Перайсці да зместу

Домбі і сын/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел I. Домбі і сын Раздзел II, у якім своечасова прымаюцца захады з прычыны нечаканага збегу акалічнасцей, якія ўзнікаюць часам у самых упарадкаваных сем’ях
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел III, у якім містэр Домбі, як чалавек і бацька, паказан на чале свайго хатняга дэпартамента

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ II

у якім своечасова прымаюцца захады з прычыны нечаканага збегу акалічнасцей, якія ўзнікаюць часам у самых упарадкаваных сем'ях.

— Я ніколі не пакіну радавацца таму, — заявіла місіс Чык, — што сказала, калі менш за ўсё магла прадбачыць тое, што здарылася, — сапраўды, мне нібы нешта ўспала на думку, — сказала, што я ўсё дарую гаротнай дарагой Фані. Што-б ні здарылася, гэта назаўсёды астанецца для мяне ўцяшэннем!

Гэту унушальную заўвагу місіс Чык зрабіла ў гасцінай, куды спусцілася зверху, дзе наглядала за швачкамі, занятымі шыццём траурнага адзення на сям’ю. Яна сказала яе ў інтарэсах містэра Чыка, дароднага лысага джентльмена, з вельмі шырокім тварам, які заўсёды трымаў рукі ў кішэнях і меў прыроджаную ўласцівасць насвістваць і мармытаць арыі, уласцівасць, якую ён, разумеючы непрыстойнасць падобных гукаў у доме смутку, ледзьве стрымліваў у сучасны момант.

— Не ператамляйцеся, Лу, — сказаў містэр Чык, — а не то у вас будзе прыпадак. Ля-ля-ля, пам-пам-пім! Ах, божа-ж мой, забыўся! Сёння мы жывыя, а заўтра памром!

Місіс Чык задаволілася дакорлівым позіркам, а пасля прадаўжала сваю размову.

— Так, — сказала яна, — спадзяюся, гэтая ўзрушаючая падзея паслужыць для ўсіх нас перасцярогай і навучыць нас быць бадзерымі і своечасова рабіць намаганні, калі яны ад нас патрабуюцца. 3 усяго можна пачарпнуць мараль, калі-б мы толькі умелі ёю карыстацца. Наша будзе віна, калі мы і цяпер яе ўпусцім.

Містэр Чык парушыў урачыстую цішыню, якая настала адразу пасля гэтай заўвагі, у вышэйшай ступені не да месца спевам: «Шавец ён быў» і, перапыніўшы яго з некаторай збянтэжанасцю, сказаў, што, бясспрэчна, гэта наша віна, калі мы не выкарыстоўваем такіх сумных падзей.

— Я думаю, містэр Чык, што ад іх можна атрымаць больш карысці, — запярэчыла яго жонка пасля нядоўгага маўчання, — калі не напяваць бяссэнснага і нячулага матыву: «рам-пам-пам, ля-ля, ля-лям!» — якім містэр Чык сапраўды цешыў сябе цішком і які місіс Чык узнавіла з бязмернай пагардай.

— Гэта толькі прывычка, дарагая мая, — папрасіў прабачэння містэр Чык.

— Глупства! Прывычка! адазвалася жонка. — Калі Вы стварэнне разумнае, не карыстайцеся такімі недарэчнымі тлумачэннямі. Прывычка! Калі-б у мяне развілася прывычка, як вы гэта называеце, разгульваць па столі, як мухі, думаю, што я досыць пра гэта наслухалася-б.

Здавалася вельмі падобным на праўду, што такая прывычка заслужыла-б некаторую вядомасць, а таму містэр Чык не адважыўся аспрэчваць гэтае меркаванне.

— Як маецца дзіцянё, Лу? — запытаўся містэр Чык, жадаючы перамяніць тэму гаворкі.

— Пра якое дзіцянё вы гаворыце? — запыталася Місіс Чык. — Дапраўды-ж, ні адзін разважлівы чалавек не паверыў-бы, якая жахлівая раніца для мяне была там унізе, у сталовай, з гэтай масай дзяцей.

— Маса дзяцей? — паўтарыу містэр Чык, з трывогай азіраючыся.

— Вельмі многія здагадаліся-б, — прадаўжала місіс Чык, — што цяпер, калі больш няма з намі беднай любай Фані, узнікае патрэба падшукаць карміліцу.

— О! А! — праказаў містэр Чык. — Трам-там… Такое жыццё, хацеў я сказаць. Спадзяюся, вы знайшлі сабе па густу, дарагая мая? — Вядома, не знайшла, — адказала місіс Чык, — і бадай ці знайду, як я магу прадбачыць. А тым часам дзіця, вядома…

— Адправіцца да ўсіх чарцей, — глыбокадумна заўважыў містэр Чык. — Бясспрэчна.

Аднак, паведамлёны аб сваім промаху тым абурэннем, якое адлюстравалася на твары місіс Чык ад думкі аб якім-бы там ні было Домбі, які накіроўваецца ў такія месцы, і спадзеючыся загладзіць сваю памылку бліскучай ідэяй, ён дадаў:

— Ці не можна часова пакарыстацца чайнікам?

Калі ў яго быў намер хутчэй скончыць размову, ён не мог-бы зрабіць гэта з большым поспехам.

Кінуўшы на яго позірк, які выказваў маўклівую пакорлівасць лёсу, місіс Чык велічна прайшла да акна і паглядзела праз фіранку, зацікаўленая стукам калёс. Містэр Чык, пераканаўшыся, што ў сучасны момант лёс супроць яго, не сказаў больш ні слова і пайшоў.

Міс Токс прыехала на калёсах, якія толькі што ўпаміналіся, і ўварвалася ў пакой, цяжка дыхаючы.

— Дарагая мая Луіза, — сказала міс Токс, — месца яшчэ не занята?

— Не, добрая вы душа, — адказвала місіс Чык.

— У такім выпадку, дарагая мая Луіза, — прадаўжала міс Токс, — я веру і спадзяюся… Але пачакайце хвілінку, дарагая мая, я прадстаўлю вам зацікаўлены бок.

Збегшы ўніз з такою-ж хуткасцю, з якой узбегла наверх, міс Токс высадзіла зацікаўлены бок з наёмнай карэты і неўзабаве вярнулася ведучы яго пад канвоем.

Міс Токс эскартыравала пухлую і румяную, квітнеючую маладую жанчыну з тварам, падобным да яблыка, якая трымала на руках дзіця; жанчыну яшчэ маладзейшую, не такую пухлую, але таксама з тварам, падобным да яблыка, якая вяла за рукі пухлых дзяцей з тварамі, падобнымі да яблыкаў; яшчэ аднаго пухлага хлопчыка, таксама з тварам, падобным да яблыка, які ішоў самастойна; і, нарэшце, пухлага мужчыну, з тварам, падобным да яблыка, які нёс на руках яшчэ аднаго пухлага хлопчыка з тварам, падобным да яблыка, якога ён апусціў на падлогу і хрыплым шэптам загадаў яму «ўхапіцца за брата Джоні».

— Любая Луіза, — сказала міс Токс, — ведаючы аб вашым вялікім неспакоі і жадаючы вас выручыць, я накіравалася ў Каралеўскі Прытулак для замужніх жанчын каралевы Шарлоты, пра які вы забыліся, і запыталася, ці няма там каго-небудзь, хто, на іх думку, мог-бы падыйсці. Не, сказалі яны, такіх няма. Запэўняю вас, дарагая мая, калі яны далі такі адказ, мяне ледзь не апанавала роспач. Але здарылася так, што адна з Каралеўскіх Замужніх Жанчын, пачуўшы маë пытанне, напамянула наглядчыцы пра адну асобу, якая вярнулася к сабе дадому і якая, на яе погляд, напэўна, падыйдзе. Як толькі я гэта пачула і атрымала пацверджанне ад наглядчыцы, — вельмі добрая рэкамендацыя, беззаганны характар, — адразу, дарагая мая, я ўзяла адрас і зноў у дарогу.

— Як гэта вам падыходзіць, любая, добрая Токс! — сказала Луіза.

— Зусім не, — адказвала міс Токс. — Не кажыце гэтага. Увайшоўшы ў дом, — беззаганная чыстата, дарагая мая, абедаць можна проста на падлозе, — я застала ўсю сям’ю за сталом і адчуваючы, што ніякі расказ вас і містэра Домбі так не заспакоіць, як від іх усіх разам, я прывезла іх сюды. Гэты джэнтльмен, — прадаўжала міс Токс, паказваючы на мужчыну з тварам, падобным да яблыка, — бацька. А можа-б вы прайшлі ўперад, сэр?

Мужчына з тварам, падобным да яблыка, збянтэжана падначаліўшыся гэтаму патрабаванню, заняў месца ў першым радзе, пасмейваючыся і ухмыляючыся.

— Гэта, зразумела, яго жонка, — сказала міс Токс, паказваючы на жанчыну з дзіцём. — Як пажываеце, Полі?

— Вельмі добра, дзякую вам, пані, — сказала Полі.

— Вельмі рада гэтаму, сказала міс Токс. — Другая маладая жанчына — яе незамужняя сястра, якая з імі жыве і будзе даглядаць іх дзяцей. Яе завуць Джэмайма. Як пажываеце, Джэмайма?

— Вельмі добра, дзякую вам, пані, — адказала Джэмайма.

— Вельмі рада гэтаму, — сказала міс Токс. Спадзяюся, так будзе і далей. Пяцёра дзяцей. Малодшаму шэсць тыдняў. Гэты слаўны хлопчык з пухіром на носе — старэйшы. Спадзяюся, — дадала міс Токс, акінуўшы позіркам сям’ю, — пухір у яго не ад прыроды, а ўсхапіўся выпадкова?

Можна было ўчуць, што мужчына з тварам, падобным да яблыка, прахрыпеў: «Прас».

— Прашу прабачэння, сэр, — сказала міс Токс, — вы кажаце…

— Прас, — паўтарыў ён.

— Ах, так! — сказала міс Токс. — Правільна. Я забылася. Хлапчук, калі адсутнічала матка, панюхаў гарачы прас. Вы правільна заўважылі сэр. Калі мы пад’ехалі к дому, вы збіраліся любезна паведаміць мне, што па прафесіі вы…

— Качагар, — сказаў мужчына.

— Скуралуп, — з жахам усклікнула міс Токс.

— Качагар, — паправіў мужчына. — На паравозе.

— А! Так! — адазвалася міс Токс, пазіраючы на яго глыбокадумна і як быццам усё яшчэ не зусім разумеючы, што гэта азначае. — А як вам гэта падабаецца, сэр?

— Што, пані? — запытаўся мужчына.

— Вось гэта, — сказала міс Токс. — Ваша прафесія.

— Так сабе, пані. Іншы раз попел забіваецца сюды, — ён паказаў на грудзі, — і голас робіцца сіпатым, вось як цяпер. Але гэта ад попелу, пані, а не ад грубасці. Здавалася, міс Токс так мала зразумела з гэтага адказу, што ëй цяжка было прадаўжаць размову. Але місіс Чык ёй дапамагла, пачаўшы ўважліва разглядаць Полі, дзяцей, шлюбнае пасведчанне і рэкамендацыі. З гэтых іспытаў Полі вышла непашкоджанай, пасля чаго місіс Чык накіравалася з дакладам да свайго брата і, у якасці яркай ілюстрацыі к дакладу і ў пацверджанне яго, узяла з сабой двух самых румяных маленькіх Тудляў — прозвішча падобнай з твару да яблыка сям’і было Тудль.

3 дня смерці жонкі містэр Домбі не выходзіў з свайго пакоя, аддаўшыся марам аб юнацтве, выхаванні і прызначэнні свайго дзіцяці-сына. Нешта прыгнятала яго жорсткае сэрца, нешта больш халоднае і цяжкае, чым звычайны яго цяжар; але гэта было ўсведамленне страты, панесенай хутчэй дзіцем, чым ім самім, якая абуджала ў ім амаль што не сумную прыкрасць. Было зневажальна і цяжка думаць, што жыццю і развіццю, на якія ён ускладаў такія надзеі, з самага-ж пачатку пагражае небяспека з прычыны адсутнасці такой нікчэмнай рэчы, што Домбі і Сын можа пахіснуцца з-за карміліцы. І, аднак, у сваёй ганарлівасці і рэўнасці ён з такой гаркатой думаў аб залежнасці — на першых-жа кроках да ажыццяўлення запаветнага жадання — ад наёмнай служанкі, якая часова будзе для яго дзіцяці ўсім тым, чым мог зрабіць яго ўласную жонку саюз з ім, што пры кожным новым адмаўленні кандыдатцы ён патаемна ў душы радаваўся. Але надышоў момант, калі ён не мог далей, хістацца паміж гэтымі двума пачуццямі. Тым больш, што не было, здавалася, ніякіх сумненняў у прыгоднасці Полі Тудль, аб якой паведаміла яго сястра, не паскупіўшыся на выхваленні нястомнай дружбы міс Токс.

— Дзеці з выгляду здаровыя, — сказаў містэр Домбі. — Але падумаць толькі, што калі-небудзь яны ўздумаюць прэтэндаваць на нейкае сваяцтва з Полем! Адвядзіце іх, Луіза! Пакажыце мне гэтую жанчыну і яе мужа.

Місіс Чык вынесла далікатную пару Тудляў і неўзабаве вярнулася з больш грубай парай, якую захацеў убачыць брат.

— Любезная, — сказаў містэр Домбі, паварочваючыся ў сваім крэсле ўсім тулавам, нібы ў яго не было канечнасцей і суставаў, — мне сказалі, што вы бедная і хочаце зарабляць грошы, наняўшыся карміліцай да маленькага хлопчыка, майго сына, які дачасна пазбаўлен той, каго ніколі не ўдасца замяніць. Я не пярэчу супроць таго, каб вы такім шляхам дапамагалі добрабыту вашай сям’і. Наколькі я магу меркаваць, вы робіце ўражанне прыстойна асобы. Але я павінен паставіць вам дзве-тры ўмовы, раней чым вы зоймеце гэтае месца ў маім доме. Пакуль вы будзеце тут жыць, я настойваю, каб вас заўсёды называлі… ну, скажам, Рычардс… прозвішча простае і прыстойнае. Вы не маеце нічога супроць, каб вас называлі Рычардс? Можаце параіцца з мужам.

3 той прычыны, што муж толькі пасмейваўся ды ухмыляўся і праводзіў правай рукой па губах, насліньваючы далонь, місіс Тудль, без поспеху падштурхнуўшы яго раз-другі локцем, прысела і адказала, што «можа, калі яна павінна адмовіцца ад свайго імя, аб гэтым не забудуць пры вызначэнні ёй пенсіі».

— О, зразумела, — сказаў містер Домбі. — Я хачу, каб гэта было прынята пад увагу пры аплаце. Затым, Рычардс, калі вы будзеце даглядаць маë асірацелае дзіця, я хачу, каб вы запомнілі наступнае: вы будзеце атрымліваць багатую ўзнагароду за выкананне некаторых абавязкаў, прычым я хачу, каб на працягу гэтага часу вы як мага радзей бачылі сваю сям’ю. Калі вашы паслугі ўжо будуць непатрэбнымі, калі вы не будзеце рабіць і не будзеце больш атрымліваць пенсію, усякія дачыненні паміж намі спыняюцца. Вы мяне разумееце?

Місіс Тудль нібы сумнявалася ў гэтым; што-ж датычыць самаго Тудля, дык, як відаць, ён зусім не сумняваўся ў тым, што нічога не разумее.

— У вас у самой ёсць дзеці, — сказаў містэр Домбі. — У гэты дагавор зусім не уваходзіць, што вы павінны мець схільнасць да майго дзіцяці або што маё дзіця павінна быць схільным да вас. Я не чакаю і не патрабую чаго-небудзь у гэтым духу. Якраз наадварот. Калі вы адсюль пойдзеце, вы пакончыце з тым, што з’яўляецца ўсяго толькі дагаворам аб куплі-продажу, аб найме, і адхіліцеся. Дзіця перастане ўспамінаць пра вас, і вы майце ласку не ўспамінаць пра дзіця.

Місіс Тудль, пачырванеўшы крыху больш, чым раней, выказала надзею, «што яна сваё месца ведае».

— Спадзяюся, што ведаеце, Рычардс, — сказаў містэр Домбі. — Зусім не сумняваюся, што вы яго вельмі добра ведаеце. Сапраўды, гэта так ясна і відавочна, што інакш і быць не можа. Луіза, дарагая мая, дамоўцеся з Рычардс аб пенсіі, і няхай яна яе атрымлівае, калі і як ёй будзе больш зручна. Містэр, як вас завуць, папрашу вас астацца на адно слова.

Затрыманы такім чынам на парозе ў той момант, калі збіраўся выйсці ўслед за жонкай з пакоя, Тудль вярнуўся і застаўся сам-на-сам з містэрам Домбі. Гэта быў дужы, нязграбны, сутулы, непаваротлівы, растропаны чалавек у мешкаватым касцюме з густымі валасамі і бакенбардамі, якія сталі цямней, чым былі ад прыроды, можа, дзякуючы дыму і вугальнаму пылу, з мазолістымі, вузлаватымі рукамі і чатырохкутным ілбом, шурпатым, як дубовая кара, — поўная процілегласць ва ўсіх адносінах містэру Домбі, які быў адным з тых чыста выбрытых, выпешчаных, багатых джентльменаў, якія блішчаць і хрустаюць, як новенькія крэдытнныя білеты, і, здаецца, нібы іх штучна падбадзёрвае і падцягвае ўзрушальнае дзеянне залатога душа.

— У вас, здаецца, ёсць сын? — запытаў містэр Домбі.

— Чацвёра іх, сэр. Чацвёра і адна дзяўчынка. Усе жывуць.

— Ды ў вас-жа ледзь хапае сродкаў на іх утрыманне? — сказаў містэр Домбі.

— Ёсць яшчэ адна штука, сэр, якая мне зусім не па сродках.

— Што іменна?

— Страціць іх, сэр.

— Чытаць умееце? — запытаўся містэр Домбі.

— Ды так сабе, сэр.

— Пісаць?

— Крэйдай, сэр?

— Ды хоць чым.

— Бадай, што мог-бы як кольвечы абыйсціся і без крэйды, калі-б было патрэбна, — падумаўшы, сказаў Тудль.

— А вам-жа, я думаю, — сказаў містэр Домбі, — гадоў трыццаць два — трыццаць тры.

— Думаю, што прыкладна столькі, — адказваў Тудль, зноў падумаўшы.

— У такім выпадку, чаму-ж вы не вучыцеся? — запытаўся містэр Домбі.

— Ды вось я і збіраюся, сэр. Адзін з маіх хлапчукоў будзе навучаць мяне, калі падрасце і сам пойдзе ў школу.

— Так! — сказаў містэр Домбі, паглядзеўшы на яго ўважліва і не вельмі прыхільна, у той час як той стаяў, аглядаючы пакой (пераважна столь) і па-ранейшаму праводзячы рукой па губах. — Вы чулі, што я сказаў толькі што вашай жонцы?

— Полі чула, — адказаў Тудль, махнуўшы цераз плячо капелюшом у бок дзвярэй з выглядам поўнага давер’я да сваёй лепшай палавіны. — Усё як мае быць.

— З тае прычыны, што вы, відавочна, усё прадастаўляеце ëй, — сказаў Домбі, збіты з панталыку ў намеры яшчэ больш унушальна выказаць свой погляд мужу як мацнейшаму, — то, думаю, няма сэнсу гаварыць з вамі пра што-б там ні было.

— Абсалютна ніякага, адказаў Тудль. — Полі чула. А яна ужо не правароніць, сэр.

— У такім разе я вас больш не затрымліваю, — сказаў расчараваны містэр Домбі. — Дзе вы працавалі ўвесь час?

— Больш за ўсё пад зямлёю, сэр, пакуль не ажаніўся. Пасля я выбраўся на паверхню. Езджу па адной з гэтых чыгунак, з таго часу, як іх пусцілі ў ход.

Падобна да таго, як апошняя саломінка можа зламаць спіну нагружанага вярблюда, так гэта паведамленне аб падзямеллі зламала слабеючы дух містэра Домбі. Ён паказаў на дзверы мужу карміліцы свайго сына, калі той з ахвотай вышаў, містэр Домбі павярнуў ключ і пачаў хадзіць па пакоі, адзінокі і няшчасны. Не гледзячы на ўсю сваю накрухмаленую, непранікальную велічнасць і стрыманасць, ён выціраў пры гэтым слёзы і часта паўтараў з хваляваннем, якога ні за што на свеце не згадзіўся-б праявіць пры людзях: «Бедны хлопчык!»

Мабыць, характэрна для ганарлівасці містэра Домбі, што сам сябе ён шкадаваў праз дзіця. Не «бедны я!», не бедны ўдавец, вымушаны даверыцца жонцы грубага прастака, які ўсё жыццё працаваў «больш за ўсё пад зямлёй», але ў чые дзверы ні разу не пастукала Смерць і за чый стол штодзённа садзілася чацвёра сыноў, але «бедны хлопчык».

Тым часам паміж місіс Чык і Рычардс была заключана і замацавана згода з дапамогай міс Токс, а Рычардс, якой з вялікімі цырамоніямі ўручылі, нібы нейкі ордэн, дзіця Домбі, перадала сваё ўласнае са слязмі і пацалункамі Джэмайме. Пасля было падана віно, каб падтрымаць прыгнечаны дух сям’і.

— Ці не хочаце выпіць шклянку віна, сэр? — прапанавала міс Токс, калі з’явіўся Тудль.

— Дзякуй вам, пані, — сказаў Тудль, — ужо калі вы частуеце.

— І вы з радасцю пакідаеце сваю слаўную жонку ў такім цудоўным доме, праўда, сэр? — прадаўжала міс Токс, цішком падміргваючы яму.

— Не, пані, — сказаў Тудль. — П’ю за тое, каб яна зноў была дома.

Пры гэтым Полі яшчэ мацней заплакала.

— Ваша малое, Рычардс, будзе вельмі добра сябе адчуваць з вашай сястрой Джэмаймай, — сказала місіс Чык, — а вам патрэбна зрабіць толькі намаганне, — на гэтым свеце, ведаеце, усё патрабуе намагання, Рычардс, — каб быць зусім шчаслівай. 3 вас ужо знялі мерку для жалобнай сукенкі, праўда, Рычардс?

— Пра-аўда, пані, — усхліпвала Полі.

— І яна будзе прыгожа ляжаць на вас, я ўпэўнена, — сказала місіс Чык, — таму што гэтая-ж маладая асоба пашыла мне многа сукенак. І з лепшай матэрыі!

— Ах, вы будзеце такой франціхай, — сказала міс Токс, — што муж вас і не пазнае. Ці не праўда, сэр?

— Я яе пазнаў-бы ў чым хочаце і дзе хочаце, — буркнуў Тудль.

Было ясна, што Тудля не падкупіш.

— А што датычыць яды, Рычардс, — прадаўжала місіс Чык, — то для вас будзе ўсё самае найлепшае. Штодзённа вы будзеце самі заказваць сабе абед; і будзьце ўпэўнены, што ўсё, чаго-б вам не захацелася, зараз-жа вам прыгатуюць, нібы вы якая-небудзь лэдзі.

— Так, зразумела! — з вялікай гатоўнасцю падхапіла міс Токс.

— І портэр у неабмежаванай колькасці, праўда, Луіза? — О, бясспрэчна! — адказвала тым-жа тонам місіс Чык. — Давядзецца толькі, дарагая мая, крыху ўстрымлівацца ад гародніны.

— І, мабыць, пікулей, — падказала міс Токс.

— Апрача гэтых выключэнняў, мая любая, — сказала Луіза, — яна можа кіравацца сваім густам і ні ў чым сабе не адмаўляць.

— А затым вам, зразумела, вядома, — сказала міс Токс, — як яна любіць свайго ўласнага дарагога малютку, і я ўпэўнена, Луіза, што вы не асуджаеце яе за тое, што яна яго любіць?

— О, не!.. — усклікнула місіс Чык, поўная велікадушша.

— Аднак, — прадаўжала міс Токс, — яна, натуральна, павінна цікавіцца сваім юным пітомцам і лічыць за гонар, што на яе вачах маленькі херувім, цесна звязаны з вышэйшым грамадствам, штодзённа чэрпае сілы з адзінай для ўсіх крыніцы. Ці не праўда, Луіза?

— Правільна! — пацвердзіла місіс Чык. — Вы бачыце, мая любая, яна ўжо зусім спакойная і задаволеная і збіраецца весела і з усмешкай развітацца са сваёй сястрой Джэмаймай, са сваімі малюткамі і са сваім добрым, сумленным мужам. Ці-ж не праўда, дарагая мая?

— О, так! — усклікнула міс Токс. — Зразумела.

Але, не гледзячы на гэта, бедная Полі перацалавала іх усіх з вялікім смуткам і, нарэшце, уцякла, каб унікнуць больш пяшчотнага развітання з дзецьмі. Але гэтая хітрасць не мела поспеху, бо адзін з малодшых хлопчыкаў, адгадаўшы яе намер, адразу-ж пачаў карабкацца ўслед за ёю паўзком па лесвіцы, а старэйшы (вядомы ў сям’і па мянушцы Байлера, у гонар паравоза) адбіваў такт ботамі ў адзнаку свайго засмучэння; да яго далучыліся і ўсе астатнія члены сям’і.

Мноства апельсінаў і поўпенсаў, якія пасыпаліся на ўсіх без выключэння юных Тудляў, супакоіла першыя прыступы гора, і сям’я была тэрмінова накіравана дадому ў наёмнай карэце, якую затрымалі спецыяльна для гэтай мэты. Дзеці, пад аховай Джэмаймы, туліліся ля акна і праз ўсю дарогу ў іх губляліся апельсіны і поўпенсы.