Домбі і сын/26
← Раздзел XXV. Дзіўныя весткі пра дзядзьку Соля | Раздзел ХХVІ. Цені мінулага і будучага Раман Аўтар: Чарльз Дыкенс 1848 (пераклад 1938) |
Раздзел XXVII. Цені згушчаюцца → |
РАЗДЗЕЛ XXVI
Цені мінулага і будучага.
— Ваш пакорны слуга, сэр, — сказаў маёр. — Чорт пабяры, сэр, сябра майго сябра Домбі — мой сябра, і я рад вас бачыць.
— Каркер, я надзвычай удзячны маёру Бегстоку за кампанію і гутаркі, — растлумачыў містэр Домбі. — Маёр Бегсток зрабіў мне вялікую паслугу, Каркер.
Містэр Каркер-загадчык, з капелюшом у руцэ, які толькі што прыбыў у Лемінгтон і якога толькі што прадставілі маёру, паказаў апошняму падвойны рад зубоў і заявіў, што бярэ на сябе смеласць падзякаваць яму ад усяго сэрца за такую здзіўляючую змену к лепшаму ў знешнасці і настроі містэра Домбі.
— Далібог, сэр, — адказваў маёр, — няма за што мне дзякаваць, бо гэта ўзаемная паслуга. Такі вялікі чалавек, сэр, як наш сябра Домбі, — прадаўжаў маёр, прыцішыўшы голас, але прыцішыўшы яго не настолькі, каб гэты джэнтльмен не мог яго пачуць, — мімаволі аблагароджвае і ўзвышае сваіх сяброў. Ён умацоўвае і ажыўляе маральную прыроду чалавека, сэр.
Містэр Каркер ухапіўся за гэтыя словы. Маральную прыроду. Вось іменна! Гэтыя самыя словы круціліся ў яго на языку.
Надзвычай прыязныя адносіны містэра Каркера да маёра і зачараванне містэра Каркера яго грубасцю, непахіснасцю і прастатой паблісквалі ў кожным зубе містэра Каркера.
— А цяпер, сэр, — сказаў маёр, — вам і Домбі, бясспрэчна, трэба абмеркаваць чорт ведае як многа спраў.
— О, не, маёр, — заўважыў містэр Домбі.
— Домбі, — рашуча запярэчыў маёр, — я лепш ведаю. Такому выдатнаму чалавеку, як вы, гіганту камерцыі, перашкаджаць не варта. Вашы хвіліны дарагія. Мы сустрэнемся ў часе абеду, у перапынку стары Джозеф пастараецца не пападацца на вочы. Містэр Каркер, абед роўна а сёмай.
Паведаміўшы гэта, маёр з надзвычай раздутай фізіяноміяй пайшоў, але адразу-ж высунуў зноў галаву ў дзверы і сказаў:
— Прашу прабачэння, Домбі, вы нічога не хочаце ім перадаць?
Містэр Домбі, крыху збянтэжаны, мімаходзь глянуўшы на пачцівага ахоўца яго камерцыйных таямніц, даручыў маёру перадаць паклон.
— Клянуся богам, сэр, — сказаў маёр, — вы павінны перадаць што-небудзь больш шчырае, інакш стары Джо сустрэне зусім не гасцінны прыём.
— У такім выпадку, маё шанаванне, маёр, калі хочаце, — адказваў містэр Домбі.
— Чорт пабяры, сэр, — сказаў маёр, жартаўліва патрасаючы плячыма і тлустымі шчокамі, — перадайце што-небу больш шчырае.
— У такім выпадку ўсё, што вы пажадаеце, маёр, — заўважыў містэр Домбі.
— Наш сябра хітры, сэр, хітры, сэр, д'ябальскі хітры, — сказаў маёр, паглядаючы з-за дзвярэй на Каркера. — Такі-ж і Бегсток. — Затым, кінуўшы хіхікаць і выпрастаўшыся ва ўвесь рост, маёр урачыста сказаў, стукаючы сябе ў грудзі: — Домбі! Я зайздрошчу вашым пачуццям. Няхай благаславіць вас бог! І вышаў.
— Напэўна, гэты джэнтльмен вельмі садзейнічаў прыемнаму правядзенню часу, — сказаў Каркер.
— Зусім правільна, — сказаў містэр Домбі.
— Тут у яго, бясспрэчна, ёсць сябры, — прадаўжаў Каркер. — На падставе яго слоў я заключыў, што вы бываеце ў кампаніі. Ці ведаеце, — ён агідна ўсміхнуўся, — я так рад, што вы бываеце ў кампаніі!
Містэр Домбі паднёс руку да гальштука, апусціў у яго падбародак, кашлянуў і некалькі секунд стаяў і моўчкі глядзеў на свайго вернага друга і слугу.
— Я буду мець прыемнасць, Каркер, — сказаў, нарэшце, містэр Домбі з такім выглядам, нібы праглынуў вельмі вялікі кавалак, прадставіць вас маім… больш правільна, сябрам маёра. У вышэйшай ступені прыемныя і вартыя людзі.
— Я думаю, сярод іх ёсць лэдзі? — украдчыва запытаўся ліслівы загадчык.
— Так… гэта значыць дзве лэдзі, — адказаў містэр Домбі.
— Толькі дзве? — усміхнуўся Каркер.
— Так, толькі дзве… Я абмежаваўся візітам да іх і больш ніякіх знаёмстваў тут не заводзіў.
— Магчыма сёстры? — меркаваў Каркер.
— Маці і дачка, — адказаў містэр Домбі.
Калі містэр Домбі апусціў вочы і зноў паправіў гальштук, твар містэра Каркера, які ўсміхаўся, у адну секунду і зусім нечакана ператварыўся ў твар напружаны і хмурны, з пільна накіраваным на яго позіркам і агіднай усмешкай. Калі містэр Домбі ўзняў вочы, ён змяніўся таксама хутка, набыўшы ранейшы свой выгляд, і паказваў яму аголеныя дзясны.
— Вы вельмі прыязны, — сказаў Каркер. — Я буду мець шчасце пазнаёміцца з імі. Дарэчы пра дочак… Я бачыў міс Домбі.
Кроў прыліла да шчок містэра Домбі.
— Я дазволіў сабе наведаць яе, — прадаўжаў Каркер, — каб даведацца, ці не дасць мне яна якога-небудзь даручэння, але на маю долю не выпала шчасце, і я магу перадаць толькі… толькі яе гарачую любоў.
Якая воўчая морда! Нават успалены язык быў відаць у расцягнутай зяпе, калі вочы сустрэліся з вачыма містэра Домбі!
— Якія ў вас справы? — запытаўся гэты джэнтльмен пасля паузы, на працягу якой містэр Каркер выняў мемарандумы і іншыя паперы.
— Іх вельмі мала, — адказаў Каркер. — Увогуле, за апошні час нам, насуперак звычайнаму, не пашанцавала, але для вас гэта амаль што ніякага значэння не мае. У Лойда лічаць, што «Сын і Наследнік» затануў. Ну што-ж, судно было, як належыць, застрахавана ад кіля да топ-мачты.
— Каркер, — пачаў містэр Домбі, прысоўваючы да сябе крэсла, — не магу сказаць, каб гэты малады чалавек, Гэй, калі-небудзь ствараў на мяне добрае ўражанне.
— І на мяне таксама, — уставіў загадчык.
— Але я шкадую, — прадаўжаў містэр Домбі, прапусціўшы міма вушэй гэту заўвагу, — што ён адплыў з гэтым судном. Лепш-бы яго не пасылалі.
— Шкада, што вы не сказалі аб гэтым своечасова, — холадна адазваўся Каркер. — Між іншым, я думаю, што ўсё к лепшаму. Ці спамянуў я аб тым, што выслухаў нібы некаторае прызнанне ад міс Домбі?
— Не, — сурова сказаў містэр Домбі.
— Не сумняваюся, — прадаўжаў містэр Каркер пасля многазначнай паузы, — што дзе-б ні быў цяпер Гэй, лепш яму быць там, дзе ён ёсць, чым тут, дома. Каб я быў на вашым месцы, я гэтым задаволіўся-б. І асабіста я зусім задаволены. Міс Домбі даверлівая і маладая… магчыма — калі толькі ёсць у яе які-небудзь недахоп — яна, будучы вашай дачкой, не дастаткова гордая. Але гэта, зразумела, глупства. Можа хочаце праверыць са мною гэтыя балансы?
Замест таго, каб нахіліцца над ляжаўшымі перад ім паперамі, містэр Домбі адкінуўся на спінку крэсла і пільна паглядзеў на загадчыка. Загадчык, з поўапушчанымі павекамі, прыкінуўся, быццам глядзіць на лічбы і не прыспешвае свайго прынцыпала[1].
Пакуль яны займаліся справамі і пад майстэрскім кіраўніцтвам загадчыка гнеўныя думкі аб няшчаснай Фларэнс зараджаліся і спелі ў сэрцы містэра Домбі, выцясняючы халодную непрыхільнасць, якая звычайна ім уладала, маёр Бегсток рушыў па ценевым баку вуліцы, маючы намер зрабіць ранішні візіт місіс Ск'ютон. Быў поўдзень, калі маёр увайшоў у будуар Клеапатры, і яму пашанцавала застаць сваю павяліцельку, як звычайна, на софе, дзе яна выбівалася з сіл над чашкай кофе ў пакоі, які для больш прыемнага адпачынку яе быў у такім поўзмроку, што Уітэрс, які ёй прыслугоўваў, вырысоўваўся няясна, як зданнёвы паж.
— Што за нязноснае стварэнне з'явілася тут? — сказала місіс Ск'ютон. — Я цярпець яго не магу. Ідзеце адсюль, хто-б вы не былі!
— Пані, у вас няхопіць духу прагнаць Дж. Б.! — запратэставаў маёр, спыняючыся на поўдарозе і трымаючы стэк на плячы.
— Ах, дык гэта вы? Бадай, можаце зайсці, — заўважыла Клеапатра.
Такім чынам маёр увайшоў і, наблізіўшыся да софы, прыклаў да губ яе цудоўную руку.
— Дзе місіс Грэйнджэр? — запыталася Клеапатра свайго пажа.
Уітэрс выказаў меркаванне, што яна ў сваім пакоі.
— Вельмі добра, — сказала місіс Ск'ютон. — Ідзеце і зачыніце дзверы. Я занята.
Калі Уітэрс знік, місіс Ск'ютон, астаючыся ў той-жа позе, млява павярнула галаву да маёра і запыталася, як маецца яго сябра.
— Домбі, пані, — адказваў маёр з вясёлым гарлавым смяшком, — адчувае сябе добра, наколькі гэта магчыма ў яго становішчы. Становішча яго дрэннае, пані. Ён, Домбі, закаханы. Закаханы! — закрычаў маёр. — Ён працяты наскрозь!
Клеапатра кінула на маёра зыркі позірк, які красамоўна пярэчыў таму штучнаму неахайнаму тону, якім яна сказала:
— Маёр Бегсток, хоць я мала ведаю свет, але не шкадую аб сваёй неспрактыкаванасці; баюся, ён увесь прасякнуты фальшывасцю, звязан прыгнятаючымі ўмоўнасцямі. З Прыродай не лічацца, і рэдка можна пачуць музыку сэрца, шчырасць душы і ўсё іншае сапраўды паэтычнае; аднак, я не магу не зразумець сэнсу вашых слоў. Вы робіце намёк на Эдзіт, на маё бясконца дарагое дзіця, — прадаўжала місіс Ск'ютон, праводзячы ўказальным пальцам па брывах, — а ў адказ на вашы словы вібрыруюць самыя пяшчотныя струны!
— Праўдзівасць, пані, — адказаў маёр, — заўсёды была адрозніваючай рысай роду Бегстокаў. Ваша праўда, Джо гэта прызнае.
— Я адчуваю, што слабая. Адчуваю, што мне нехапае той энергіі, якая ў такую хвіліну павінна падтрымліваць маці, каб не сказаць — радзіцельку, — заўважыла місіс Ск'ютон, выціраючы губы кружаўным беражком насавой хустачкі, — але, дапраўды-ж, я не магу не адчуваць слабасці, закранаючы пытанне, такое знамянальнае для маёй дарагой Эдзіт. Тым не менш, нягоднік, бо вы адважыліся яго закрануць, а ён нанёс мне востры боль, — місіс Ск'ютон дакранулася веерам да левага свайго боку, — я не ўпушчу выканаць свой абавязак.
Маёр пад пакрыццем змроку раздуваўся, раздуваўся, гойдаў з боку на бок пурпуравай фізіяноміяй і падміргваў рачынымі вачыма, пакуль у яго не пачаўся прыступ удушша, які падштурхнуў яго ўстаць і разы два прайсціся па пакоі, перш чым яго цудоўны друг мог прадаўжаць сваю прамову.
— Містэр Домбі, — сказала місіс Ск'ютон, набыўшы, нарэшце, магчымасць гаварыць, — быў такім прыязным, што — вось ужо некалькі тыдняў назад — нас тут наведаў. І вы яго суправаджалі, дарагі маёр. Прызнаюся — дазвольце мне быць шчырай, — што я істота імпульсіўная[2], і ў сэрцы маім, значыцца, чытаюць усё.
Місіс Ск'ютон паправіла касынку, ушчыпнула сябе за ўвяўшую шыю, каб разгладзіць яе, і прадаўжала, вельмі задаволёная сабою:
— Мне, а таксама дарагой маёй Эдзіт, — у чым я не сумняваюся, — было вельмі прыемна прымаць містэра Домбі. Мы, натуральна, былі прыязна настроены да яго, як да вашага сябра, дарагі мой маёр, і мне здавалася, што ў містэры Домбі адчуваецца тая бадзёрасць, якая дзейнічае ў вышэйшай ступені асвяжальна.
— Зусім мала бадзёрасці асталося цяпер у містэра Домбі, пані, — сказаў маёр.
— Няшчасны! — усклікнула місіс Ск'ютон, кінуўшы на яго млявы позірк. — Прашу вас, маўчыце!
— Дж. Б. маўчыць, пані, — адказваў маёр.
— Містэр Домбі, — прадаўжала Клеапатра, расціраючы ружовую краску на шчоках, — не абмежаваўся адным візітам; магчыма, ён адчуў штосьці прыемнае ў нашых простых і непатрабавальных густах — бо ёсць чароўнасць у Прыродзе, яна такая прыемная, — і ён зрабіўся пастаянным членам нашага вячэрняга гуртка. А я і не думала пра тую страшную адказнасць, якая пагражала мне, калі я заахвочвала містэра Домбі…
— Быць тут як дома, пані, — падсказаў маёр Бегсток.
— Грубіян! — сказала місіс Ск'ютон. — Вы папераджаеце маю думку, але выказваеце яе агіднейшай мовай.
Тут місіс Ск'ютон абаперлася на стаяўшы каля яе столік і, спусціўшы кісць рукі, — на яе думку грацыёзна і прыгожа, — пачала махаць веерам і, размаўляючы, ляніва любавалася сваёй рукой.
— Катаванне, якое я выцерпела, — сказала яна, манернічаючы, — калі ісціна паступова мне адкрывалася, было вельмі жахлівым, каб аб ім шмат гаварыць. Усё маё жыццё — у маёй ненагляднай Эдзіт; бачыць, як яна мяняецца з дня на дзень, мая чароўная дзяўчынка, якая літаральна пахавала сваё сэрца з дня смерці гэтага цудоўнейшага чалавека, Грэйнджэра, — бачыць гэта, самая пакутлівая рэч у свеце. Кажуць, што Эдзіт, — прасюсюкала місіс Ск'ютон, — жамчужына майго жыцця, падобна да мяне. Мне здаецца, мы сапраўды падобны.
— Ёсць на свеце адзін чалавек, пані, які ніколі не згодзіцца з тым, што хтосьці да вас падобен, — сказаў маёр, — а завуць гэтага чалавека старым Джо Бегстокам.
Клеапатра мела намер расквасіць галаву падлізніку веерам, але, змякчыўшыся, усміхнулася яму і прадаўжала:
— Калі мая цудоўная дзяўчынка атрымала ў спадчыну ад мяне якія-небудзь добрыя якасці, нягоднік, — нягоднікам быў маёр, — то яна атрымала ў спадчыну таксама і маю неразважлівую натуру. У яе вельмі моцны характар, — кажуць у мяне быў вельмі моцны характар, хоць я гэтаму не веру, — але калі яе што-небудзь усхвалюе, яна ўспрыймальная і адчувальная ў вышэйшай ступені. Што-ж павінна адчуваць я, бачачы, як яна мучыцца! Мяне гэта губіць.
Маёр, высунуўшы падвойны падбародак і заспакойліва зморшчыўшы сінія губы, выказаў надзвычай глыбокае спачуванне.
— З хваляваннем думаеш аб тым давер'і, — сказала місіс Ск'ютон, — якое існавала паміж намі, — свабоднае развіццё душы і выказванне пачуццяў. Мы хутчэй былі двума сёстрамі, чым маткай і дачкой.
— Такая-ж думка Дж. Б., — заўважыў маёр, — якая выказвалася Дж. Б. пяцьдзесят тысяч разоў!
— Не перапыняйце мяне, грубіян! — сказала Клеапатра. — Якія павінны быць мае перажыванні, калі я заўважаю, што ёсць адзін прадмет, якога мы баімся закрануць! Што паміж намі ўтварылася… як гэта кажуць… прорва! Што мая простадушная Эдзіт перамянілася ў адносінах да мяне! Вядома, гэта самае пакутлівае пачуццё!
Маёр устаў з крэсла і перасеў да століка.
— З дня на дзень я гэта наглядаю, дарагі маёр, — прадаўжала місіс Ск'ютон. — З дня на дзень я гэта адчуваю. Кожную гадзіну я дакараю сябе ў тым збытку шчырасці і даверлівасці, які прывёў да такіх сумных вынікаў, і амаль кожную хвіліну я спадзяюся, што містэр Домбі аб'ясніцца і палегчыць перажываемыя мною пакуты, якія так знясільваюць. Але нічога не здараецца, дарагі маёр. І дапраўды-ж, я не ведаю, што рабіць і з якім добрым чалавекам мне параіцца.
Маёр Бегсток, заахвочаны, магчыма, тым ласкавым і даверлівым тонам, да якога місіс Ск'ютон некалькі разоў звярталася, а цяпер выбрала яго канчаткова, працягнуў цераз столік руку і сказаў падміргваючы:
— Парайцеся з Джо, пані.
— У такім выпадку, нязноснае вы страшыдла, — сказала Клеапатра, падаючы руку маёру і стукаючы яго па пальцах веерам, які трымала ў другой руцэ, — чаму вы не пагаворыце са мною? Вы ведаеце, аб чым я думаю. Чаму-ж вы мне нічога аб гэтым не гаворыце?
Маёр зарагатаў, пацалаваў працягнутую яму руку і зноў нястрымна зарагатаў.
— Ці такі містэр Домбі шчыры чалавек, якім я яго лічу? — пяшчотна праваркатала Клеапатра. — Як вы думаеце, дарагі маёр, ці сур'ёзны ў яго намер? Вы лічыце патрэбным пагаварыць з ім ці прадаставіць яго самому сабе? Скажыце мне, дарагі, што-б вы параілі?
— Ажаніць нам яго з Эдзіт Грэйнджэр, пані? — хрыпла рагатаў маёр.
— Загадкавае стварэнне! — адазвалася Клеапатра, падымаючы веер, каб выцяць маёра па носе. — Як мы можам яго жаніць?
— Домбі, — сказаў маёр, — зайздросная здабыча.
— О, карыслівы нягоднік! — ціхенька запішчала Клеапатра. — Я абурана!
— І ў Домбі, пані, — прадаўжаў маёр, выцягваючы шыю і выпучваючы вочы, — сур'ёзныя намеры. Джозеф гэта кажа; Бегсток гэта ведае; Дж. Б. да гэтага вядзе. Прадастаўце Домбі самому сабе, пані. Домбі надзейны, пані. Рабіце так, як рабілі раней, больш нічога; і верце, што Дж. Б. давядзе справу да канца.
— Вы сапраўды так думаеце, дарагі маёр? — запыталася Клеапатра, якая, не гледзячы на сваю лянівую позу, прыглядалася да яго вельмі дапытліва і вельмі зырка.
— Пані, — сказаў маёр, раптам перапыніўшы хіхіканне і зрабіўшыся зусім сур'ёзным, — прыехала правая рука Домбі.
— Сёння раніцой? — запыталася Клеапатра.
— Сёння раніцой, пані, — адказаў маёр. — А нецярплівасць, з якой Домбі чакаў яго прыезду, тлумачыцца — паверце Дж. Б. на слова, бо Джо д'ябальскі хітры, — маёр пастукаў па сваім носе і прыжмурыў адно вока, што не садзейнічала яго хараству, — тлумачыцца яго жаданнем, каб чуткі не дайшлі да яго раней, чым ён — Домбі — паведаміць яму або параіцца з ім. Таму што Домбі, пані, — сказаў маёр, — ганарлівы, як Люцыфер.
— Надзвычайная якасць, — прасюсюкала місіс Ск'ютон, — уласцівая таксама і Эдзіт.
— Дык вось, пані, — прадаўжаў маёр, — я ўжо зрабіў некалькі намёкаў, і правая рука іх зразумела, і прыбаўлю яшчэ да канца дня. Сёння раніцой Домбі намеціў на заўтра паездку ва Уорыкскі замак і ў Кенілуорт, а перад гэтым хацеў паснедаць з намі. Я ўзяўся перадаць запрашэнне. Ці зробіце вы нам гэтую ласку, пані? — сказаў маёр, раздуваючыся ад дыхавіцы і хітрасці і перадаючы запіску, адрасаваную шаноўнай місіс Ск'ютон, праз прыязнае пасярэдніцтва маёра Бегстока, у якой нязменна ёй адданы Поль Домбі прасіў яе і любезную і чароўную яе дачку прыняць удзел у экскурсіі, якая мае быць; а ў постскрыптуме[3] той-жа нязменна адданы Поль Домбі прасіў перадаць паклон місіс Грэйнджэр.
— Ціха! — сказала раптам Клеапатра. — Эдзіт!
Ледзь кіўнуўшы маёру Бегстоку і кінуўшы праніклівы позірк на маці, Эдзіт адхінула фіранку ў акне і села, пазіраючы на вуліцу.
— Дарагая мая Эдзіт, — сказала місіс Ск'ютон, — дзе-ж гэта вы былі? Я так хацела вас бачыць, мая любая.
— Вы сказалі, што заняты, і я не ўваходзіла, — адказала яна, не абарачаючыся.
— Маёр Бегсток, любая мая Эдзіт, — праказала яе маці, расцягваючы словы, — як вам вядома, самы бескарысны і непрыемны чалавек на свеце…
— Сапраўды-ж, мама, гэта дарэмна, — павярнуўшыся, сказала Эдзіт, — пакіньце гэтую манеру размаўляць. Мы зусім адны. Мы адзін аднаго ведаем.
Спакойная пагарда, якая адлюстравалася на яе твары, — пагарда, яўна накіраваная на яе самую не менш, чым на іх, — была такая глыбокая, што прытворная ўсмешка маці, хоць і была яна прывычнай, на секунду знікла з губ.
— Якая вы сёння дзіўная, дарагая мая. Дазвольце вам сказаць, любачка, што маёр Бегсток прынёс вельмі прыязную запіску ад містэра Домбі, які прапануе паснедаць з ім заўтра і адправіцца ва Уорык і ў Кенілуорт. Вы паедзеце, Эдзіт?
— Ці паеду я? — паўтарыла яна, моцна пачырванела і, перарывіста дыхаючы, павярнулася да маці.
— Я ведала, дарагая, што вы паедзеце, — бясклопатна адазвалася тая. — Я запыталася, як вы кажаце, для прыстойнасці. Вось пісьмо містэра Домбі, Эдзіт.
— Дзякую вам. У мяне няма ніякага жадання чытаць яго, — быў яе адказ.
— У такім выпадку, бадай, я дам адказ на яго сама, — сказала місіс Ск'ютон, — хоць у мяне была думка прасіць вас узяць на сябе ролю майго сакратара, дарагая мая.
З прычыны таго, што Эдзіт не зварухнулася і нічога не адказала, місіс Ск'ютон папрасіла маёра прысунуць да яе столік, адчыніць пюпітр і дастаць ёй пяро і паперу; гэтыя галантныя паслугі маёр аказаў з вялікай пакорлівасцю і адданасцю.
Місіс Ск'ютон аддала пісьмо маёру, які, узяўшы. яго, як каштоўнае даручэнне, зрабіў выгляд, быццам хавае яго ля сэрца, але з прычыны ненадзейнасці свайго жылета мімаволі апусціў яго ў кішэню штаноў.
— Што датычыцца перамены ў ёй, сэр, — разважаў па дарозе назад маёр, — што датычыцца перамены, сэр, тамлення і да таго падобнага, то на гэту вудачку Джозеф Бегсток не зловіцца. Не, сэр! Гэта не збудзецца! Ну, а што датычыцца разыходжання паміж імі або прорвы, як кажа матуля, то няхай мяне ліха возьме, сэр, калі гэта не падобна да праўды! І гэта вельмі дзіўна! Ну, што-ж, сэр! — пыхцеў маёр. — Эдзіт Грэйнджэр і Домбі — цудоўная пара; няхай вырашаць спрэчку паядынкам. Бегсток ставіць на пераможцу!
Маёр, захоплены сваімі думкамі, праказаў гэтыя апошнія словы ўголас, з прычыны чаго злашчасны тубылец спыніўся і павярнуўся, думаючы, што яны накіраваны да яго. Раззлаваны гэтым да апошняй ступені, маёр (хоць у той момант ён раздуваўся ад надзвычай добрага настрою) ткнуў тубыльца паміж рэбраў сваім стэкам і з невялікімі перапынкамі не пакідаў падштурхваць яго аж да самай гасцініцы.
Не менш раззлаваны быў маёр, калі апранаўся к абеду: у часе гэтай працэдуры на цёмнаскурага слугу сыпаўся град усялякіх прадметаў, пачынаючы з бота, канчаючы шчоткай для прычэсвання і ўключаючы ўсё, што трапляла пад руку яго гаспадара.
Нарэшце, маёр, марна патраціўшы ўсе снарады, што былі ў яго пад рукою, і ўзнагародзіўшы тубыльца такой колькасцю новых мянушак, што ў таго былі ўсе падставы здзівіцца багаццю англійскай мовы, падначаліўся неабходнасці завязаць гальштук; выфранціўшыся, ён адчуў прыліў жыццерадаснасці пасля такіх практыкаванняў і спусціўся ўніз забаўляць Домбі і яго правую руку.
Домбі яшчэ не было ў пакоі, але правая рука знаходзілася там, і зубныя багацці былі, як звычайна, да паслуг маёра.
— Ну, сэр, — сказаў маёр, — што вы параблялі з таго часу, як я меў шчасце вас бачыць? Прагуляліся?
— Гулялі не больш поўгадзіны, — адказаў Каркер. — Мы былі так заняты.
— Справы, э? — запытаўся маёр.
— Трэба было скончыць з рознымі дробязямі, — адазваўся Каркер. — Але, ведаеце… Гэта зусім не ўласціва мне, выхаванаму ў школе недаверлівасці і звычайна неахвочаму да горлівасці, — пачаў ён, перапыняючы сябе і гаворачы прывабна шчырым тонам, — але да вас я адчуваю поўнае давер'е, маёр Бегсток.
— Вы робіце мне гонар, сэр, — адказаў маёр. — Мне вы можаце давяраць.
— У такім выпадку, ведаеце, — прадаўжаў Каркер, — я знайшоў, што мой сябра… бадай варта было-б сказаць наш сябра…
— Вы маеце на ўвазе Домбі, сэр? — усклікнуў маёр. — Містэр Каркер, вы бачыце мяне, які стаіць тут, перад вамі? Дж. Б.?
Ён быў досыць тоўстым і досыць сінім, каб яго ўбачыць, і містэр Каркер сказаў, што мае прыемнасць бачыць.
— У такім выпадку, сэр, вы бачыце чалавека, які пойдзе ў агонь і ў ваду, каб услужыць Домбі, — заявіў маёр Бегсток.
Містэр Каркер усміхнуўся і сказаў, што ў гэтым не сумняваецца.
— Ці ведаеце, маёр, — прадаўжаў ён, — варочаюся да таго, з чаго я пачаў: я знайшоў, што сёння наш сябра быў менш уважлівы да спраў, чым звычайна.
— Так? — адазваўся ўзрадаваны маёр.
— Я знайшоў яго крыху няўважлівым і не схільным думаць.
— Клянуся Юпітэрам, сэр, — закрычаў маёр тут замешана лэдзі!
— Сапраўды, я пачынаю верыць, што гэта так, — адказаў Каркер. — Мне здавалася, вы жартуеце, калі як быццам намякнулі на гэта; я-ж ведаю вас, ваенных…
Маёр закашляўся конскім кашлем і патрос галавою, нібы кажучы: «Так, мы вясёлыя хлопцы, гэтага нельга адмаўляць». Пасля ён схапіў містэра Каркера за лацкан фрака і, выпучыўшы вочы, зашаптаў яму на вуха, што яна — надзвычайна чароўная жанчына, сэр. Што яна — маладая ўдава, сэр. Што яна з добрай сям'і, сэр. Што Домбі закаханы ў яе па вушы, сэр, і што гэта надзвычайная партыя для абодвух бакоў; бо ў яе прыгажосць, добрае паходжанне і таленты, а ў Домбі багацце; чаго-ж яшчэ можа жадаць любая пара? Пачуўшы крокі містэра Домбі за дзвярыма, маёр абарваў сваю гаворку, заключыўшы, што заўтра раніцой містэр Каркер убачыць яе і будзе меркаваць сам; ад разумовага напружання і размовы хрыплым шэптам у маёра слязіліся вочы, і ён сядзеў, пыхкаючы, пакуль не падалі абед.
За першай і другой стравай маёр звычайна бываў сур'ёзны, бо тубылец, выконваючы тайны загад, акружаў яго прыбор рознастайнымі соусамі і бутэлечкамі, і маёр быў не на жарты заняты, выцягваючы коркі і змешваючы тое што ў іх было на сваёй талерцы. У дадатак у тубыльца, на століку ля сцяны, меліся розныя прыправы і пернасці, якімі маёр штодзённа апякаў сабе страўнік, не кажучы ўжо аб дзіўнай пасудзе, з якой ён наліваў невядомыя вадкасці ў шклянку маёра. Але ў той дзень маёр Бегсток, нават не гледзячы на гэтыя шматлікія заняткі, знайшоў час быць вельмі кампанейскім, і гэта выяўлялася ў надзвычайнай хітрасці, накіраванай на тое, каб увесці ў курс справы містэра Каркера і выявіць настрой містэра Домбі.
— Домбі, — сказаў маёр, — вы нічога не ясцё. У чым справа?
— Дзякую вам, — адказаў гэты джэнтльмен, — я ем; у мяне сёння няма апетыту.
— Што-ж з ім здарылася, Домбі? — запытаўся маёр. — Дзе ён дзеўся? У нашых сяброў вы яго не пакінулі, у гэтым я магу запэўніць, бо я ручаюся за тое, што сёння ў часе снедання ніякага апетыту ў іх не было. Ва ўсякім выпадку я адказваю за адну з іх; не скажу за якую.
Тут маёр падміргнуў Каркеру і выглядаў такім хітрым, што яго цёмнаскуры слуга быў вымушан, не чакаючы загаду, пастукаць яго па спіне, інакш той, напэўна, знік-бы пад сталом.
У канцы абеду, — інакш кажучы, калі тубылец падышоў да маёра, збіраючыся разліваць першую бутэльку шампанскага, — маёр зрабіўся яшчэ хітрэйшым.
— Налівайце поўна, нягоднік, — сказаў маёр, падымаючы свой бакал. — І містэру Каркеру налівайце поўна. І містэру Домбі. Клянуся богам, джэнтльмены, — сказаў маёр, падміргваючы свайму новаму сябру, у той час як містэр Домбі з праніклівым выглядам пазіраў у талерку, — гэты бакал віна мы прысвяцім бажаству; Джо ганарыцца знаёмствам з ім і здалёк ім захапляецца пакорліва і пачціва. Імя яго — Эдзіт, — сказаў маёр, — бажэственая Эдзіт!
— За здароўе бажэственай Эдзіт! — усклікнуў з усмешкай Каркер.
— Так, зразумела, за здароўе Эдзіт, — сказаў містэр Домбі. З'яўленне лакеяў з новымі стравамі прымусіла маёра зрабіцца яшчэ хітрэйшым, але і сур'ёзнейшым.
— Хоць у сваёй кампаніі Джо Бегсток можа і пажартаваць і сур'ёзна пагаварыць аб гэтым прадмеце, сэр, — сказаў маёр, прыклаўшы палец да губ і звяртаючыся канфідэнцыяльна да Каркера, — але гэтае імя для яго занадта свяшчэнна, каб рабіць яго здабыткам гэтых малайцоў. Ні слова, сэр, пакуль яны тут!
Гэта было пачціва і прыстойна з боку маёра — містэр Домбі вельмі добра гэта адчуваў. Хоць і збянтэжаны, пры ўсёй сваёй ледзяной халоднасці, намёкамі маёра, містэр Домбі зусім не пярэчыў супроць такіх жартаў — гэта было ясна, — але нават заахвочваў іх.
Калі маёр настолькі ахрып ад яды, піцця і дэманстрацыі сваіх талентаў субяседніка, што не мог ужо гаварыць выразна, яны пачалі піць кофе. Пасля гэтага маёр запытаўся ў містэра Каркера-загадчыка, яўна не спадзеючыся на сцвярджальны адказ, ці гуляе ён у пікет.
— Так, я крыху гуляю ў пікет, — сказаў містэр Каркер.
— Можа і ў трык-трак? — нерашуча запытаўся маёр.
— Так, я крыху гуляю таксама і ў трык-трак, — адказваў зубасты чалавек.
— Мне здаецца, Каркер гуляе ва ўсе гульні, — сказаў містэр Домбі, размяшчаючыся на канапе ў позе чалавека з дрэва, пазбаўленага звязак і суставаў, — і гуляе добра.
Праўду кажучы, Каркер гуляў у гэтыя дзве гульні з такой дасканаласцю, што маёр быў уражаны і запытаўся яго наўздагад, ці гуляе ён у шахматы.
— Так, я крыху гуляю ў шахматы, — адказаў Каркер. — Мне здаралася гуляць і выйграваць партыю, не гледзячы на дошку, — гэта проста трук.
— Далібог, сэр, — сказаў маёр, выпучваючы вочы, — вы — поўная процілегласць Домбі, які ні ў якія гульні не гуляе.
— О! Ён! — адазваўся загадчык. — Яму ніколі не патрэбна было набываць такія нікчэмныя веды. Такім, як я, яны бываюць іншы раз карысныя. Напрыклад, цяпер, маёр Бегсток, калі яны даюць магчымасць пазмагацца з вамі.
Магчыма, віной таму былі хлуслівыя вусны, такія мяккія і расцягнутыя, але гэта пакорлівая і рабалепная кароткая гутарка была падобна да рыкання, і на секунду магло здацца, што белыя зубы вось-вось учэпяцца ў руку таго, перад кім гэты чалавек поўзае на каленях. Але маёр зусім аб гэтым не думаў, а містэр Домбі ляжаў, захоплены думкамі, з поўзаплюснутымі вачыма, пакуль працягвалася гульня, якая зацягнулася да ночы.