Перайсці да зместу

Домбі і сын/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел ХХ. Містэр Домбі прадпрыймае паездку Раздзел ХХІ. Новыя асобы
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел ХХII. Што-колечы аб кіраўніцтве містэра Каркера-загадчыка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХХІ

Новыя асобы.

Маёр прагульваўся пад руку з містэрам Домбі па сонечным баку вуліцы, прычым разбухлыя яго шчокі звісалі над тугім каўнерыкам, а вялізная галава пагойдвалася з боку на бок, як быццам ён папракаў самаго сябе за тое, што быў такім чароўным суб'ектам. Не прайшлі яны і некалькіх ярдаў, як маёр сустрэў нейкага знаёмага, і яшчэ праз некалькі ярдаў маёр зноў сустрэў нейкага знаёмага, але мімаходзь толькі памахаў ім рукой і павёў містэра Домбі далей, паказваючы пры гэтым на мясцовыя выдатнасці і ажыўляючы прагулку скандальнымі плёткамі, якія прыходзілі яму на памяць.

Такім чынам маёр і містэр Домбі ішлі пад руку к поўнай сваёй прыемнасці, калі ўбачылі крэсла на калёсах, што набліжалася да іх, у якім сядзела лэдзі, ляніва кіруючы сваім экіпажам пры дапамозе руля, прымайстраванага ўперадзе, тады як ззаду экіпаж папіхала нейкая нябачная сіла. Хоць лэдзі была немаладая, але колер твару ў яе быў асляпляльны — зусім ружовы, — а туалет і поза былі да твару вельмі юнай асобе.

Побач з крэслам, трымаючы лёгкі парасонік з такім ганарлівым і стомленым выглядам, нібы ад такога вялікага намагання давядзецца неўзабаве адмовіцца і кінуць парасонік, ішла значна маладзейшая лэдзі, вельмі прыгожая, вельмі ганарыстая з выгляду, вельмі ўпартая, якая падымала высока галаву і апускала вочы, нібы калі і было на свеце што-колечы, апрача люстэрка, вартае ўвагі, то ва ўсякім выпадку не зямля або неба.

— Ах, чорт пабяры, каго-ж гэта мы бачым, сэр?! — крыкнуў маёр, спыняючыся, калі наблізілася маленькая група.

— Дарагая мая Эдзіт! — расцягваючы словы, праказала лэдзі ў крэсле. — Маёр Бегсток!

Ледзь пачуўшы гэты голас, маёр пакінуў руку містэра Домбі, рынуўся наперад, узяў руку лэдзі і паднёс да сваіх губ.

З не меншай галантнасцю маёр прыціснуў свае рукі ў пальчатках да сэрца і нізка пакланіўся другой лэдзі. І цяпер, калі крэсла спынілася, рухаючая сіла выявілася ў вобразе расчырванелага пажа, што напіраў ззаду; калі ён выпрастаўся, то аказалася, што ён высокі, змардаваны і худы.

— Джо Бегсток, — сказаў маёр абодвум лэдзі, — горды і шчаслівы да канца дзён сваіх.

— Хітрае стварэнне! — ляніва прамовіла старая лэдзі ў крэсле. — Адкуль вы з'явіліся? Я вас не цярплю.

— У такім выпадку, пані, — зараз-жа сказаў маёр, дазвольце прадставіць вам сябра, каб заслужыць вашу ласку. Містэр Домбі, місіс Ск'ютон. — Лэдзі ў крэсле была ласкавай. — Містэр Домбі, місіс Грэйнджэр.

Лэдзі з парасонікам ледзь звярнула ўвагу на тое, што містэр Домбі зняў капялюш і нізка пакланіўся.

— Місіс Ск'ютон, Домбі, — сказаў маёр, — робіць спусташэнне ў сэрцы старога Джоша.

Містэр Домбі даў зразумець, што гэта яго не здзіўляе.

— Каварны дух, — сказала лэдзі ў крэсле, — замоўкніце! Ці даўно вы тут, нягоднік?

— Адзін дзень, — адказаў маёр.

— І вы можаце прабыць адзін дзень або нават адну хвіліну ў гэтым садзе, — сказала лэдзі, злёгку папраўляючы веерам фальшывыя локаны і фальшывыя бровы і паказваючы фальшывыя зубы, — у гэтым садзе… як ён называецца… Я заўсёды забываюся гэтыя жахлівыя назвы… І вы можаце прабыць тут дзень і не натхніцца ўсёй душой і ўсёй сваёй істотай, аглядаючы Прыроду, удыхаючы арамат, — прадаўжала місіс Ск'ютон, шамочучы насавой хустачкай, ад якой пахла выклікаючымі ваніты духамі, — арамат яе чыстага дыхання, страшыдла?

Супярэчнасць паміж словамі, поўнымі маладога энтузіязма, і безнадзейна вялым тонам місіс Ск'ютон была наўрад ці менш прыкметнай, чым супярэчнасць паміж яе ўзростам, — прыкладна гадоў пад семдзесят, — і яе туалетам, які не падыходзіў-бы і ў дваццаць сем гадоў. Яе поза ў крэсле на калёсах (якую яна ніколі не мяняла) была той самай, у якой яе намаляваў у калясцы, гадоў пяцьдзесят таму назад, модны ў той час мастак, які падмахнуў пад друкаваным узнаўленнем малюнка імя «Клеапатра»[1], у выніку адкрыцця, зробленага крытыкамі тых часоў, нібы яна вельмі падобна да гэтай царыцы, якая поўляжыць на барту сваёй галеры. Місіс Ск'ютон была тады красуняй, і франты за яе здароўе асушвалі бакалы дзюжынамі. Прыгажосць і каляска асталіся ў мінулым, але позу яна захавала і спецыяльна для гэтага трымала крэсла на калёсах і бадлівага пажа, бо, апрача позы, не было аніякіх падстаў, якія перашкаджалі-б ёй хадзіць.

— Спадзяюся, містэр Домбі — паклоннік Прыроды? — заўважыла місіс Ск'ютон, папраўляючы брыльянтавую брош.

— Мой сябра Домбі, пані, — адазваўся маёр, — можа і пакланяецца ёй патаемна, але чалавек, які займае такое выдатнае месца ў найвялікшым з гарадоў сусвету…

— Няма нікога, хто-б не ведаў аб велізарным уплыве містэра Домбі, — сказала місіс Ск'ютон.

Калі містэр Домбі адказаў на камплімент паклонам, больш маладая лэдзі паглядзела на яго і сустрэла яго позірк.

— Вы тут жывеце, пані? — звярнуўся да яе містэр Домбі.

— Не, мы жылі ў розных месцах, у Харагейце, Скарборо і ў Дэваншыры. Мы раз'язджалі і спыняліся то тут, то там. Мама любіць перамену.

— На мяне ўзводзяць паклёп. Аб адной толькі перамене, містэр Домбі, я сапраўды мару, — з манерным уздыхам прагаварыла місіс Ск'ютон, — і думаю, што мне ніколі не дазволяць ёю нацешыцца. Грамадства не дазволіць. Але адзінота і сузіранне — вось для мяне… як гэта называецца…

— Калі вы маеце на ўвазе рай, мама, то так і скажыце, каб вас маглі зразумець, заўважыла маладая лэдзі.

— Любая Эдзіт, — адазвалася місіс Ск'ютон, — вам вядома, што я цалкам залежу ад вас, калі маю патрэбу ў гэтых агідных назвах. Запэўняю вас, містэр Домбі, Прырода прызначыла мяне для жыцця ў Аркадзіі[2]. У кампаніі я адчуваю сябе дрэнна. Каровы — мая страсць. Заўсёды я марыла толькі аб тым, каб пасяліцца на ферме ў Швейцарыі і жыць акружанай толькі каровамі… і фарфарам.

Гэта забаўнае супастаўленне, якое прымушала ўспомніць аб праслаўленым быку, які выпадкова трапіў у пасудную краму, было прынята з поўнай сур'ёзнасцю містэрам Домбі, які заявіў, што, на яго думку, Прырода, бясспрэчна, зусім рэспектабельнае ўстанаўленне.

— Чаго мне нехапае, — прамовіла місіс Ск'ютон, пашчыпваючы сваю маршчыністую шыю, — гэта… сэрца. Мы проста жах як штучны. Прырода мне патрэбна ўсюды. Гэта было-б так чароўна.

— Цяпер Прырода запрашае нас ісці далей, мама, калі вы згодны, — сказала маладая лэдзі, пагардліва скрывіўшы прыгожыя губы.

Пачуўшы гэты намёк, змучаны паж, які аглядаў кампанію з-за спінкі крэсла, схаваўся за ім, нібы яго праглынула зямля.

— Пачакайце хвілінку, Уітэрс, — сказала місіс Ск'ютон, калі крэсла рушыла ўперад. — Дзе вы спыніліся, жахлівае стварэнне?

Маёр спыніўся ў гатэлі Райял разам са сваім сябрам Домбі.

— Можаце наведаць нас вечарком, калі справіцеся, — прасюсюкала місіс Ск'ютон. — Калі містэр Домбі зробіць нам гэту ласку, мы будзем вельмі абрадаваны, Уітэрс, уперад!

Маёр зноў паднёс да сваіх сініх губ кончыкі пальцаў, якія ляжалі на барту крэсла з беражлівай неахайнасцю (так як у Клеапатры), а містэр Домбі пакланіўся. Старэйшая лэдзі ўдастоіла абодвух вельмі міласцівай усмешкай і дзявоцкага памахвання рукой; малодшая лэдзі — тым ледзь прыкметным кіўком, якога патрабавала простая далікатнасць.

— Вось што я вам скажу, сэр, — пачаў маёр, калі яны прадаўжалі прагулку, — каб Джо Бегсток быў маладзейшым, няма на свеце жанчыны, якая лепш за гэту змагла-б выканаць ролю місіс Бегсток. Чорт пабяры, сэр, — сказаў маёр, — яна цудоўная!

— Вы маеце на ўвазе дачку? — запытаўся містэр Домбі.

— Хіба Джой Б. — бручка, Домбі, — сказаў маёр, — каб мець на ўвазе матку?

— Вы гаварылі кампліменты матцы, — запярэчыў містэр Домбі.

— Старое полымя, сэр, — хіхікнуў маёр Бегсток. — Вельмі старое. Ёй гэта прыемна.

— Мне яна здаецца зусім благароднай асобай, — сказаў містэр Домбі.

— Благароднай, сэр! — паўтарыў маёр, спыняючыся і выпучваючы вочы на свайго спадарожніка. — Шаноўная місіс Ск'ютон, сэр, даводзіцца сястрой нябожчыку лорду Фініксу і цёткай таму, што і цяпер жыве. Сям'я небагатая — па сутнасці, бедная — і яна жыве на сваю маленькую ўдовіну частку, якая прыпала ёй; але ўжо калі справа дойдзе да крыві, сэр!

— Я заўважыў, — памаўчаўшы, сказаў містэр Домбі, — што дачку вы назвалі місіс Грэйнджэр.

— Эдзіт Ск'ютон, — адказваў маёр, — вышла замуж (у восемнаццаць гадоў) за Грэйнджэра, нашага палка. Д'ябальскі прыгожы малайчына, сэр, у сорак адзін год. Ён памёр, сэр, на другім годзе пасля таго, як ажаніўся.

— Даўно гэта было? — запытаўся містэр Домбі, зноў спыняючыся.

— Эдзіт Грэйнджэр, сэр, — адказваў маёр, закрываючы адно вока, схіляючы галаву на плячо, пераклаўшы тросць у левую руку, а правай разгладжваючы брыжы, — Эдзіт Грэйнджэр у сучасны момант гадоў трыццаць. І, чорт пабяры, сэр, — сказаў маёр, зноў ускладаючы палку на плячо і прадаўжаючы ісці, — гэта непараўнальная жанчына.

— Дзеці былі? — запытаўся пасля містэр Домбі.

— Так, сэр, — сказаў маёр. — Быў хлопчык.

Містэр Домбі ўтаропіў позірк у зямлю, і твар яго засмуціўся.

— Які ўтапіўся, сэр, — прадаўжаў маёр, — калі яму было гадоў пяць.

— Вось як? — сказаў містэр Домбі, падымаючы галаву.

— Перакулілася лодка, у якую няньцы не трэба было яго садзіць, — сказаў маёр. — Такая яго гісторыя. Эдзіт Грэйнджэр — усё яшчэ Эдзіт Грэйнджэр; але каб быў непахісны стары Джой Б., сэр, крышачку маладзейшы і багацей, гэта, неўміручае стварэнне насіла-б прозвішча Бегсток.

Маёр страсянуў плячыма і шчокамі, зарагатаў і, гаворачы гэтыя словы, быў больш, чым калі-б там ні было, падобен да перакормленага Мефістофеля.

— У тым выпадку, думаю, калі-б лэдзі не супярэчыла? — холадна заўважыў містэр Домбі.

— Далібог, сэр, — сказаў маёр, — Бегстокі не ведаюць такіх перашкод. Аднак, справядлівасць патрабуе адзначыць, што Эдзіт магла-б ужо разоў дваццаць выйсці замуж, каб не была яна ганарлівай, сэр, так, ганарлівай!

Думка наконт яе містэра Домбі, калі меркаваць па яго твары, не змянілася ад гэтага ў горшы бок.

Праз дзень містэр Домбі і маёр сустрэлі шаноўную місіс Ск'ютон з дачкой у Галерэі мінеральных вод; у наступны пасля гэтага дзень яны зноў іх сустрэлі непадалёку ад таго месца, дзе сустрэлі іх першы раз. Пасля таго, як яны сустракаліся такім чынам разы тры-чатыры, простая далікатнасць да старых знаёмых патрабавала, каб маёр наведаў іх вечарам. Першы час у містэра Домбі не было жадання рабіць візіты, але калі маёр заявіў аб сваім намеры, містэр Домбі заўважыў, што з прыемнасцю будзе яго суправаджаць. Таму, перад абедам, маёр загадаў тубыльцу накіравацца да іх, перадаць паклон ад яго і містэра Домбі і сказаць, што вечарам яны будуць мець гонар наведаць лэдзі, калі лэдзі будуць адны. У адказ на гэта тубылец прынёс вельмі маленькую запіску, якая вельмі моцна патыхала духамі і была напісана рукою шаноўнай місіс Ск'ютон маёру Бегстоку і коратка паведамляла: «Вы — брыдкі мядзведзь, і я была-б не супраць адмовіць вам у дараванні, але калі сапраўды вашы паводзіны будуць вельмі добрымі, — гэта было падкрэслена, — можаце прыйсці. Прывітанне ад мяне (Эдзіт далучае сваё) містэру Домбі».

Містэр Домбі і маёр засталі місіс Ск'тютон у позе Клеапатры сярод канапных падушак. Падымаючыся па лесвіцы, яны чулі гукі арфы, але гэтыя гукі абарваліся, калі далажылі аб іх прыходзе, і цяпер Эдзіт стаяла каля арфы, больш прыгожая і ганарыстая, чым калі-небудзь.

— Спадзяюся, місіс Грэйнджэр, — сказаў містэр Домбі, падыходзячы да яе, — мы не вінаваты ў тым, што вы кінулі граць?

Вы? О, не!

— Чаму-ж вы ў такім выпадку не граеце, дарагая Эдзіт? — праказала Клеапатра.

— Я кінула граць таксама, як і пачала… па свайму жаданню.

Поўнае роўнадушша, з якім было гэта сказана, роўнадушша, якое нічога агульнага не мела з вяласцю або бяздушнасцю, яно было адзначана ганарлівым намерамі вельмі добра адцянялася той неахайнасцю, з якою яна правяла рукою па струнах і адышлася ў другі канец пакоя.

— Ці ведаеце, містэр. Домбі, —сказала яе разамлелая маці, забаўляючыся ручным экранам, — іншы раз мілая мая Эдзіт не згодна са мною…

— А хіба не заўсёды, мама? — сказала Эдзіт.

— О, не, любачка! Фі, фі, гэта-б разбіла мне сэрца, — запярэчыла маці, робячы слабую спробу дакрануцца да яе ручным экранам. — Нязгодна са мною па пытанню аб гэтых строгіх правілах добрага тону, якія захоўваюцца ў дробязях. Чаму мы не бываем больш непасрэднымі? Ах, божа мой! У душы ў нас закладзены тамленні, парывы і хваляванні, якія так чароўны, але чаму мы не бываем больш непасрэднымі?

Містэр Домбі сказаў, што гэта вельмі справядліва, вельмі справядліва.

— Чорт пабяры, чаму-б не так, пані, — сказаў маёр. — Гэтага мы не можам сабе дазволіць. Паколькі свет не населены Дж. Б. — непахіснымі і простадушнымі старымі Джо, пані, вэнджанымі селядцамі, сэр, — мы гэтага не можам сабе дазволіць. Гэта недапушчальна.

— Злы язычнік! — усклікнула місіс Ск'ютон. — Змоўкніце!

— Клеапатра прыказвае, — адказаў маёр, пасылаючы паветраны пацалунак, — і Антоній Бегсток слухаецца.

У гэты час Уітэрс змардаваны падаваў чай, а містэр Домбі зноў звярнуўся да Эдзіт.

— Як відаць, старонніх людзей тут амаль няма? — сказаў містэр Домбі ўласцівым яму велічным, джэнтльменскім тонам.

— Так, здаецца. Мы нікога не бачым.

— Ах, на самай справе, — адгукнулася са свайго ложа місіс Ск'ютон, — у сучасны момант тут няма людзей, з якімі нам хацелася-б сустракацца.

— Ім нехапае сэрца, — з усмешкай сказала Эдзіт. Змрочная ўсмешка — так дзіўна спалучаліся ў ёй святло і змрок.

— Як бачыце, любая Эдзіт насміхаецца нада мною! — сказала маці, ківаючы галавой, якая іншы раз ківалася мімаволі, нібы паралічнае дрыжэнне з'яўлялася час ад часу, пратэстуючы супроць брыльянтаў. — Злая!

— Калі не памыляюся, вы былі тут раней? — запытаў Домбі. Ён як і раней звяртаўся да Эдзіт.

— О, некалькі разоў. Здаецца, мы бывалі ўсюды.

— Прыгожая мясцовасць!

— К гонару для майго густу, мне надакучылі ваколіцы, — сказала яна.

— Напэўна, у вас ёсць для гэтага падставы, пані, — паглядаючы на мноства вісеўшых малюнкаў, у якіх ён пазнаў вакольныя пейзажы, — калі гэтыя цудоўныя малюнкі зроблены вамі.

Яна нічога яму не адказала і сядзела з выглядам пагардлівай красун!.

— Ці так гэта сапраўды? — запытаўся містэр Домбі. — Іх малявалі вы самі?

— Так.

— І вы граеце, як я ўжо ведаю?

— Так.

— І спяваеце?

— Так?

На ўсе гэтыя пытанні яна адказвала з дзіўнай неахвотай. Аднак, яна не была збянтэжана і зусім ўладала сабою. Не было ў яе, як відаць, і жадання ўхіляцца ад размовы, таму што яна паглядала на яго і — паколькі гэта было для яе магчыма — аказвала яму знакі ўвагі; яна не была меншай нават тады, калі ён маўчаў.

— Прынамсі ў вас шмат сродкаў супроць маркоты, — сказаў містэр Домбі.

— Якое-б ні было іх дзеянне, — адказвала яна, — цяпер вы ведаеце іх усе. Больш ў мяне няма ніякіх. — Ці магу я ў іх пераканацца? — з напышлівай галантнасцю запытаўся містэр Домбі, паклаўшы малюнак, які трымаў у руцэ, і паказваючы на арфу.

— О, зразумела! Калі хочаце!

Сказаўшы гэта яна ўстала, прайшла каля канапы маці, кінўшы ў яе бок ганарысты позірк і вышла з пакоя.

Маёр, які к таму часу атрымаў поўнае прабачэнне, прысунуў да Клеапатры маленькі столік і сеў гуляць з ёю ў пікет. Містэр Домбі, не ведаючы гэтай гульні, падсеў да іх павучыцца, бо Эдзіт яшчэ не варочалася.

— Спадзяюся, мы пачуем музыку, містэр Домбі? — сказала Клеапатра.

— Місіс Грэйнджэр прыязна гэта абяцала, — сказаў містэр Домбі.

— А! Гэта вельмі прыемна. Маёр, ваш ход!

Маёр зрабіў ход, а містэр Домбі, які падсеў, каб вучыцца, хутка прышоў-бы ў поўнае замяшанне, калі-б хоць якую-небудзь увагу звяртаў на гульню, але ён сядзеў, дзівячыся, калі-ж вернецца Эдзіт…

Нарэшце, яна вярнулася і падышла да арфы, а містэр Домбі ўстаў і, стоячы каля яе, слухаў. Ён не быў аматарам музыкі і нічога не разумеў з таго, што яна грае, але ён бачыў, як яна схіляецца над арфай, і, магчыма, чуў у гучанні струн якуюсьці сваю далёкую музыку, якая ўціхамірвала пачвару чыгункі і змякчала яе жорсткасць.

Клеапатра за пікетам не драмала. Вочы ў яе блішчэлі, як у птушкі, пранізвалі пакой з канца ў канец і спыняліся на арфе, выканальніцы, слухачы — рашуча на ўсім.

Скончыўшы граць, ганарыстая красуня ўстала і, прыняўшы падзяку і кампліменты містэра Домбі з такім-жа выглядам, як і раней, падышла амаль адразу-ж да раяля.

Эдзіт Грэйнджэр, любую песеньку, толькі не гэту! Эдзіт Грэйнджэр, вы вельмі прыгожая, і тушэ ў вас надзвычайнае, і голас глыбокі і гучны, — але толькі не гэту песеньку, якую яго закінутая дачка спявала яго памёршаму сыну!

Не! Ён яе не пазнае; а калі-б і пазнаў, дык якая песенька магла-б усхваляваць яго, жорсткага чалавека?

  1. Клеапатра — егіпецкая царыца (І ст. да н. э.), якая вызначалася надзвычайнай прыгожасцю. Дыкенс высмейвае ўродлівую старую місіс Ск'ютон, параўноўваючы яе з царыцай Клеапатрай.
  2. Аркадзія — гарыстая краіна ў Марэі (Грэцыя); жыхары яе — пастухі і паляўнічыя — праслаўляліся ў старажытнасці сваім простым і маральным жыццём; адсюль іншасказ: Аркадзія — краіна міру, шчасця і спакою.