, — сказала Эдзіт, — і вы будзеце жыць з намі да майго замуства. Я хачу, каб мы бліжэй пазнаёміліся і давяралі адна другой, Фларэнс.
— Вы вельмі добрая да мяне, любая мама, — сказала Фларэнс, — як я вам удзячна.
— Вось што я вам скажу цяпер, бо больш зручнага выпадку, магчыма, не будзе, — прадаўжала Эдзіт, азірнуўшыся, каб даведацца, ці адны яны, і прыцішыўшы голас: — калі я выйду замуж і на некалькі тыдняў паеду, у мяне будзе спакайней на душы, калі вы вернецеся сюды дадому. Хто-б вас не запрашаў да сябе, вярніцеся дадому. Лепш быць адной, чым… Я хачу сказаць, — дадала яна, запнуўшыся, — што як мне вядома, вы лепш за ўсё адчуваеце сябе дома, любая Фларэнс.
— У той-жа дзень я вярнуся дадому, мама.
— Так і зрабіце. Я звяраюся на ваша абяцанне. А цяпер, дарагая, збірайцеся, і паедзем. Вы знойдзеце мяне ўнізе, калі будзеце гатовы.
Паважаная місіс Ск'ютон заняла дом на Брук-стрыт, Гроўнер-сквер, што належаў велічнаму сваяку (аднаму з родзічаў Фінікса), які выехаў з горада і велікадушна ўступіў свой дом з прычыны вяселля, лічачы гэта падарункам, які канчаткова збаўляе і вызваляе ад розных пазык і падарункаў місіс Ск'ютон і яе дачцы. Для падтрымання гонару сям'і трэба было строга захоўваць прыстойнасць, і місіс Ск'ютон знайшла згаворчывага гандляра, што жыў у прыходзе Мерыбен, які пазычаў знаці рознастайныя прадметы абстаноўкі, пачынаючы са сталовага срэбра і канчаючы арміяй лакеяў; гэты-ж гандляр даставіў у дом сівавалосага дварэцкага (які атрымліваў дадатковую плату за тое, што ў яго быў выгляд старога слугі ў сямейным доме), двух высокіх маладых людзей у ліўрэі і адборны штат прыслугі. У той-жа дом і з тае-ж зручнай крыніцы было дастаўлена ўсё неабходнае кухоннае срэбра і фарфар, а таксама рознастайныя прадметы гаспадарчага ўжытку, уключаючы прыгожы экіпаж і пару гнедых коней, і місіс Ск'ютон размясцілася сярод падушак на параднай канапе, у позе Клеапатры, і ўрачыста распачала прыём.
— Ну, як маецца мая цудоўная Фларэнс? — запыталася місіс Ск'ютон, калі ўвайшла яе дачка са сваёй пратэжэ[1]. — Дапраўды, вы павінны пацалаваць мяне, Фларэнс, мая любая.
Фларэнс, баязліва нахіліўшыся, шукала белае месцечка на твары місіс Ск'ютон, але гэтая лэдзі падставіла ёй вуха і вызваліла яе з цяжкага становішча.
— Эдзіт, дарагая мая, — сказала місіс Ск'ютон, — станоўча… Павярніцеся крыху да святла, на адну хвіліну, любая Фларэнс.
Фдарэнс, чырванеючы, паслухалася.
— Вы не памятаеце, дарагая Эдзіт, — прадаўжала маці, — якой вы былі прыкладна ва ўзросце нашай чароўнай Фларэнс або крыху маладзей?
— Я даўно забылася, мама.
— Дапраўды, дарагая мая, — сказала місіс Ск'ютон, — я знаходжу пэўнае падабенства паміж вамі ў тыя гады і нашай цудоўнай юнай прыяцелькай. І гэта паказвае, што можа зрабіць выхаванне, — дадала місіс Ск'ютон, прыцішыўшы голас і даючы зразумець, што на яе думку, выхаванне Фларэнс далёка не закончана.
— Так, бясспрэчна, — быў халодны адказ Эдзіт.
Маці зырка на яе паглядзела і, адчуваючы, што яна на небяспечным шляху, сказала з мэтай адцягнуць увагу:
— Цудоўная Фларэнс, дапраўды, вы павінны пацалаваць мяне яшчэ раз, дарагая мая.
Фларэнс, зразумела паслухалася, і зноў дакранулася губамі да вуха місіс Ск'ютон.
— Любачка, вы, зразумела, чулі, — прадаўжала місіс Ск'тон, трымаючы яе за руку, — што ваш тата, якога мы ўсе літаральна паважаем і вельмі любім, роўна праз тыдзень жэніцца на маёй дарагой Эдзіт?
— Я ведала, што гэта павінна быць вельмі хутка, — адкзала Фларэнс, — але не ведала, калі іменна.
— Дарагая мая Эдзіт, — весела сказала маці, — ці можа быць, што вы не сказалі пра гэта Фларэнс?
— Навошта мне было казаць Фларэнс? — адказала тая так шпарка і рэзка, што Фларэнс гатова была не паверыць, ці яе гэта голас.
Тады місіс Ск'ютон паведаміла Фларэнс, з мэтай зноў адцягнуць увагу, пра тое, што бацька прыдзе на абед і, вядома, будзе прыемна здзіўлены, убачыўшы яе, бо ўчора вечарам ён гаварыў аб справах у Сіці і нічога не ведаў пра зацею Эдзіт, ажыццяўленне якой павінна было, на думку місіс Ск'ютон, прывесці яго ў захапленне. Пачуўшы гэта, Фларэнс перапалохалася, і разам з тым, як набліжаўся час абеду, неспакой яе зрабіўся такім пакутлівым, што — каб ведала яна, як папрасіць дазволу вярнуцца дадому, не спасылаючыся пры гэтым на бацьку, — яна ўцякла-б пехатою з голай галавой, стрымгалоў і адна, толькі-б унікнуць рызыкі выклікаць яго нездавальненне.
З набліжэннем прызначанай гадзіны яна ледзь дыхала. Яна сядзела ля пасцелі Клеапатры, стараючыся слухаць і адказваць на недарэчную гутарку гэтай дэдзі, як раптам на лесвіцы пачуліся яго крокі.
— Я чую яго крокі! — уздрыгануўшыся, усклікнула Фларэнс. — Ён ідзе!
Клеапатра штурхнула Фларэнс за канапу і нахінула на яе шаль, рыхтуючыся зрабіць містэру Домбі чароўны сюпрыз. Гэта было прароблена так шпарка, што праз секунду Фларэнс пачула ў пакоі грозныя яго крокі.
— Дарагі мой Домбі, — сказала Клеапатра, — хадзіце сюды і скажыце мне, як маецца ваша любая Фларэнс.
— Фларэнс здарова, — адказаў містэр Домбі, падыходзячы да пасцелі.
— Яна дома?
— Дома, — сказаў містэр Домбі.
— Дарагі мой Домбі, — прадаўжала Клеапатра з чароўнай жвавасцю, — ці ўпэўнены вы ў тым, што не ашукваеце мяне? Не ведаю, што скажа мне мая любая Эдзіт, пачуўшы такую заяву, але, дапраўды, я баюся, дарагі мой Домбі, што вы — самы фальшывы з мужчын.
Каб ён быў сапраўды такім і каб яго выкрылі на месцы ў самай страшэннай мане, калі-небудзь выяўленай у словах або ўчынках, ён бадай ці мог-бы больш замяшацца, чым цяпер, калі місіс Ск'ютон сцягнула шаль і Фларэнс, бледная і дрыжачая, з'явілася перад ім, як здань. Ён яшчэ не апамятаўся ад замяшання, калі Фларэнс кінулася да яго, абняла яго за шыю пацалавала і выбегла з пакоя. Ён азірнуўся, нібы жадаючы абмеркаваць з кім-небудзь гэта пытанне, але Эдзіт вышла зараз-жа ўслед за Фларэнс.
— Прызнайцеся-ж, дарагі мой Домбі, — сказала місіс Ск'ютон, працягваючы яму руку, — што вы ніколі яшчэ не былі так здзіўлены і ўзрадаваны.
— Я ніколі не быў так здзіўлены, — адказваў містэр Домбі.
— І так узрадаваны, дарагі мой Домбі? — настойвала місіс Ск'ютон.
— Я… так, я надзвычай рад, што сустрэў тут Фларэнс, — сказаў містэр Домбі.
— Вы не разумееце, як яна апынулася тут, праўда? — запыталася місіс Ск'ютон.
— Магчыма, Эдзіт… — выказаў меркаванне містэр Домбі.
— О, ліхі адгадчык! — адазвалася Клеапатра, ківаючы галавой. — О, хітры, хітры чалавек! Мне не варта было-б гаварыць такія рэчы, дарагі мой Домбі, вы — мужчыны, такія фанабэрыстыя і такія схільныя злоўжываць нашымі слабасцямі, але вам вядома, што душа ў мяне адкрытая… Добра, зараз.
Гэтыя апошнія словы адносіліся да аднаго з вельмі высокіх маладых людзей, які далажыў, што абед гатоў.
— Але Эдзіт, дарагі мой Домбі, — прадаўжала яна шэптам, — калі яна не бачыць вас каля сябе, — а я ёй сказала, што не можа-ж яна заўсёды на гэта разлічваць, — Эдзіт хоча, каб каля яе было хоць што-небудзь або хто-небудзь з тых, хто вам блізкі. Так, гэта ў вышэйшай ступені натуральна!
З тае прычыны, што яна чакала адказу, дык містэр Домбі адказаў:
— У вышэйшай ступені!
— Ды благаславіць вас бог, дарагі мой Домбі, за тое, што вы такі добры! — усклікнула Клеапатра, паціскаючы яму руку. — Але я раблюся занадта сур'ёзнай. Будзьце ласкавы, правядзіце мяне ўніз, і паглядзім, які абед маюць намер прапанаваць нам гэтыя людзі. Ды благаславіць вас бог, дарагі Домбі!
Фларэнс і Эдзіт былі ўжо ў сталовай і сядзелі побач. Калі ўвайшоў бацька, Фларэнс хацела ўстаць, каб саступіць яму сваё месца, але Эдзіт рашуча паклала руку ёй на плячо.
Размову падтрымлівала амаль што адна місіс Ск'ютон. Фларэнс ледзь адважвалася падняць вочы, баючыся, каб ніхто не заўважыў, што яны заплаканыя; тым больш не адважвалася яна гаварыць; а Эдзіт была маўклівая і толькі адказвала на пытанні.
— Такім чынам, усе вашы падрыхтаванні амаль скончаны, праўда, дарагі мой Домбі? — запыталася Клеапатра, калі быў паданы дэсерт і сівавалосы дварэцкі вышаў. — Нават юрыдычны бок!
— Так, пані, — адказаў містэр Домбі, — шлюбны кантракт, так гавораць юрысты, ужо гатовы, і, як я вам казаў, Эдзіт, астаецца толькі прызначыць дзень для падпісання.
— Няма чаго мне прызначаць. Няхай будзе тады, калі вы захочаце, — сказала Эдзіт, ледзь зірнуўшы цераз стол на містэра Домбі.
— Заўтра? — прапанаваў містэр Домбі.
— Як вы хочаце.
— Або паслязаўтра, калі гэта больш адпавядае вашым планам? — прапанаваў містэр Домбі.
— У мяне няма ніякіх планаў. Я заўсёды ў вашым распараджэнні. Вызначце любы дзень.
— Ніякіх планаў, дарагая мая Эдзіт? — умяшалася маці. — Ды вы-ж ад раніцы да самай ночы заняты, і ў вас тысяча і адна справа з усялякімі пастаўшчыкамі!
— Пра гэта вы паклапаціліся, — адказала Эдзіт, павярнуўшыся да яе і злёгку насупіўшы бровы. — Вы з містэрам Домбі можаце дамовіцца паміж сабой.
— Зусім правільна, любачка, і вельмі разумна з вашага боку! — усклікнула Клеапатра. — Дарагая мая Фларэнс, сапраўды, вы павінны падыйсці і яшчэ раз пацалаваць мяне, мая любая!
Дзіўнае супадзенне: гэта зацікаўленасць да Фларэнс авалодвала Клеапатрай амаль што пасля кожнага дыялага, у якім Эдзіт прымала хоць-бы самы нязначны ўдзел!
У глыбіні душы містэр Домбі быў далёк ад таго, каб абурацца паводзінамі сваёй цудоўнай нявесты. У яго былі дастатковыя падставы сімпатызаваць яе ганарлівасці і халоднасці, бо ён падзяляў гэтыя пачуцці.
Да позняга часу не прыносілі свечкі, бо місіс Ск'ютон скардзілася, што ад іх ў яе пачынае балець галава; увесь гэты час Фларэнс і місіс Ск'ютон гутарылі (Клеапатра вельмі клапацілася аб тым, каб не адпускаць яе ад сябе), і Фларэнс паціху грала на фартэпіяна для задавальнення місіс Ск'ютон, прычым гэтая ласкавая лэдзі часамі адчувала патрэбу ў новых пацалунках, што бывала кожны раз пасля таго, як Эдзіт здаралася прамовіць слова. Між іншым, іх было мала, бо Эдзіт увесь час сядзела ў у баку, ля адчыненага акна (не зважаючы на тое, што маці баялася, каб яна не не адыходзіла, пакуль містэр Домбі не развітаўся і не пайшоў.
Тыдзень прамільгнуў хутка. Ездзілі да мадыстак, краўчых, ювеліраў, юрыстаў, кандзіцераў, у кветкавыя магазіны, і ва ўсіх гэтых паездках Фларэнс прымала ўдзел. Фларэнс павінна была прысутнічаць на вяселлі. З гэтай прычыны Фларэнс павінна была скінуць траур і апрануць пышнае ўбранне. Планы мадысткі адносна гэтага ўбрання — мадыстка была францужанкай і была вельмі падобнай да місіс Ск'ютон — былі такія нявінныя і прыгожыя, што місіс Ск'ютон заказала такое-ж убранне сабе. Мадыстка заявіла, што на ёй яно будзе надзвычайным, і таму ўсе палічаць яе за сястру маладой лэдзі.
Тыдзень прамільгнуў хутка. Ён ляцеў нібы па крыллях. Надышоў апошні вечар гэтага тыдня, вечар перад вяселлем. У цёмным пакоі — бо місіс Ск'ютон усё яшчэ пакутвала ад галаўнога болю, хоць і спадзявалася назаўсёды пазбавіцца ад яго заўтра — былі гэта лэдзі, Эдзіт і містэр Домбі. Эдзіт зноў сядзела ля адчыненага акна, пазіраючы на вуліцу; містэр Домбі і Клеапатра, седзячы на канапе, гутарылі паціху. Ужо было позна. Фларэнс стомленая пайшла спаць.
— Дарагі мой Домбі, — сказала Клеапатра, — заўтра, калі вы забераце ў мяне любую маю Эдзіт, ці не пакінеце вы мне Фларэнс?
Містэр Домбі сказаў, што зробіць гэта з прыемнасцю.
Эдзіт раптам павярнулася. Яе абыякавасць у адну секунду дала месца гарачай цікавасці, і нябачная ў цемры, яна ўважліва прыслухоўвалася да размовы.
Містэр Домбі з найвялікшай прыемнасцю пакіне Фларэнс у такіх надзвычай добрых руках.
— Дарагі мой Домбі, — адказвала Клеапатра, — тысячу разоў дзякую за вашу добрую думку. Я баялася, што вы ад'язджаеце з каварным, загадзя абдуманым намерам, як кажуць праціўныя юрысты — гэтыя жудасныя людзі! — асудзіць мяне на поўную адзіноту.
— Чаму вы так несправядлівы да мяне, пані? — запытаўся містэр Домбі.
— Таму што мая дзівосная Фларэнс так цвёрда гаворыць мне, што заўтра павінна вярнуцца дадому, — адказала Клеапатра, — вось я і пачала баяцца, дарагі мой Домбі, што вы сапраўдны турэцкі паша.
— Запэўняю вас, пані, — запярэчыў містэр Домбі, — што я не даваў ніякіх загадаў Фларэнс, а калі-б і даў, то ваша жаданне вышэй усякіх загадаў.
— Дарагі мой Домбі, — адазвалася Клеапатра, — які вы галантны кавалер! Між іншым, гэтага я не магу сказаць, бо ў кавалераў няма сэрца, а аб вашым сэрцы сведчыць ваша цудоўнае жыццё і натура… Як, няўжо вы так рана пойдзеце, дарагі мой Домбі?
О, дапраўды, час ужо быў позны, і містэр Домбі думаў, што яму трэба ісці.
— У сапраўднасці ўсё гэта ці ў сне? — сюсюкала Клеапатра. — Ці магу я паверыць, дарагі Домбі, што заўтра раніцой вы вернецеся сюды, каб пазбавіць мяне маёй любай спадарожніцы, маёй роднай Эдзіт?
Містэр Домбі, які прывык словы разумець літаральна, напомніў місіс Ск'ютон, што яны павінны сустрэцца спачатку ў царкве.
— Боль, які церпіш, — сказала місіс Ск'ютон, — аддаючы сваё дзіця хоць-бы нават вам, дарагі мой Домбі, — самы пакутлівы, які толькі можна ўявіць; а калі ён спалучаецца з кволым здароўем і калі да гэтага дадаць надзвычайную тупасць кандзіцера, які наладжвае снеданне, — гэта ўжо зусім не для маіх слабых сіл. Эдзіт, дарагая мая! — хітра закрычала яна. — Нехта збіраецца ісці, любачка!
Містэр Домбі з ганарлівай галантнасцю, якая адпавядала яго годнасці і данаму выпадку, накіраваўся ў сваіх скрыпучых ботах, паднёс яе руку да губ і сказаў: «Заўтра раніцой я буду мець шчасце прад'явіць права на гэту руку, як на руку місіс Домбі», і з урачыстым паклонам вышаў.
Эдзіт увесь час сядзела ля цёмнага вакна і пазірала на вуліцу. Астаўшыся, нарэшце, удваіх з маткаю, яна першы раз за ўвесь вечар адышла ад акна і спынілася перад ёю. Пазяхаючая, уся трасучыся, бурклівая маці зірнула на ганарлівую прыгожую фігуру дачкі, якая скіравала на яе пякучы позірк, і было відаць, што яна ўсё разумее: гэтага не магла захаваць маска ветранасці або раздражэння.
— Я вельмі стамілася, — сказала яна. — На вас ні на секунду нельга спадзявацца. Вы горш за дзіця. Дзіця! Ніводнае дзіця не бывае такім упартым і непаслухмяным.
— Выслухайце мяне, маці, — адазвалася Эдзіт, не адказваючы на гэтыя словы, пагардліва адмаўляючыся зважыць на такое глупства.
— Вы павінны астацца тут адна да майго звароту.
— Павінна астацца тут адна, Эдзіт, да вашага звароту? — перапытала маці.
— Або даю клятву, што я адхіляю ў царкве руку гэтага чалавека. Калі я гэтага не зраблю, дык няхай паду мёртвай на каменныя пліты!
— Досыць таго, што мы такія, якія мы ёсць, — цвёрда прадаўжала Эдзіт. — Я не дапушчу, каб яшчэ адно юнае і праўдзівае стварэнне было зніжана да майго ўзроўню. Я не дапушчу, каб яшчэ адну нявінную душу падточвалі, разбэшчвалі і ламалі для забавы сумуючых матак. Вы разумееце, аб чым я гавару: Фларэнс павінна вярнуцца дадому.
— Няўжо сёння, пасля ўсёй маёй працы і клопатаў, калі, дзякуючы мне, вы зробіцеся незалежнай, я павінна выслухоўваць, што ў ва мне — разбэшчанасць і зараза, што я — непадыходзячая кампанія для маладой дзяўчыны? — завішчэла даведзеная да шаленства маці, і, трасучыся, яе галава задрыжэла, як ліст. — Ды што-ж вы такое, скажыце, калі ласка? Што вы такое?
— Я не раз пыталася пра гэта сама ў сябе, калі сядзела вунь там, — сказала Эдзіт, бледная як мярцвяк, паказваючы на акно, — а па вуліцы бадзялася нейкае завяўшае падабенства жанчыны. І богу вядома, што я мела у адказ! Ах, маці, калі-б вы толькі пакінулі мяне маім прыродным нахілам, калі і я была дзяўчынай — маладзейшай за Фларэнс, — я, магчыма, была-б зусім іншай!
Разумеючы што ўспышкі гневу цяпер бескарысны, маці стрымала сябе і пачала хныкаць і наракаць на тое, што яна задоўга жыве на свеце і адзінае яе дзіця ад яе адвярнулася, што абавязак у адносінах да бацькоў забыты ў наш грэшны час і што яна выслухала страшэнныя абвінавачанні і больш не даражыць жыццём.
Эдзіт скіравала на яе той самы пільны позірк у той час, як тая ўсхліпвала і выцірала сабе вочы. Затым Эдзіт сказала тым-жа ціхім, цвёрдым голасам, якога не павышала і не паніжала з таго часу, як пачала размову:
— Фларэнс павінна вярнуцца дадому.
— Няхай вернецца! — шпарка адазвалася засмучаная і спалоханая маці. — Я не пярэчу супроць таго, каб яна вярнулася. Што мне гэта дзяўчына?
— Для мяне яна так многа значыць, што я не кіну сама і не дапушчу, каб іншыя кінулі ў яе хоць-бы крупінку зла! Пакуль я маю магчымасць гэтаму перашкаджаць, яе не будуць брудзіць і разбэшчваць тымі ўрокамі, якія засвоіла я. Гэта зусім не цяжкая ўмова ў такі сумны вечар.
— Магчыма, і не цяжкая. Вельмі магчыма, калі-б толькі вы абыходзіліся са мною, як належыць дачцэ, — захныкала маці. — Але такія колкія словы…
— Яны асталіся ў мінулым і больш іх не будзе, — сказала Эдзіт. — Ідзіце сваёй дарогай, маці. Карыстайцеся, як вам уздумаецца, тым, чаго вы дамагліся; кідайце грошы, весяліцеся, радуйцеся з гэтага і будзьце шчаслівы па-свойму. Мэта нашага жыцця дасягнута. З гэтага моманту будзем дажываць жыццё моўчкі. З гэтай гадзіны я не пракажу ні слова аб мінулым. Я вам прабачаю за ваш удзел у заўтрашняй ганебнай здзелцы!
Голас яе не здрыгануўся, стан не здрыгануўся, і, прайшоўшы цвёрдай хадой, нібы топчучы нагамі ўсе пяшчотныя пачуцці, яна пажадала маці спакойнай ночы і пайшла ў свой пакой.
Але не на адпачынак: бо не было адпачынку для яе, калі яна асталася адна, усхваляваная. Узад і ўперад хадзіла яна, і зноў узад і ўперад, сотні разоў, сярод вельмі прыгожых прылад туалета, падрыхтаванага на заўтра; цёмныя валасы распусціліся, у цёмных вачах паблісквала шаленства, поўныя белыя грудзі пачырванелі ад жорсткага дакранання бязлітаснай рукі, калі яна хадзіла ўзад і ўперад, павярнуўшы галаву ў, бок, нібы стараючыся не бачыць сваёй уласнай прыгажосці і адарваць сябе ад яе. Так, у познюю і ціхую гадзіну ночы перад вяселлем, Эдзіт Грэйнджэр змагалася са сваім трывожным духам, без слёз, без скарг, без сяброў, маўклівая, гордая.
Нарэшце, яна выпадкова дакранулася рукою да адчыненых дзвярэй, якія вялі ў пакой, дзе спала Фларэнс.
Яна ўздрыганулася, спынілася і зазірнула туды.
Там гарэў агонь, і яна ўбачыла Фларэнс, якая моцна спала ў росквіце нявіннасці і прыгажосці. Эдзіт затаіла дыханне і адчула, што яе цягне да яе.
Цягне бліжэй, бліжэй, яшчэ бліжэй. Нарэшце, яна падышла так блізка, што, нахіліўшыся, прыціснулася губамі да кволай ручкі, якая звісла з ложка, і асцярожна абвіла ёй сваю шыю. Слёзы пырснулі ў яе з вачэй ад гэтага дотыку, калі яна пала на калені і апусціла змучаную галаву і рассыпаныя валасы на падушку каля галавы Фларэнс.
Так правяла Эдзіт Грэйнджэр ноч перад вяселлем. Так застала яе сонца раніцой, у дзень вяселля.
РАЗДЗЕЛ ХХХІ
Вяселле.
Досвітак з яго халодным бледным тварам дрыжачы падкрадаецца да царквы, пад якою спачывае прах маленькага Поля і яго маці, і заглядае ў вокны. Холадна і цёмна. Ноч яшчэ прыпадае да каменных пліт і хмурыцца, панурая і цяжкая, у кутках і закутках будынка. Гадзіннік на званіцы, які ўзвышаецца над дамамі, вынырнуўшы з безлічных хваль у патоку часу, які набягае і разбіваецца аб вечны бераг, шарэе нібы каменны маяк, які сцеражэ марскі прыліў; у пачатку досвітак можа толькі цішком зазірнуць у царкву і пераканацца, што ноч яшчэ там.
Бездапаможна поўзаючы вакол царквы і заглядаючы ў вокны, досвітак стогне і плача аб сваім кароткачасовым панаванні, і слёзы яго струменяць па шыбах, а дрэвы ля царкоўнай агарожы схіляюць галовы і, спачуваючы, ломяць безлічныя свае рукі. Ноч, бляднеючы перад ім, непрыкметна пакідае царкву, але затрымліваецца пад скляпеннем, у скляпах, апускаецца на труны. Але вось прыходзіць светлы дзень, надаючы бляск гадзінніку на званіцы, афарбоўваючы шпіц у чырвоны колер, асушаючы слёзы досвітку, аглушаючы яго скаргі; а застрашаны досвітак, ідучы за ноччу і праганяючы яе з апошняга яе сховішча, сам залазіць у скляпы і хаваецца, са спалоханым тварам, сярод мерцвякоў, пакуль не вернецца адпачыўшая ноч і не прагоніць яго адтуль.
Мышы, якія займаліся маліцвенікамі больш старанна, чым іх уладальнікі, і маленькімі зубкамі нарабілі падушкам[2] больш