Домбі і сын/1
Раздзел I. Домбі і сын Раман Аўтар: Чарльз Дыкенс 1848 (пераклад 1938) |
Раздзел II, у якім своечасова прымаюцца захады з прычыны нечаканага збегу акалічнасцей, якія ўзнікаюць часам у самых упарадкаваных сем'ях → |
Домбі сядзеў у кутку зацемненага пакоя ў вялікім крэсле ля ложка, а Сын ляжаў цёпла ўхутаны ў плеценай калысачцы, клапатліва пастаўленай на нізкую канапу перад самым камінам, нібы па прыродзе сваёй ён быў падобны да здобнай булачкі і трэба было добра яго падрумяніць.
Домбі было каля сарака васьмі год. Сыну каля сарака васьмі хвілін. Домбі быў лысаваты, чырванаваты, і, будучы, між іншым, прыгожым, добра складзеным мужчынам, меў надта суровы і напышлівы выгляд, каб выклікаць прыхільнасць да сябе. Сын быў вельмі лысы і вельмі чырвоны, і, будучы, ведама, бясспрэчна чароўным дзіцем, здаваўся некалькі памятым і плямістым. На ілбе Домбі Час і яго брат Клопат пакінулі некаторыя сляды, як на дрэве, якое павінна быць ссечана, — бязлітасныя гэтыя блізнюкі, якія гуляюць па сваіх чалавечых лясах, робячы мімаходзь зарубкі, — тады як твар Сына быў ссечаны ўдоўж і ўпоперак тысячай маршчынак, якія таксама падманлівы Час будзе з асалодай сціраць і разгладжваць плоскім бокам сваёй касы, падрыхтоўваючы паверхню для больш глыбокіх сваіх аперацый.
Домбі, радуючыся доўгачаканай падзеі, пазвякваў масіўным залатым ланцужком гадзінніка, які быў відаць з-пад яго беззаганнага сіняга сурдута, на якім блішчэлі гузікі ў цмяных праменнях, што падалі зводалі ад каміна. Сын, сціснуўшы кулачкі, як быццам пагражаў, па меры сваіх слабых сіл, жыццю за тое, што яно прышло да яго так нечакана.
— Місіс Домбі, — сказаў містэр Домбі, — фірма зноў будзе не толькі па назве, але і фактычна Домбі і Сын, Домбі і Сын!
У гэтых словах было столькі супакаення, што ён далучыў пяшчотны эпітэт да імя місіс Домбі (між іншым, не без хістанняў, бо не меў прывычкі да такой формы звароту) і сказаў:
— Місіс Домбі, мая… мая любая. Румянец, выкліканы лёгкім здзіўленнем, заліў твар хворай лэдзі, калі яна падняла на яго позірк.
— Пры хрышчэнні, вядома, яму будзе дадзена імя Поль, мая… місіс Домбі.
Яна слаба адазвалася: «Вядома», і зноў заплюшчыла вочы.
— Імя яго бацькі, місіс Домбі, і яго дзеда! Хацеў бы я, каб яго дзед дажыў да гэтага дня!
І зноў ён паўтарыў: «Домбі і Сын» акурат такім жа тонам, як і раней.
У гэтых трох словах выражалася адна адзіная ідэя жыцця містэра Домбі. Зямля была створана для Домбі і Сына, каб яны маглі займацца на ёй гандлёвымі справамі, а сонца і месяц былі створаны, каб даваць ім святло; рэкі і моры былі створаны для плавання іх суднаў; радуга абяцала ім добрае надвор’е; вецер спрыяў або быў супроць іх прадпрыемстваў; зоры і планеты рухаліся па сваіх арбітах, каб захаваць непарушнай сістэму, у цэнтры якой былі яны.
Ён падняўся, як да яго падняўся яго бацька, па закону жыцьця і смерці, ад Сына да Домбі і амаль што дваццаць год быў адзіным прадстаўніком фірмы. З гэтых дваццаці год ён быў жанаты дзесяць, жанаты, як некаторыя сцвярджалі, на лэдзі, якая не аддала яму свайго сэрца, на лэдзі, чыë шчасце было ў мінулым і якая задавальнялася тым, што прымусіла свой зламаны дух прымірыцца пачціва і пакорна з сучасным. Такія пустыя чуткі наурад ці маглі дайсці да містэра Домбі, якога яны блізка закраналі, і, бадай, ніхто на свеце не паставіўся б да іх з большым недавер’ем, чым ён, калі б яны дайшлі да яго. Домбі і Сын часта мелі справу са скурай, але ніколі з сэрцам. Гэты модны тавар яны пакідалі хлопчыкам і дзяўчынкам, пансіёнам і кнігам. Містэр Домбі памеркаваў бы, што шлюбны саюз з ім павінен, па прыродзе рэчаў, быць прыемным і пачэсным для кожнай жанчыны, надзеленай разважным сэнсам; што надзея даць жыццё новаму кампаньёну такой фірмы не можа не абуджаць прыемнай і хвалюючай ганарлівасці ў грудзях найменш ганарлівай прадстаўніцы яе полу; што місіс Домбі заключыла гэты шлюбны дагавор, якога амаль нельга ўнікнуць у сем’ях благародных і багатых, не кажучы ужо аб неабходнасці захаваць назву фірмы, зусім не закрываючы вачэй на гэтыя перавагі; што місіс Домбі штодзённа даведвалася на практыцы аб яго становішчы ў грамадстве; што місіс Домбі заўсёды гаспадарыла за яго сталом і выконвала ў яго доме абавязкі гаспадыні вельмі прыстойна; што місіс Домбі павінна быць шчаслівай; што інакш быць не можа.
Між іншым, з адной агаворкай. Так. Яе ён гатоў быў прыняць. З адной адзінай; але яна бясспрэчна заключала ў сабе многае. Яны былі жанаты дзесяць год, і аж да сëнешняга дня, калі містэр Домбі, пазвякваючы масіўным залатым ланцужком ад гадзінніка, сядзеў у вялікім крэсле ля ложка, у іх не было патомства, аб якім бы варта было гаварыць, нікога, хто варты быў-бы ўспамінання. Гадоў шэсць таму назад у іх нарадзілася дачка, і вось цяпер дзяўчынка, якая непрыкметна прабралася ў, спальню, нясмела тулілася ў кутку, адкуль ёй быў відаць твар маткі. Але што такое дзяўчынка для Домбі і Сына? Як дадатак да капітала, якім з’яўляліся назва і гонар фірмы, гэта дзіця было фальшывай манетай, якую нельга ўнесці ў справу, благім хлопчыкам, і ўсяго толькі.
Але ў гэты момант чаша радасці містэра Домбі была такой поўнай, што яму захацелася ўдзяліць адну-дзве кроплі таго, што ў ёй мелася, хаця-б для таго, каб акрапіць пыл на закінутай сцежцы сваёй маленькай дачкі.
Таму ён сказаў:
— Мабыць, Фларэнс, вы можаце, калі хочаце, падыйсці і паглядзець на свайго слаўнага браціка. Не дакранайцеся да яго.
Дзяўчынка ўважліва зірнула на сіні фрак і жорсткі белы гальштук, якія, разам з парай скрыпучых ботаў, а таксама гадзіннікам, што вельмі гучна цікаў, увасаблялі яе ўяўленне аб бацьку; але вочы яе ў той-жа момант павярнуліся да твара маткі, і яна не зварухнулася і не адказала.
Праз секунду лэдзі расплюшчыла вочы і ўбачыла дзяўчынку, і дзяўчынка кінулася да яе, і, падняўшыся на цыпках, каб схаваць твар на яе грудзях, прытулілася нейкім парыўчатым адчаем, які зусім не ўласцівы для яе ўзросту.
— Ах, божа мой! — са злосцю сказаў містэр Домбі ўстаючы. — Дапраўды, гэта вельмі неразумны і неабдуманы ўчынак. Мабыць, варта папрасіць доктара Пепса, ці не будзе ён такі ласкавы яшчэ раз падняцца сюды. Я пайду. Я пайду. Мне няма чаго прасіць вас, — дадаў ён, затрымліваючыся на секунду каля канапы перад камінам, — асабліва клапаціцца пра гэтага юнага джэнтльмена, місіс…
— Блокіт, сэр? — падказала сядзелка, саладжавая завяўшая асоба з арыстакратычнымі манерамі, якая не адважылася аб'явіць сваё імя, як няўхільны факт, і толькі назвала яго ў выглядзе ціхамірнай здагадкі.
— Аб гэтым юным джэнтльмене, місіс Блокіт.
— Так, зразумела, сэр. Памятаю, калі нарадзілася міс Фларэнс…
— Так, так, так, — сказаў містэр Домбі, нахіляючыся над плеценай калысачкай і ў той-жа час злёгку ссоўваючы бровы. — Што да міс Фларэнс, то ўсё гэта цудоўна, але зараз іншая справа. Гэтаму юнаму джэнтльмену патрэбна будзе выканаць сваё прызначэнне. Прызначэнне, хлапчына!
Пасля такога нечаканага звароту да дзіцяці ён паднёс яго ручку да сваіх губ і пацалаваў яе; пасля, баючыся, як відаць, што гэты жэст можа прынізіць яго годнасць, адышоў у некаторым замяшанні.
Доктар Паркер Пепс, адзін з прыдворных дактароў і чалавек, які карыстаўся вялікай славай за дапамогу, якую ён аказваў пры павелічэнні арыстакратычных сем’яў, хадзіў, заклаўшы рукі за спіну, па гасцінай, на невыказнае захапленне хатняга доктара, які апошнія шэсць тыдняў займаўся размовамі сярод сваіх пацыентаў, сяброў і знаёмых аб падзеі, якая мае быць, і з прычыны, якой чакаў з гадзіны на гадзіну, удзень і ўночы, што яго паклічуць разам з доктарам Паркерам Пепсам.
— Ну, сэр,— сказаў доктар Паркер Пепс ясным, глыбокім, гучным голасам, прыглушаным з прычыны падзеі, як захутаны дзверны малаток,— ці лічыце вы, што ваша наведванне падбадзёрыла вашу любую жонку?
Містэр Домбі быў зусім збянтэжаны пытаннем. Ён так мала думаў пра хворую, што не мог на яго даць адказу. Ён сказаў, што яму было-б вельмі прыемна, калі-б доктар Паркер Пепс згадзіўся яшчэ раз падняцца наверх.
— Вельмі добра. Мы не павінны утойваць ад вас, сэр, — сказаў доктар Паркер Пепс, — што заўважаецца некаторы упадак сіл у яе светласці герцагіні… Прашу прабачэння, я блытаю імёны… Я хацеў сказаць — у вашай любай жонкі. Заўважаецца некаторая слабасць і наогул адсутнасць гібкасці, якія нам пажадана было-б… не…
— Назіраць, — умяшаўся хатні доктар.
— Вось іменна, — сказаў доктар Паркер Пепс, — якія нам пажадана было-б не назіраць. Выяўляецца, што арганізм лэдзі Кенкебі… Даруйце, я хацеў сказаць Місіс Домбі; я блытаю імёны хворых…
— Якіх так многа,— прашаптаў хатні доктар,— дапраўды, нельга чакаць… У іншым выпадку гэта было-б цудам. Практыка доктара Паркера Пепса ў Уэст-эндзе…
— Дзякую вам, — сказаў доктар, — вось іменна. Выяўляецца, кажу я, што арганізм нашай пацыенткі вытрымаў патрасенне, ад якога ён можа паправіцца толькі з дапамогай напружанага і ўпартага…
— І энергічнага, — прашаптаў хатні доктар.
— Вось іменна,— згадзіўся доктар,- і энергічнага намагання. Містэр Пілкінс, які тут прысутнічае і які, займаючы становішча медыка-кансультанта ў гэтай сям’і, дасканала ведае арганізм пацыенткі ў нармальным яе стане (веды вельмі каштоўныя для нашых заключэнняў пры даных акалічнасцях), згодзен са мною, што ў гэтым выпадку прыродзе належыць зрабіць энергічнае намаганне і што калі наш чароўны друг, графіня Домбі — прашу прабачэння! — місіс Домбі, не будзе…
— Мець мажлівасць,— падказаў хатні доктар.
— Зрабіць належнае намаганне,— прадаўжаў доктар Паркер Пепс,— то можа здарыцца крызіс, аб чым мы абодва будзем вельмі шкадаваць.
Пасля гэтага яны стаялі некалькі секунд з апушчанымі позіркамі. Пасля па знаку, які моўчкі падаў доктар Паркер Пепс, яны пайшлі наверх; хатні доктар адчыніў дзверы перад гэтым славутым спецыялістам і пайшоў за ім з рабалепнай пачцівасцю.
Сцвярджаць, што містэра Домбі не засмуціла па-свойму гэта падзея, азначала-б аднесціся да яго несправядліва. Ён быў не з тых, пра якога можна смела сказаць, што гэты чалавек бываў напалоханы або ўзрушаны; але бясспрэчна, ён адчуваў, што калі жонка захварэе і змарнее, дык яго агорне смутак і ён згледзіць сярод свайго сталовага срэбра, мэблі і іншых хатніх рэчаў адсутнасць нейкага прадмета, якім вельмі патрэбна было ўладаць і страта якога не можа не выклікаць шчырага шкадавання. Аднак, гэта было-б, зразумела, халоднае, дзелавое, якое да твару джентльмену, стрыманае шкадаванне.
Яго развагі на гэтую тэму былі перапынены спярша шолахам вопраткі на лесвіцы, а пасля раптоўным і парыўчатым з’яўленнем у пакоі лэдзі, хутчэй за ўсё ў гадах, чым юнай, але апранутай зусім молада, асабліва калі меркаваць па туга зацягнутаму карсету, якая, падбегшы да яго, абвіла рукамі яго шыю і сказала задыхаючыся:
— Любы мой Поль! Ён — выліты Домбі!
— Ну-ну,— адказаў брат, бо містэр Домбі быў яе братам.— Я заўважаю, што ў ім сапраўды ёсць фамільныя рысы. Не хвалюйцеся, Луіза.
— Гэта вельмі недарэчна з майго боку,— сказала Луіза, садзячыся і дастаючы насавую хустачку,— але ён… ён такі сапраўдны Домбі! Я ніколі ў жыцці не бачыла такога падабенства.
— Але як сама Фані?— спытаў містэр Домбі.— Што з Фані?
— Любы мой Поль,— адазвалася Луіза,— зусім нічога. Паверце мне — зусім нічога. Засталася, разумееце, стома, але нічога падобнага на тое, што я сама зазнала з Джорджам або з Фрэдэрыкам. Неабходна зрабіць намаганне. Вось і ўсё. Ах, калі-б любая Фані была Домбі… Але, думаю, яна зробіць гэтае намаганне; не сумняваюся, яна яго зробіць. Ведаючы, што яно патрабуецца ад яе, у выкананне абавязку, зразумела, зробіць. Любы мой Поль, ведаю, што з майго боку вельмі слабахарактарна і недарэчна так дрыжець і трэсціся ад галавы да ног, але я адчуваю такое галавакружэнне, што вымушана папрасіць у вас шклянку віна і кавалак гэтага торту. Я думала, што вывалюся з акна на лесвіцы, калі спускалася ўніз, наведаўшы любую Фані і гэтую цудоўную крошку.
Гэтыя апошнія словы былі выкліканы раптоўным і яркім успамінам пра дзіця.
Следам за гэтым пачуўся ціхі стук у дзверы.
— Місіс Чык,— праказаў за дзвярыма вельмі саладжавы жаночы голас,— дарагі мой друг, як вы сябе цяпер адчуваеце?
— Дарагі мой Поль,— ціха сказала Луіза ўстаючы,— гэта міс Токс. Дабрэйшае стварэнне! Каб яе не было, дык-бы я ніколі не магла дайсці сюды. Міс Токс — мой брат, містер Домбі. Поль, дарагі мой, гэта мой лепшы друг, міс Токс. Лэдзі, так красамоўна прадстаўленая, была доўгавязай, хударлявай асобай, якая вызначалася такім завяўшым выглядам што, здавалася, на яе не было адпушчана спачатку тое, што гандляры палатном называюць «трывалымі фарбамі», і яна патроху выліняла. Каб не было гэтага, яе можна было-б назваць, самым дасканалым узорам ласкі і ветлівасці. Ад доўгай прывычкі ў захапленні прыслухоўвацца да ўсяго, што гаворыцца пры ёй, і глядзець на тых, якія гавораць так, нібы яна ў думках адлюстроўвае іх вобразы ў сваёй душы, каб не расставацца з імі праз усё жыццё, галава ў яе зусім схілілася да пляча. Рукі сударгава паднімаліся самі па сабе ў невыяўным захапленні. Вочы былі пад уладай таго-ж пачуцця. У яе быў надзвычай саладжавы голас, а на носе, страшэнна арліным, красаваўся гузак у самым цэнтры пераносіцы, адкуль нос загінаўся ўніз, да твара, нібы прыняўшы непахіснае рашэнне ніколі і ні пры якіх акалічнасцях не задзірацца.
Сукенка міс Токс, элегантная і прыстойная, была, між іншым, некалькі мешкаватая і ўбогая. Яна мела звычай насіць дзіўныя паблеклыя кветачкі на капелюшах і чапцах. Невядомыя травы паяўляліся іншы раз у яе валасах, і было адзначана дапытлівымі, што ва ўсіх яе каўнерыках, аборачках, касынках, рукаўчыках і іншых паветраных прыладах туалета — па сутнасці ва ўсіх рэчах, якія яна насіла і якія мелі два канцы, якім належала злучыцца, гэтыя два канцы ніколі не бывалі ў добрых адносінах і не згаджаліся сыйсціся без барацьбы. Зімой яна насіла футры-палярыны, боа і муфты, на якіх волас нястрымна тапырыўся і ніколі не быў прыгладжаны. Яна захаплялася невялікімі рэдыкюлямі з замочкамі, якія, пры закрыванні, стралялі, нібы маленькія пісталеты, і, прыбраўшыся ў параднае плацце, яна адзявала на шыю нікчэмны медальён, на якім было намалявана мутнае, старое вока, пазбаўленае якога-б там ні было выразу. Гэтыя і іншыя падобныя прыкметы дапамагалі распаўсюджанню чутак, што міс Токс была, як кажуць, лэдзі з абмежаванымі сродкамі, пры якіх яна выкручвалася на ўсе лады.
— Запэўняю вас, — сказала міс Токс, робячы надзвычайны рэверанс, — што гонар быць прадстаўленай містэру Домбі з’яўляецца адзнакай, якой я даўно дамагалася, але ў гэты момант зусім не чакала. Дарагая місіс Чык… ці маю права назваць вас Луіза?
Місіс Чык узяла міс Токс за руку, прыхіліла да яе рукі сваю чарку, праглынула слязу і ціхім голасам сказала:
— Благаславі вас бог!
— Дарагая мая Луіза, — прагаварыла міс Токс, — мой любы друг, як вы сябе адчуваеце цяпер?
— Лепш, — адказвала місіс Чык. — Выпіце віна. Вы хваляваліся амаль таксама, як і я, і, бясспрэчна, адчуваеце ў ім патрэбу.
Вядома, містэр Домбі выканаў абавязак гаспадара. — Міс Токс, Поль, — прадаўжала місіс Чык, усё яшчэ трымаючы яе за руку, — ведаючы, з якой нецярплівасцю я чакала сёнешняй падзеі, прыгатавала для Фані маленькі падарунак, які я абяцала ёй паднесці. Поль, гэта ўсяго толькі падушачка для шпілек на туалетны столік, але я маю намер сказаць, павінна сказаць і скажу, што міс Токс вельмі міла падшукала выраз, які так дапасоўваецца да падзеі. Я лічу, што «Просім малютка Домбі» — гэта паэзія!
— Гэта вышыта? — запытаўся яе брат.
— Вышыта, — адказала Луіза.
— Але будзьце справядлівымі ў адносінах да мяне, любая мая Луіза, — сказала міс Токс ціхім і вельмі ўпрашальным голасам, — прыпомніце, што толькі… мне крыху цяжка выказаць сваю думку… Толькі няўпэўненасць у выйсці штурхнула мяне дазволіць сабе такую вольнасць: «Просім майстар[1] Домбі» больш адпавядала-б маім пачуццям, у чым, я ўпэўнена, вы не сумняваецеся. Але невядомасць, якая рушыць следам за гэтым нябесным прышэльцам, спадзяюся, паслужыць апраўданнем таго, што ў другім выпадку здалося-б няпрошанай фамільярнасцю.
Міс Токс пры гэтым элегантна скланілася, што прызначалася для містэра Домбі і на што гэты джентльмен ласкава адказаў.
— Так, — сказала місіс Чык з ціхамірнай усмешкай, — пасля гэтага я дарую Фані ўсё!
Гэта была заява ў хрысціянскім духу, і місіс Чык адчула, што яна зрабіла ёй палёгку для душы. Між іншым, нічога асаблівага не патрэбна было ëй дараваць нявестцы або, больш правільна, зусім нічога, апрача таго, што тая вышла замуж за яе брата, гэта ўжо само па сабе з’яўлялася нейкай дзёрзкасцю і з цягам часу радзіла дзяўчынку замест хлопчыка — учынак, які, як часта казала місіс Чык, не зусім адпавядаў яе чаканням і зусім не быў прыемнай узнагародай за ўсю ўвагу і чэсць, якія былі аказаны гэтай жанчыне.
З прычыны таго, што містэр Домбі быў тэрмінова выклікан з пакоя, лэдзі асталіся адны. Міс Токс адразу выявіла схільнасць да сударгавых рухаў.
— Я ведала, што вы будзеце зачараваны маім братам. Я вас загадзя папярэджвала, мая любая, — сказала Луіза.
Рукі і вочы міс Токс паказалі, як яна зачаравана.
— А што тычыцца яго багацця, мая любая!
— Ах! — з глыбокім пачуццём прагаварыла міс Токс.
— Калас-сальнае!
— А яго ўменне трымацца, дарагая мая Луіза! — сказала міс Токс. — Яго асанка! Яго благароднасць! Ніколі я не бачыла партрэта, які напалову адлюстроўваў-бы гэтыя якасці. Нешта, ведаеце, такое велічавае, такое непахіснае! Такія шырокія плечы, такі просты стан! — Што з вамі, любы мой Поль? — усклікнула яго сястра, калі ён вярнуўся. — Які вы бледны! Нічога не здарылася?
— На жаль, Луіза, яны мне сказалі, што Фані…
— О! Любы мой Поль, — перапыніла яго сястра, устаючы, — не верце ім! Калі вы ў нейкай ступені верыце ў мой вопыт, Поль, вы можаце быць ўпэўнены, што усë добра і нічога, апрача намагання з боку Фані, не патрэбна. А да гэтага намагання, — прадаўжала яна, заклапочана здымаючы капялюш і папраўляючы чэпчык і пальчаткі, — варта яе падбухторыць і, нават, калі будзе неабходна, прымусіць. Цяпер, дарагі мой Поль, пойдзем разам наверх.
Містэр Домбі згадзіўся і адразу-ж пайшоў за ëю у пакой хворай.
Жонка ляжала на ложку як і раней, прыціскаючы да грудзей маленькую дачку. Дзяўчынка прытулілася да яе таксама горача, як і раней, і не падымала галавы, не адрывала сваёй далікатнай шчочкі ад твара маткі, не пазірала на акружаючых, не гаварыла, не варушылася і не плакала.
— Хвалюецца без дзяўчынкі, — шаптаў доктар містэру Домбі. — Мы палічылі патрэбным зноў упусціць яе.
Так урачыста ціха было ля пасцелі, і абодва медыкі, здавалася, пазіралі на нерухомую фігуру з такім спачуваннем і такою безнадзейнасцю, што місіс Чык на секунду пакінула свае намеры. Але адразу, прызваўшы на дапамогу мужнасць і тое, што яна называла прысутнасцю духу, яна села ля ложка і сказала ціхім, выразным голасам, як гаворыць чалавек, які стараецца разбудзіць соннага:
— Фані! Фані!
Ні слова ў адказ, толькі гучнае ціканне гадзінніка містэра Домбі і гадзінніка доктара Паркера Пепса, якія нібы спаборнічалі ў бегу сярод мёртвай цішыні.
— Фані, любая мая, — прытворна вясёлым тонам сказала місіс Чык, — містэр Домбі прышоў вас наведаць. Ці не хочаце з ім пагаварыць? Да вас у пасцель збіраюцца пакласці вашага сына, вашага малютку, Фані; вы, здаецца, амаль яго не бачылі, але гэтага нельга зрабіць, пакуль вы не будзеце крышачку лепш сябе адчуваць. Ці не думаеце вы, што час ужо трошкі падбадзёрыцца? Што?
Яна наблізіла вуха да пасцелі і прыслухалася, у той-жа час акінуўшы позіркам навакольных і падняўшы палец.
— Што? — паўтарыла яна. — Што вы сказалі, Фані? Я не дачула.
Ні слова, ні гуку ў адказ. Гадзіннік містэра Домбі і гадзіннік доктара Паркера Пепса нібы паскорылі бег.
— Няйначай, Фані, любая мая, — сказала залоўка, мяняючы позу і мімаволі загаварыўшы менш упэўнена і больш сур’ёзна, — мне давядзецца на вас раззлавацца, калі вы не падбадзёрыцеся. Неабходна, каб вы зрабілі намаганне і, магчыма, вельмі напружанае і цяжкое намаганне, якое вы не думаеце рабіць; але вы-ж ведаеце, Фані, на гэтым свеце на ўсё патрэбна натуга, і мы не павінны саступаць, калі так многа ад нас залежыць. Ну! Паспрабуйце! Няйначай, давядзецца мне на вас пакрычаць, калі вы гэтага не зробіце!
У наступіўшай цішыні спаборніцтва ў бегу стала шалёным і лютым. Гадзіннікі нібы наляталі адзін на адзін і падстаўлялі ножку.
— Фані! — прадаўжала Луіза, аглядаючыся з нарастаючай трывогай. — Вы хоць зірніце на мяне. Адкрыйце толькі вочы, каб паказаць, што вы мяне чуеце і разумееце, добра? Божа мой, што-ж цяпер рабіць, джэнтльмены?
Абодва медыкі абмяняліся праз ложак позіркамі, і доктар, нагнуўшыся, шапнуў нешта на вуха дзяўчынцы. Не разумеючы сэнсу яго слоў, малая павярнула да яго вельмі бледны твар з глыбокімі цёмнымі вачыма, але не выпусціла з абдымкаў маткі.
Зноў шэпт.
— Мама! — сказала дзяўчынка.
Дзіцячы голас, знаëмы і горача любімы, выклікаў пробліск свядомасці, якая ўжо згасала. На момант апушчаныя павекі ўздрыгануліся, ноздры заварушыліся, і мільгануў слабы цень усмешкі.
— Мама! — плачучы, усклікнула дзяўчынка. — О, дарагая мама! Дарагая мама!
Доктар мякка адхінуў рассыпаўшыяся кудры дзіцяці ад твара і губ маткі. На жаль, яны ляжалі спакойна — вельмі слабае было дыханне, каб паварушыць іх.
Так, трымаючыся моцна за гэтую хрупкую трысцінку, што прытулілася да яе, матка адплыла ў цёмны і невядомы акіян, які абмывае ўвесь свет.
- ↑ Майстар — так называюць англічане хлопчыкаў у буржуазных і дваранскіх сем’ях.