Домбі і сын/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел ХХVІІI. Перамены Раздзел ХХІХ. Місіс Чык зрабілася відушчай
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел ХХХ. Перад вяселлем

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХХІХ

Місіс Чык зрабілася відушчай.

Неяк раніцою ў гэтыя знамянальныя дні міс Токс, не ведаючы пра цуды, што адбываліся з домам містэра Домбі, скончыўшы сваё звычайнае снеданне, якое складалася з адной хрусткай французскай булачкі, аднаго свежага яйка і аднаго чайнічка, у якім заварвалася адна срэбная лыжачка чаю, паднялася наверх, каб раскласці на клавікордах «Птушыны вальс», паліць і ўпарадкаваць кветкі, змахнуць пыл з бяздзеліц і, згодна нязменнай сваёй прывычцы, ператварыць маленькую гасціную ва ўпрыгожанне пляца Прынцэсы.

Міс Токс адзела пару старых пальчатак колеру сухіх лісцяў, у якіх мела звычай выконваць гэтыя абавязкі — у іншы час пальчаткі былі захаваны ад людскіх вачэй у скрынцы, — метадычна ўзялася за работу.

У гэту раніцу міс Токс не спяшалася перайсці да кветак. Дзень быў цёплы, вецер паўднёвы, і павеяла летам на пляцы Прынцэсы; думкі міс Токс скіраваліся да вёскі. Малюсенькі водбліск сонца пракраўся з вялікай вуліцы за вуглом, і закураныя вераб'і пераскоквалі цераз яго, пабліскваючы ў праменях, або купаліся ў ім, як у ручаінцы, і ператвараліся ў прыгожых вераб'ёў, якія ніколі не дакраналіся да комінаў.

Міс Токс прысела на падаконнік і задумалася аб сваім добрым нябожчыку татулі — містэры Токсе, які служыў у мытні, — і аб сваім дзяцінстве, якое праходзіла ў марскім парту, дзе было многа дзёгцю і крыху вясковай прастаты. Яна аддалася далёкім прыемным успамінам аб лугах, што ззяюць люцікамі, нібы перавернуты небазвод з залатымі зоркамі, і аб тым, як яна пляла ланцужкі з адуванчыкаў для юных закаханых, якія кляліся ў вернасці да смерці і былі апрануты пераважна ў нанку, і як хутка завялі і разарваліся гэтыя ланцугі.

Будучы апанавана такім лятуценным настроем, яна пачала размышляць аб містэры Домбі — напэўна таму, што маёр вярнуўся дадому, у сваю кватэру насупраць, і толькі што пакланіўся ёй з акна. Бо з якой іншай прычыны магла-б міс Токс паставіць у сувязь містэра Домбі са сваімі ўспамінамі аб летніх днях і ланцугах з адуванчыкаў? «Ці павесялеў ён? — думала міс Токс. — Ці змірыўся з воляй лёсу? Ці жэніцца калі-небудзь зноў, і калі — так, то на кім? Што гэта будзе за асоба?»

Румянец заліў яе твар, калі яна ўбачыла маленькую карэту, якая ўз'язджала на пляц Прынцэсы і накіроўвалася проста да пад'езду. Міс Токс устала, шпарка схапіла нажніцы і, падышоўшы, нарэшце, да кветак, старанна занялася імі, калі ў пакой увайшла місіс Чык.

— Як маецца мой мілы сябра? — усклікнула міс Токс, разводзячы рукі на абдымкі.

Нешта велічнае было ў выглядзе мілага сябра міс Токс, аднак, яна пацалавала міс Токс і сказала:

— Лукрэцыя, дзякую вам, я здарова. Спадзяюся, што і вы здаровы. Кхе!..

Місіс Чык мучыў своеасаблівы адрывісты кашаль; гэта было нешта накшталт уводзін да кашлю.

— Вы рана прыехалі. Як гэта міла з вашага боку, дарагая мая! — прадаўжала міс Токс. — Вы ўжо снедалі?

— Дзякую вам, Лукрэцыя, — сказала місіс Чык, — я снедала. У часе ранняга снедання, — добрая лэдзі як быццам зацікавілася пляцам Прынцэсы і, ведучы гутарку, аглядалася па баках, — я была ў брата, які вярнуўся дадому.

— Спадзяюся, яму лепш, дарагая мая? — запінаючыся, прагаварыла міс Токс.

— Яму значна лепш, дзякую вам. Кхе!

— Маёй дарагой Луізе варта было-б звярнуць увагу на гэты кашаль, — заўважыла міс Токс.

— Глупства! — адазвалася місіс Чык. — Гэта толькі ад перамены надвор'я. Мы павінны быць гатовы да перамен.

— Надвор'я? — па наіўнасці сваёй запыталася міс Токс.

— Усяго! — адказала місіс Чык. — Вядома, мы павінны быць гатовы. Гэта свет перамен. Ах, божа мой, ды ці ёсць хоць што-небудзь, што не мяняецца! Нават шаўкавічны чарвяк, якога, сапраўды-ж, нельга падазраваць у тым, што ён турбуе сябе падобнымі размышленнямі, заўсёды мяняецца, прымаючы самыя нечаканыя формы.

— Мая Луіза заўсёды прыводзіць удачныя прыклады, — сказала ціхманая міс Токс.

Місіс Чык кашлянула, як і раней, і пачала чарціць па дывану зонтам з наканечнікам з слановай касці.

— Прабачце, дарагая мая Луіза, — сказала міс Токс, — але, здаецца, я заўважыла ў карэце мужную фігуру містэра Чыка?

— Ён там, — сказала місіс Чык, — але, калі ласка, няхай ён там і астанецца. У яго ёсць газета, і ён цудоўна правядзе дзве гадзіны. Прадаўжайце займацца вашымі кветкамі, Лукрэцыя, а мне дазвольце пасядзець і адпачыць.

— Мая Луіза ведае, — заўважыла міс Токс, — што паміж такімі сябрамі, як мы з вамі, не можа быць і гутаркі аб нейкіх цырамоніях. Таму…

Таму міс Токс закончыла сказ не словамі, а дзеяннем і, адзеўшы пальчаткі, якія зняла, і зноў узброіўшыся ножніцамі, узялася вельмі старанна абразаць і падстрыгаць лісці.

— Фларэнс таксама вярнулася дадому, — сказала місіс Чык, пасядзеўшы некаторы час моўчкі, схіліўшы галаву на плячо і вырысоўваючы зонцікам узоры на падлозе. — І дапраўды, цяпер Фларэнс занадта вялікая для таго, каб і далей жыць у адзіноце, да чаго яна прывыкла…

— Калі яна дзіўная дзяўчынка, — прадаўжала місіс Чык, — і калі мой брат Поль нядобра сябе адчувае ў яе прысутнасці пасля ўсіх гэтых сумных здарэнняў, што адбыліся, і ўсіх жахлівых расчараванняў, якія выпалі на яго долю, то што-ж можна на гэта сказаць? Што ён павінен зрабіць намаганне. Што ён абавязан зрабіць намаганне! Наша сям'я заўсёды вызначалася здольнасцю рабіць намаганні. Поль — галава сям'і; амаль што адзіны прадстаўнік яе, які астаўся жывым… бо што такое я? На жаль, я ніякага значэння не маю…

— Дарагая мая! — запратэставала міс Токс.

Місіс Чык выцерла вочы, якія на секунду напоўніліся слязмі, і прадаўжала:

— … І, значыцца, ён больш, чым калі-небудзь, абавязан зрабіць намаганне. І хоць зробленае ім намаганне яўляецца для мяне нібы патрасеннем, бо натура ў мяне вельмі слабая і кволая, а гэта не асабліва прыемна, і мне часта хочацца, каб сэрца маё было мрамарнай плітай або каменем…

— Любая мая Луіза! — зноў запрэтэставала міс Токс.

— … Тым не менш для мяне шчасцем было даведацца, што ён такі адданы сабе і свайму імю Домбі. Вядома, я заўсёды ведала, што так і будзе! Спадзяюся толькі, — памаўчаўшы, сказала місіс Чык, — што і яна будзе вартай гэтага імя.

Міс Токс наліла ў маленькую зялёную лейку вады са жбана і, выпадкова падняўшы пасля вочы, была так здзіўлена тым многазначным выглядам, з якім місіс Чык павярнула да яе твар, што часова паставіла лейку на стол і сама села на крэсла побач з ёю.

— Дарагая Луіза, — сказала міс Токс, — можа, вам не будзе непрыемна, калі я адважуся заўважыць, у адказ на гэта, што такая скромная асоба, як я, лічыць, што ваша любая пляменніца падае вялікія надзеі?

— Што вы маеце на ўвазе, Лукрэцыя? — запыталася місіс Чык з вялікай важнасцю. — На якую маю заўвагу вы спасылаецеся, дарагая мая?

— На тое, што яна будзе вартай гэтага імя, мая любая, — адказала міс Токс.

— Калі, — урачыста-спагадлівым тонам праказала місіс Чык, — я сказала недастаткова зразумела, Лукрэцыя, то віна, вядома, мая. Але я хачу зразумела выказаць сваю думку Лукрэцыя, і таму, звяртаючыся да гэтай заўвагі, я павінна сказаць, што, яна зусім не датычыла Фларэнс.

— Няўжо? — адазвалася міс Токс.

— Так, — сказала місіс Чык коратка і рашуча.

— Прабачце мне, дарагая, — заўважыла яе ціхманая сяброўка, — але я яго не зразумела. Баюся, што я некемлівая.

— Калі я кажу, Лукрэцыя, што яна будзе вартай гэтага імя, я кажу пра другую жонку майго брата Поля. Думаю, што я ўжо выказалася ў гэтым сэнсе — хоць і карысталася іншымі словамі, — што ён мае намер жаніцца ў другі раз.

Міс Токс шпарка ўсхапілася і вярнулася да сваіх кветак, падстрыгаючы сцяблы і лісцё так бязлітасна, як цырульнік стрыжэ валасы беднякоў.

— Ці адчуе яна ў поўнай меры гонар, ёй аказаны, — высокамерным тонам прадаўжала місіс Чык, — гэта ўжо іншае пытанне. Спадзяюся, што адчуе. На гэтым свеце мы абавязаны думаць добра адзін аб адным, і я спадзяюся, што яна адчуе. Што датычыць мяне, то са мною не раіліся. Калі-б са мною параіліся, то, вядома, да маёй парады паставіліся-б звысоку, і, значыцца, непараўнальна лепш так, як яно ёсць. Я лічу за лепшае, каб так яно і было.

Міс Токс, схіліўшы галаву, па-ранейшаму падстрыгала кветкі. Місіс Чык, энергічна ківаючы час ад часу галавою, прадаўжала гаварыць, нібы кідаючы некаму выклік.

— Калі-б мой брат Поль са мною параіўся — а іншы раз ён раіцца або, правільней, меў звычай раіцца, бо, зразумела, цяпер ён не будзе гэтага рабіць, і я лічу, што гэтая акалічнасць вызваляе мяне ад адказнасці, — істэрычна сказала місіс Чык, — бо, дзякуй богу, я не рэўнівая… — тут місіс Чык зноў выпусціла слязу, — калі-б мой брат Поль прышоў да мяне і сказаў: «Луіза, якія якасці параілі-б вы мне шукаць у жонцы?», я-б, зразумела, адказала: «Поль, вы павінны шукаць сям'ю, вы павінны шукаць прыгажосць, вы павінны шукаць благародства, вы павінны шукаць сувязі».

Міс Токс кінула шчоўкаць ножніцамі і, схіліўшы галаву да кветак, уважліва прыслухоўвалася. Магчыма, што ў гэтым уступе і ў гарачлівасці місіс Чык міс Токс убачыла, здавалася, нейкую надзею.

— Да гэтых довадаў я звярнулася-б, — прадаўжала разважалівая лэдзі, — бо, спадзяюся, я не дурная, я ўсё-такі разумная.

У часе наступіўшага кароткага маўчання ножніцы міс Токс слаба звякнулі разы два, але твар міс Токс аставаўся небачным, і ранішняе яе плацце трапятала. Місіс Чык паглядзела на яе коса, праз кветкі, што былі паміж імі, і зноў загаварыла тонам глыбокага пераконання і як чалавек, што спыняецца на акалічнасці, якая бадай ці заслугоўвае тлумачэння.

— Такім чынам, мой брат Поль, зразумела, зрабіў тое, што трэба было ад яго чакаць і што ўсе мы маглі прадбачыць, калі-б ён задумаў у другі раз жаніцца. Я зусім не сумняваюся ў тым, што маці — вельмі арыстакратычная і элегантная асоба, і не маю ніякага права аспрэчваць ці да месца яе пражыванне разам з імі, бо гэта справа Поля, а не мая. Што-ж датычыцца самой абранніцы Поля, то пакуль я бачыла толькі яе партрэт, але ён сапраўды цудоўны. І імя ў яе прыгожае, — прадаўжала місіс Чык, энергічна ківаючы галавой і болыш зручна ўсаджваючыся ў крэсле; — імя Эдзіт здаецца мне надзвычайным і арыстакратычным. Такім чынам, не сумняваюся, Лукрэцыя, вы ўзрадуецеся, даведаўшыся, што шлюб адбудзецца ў самы кароткі час; зразумела, узрадуецеся, — зноў красамоўны націск, — і будзеце ў захапленні ад гэтай перамены ў жыцці майго брата, які шмат разоў аказваў вам вельмі прыемную ўвагу.

Міс Токс нічога не сказала, але, узяўшы дрыглівай рукою маленькую лейку, няўважліва азірнулася вакол, нібы ўцямляючы, які прадмет абстаноўкі мае патрэбу ў вадзе. У гэты момант, крытычны для пачуццяў міс Токс, адчыніліся дзверы, міс Токс уздрыганулася, моцна зарагатала і кінулася ў абдымкі ўвайшоўшага; на шчасце, яна не магла бачыць ні гнеўнай фізіяноміі місіс Чык, ні маёра ля акна па той бок пляца, чый бінокль быў пушчан у работу і чый твар і фігура раздуліся ад мефістофельскай злараднасці.

Іншыя пачуцці ўладалі выгнаннікам-тубыльцам, які паслужыў апорай для абамлеўшай міс Токс; падняўшыся на верх з мэтай ласкава даведацца аб здароўі міс Токс (у выкананне каварнага загаду маёра), ён выпадкова прыбыў якраз у час, каб прыняць у свае абдымкі кволы цяжар і змясціць у сваім чаравіку ваду з маленькай лейкі.

На працягу некалькіх секунд гэты засмучаны іншакраінец прыціскаў міс Токс да свайго сэрца з энергіяй, якая надзвычай не адпавядала ўсхваляванаму яго твару, у той-час як гэта няшчасная лэдзі павольна вылівала на яго апошнія кроплі з маленькай лейкі, нібы ён быў далікатнай экзатычнай раслінай. Нарэшце, місіс Чык, набраўшыся духу, умяшалася і загадала яму пакласці міс Токс на канапу і выйсці; калі-ж выгнаннік хутка падначаліўся, яна пачала старацца вярнуць прытомнасць міс Токс.

Калі, нарэшце, міс Токс расплюшчыла вочы і паступова аджыла і азірнулася, місіс Чык адхіснулася ад яе, як ад злачынцы.

— Лукрэцыя! — сказала місіс Чык. — Я не буду ўтойваць свае пачуцці. Я раптам угледзела свет. Я гэтаму не паверыла-б, нават каб сказаў мне гэта святы.

— Як недарэчна, што я паддалася слабасці! — лепятала міс Токс. — Зараз мне будзе лепш.

— Зараз вам будзе лепш, Лукрэцыя! — з вялікай пагардай паўтарыла місіс Чык. — Вы думаеце, што я сляпая? Уяўляеце, што я здзяцінела? Не, Лукрэцыя. Я вам вельмі дзякую!

Міс Токс скіравала на сваю сяброўку ўпрашальны, бездапаможны позірк і закрыла твар насавой хустачкай.

— Калі-б хто-небудзь сказаў мне гэта ўчора, — велічна прадаўжала місіс Чык, — або нават поўгадзіны назад, я адчула-б спакусу сцерці гэтага чалавека з твару зямлі. Лукрэцыя Токс, я раптам угледзела свет і ўгледзела вас! Заслона спала з маіх вачэй.

— О, на што вы намякаеце так жорстка, дарагая мая? — праз слёзы запыталася міс Токс.

— Лукрэцыя, — сказала місіс Чык, — запытайцеся ў свайго сэрца. Я павінна прасіць вас аб тым, каб вы не карысталіся такімі фамільярнымі словамі, якія вы толькі што прамовілі. У мяне яшчэ асталася пашана да сябе, хоць вы, магчыма, думаеце інакш.

— О, Луіза! — закрычала міс Токс. — Як вы можаце так гаварыць са мною?

— Падумайце толькі, — прадаўжала місіс Чык, — што вы, адагрэўшыся, як гадзюка, ля ачага майго брата і праз мяне ўцёршыся ледзь не ў давер'е да яго, што вы, Лукрэцыя, маглі ўпотайку мець надзею на яго і дапускалі магчымасць яго сувязі з вамі! Недарэчнасць-жа гэтай ідэі, — з саркастычнай годнасцю праказала місіс Чык, — такая відавочная, што яна бадай што сцірае яе вераломства!

— Прашу вас, Луіза, — упрашала міс Токс, — не гаварыце такіх страшэнных рэчаў.

— Страшэнных рэчаў! — паўтарыла місіс Чык. — Страшэнных рэчаў! Хіба няпраўда, Лукрэцыя, што вы толькі што не маглі ўладаць са сваімі пачуццямі нават перад мною, якой вы зусім затуманілі вочы?

— Я не наракала, — усхліпнула міс Токс. — Я нічога не сказала. Калі я была крыху ўзрушана тым, што вы сказалі, Луіза, і калі прамільгала ў мяне калі-небудзь думка, што містэр Домбі схільны звярнуць на мяне асаблівую ўвагу, то ўжо вы, зразумела, мяне не асудзіце.

— Зараз яна скажа, — прамовіла місіс Чык, звяртаючыся да мэблі і пазіраючы на яе з пакорлівым і ўпрашальным выглядам, — зараз яна скажа — я гэта ведаю, — што я яе заахвочвала!

— Я не хачу адказваць дакорам, дарагая Луіза, — усхліпвала міс Токс. — І наракаць я не хачу. Але ў сваю абарону…

— Так! — усклікнула місіс Чык, з прароцкай усмешкай аглядаючы пакой. — Вось што яна зараз скажа. Я гэта ведала. Што-ж вы гаворыце? Скажыце проста! Якой бы вы не былі, Лукрэцыя Токс, будзьце шчырай, — праказала місіс Чык з непахіснай жорсткасцю.

— У сваю абарону, — пралепятала міс Токс, — у абарону ад вашых нягодных слоў, дарагая Луіза, я-б хацела толькі запытацца ў вас; хіба вы часцяком не патуралі гэтай мары і не казалі, што — хто ведае? — усё можа здарыцца?

— Ёсць межы, — сказала місіс Чык, устаючы з такім выглядам, нібы не мела намеру ступаць на падлогу, а збіралася паляцець да сваёй нябеснай бацькаўшчыны, — межы, за якімі цярпенне робіцца смешным, калі не злачынным. Я магу выцерпець шмат што, але не праз меру. Лукрэцыя, я памылялася наконт вас. Лепш для нас абодвух скончыць на гэтым. Я вам жадаю дабра і заўсёды буду жадаць вам дабра. Але, як чалавек, які хоча быць верным сабе, не гледзячы на сваё скромнае становішча, якое-б яно не было, і як сястра майго брата, і як залоўка жонкі майго брата, і як сваячка маці жонкі майго брата — і няхай будзе мне дазволена дадаць: як Домбі! — я не магу пажадаць вам нічога, апрача добрай раніцы.

Пасля гэтых слоў, сказаных з уедлівай пачцівасцю, змякчонай і ачышчанай ганарыстым усведамленнем маральнай праваты, місіс Чык рушыла да дзвярэй. Падобная да статуі, яна нахіліла галаву нібы здань і накіравалася да карэты шукаць заспакаення і ўцехі ў абдымках містэра Чыка, свайго мужа і ўладара.

Мы гаворым фігуральна: бо рукі містэра Чыка былі заняты газетай. Да таго-ж яшчэ гэты джэнтльмен не агледзеў жонку, а толькі зірнуў на яе мелькам. І зусім не зварухнуўся, каб яе ўсцешыць.

Між тым місіс Чык сядзела абураная і трэсла галавою, нібы ўсё яшчэ паўтарала Лукрэцыі Токс урачыстую формулу развітання. Нарэшце, яна заявіла ўголас: «О, наколькі яна сёння зрабілася відушчай!»

— Наколькі-ж вы сёння зрабіліся відушчай, дарагая мая? — паўтарыў містэр Чык.

— О, не размаўляйце са мною! — усклікнула місіс Чык. — Калі вы маглі, бачачы мяне ў такім стане, не запытацца, што здарылася, то ўжо лепш-бы вы назаўсёды змоўклі!

— А што здарылася, дарагая мая? — запытаўся містэр Чык.

— Падумаць толькі! — сказала місіс Чык, размаўляючы сама з сабою. — У яе зарадзілася агідная думка парадніцца з нашай сям'ёй, ажаніўшыся з Полем! Падумаць толькі, што, гуляючы ў конікі з дарагім хлопчыкам, які спачывае цяпер у магіле, — мне і тады не падабаліся гэтыя гульні, — яна мела ў душы каварны намер!

— Дапраўды, я думаў, дарагая мая, — павольна праказаў містэр Чык, папярэдне пацёршы газетай пераносіцу, — што і ў вас была тая самая мэта аж да сёнешняй раніцы. Здаецца, і вы лічылі, што было-б нядрэнна, калі-б гэты план ажыццявіўся.

Місіс Чык зараз-жа расплакалася і заявіла містэру Чыку, што ўжо калі яму хочацца таптаць яе ботамі, лепш-бы ён так і зрабіў.

Містэр Чык, бясспрэчна, усведамляючы сваю нікчэмнасць, скарыстаў першы зручны выпадак, каб пакінуць карэту на рагу, і пайшоў, пасвістваючы, высока падняўшы плечы і заклаўшы рукі ў кішэні.

А ў гэты час няшчасная адлучаная міс Токс — ліслівая і рабалепная, але тым не менш сумленная і справядлівая, якая нязменна адчувала сапраўды сяброўскія пачуцці да сваёй абвінавальніцы і была цалкам паглынута і ахоплена пракланеннем перад надзвычайным містэрам Домбі, — у гэты час няшчасная адлучаная міс Токс палівала кветкі свае слязмі і адчувала, што на пляцы Прынцэсы запанавала зіма.