Домбі і сын/27
← Раздзел ХХVІ. Цені мінулага і будучага | Раздзел XXVII. Цені згушчаюцца Раман Аўтар: Чарльз Дыкенс 1848 (пераклад 1938) |
Раздзел ХХVІІI. Перамены → |
РАЗДЗЕЛ XXVII
Цені згушчаюцца.
Містэр Каркер-загадчык устаў разам з жаваранкамі і вышаў прагуляцца, цешачыся летняй раніцай. Але думкі яго — а ён на хаду размышляў насупіўшы бровы, — бадай ці луналі ў вышыні, як жаваранкі, або накіроўваліся ў гэтым напрамку; больш правільна, яны трымаліся каля свайго гнязда на зямлі і шныралі ў пылу і сярод чарвей.
Ахайны, задаволены сабою, з бледным тварам, нібы выгарэўшым на сонцы, грацыёзнай сваёй хадою падкрэсліваючы мяккасць травы, містэр Каркер-загадчык бадзяўся па лужках і зялёных палянках і шмыгаў па алеях, пакуль не надышоў час вяртацца да снедання. Выбраўшы больш кароткую дарогу, містэр Каркер ішоў, праветрываючы свае зубы, і выказаў пры гэтым уголас: «Цяпер паглядзім другую місіс Домбі!»
Ён вышаў за межы горада і варочаўся назад прыемнай дарогай, дзе густыя дрэвы адкідалі густы цень і дзе калі-ні-калі трапляліся лаўкі для тых, хто захацеў-бы адпачыць. Гэтае месца звычайна не наведвала публіка і ў такі ціхі ранішні час яно здавалася зусім бязлюдным і адзінотным, і таму містэр Каркер быў або думаў, што быў тут зусім адзін.
Аднак, ён выявіў, што памыліўся, думаючы, быццам у ляску нікога няма; ціхенька абышоўшы вялікае дрэва, старая кара якога была пакрыта наростамі і лускою, як скура насарога або якога-небудзь кроўнага яму дапатопнага страшыдла, ён нечакана ўбачыў жанчыну на бліжэйшай лаўцы, якую ўжо збіраўся абвіць павуціннем слядоў.
Гэта была лэдзі, элегантна апранутая і вельмі прыгожая, з цёмнымі гордымі вачыма, апушчанымі ўніз, — лэдзі, здавалася, апанаваная нейкім запалам або барацьбой. Бо, калі яна сядзела, пазіраючы ў зямлю, ніжняя губа яе была прыкушана, грудзі ўздымаліся, ноздры расшыраліся, галава ўздрыгвала, слёзы абурэння струменіліся па шчоках, а нагой яна таптала мох так, нібы хацела раздушыць яго. І, аднак, ледзь не ў той самы момант, калі ён гэта заўважыў, ён убачыў, як гэта самая лэдзі ўстала з пагардлівай мінай, якая выказвала стомленасць і сум, і адышлася ад лаўкі, прычым і твар яе і фігура дыхалі роўнадушным усведамленнем сваёй прыгажосці і велічнай пагардай.
Зморшчаная і вельмі агідная старая, падобная па плацці не столькі на цыганку, колькі на прадстаўніцу рознастайнага племя валацуг, таксама сачыла за лэдзі, бо, калі тая ўстала, яна вырасла перад ёю, утаропіўшы ў яе дзіўны позірк, — нібы з'явілася з-пад зямлі, — і заставіла ёй дарогу.
— Дайце я вам паваражу, красуня, — сказала старая, жуючы губамі, як быццам чэрап з-пад жоўтай яе скуры імкнуўся вырвацца на паверхню.
— Я магу сама сабе паваражыць, — быў адказ.
— Эх, красуня, вы няправільна варожыце. Вы дрэнна варажылі, калі сядзелі тут. Я вас бачу. Дайце мне срэбную манетку, красуня, і я вам скажу ўсю праўду. Па твары відаць, красуня, што вас чакае багацце.
— Ведаю, — адазвалася лэдзі, ганарліва праходзячы міма і панура ўсміхаючыся. — Я гэта раней ведала.
— Як! Вы мне нічога не дасцё? — заенчыла старая. — Вы мне нічога не дасцё за тое, што я вам паваражу, красуня? Ну, а што вы мне дасцё, каб я вам не варажыла? Дайце што-небудзь, а не то я буду крычаць вам услед! — закаркала старая, аж шалеючы.
Містэр Каркер, міма якога павінна была прайсці лэдзі, вышаў з-за дрэва, калі яна ішла наўкось, да сцежкі, рушыў ёй насустрач і, зняўшы капялюш, калі яна параўнялася з ім, загадаў старой змоўкнуць. Лэдзі падзякавала яму паклонам за тое, што ён умяшаўся, і пайшла далей.
— Ну, дык вы дасцё мне што-небудзь, ці я буду крычаць ёй услед! — запішчала старая, пляскаючы рукамі і напіраючы ўсім целам на яго выцягненую руку. — Або, паслухайце, — дадала яна, нечакана прыцішыўшы голас, паглядзеўшы на яго пільна і на секунду нібы забыўшыся пра аб'ект свайго гневу, — дайце мне што-небудзь, а не то я закрычу вам услед!
— Мне ўслед, старэнькая? — адазваўся загадчык, апускаючы руку ў кішэню.
— Так, — сказала жанчына, упорна не спускаючы з яго позірку і працягваючы высахлую руку. — Я ведаю!
— Што вы ведаеце? — запытаўся Каркер, кідаючы ёй шылінг. — Ці ведаеце вы, хто гэта лэдзі?
Старая падхапіла шылінг, прысела на жылісты корань старога дрэва, дастала з-пад чапца кароткую чорную люльку і моўчкі пачала курыць, пільна пазіраючы на субяседніка.
Містэр Каркер засмяяўся і павярнуўся на абцасах.
— Добра, — сказала старая. — Адно дзіця памерла, і адно дзіця жыве. Адна жонка памерла, і другая ідзе на змену. Ідзіце ёй насустрач!
Міма сваёй волі загадчык зноў азірнуўся і спыніўся. Старая, якая не выняла з рота люлькі і, прадаўжаючы курыць, чвякала і мармытала, нібы гутарачы з нябачным духам, паказала пальцам у той бок, куды ён ішоў, і зарагатала.
— Што гэта вы сказалі, звар'яцелая старая? — запытаўся ён.
Жанчына мармытала, чвякала, курыла і ўсё яшчэ паказвала ўперад, але не сказала ні слова. Развітаўшыся з ёю не вельмі ласкава, містэр Каркер рушыў далей, але, дайшоўшы да павароту і азірнуўшыся праз плячо на ствол старога дрэва, зноў убачыў палец, які паказваў па-ранейшаму ўперад, і яму пачуўся прарэзлівы голас старой: «Ідзіце насустрач!»
У гасцініцы ён пераканаўся, што падрыхтаванні да ўтончанага пачастунку скончаны і містэр Домбі, маёр і снеданне чакаюць лэдзі. Нарэшце, тубылец расчыніў дзверы, і пасля некаторай паузы з'явілася вельмі квітнеючая, але не вельмі маладая лэдзі.
— Дарагі мой містэр Домбі, — сказала лэдзі, — баюся, што мы спазніліся, але Эдзіт рана вышла шукаць цікавага пейзажа для эскіза і прымусіла мяне яе чакаць. Каварнейшы з маёраў, — працягнула яна яму мязінец, — як маецеся?
— Місіс Ск'ютон, — сказаў містэр Домбі, — дазвольце мне аказаць майму сябру Каркеру, — містэр Домбі мімаволі зрабіў націск на слове «сябра», нібы кажучы: «Я дазваляю яму карыстацца гэтай адзнакай», — гонар быць вам прадстаўленым. Вы чулі ад мяне пра містэра Каркера.
— Дапраўды-ж, я ў захапленні, — міласціва сказала місіс Ск'ютон.
Містэр Каркер, зразумела, быў у захапленні.
— Ах, божа мой, дзе-ж Эдзіт? — аглядаючыся, усклікнула місіс Ск'ютон. — Дарагі мой містэр Домбі, ці не будзеце вы так ласкавы…
Містэр Домбі пайшоў ужо шукаць яе. Праз секунду ён вярнуўся, ведучы пад руку тую самую элегантна апранутую і вельмі прыгожую лэдзі, якую містэр Каркер сустрэў у засені дрэў.
— Каркер… — пачаў містэр Домбі. Але яны так яўна пазналі адзін другога, што містэр Домбі змоўк у здзіўленні.
— Я ўдзячна гэтаму джэнтльмену, — сказала Эдзіт, велічна нахіляючы галаву, — за тое, што ён нядаўна выратаваў мяне ад прыставанняў назойлівай жабрачкі.
— Я ўдзячан лёсу, — нізка кланяючыся, сказаў містэр Каркер, — за тое, што ён дараваў мне магчымасць зрабіць такую нікчэмную паслугу той, чыім слугою я маю шчасце быць.
Калі яе вочы на секунду спыніліся на ім, а пасля апусціліся, ён прачытаў у гэтым пабліскваючым і праніклівым позірку падазрэнне, што з'явіўся ён не ў той момант, калі ўмяшаўся, але цішком сачыў за ёй раней. А калі ён гэта прачытаў, яна прачытала ў яго вачах, што яе недавер'е не пазбаўлена падстаў.
— Мне надзвычай прыемна, — сказаў містэр Домбі з вельмі важнай галантнасцю, — што джэнтльмен, так цесна звязаны са мною, як Каркер, меў гонар і шчасце зрабіць хоць-бы нязначную паслугу місіс Грэйнджэр. — Містэр Домбі пакланіўся ёй. — Але гэта ў некаторай ступені мяне і засмучае, і, дапраўды, я пачынаю зайздросціць Каркеру, — ён, сам таго не ўсведамляючы, зрабіў націск на гэтых словах, нібы разумеючы, што яны павінны здацца вельмі дзіўнымі, — зайздросціць Каркеру, бо на маю долю не выпала гэтага гонару і гэтага шчасця.
Містэр Домбі зноў пакланіўся. Эдзіт аставалася нерухомай, толькі губы яе пагардліва скрывіліся.
— Я ў захапленні, містэр Каркер, — сказала ў часе снедання лэдзі-маці, паглядзеўшы на яго ўхвальна ў ларнет, — што ваша наведванне так удачна супала з нашай сёнешняй паездкай. Гэта цудоўнейшая прагулка!
— Кожная прагулка цудоўная ў такой кампаніі, — адказваў Каркер, — але думаю, што гэтая і сама па сабе надзвычай цікавая.
— О! — усклікнула місіс Ск'ютон, томна завішчэўшы ад захаплення. — Замак чароўны! Успамінаючы аб сярэдневякоўі… і да таго падобным… гэта сапраўды дзівосна. Вы любіце сярэдневякоўе, містэр Каркер, праўда?
— О, так, зразумела, — сказаў містэр Каркер.
— Карціны ў замку проста бажэственыя! — сказала Клеапатра. — Спадзяюся, вы абажаеце карціны?
— Адважуся вас запэўніць, місіс Ск'ютон, — сказаў містэр Домбі, велічна ўхваляючы свайго загадчыка, — што Каркер разбіраецца ў карцінах, у яго прыроджаныя здольнасці іх ацэньваць. Сам ён вельмі не благі мастак. Не сумняваюся, што ён будзе зачарован густам і майстэрствам місіс Грэйнджэр.
— Чорт пабяры, сэр! — закрычаў маёр Бегсток. — У мяне такая думка, што вы — Каркер Надзвычайны і можаце рабіць усё.
— О! — скромна ўсміхнуўся Каркер, — вы за вельмі многа ад мяне чакаеце. Я вельмі мала магу зрабіць. Але містэр Домбі дае такую велікадушную ацэнку тых банальных здольнасцей, якія чалавек у маім становішчы наўрад ці не абавязан мець, тады як сам ён, будучы зусім у іншай сферы, стаіць бясконца вышэй за іх, што…
Містэр Каркер паціснуў плячыма, ухіляючыся ад далейшых пахвал, і больш не дадаў ні слова.
Увесь гэты час Эдзіт не падымала вачэй і толькі паглядала на маці, калі палкі дух гэтай лэдзі зіхацеў у словах. Але, калі змоўк Каркер, яна на секунду зірнула на містэра Домбі. Толькі на секунду; але па твары яе праслізнуў цень пагардлівага неразумення, заўважаны ва ўсякім выпадку адным чалавекам, які ўсміхаўся за сталом.
Містэр Домбі злавіў гэты позірк, калі цёмныя расніцы ўжо апускаліся, і скарыстаў выпадак, каб яго ўтрымаць.
— Баюся, вы часта бывалі ва Уорыку? — сказаў містэр Домбі.
— Некалькі разоў.
— Можа вам здасца паездка нуднай?
— О не, ніколькі.
— Ах, вы падобны да вашага дваюраднага брата Фінікса, любая мая Эдзіт, — сказала місіс Ск'ютон. — Пабыўшы адзін раз ва Уорыкскім замку, ён ездзіў туды яшчэ пяцьдзесят разоў; а калі-б ён заўтра прыехаў у Лемінгтон, — як-бы я хацела, каб гэты ангел прыехаў! — ён адправіўся туды ў наступны дзень у пяцьдзесят другі раз.
— Мы ўсе энтузіясты, ці не праўда, мама? — з халоднай усмешкай сказала Эдзіт.
— І магчыма праз меру, мая любая, на шкоду нашаму спакою, — адказала маці.
Калі містэр Домбі звярнуўся першы раз да Эдзіт, яна павярнулася да яго і аставалася ў гэтай позе, слухаючы маці і адказваючы ёй, нібы хацела паказаць, што яе ўвага звернута на яго, калі ён мае намер яшчэ што-небудзь сказаць. Было ў гэтай простай далікатнасці нешта амаль задзірлівае і меўшае такі характар, нібы тут адыгрываў ролю прымус або заключалася гандлёвая здзелка, у якой яна неахвотна прымала ўдзел; і зноў гэта было заўважана тым-жа чалавекам, што ўсміхаўся за сталом. Ён успомніў пра першую сваю сустрэчу з ёю, калі яна была ўпэўнена, што, апрача яе, няма ў гаі нікога.
Містэр Домбі, не маючы больш нічога дадаць, прапанаваў рушыць у дарогу — снеданне скончылася, і маёр наеўся, як удаў. Каляска чакала, па загаду містэра Домбі, і ў ёй размясціліся абедзве лэдзі, маёр і ён сам; тубылец і змардаваны паж узлезлі на козлы, містэр Таулінсон астаўся дома, а містэр Каркер конна ехаў ззаду.
Містэр Каркер ехаў трушком за каляскай, трымаючыся ад яе прыкладна на адлегласці ста ярдаў, і ў часе гэтай паездкі сачыў за ёю так, нібы ён і сапраўды быў катом, а чэцвера седакоў — мышамі.
Місіс Ск'ютон мела намер узяць на сябе клопат аб містэры Каркеры і паказаць яму хараство замка. Яна вырашыла ісці пад руку з ім, а таксама і з маёрам. Гэтаму непапраўнаму стварэнню — самаму дзікаму варвару ў галіне паэзіі — карысна быць у такой кампаніі. Такі выпадковы распарадак даў магчымасць містэру Домбі суправаджаць Эдзіт, што ён і зрабіў, ідучы паперадзе іх па палатах замка з важнасцю, якая адпавядае джэнтльмену.
— Які гэта быў цудоўны час, містэр Каркер, — сказала Клеапатра, — гэтыя чароўныя ўмацаванні, і мілыя старыя цямніцы, і гэтыя найлепшыя засценкі, рамантычная помста, маляўнічыя атакі і аблогі і ўсё, што робіць жыццё сапраўды чароўным! Як жахліва мы вырадзіліся!
— Так, мы, на жаль, здрабнелі, — сказаў містэр Каркер.
Своеасаблівасць іх гутаркі заключалася ў тым, што місіс Ск'ютон, не гледзячы на свой экстаз, і містэр Каркер, не гледзячы на сваю пачцівасць, абодва напружана сачылі за містэрам Домбі і Эдзіт. Пры ўсім сваім умельстве весці гутарку яны былі некалькі няўважлівымі і ў выніку гаварылі наўздагад.
— Мы страцілі абсалютна ўсякую веру, — сказала місіс Ск'ютон, выстаўляючы зморшчанае вуха, бо містэр Домбі нешта гаварыў Эдзіт. — Мы страцілі ўсякую веру ў мілых старых баронаў, якія былі самымі цудоўнымі стварэннямі, і ў мілых старых папоў, якія былі самымі ваяўнічымі людзьмі, і нават у век гэтай непараўнальнай каралевы Бес — вось яна там, на сцяне, — які быў сапраўды залатым векам! Мілае стварэнне! Яна ўся была — сэрца! А гэты чароўны яе бацька! Спадзяюся, вы абажаеце Генрыха Восьмага[1]?
— Я ім захапляюся, — сказаў Каркер.
— Такі шчыры, ці не праўда? — усклікнула місіс Ск'ютон. — Такі паважны! Сапраўдны англічанін! Які прыгожы яго партрэт, гэтыя мілыя прыжмураныя вочы і добрадушны падбародак!
— Ах, пані, — сказаў Каркер, раптам спыняючыся, — ужо калі вы загаварылі аб карцінах, то вось яна перад вамі! У якой з галярэй свету можна ўбачыць што-небудзь роўнае гэтаму?
З гэтымі словамі джэнтльмен, які ўсміхаўся, паказаў у бок расчыненых дзвярэй, туды, дзе сярод пакоя стаялі ўдваіх містэр Домбі і Эдзіт.
Яны не абменьваліся ні словамі, ні позіркам. Стоячы побач адзін ля аднаго, яны, здавалася, былі адасоблены больш, чым калі-б іх раздзялялі моры. Ён — фанабэрысты, непахісны, чопарны, суровы. Яна — бясконца прывабная і грацыёзная, але ніякай увагі не звяртаючы ні на сябе, ні на яго, ні на ўсё акаляючае, з ганарыстым выглядам, які адлюстроўваўся на ілбе і вуснах, адмаўляючы свае ўласныя чароўнасці, нібы гэта было ненавіснае ёй кляймо або ліўрэя. Так былі яны своеасаблівы і непадобны, так гвалтоўна звязаны ланцугом, які выкаваў няшчасны выпадак і горкая доля, што можна было ўявіць, быццам партрэты на сценах вакол іх былі ўзрушаны такім ненатуральным саюзам.
Тым не менш місіс Ск'ютон была так зачарована карцінай, на якую звярнуў яе ўвагу містэр Каркер, што не ўтрымалася і паціху сказала аб тым, як гэта міла, колькі ў гэтым душы! Эдзіт, пачуўшы азірнулася і ад абурэння ўся пачырванела.
— Мая дарагая Эдзіт ведае, што я зачароўвалася ёю! — сказала Клеапатра, не без страху дакранаючыся парасонікам да яе спіны. — Любая дзяўчынка!
Зноў містэр Каркер стаў сведкам той барацьбы, якую выпадкова наглядаў у гаі.
Яна не падняла на яго вачэй, але, кінуўшы шпаркі загадны позірк, здавалася, прапанавала матцы падыйсці бліжэй. Місіс Ск'ютон вырашыла зразумець намёк і, паспешна наблізіўшыся са сваімі двума кавалерамі, больш ужо не адыходзіла ад дачкі.
Цяпер містэр Каркер — бо нішто не адцягвала яго ўвагі — пачаў гаварыць пра карціны, выбіраць лепшыя і паказваць іх містэру Домбі, не забываючыся фамільярна адзначаць, па свайму звычаю, велічнасць містэра Домбі і аддаваць яму ўвагу, прыстасоўваючы для яго бінокль, знаходзячы нумары ў каталагу, трымаючы яго кій і так далей. Спачатку ён звяртаўся пераважна да місіс Ск'ютон; але з прычыны таго, што гэта чуллівая лэдзі прышла ў такі экстаз ад твораў мастацтва, што калі прайшло чвэрць гадзіны, яна магла толькі пазяхаць, ён перанёс сваю ўвагу на містэра Домбі. Містэр Домбі гаварыў мала, толькі зрэдку заўважаючы: «Зусім правільна, Каркер», або: «Няўжо, Каркер?», але моўчкі заахвочваў Каркера прадаўжаць гутарку і зусім ухваляў у душы яго паводзіны, лічачы, што хто-небудзь павінен падтрымліваць размову, і думаючы, што заўвагі Каркера могуць забавіць місіс Грэйнджэр.
Калі Уорыкскі замак быў нарэшце вычарпан, таксама як і сілы маёра, не кажучы ўжо пра місіс Ск'ютон, каляска была падана зноў, і яны паехалі аглядаць ваколіцы. Аб адным з пейзажаў містэр Домбі паважна заявіў, што эскіз, зроблены — хоць- бы і неахайна — цудоўнай рукой місіс Грэйнджэр, будзе яму напамінкам аб гэтым прыемным дні. Хударлявы Уітэрс, які трымаў пад пахай альбом Эдзіт, зараз-жа атрымаў загад ад місіс Ск'ютон падаць гэты альбом, і каляска спынілася, каб Эдзіт магла зрабіць рысунак, які містэр Домбі меў намер захоўваць сярод іншага свайго скарбу.
— Баюся, што я надта вас турбую, — сказаў містэр Домбі.
— Ніколькі. Адкуль вы хацелі-б бачыць яго зарысованым? — запыталася яна, паварочваючыся да яго з такою-ж вымушанаю ўвагай, як і раней.
Містэр Домбі, з новым паклонам, ад якога затрашчаў яго накрухмалены гальштук, прасіў каб гэта пытанне вырашыла мастачка.
— Мне-б хацелася, каб вы самі выбралі, — сказала Эдзіт.
— У такім выпадку, — сказаў містэр Домбі, — скажам — адсюль. Месца як быццам падыходзіць для гэтай мэты, або… Каркер, як на вашу думку?
Непадалёку, на пярэднім плане, быў гаёк, вельмі падобны да таго, дзе містэр Каркер плёў раніцою павуціну слядоў, і лаўка пад дрэвам, якое вельмі нагадвала тое месца, дзе павуціна яго абарвалася.
— Адважуся звярнуць увагу місіс Грэйнджэр, — сказаў Каркер, — на гэты цікавы, бадай, нават надзвычай цікавы пункт, адкуль адкрываецца від.
Яна паглядзела ў той бок, куды ён паказваў дубцом, і хутка падняла на яго вочы.
— Вы ўхваляеце? — запыталася Эдзіт у містэра Домбі.
— Я буду ў захапленні, — адказаў містэр Домбі Эдзіт.
Такім чынам, каляска наблізілася да таго месца, якое прывяло ў захапленне містэра Домбі; Эдзіт, не выходзячы з экіпажа і разгарнуўшы альбом з уласцівым ёй ганарлівым роўнадушшам, пачала маляваць.
— Усе мае алоўкі ступіліся, — сказал яна, адрываючыся ад работы і перабіраючы іх адзін за адным.
— Дазвольце мне, — сказаў містэр Домбі. — А ў тым, Каркер гэта лепш зробіць, ён разумее ў такіх рэчах. Каркер, ці не будзеце вы ласкавы заняцца алоўкамі місіс Грэйнджэр.
Містэр Каркер пад'ехаў да дзверцаў каляскі з таго боку, дзе сядзела місіс Грэйнджэр, і, кінуўшы павады на шыю каня, з паклонам узяў у яе з рук алоўкі і, седзячы ў сядле, пачаў завострываць іх не спяшаючыся.
— Вам гэта падабаецца ці, можа, зрабіць малюнак больш закончаным? — запыталася Эдзіт, паказваючы эскіз містэру Домбі.
Містэр Домбі папрасіў не дакранацца больш да малюнка: гэта была дасканаласць.
— Цудоўна! — сказаў Каркер, паказваючы чырвоныя дзясны ў пацверджанне сваёй пахвалы. — Я не думаў, што ўбачу нешта такое дзівоснае і такое незвычайнае.
Прагулкай сярод руін Кенілуорта, якія вельмі наведваліся публікай, і аглядам яшчэ некалькіх пейзажаў, — большую частку якіх (напомніла містэру Домбі місіс Ск'ютон) Эдзіт ужо зарысавала, у чым ён мог пераканацца, разглядаючы яе малюнкі, — скончылася гэта экскурсія. Місіс Ск'ютон і Эдзіт былі адвезены дадому; містэр Каркер атрымаў ласкавае запрашэнне ад Клеапатры зайсці вечарком з містэрам Домбі і маёрам паслухаць як грае Эдзіт; і трое джэнтльменаў накіраваліся абедаць да сябе ў гасцініцу.
Гэты абед нічым не адрозніваўся ад учарашняга, толькі маёр зрабіўся за гэтыя дваццаць чатыры гадзіны больш радасным і менш таямнічым. Зноў пілі за здароўе Эдзіт. Зноў містэр Домбі быў прыемна збянтэжаны. А містэр Каркер выказваў поўнае спачуванне і ўхваленне.
Іншых гасцей у місіс Ск'ютон не было. Малюнкі Эдзіт былі раскіданы па пакоі, бадай, у большай колькасці, чым звычайна, а Уітэрс, змардаваны паж, падаваў больш моцны чай. Была арфа, стаяла фартэпіяна, і Эдзіт грала і спявала. Але нават музыкай Эдзіт плаціла, як кажуць, па чэку містэра Домбі ўсё з тым-жа непахісным выглядам. Напрыклад:
— Эдзіт, дарагая мая, — сказала місіс Ск'ютон праз поўгадзіны пасля чаю, — містэр Домбі аж памірае ад жадання паслухаць вас. Я гэта ведаю.
— Дапраўды, мама, містэр Домбі яшчэ жывы і можа сказаць гэта сам.
— Я буду вельмі ўдзячан, — сказаў містэр Домбі.
— Што вы хочаце?
— Фартэпіяна? — нерашуча прапанаваў містэр Домбі.
— Як хочаце; вам астаецца толькі выбіраць.
І яна пачала граць на фартэпіяна. Так была справа і з арфай, і са спевамі, і з выбарам рэчаў, якія яна спявала і грала. Такое ледзяное і вымушанае, але ў той-жа час хуткае і падкрэсленае выкананне жаданняў, якія ён выказваў ёй — і толькі ёй адной — было такім надзвычайным, што яно не магло не прыцягнуць зыркай увагі містэра Каркера. Не ўнікнуў ад яго і той факт, што містэр Домбі відавочна ганарыўся сваёй уладай і не супраць быў яе паказаць.
Між іншым, містэр Каркер гуляў так добра — то з маёрам, то з Клеапатрай, з чыім пільным позіркам, які сачыў за містэрам Домбі і Эдзіт, не магла супернічаць ніводная рысь, — што нават вырас у вачах лэдзі-маткі; калі-ж, пры развітанні, ён паскардзіўся на неабходнасць вярнуцца заўтра раніцою ў Лондан, Клеапатра выказала ўпэўненасць, — бо крэўнасць душ — з'ява вельмі рэдкая, што яны сустракаюцца зусім не апошні раз.
— Спадзяюся, — сказаў містэр Каркер, накіраваўшыся да дзвярэй у суправаджэнні маёра і кінуўшы вельмі красамоўны позірк на стаяўшую зводдаль пару. — Я таксама думаю.
Містэр Домбі, велічна развітаўшыся з Эдзіт, нахіліўся або зрабіў спробу нахіліцца над ложам Клеапатры і сказаў напоўголаса:
— Я прасіў у місіс Грэйнджэр дазволу зрабіць ёй візіт заўтра раніцой — з пэўнай мэтай, — і яна дазволіла мне зайсці ў дванаццаць гадзін. Магу я спадзявацца, што пасля гэтага буду мець прыемнасць, пані, застаць вас дома?
Клеапатра была так усхвалявана і расчулена, пачуўшы гэту загадкавую гутарку, што магла толькі заплюшчыць вочы, паківаць галавой і працягнуць містэру Домбі руку, якую містэр Домбі, добра не ведаючы, што з ёю рабіць, патрымаў і выпусціў.
— Домбі, ідзіце! — крыкнуў маёр, заглянуўшы ў пакой.
Пры гэтых словах маёр пахлопаў містэра Домбі па спіне, падміргнуў, азірнуўшыся цераз плячо, дамам — гэта суправаджалася страшэнным прылівам крыві да галавы — і павёў яго.
Місіс Ск'ютон спачывала на софе, а Эдзіт моўчкі сядзела воддаль, каля арфы. Маці, забаўляючыся веерам, тайком паглядала на дачку, але дачка панура задумалася, апусціўшы вочы, і перашкаджаць ёй было не варта.
Так сядзелі яны цэлую гадзіну, не кажучы ні слова, пакуль не прышла, як звычайна, пакаёўка місіс Ск'ютон, каб падрыхтаваць яе паступова да сну. Гэтай служанцы належала па вечарах быць не жанчынай, а шкілетам з касой і пясочным гадзіннікам, бо яе дакрананне было дакрананнем Смерці. Расфарбаваная старая зморшчылася ад дотыку яе рукі; фігура скурчылася, валасы спалі, цёмныя дугападобныя бровы ператварыліся ў рэдзенькія пучкі сівых валасоў, бледныя губы ўваліліся, скура зрабілася мёртвай і драблай; месца Клеапатры заняла старая, змораная, жоўтая жанчына з дрыжачай галавой і чырвонымі вачыма, закручаная, як брудны клунак, у зашмальцаваную фланелевую капоту.
Нават голас перамяніўся, калі яны зноў асталіся адны і яна звярнулася да Эдзіт.
— Чаму вы не гаворыце, — рэзка сказала яна, — што ён заўтра прыдзе сюды, як вы дамовіліся?
— Таму што вы гэта ведаеце, мама, — адказала Эдзіт.
З якой насмешкай сказала яна гэта апошняе слова!
— Вы ведаеце, што ён мяне купіў, — прадаўжала яна. — Або купіць заўтра. Ён абдумаў сваю пакупку; ён паказаў яе свайму сябру; бадай, ён нават ганарыцца ёю; ён думае, што яна падыходзіць яму і будзе каштаваць параўнальна нядорага, і заўтра ён купіць.
— Што вы хочаце сказаць? — запыталася раззлаваная маці. — Хіба вы з дзяцінства не…
— З дзяцінства! — глянуўшы на яе, усклікнула Эдзіт. — Калі я была дзіцем? Якое дзяцінства было ў мяне з вашай ласкі? Я была жанчынай — хітрай, карыслівай, якая заманьвала мужчын у сеці, — раней чым пазнала сябе, вас або хоць-бы зразумела мэту кожнага новага вывучанага мною спрыту. Вы нарадзілі жанчыну. Паглядзіце на яе. Сёння яна ў поўным бляску.
І пры гэтых словах яна стукнула сябе рукою па прыгожых грудзях, нібы хацела сябе знішчыць.
— Паглядзіце на мяне, — сказала яна, — на мяне, якая ніколі не ведала, што такое чэснае сэрца і каханне. Паглядзіце на мяне, навучаную загаворам і інтрыгам у той час, калі дзеці забаўляюцца гульнямі, і адданую замуж у юнасці — я была старая па хітрасці — за чалавека, да якога ніколькі не хінулася. Паглядзіце на мяне, якую ён кінуў удавою, пакінуўшы гэты свет раней, чым яму дасталася спадчына, — пакаранне, заслужанае вамі! — і скажыце мне шчыра, якое было з таго часу маё жыццё на працягу дзесяці год?
— Мы стараліся з усіх сіл, каб забяспечыць вам добрае становішча, — адказвала маці. — Вось якое было ваша жыццё. І цяпер вы гэтага дасягнулі.
— Няма нявольніцы на рынку, няма каня на кірмашы, якога-б так выводзілі, прапаноўвалі, аглядалі і выстаўлялі на паказ, як мяне за гэтыя ганебныя дзесяць год, мама! — з разгарачаным тварам усклікнула Эдзіт, зноў з горыччу падкрэсліваючы гэта апошняе слова. — Хіба гэта не праўда?
— Вы маглі-б прынамсі разоў дваццаць зрабіць добрую партыю, Эдзіт, — сказала маці, — калі-б хоць крыху заахвочвалі.
— Не! Той, хто бярэ мяне — адрынутую па заслугах, — адказала тая, падняўшы галаву і ўздрыгваючы ад пакутлівага сораму і нястрымнага гонару, — няхай возьме мяне так, як бярэ гэты чалавек, калі з майго боку не было ніякіх хітрыкаў, каб зацікавіць яго. Ён бачыць мяне на аукцыёне і вырашае, што не дрэнна было-б мяне купіць. Няхай купляе! Калі ён прышоў паглядзець мяне — магчыма, прапанаваць цану, — ён патрабаваў, каб яму паказалі спіс маіх дасканаласцей. Я яго дала. Досыць. Ён купляе па сваёй, волі, ведае цану пакупкі і ўладу сваіх грошай; а я жадаю яму ніколі ў ёй не расчаравацца.
— Дзіўна вы размаўляеце сёння, Эдзіт, са сваёй маткай.
— І мне так здаецца. Мне гэта здаецца больш дзіўным, чым вам, — сказала Эдзіт. — Але маё выхаванне даўным-даўно скончана. Цяпер я занадта старая і ўрэшце пала надта нізка, каб выбраць новы шлях, спыніць вас і выратаваць сябе. Адно я магу сказаць; я не змяніла той адзінай мэты, якую ў мяне хапіла сіл сабе паставіць — я ледзь было не сказала: мела магчымасць, паколькі вы, мама, знаходзіцеся каля мяне, — я не спакушала гэтага чалавека.
— Гэтага чалавека! — усклікнула маці. — Вы гаворыце так, як быццам ненавідзіце яго!
— А вы думалі, што я яго кахаю? — адазвалася тая, спыняючыся сярод пакоя і аглядаючыся. — А ці не назваць вам таго, — прадаўжала яна, не спускаючы вачэй з маці, — хто ўжо вельмі добра нас ведае і бачыць нас наскрозь і перад кім я адчуваю яшчэ менш павагі і давер'я да сябе, чым нават перад сабою — да такой ступені для мяне зняважліва тое, што ён мяне ведае?
— Я думаю, — холадна адказвала маці, — што вы нападаеце на беднага злашчаснага… як яго завуць? містэра Каркера. Адсутнасць у вас самапаважання і давер'я, дарагая мая, у сувязі з успамінаннем пра гэтага чалавека (які на мяне зрабіў прыемнае ўражанне) бадай ці можа зрабіць уплыў на ваша сямейнае жыццё. Чаму вы пазіраеце на мяне такім цяжкім поглядам? Вы хворая?
Раптам Эдзіт апусціла галаву, нібы адчула востры боль, і закрыла твар рукамі; нястрымныя дрыжыкі прабеглі па ўсім яе целе. Гэта хутка прайшло і звычайнай сваёй хадой яна вышла з пакоя.
- ↑ Генрых VIII — англійскі кароль (1491–1547); каралева Бес — яго дачка, каралева Елізавета (1533–1603).