Перайсці да зместу

Домбі і сын/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел ХХХІ. Вяселле Раздзел ХХХІІ. Драўляны Мічман разбіваецца ўшчэнт
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел ХХХIII. Кантрасты

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХХХІІ

Драўляны Мічман разбіваецца ўшчэнт.

Сумленны капітан Катль, правёўшы некалькі тыдняў у сваім умацаваным сховішчы, зусім не меў намеру адмаўляцца ад разважлівых мер перасцярогі, прынятых для абароны ад нечаканага нападу, толькі таму, што вораг не з'яўляецца. Капітан лічыў, што цяперашняе яго шчасце занадта вялікае і цудоўнае, каб прадаўжацца доўга; ён ведаў, што нядоўга флюгер астаецца непарушным, калі дзьме спадарожны вецер. Вельмі добра знаёмы з рашучым і смелым норавам місіс Мак-Стынджэр, ён не сумняваўся ў тым, што гэта гераічная жанчына паставіла сабе за мэту знайсці яго і захапіць у палон. Калоцячыся пад цяжарам гэтых меркаванняў, капітан Катль жыў вельмі замкнута і адасоблена; звычайна выходзіў толькі на змярканні, ды і тады асмельваўся вандраваць толькі па самых глухіх вуліцах, зусім не пакідаў дома па нядзелях і як у сценах, так і за сценамі свайго сховішча, асцерагаўся капялюшыкаў, нібы іх насілі раз'юшаныя ільвы.

Капітан і не думаў, што можна аказаць супраціўленне місіс Мак-Стынджэр у выпадку, калі яна накінецца на яго ў часе прагулкі. Ён адчуваў, што гэтага нельга зрабіць. Ён ужо бачыў сябе, пакорлівага, пасаджанага ў наёмную карэту і ўселенага на старую кватэру. Ён прадбачыў, што, раз папаўшыся ў гэту турму, ён — загінуўшы чалавек; бывай яго капялюш; місіс Мак-Стынджэр пільнуе яго ўдзень і ўночы; дакоры сыплюцца на яго галаву ў прысутнасці дзяцей; ён унушае падазрэнне і недавер'е — людаед у вачах дзяцей і выкрыты здраднік у вачах іх маці.

Калі гэта змрочная карціна паўставала ва ўяўленні капітана, ён пакрываўся ўвесь потам і яго апаноўваў смутак. Звычайна гэта бывала вечарамі, незадоўга да той гадзіны, калі, азіраючыся, ён выходзіў з дому падыхаць паветрам і прагуляцца. Разумеючы, якая несяспека яму пагражае, капітан у такія хвіліны развітваўся з Робам урачыста, як і належыць чалавеку, які, магчыма, ніколі не вернецца, навучаючы яго на выпадак, калі ён (капітан) на час знікне з віду, ісці па сцежцы добрадзейнасці і добра паліраваць медныя інструменты.

Але, не жадаючы адмаўляцца ад малейшай надзеі на выратаванне і стараючыся забяспечыць сабе, калі справа набудзе дрэнны характар, магчымасць падтрымліваць зносіны са знешнім светам, капітану Катлю прышла ў галаву шчаслівая думка навучыць Роба Тачыльшчыка якому- небудзь патаемяаму сігналу, каб гэты падначалены мог у часе бяды паведаміць камандзіру аб сваёй прысутнасці і адданасці. Пасля доўгага раздум'я капітан вырашыў і навучыў яго высвістваць марскую песеньку «Гэй, весялей, весялей!», а калі Роб Тачыльшчык дасягнуў той ступені дасканаласці ў выкананні яе, на якую толькі можа разлічваць сухаземны жыхар, капітан загадаў яму запамятаць наступныя таямнічыя правілы:

— Ну, прыяцель, трымайцеся мацней! Калі мяне калі-небудзь захопяць…

— Захопяць, капітан! — перапыніў Роб, шырока расплюшчваючы свае круглыя вочы.

— Так! — панура сказаў капітан Катль. — Калі я калі-небудзь выйду з дому, маючы намер вярнуцца да вячэры, і не з'яўлюся на адлегласці воклічу, то праз дваццаць чатыры гадзіны пасля майго знікнення ідзіце на Брыг-плейс і высвіствайце вось гэту песеньку каля маёй старой прыстані, але так, разумееце, нібы вы гэта робіце без усякага намеру, нібы вас занесла туды выпадкова. Калі я вам адкажу тою-ж самай песенькай, вы, прыяцель, адчальвайце і варочайцеся назад праз дваццаць чатыры гадзіны; калі я адкажу іншай песенькай, адхіліцеся ад прамога курса і трымайцеся на адлегласці, пакуль я не дам другога сігналу. Зразумелі загад?

— Ад чаго я павінен адхіліцца, капітан? — запытаўся Роб, — ад бруку?

— Кемлівы хлапец, нечага сказаць! — усклікнуў капітан, сурова на яго паглядаючы. — Роднай мовы не разумее! Тады вы адыйдзіце ў бок, а пасля вярніцеся, — зразумела цяпер?

— Зразумела, капітан, — сказаў Роб.

— Вельмі добра, прыяцель, — змякчыўшыся, сказаў капітан. — Так і зрабіце!

Каб Роб добра гэта засвоіў, капітан Катль вечарамі, пасля таго як зачыняў краму, праводзіў часамі рэпетыцыю з ім усёй сцэны: ішоў для гэтай мэты ў гасціную, нібы ў жыллё ўяўляемай місіс Мак-Стынджэр, і ўважліва сачыў за паводзінамі свайго саюзніка ў дзірачку, якую ён прасвідраваў у сцяне. Роб Тачыльшчык у часе іспытаў выконваў свой абавязак так добра і спрытна, што капітан, у знак свайго задавальнення, падараваў яму ў розны час сем шасціпенсавікаў; і паступова ў сэрца яго пракраўся спакой чалавека, які падрыхтаваўся да горшага і прыняў усе разумныя меры перасцярогі супроць бязлітаснага лёсу.

Аднак, капітан не спакушаў лёсу і схілен быў рызыкаваць ніколькі не больш, чым раней. Мяркуючы, што правілы добрага тону прадпісваюць яму, як сябру сям'і, прысутнічаць на вяселлі містэра Домбі (аб ім ён даведаўся ад містэра Перча) і з галярэі паказаць гэтаму джэнтльмену сваю прыязную і задаволеную фізіяномію, ён накіраваўся ў царкву ў наёмным кабрыялеце, у якім абодва вокны былі паднятыя.

Капітан шчасліва вярнуўся дадому, і новае яго жыццё ішло заведзеным парадкам; непрыяцель не даваў яму больш прамых повадаў да трывогі, чым штодзённае з'яўленне дамскіх капялюшыкаў на вуліцы. Але іншыя клопаты пачалі прыгнятаць капітана. Пра карабль Уолтэра ўсё яшчэ не было ніякіх вестак. Не было ніякіх звестак і пра старога Соля Джылса, Фларэнс нават не ведала аб знікненні старога, а капітан Катль не адважваўся ёй сказаць. Сапраўды, з таго часу, як надзея на выратаванне велікадушнага, прыгожага, смелага юнака, якога ён па-свойму, грубавата, любіў з ранняга яго дзяцінства, пачала патухаць і патухала з дня на дзень, — капітан са смуткам праганяў ад сябе думку пра размову з Фларэнс. Калі-б сумленны капітан мог прынесці ёй добрыя весткі, ён не пабаяўся-б увайсці ва ўноў адрамантаваны і надзвычай добра мэбляваны дом — хоць гэты дом, у сувязі з бачанай ім у царкве лэдзі, навяваў на яго жах — і з'явіўся-б да Фларэнс. Але калі цёмныя хмары засланілі іх агульныя надзеі і згушчаліся з кожнай гадзінай, капітану здавалася, нібы для яе ён з'яўляецца крыніцай новых няшчасцяў і засмучэння і візіта Фларэнс ён баяўся не менш, чым самой місіс Мак-Стынджэр.

Быў халодны, цёмны асенні вечар, і капітан Катль загадаў запаліць у каміне ў маленькай задняй гасцінай, якая больш, чым калі-небудзь, была падобна цяпер да каюты. Ліў дождж, і дзьмуў моцны вецер; прайшоўшы праз адчыненую ўсім вятрам спальню свайго старога сябра, капітан падняўся на дах дома даведацца, якое надвор'е, і сэрца ў яго замерла, калі ён убачыў, як непагодліва і безнадзейна навакол.

Павярнуўшы твар насустрач рэзкаму ветру і косаму дажджу, капітан Катль пазіраў на цяжкія воблакі, якія шпарка імчаліся над награмаджэннем дахаў, і дарэмна шукаў больш вясёлага малюнку. І навакол яго самога відовішча было не лепшае. У шматлікіх скрынках з-пад чаю і розных банках чулася ля яго ног варкатанне галубоў Роба Тачыльшчыка, падобнае да жалобнага стогну ўскручанага брыза[1]. Расхістаны флюгер — мічман з тэлескопам ля вока, які калісьці быў відаць з вуліцы, але даўно ўжо заслонены цаглянай сцяной, — скрыпеў і скардзіўся на сваім заржаўленым шпяньку, калі парыў ветру прымушаў яго круціцца і вёў з ім ліхую гульню. На грубым сінім жылеце капітана халодныя дажджавыя кроплі трапяталі, як стальныя пацеркі; і ён, сагнуўшыся, ледзь мог устояць на нагах пад націскам жорсткага паўночна-заходняга ветру, які налятаў на яго з цвёрдым намерам перакуліць за парапет[2] і выкінуць уніз на брук. Калі ў гэты вечар яшчэ аставалася жывой нейкая Надзея, разважаў капітан, прытрымліваючы капялюш, яна, зразумела, сядзела дома і не паказвалася на вуліцы; і капітан, сумна ківаючы галавою, пайшоў яе шукаць.

Капітан Катль павольна спусціўся ў маленькую заднюю гасціную і, усеўшыся ў сваё крэсла, пачаў шукаць яе ў каміне; але там яе не было, хоць агонь ярка гарэў. Ён дастаў табакерку і люльку і, размясціўшыся пакурыць, пачаў шукаць яе ў чырвоным тлеючым попеле і ў завітках дыму, што выходзілі з яго губ; але і там не было нават каліва іржы з якара Надзеі. Ён паспрабаваў наліць сабе шклянку грогу, але меланхалічная ісціна была затоена на дне гэтага калодзежа і ён не мог дапіць шклянкі. Некалькі разоў ён прайшоўся па краме і пашукаў Надзею сярод інструментаў, але, не гледзячы на ўсё яго супраціўленне, яны ўпарта вызначалі шлях загінуўшага судна, які абрываўся на дне пустэльнага мора.

Па-ранейшаму бушаваў вецер, і дождж па-ранейшаму стукаў у зачыненыя акяніцы, калі капітан спыніўся перад Драўляным Мічманам і, выціраючы сваім рукавом мундзір маленькага афіцэра, задумаўся аб тым, колькі гадоў пражыў на свеце Мічман і як мала змен — амаль ніякіх — адбылося за гэты час з экіпажам яго судна; як гэтыя змены наляцелі ўсе разам, у адзін дзень, і як яны ўсё змялі. Маленькае таварыства ў задняй гасцінай распалася і рассеялася па свеце. Не было каму слухаць «Прыгажуню Пег», нават калі-б хто-небудзь і мог яе праспяваць, але такога чалавека не было; бо капітан быў таксама цвёрда ўпэўнены ў тым, што ніхто, апрача яго, не можа выканаць гэту баладу, як і ў тым, што пры цяперашнім становішчы спраў ён не адважыцца на такую спробу. Не было відаць у доме вясёлага твара Уольра — тут капітан на секунду адвёў свой рукаў ад мундзіра Мічмана і выцер ім уласную шчаку, — знаёмы парык і гузікі Соля Джылса зрабіліся зданню мінулага; і ўсе планы і праекты, звязаныя з Мічманам, імчаліся па волі хваль без мачты і руля.

Капітан з засмучанай фізіяноміяй стаяў у задуменні, старанна выціраючы Мічмана, столькі-ж з далікацтва да яго, старога знаёмага, колькі і з прычыны няўважлівасці, як раптам стук у дзверы магазіна прымусіў спалохана ўздрыгануцца Роба Тачыльшчыка, які, седзячы на прылаўку, не зводзіў круглых вачэй з твара капітана і ў пяцісоты раз пытаўся ў самога сябе, няўжо той зрабіў забойства, і таму так пакутуе ад сумлення і заўсёды стараецца ўцячы.

— Што гэта? — ціха запытаўся капітан Катль.

— Нехта стукае, капітан, — адказаў Роб Тачыльшчык.

Капітан з пасаромленым і вінаватым выглядам адразу-ж прабраўся на цыпках у маленькую гасціную і замкнуўся там. Роб, адчыніўшы дзверы, рыхтаваўся перагаварыць з наведвальнікам на парозе, калі-б наведвальнік з'явіўся ў асобе жанчыны; але з прычыны таго, што ён належаў да мужчынскага полу, а загад, дадзены Робу, тычыўся толькі жанчын, Роб расчыніў дзверы і дазволіў яму ўвайсці, што той і паспяшаўся зрабіць, ратуючыся ад ліўня.

— Бержэсу і К° давядзецца папрацаваць, — сказаў наведвальнік, спачувальна паглядаючы цераз плячо на свае штаны, вельмі мокрыя і запырсканыя гразёю. — О, як маецеся, містэр Джылс?

Прывітанне тычылася капітана, які вышаў з задняй гасцінай, яўна і вельмі няўмела прытвараючыся, нібы зайшоў сюды выпадкова.

— Дзякую вам, — прадаўжаў джэнтльмен, не робячы паузы, — я сябе адчуваю вельмі добра, вельмі вам удзячан. Мяне завуць Тутс, містэр Тутс.

Капітан, успомніўшы, што бачыў гэтага маладога джэнтльмена на вяселлі, пакланіўся. Містэр Тутс адказаў хіхіканнем і, будучы як заўсёды ў замяшанні, пачаў цяжка дыхаць, доўга паціскаў руку капітану, а пасля, не маючы іншых рэсурсаў, накінуўся на Роба Тачыльшчыка і ў вышэйшай ступені ветліва і шчыра паціснуў яму руку.

— Паслухайце! Я хацеў-бы сказаць вам слаўцо, містэр Джылс, калі вы дазволіце, — сказаў, нарэшце, Тутс, выяўляючы вялікую стрыманасць, — паслухайце. Міс Д. О. М… ведаеце!

Капітан, таксама важна і таямніча, адразу паказаў сваім кручком у бок маленькай гасцінай, куды і рушыў за ім містэр Тутс.

— О, прашу прабачэння, — сказаў містэр Тутс, заглядаючы ў твар капітану і садзячыся ў крэсла ля каміна, якое капітан прысунуў для яго, — можа, вы выпадкова ведаеце Пеўня, містэр Джылс?

— Пеўня? — сказаў капітан.

— Баявога Пеўня, — сказаў містэр Тутс.

Калі капітан адмоўна паківаў галавой, містэр Тутс растлумачыў, што памянёная асоба з'яўляецца выдатнай, яна пакрыла славай сябе і сваю краіну ў спаборніцтве з Нобі Шропшырам Першым; але з гэтага паведамлення, здавалася, капітан зразумеў вельмі мала.

— Справа ў тым, што ён стаіць на вуліцы, вось і ўсё, — сказаў містэр Тутс. — Але гэта не мае ніякага значэння; ён не надта прамокне.

— Я зараз-жа загадаю, каб яго ўпусцілі, — сказаў капітан.

— Ну, калі вы ўжо такі добры, што дазваляеце яму пасядзець у краме з вашым маладым чалавекам, — хіхікаючы, сказаў містэр Тутс, — то я вельмі рад, бо ён, ведаеце, крыўдлівы, а сырое надвор'е дрэнна адбіваецца на яго здароўі. Я сам паклічу яго, містэр Джылс.

Містэр Тутс сказаў гэта, падышоўшы да знадворных дзвярэй, замыславата свіснуў у цемру, пасля чаго з'явіўся джэнтльмен-стоік у калматым белым паліце і капялюшы з простымі палямі, вельмі коратка падстрыжаны, са зламаным носам і вялікай прасторай за абодвума вушамі, бясплоднай і пазбаўленай расліннасці.

— Сядайце, Певень, — сказаў містэр Тутс.

Згодлівы Певень выплюнуў некалькі саломінак, якімі частаваўся, і паклаў у рот новую порцыю з запасу, які быў у руцэ.

— Ці не знойдзецца тут чаго-небудзь прамачыць горла? — сказаў Певень, ні да каго ў прыватнасці не звяртаючыся. — Гэта дажджлівае надвор'е — дрэнная рэч для таго, хто жыве на свае сродкі.

Капітан Катль падаў шклянку рому, а Певень, закінуўшы галаву, ўліў яго ў сябе, як у бочку, агаласіўшы папярэдне лаканічны тост: «За здароўе ўсіх нас!» Калі-ж містэр Тутс і капітан вярнуліся ў гасціную і зноў селі ля каміна, містэр Тутс загаварыў:

— Містэр Джылс…

— Стоп! — сказаў капітан. — Мяне завуць Катль.

Містэр Тутс здаваўся вельмі збянтэжаным, у той час як капітан спакойна прадаўжаў:

— Завуць мяне капітан Катль, і радзіма мая — Англія, тут маё месцажыхарства, і благаславёна ўсякае стварэнне. З Іова[3], дадаў капітан, спасылаючыся на першакрыніцу.

— О! А скажыце, ці не магу я ўбачыць містэра Джылса? — запытаўся містэр Тутс. — Справа ў тым, што…

— Калі-б вы, малады джэнтльмен, маглі ўбачыць Соля Джылса, — унушальна сказаў капітан, апускаючы сваю цяжкую руку на калена містэра Тутса, — убачыць старога Соля, не забудзьцеся пра гэта, вы былі-б для мяне больш жадаемы, чым спадарожны вецер для карабля, які трапіў у штыль. А чаму вы не можаце ўбачыць Соля Джылса? — прадаўжаў капітан, адгадаўшы па выразу твара містэра Тутса, якое глыбокае ўражанне зрабіў ён на гэтага джэнтльмена. — Бо ён нябачны.

Містэр Тутс, устрывожаны, збіраўся казаць, што гэта не мае абсалютна ніякага значэння. Але ён апамятаўся і сказаў:

— Божа мой!

— Гэты самы чалавек, — сказаў капітан, — пакінуў на маю апеку вось гэта ўсё на падставе пісьмовага дакумента, але хоць для мяне ён быў усёроўна што брат названы, я ведаю не больш, чым вы аб тым, куды ён пайшоў і чаго ён пайшоў — або ён шукае свайго пляменніка, або мазгі ў яго не ў парадку. Аднойчы раніцою, досвіткам, — прадаўжаў капітан, — ён скочыў за борт, і ніхто не чуў усплёску, ніхто не бачыў кругоў на вадзе. Я шукаў гэтага чалавека ўсюды і з таго дня ні разу не бачыў яго і не чуў і нічога аб ім не ведаю.

— Ах, божа мой, але міс Домбі не ведае… — пачаў містэр Тутс.

— А навошта, запытаю я вас, як добрага чалавека, — сказаў капітан, сцішаючы голас, — навошта ёй ведаць? Навошта ёй гаварыць, пакуль няма для гэтага патрэбы? Яна, гэта мілае стварэнне, прывязалася да старога Соля Джылса, адчуўшы да яго такую прыхільнасць, такую пяшчотнасць, такую… Што за карысць гаварыць аб гэтым? Вы яе ведаеце.

— Спадзяюся, што так, — хіхікнуў містэр Тутс, адчуваючы, як твар яго заліўся румянцам.

— І вы прышлі сюды ад яе? — запытаўся капітан.

— Думаю, што так, — хіхікнуў містэр Тутс.

— У такім выпадку мне астаецца толькі заўважыць, — сказаў капітан, — што вы знаёмы з анёлам, і анёл вас зафрахтаваў.

Містэр Тутс адразу схапіў капітана за руку і папрасіў, каб той быў ласкавы пасябраваць з ім.

— Клянусь гонарам, — вельмі сур'ёзна сказаў містэр Тутс, — я буду вам вельмі ўдзячан, калі вы пазнаёміцеся са мною бліжэй. Мне-б вельмі хацелася добра спазнаць вас, капітан. Сапраўды, мне патрэбен сябра. Маленькі Домбі быў маім сябрам ва ўстанове доктара Блімбера і цяпер астаўся-б ім, каб ён жыў. Певень, — палахлівым шэптам прадаўжаў містэр Тутс, — вельмі нядрэнны… найлепшы сам па сабе… магчыма, самы спрытны чалавек на свеце; ён здольны на ўсё, усе гэта кажуць… але я не ведаю… мне гэтага мала… Так, капітан, — яна анёл! Калі ёсць дзе-небудзь на свеце анёл, то гэта міс Домбі. Я гэта казаў. І дапраўды, ведаеце, я буду вам вельмі ўдзячан, калі вы дасцё згоду падтрымліваць знаёмства са мною.

Капітан Катль прыняў гэту прапанову ветліва, але зусім не звязваючы сябе абяцаннем; ён заўважыў толькі: «Добра, прыяцель. Пабачым, пабачым» і ўспомніў містэру Тутсу пра яго даручэнне, запытаўшыся, чаму абавязан гэтым візітам.

— Справа ў тым, — адказваў містэр Тутс, — што я прышоў да вас ад маладой жанчыны. Не ад міс Домбі, а, ведаеце, ад С'юзен.

Капітан кіўнуў галавой з глыбокадумным выглядам, які сведчыў аб тым, што да гэтай маладой жанчыны ён ставіцца з пашанай.

— І я вам раскажу, як гэта здарылася, — сказаў містэр Тутс. — Я, бачыце, заходжу часамі з візітам да міс Домбі. Знарок я туды, ведаеце, не іду, але мне вельмі часта даводзіцца бываць у тым баку, і калі ўжо я траплю туды, ну, я і… я і зайду.

— Натуральна, — заўважыў капітан.

— Вось іменна, — пацвердзіў містэр Тутс. — І сёння я зайшоў. Клянуся гонарам, бадай ці можна ўявіць сабе, якім анёлам была сёння міс Домбі.

Капітан адказаў энергічным кіўком, даючы зразумець, што сяму-таму гэта, магчыма, і нялёгка ўявіць, але ва ўсякім выпадку не яму.

— Калі я адыходзіў, — сказаў містэр Тутс, — маладая жанчына ў вышэйшай ступені нечакана завяла мяне ў буфетную.

Капітану нібы не спадабаўся такі спосаб дзеянняў маладой жанчыны і, адкінуўшыся на спінку крэсла, ён скіраваў на містэра Тутса недаверлівы, калі не пагрозны позірк.

— Там яна дастала гэтую газету, — сказаў містэр Тутс. — Яна сказала мне, што ўвесь дзень хавала яе ад міс Домбі, бо тут штосьці надрукавана аб некім, каго ведала яна і маленькі Домбі, а пасля яна прачытала мне гэтае месца. Вельмі добра. Пасля яна сказала… Пачакайце хвілінку… што-ж гэта яна сказала?

Містэр Тутс, спрабуючы сканцэнтраваць свае разумовыя сілы на гэтым пытанні, выпадкова сустрэў позірк капітана і быў да такой ступені збіты з панталыку яго жорсткасцю, што яму вельмі цяжка было вярнуцца да прадмета размовы.

— О, — сказаў містэр Тутс пасля доўгага раздум'я. — О! так! Яна сказала, што гэта акажацца няправільным, як яна спадзяецца, але ёй нельга выйсці з дому, не выклікаўшы падазрэнняў у міс Домбі, і ці не магу я заглянуць да містэра Саламона Джылса, інструментальнага майстра, які гэтай асобе даводзіцца дзядзькам, і запытацца ў яго, ці верыць ён паведамленню і ці не чуў яшчэ чаго-небудзь у Сіці. Яна сказала, што калі ён не будзе магчы гаварыць са мною, то капітан Катль, вядома, пагаворыць. Дарэчы! — усклікнуў містэр Тутс, здзіўлены нечаканым адкрыццём. — Ведаеце, гэта-ж яна вас мела на ўвазе!

Капітан паглядзеў на газету, якую містэр Тутс трымаў у руцэ, і пачаў перарывіста дыхаць.

— А прышоў я так позна, — прадаўжаў містэр, Тутс, — таму, што спачатку накіраваўся ў Фінчлі здабыць кураслеп для птушкі міс Домбі — там расце самы лепшы. Але адтуль я пайшоў проста сюды. Напэўна, вы бачылі гэту газету?

Капітан, які ўстрымліваўся ад чытання газет, баючыся каб не наткнуцца на аб'яву аб самім сабе, змешчаную місіс Мак-Стынджэр, паківаў галавою.

— Прачытаць вам гэту заметку? — запытаўся містэр Тутс.

З прычыны таго, што капітан кіўнуў у знак згоды, містэр Тутс пачаў чытаць наступнае паведамленне Марскога дэпартамента.

— «Саўтхемптон. Барк «Выклік», капітан Генры Джэймз, які прыбыў сёння ў порт з грузам цукру, кофе і рому, паведамляе, што на шосты дзень пасля адплыцця з Ямайкі на радзіму, калі судно было засцігнута штормам на»… ну, ведаеце, на такой-та шырыні, — сказаў містэр Тутс, зрабіўшы няўдачную спробу перамагчы лічбы і спатыкнуўшыся аб іх.

— Ну! — крыкнуў капітан, стукнуўшы кулаком па стале. — Далей, прыяцель!

— … Шырыні, — паўтарыў містэр Тутс, кінуўшы спалоханы позірк на капітана, — і такой-та даўжыні… вахценны заўважыў за поўгадзіны да заходу сонца на адлегласці мілі абломкі нейкага пацярпеўшага крушэнне судна, якія плылі па вадзе. З тае прычыны, што надвор'е было яснае, а барк стаяў на месцы, была спушчана шлюпка і аддан загад агледзець спамянутыя абломкі, прычым выявілася, што гэта былі вялікія брускі і частка такелажа[4] англійскага брыга ёмістасцю каля пяцісот тон, а таксама кавалак кармы, на якім яшчэ можна было добра разабраць літары «Сын і Н…» Ніводнага трупа на абломках не знойдзена. Суднавы журнал «Выкліка» адзначае, што, з прычыны таго што ўночы пачаў дзьмуць брыз, то пацярпеўшага крушэнне судна больш не было відаць. Не можа быць ніякіх сумненняў у тым, што ўсе меркаванні адносна лёсу загінуўшага судна «Сын і Наследнік», порт Лондан, кірунак Барбадос, цяпер канчаткова адпадаюць, што яно было разбіта ў часе апошняй навальніцы і што ўсе, хто быў на барту, загінулі».

Капітан Катль, як і ўсе людзі, і не падазраваў аб тым, якія глыбокія яго надзеі, не гледзячы на сум, пакуль не адчуў поўнага іх крушэння. У часе чытання гэтай заметкі і хвіліны дзве пасля ён сядзеў, ашаломлены, скіраваўшы позірк на скромнага містэра Тутса; пасля, раптам устаўшы і адзеўшы свой глянцавіты капялюш, які ў гонар госця паклаў на стол, капітан павярнуўся да яго спіной і апусціў галаву на камінную паліцу.

— Ох, клянуся гонарам! — усклікнуў містэр Тутс, чыё пяшчотнае сэрца было расчулена нечаканым смуткам капітана. — Якое жахлівае месца гэты свет! Тут заўсёды хто-небудзь памірае або робіць нешта недарэчнае. Каб я гэта ведаў, я-б ніколі так не імкнуўся заўладаць сваёй маёмасцю. Я ніколі не бачыў такога свету. Ён значна горшы за блімбераўскі.

Капітан Катль, не змяняючы позы, зрабіў знак містэру Тутсу, каб той не звяртаў на яго ўвагі; неўзабаве ён павярнуўся, глянцавіты капялюш быў ссунуты на вушы, ён праводзіў рукою па сваім смуглявым твары і разгладжваў яго.

— Уольр, мой дарагі хлопчык, — сказаў капітан, — бывайце! Уольр, дзіця маё, хлопчык і мужчына, я вас любіў! Ён не быў маёй плоццю і крывёю, — прадаўжаў капітан, пазіраючы на агонь, — сына ў мяне няма, але тое, што адчувае бацька, трацячы сына, адчуваю я, трацячы Уольра. А чаму? — запытаўся капітан. — Таму, што гэта не адна, а цэлая дзюжына страт. Дзе той маленькі школьнік з румяным тварам і кучаравымі валасамі, які прыходзіў кожны тыдзень і быў вясёлы, як песенька, у гэтай самай гасцінай? Утапіўся разам з Уольрам. Дзе той бадзёры юнак, які не ведаў ні стомы, ні суму і ўзгараўся і чырванеў так, што люба было на яго глядзець, калі мы жартавалі з ім, гаворачы аб Радасці Сэрца? Утапіўся разам з Уольрам. Дзе той мужчына з гарачым сэрцам, які не мог дапусціць, каб стары засумаваў хоць-бы на хвілінку, а аб сабе зусім не клапаціўся? Утапіўся разам з Уольрам. Гэта не адзін Уольр. Дзюжыну Уольраў я ведаў і любіў, усе яны абдымалі яго за шыю, калі ён ішоў да дна, а цяпер абдымаюць мяне!

Містэр Тутс сядзеў моўчкі ля стала і складаў на калене газету, стараючыся зрабіць яе як мага меншай.

— А Соль Джылс! — прадаўжаў капітан, пазіраючы на агонь. — Бедны, стары Соль Джылс, які страціў пляменніка, што здарылася з вамі? Вас ён пакінуў на маю апеку; апошнія словы яго былі: «Паклапаціцеся аб дзядзі!» Што штурхала вас, Соль, пайсці і сказаць «бывай» Нэду Катлю? І што запісаць мне пра вас у маю справаздачу, на якую ён пазірае зверху? Соль Джылс, Соль Джылс! — сказаў капітан, павольна ківаючы галавой. — Трапіць пад руку вам гэта газета там, далёка ад роднага дому, калі няма каля вас нікога, хто-б ведаў Уольра, і няма каму слова сказаць, і зменіце вы курс і пойдзеце на дно! Цяжка ўздыхнуўшы, капітан павярнуўся да містэра Тутса і, схамянуўшыся, звярнуў увагу на гэтага джэнтльмена.

— Прыяцель, — сказаў капітан, — вы павінны сумленна паведаміць маладой жанчыне, што гэта фатальная вестка вельмі праўдзівая. Такіх спраў, ведаеце, не выдумляюць. Гэта запісана ў суднавы журнал, а суднавы журнал — самая праўдзівая кніга, якую толькі можа напісаць чалавек. Заўтра раніцой, — сказаў капітан, — я пайду дазнавацца, але нічога добрага з гэтага не выйдзе. Не можа выйсці. Калі вы зайдзеце да мяне да поўдня, я вам раскажу, што мне ўдалося даведацца; а маладой жанчыне перадайце ад капітана Катля, што ўсё скончана. Скончана!

І капітан, зняўшы кручком глянцавіты капялюш, выняў з яго насавую хустачку, у роспачы выцер сваю сівую галаву і ў глыбокім суме зноў кінуў хустачку ў капялюш.

— О! Запэўняю вас, — сказаў містэр Тутс, — дапраўды-ж, я вельмі засмучан. Далібог засмучан, хоць і не быў знаёмы з зацікаўленым бокам. Як вы думаеце, міс Домбі будзе вельмі расстроена, капітан Джылс, ах не, містэр Катль?

— Ну яшчэ-б, што вы! — адазваўся капітан, нібы шкадуючы, што містэр Тутс наіўны. — Калі яна была вось такой крошкай, яны любілі адзін аднаго, як два галубкі.

— Сапраўды так? — запытаўся містэр Тутс з прыкметна выцягнуўшайся фізіяноміяй.

— Яны былі створаны адзін для аднаго, — з горыччу сказаў капітан. — Але якое гэта мае цяпер значэнне?

— Клянуся гонарам! — усклікнуў містэр Тутс, выпальваючы словы ўперамешку са збянтэжаным хіхіканнем і ўсхліпваннямі. — Цяпер я засмучаны яшчэ больш, чым раней. Ведаеце што, капітан Джылс, я… я літаральна абажаю міс Домбі, я… я проста хворы ад кахання да яе! — Тая парыўчатасць, з якою гэтае прызнанне вырвалася ў злашчаснага містэра Тутса, сведчыла аб сіле яго пачуццяў. — Але якая была-б карысць ад такіх маіх адносін да яе, калі-б я не спачуваў шчыра яе пакутам, якой-бы не была іх прычына? Маё каханне, ведаеце, не эгаістычнае, — сказаў містэр Тутс, загарэўшыся давер'ем пасля таго, як бачыў адчувальнасць капітана. — Са мною справа такая, капітан Джылс: калі-б я трапіў пад каня або… або калі-б мяне растапталі або… або скінулі з якога-небудзь вельмі высокага месца… або што-небудзь падобнае да гэтага… дзеля міс Домбі, для мяне гэта было-б найвялікшым шчасцем!

Усё гэта містэр Тутс праказаў, прыцішыўшы голас, каб гутарка яго не дайшлася да рэўнівага слыху Пеўня — ворага пяшчотных эмоцый; і гэта намаганне, таксама як і гарачае пачуццё, прымусіла яго пачырванець да вушэй, а перад вачыма капітана Катля паўстала такое чуллівае відовішча бескарыслівага кахання, што добры капітан спачувальна пахлопаў яго па спіне і параіў не падаць духам.

— Дзякую вам, капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс, — вельмі прыязна з вашага боку гаварыць мне гэта, калі ў вас самога такое гора. Я вам вельмі дзякую. Але я няшчасны. Я пакутую, думаючы пра міс Домбі, капітан Джылс. У мяне няма апетыту. Мой кравец не робіць мне ніякай прыемнасці. Астаючыся адзін, я часта плачу. Запэўняю вас, мне будзе вельмі прыемна вярнуцца сюды заўтра і варочацца яшчэ пяцьдзесят разоў.

Кажучы гэта містэр Тутс паціснуў руку капітану і, супакоіўшыся, наколькі гэта было магчыма за такі кароткі тэрмін, каб схавацца ад праніклівага позірку Пеўня, вышаў у краму, дзе быў гэты славуты джэнтльмен. Певень, які меў схільнасць рэўніва абараняць свае правы, пазіраў на капітана Катля зусім не прыхільна, калі той развітваўся з містэрам Тутсам; аднак, ён пайшоў за сваім апекуном, не праяўляючы больш ніякіх адзнак незычлівасці, пакінуўшы капітана прыгнечанага смуткам, а Роба Тачыльшчыка ўзрадаванага тым, што на працягу поўгадзіны яму пашчаслівіла пазіраць на пераможцу Нобі Шропшыра Першага.

Роб даўно ўжо спаў, а капітан усё яшчэ сядзеў, пазіраючы на агонь; і даўно ўжо патух агонь, а капітан усё яшчэ сядзеў, не спускаючы вачэй з заржаўленых прутоў, і ў галаве ў яго было поўна безнадзейных думак аб Уолтэры і старым Солі. У адкрытай для ўсіх вятроў спальні пад дахам ён таксама не знайшоў супакаення; і раніцой капітан устаў з пасцелі смутны і не адпачыўшы.

Як толькі адчыніліся канторы ў Сіці, капітан накіраваўся ў гандлёвы дом Домбі і Сын. Але вокны Мічмана яе адчыняліся ў тую раніцу. Роб Тачыльшчык, па загаду капітана, пакінуў акяніцы зачыненымі і дом быў падобны да дома смерці.

Здарылася так, што містэр Каркер уваходзіў у кантору ў той момант, калі капітан Катль падышоў да дзвярэй. Моўчкі і чынна адказаўшы на прывітанне загадчыка, капітан Катль адважыўся пайсці за ім у яго кабінет.

— Ну-с, капітан Катль, — сказаў містэр Каркер, прымаючы звычайную сваю позу ля каміна і не здымаючы капялюша, — кепскія справы.

— Вы атрымалі паведамленне, якое было, надрукавана ва ўчарайшай газеце, сэр? — запытаўся капітан.

— Так, — сказаў містэр Каркер, — мы атрымалі. Гэта былі дакладныя весткі. Страхоўшчыкам будуць значныя страты. Мы вельмі шкадуем. Нічога не зробіш! Такое жыццё!

Містэр Каркер прыводзіў у парадак ногці ножыкам і ўсміхаўся капітану, які стаяў ля дзвярэй і паглядаў на яго.

— Мне вельмі шкада небаракі Гэя, — сказаў Каркер, — і экіпажа. Як мне вядома, на барту быў сёй-той з лепшых нашых служачых. Заўсёды так бывае. Да таго-ж шмат якія мелі сем'і. Прыемна думаць, што ў небаракі Гэя не было сям'і, капітан Катль!

Капітан стаяў, паціраючы падбародак і не зводзячы вачэй з загадчыка. Загадчык зірнуў на нераспячатаныя пісьмы, што ляжалі на стале, і ўзяў газету.

— Ці не магу я вам чым-небудзь дапамагчы, капітан Катль? — запытаўся ён, адрываючыся ад газеты, усміхаючыся і красамоўна паглядаючы на дзверы.

— Я хацеў-бы, каб вы вырашылі адно непаразуменне, сэр, якое не дае мне спакою, — адазваўся капітан.

— Так? — усклікнуў загадчык. — Што-ж гэта такое? Дазвольце мне, капітан Катль, сказаць, каб вы паспяшалі. Я вельмі заняты.

— Паслухайце, сэр, — сказаў капітан, наблізіўшыся да яго на крок, — перад тым, як мой сябра Уольр рушыў у гэта злашчаснае плаванне…

— Ну-ну, капітан Катль, — з усмешкай перапыніў загадчык, — не гаварыце такім тонам пра злашчаснае плаванне. Мы тут, мой любы, ніякіх адносін да злашчаснага плавання не маем. Напэўна, вы досвіткам перакулілі сёння сваю первую шкляначку, капітан, калі забываецеся аб тым, што ўсякае падарожжа, як марское, так і сухаземнае, звязана з рызыкай. Няўжо вас непакоіць думка, што гэты малады… як яго там завуць… загублены штормам, які падняўся супроць яго тут, у гэтай канторы? Пасаромцеся, капітан! Сон і содавая вада — вось найлепшы сродак супроць такога недамагання.

— Мой хлопчык, — павольна прамовіў капітан, — для мяне вы амаль хлопчык, так што мне няма чаго прасіць прабачэння за выпадкова выскачыўшае слова, — калі для вас прыемныя такія жарты, значыцца вы не той джэнтльмен, якім я вас лічыў, а калі вы не той джэнтльмен, якім я вас лічыў, то, значыцца, у мяне, мусіць, ёсць падставы турбавацца. Справа вось якая, містэр Каркер: перад тым, як небарака хлопчык, згодна атрыманага загаду, накіраваўся ў дарогу, ён мне сказаў, што гэта падарожжа, як яму вядома, нічога агульнага не мае з яго асабістай выгадай або павышэннем па службе. Я лічыў, што ён памыляецца, і так і сказаў яму, а пасля прышоў сюды і, з прычыны таго, што галоўны ваш начальнік адсутнічаў, падаў вам два-тры пытанні, з належнай пачцівасцю, для ўласнага супакаення. На гэтыя пытанні вы адказалі шчыра. Цяпер, калі ўсё скончана і трэба перацярпець тое, што нельга змяніць, — а вы, як чалавек вучоны, перагартайце кнігу і, знайшоўшы гэта месца, адзначце яго, — цяпер-бы я адчуў супакаенне, пачуўшы яшчэ раз, што я не памыліўся і выканаў свой абавязак, калі ўтаіў ад старога словы Уольра, і што сапраўды дзьмуў спадарожны вецер, калі ён распусціў парусы, адплываючы ў Барбадоскую гавань. Містэр Каркер, — прадаўжаў капітан з уласцівым яму добрадушшам, — калі я быў тут апошні раз, мы з вамі вельмі весела правялі час. Калі я не такі вясёлы сёння праз гэтага няшчаснага хлопчыка і калі я разгарачыўся, выклікаўшы ў вас заўвагі, якія мог-бы папярэдзіць, то завуць мяне Эдуард Катль, і я прашу ў вас прабачэння.

— Капітан Катль, — з найвялікшай пачцівасцю адказваў загадчык, — я вымушан прасіць вас аб адной ласцы.

— Аб якой іменна, сэр? — запытаўся капітан.

— Будзьце ласкавы, патурбуйцеся выйсці, — сказаў загадчык, паказваючы рукою на дзверы, — і гаварыце свае недарэчныя прамовы дзе-небудзь у іншым месцы.

Усе гузакі на твары капітана пабялелі ад здзіўлення і абурэння, нават чырвоны абадок на ілбе пабляднеў, як бляднее радуга сярод пахмурых воблакаў.

— Вось што я вам скажу, капітан Катль, — прадаўжаў загадчык, пагражаючы ўказальным пальцам і паказваючы яму ўсе зубы, але па-ранейшаму ветліва ўсміхаючыся, — я быў занадта ласкавым да вас, калі вы былі тут раней. Вы належыце да катэгорыі людзей хітрых і дзёрзкіх. Жадаючы выратаваць маладога… як яго там завуць… якому пагражала небяспека вылецець адсюль, я зрабіў вам ласку — адзін раз і толькі адзін раз. А цяпер ідзіце, мой сябра!

Капітан быў літаральна прыбіты да падлогі і страціў здольнасць размаўляць.

— Ідзіце, — сказаў добрадушна загадчык, падабраўшы фалды фрака і шырока расставіўшы ногі на камінным дыванчыку, — як і належыць разумнаму чалавеку, і не прымушайце нас паказваць вам на дзверы або ўжываць рашучыя меры. Каб містэр Домбі быў цяпер тут, вам, капітан, напэўна, давялося-б пайсці з вялікай ганьбай. А я толькі кажу — ідзіце!

Капітан, прыціснуўшы сваю цяжкую руку да грудзей, нібы хочучы лягчэй уздыхнуць, аглядзеў містэра Каркера з ног да галавы, а пасля акінуў позіркам маленькі пакой, нібы не зусім разумеючы, дзе і ў якой кампаніі ён знаходзіцца.

— Вы хітры, капітан Катль, — развязна прадаўжаў містэр Каркер з невымушанай шчырасцю свецкага чалавека, які вельмі добра ведае свет, каб турбавацца з-за ўчынкаў, якія яго асабіста не датычаць, — аднак, і вас можна раскусіць — вас і вашага адсутнага сябра, капітан. А што вы зрабілі з вашым адсутным сябрам?

Зноў капітан прыціснуў руку да грудзей. Яшчэ раз глыбока ўздыхнуўшы, ён загадаў сабе: «Трымайся мацней!», але шэптам.

— Вы займаецеся мілымі змовамі, наладжваеце мілыя нарады, прызначаеце мілыя спатканні, прымаеце мілых гасцей, хіба-ж не так, капітан, — запытаўся Каркер, нахмурыўшы бровы, але па-ранейшаму агаляючы зубы. — Але гэта ўжо дзёрзкасць — з'яўляцца пасля сюды! Гэта не вяжацца з вашай разважлівасцю! Вы, змоўшчыкі, уцекачы, павінны быць больш разважнымі. Зрабіце такую ласку, ідзіце!

— Прыяцель! — задыхаючыся прагаварыў капітан прыглушаным і дрыжачым голасам, сударгава сціскаючы свой цяжкі кулак. — Шмат чаго хацелася-б мне вам сказаць, але я добра не ведаю, дзе схаваны ў мяне зараз словы. Для мяне мой малады сябра Уольр утапіўся толькі ўчора вечарам і гэта мяне збівае з толку. Але мы з вамі яшчэ сойдземся борт да борта, прыяцель, — сказаў капітан, падымаючы свой кручок, — калі будзем жыць!

— Гэта будзе неразумна з вашага боку, прыяцель, калі здарыцца, — з тою-ж шчырасцю адазваўся загадчык. — Бо, папярэджваю вас, вы можаце не сумнявацца ў тым, што я вас злаўлю і выкрыю. Я не дамагаюся таго, каб быць больш маральным, чым мае блізкія, дарагі капітан, але давер'ем гэтай фірмы або каго-небудзь з членаў фірмы злоўжываць не варта, таксама як не варта яго падрываць, пакуль у мяне ёсць вочы і вушы. Бывайце! — сказаў містэр Каркер, кіўнуўшы галавой.

Капітан Катль, пільна паглядзеўшы на яго (містэр Каркер не менш пільна паглядзеў на капітана), вышаў з канторы, а містэр Каркер па-ранейшаму стаяў перад камінам, шырока расставіўшы ногі, прыязна і бесклапотна, нібы душа яго была таксама не заплямлена, як і яго чыстая бялізна і гладкая, далікатная скура.

Праходзячы праз кантору, капітан глянуў на бюро, за якім, як яму было вядома, сядзеў калісьці бедны Уолтэр; цяпер за ім займаўся другі юнак, амаль з такім самым свежым і жывым тварам, які быў у Уолтэра ў той дзень, калі яны адкрывалі ў маленькай задняй гасцінай прадапошнюю бутэльку славутай старой мадэры. Выкліканы такім чынам успамін паслужыў на карысць капітану; ён расчуліў яго ў разгар гневу і прымусіў заплакаць.

Калі капітан вярнуўся ва ўладанні Драўлянага Мічмана і сеў у кутку цёмнай крамы, абурэнне яго, якое-б яно не было вялікае, не магло перамагчы смутку. Здавалася, гнеў не толькі зневажаў памяць памёршага, але, заспеты смерцю, згасаў перад тварам яе. Усе нягоднікі і хлусы, якія асталіся жывымі, трацілі ўсякае значэнне ў параўнанні з сумленнасцю і справядлівасцю аднаго памёршага сябра.

У такім настроі сумленны капітан, апрача страты Уолтэра, мог уцяміць толькі адно: разам з Уолтэрам амаль што не ўвесь свет капітана Катля пайшоў на дно. Калі іншы раз ён дакараў сябе — і вельмі жорстка — за патуранне нявіннай ілжы Уолтэра, то таксама часта думаў ён пра містэра Каркера, якога ніякія моры не маглі яму вярнуць, і пра містэра Домбі, які, як зразумеў ён цяпер, быў за межамі чалавечага воклічу, і пра Радасць Сэрца, з якой нельга было яму цяпер сустракацца, і пра «Красуню Пег», гэту моцна збітую з тыкавага дрэва і добра снараджаную баладу, якая наляцела на скалу і разбілася на рыфмаваныя трэскі. Капітан, седзячы ў цёмнай краме, разважаў аб гэтым, зусім забыўшыся пра нанесеную яму абразу, і з такім сумам паглядаў на падлогу, нібы перад ім і сапраўды праплывалі ўсе гэтыя абломкі.

Аднак, капітан не забываўся аб тым, каб, па меры сваіх сіл, ушанаваць прыстойна памяць няшчаснага Уолтэра. Прачнуўшыся і разбудзіўшы Роба Тачыльшчыка (які ў штучным поўзмроку моцна заснуў), капітан вышаў з дому са сваім слугой, які ішоў ззаду каля самога яго, і з ключом ад уваходных дзвярэй, які захоўваўся ў кішэні, накіраваўся ў адзін з магазінаў гатовай вопраткі, якіх было так многа ва ўсходнім раёне Лондана, дзе адразу-ж купіў два траурныя касцюмы — адзін для Роба Тачыльшчыка, вельмі вузкі, і адзін для самога сябе, вельмі шырокі. Пасля ён купіў для Роба нейкае падабенства капялюша, які выклікаў зачараванне сваёй суразмернасцю, выгодны і прыгодны як для марака, так і для грузчыка вугалю; гэткі капялюш, які звычайна называлі зюйдвесткай, быў навінкай у краме інструментальнага майстра.

У гэта адзенне, якое, як казаў прадавец, прышлося якраз у меру, што можна было растлумачыць толькі выключна спрыяючым збегам акалічнасцей і фасонам, які не астанецца ў памяці старажылаў, капітан і Тачыльшчык апрануліся адразу-ж, уяўляючы з сябе відовішча, якое вельмі здзіўляла ўсіх, хто на яго глядзеў.

Пераапрануўшыся такім чынам, капітан прыняў містэра Тутса.

— Я засцігнуты знянацку, прыяцель, — сказаў капітан, — і магу толькі пацвердзіць дрэнныя весткі. Перадайце маладой жанчыне, каб яна асцярожна давяла іх да маладой лэдзі, і няхай яны абедзве ніколі больш аба мне не ўспамінаюць — не забудзьцеся сказаць аб гэтым.

Капітан адклаў да больш зручнага моманту вырашэнне пытання аб сяброўстве, прапанаваным яму містэрам Тутсам. Праўду кажучы, капітана Катля апанавала такая нуда, што ў той дзень ён гатоў быў адмовіцца ад мер перасцярогі, ужытых супроць нечаканага нашэсця місіс Мак-Стынджэр, змірыцца са сваім лёсам і — што-б ні здарылася — быць бестурботным. Аднак, з надыходам вечара ён крыху паправіўся і доўга расказваў аб Уолтэры Робу Тачыльшчыку, не забываючыся, час ад часу хваліць увагу і адданасць Роба. Роб, не чырванеючы, выслухоўваў гарачую пахвальбу капітана, сядзеў, выпучваючы на яго вочы, стараўся спачувальна хныкаць, прытвараўся добрадзейным і (як і належыць юнаму шпіёну) запамінаў кожнае слова, падаючы надзеі зрабіцца спрытным ашуканцам.

  1. Брыз — лёгкі ветрык.
  2. Парапет — пярылы, парэнчы.
  3. Іоў — капітан Катль спасылаецца на біблію (кніга Іова).
  4. Такелаж — карабельныя снасці.