Домбі і сын/23
← Раздзел ХХII. Што-колечы аб кіраўніцтве містэра Каркера-загадчыка | Раздзел XXIII. Фларэнс адзінокая, а Мічман загадкавы Раман Аўтар: Чарльз Дыкенс 1848 (пераклад 1938) |
Раздзел XXIV. Клопаты сэрца, якое любіць → |
РАЗДЗЕЛ XXIII
Фларэнс адзінокая, а Мічман загадкавы.
Фларэнс жыла адна ў вялікім панурым доме, і дзень праходзіў за днём, а яна як і раней жыла адна; і голыя сцены паглядалі на яе абыякавым поглядам, нібы яны, прыпадабняю- чыся Гаргоне[1], прынялі рашэнне ператварыць маладосць і прыгажосць у камень.
Ні адзін чараўнічы дом у чароўнай байцы, згублены ў нетрах вялікага лесу, ніколі не паказаўся-б уяўленню больш адзінокім і закінутым, чым дом яе бацькі, які панура навісаў над вуліцай; па вечарах, калі асвятляліся суседнія вокны, ён быў цёмнай плямай на гэтай мала асветленай вуліцы; удзень — маршчынай на яе твары, які ніколі не ўсміхаўся.
Сумнае запусценне на кожным кроку. Парт'еры ў пакоях, цяжка абвісаючы, страцілі ранейшую сваю форму, і складкі віселі, як цяжкія пакрывалы труны. Люстры пацямнелі, нібы ад подыху гадоў. Рысунак дыванаў зблякнуў і зрабіўся туманным, як памяць пра нязначныя падзеі гэтых год. Дошкі, уздрыгваючы ад непрывычных крокаў, скрыпелі і ківаліся. Ключы іржавелі ў замочных шчылінах дзвярэй. На сценах паказалася сырасць, і па меры таго, як выступалі плямы, карціны нібы адступалі ў глыбіню і хаваліся. У каморах завяліся гніль і плесень. У кутках скляпоў раслі грыбы. Пыл збіраўся, невядома адкуль і як, пра павукоў, моль і мушыныя лічынкі размова ішла штодзённа. Цікаўнага чорнага таракана часцяком знаходзілі на лесвіцы або ў верхнім паверсе, нерухомага, нібы неразумеючага, як ён сюды трапіў. Пацукі ўночы падымалі піск і вазню ў цёмных галярэях, прарытых імі за панеллю.
Панурае хараство парадных пакояў, якія смутна былі відаць у няпэўным святле, што прабівалася праз зачыненыя акяніцы, магло-б умацаваць уяўленне аб зачараваным жыллі. Такімі былі пацямнелыя лапы пазалочаных ільвоў, якія потайкам высоўваліся з-пад чахлоў; абрысы мрамарных бюстаў, якія злавесна прасвечвалі праз вуаль; гадзіннік, які ніколі не паказваў часу, або, калі выпадкова яго накручвалі, ішоў няправільна і біў гадзіну, якой не было на цыферблаце; нечаканае пазвякванне люстра, якое палохала мацней, чым набат; прыглушаныя гукі і лянівыя струмені паветра, якія павявалі на гэтыя прадметы, і зданнёвыя зборышчы іншых рэчаў, пакрытых саванамі і чахламі і набыўшых нерэальныя формы. Але, апрача ўсяго іншага, была тут вялікая лесвіца, дзе так рэдка ступала нага гаспадара дома. Былі тут і другія лесвіцы і карыдоры, па якіх ніхто не хадзіў тыднямі; былі два замкнёныя пакоі, звязаныя з памёршымі членамі сям'і, з успамінамі пра іх, якія перадаваліся шэптам.
Фларэнс жыла адна ў закінутым доме, і дзень праходзіў за днём, а яна, як і раней, жыла адна, і халодныя сцены паглядалі на яе безудзельным позіркам, нібы яны, прыпадабняючыся Гаргоне, вырашылі ператварыць яе маладосць і прыгажосць у камень.
Але Фларэнс тут квітнела. Кнігі, музыка і настаўнікі, якія прыходзілі штодзённа, былі адзінай яе кампаніяй, калі не лічыць С'юзен Ніпер і Дыагена, з якіх першая, прысутнічаючы на лекцыях сваёй маладой гаспадыні, сама рабілася не на жарты вучонай, а другі, паддаўшыся, магчыма, таму-ж змякчаючаму ўздзеянню, клаў галаву на выступ падаконніка і ўлетку раніцой бесклапотна глядзеў на вуліцу, то адплюшчваючы, то заплюшчваючы вочы; іншы раз навастраў вушы, кідаючы многазначны позірк якому-небудзь неспакойнаму сабаку, які быў запрэжан у цялежку і брахаў ўсю дарогу, а іншы раз, ахоплены гнеўным і бессвядомым успамінам пра мяркуемага свайго ворага недзе па суседству, кідаўся да дзвярэй, адкуль, пасля шумнай валтузні, трушком варочаўся назад з уласцівым яму забаўным добрадушшам і зноў клаў морду на выступ падаконніка з выглядам сабакі, які зрабіў паслугу грамадству.
Так жыла Фларэнс у сваім пустэльным доме, аддаючыся нявінным заняткам і думкам, і нішто не парушала яе спакою.
Але была адна думка, бадай ці ясная для яе самой, але палкая і ўпартая, якая падтрымлівала Фларэнс у яе намаганнях і ўмацоўвала пастаянствам мэты яе адданае юнае сэрца, якое падвяргалася такім жорсткім выпрабаванням.
Бацька не ведаў — з таго часу яна пераканала сябе ў гэтым, — як моцна яна яго любіць. Яна была вельмі маладая, у яе не было маці, і яна, або па сваёй віне, або па віне выпадку, да гэтага часу не ведала, як яму адкрыць, што яна яго любіць. Яна будзе цярплівай, пастараецца аўладаць з часам гэтым умельствам і дасягнуць таго, каб ён лепш уведаў сваё адзінае дзіця.
Гэта зрабілася мэтай яе жыцця. Ранішняе сонца асвятляла паблякшы дом і сустракала ў душы яго адзінокай гаспадыні гэтае рашэнне па-ранейшаму яркім і свежым. Такое рашэнне натхняла яе ва ўсіх штодзённых занятках, бо Фларэнс спадзявалася, што чым больш ведаў яна набудзе і чым больш удасканаліцца, тым прыемней будзе бацьку. Калі-ні-калі, са смуткам і са слязмі, яна сумнявалася ў тым, ці мае яна хоць у чым-небудзь поспех настолькі, каб здзівіць яго, калі яны зробяцца сябрамі. Іншы раз яна старалася адгадаць, ці няма такой галіны ведаў, якая можа яго зацікавіць больш, чым іншыя. І заўсёды, седзячы за кнігамі, нотамі, рукадзеллем, у часе ранішніх прагулак, яна бачыла перад сабою сваю ўсёпаглынаючую мэту. Дзіўны занятак для дзіцяці — вывучаць шлях да сэрца жорсткага бацькі.
Неяк раніцою С'юзен Ніпер стаяла перад сваёй маладой гаспадыняй, якая складала і запячатвала напісанае ёю пісьмо, і ўсім сваім выглядам паказвала, што яна ведае і ўхваляе яго змест.
— Лепш позна, чым ніколі, — любая міс Фларэнс, — сказала С'юзен, — і, на маю думку, нават візіт да гэтых старых Скетлсаў будзе найвялікшым шчасцем.
— Вельмі міла з боку сэра Барнета і лэдзі Скетлс, С'юзен, — адазвалася Фларэнс, мякка папраўляючы фамільярнасць гэтай маладой лэдзі ў адносінах да памянёнай сям'і, — з такой прыязнасцю аднавіць запрашэнне.
Міс Ніпер, якая ўносіла свае стараннасці ва ўсе справы, вялікія і малыя, і заўсёды аб'яўляла вайну грамадству, падціснула губы і паківала галавой, нібы выказваючы пратэст супроць бескарыслівасці Скетлсаў і гатоўнасць даказаць на судзе, што за сваю прыязнасць яны будуць шчодра ўзнагароджаны прысутнасцю Фларэнс.
— Яны то ўжо ведаюць, што робяць! — прамармытала міс Ніпер, уцягваючы ў сябе паветра. — Можаце не сумнявацца ў Скетлсах!
— Прызнаюся, С'юзен, мне не вельмі хочацца ехаць у Фаулем, — задумліва сказала Фларэнс, — але больш правільна было-б з'ездзіць. Бадай, так будзе лепш.
— Значна лепш, — уставіла С'юзен, зноў красамоўна кіўнуўшы галавой.
— І хоць, — прадаўжала Фларэнс, — я палічыла-б за лепшае паехаць, калі там нікога няма, а не цяпер, у часе вакацый, калі ў доме гасціць моладзь, усё-такі я з удзячнасцю прыняла запрашэнне.
— А я скажу на гэта, міс Флой: весяліцеся! — адказвала С'юзен.
— Як доўга няма ніякіх вестак аб Уолтэры, С'юзен! — памаўчаўшы, заўважыла Фларэнс.
— Доўга, міс Флой! — адазвалася яе служанка. — А Перч сказаў, калі толькі што прыходзіў сюды па пісьмы… але якое значэнне мае, што ён гаворыць! — усклікнула С'юзен, пачырванеўшы і запнуўшыся. — Многа ён ведае!
Фларэнс хутка падняла вочы, і румянец заліў яе твар.
— Калі ў мяне, — сказала С'юзен Ніпер, яўна перамагаючы нейкі таемны неспакой і трывогу, пазіраючы ва ўпор на сваю маладую гаспадыню і ў той-жа час стараючыся распаліць у сябе гнеў пры ўспаміне пра бяскрыўднага містэра Перча, — калі ў мяне не больш мужнасці, чым у гэтага з дурнейшых мужчын, я гатова ў далейшым ніколі не ганарыцца сваімі валасамі, закласці іх за вушы і насіць просты чапец без усякіх складак, пакуль смерць не вызваліць мяне ад маёй нікчэмнасці. Я-ж, можа, не амазонка[2], міс Флой, і не хацела-б сябе так калечыць, але ва ўсякім выпадку, спадзяюся, я не з тых, каго ахапляе роспач.
— Ахапляе роспач! Дзеля чаго? — з жахам усклікнула Фларэнс.
— Ды ні дзеля чаго, міс, — сказала С'юзен. — Ах, божа мой, ні дзеля чаго! Уся справа толькі ў гэтай мокрай папільётцы, Перчы, якога ўсякі можа раздушыць адным пальцам, і, дапраўды-ж, гэта было-б шчасцем для ўсіх, калі-б хто-небудзь яго пашкадаваў, і аказаў яму гэту паслугу.
— Чаму яго апаноўвае роспач? Карабль загінуў, С'юзен? — вельмі пабялеўшы, запыталася Фларэнс.
— Не, міс, — адказвала С'юзен. — Адважыўся-б ён толькі сказаць мне гэта адкрыта! Не, міс, але ён кажа, што ўжо гавораць аб гэтым караблі і што не бывала яшчэ выпадку, каб пра карабль, які пусціўся ў такое плаванне, так доўга не было ніякіх вестак, і што жонка капітана заходзіла ўчора ў кантору і здавалася крыху ўстрывожанай, але гэта-ж усякі мог-бы сказаць, мы гэта і раней ведалі.
— Перад ад'ездам я павінна наведаць дзядзю Уолтэра, С'юзен, — шпарка сказала Фларэнс. — Пайду пабачуся з ім сёння раніцой. Пайдзём зараз-жа, С'юзен!
З тае прычыны, што міс Ніпер не знайшла ніякіх пярэчанняў супроць гэтай прапановы і зусім яе ўхваліла, яны хутка сабраліся ў дарогу, вышлі на вуліцу і накіраваліся да маленькага Мічмана.
Параўняўшыся з Драўляным Мічманам, які стаяў на процілеглым баку, і стараючыся выбраць момант, каб перайсці вуліцу, яны ў першую хвіліну здзівіліся: ля дзвярэй інструментальнага майстра яны ўбачылі круглагаловага хлопчыка з тоўстай фізіяноміяй, задранай у неба, які, пакуль яны пазіралі на яго, нечакана засунуў у свой вялізны рот па два пальцы кожнай рукі і пры дапамозе такога прыстасавання, прывабліваючы высока лятаючых галубоў, вельмі-ж прарэзліва свіснуў.
— Старэйшы сын місіс Рычардс, міс, — сказала С'юзен, — і гора яе жыцця!
З прычыны таго, што Полі заходзіла расказаць Фларэнс пра ўваскросшыя надзеі на свайго сына, Фларэнс была падрыхтавана да гэтай сустрэчы; пакарыстаўшыся зручнай хвілінай, яны абедзве перабеглі праз вуліцу, не звяртаючы ўвагі на мучыцеля місіс Рычардс. Гэты аматар спорту, не ведаючы аб іх прыходзе, зноў засвістаў яшчэ мацней, а пасля закрычаў на ўсю сілу ад узрушэння: «Брадзягі! Го-о-оп! Брадзягі!», і гэты крык так падзейнічаў на сарамлівых галубоў, што, раздумаўшы ляцець проста ў які-небудзь горад на поўначы Англіі, — а такі быў, як відаць, першапачатковы іх намер, — яны пачалі кружыцца і сцішаць лёт, пасля чаго першынец місіс Рычардс зноў прарэзліва на іх свіснуў і закрычаў, заглушаючы вулічны шум: «Брадзягі! Го-о-оп! Брадзягі!»
З гэтага ўзрушанага стану ён быў нечакана выведзен і вернуты на зямлю штуршком міс Ніпер, якая ўпіхнула яго ў краму.
— Дык вось вы як раскайваецеся! А місіс Рычардс мучылася з-за вас столькі месяцаў! — сказала С'юзен, уваходзячы ўслед за ім. — Дзе містэр Джылс?
Роб, кінуўшы абураны позірк на міс Ніпер, памякчэў убачыўшы ўвайшоўшую Фларэнс, паднёс суставы пальцаў да валасоў, вітаючы апошнюю, і сказаў, што містэра Джылса няма дома.
— Прывядзіце яго дадому, — тонам загаду сказала міс Ніпер, — і перадайце яму, што тут мая маладая лэдзі.
— Я не ведаю, куды ён пайшоў, — сказаў Роб.
— Дык вось як вы раскайваецеся? — усклікнула С'юзен з уедлівым дакорам.
— Ну як-жа я магу пайсці і прывесці яго, калі не ведаю, куды ісці? — захныкаў зацкаваны Роб. — Ці можна быць такой неразумнай!
— Містэр Джылс сказаў, калі ён вернецца? — запыталася Фларэнс.
— Так, міс, — адказаў Роб, зноў прыкладаючы суставы пальцаў да валасоў. — Ён сказаў, што будзе дома хутка пасля поўдня; гадзіны праз дзве, міс.
— Ён вельмі непакоіцца аб сваім племянніку? — запыталася С'юзен.
— Так, міс, — адазваўся Роб, лічачы лепш звяртацца да Фларэнс і пагарджаючы Ніпер. — Я-б сказаў, што ён непакоіцца, вельмі непакоіцца. Ён і чвэрці гадзіны не праводзіць дома, міс. Пяці хвілін не можа пасядзець на месцы. Ён сланяецца, як… ну зусім як брадзяга, — сказаў Роб, нахіліўшыся, каб паглядзець праз акно на галубоў, і ўжо быў паднёс пальцы да рота, збіраючыся свіснуць, але своечасова стрымаўся.
— Вы ведаеце сябра містэра Джылса, якога завуць капітан Катль? — запыталася Фларэнс пасля нядоўгага раздум'я.
— Таго, што з кручком, міс? — абазваўся Роб, красамоўна сагнуўшы левую руку. — Так, міс. Ён тут быў на трэці дзень гэтага тыдня.
— А з таго часу не бываў? — запыталася С'юзен.
— Не, міс, — адказаў Роб, па-ранейшаму звяртаючыся да Фларэнс.
— Магчыма, С'юзен, дзядзя Уолтэра пайшоў туды? — сказала Фларэнс, звяртаючыся да яе.
— Да капітана Катля, міс? — умяшаўся Роб. — Не, міс, ён не туды пайшоў. Ён загадаў перадаць капітану Катлю, калі той зойдзе, як ён здзіўлен, што капітана не было ўчора, і каб капітан Катль пачакаў, пакуль ён вернецца.
— Вы ведаеце, дзе жыве капітан Катль? — запыталася Фларэнс.
Роб адказаў сцвярджальна і, паглядзеўшы ў зашмальцаваную пергаментную кнігу, якая ляжала на канторцы, уголас прачытаў адрас.
Фларэнс зноў павярнулася да сваёй служанкі і пачала раіцца з ёю ўпоўголаса, а круглавокі Роб, памятаючы аб тайным загадзе свайго апякуна, пазіраў і слухаў. Фларэнс прапанавала накіравацца да капітана Катля, даведацца ад яго самога, як ён ставіцца да адсутнасці вестак пра «Сына і Наследніка», і калі ўдасца, то прывесці яго сюды, каб пацешыць дзядзьку Соля. Спачатку С'юзен крыху пярэчыла, спасылаючыся на вялікую адлегласць; але калі яе гаспадыня спамянула пра наёмную карэту, яна ўзяла назад сваё пярэчанне і дала згоду. Размова прадаўжалася некалькі хвілін, перш чым яны прышлі да такога заключэння, а ў гэты час Роб, які выпучваў вочы, уважліва сачыў за абодвума субяседніцамі і прыслухоўваўся то да адной, то да другой, нібы яго прызначалі быць суддзёй у спрэчцы.
Нарэшце, Роба паслалі па карэту, а наведвальніцы асталіся ў краме; калі ён вярнуўся, яны селі ў экіпаж, загадаўшы перадаць дзядзьку Солю, што абавязкова наведаюцца да яго едучы назад.
Наёмная карэта, перамогшы нечуваныя перашкоды ў выглядзе разводных мастоў, невыбрукаваных вуліц, непраходных каналаў, караванаў бочак, гародаў, засаджаных бобам, маленькіх пральняў і іншых падобных перашкод, якіх так многа было ў гэтай мясцовасці, спынілася на рагу Брыг-плейс. Вышаўшы тут з карэты, Фларэнс і С'юзен Ніпер пайшлі па вуліцы, шукаючы жыллё капітана Катля.
На няшчасце, здарылася так, што ў гэты дзень у місіс Мак-Стынджэр адбывалася генеральная чыстка. У такія дні місіс Мак-Стынджэр будзіў ад сну палісмен, які стукаў у дзверы без чвэрці тры раніцы, а яна рэдка калі клалася спаць раней дванаццаці гадзін ночы. Галоўная мэта гэтай працэдуры заключалася, як відаць, у тым, што досвіткам місіс Мак-Стынджэр выносіла ўсю мэблю ў садзік, увесь дзень сланялася па доме ў патэнах[3], а на змроку зноў уносіла мэблю ў дом. Гэта цырамонія прыводзіла ў вялікае трапятанне галубянят — юных Мак-Стынджэраў, — якім у такіх выпадках не толькі не было куды ступіць, але і звычайна даставалася нямала ўдараў дзюбай ад матулі, пакуль прадаўжаўся ўрачысты абрад.
У той момант, калі Фларэнс і С'юзен Ніпер з'явіліся ў дзвярах місіс Мак-Стынджэр, гэта годная, але грозная асоба цягнула па карыдоры Александра Мак-Стынджэра, — узрост два гады тры месяцы, — каб гвалтоўна памясціць яго ў сядзячым становішчы на тратуары; твар у Александра пачарнеў, бо ён задыхаўся пасля заслужанага пакарання, а ў такіх выпадках халодная тратуарная пліта звычайна была вельмі добрым сродкам для аднаўлення сіл.
Пачуцці місіс Мак-Стынджэр, як жанчыны і маці, былі зняважаны, калі яна заўважыла спачувальны позірк Фларэнс, які быў скіраваны на Александра.
— Прабачце, пані, — сказала Фларэнс, калі дзіця пачало зноў дыхаць, — гэта дом капітана Катля?
— Не, — сказала місіс Мак-Стынджэр.
— Гэта не дзевяты нумар? — нерашуча запыталася Фларэнс.
— Хто кажа, што гэта не дзевяты нумар? — запярэчыла місіс Мак-Стынджэр.
С'юзен Ніпер зараз-жа ўмяшалася і папрасіла растлумачыць, што хоча сказаць місіс Мак-Стынджэр і ці вядома ёй, з кім яна размаўляе.
Місіс Мак-Стынджэр, помсцячы, пагардліва зірнула на яе.
— Хацела-б я ведаць, што вам патрэбна ад капітана Катля? — сказала місіс Мак-Стынджэр.
— Хацелі-б? У такім выпадку шкадую, што ваша цікаўнасць не будзе задаволена, — адрэзала міс Ніпер.
— Ціха, С'юзен, прашу вас! — сказала Фларэнс. Магчыма, пані, вы будзеце такой добрай і скажаце нам, дзе жыве капітан Катль, калі ён жыве не тут, як вы кажаце.
— Хто гаворыць, што ён жыве не тут? — запярэчыла няўмольная Мак-Стынджэр. — Я сказала, што гэта дом не капітана Катля, і гэта не яго дом, і крый божа, каб гэта быў калі-небудзь яго дом, бо капітан Катль не ўмее кіраваць домам і не заслугоўвае таго, каб мець дом; гэта мой дом, а калі я здаю верхні паверх капітану Катлю, то ніякай падзякі я ад яго не бачу і рассыпаю бісер перад свіннёй.
Робячы гэтыя заўвагі, місіс Мак-Стынджэр павысіла голас, маючы на ўвазе вокны верхняга паверха, і рэзка выпальвала кожнае абвінавачанне, нібы са стрэльбы з вялікім мноствам ствалоў. Калі прагучаў апошні стрэл, пачуўся голас капітана, які слаба пратэставаў са свайго пакоя:
— Ціха там, унізе!
— Калі вам патрэбен капітан Катль, вунь ён! — сказала місіс Мак-Стынджэр, злосна махнуўшы рукой.
Калі Фларэнс без далейшых размоў адважылася ўвайсці, а С'юзен рушыла за ёю, місіс Мак-Стынджэр зноў пачала прагульвацца ў патэнах, а Александр Мак-Стынджэр (па-ранейшаму на тратуарнай пліце), які змоўк, пакуль прыслухоўваўся да гутаркі, заплакаў зноў, забаўляючыся ў часе гэтай панурай працэдуры, якую ён прарабляў зусім машынальна, агляданнем вуліцы з наёмнай карэтай у канцы яе.
Капітан сядзеў у сваім пакоі, засунуўшы рукі ў кішэні і падкурчыўшы ногі пад крэсла, на вельмі маленькім пустэльным астраўку сярод акіяна мыльнай вады. Вокны ў капітана былі вымытыя, сцены вымытыя, печ вычышчаная, і ўсё, апрача печы, было мокрым і бліскучым ад вадкага мыла і пяску, а паветра насычана пахам гэтага маскацельнага тавару. Сярод такога панурага пейзажа капітан, выкінуты на свой востраў, нудна паглядаў на водную прастору і як быццам чакаў, што падплыве якая- небудзь выратавальная барка і забярэ яго.
Нехапае слоў, каб апісаць здзіўленне капітана, калі ён, павярнуўшы збянтэжаную фізіяномію да дзвярэй, убачыў Фларэнс, якая з'явілася са сваёй служанкай.
Аднак, самаўладанне зараз-жа вярнулася да яго, і першымі клопатамі капітана было пераправіць яе на сухазем'е, што ён удачна і зрабіў адным рухам рукі. Вышаўшы пасля ў адкрытае мора, капітан Катль адразу абхапіў за талію міс Ніпер і перанёс таксама і яе на востраў.
— Вядома, вы здзіўлены ўбачыўшы нас, — з усмешкай сказала Фларэнс.
Бязмерна ашчасліўлены капітан у адказ пацалаваў свой кручок і прамармытаў, нібы гэтыя словы былі ўтончаным і ўдакладненым кампліментам.
— Трымайся мацней!
Але я не была-б спакойнай, — прадаўжала Фларэнс, — калі-б не даведалася ад вас, што вы думаеце аб мілым Уолтэры — цяпер ён мне брат, — і ці ёсць падставы баяцца з-за яго, і ці будзеце вы штодзённа наведваць і ўцяшаць яго беднага дзядзю, пакуль мы не атрымаем вестак пра Уолтэра?
Пры гэтых словах капітан Катль нібы машынальна схапіўся рукой за галаву, на якой не было жорсткага глянцавітата капялюша, і збянтэжыўся.
— Вы баіцеся за Уолтэра? — запыталася Фларэнс.
— Не, Радасць Сэрца, — сказаў капітан Катль, — я не баюся! Такі хлопчык, як Уольр, вытрымае нямала бураў. Такі хлопчык, як Уольр, прынясе шчасце гэтаму самаму брыгу[4].
— Я не баюся, Радасць майго Сэрца, — паўтарыў капітан. — Штормы ў тых шыротах на дзіва моцныя, гэтага нельга адмаўляць, і, магчыма, іх адносіла, адносіла і загнала на другі канец свету. Але судно надзейнае, і хлопчык надзейны, і дзякаваць богу, — капітан пакланіўся, — не так та лёгка разбіць сэрцы з дуба, ці знаходзяцца яны на брызе, ці ў грудзях. У нас ёсць і тыя, і іншыя, а гэта абяцае шчаслівы канец, і таму я пакуль што ніколькі не баюся.
— Пакуль? — паўтарыла Фларэнс.
— Ніколькі, — адказваў капітан, цалуючы сваю жалезную руку, — а перш чым я пачну баяцца, Радасць майго Сэрца, Уольр нам напіша з вострава або з якога-небудзь порта, і ўсё прыдзе ў поўны парадак і спраўнасць. Што-ж датычыць старога Соля Джылса, — тут капітан загаварыў урачыста, — якога я буду моцна падтрымліваць і не пакіну, пакуль смерць нас не разлучыць, і калі для Соля Джылса будзе ўцяшэннем выслухаць думку марака, у якога хопіць розуму справіцца з любой справай, якую ён уздумае абардыраваць[5], і якому ледзь галавы не праламалі ў гады вучэння, і чыё імя — Бансбі, дык гэты самы чалавек выкажа яму ў яго-ж у гасцінай такую думку, што зусім яго аглушыць. Так! — пахваляючыся заўважыў капітан Катль. — Аглушыць так, як калі-б яго ўдарылі галавой аб дзверы.
— Прывядзем да яго гэтага джэнтльмена і паслухаем, што ён нам скажа! — усклікнула Фларэнс. — Ці не паедзеце вы цяпер з намі? Нас чакае карэта.
Зноў капітан схапіўся рукой за галаву, на якой не было жорсткага глянцавітага капялюша, і збянтэжыўся. Але ў гэты самы момант здарылася ў вышэйшай ступені выдатная падзея.
Дзверы адчыніліся без усякіх папярэджанняў і, як відаць, самі; памянёны жорсткі глянцавіты капялюш уляцеў у пакой, як птушка, і цяжка апусціўся ля ног капітана. Затым дзверы захлопнуліся таксама шпарка, як расчыніліся, і ніякіх растлумачэнняў гэтага цуда не паследвала.
Капітан Катль падняў свой капялюш і, агледзеўшы яго з цікаўнасцю і прыемнасцю, пачаў выціраць рукавом. Займаючыся гэтай справай, капітан зырка зірнуў на сваіх наведвальніц і паціху сказаў:
— Бачыце, я хацеў імчацца да Соля Джылса на ўсіх парусах учора і сёння раніцой, але яна… яна забрала яго і схавала. Вось у чым справа.
— Божа-ж мой, хто-ж гэта зрабіў? — запыталася С'юзен Ніпер.
— Гаспадыня дома, дарагая мая, — хрыплым шэптам адказаў капітан, знакамі прапаноўваючы захоўваць асцярожнасць. — Мы з ёю пасварыліся з-за мыцця швабрай вось гэтай палубы, а яна… — сказаў капітан, паглядаючы на дзверы і глыбока ўздыхаючы, — карацей кажучы, яна мяне заняволіла.
— О! Хацела-б я, каб яна мела справу са мною! — усклікнула С'юзен, расчырванеўшыся ад узрушэння. — Я-б ёй паказала!
— Думаеце, што паказалі-б, дарагая мая? — адазваўся капітан, недаверліва ківаючы галавой, але яўна зачароўваючыся адважнай храбрасцю ўзрушанай красуні. — Не ведаю. Плаванне цяжкае. З ёю вельмі нялёгка справіцца, дарагая мая. Ніколі, ведаеце, не адгадаеш, які яна курс возьме. Цяпер яна ідзе проста ўперад, а праз хвіліну паварачвае на вас. А ўжо калі ёю авалодае… — прадаўжаў капітан, і на ілбе ў яго выступіў пот. Толькі свістам можна было энергічна закончыць фразу, і таму капітан нерашуча свіснуў. Пасля гэтага ён зноў паківаў галавой і, зноў зачараваны шалёнай смеласцю міс Ніпер, нясмела паўтарыў: — Думаеце, што паказалі-б, дарагая мая?
С'юзен адказала толькі задорнай усмешкай, але такой задзёрыстай, што цяжка сказаць, як доўга глядзеў-бы на яе капітан Катль, калі-б Фларэнс, апанаваная трывогай, не паўтарыла сваёй прапановы накіравацца зараз-жа да Бансбі. Пасля такога напамінку пра абавязак капітан Катль моцна націснуў глянцавіты капялюш, узяў другі сучкаваты кій, якім замяніў той, што падарыў Уолтэру, і, прапанаваўшы руку Фларэнс, падрыхтаваўся прарвацца праз варожы строй.
Аднак, здарылася так, што місіс Мак-Стынджэр ужо змяніла курс і павярнула зусім у другі бок, — паводле слоў капітана, яна рабіла гэта часта. Бо, спусціўшыся ўніз, яны пераканаліся, што гэта прыкладная жанчына выбівае ля ўваходных дзвярэй маты, у той час як Александр, седзячы па-ранейшаму на тратуарнай пліце, смутна вырысоўваецца ў воблаку пылу. І так была захоплена місіс Мак-Стынджэр сваімі хатнімі справамі, што пачала біць яшчэ мацней, калі міма праходзіў капітан Катль са сваімі спадарожніцамі, і ні словам, ні жэстам не абазвалася на іх прысутнасць.
Яны шчасліва дабраліся да рогу Брыг-плейс, і капітан, узабраўшыся на козлы, — бо галантнасць яму не дазваляла ехаць у карэце з лэдзі, хоць яго і прасілі аб гэтым, — узяў на сябе абавязкі лоцмана, паказваючы фурману дарогу да судна капітана Бансбі, якое называлася «Асцярожная Клара» і стаяла на якары ля Раткліфа.
Прыбыўшы ў гавань, капітан Катль паявіўся ля акна карэты і прапанаваў Фларэнс і міс Ніпер ісці з ім на борт, заўважыўшы, што Бансбі ў вышэйшай ступені мяккасардэчны ў адносінах да лэдзі і іх з'яўленне на барту «Асцярожнай Клары» будзе садзейнічаць хутчэй, чым што-б там ні было, прывядзенню ў гармонію неабсяжнага яго розуму.
Фларэнс ахвотна згадзілася, і капітан, узяўшы яе маленькую ручку сваёй вялізнай лапай, павёў яе па вельмі брудных палубах з такім заступніцкім, бацькаўскім, ганарыстым і цырамонным выглядам, што прыемна было на яго глядзець; нарэшце, падышоўшы да «Клары», яны пераканаліся, што гэтае асцярожнае судно (якое стаяла апошнім у радзе) прыняло сходні, і футаў шэсць вады аддзяляюць яго ад бліжэйшага суседа. З тлумачэнняў капітана Катля высветлілася, што з вялікім Бансбі, таксама як і з ім самім, люта абыходзіцца яго кватэрная гаспадыня, і калі яе абыходжанне перавышае меру яго цярпення, ён, выкарыстоўваючы апошні сродак, робіць паміж імі гэту прорву.
— «Клара», э-хой! — крыкнуў капітан, прыстаўляючы руку да рота.
— Э-хой! — як водгулле, адклікнуўся юнга, узбягаючы наверх.
— Бансбі на барту? — запытаўся капітан грымотным голасам, нібы быў на адлегласці поўмілі, а не двух ярдаў.
— Так! так! — у тон яму крыкнуў юнга.
Пасля юнга перакінуў дошку капітану Катлю, які клапатліва яе прыладзіў, перавёў Фларэнс, а пасля вярнуўся па міс Ніпер. Такім чынам, яны стаялі на палубе «Асцярожнай Клары», дзе на вантах загатаўлялася на доўга развяваючаеся адзенне, а таксама некалькі языкоў і макрэль.
Павольна падымаючыся над сценкай каюты, паказалася чалавечая галава, і вельмі вялікая, з адным нерухомым вокам на твары колеру чырвонага дрэва і адным, якое паварочвалася, як бываюць зроблены некаторыя маякі. Гэтая галава была ўпрыгожана калматымі валасамі, якія нагадвалі пакулле, і не мелі пэўнага цягацення к поўначы, усходу, поўдню або захаду, але цягацелі да ўсіх чвэрцей компаса і да кожнага яго дзялення. Следам за галавой паказаўся пазбаўлены ўсякай расліннасці падбародак, каўнерык кашулі з шыйнай хусткай, суконная лоцманская куртка і пара суконных лоцманскіх штаноў з такім шырокім і высокім поясам, што ён мог замяніць жылет і быў упрыгожан масіўнымі драўлянымі гузікамі, падобнымі да шашак. Калі выявілася ніжняя частка гэтых штаноў, Бансбі паказаўся, як на далоні; рукі неймавернай велічыні ў кішэнях, позірк накіраван не на капітана Катля або лэдзі, а на топ-мачту.
Шапнуўшы Фларэнс, што Бансбі ні разу ў жыцці не здіўляўся і, відаць, нават не ведае, што гэта азначае, капітан сказаў:
— Бансбі, дружа, як справы?
Пачуўся грубы, хрыплы голас, які быццам не меў адносін да Бансбі і ва ўсякім выпадку не выклікаў ні малейшага змянення ў яго твары:
— А, прыяцель, як маецеся?
У той-жа час правая рука Бансбі, вынырнуўшы з кішэні, паціснула руку капітану і зноў рушыла ў кішэню.
— Бансбі, — сказаў капітан, адразу прыступіўшы да справы, — вось вы — чалавек вялікага розуму, чалавек, які можа выказаць сваю думку. Вось маладая лэдзі, якая хоча выслухаць гэту думку адносна майго сябра Уольра, таксама як і другі мой сябра, Соль Джылс, — да яго вам варта наблізіцца на адлегласць воклічу, — які, будучы чалавекам навукі, якая з'яўляецца маткай вынаходлівасці, не ведае ніякіх законаў. Бансбі, хочаце зрабіць мне ласку, павярнуць праз фардэвінд[6] і рушыць з намі?
— Прыяцель, — нечакана сказаў Бансбі, нахіляючыся і паглядаючы пад перакладзіну, што засланяла яму далячынь, — што будуць піць гэтыя лэдзі?
Капітан Катль, чыя далікатнасць была закранута такім пытаннем, паколькі яно тычылася Фларэнс, адвёў мудраца ў бок і, растлумачыўшы яму штосьці на вуха, рушыў з ім уніз; каб не пакрыўдзіць яго, капітан выпіў чарачку, а Фларэнс і С'юзен, заглядаючы ў адкрыты люк, бачылі, як мудрэц, з цяжкасцю праціскаючыся паміж ложкам і вельмі маленькай меднай печкай, налівае сабе і сябру. Неўзабаве яны вярнуліся на палубу, і капітан, радуючыся ад поспеху сваёй зацеі, павёў Фларэнс да карэты, а Бансбі ішоў за ім, суправаджаючы міс Ніпер, якую ён, нібы сіні мядзведзь, абдымаў рукой, пакрытай лоцманскім сукном (к вялікаму абурэнню гэтай маладой лэдзі).
Капітан усадзіў Бансбі ў экіпаж і, будучы ў захапленні ад таго, што залучыў яго і ўсадзіў гэты вялікі розум у карэту, не мог утрымацца, каб не паглядаць на Фларэнс у акенца за спіной фурмана і не выяўляць свайго захаплення ўсмешкамі, а таксама пастукваннем сябе па ілбе, намякаючы ёй, што мозг Бансбі працуе ўзмоцнена. Тым часам Бансбі, усё яшчэ абдымаючы міс Ніпер (бо яго сябра капітан не пераўвялічыў яго мяккасэрдэчнасці), нязменна захоўваў урачыстую асанку і ніякай увагі не звяртаў ні на яе, ні на каго-б там ні было.
Дзядзька Соль, які тым часам вярнуўся дадому, сустрэў іх ля дзвярэй і зараз-жа ўвёў у маленькую заднюю гасціную, якая дзіўна змянілася з часу ад'езду Уолтэра. На стале і па ўсім пакоі былі раскладзены марскія і геаграфічныя карты, па якіх прыгнечаны інструментальны майстар зноў і зноў сачыў па морах шлях прапаўшага без вестак судна.
— Калі яго аднесла сюды… — гаварыў дзядзька Соль, дапытліва гледзячы на карту, — але не, гэта амаль што немагчыма. Або калі шторм загнаў яго сюды… але гэта непраўдападобна. Або ёсць нейкая надзея, што яно змяніла курс настолькі, што… але нават я не магу гэтаму верыць!
Кідаючы гэтыя адрывістыя фразы, бедны стары дзядзька Соль вандраваў па разасланаму перад ім велізарнаму лісту і не знаходзіў на ім пункта, які-б жывіў надзеі і быў дастаткова буйным, каб змясціць востры канец цыркуля.
Фларэнс адразу заўважыла — цяжка было-б не заўважыць, — што са старым адбылася нейкая дзіўная перамена, і хоць ён зрабіўся яшчэ больш неспакойным і няўважлівым, чым звычайна, аднак, разам з гэтым адчувалася надзвычайная рашучасць, якая прыводзіла яе ў неразуменне. Ёй здавалася, што ён гаворыць няскладна і як папала, бо, калі яна выказала шкадаванне з прычыны яго адсутнасці раніцой, ён спачатку адказваў, што заходзіў да яе, але, як відаць, зараз-жа гатоў быў узяць гэтыя словы назад.
— Вы заходзілі да мяне? — сказала Фларэнс. — Сёння?
— Так, дарагая мая юная лэдзі, — адказваў дзядзька Соль збянтэжана паглядзеўшы на яе і пасля адвёўшы позірк. — Я хацеў яшчэ разок убачыць і пачуць вас, перш чым…
— Перш чым?.. Перш чым — што? — запыталася Фларэнс, паклаўшы яму руку на плячо.
— Хіба я сказаў «перш чым»? — адазваўся стары Соль. — Ну, у такім выпадку, напэўна, я хацеў сказаць — перш чым мы атрымаем весткі пра майго дарагога хлопчыка.
— Вы нездаровы, — пяшчотна сказала Фларэнс. — Вы так непакоіліся. Я ўпэўнена, што вы нездаровы.
— Я здароў, — запярэчыў стары, сціскаючы правую руку і выцягваючы яе, каб паказаць Фларэнс, — здаровы і моцны, як толькі можа пажадаць чалавек у мае гады. Бачыце. Не дрыжыць! Хіба гаспадар яе не здолен на такую-ж рашучасць і стойкасць, як і многія іншыя, маладзейшыя за яго? Думаю, што здолен. Пабачым.
Не столькі словы яго — хоць і яны ёй запомніліся, — колькі тон зрабіў на Фларэнс такое ўражанне, што яна гатова была ў тую-ж хвіліну расказаць пра сваю трывогу капітану Катлю, калі-б капітан не скарыстаў гэтай хвіліны для таго, каб растлумачыць акалічнасць справы, адносна якой патрабавалася думка праніклівага Бансбі, і звярнуцца да гэтай аўтарытэтнай асобы з просьбай выказаць яе.
Бансбі, чыё вока па-ранейшаму было накіравана да нейкага пункта на поўдарозе паміж Лонданам і Грэйвзэндам, разы тры працягваў правую руку, апранутую ў грубое сукно, каб, у пошуках натхнення, абхапіць ёю прыгожую талію міс Ніпер; але, з прычыны таго, што гэта маладая асоба ў злосці сваёй села ў другім канцы стала, мяккае сэрца камандзіра «Асцярожнай Клары» не сустрэла водгуку на свой парыў. Пасля некалькіх няўдачных спроб камандзір ні да каго не звяртаючыся, загаварыў або, правільней, голас у ім сказаў самохаць і зусім незалежна ад яго самаго, нібы Бансбі быў апантаны ахрыплым духам:
— Мяне завуць Джэк Бансбі!
— Яму далі імя Джон! — крыкнуў узрушаны капітан Катль. — Слухайце яго!
— І калі я што скажу, — пасля некаторага задумення прадаўжаў голас, — я ад гэтага не адступлю.
Капітан, які стаяў побач з Фларэнс, кіўнуў слухачам, нібы хацеў растлумачыць: «Зараз ён сябе пакажа. Вось што я меў на ўвазе, калі прывёў яго».
— Чаму-ж? — прадаўжаў голас. — Чаму не сказаць? Хіба не ўсёроўна? Хто можа сказаць інакш? Ніхто! Такім чынам — стоп!
Давёўшы свае разважанні да гэтага пункту, голас спыніўся і адпачыў. Пасля зноў загаварыў вельмі павольна.
— Ці лічу я, рэбяты, што гэты «Сын і Наследнік» мог патануць? Магчыма. Ці гавару я гэта? Навошта? Калі шкіпер выходзіць з канала Сент-Джордж, трымаючы курс на Даунс, што ляжыць перад ім? Пяскі Гудуіна. Яго не прымушаюць налятаць на пяскі, але ён можа наляцець. Трымайцеся па курсу гэтага назірання. Гэта ўжо не мая справа. Такім чынам, стоп, трымайце бадзёра вахту, і жадаю вам удачы.
Тут голас аддаліўся з задняй гасцінай і вышаў на вуліцу, цягнучы з сабою камандзіра «Асцярожнай Клары» і спадарожнічаючы яму з належнай паспешнасцю на борт судна, дзе той умомант лёг паспаць і дрыматой асвяжыў свой розум.
Вучні мудраца, вымушаныя самастойна прымяняць яго ўказанні, пераглянуліся крыху збянтэжана. Аднак капітан Катль, чыё захапленне Бансбі ўзмацнілася — калі гэта толькі магчыма, — калі той так бліскуча апраўдаў сваю рэпутацыю і даў памянёнае ўрачыстае тлумачэнне, пачаў гаварыць, што Бансбі зусім упэўнен, што ў Бансбі няма ніякіх апасак і думка, выказаная такім чалавекам, народжаная такім розумам, як яго розум, з'яўляецца якарам самой Надзеі, і якарная стаянка добрая. Фларэнс старалася паверыць, што капітан кажа праўду, але Ніпер, моцна склаўшы рукі, рашуча ківала галавой і верыла Бансбі не больш, чым самому містэру Перчу.
Як відаць, філосаф пакінуў дзядзьку Соля ў такім-жа стане, у якім застаў яго, бо той па-ранейшаму вандраваў па морах, трымаючы ў руцэ цыркуль і не знаходзячы для яго прыстанішча. У той час як стары быў захоплен гэтым заняткам, Фларэнс шапнула штосьці на вуха капітану Катлю, і той паклаў яму на плячо сваю цяжкую руку.
— Трымайцеся мацней, стары прыяцель! — усклікнуў капітан. — Будзьце бадзёрымі! Вось што я вам скажу, Соль Джылс: спачатку я правяду дадому Радасць Сэрца, — і капітан, вітаючы Фларэнс, пацалаваў свой кручок, — а пасля вярнуся і вазьму вас на буксір да самага вечара. Вы пойдзеце са мною, Соль, і мы дзе-небудзь паабедаем разам.
— Не сёння, Нэд! — шпарка сказаў стары, які быў чамусьці спалохан гэтай прапановай. — Не сёння! Я не магу!
— Чаму? — запытаўся капітан, пазіраючы на яго са здзіўленнем.
— У мяне… у мяне столькі справы. Гэта значыць мне многае трэба абдумаць і прывесці ў парадак. Дапраўды-ж, не магу, Нэд. Сёння мне трэба яшчэ раз выйсці з дому, пабыць аднаму і шмат аб чым падумаць.
Капітан паглядзеў на інструментальнага майстра, паглядзеў на Фларэнс і зноў на інструментальнага майстра.
— У такім выпадку заўтра, — прапанаваў ён, нарэшце.
— Так, так! Заўтра! — сказаў стары. Успомніце пра мяне заўтра. Значыцца — заўтра. Сціснуўшы надзвычай горача абедзве рукі капітана, стары павярнуўся да Фларэнс, склаў яе рукі ў сваіх і паднёс іх да губ, пасля з вельмі дзіўнай паспешнасцю павёў яе да карэты. Наогул ён зрабіў такое моцнае ўражанне на капітана Катля, што той затрымаўся і загадаў Робу быць асабліва паслухмяным і ўважлівым да свайго гаспадара да заўтрашняй раніцы; сваё распараджэнне капітан падмацаваў выдачай шылінга і абяцаў яшчэ шэсць пенсаў да поўдня на другі дзень. Зрабіўшы гэтую добрую справу, капітан Катль, які лічыў сябе натуральным і законным ахоўнікам Фларэнс, узлез на козлы, вельмі добра разумеючы ўскладзеную на яго адказнасць, і праводзіў яе да дома. Развітваючыся, ён запэўніў яе, што будзе трымацца моцна, не адыходзячы ад Соля Джылса, і яшчэ раз запытаўся ў С'юзен Ніпер, бо не мог забыцца смелых яе слоў адносна місіс Мак-Стынджэр:
— Дык вы думаеце, што паказалі-б ёй, мілая?
- ↑ Гаргона (грэчаскі міф) — адна з трох сясцёр, страшных жанчын; галовы іх былі ўпрыгожаны змеямі замест валасоў, і позірк іх ператвараў людзей у камень.
- ↑ Амазонкі (грэч. міф.) — (бязгрудыя) ваяўнічае племя жанчын, якія быццам-бы насялялі Скіфію. Згодна легендзе, яны адрэзалі сабе правыя грудзі, каб з большым майстэрствам уладаць лукам.
- ↑ Патэны — драўляныя падэшвы, якія прымацоўваюцца да бацінка раменьчыкамі; замянялі галёшы.
- ↑ Брыг — невялікае паруснае судно з двума мачтамі.
- ↑ Абардыраваць — узяць на абардаж, г. зн. прыстаць борт да барта да варожага судна і завалодаць ім у рукапашным баі.
- ↑ Фардэвінд — ход судна за ветрам.