Домбі і сын/22
← Раздзел ХХІ. Новыя асобы | Раздзел ХХII. Што-колечы аб кіраўніцтве містэра Каркера-загадчыка Раман Аўтар: Чарльз Дыкенс 1848 (пераклад 1938) |
Раздзел XXIII. Фларэнс адзінокая, а Мічман загадкавы → |
РАЗДЗЕЛ ХХІІ
Што-колечы аб кіраўніцтве містэра Каркера-загадчыка.
Містэр Каркер-загадчык сядзеў за канторкай, як заўсёды, прыгладжаны і ўкрадчывы, праглядаючы тыя пісьмы, якія яму належала распячатваць, робячы на іх адзнакі і ўказанні, якіх патрабаваў іх змест, і размяркоўваючы іх невялікімі пачкамі, каб накіраваць у розныя аддзяленні фірмы. Той раніцой пісем прышло многа, і ў містэра Каркера-загадчыка было багата справы.
Выгляд чалавека, занятага такой працай, — які спыняецца, каб праглядзець звязку папер, якую ён трымае ў руцэ, размяркоўвае іх асобнымі стосікамі, бярэцца за другую пачку і праглядае яе змест, насупіўшы бровы і адставіўшы губы, размяркоўвае па чарзе, сартуе і прадумвае, — лёгка можа ўнушыць думку аб фантастычным падабенстве з гулякам у карты.
Твар містэра Каркера-загадчыка зусім адпавядаў такому ўяўленню.
І хоць інстынктам кацінага племя, не толькі дзікага, але і хатняга, не ўласціва гульня ў карты, аднак, містэр Каркер-загадчык з галавы да пят быў падобен да ката, калі песціўся ў палосцы летняй цеплыні і святла, якая ззяла на яго стале і на падлозе. З валасамі і бакенбардамі, заўсёды цмянымі, а ў яркім сонечным святле больш бескаляровымі, чым звычайна, і якія нагадваюць шэрсць плямістага, пясочнага колеру, ката, — з доўгімі пазногцямі, прыгожа завостранымі і адточанымі, з прыроджанай антыпатыяй да малейшай бруднай плямкі, якая прымушала яго іншы раз адрывацца ад работы, сачыць за падаючымі пылінкамі і змахваць іх са сваёй далікатнай белай рукі і глянцавітай бялізны, — містэр Каркер-загадчык, з хітрымі манерамі, вострымі зубамі, мяккім поступам, вельмі зыркім позіркам, ціхай украдчывай гаворкай, прыгожым выглядам, працаваў з прыкладнай настойлівасцю і цярплівасцю, нібы неадступна пільнаваў каля мышынай норкі.
Нарэшце, усе пісьмы былі разабраны, за выключэннем аднаго, якое ён адклаў для больш уважлівага прагляду. Замкнуўшы ў скрынку больш канфідэнцыяльную карэспандэнцыю, містэр Каркер-загадчык пазваніў.
— Чаму вы з'яўляецеся на званок? — так сустрэў ён брата.
— Пасыльны вышаў, а я — наступны пасля яго, — быў ціхі адказ.
— Вы — наступны пасля яго? — прамармытаў загадчык. — Гэта мне робіць гонар! Вазьміце!
Паказаўшы на стосікі распячатаных пісем, ён пагардліва павярнуўся ў крэсле і зламаў пячаць пісьма, якое трымаў у руцэ.
— Мне не хочацца турбаваць вас, Джэймз, — сказаў брат, збіраючы пісьмы, — але…
— Вы хочаце мне нешта сказаць! Я гэта ведаў. Ну!
— Мяне непакоіць Херыет.
— Херыет? Якая Херыет? Я не ведаю нікога, хто-б меў гэтае імя.
— Яна нездарова і вельмі змянілася за апошні час.
— Яна вельмі змянілася шмат гадоў таму назад, — адазваўся загадчык, — вось усё, што я магу сказаць.
— Мне здаецца, калі-б вы згадзіліся мяне выслухаць…
— Навошта мне вас выслухоўваць, брат Джон? — запярэчыў загадчык, робячы саркастычны націск на апошніх двух словах і задзіраючы галаву, але не падымаючы вачэй. — Паўтараю вам, шмат гадоў таму назад Херыет Каркер зрабіла выбар паміж сваімі двума братамі. Яна можа ў ім раскайвацца, але павінна астацца пры ім.
— Зразумейце мяне правільна. Я не кажу, што яна ў ім раскайваецца. З майго боку было-б чорнай няўдзячнасцю рабіць намёк на што-небудзь падобнае, — запярэчыў той. — Хоць, паверце мне, Джэймз, я засмучаны яе афярай таксама, як і вы.
— Як я! — усклікнуў загадчык. — Як я?
— Засмучан яе выбарам, — тым што вы называеце яе выбарам, — таксама, як вы ім раззлаваны, — сказаў малодшы.
— Раззлаваны? — паўтарыў той, паказваючы ўсе свае зубы.
— Незадаволены. Падстаўце любое слова. Вы ведаеце, што я хачу сказаць. Ніякай знявагі няма ў маіх словах.
— Знявага ёсць ва ўсім, што вы робіце, — адказваў брат, нечакана кінуўшы на яго грозны позірк, які праз секунду саступіў месца яшчэ больш шырокай усмешцы. — Будзьце ласкавы ўзяць гэтыя паперы. Я не маю часу.
Яго далікатнасць была настолькі больш колкай за яго гнеў, што малодшы рушыў да дзвярэй. Але, дайшоўшы да іх і азірнуўшыся, ён сказаў:
— Калі Херыет дарэмна спрабавала хадайнічаць за мяне перад вамі, у перыяд вашага першага справядлівага абурэння і першай маёй ганьбы, і калі яна пайшла ад вас, Джэймз, каб падзяліць маю няшчасную долю і, пад уплывам фальшыва накіраванай любові, прысвяціць сябе зганьбаванаму брату, таму што, апрача яе, у яго нікога не было, і ён загінуў-бы, тады яна была маладая і прыгожая. Мне здаецца, калі-б вы ўбачылі яе цяпер, — калі-б вы пабачыліся з ёю — яна-б выклікала ў вас зачараванне і жаласць.
Загадчык нахіліў галаву і ашчэрыў зубы, нібы хацеў адказаць на якую-небудзь нязначную фразу: «Ах, божа мой! Ды няўжо?», але не сказаў ні слова.
— Тады мы думалі, і вы і я, што яна выйдзе замуж маладой і будзе жыць шчасліва і бесклапотна, — прадаўжаў брат. — О, калі-б вы ведалі, як радасна адмовілася яна ад гэтых надзей, як радасна пайшла па шляху, які яна выбрала, і ні разу не азірнулася, вы ніколі не маглі-б сказаць, што яе імя вам незнаёма! Ніколі!
Зноў загадчык нахіліў галаву і ашчэрыў зубы, нібы гаворачы: «Дапраўды-ж, гэта надзвычайна! Вы мяне здзіўляеце!» і зноў не сказаў ні слова.
Уздыхнуўшы Джон Каркер пайшоў да дзвярэй, калі голас брата на секунду затрымаў яго на парозе.
— Калі яна пайшла і прадаўжае радасна ісці па сваім шляху, — сказаў ён, кінуўшы на канторку ўсё яшчэ складзенае пісьмо і глыбока засунуўшы рукі ў кішэні, — можаце перадаць ёй, што я таксама радасна іду па сваім шляху. Калі яна ні разу не аглянулася, можаце ёй перадаць, што часамі я аглядаюся, каб успомніць, як яна перайшла на ваш бок, і што маё рашэнне астаецца не менш цвёрдым, — тут ён вельмі соладка ўсміхнуўся, — чым мрамар. Я не ведаю ніякай Херыет Каркер. Такой асобы няма на свеце. Магчыма ў вас ёсць сястра — радуйцеся гэтаму. У мяне яе няма.
Містэр Каркер-загадчык зноў узяў пісьмо і з насмешлівай пачцівай усмешкай махнуў ім, паказваючы на дзверы. Разгарнуўшы яго, калі брат вышаў, і хмурна азірнуўшыся вакол пасля яго адыходу, ён зноў павярнуўся ў крэсле і пачаў уважліва чытаць пісьмо.
Яно было напісана рукою яго вялікага шэфа, містэра Домбі, і паслана з Лемінгтона. Хоць містэр Каркер хутка праглядаў усе іншыя пісьмы, гэта пісьмо ён чытаў павольна, узважваючы кожнае слова і напружваючы ўсе сілы, каб адгадаць сапраўдны яго сэнс. Прачытаўшы яго адзін раз, ён зноў пачаў яго чытаць і адзначыў наступныя месцы: «Перамена аказалася для мяне дабратворнай, і я яшчэ не схілен вызначыць дзень звароту…» «Я хачу, каб вы, Каркер, пастараліся як- небудзь прыехаць сюды да мяне і асабіста далажыць аб тым, як ідуць справы…» «Я забыўся сказаць вам аб маладым Гэі. Калі ён не паехаў на «Сыне і Наследніку» або калі «Сын і Наследнік» яшчэ ў доках, прызначце якога-небудзь іншага маладога чалавека, а яго пакіньце пакуль што ў Сіці. Я яшчэ не вырашыў».
— Вось няўдача, — сказаў містэр Каркер-загадчык, расцягваючы рот, нібы ён быў зроблены з гумы. — Гэй ужо далёка.
Ён склаў пісьмо і сядзеў, забаўляючыся ім, пастукваючы па стале і пакручваючы ім і так і сяк, калі містэр Перч, пасыльны, ціхенька пастукаў у дзверы, увайшоў на цыпках і, згінаючыся ўсім корпусам пры кожным кроку, нібы для яго найвялікшай прыемнасцю было кланяцца, паклаў на стол нейкія паперы.
— Ці не хочаце вы сказаць, што вы заняты, сэр? — запытаўся містэр Перч, паціраючы рукі і пачціва схіляючы галаву да пляча, нібы адчуваючы, што не да твару яму трымаць яе высока ў прысутнасці такой асобы, і жадаючы адхінуць яе па магчымасці далей.
— Хто мяне пытае?
— Бачыце, сэр, — ціхім голасам сказаў містэр Перч, — зараз, сэр, ніхто, пра каго варта было-б гаварыць. Містэр Джылс, майстар суднавых інструментаў, сэр, зайшоў, кажа, па справе аб нейкім плацяжы, але я яму намякнуў, сэр, што вы вельмі заняты, вельмі заняты.
Містэр Перч кашлянуў, захінуўшыся рукой, і чакаў далейшых распараджэнняў.
— Яшчэ хто-небудзь?
— Я-б, сэр, — сказаў містэр Перч, — не браў на сябе смеласць дакладваць, сэр, што ёсць яшчэ хто-небудзь, але гэты самы блазнюк, які быў тут учора, сэр, і ў мінулым тыдні, зноў круціцца паблізу.
— Вы казалі, што ён хоча атрымаць работу, ці не праўда, Перч? — запытаўся містэр Каркер, адкідваючыся на спінку крэсла і пазіраючы на службоўца.
— Сэр, — сказаў містэр Перч, яшчэ раз кашлянуўшы ў руку: кашлем ён заўсёды выказваў сваю пакорлівасць, калі іншага спосабу не мог прыдумаць, — яго заўвагі звычайна зводзяцца да таго, што ён пачціва жадае ўбачыць аднаго з джэнтльменаў і што ён хоча зарабляць на пражыццё. Але бачыце, сэр, — дадаў Перч, панізіўшы голас да шэпту і павярнуўшыся, каб для захавання таямніцы штурхнуць дзверы рукою і каленам, нібы можна было прычыніць іх яшчэ шчыльней, калі яны былі ўжо зачынены, — трудна выцерпець, сэр, калі такі блазнюк шныпарыць тут і кажа, што яго матка была карміліцай маладога джэнтльмена вашай фірмы і таму ён спадзяецца, што наша фірма аб ім паклапоціцца.
— Пакажыце мне гэтага хлапца, Перч, — сказаў містэр Каркер. — Прывядзіце яго сюды!
— Слухаю, сэр. Прашу прабачэння, сэр, — сказаў містэр Перч, затрымліваючыся ля дзвярэй, — з выгляду ён грубаваты, сэр.
— Няважна. Калі ён тут, прывядзіце яго. Пасля я прыму містэра Джылса. Папрасіце яго пачакаць!
Пасыльны неўзабаве вярнуўся ў суправаджэнні пары цяжкіх ботаў, якія, ступаючы па карыдоры, грукалі, як скрынкі. Бесцырамонна кінуўшы: «Ну, варушыцеся!», — вельмі не звычайны зварот у яго вуснах, — містэр Перч увёў дужага пятнаццацігадовага хлапца, з круглым чырвоным тварам, круглай кароткай астрыжанай галавой, круглымі чорнымі вачыма, акруглымі рукамі і нагамі і круглым тулавам, які, завяршаючы акругласць сваёй фігуры, трымаў у руцэ круглы капялюш, у якога не было палей.
Падпарадкоўваючыся кіўку містэра Каркера, Перч, увёўшы наведвальніка да гэтага джэнтльмена, хуценька вышаў. Як толькі яны асталіся сам-на-сам, містэр Каркер, не папярэдзіўшы ніводным словам, схапіў хлопчыка за горла і пачаў так трэсці, што галава яго, здавалася, вось-вось сарвецца з плячэй.
Аж змяніўшыся ў твары ад здзіўлення, хлопчык дзіка вытарашчыў вочы на душыўшага яго джэнтльмена з вялікім мноствам белых зубоў. Нарэшце, ён ухітрыўся сказаць:
— Што вы, сэр? Пусціце мяне, чуеце?!
— Пусціць вас! — сказаў містэр Каркер. — Як! Ды хіба вы не ў маіх руках?
У гэтым не магло быць сумнення, як і ў тым, што рукі сціскалі моцна.
— Сабака! — праз сціснутыя зубы сказаў містэр Каркер. — Я вас задушу!
Байлер захныкаў: ды няўжо? О, не, ён не задушыць! І навошта ён гэта робіць? І чаму не задушыць яму каго-небудзь роўнага па сіле, але не яго, Байлера? Аднак, Байлер быў уціхаміран незвычайным прыёмам, аказаным яму, і калі галава яго перастала ківацца і ён паглядзеў джэнтльмену ў твар, або, больш правільна, у зубы, і ўбачыў, як той на яго агрызаецца, ён да такой ступені забыўся пра сваю мужнасць, што расплакаўся.
— Я вам нічога не зрабіў, сэр, — сказаў Байлер, інакш Роб, інакш Тачыльшчык, і нязменна Тудль.
— Вы нягодны блазнюк! — сказаў містэр Каркер, памалу выпускаючы яго і адступаючыся на крок, каб прыняць улюбёную сваю позу. — Што вы думалі, калі вы адважыліся з'явіцца сюды?
— Нічога дрэннага я не думаў, сэр, — захныкаў Роб, адной рукой хапаючыся за шыю, а суставамі другой выціраючы вочы. — Я больш ніколі не прыду, сэр. Я хацеў толькі атрымаць работу.
— Работу, вось што, малады Каін?[1] — паўтарыў містэр Каркер, пільна ў яго ўглядаючыся. — Ды хіба вы не самы лянівы бяздзейнік у Лондане?
Абвінавачанне, якое вельмі закрачала містэра Тудля-малодшага, так адпавядала яго рэпутацыі, што ён ніводным словам не мог яго абвергнуць. Таму ён стаяў, пазіраючы на джэнтльмена са спалоханым, зняважаным і пакаяным выглядам. І калі ён глядзеў на яго, можна было заўважыць, што ён зачараваны містэрам Каркерам і не зводзіць з яго сваіх круглых спалоханых вачэй.
— Хіба вы не злодзей? — сказаў містэр Каркер, — засунуўшы рукі ў кішэні.
— Не, сэр! — сказаў у апраўданне Роб.
— Злодзей! — сказаў містэр Каркер.
— Дапраўды-ж не, сэр! — хныкаў Роб. — Я ніколі не займаўся такімі справамі, як зладзейства, сэр, верце імне. Я ведаю, што збіўся з дарогі, сэр, з таго часу, як пачаў займацца паляваннем на птушак. Вядома, могуць сказаць, — у прыпадку раскаяння прадаўжаў містэр Тудль-малодшы, — што птушкі-спявунні — бязвінная кампанія, але ніхто не ведае, якія гэта шкодныя пічушкі і да чаго яны вас могуць давесці.
Як відаць, яго яны давялі да вельветавай[2] курткі і вельмі паношаных штаноў, незвычайна кароткага чырвонага жылета, падобнага да нагрудніка, з-пад якога была відаць сіняя клятчатая сарочка, і да вышэйпамянёнага капялюша.
— Дома я і дваццаці разоў не быў з таго часу, як гэтыя птушкі завабілі мяне, — сказаў Роб, — а прайшло ўжо дзесяць месяцаў. Як-жа мне ісці дадому, калі ніхто не можа на мяне глядзець? Не магу зразумець, — сказаў Байлер, расплакаўшыся насур'ёз і выціраючы вочы адваротам курткі, — чаму я даўным-даўно не пайшоў і не ўтапіўся.
— Няма чаго сказаць, вось дык слаўны малады джэнтльмен! — сказаў містэр Каркер. — Для вас, прыяцель, каноплі пасеяны ўжо![3]
— Дапраўды, сэр, — адазваўся злашчасны Байлер, расплакаўшыся і зноў выціраючы слёзы адваротам курткі, — іншы раз мне ўсёроўна, нават калі-б яны выраслі. Усе мае пакуты пачаліся з адлыньвання, сэр; але што мне было рабіць, як не адлыньваць?
— Што рабіць? — паўтарыў містэр Каркер.
— Адлыньваць, сэр. Адлыньваць ад школы.
— Гэта значыць, вы рабілі выгляд, нібы ідзіцё туды, а на самай справе не ішлі? — сказаў містэр Каркер.
— Так, сэр; гэта і азначае, адлыньваць, сэр, — з вялікай скрухай адказваў былы Тачыльшчык. — Мяне ганялі па вуліцах, сэр, калі я туды ішоў, і лупцавалі, калі я туды прыходзіў. Вось я і адлыньваў, хаваўся, а з гэтага і пачалося.
— І вы гаворыце, — сказаў містэр Каркер, зноў схапіўшы яго за горла, прытрымліваючы на адлегласці выцягненай рукі і некалькі секунд разглядаючы яго моўчкі, — што шукаеце работы?
— Я вельмі-б дзякаваў, сэр, калі-б мяне ўзялі на спробу, — слабым голасам адказваў Роб.
Містэр Каркер-загадчык штурхнуў яго ў куток — хлопчык пакорліва падначаліўся, ледзь асмельваючыся дыхаць і не зводзячы вачэй з яго твара, — і пазваніў.
— Папрасіце містэра Джылса.
Містэр Перч быў занадта пачцівы, каб выказаць здзіўленне або звярнуць увагу на фігуру ў кутку, і дзядзька Соль з'явіўся адразу-ж.
— Містэр Джылс, — з усмешкай сказаў Каркер, — сядайце. Як маецеся? Спадзяюся, што здароўе па-ранейшаму добра?
— Дзякую вам, містэр Каркер, — адказаў дзядзька Соль, дастаючы бумажнік і працягваючы некалькі банкнотаў. — Ніякіх хвароб у мяне няма, апрача старасці. Дваццаць пяць, сэр.
— Вы пунктуальны і спраўны, містэр Джылс, як вашы хранометры. Зусім правільна.
— Па спіску я бачу, што пра «Сына і Наследніка» вестак не паступала, — сказаў дзядзька Соль, і голас у яго, заўсёды няцвёрды, задрыжэў мацней.
— Пра «Сына і Наследніка» ніякіх вестак не паступала, — адказаў Каркер. — Здаецца, надвор'е было дрэннае, містэр Джылс, і, напэўна, судно зышло з правільнага шляху.
— Дай божа, каб яно асталося непашкоджаным! — сказаў дзядзька Соль.
— Дай божа, каб яно асталося непашкоджаным, — згадзіўся містэр Каркер, нячутна шавелячы губамі, чым зноў выклікаў дрыжыкі ў назіральнага юнага Тудля. — Містэр Джылс, — дадаў ён уголас, адкідваючыся на спінку крэсла, — напэўна, вы вельмі сумуеце без пляменніка?
Дзядзька Соль, які не садзіўся, кіўнуў галавой і глыбока ўздыхнуў.
— Містэр Джылс, — сказаў Каркер, пагладжваючы сваёй мяккай рукой падбародак і падымаючы вочы на інструментальнага майстра, — цяпер вы былі-б менш адзінокім, трымаючы ў сябе ў краме якога-небудзь маладзенькага хлапчука, а мне зрабілі-б паслугу, калі-б часова яму далі прытулак. Так, зразумела, — хутка дадаў ён, папераджаючы адказ старога, — гандаль ідзе вяла, гэта мне вядома, але няхай ён прыбірае, чысціць інструменты, — адным словам, выконвае чорную работу, містэр Джылс. Вось ён — гэта хлапчанё!
Соль Джылс ссунуў акуляры з ілба на нос і паглядзеў на Тудля-малодшага, які стаяў навыцяжку ў кутку.
— Вы яго возьмеце да сябе, містэр Джылс? — запытаўся загадчык.
Стары Соль, зусім не абрадаваўшыся ад такой прапановы, адказаў, што рад выпадку зрабіць хоць-бы такую маленькую паслугу містэру Каркеру, чыё жаданне тое самае для яго што загад, і што Драўляны Мічман будзе лічыць за шчасце прыняць у сябе ў каюце любога госця, якога выбярэ містэр Каркер.
Містэр Каркер агаліў верхнія і ніжнія дзясны, выклікаўшы моцныя дрыжыкі ў зыркага Тудля-малодшага, і з найвялікшай пачцівасцю падзякаваў інструментальнаму майстру за прыязнасць.
— Значыцца, я ім так і распараджуся, містэр Джылс, — сказаў ён, устаючы і працягваючы руку старому, — пакуль не вырашу, што мне з ім рабіць і чаго ён заслугоўвае. З тае прычыны, што я лічу сябе адказным за яго, містэр Джылс, — тут ён шырока ўсміхнуўся Робу, які затрапятаў убачыўшы гэту ўсмешку, — вы мне зробіце прыемнасць, калі будзеце ўважліва за ім сачыць і паведамляць пра яго паводзіны мне. Сёння па дарозе дадому я заеду да яго бацькоў — гэта паважаныя людзі — і аб чым-колечы запытаюся, каб праверыць тое, што ён сам расказваў пра сябе, пасля, містэр Джылс, я прышлю яго да вас заўтра раніцой. Да пабачэння!
Яго ўсмешка перад адыходам агаліла такую колькасць зубоў, што стары Соль збянтэжыўся і яму зрабілася неяк нядобра.
Дадому ён ішоў, разважаючы пра бушуючае мора, гінучыя караблі, топячыхся людзей, пра старую бутэльку мадэры, якая так і не ўбачыць свету, і пра іншыя сумныя рэчы.
— Ну, малы! — сказаў містэр Каркер, апускаючы руку на плячо юнага Тудля і выцягваючы яго на сярэдзіну пакоя. — Вы мяне чулі?
Роб сказаў:
— Так, сэр.
— Калі вы мне сказалі хоць адно хлуслівае слова, — прадаўжаў містэр Каркер, — не трапляйце мне на вочы. Калі-ж не, то можаце пачакаць мяне дзе-небудзь паблізу ад дома сваёй маці. Адсюль я пайду ў пяць гадзін і паеду туды. Цяпер дайце мне адрас.
Роб прадыктаваў яго павольна, і містэр Каркер запісаў. Роб нават паўтарыў яго яшчэ раз, літару за літарай, нібы лічыў, што пропуск якой-небудзь кропкі або рысачкі прывядзе да яго пагібелі. Затым містэр Каркер выправадзіў яго з пакоя, і Роб, да апошняга моманту не зводзячы сваіх круглых вачэй з апекуна, знік з позірку.
Містэр Каркер-загадчык зрабіў на працягу дня вялікае мноства спраў і надарыў сваімі зубамі вялікае мноства людзей. У канторы, у двары, на вуліцы і на біржы зубы паблісквалі і тырчалі пагрозліва.
Падышла шостая гадзіна, а з ёю і гняды конь містэра Каркера, і зубы, пабліскваючы, накіраваліся ў дарогу па Чыпсайду.
Пусціўшы каня паволі і паглядаючы на прахожых, ён раптам сустрэў круглыя вочы коратка астрыжанага Роба, якія ўпіваліся яму ў твар, нібы яны ад яго ні на секунду не адрываліся, у той час як сам хлопчык, падперазаўшыся туга скручанай насавой хустачкай, якая нагадвала плямістага вугра, усім сваім выглядам сведчыў аб тым, што гатоў ісці за містэрам Каркерам, якую-б хуткасць той не развіў.
З тае прычыны, што гэта ўвага, хоць і прывабная, была незвычайная і прыцягвала зацікаўленасць прахожых, містэр Каркер скарыстаў менш запружаную і больш чыстую дарогу і пусціў каня трушком. Роб перайшоў адразу-ж на трушок. Неўзабаве містэр Каркер папрабаваў лёгкі галоп, пасля поўны галоп. Роб па-ранейшаму не адставаў. Калі-б містэр Каркер ні паварочваўся ў той бок вуліцы, дзе бег малодшы Тудль, ён заўсёды бачыў, як той спраўляўся за ім, як відаць, без асаблівай цяжкасці і працаваў локцямі, пераймаючы пахвальны прыём джэнтльменаў-прафесіяналаў, якія спаборнічаюць у бегу пад заклад.
Гэта недарэчнае праследванне сведчыла, аднак, аб уплыве, якому падпарадкаваўся хлопчык, а таму містэр Каркер, робячы выгляд, нібы яго не заўважае, прадаўжаў шлях да дома містэра Тудля. Тут ён стрымаў каня і пусціў шагам, а Роб забег наперад, паказваючы, куды трэба зварачваць; калі-ж ён паклікаў чалавека, які стаяў ля варот, каб той панаглядаў каня ў часе яго наведвання аднаго з будынкаў, пабудаваных на месцы Садоў Стэгса, Роб пачціва прытрымліваў стрэмя, пакуль загадчык злазіў з каня.
— Ну, сэр, — сказаў містэр Каркер, узяўшы яго за плячо, — хадзем!
Блудны сын відавочна баяўся наведаць бацькаўскі дом, але, таму што містэр Каркер падштурхваў яго ўперад, яму нічога не аставалася, як адчыніць належныя дзверы і прымірыцца, калі яго ўвялі ў круг братоў і сясцёр, якія сабраліся ў незлічонай колькасці ў часе піцця чаю. Бачачы блуднага сына ва ўладзе незнаёмца гэтыя пяшчотныя родзічы паднялі плач, які так глыбока пранізаў сэрца блуднага сына, калі ён убачыў сярод іх сваю маці, бледную і дрыжачую, з дзіцем на руках, што яго ўласны голас далучыўся да хора.
Нарэшце, няшчасная Полі, павысіўшы голас, прагаварыла дрыготкімі губамі:
— О, Роб, бедны мой хлопчык, чаго-ж гэта вы натварылі?
— Нічога, мама, — жаласлівым голасам усклікнуў Роб, — запытайцеся ў гэтага джэнтльмена.
— Не палохайцеся, — сказаў містэр Каркер, — я хачу зрабіць яму паслугу.
Пачуўшы такую заяву, Полі, якая яшчэ не плакала, цяпер расплакалася. Старэйшыя Тудлі, якія сабраліся напэўна навыручкі, разнялі кулакі. Малодшыя Тудлі згрудзіліся ў кучу ля матчынай спадніцы і, прыкрываючыся пухлымі ручкамі, паглядалі на свайго адважнага брата і яго невядомага сябра. Усе благаслаўлялі джэнтльмена з прыгожымі зубамі, які хацеў зрабіць паслугу.
Гэты хлопчык, — сказаў містэр Каркер, звяртаючыся да Полі і памаленьку патрасаючы Роба, — гэты хлопчык — ваш сын, так пані?
— Так, сэр, — прысядаючы, усхліпнула Полі.
— Баюся, што ён благі сын! — сказаў містэр Каркер.
— Для мяне ён ніколі не быў благім сынам, сэр, — запярэчыла Полі.
— А для каго-ж? — запытаўся містэр Каркер.
— Ён быў крыху пракудай, сэр, — адказала Полі, стрымліваючы дзіця, якое сударгава размахвала рукамі і нагамі, стараючыся кінуцца на Байлера праз раздзяляўшую іх адлегласць, — і трапіў у благую кампанію, але я спадзяюся, што ён зразумеў, як гэта нядобра, сэр, і цяпер выправіцца ў сваіх паводзінах.
Містэр Каркер агледзеў Полі, чысты пакой, чыстых дзяцей, простадушны тудлеўскі твар, які запазычыў рысы і ў бацькі і ў маці і які паўтораны шмат разоў вакол яго; як відаць, ён дасягнуў мэты свайго наведвання.
— Здаецца, вашага мужа няма дома? — запытаўся ён.
— Так, сэр — адказала Полі. — Цяпер ён працуе на лініі.
— У такім выпадку, — сказаў містэр Каркер, — я вам раскажу, як я сустрэўся з вашым сынам, і хто я такі, і што я хачу для яго зрабіць.
Усё гэта містэр Каркер расказаў па-свойму, паведаміўшы, што спачатку ён хацеў наваліць на дзёрзкую яго галаву ўсялякія беды за тое, што ён уварваўся ў кантору Домбі і Сына; што ён зменшыў злосць, прыняўшы пад ўвагу яго маладосць, выказанае раскаянне; што ён баяўся зрабіць лёгкадумны крок, аказаўшы дапамогу хлопчыку, — крок, які мог выклікаць асуджэнне людзей разважлівых, — але што ён зрабіў яго на свой страх і рызыку, і толькі ён адзін адказвае за вынікі; і што мінулая сувязь маці Роба з сям'ёй містэра Домбі ніякіх да гэтага адносін не мае,і што містэр Домбі ніякіх адносін да гэтага не мае, але ад яго, містэра Каркера, залежыць усё. Аддаўшы належнае самому сабе за сваю дабрату і ў такой-жа меры атрымаўшы належнае ад усіх прысутных членаў сям'і, містэр Каркер намякнуў — між іншым, досыць выразна, — што бязмежная вернасць, прывязанасць і адданасць Роба з'яўляецца навекі яго здабыткам, і на меншае ён не згодзен.
Полі, якая правяла незлічоную колькасць бяссонных начэй па віне свайго бяспутнага першынца і не бачыла яго ўжо некалькі тыдняў, гатова была ўпасці на калені перад містэрам Каркерам-загадчыкам, як перад добрым геніем, не гледзячы на яго зубы.
Калі гэты джэнтльмен пракладаў сабе дарогу да дзвярэй скрозь натоўп дзяцей, Роб падышоў да маці і раскайваючыся абняў яе і дзіця.
— Цяпер я буду вельмі старацца, любая мама. Чэснае слова, буду! — сказаў Роб.
— Ох, пастарайцеся, дарагі мой хлопчык! Я ўпэўнена, што вы пастараецеся дзеля нас і дзеля самога сябе! — цалуючы яго, ўсклікнула Полі. — Але вы вернецеся пагаварыць са мною, як толькі правядзеце гэтага джэнтльмена, праўда?
— Не ведаю, мама, — Роб замяўся і апусціў вочы. — Бацька… калі ён прыдзе дадому?
— Не раней двух гадзін ночы.
— Я вярнуся, любая мама! — усклікнуў Роб, і, прарваўшыся праз прарэзлівыя крыкі братоў і сясцёр, якія віталі гэта абяцанне, ён вышаў услед за містэрам Каркерам.
— Вось як! — сказаў містэр Каркер, які чуў гэту размову. — У вас благі бацька?
— Не, сэр! — адказаў здзіўлены Роб. — Няма на свеце лепшага і дабрэйшага бацькі.
— У такім выпадку чаму-ж вы не хочаце яго бачыць?
— Вялікая розніца паміж бацькам і маткай, сэр, — запінаючыся, сказаў Роб. — Цяпер ён бадай ці паверыць, што я хачу выправіцца, хоць ён пастараўся-б паверыць, я гэта ведаю… ну, а маці — яна заўсёды верыць добраму, сэр; ва ўсякім выпадку, я ведаю, што мая маці верыць.
Рот містэра Каркера расцягнуўся, але ён не сказаў ні слова, пакуль не сеў на каня і не адпусціў чалавека, які наглядаў за канём, пасля чаго пільна паглядзеў з сядла на ўважлівы і насцярожаны твар хлопчыка і сказаў:
— Вы прыдзеце да мяне заўтра раніцой, і вам пакажуць, дзе жыве той стары джэнтльмен, — стары джэнтльмен, якога вы бачылі сёння ў мяне, — і куды вы накіруецеся, аб чым вы ўжо чулі.
— Так, сэр, — адазваўся Роб.
— Я надзвычай цікаўлюся гэтым старым джэнтльменам, і вы, прыяцель, служачы яму, служыце мне, разумееце? Я хачу ведаць усё пра гэтага старога джэнтльмена, як ён жыве з дня на дзень — таму што я хачу быць яму карысным, — і, галоўным чынам, хачу ведаць, хто яго наведвае. Разумееце?
— Так, сэр!
— Мне хацелася-б ведаць, што ў яго ёсць сябры, якія аб ім клапоцяцца і не пакідаюць яго — бо ён, небарака, вельмі адзінокі цяпер, — і што яны любяць яго і яго пляменніка, які выехаў з Англіі. Магчыма, яго наведае адна вельмі маладая лэдзі. Пра яе мне ў асаблівасці хочацца ведаць усё.
— Я пастараюся, сэр, — сказаў хлопчык.
— І памятайце, — адазваўся яго апякун, нахіляючыся, каб наблізіць сваю ашчэраную фізіяномію да твара хлопчыка і пахлопаць яго па плячы ручкай бізуна, — памятайце, што пра мае справы вы не павінны гаварыць нікому, апрача мяне.
— Нікому на свеце, сэр, — адказаў Роб, ківаючы галавой.
— Ні тут, — сказаў містэр Каркер, паказваючы на дом, адкуль яны толькі што вышлі, — ні дзе-б там ні было. Я праверу, ці можаце вы быць адданым і ўдзячным. Я вас выпрабую!
Вышчараныя зубы і рух галавы дапамаглі яму ўкласці ў гэтыя словы не толькі абяцанне, але і пагрозу, пасля чаго ён адвярнуўся ад Роба, чые вочы былі прыкуты да яго, нібы ён прываражыў і душу і цела хлопчыка, і рушыў ў дарогу. Але, ад'ехаўшы на невялікую адлегласць і зноў пераканаўшыся, што яго верны паж, падперазаны таксама, як і раней, па-ранейшаму яго суправаджае на ўцеху шматлікім прахожым, ён спыніў каня і загадаў яму вярнуцца назад.
Містэр Каркер-загадчык ехаў шагам з бесклапотным выглядам чалавека, які здавальняюча скончыў з усімі справамі гэтага дня і перастаў пра іх думаць. Добрадушны і ветлівы ў вышэйшай ступені, містэр Каркер праязджаў па вуліцах і паціху напяваў песеньку. Ён нібы мурлыкаў. Ён быў надзвычай задаволены.
«Вельмі маладая лэдзі! — думаў містэр Каркер-загадчык, напяваючы песеньку. — Так! Калі я апошні раз яе бачыў, яна была маленькай дзяўчынкай. Прыпамінаю, што ў яе цёмныя вочы і валасы і мілы твар, вельмі мілы твар! Напэўна, яна прыгожанькая».
Яшчэ больш ветлівы і прыязны, напяваючы песеньку, так што ўсе яго шматлікія зубы вібрырывалі у тон, містэр Каркер няўхільна рушыў уперад і, нарэшце, павярнуў у цёмную вуліцу, дзе быў дом містэра Домбі. Ён так быў заняты сваімі думкамі, аплятаючы павуціннем мілыя твары і абцягваючы іх сецямі, што наўрад ці думаў пра тое, куды прыехаў, пакуль не паглядзеў на рад высокіх дамоў і не спыніў паспешна каня за некалькі ярдаў ад дзвярэй.
Але для растлумачэння, чаму містэр Каркер з такім спехам спыніў каня і на што ён паглядаў з немалым здзіўленнем, неабходна крыху адхіліцца ў бок.
Містэр Тутс, вызваліўшыся ад ярма Блімбераў і ўступіўшы ва ўладанне пэўнай часткай свайго мірскога багацця, узяўся з вялікай стараннасцю вывучаць навуку жыцця. Натхнёны благародным імкненнем зрабіць бліскучую і слаўную кар'еру, містэр Тутс абставіў мэбляй цудоўную кватэру, зрабіў у ёй спартыўны куток, упрыгожаны здымкамі прызавых коней, якімі ён зусім не цікавіўся, і канапай, якая наводзіла на яго прыгнечанае ўражанне. У гэтым чароўным прытулку містэр Тутс прысвяціў сябе прыгожым мастацтвам, якія ўзвышалі і аблагароджвалі жыццё; галоўным яго настаўнікам быў цікавы суб'ект па празванні Баявы Певень, пра якога можна было заўсёды пачуць у таверні Чорнага Барсука, — Певень, які ў самае гарачае надвор'е хадзіў у калматым белым паліце і тры разы на тыдзень збіваў містэра Тутса кулакамі па галаве, атрымліваючы скромную ўзнагароду — дзесяць шылінгаў шэсць пенсаў за візіт.
Баявы Певень прадставіў яму маркера, які навучаў гуляць на більярдзе, лейб-гвардзейца, які навучаў коннай яздзе, карнуэльскага джэнтльмена, які зразумеў усе таямніцы атлетыкі, і яшчэ двух-трох сяброў, якія былі не менш дасведчаны ў прыгожых мастацтвах. Пад іх апякунствам містэр Тутс не мог не мець хуткіх паспехаў, і пад іх кіраўніцтвам ён узяўся за работу.
Але не паспелі гэтыя джэнтльмены страціць блеску навізны, як містэр Тутс, сам не ведаючы прычыны, адчуў збянтэжанасць і неспакой. Здавалася, нішто так спрыяльна не рабіла ўплыву на містэра Тутса, як няспыннае наведванне дома містэра Домбі, дзе ён пакідаў свае візітныя карткі.
Містэр Тутс ніколі не падымаўся наверх і заўсёды трымаўся адной і той-жа цырамоніі ў дзвярах вестыбюля, добра прыбраны для гэтай мэты.
— О, з добрай раніцай! — такая была першая фраза містэра Тутса, якую ён гаварыў слузе. — Для містэра Домбі, — была наступная фраза містэра Тутса і ён працягваў візітную картачку. — Для міс Домбі, — была наступная яго фраза, і ён зараз-жа працягваў другую картку.
Затым містэр Тутс паварочваўся, нібы збіраючыся пайсці, але слуга ўжо ведаў яго, што ён не пойдзе.
— Прашу прабачэння, — гаварыў містэр Тутс, нібы раптоўна прышла яму ў галаву думка. — Ці дома маладая асоба?
Слуга думаў, што дома, але не быў у гэтым упэўнены. Затым ён тузаў званочак, які званіў у верхнім паверсе, глядзеў на лесвіцу і гаварыў: «Так, яна дома і спускаецца сюды». Затым з'яўлялася міс Ніпер, а слуга выходзіў.
— О! Як ваша здароўе? — гаварыў містэр Тутс, чырванеючы.
С'юзен дзякавала яму і адказвала, што здарова.
— Як маецца Дыаген? — было наступнае пытанне містэра Тутса.
Дапраўды, вельмі добра. З кожным днём міс Фларэнс прывязваецца да яго ўсё больш і больш. Містэр Тутс абавязкова пачынаў хіхікаць, нібы адтыкалі бутэльку, напоўненую шыпучым напіткам.
— Міс Фларэнс здарова, сэр, — дадавала С'юзен.
— О, гэта не мае ніякага значэння, дзякую вам, — быў нязменны адказ містэра Тутса; і, кажучы гэтыя словы, ён заўсёды спяшаўся пайсці.
Бясспрэчна, у містэра Тутса была ў галаве нейкая туманная думка, якая пабуджала яго зрабіць заключэнне, што калі яму ўдасца з цягам часу атрымаць руку Фларэнс, ён будзе мець асалоду і шчасце. Бясспрэчна, містэр Тутс нейкімі навакольнымі шляхамі прышоў да гэтага вываду і на ім спыніўся. Сэрца яго было паранена; ён быў узрушаны, ён быў закаханы. Неяк вечарам ён зрабіў адважную спробу і прасядзеў усю ноч, выдумляючы акроверш[4], прысвечаны Фларэнс. Але ён так і не пасунуўся далей слоў: «Фіял маёй душы»; тут яго пакінула натхненне, у парыве якога ён папярэдне напісаў пачатковыя літары астатніх шасці радкоў.
Выдумаўшы гэты хітравумны і палітычны прыём — штодзённа пакідаць містэру Домбі візітную картачку, — мазгі містэра Тутса больш нічога не прыдумалі адносна прадмета, які зачароўваў яго пачуцці. Але глыбокадумныя разважанні, нарэшце, пераканалі містэра Тутса ў тым, што вельмі добра было-б ўвайсці ў ласку міс С'юзен, перш чым намякнуць ёй аб сваім душэўным стане.
Лёгкае і жартаўлівае заляцанне да гэтай лэдзі, здавалася, было тым спосабам, да якога варта было звярнуцца ў гэтай пачатковай стадыі рамана, каб прыцягнуць яе на свой бок. Не могучы прыняць канчатковага рашэння, ён параіўся з Пеўнем, не ўводзячы гэтага джэнтльмена ў курс справы адносна сваёй тайны, але толькі паведаміўшы яму, што нейкі друг з Іоркшыра напісаў яму (містэру Тутсу), пытаючыся яго думкі адносна гэтага. Певень адказаў, што яго думка заўсёды была такой: «Ідзі і перамагай», і далей: «Калі праціўнік ваш перад вамі, а часу у вас малавата, ідзіце і дзейнічайце», пасля чаго містэр Тутс прыняў гэтыя словы за іншасказальнае пацверджанне свайго ўласнага пункту погляду і гераічна вырашыў пацалаваць у наступны дзень міс Ніпер.
Такім чынам у наступны дзень містэр Тутс, апрануты ў цудоўнейшае тварэнне Берджэса і К°, накіраваўся з гэтай мэтай да дома містэра Домбі. Але калі ён наблізіўся да месца дзеяння, мужнасць яму здрадзіла, і хоць ён падышоў да дзвярэй у тры гадзіны папоўдні, было ўжо шэсць, калі ён пастукаў у дзверы.
Усё ішло, як заўсёды, аж да таго моманту, калі С'юзен сказала, што яе маладая гаспадыня здарова, а містэр Тутс сказаў, што гэта не мае ніякага значэння. На яе здзіўленне, містэр Тутс, замест таго, каб вылецець пасля гэтых слоў, як ракета, замяўся і захіхікаў.
— Магчыма, вы хочаце падняцца наверх, сэр? — запыталася С'юзен.
— Ну, што-ж, бадай, я ўвайду! — сказаў містэр Тутс. Але замест таго, каб падняцца наверх, дзёрзкі Тутс, калі дзверы на вуліцу былі зачынены, няўклюжа рвануўся да С'юзен і абняўшы гэта цудоўнае стварэнне, пацалаваў яе ў шчаку.
— Правальвайце! — крыкнула С'юзен. — Або я вам вочы выдзеру!
— Яшчэ разок! — сказаў містэр Тутс.
— Пайшлі вон адсюль! — усклікнула С'юзен, адштурхваючы яго.
— Ды яшчэ такое шчасце, як вы! Далей ужо няма куды! Правальвайце, сэр!
С'юзен не лічыла небяспеку сур'ёзнай, бо смяялася так, што ледзь магла гаварыць, але Дыаген на лесвіцы, чуючы шастанне ля сцяны і шоргат ног і бачачы праз парэнчы, што адбываецца барацьба і нехта чужы ўварваўся ў дом, зрабіў іншае заключэнне, кінуўся на дапамогу і ў адзін момант учапіўся ў нагу містэру Тутсу.
С'юзен запішчала, зарагатала, расчыніла парадныя дзверы і пабегла ўніз; дзёрзкі Тутс, спатыкаючыся, выбраўся на вуліцу з Дыагенам, які ўчапіўся зубамі ў яго штаны, нібы Берджэс і К° былі ў яго паварамі і прыгатавалі яму гэты ласы кавалачак у выглядзе святочнага пачастунку. Дыаген, адкінуты ў бок, некалькі разоў перакуліўся ў пыле, зноў усхапіўся, закруціўся вакол ашаломленага Тутса і хацеў яго ўкусіць, а містэр Каркер, які спыніў каня і трымаўся паводаль, са здзіўленнем назіраў гэтую мітусню ля дзвярэй велічнага дома містэра Домбі. Містэр Каркер прадаўжаў сачыць за пацярпеўшым паражэнне Тутсам, калі Дыагена паклікалі ў дом і захлопнулі дзверы, а містэр Тутс, прытуліўшыся ў бліжэйшым пад'ездзе, абвязваў разарваныя штаны дарагой шаўковай хустачкай, якая з'яўлялася дадаткам да яго раскошнага ўбрання, адзетага дзеля гэтага візіта.
— Прабачце, сэр, — пад'ехаўшы да яго, сказаў містэр Каркер з вельмі ветлівай усмешкай. — Спадзяюся, вы не пацярпелі?
— О, не, дзякую вам, — адказаў містэр Тутс, падняўшы расчырванелы твар, — гэта не мае ніякага значэння.
Містэр Тутс не ад таго быў каб дадаць, калі-б толькі мог, што яму гэта вельмі спадабалася.
— Калі сабака ўсадзіў вам зубы ў нагу, сэр… — пачаў Каркер, паказваючы свае ўласныя зубы.
— Не, дзякую вам, — сказаў містэр Тутс, — усё вельмі добра. Усё ў поўным парадку, дзякую вам.
— Я маю прыемнасць быць знаёмым з містэрам Домбі, — заўважыў Каркер.
— На самай справе? — адазваўся расчырванелы Тутс.
— Можа, вы мне дазволіце ў часе яго адсутнасці, — сказаў містэр Каркер, здымаючы капялюш, — папрасіць прабачэння за гэты непрыемны выпадак і пацікавіцца, якім чынам гэта магло здарыцца.
Містэр Тутс вельмі ўзрадаваны такой пачцівасцю і прыемнай магчымасцю заключыць дружбу з сябрам містэра Домбі, што дастае бумажнік з візітнымі карткамі, пакарыстацца якімі ён не ўпускае выпадку, і падае сваё імя і адрас містэру Каркеру; апошні адказвае на гэту ласку, даючы яму, у сваю чаргу, візітную картку, пасля чаго яны расстаюцца.
Затым містэр Каркер павольна праязджае міма дома, паглядаючы на вокны і стараючыся разгледзець задумлівы твар за фіранкай, які наглядае за дзецьмі ў доме насупраць; калматая галава Дыагена паяўляецца побач з гэтым тварам, і сабака, колькі яго не супакойваюць, брэша і бурчыць і рвецца да містэра Каркера, нібы гатоў кінуцца ўніз і разарваць яго на шматкі.
Малайчына, Ды, неразлучны са сваёй гаспадыняй! Цяўкніце яшчэ і яшчэ разок, задраўшы галаву, пабліскваючы вачыма і гнеўна разяўляючы зяпу, каб схапіць яго! Яшчэ разок, пакуль ён не спяшаючыся праязджае міма! У вас цудоўны нюх, Ды, там кот, дружок, кот!