Домбі і сын/3
← Раздзел II, у якім своечасова прымаюцца захады з прычыны нечаканага збегу акалічнасцей, якія ўзнікаюць часам у самых упарадкаваных сем’ях | Раздзел III, у якім містэр Домбі, як чалавек і бацька, паказан на чале свайго хатняга дэпартамента Раман Аўтар: Чарльз Дыкенс 1848 (пераклад 1938) |
Раздзел IV, у якім на нашай сцэне ўпершыню выступаюць новыя асобы → |
РАЗДЗЕЛ III,
у якім містэр Домбі, як чалавек і бацька, паказан на чале свайго хатняга дэпартамента.
Пахаванне нябожчыцы лэдзі было „выканана“ к поўнаму задавальненню гаспадара пахавальнага бюро, а таксама і ўсяго вакольнага насельніцтва, якое звычайна вельмі прыдзірлівае ў такіх выпадках і абураецца кожным промахам і ўпушчэннем у цырамоніі, пасля чаго шматлікія дамачадцы містэра Домбі зноў занялі адпаведныя ім месцы ў хатняй сістэме. Гэты маленькі свет, як і вялікі знешні свет, адзначаўся здольнасцю хутка забывацца пра сваіх памершых, і калі кухарка сказала: „у лэдзі быў ціхі нораў“, а эканомка сказала: „такі наш лёс“, а дварэцкі сказаў: „хто-б мог пра гэта падумаць?“, а пакаёўка сказала: „яна бадай ці можа гэтаму паверыць“, а лакей сказаў: „гэта падобна на сон“, — падзея канчаткова ўкрылася іржою, і яны пачалі думаць аб тым, што і жалоба іх парыжэла ад часу.
Для Рычардс, якую трымалі наверсе ў ганаровым палоне, зара новага жыцця здавалася халоднай і шэрай. У містэра Домбі быў вялікі дом на ценевым баку, на элегантнай вуліцы з высокімі дамамі паміж Портланд-плейс і Брайянстон-сквер. Гэта быў дом на рагу з вялікімі прасторнымі скляпамі, якія пахмура ўглядаліся на свет сваімі рашотчатымі вокнамі і пагардліва жмурыліся касавокімі дзвярыма, якія вялі да смеццевых скрынь. Гэта быў велічны і пахмурны дом з поўкруглай задняй сцяной, з анфіладай залаў, якія выходзілі вокнамі на ўсыпаны гравіем двор, дзе два поўсухія дрэвы з пачарнелымі стваламі хутчэй стукалі, чым шалясцелі, — так было пракопчана іх лісцё. Летам сонца заглядала на гэтую вуліцу толькі раніцой, прыкладна ў час першага снедання, паяўлялася разам з вадавозамі, стар’еўшчыкамі, гандляром геранню, папраўшчыкам зонтаў і чалавекам, які на хаду пазвоньваў званочкам ад галандскага гадзінніка. Неўзабаве яно зноў хавалася, каб больш ужо не паказвацца ў той дзень, а ў змроку дварэцкія, калі іх гаспадары палуднавалі ў гасцях, з’яўляліся ля дзвярэй сваіх дамоў, і фанаршчыку кожны вечар не шанцавала, калі ён з дапамогай газу спрабаваў надаць вуліцы больш вясёлы выгляд.
І ўнутры гэты дом быў таксама пахмуры, як і знадворку. Пасля пахавання містэр Домбі загадаў накрыць мэблю чахламі, — можа, жадаючы захаваць яе для сына, з якім былі звязаны ўсе яго планы, — і замкнуць пакоі, за выключэннем тых, якія ён прызначаў для сябе ў ніжнім паверсе. Тады таямнічыя збудаванні ўтварыліся з сталоў і крэслаў, састаўленных пасярод пакоя і накрытых вялізнымі саванамі. З камінаў патыхала як са скляпоў і сырых падвалаў. Памёршая і пахаваная лэдзі ў рамцы, абвітай траурам, наводзіла страх. Кожны парыў ветру, налятаючы з-за вугла суседніх стайняў, прыносіў камякі саломы, што была паслана перад домам у часе яе хваробы і гніючыя рэшткі якой яшчэ захаваліся па суседству; прыцягваемыя нейкай невядомай сілай да парогу бруднага дома насупраць, які здаваўся ў арэнду, яны з сумным красамоўствам клікалі да вокан містэра Домбі.
Памяшканне, якое пакінуў для сябе містэр Домбі, злучалася з вестыбюлем і складалася з гасцінай, бібліятэкі, якая была, па сутнасці, туалетным пакоем, так што пах атласнай і веленевай паперы, саф’яну і юфты спаборнічаў тут з пахам шматлікіх пар камашаў, і аранжарэі або маленькага зашклёнага будуара, адкуль відаць былі раней успомненыя дрэвы і іншы раз цікоўная кошка. Гэтыя тры пакоі размешчаны былі адзін за другім. Раніцамі, калі містэр Домбі снедаў у адным з першых двух пакояў, а таксама пад вечар, калі ён варочаўся дадому к абеду, чуўся званок, выклікаючы Рычардс, якая з’яўлялася ў зашклёнае памяшканне і там прагульвалася са сваім юным выхаванцам. Час ад часу паглядаючы на містэра Домбі, які сядзеў у цемры і пазіраў на дзіця з-за цёмнай цяжкай мэблі, — у доме шмат гадоў жыў яго бацька, і ў абстаноўцы аставалася нямала старамоднага і пахмурага, — яна пачала думаць аб ім і яго адасабленні, нібы ён быў вязнем, пасаджаным у адзіночную камеру, або дзіўнай зданню, якую нельга ні паклікаць, ні зразумець.
Ужо некалькі тыдняў карміліца маленькага Домбі Поля сама вяла такое жыццё, і вось аднойчы, калі яна вярнулася наверх пасля меланхалічнай прагулкі ў сумных пакоях (яна ніколі не выходзіла з дому без місіс Чык, якая з’яўлялася раніцамі ў добрае надвор’е, звычайна ў суправаджэнні міс Токс, каб вывесці на свежае паветра яе з дзіцем, або, інакш кажучы, урачыста вадзіла іх па вуліцы, нібы ў пахавальнай працэсіі) і сядзела ў сваім пакоі, дзверы павольна і ціха адчыніліся, і ў пакой заглянула маленькая чорнавокая дзяўчынка.
«Мусіць, гэта міс Фларэнс вярнулася дадому ад сваёй цёткі», падумала Рычардс, якая яшчэ ні разу не бачыла дзяўчынкі. — Спадзяюся, вы здаровыя, міс!
— Гэта мой брат? — запыталася дзяўчынка, паказваючы на дзіця.
— Так, любачка, адказала Рычардс. — Падыйдзіце, пацалуйце яго.
Але дзяўчынка замест таго, каб наблізіцца, сур’ёзна паглядзела ёй у твар і сказала:
— Што вы зрабілі з маёй мамай?
— Даруй божа, малютка! — усклікнула Рычардс. — Якое сумнае пытанне! Што я зрабіла? Нічога, міс.
— Што яны зрабілі з маёй мамай? — запыталася дзяўчынка.
— У жыцці не бачыла такога чуллівага дзіцяці! — сказала Рычардс. — Падыйдзіце бліжэй, любая мая міс. Не бойцеся мяне.
— Я вас не баюся, — сказала дзяўчынка, падышоўшы да яе. — Але я хачу ведаць, што яны зрабілі з маёй мамай.
— Любачка, — сказала Рычардс, — вы носіце гэтую прыгожанькую чорную сукенку на памяць аб сваёй маме.
— Я памятаю маму ва ўсякіх сукенках, — запярэчыла дзяўчынка з слязмі на вачах.
— Але людзі адзяюць чорнае, каб успамінаць пра тых, каго ўжо няма.
— Дзе-ж яны? — запыталася дзяўчынка.
— Падыйдзіце і сядзьце каля мяне, — сказала Рычардс, — а я вам нешта раскажу.
Дагадаўшыся адразу, што расказ павінен мець нейкія адносіны да яе пытанняў, маленькая Фларэнс паклала капелюш, які яна трымала ў руках, і прысела на лавачку ля ног карміліцы, пазіраючы ёй у твар.
— Жыла калісьці за свеце лэдзі, — пачала Рычардс, — вельмі добрая лэдзі, і маленькая дачка моцна яе кахала.
— Вельмі добрая лэдзі, і маленькая дачка моцна яе кахала, — паўтарыла дзяўчынка.
— І вось яна захварэла і памерла.
Дзяўчынка ўздрыганулася.
— Памерла, і ніхто ўжо не ўбачыць яе больш на гэтым свеце, і яе закапалі ў зямлю, дзе растуць дрэвы.
— У халодную зямлю, — сказала дзяўчынка, зноў уздрыгануўшыся.
— Не! У цёплую зямлю, — адказала Полі, — дзе непрыгожыя маленькія зерняткі ператвараюцца ў цудоўныя кветкі, у траву і калоссе і ці мала яшчэ ў што.
— Гэта мая мама! — усклікнула дзяўчынка, усхапляючыся абдымаючы Полі за шыю.
— А дзяўчынка, — прадаўжала Полі, прыціскаючы яе да грудзей, — маленькая дачушка, калі пачула аб тым ад незнаёмай карміліцы, якая і расказаць добра не умела, але сама была беднай маткай, толькі і ўсяго, — дачка плакала наўзрыд у яе на грудзях… пашкадавала малютку, што ляжала ў яе на каленях, і… ну, досыць, досыць! — гаварыла Полі, прыгладжваючы кудры дзяўчынкі, на якія капалі яе слёзы. — Досыць, бедненькая!
— Вось як, міс Флой! Ну і раззлуецца-ж ваш татулька! — пачуўся рэзкі голас, што належаў невысокай смуглай дзяўчыне, якая здавалася старэй сваіх чатырнаццаці гадоў, курносая і з чорнымі вачыма, падобнымі да пацерак з агата. — Ды вам-жа сурова было загадана, каб вы не хадзілі і не надакучалі карміліцы.
— Яна мне не надакучае, — адказала здзіўленая Полі. — Я вельмі люблю дзяцей.
— Ах, прашу прабачэння, місіс Рычардс, але гэта, ведаеце, нічога не азначае, — запярэчыла чорнавокая дзяўчына, якая была такой рэзкай і ўедлівай, што, здавалася, магла давесці чалавека да слёз. — Можа, я вельмі люблю ўжыўных слімачкоў, місіс Рычардс, але адсюль яшчэ не вынікае, каб мне іх падавалі да чаю.
— Ну, гэта глупства, — сказала Полі.
— Ах, вось як, дзякую вам, місіс Рычардс! — усклікнула рэзкая дзяўчына. — Аднак, будзьце так ласкавы, успомніце, што міс Флой пад маёй апекай, а майстар Поль — пад вашай.
— Але ўсё-такі нам няма за што сварыцца, — сказала Полі.
— О, так, місіс Рычардс! — падхапіла Задзіра. — Зусім няма за што, я гэтага не хачу, не завошта нам станавіцца ў такія дачыненні, калі пры міс Флой месца сталае, а пры майстры Полі — часовае. Задзіра не рабіла ніякіх паўз, хіба што ставіла коскі, выпальваючы ўсё, што мела сказаць, у адной фразе і па магчымасці адным духам.
— Міс Фларэнс толькі што вярнулася дадому, ці-ж непраўда? — запыталася Полі.
— Так, місіс Рычардс, толькі што вярнулася, і вось, міс Флой, не паспелі вы і чвэрці гадзіны пабыць дома, як ужо трыцëся мокрым тварам аб дарагую траурную сукенку, якую місіс Рычардс носіць па вашай мамачцы!
Пасля такой вымовы маладая Задзіра, чыё сапраўднае імя было С’юзен Ніпер, гвалтам адарвала дзяўчынку ад яе новага сябра, нібы вырвала зуб. Але, здавалася, яна гэта зрабіла без усякага злога намеру, а хутчэй за ўсё ад надзвычай вялікага парыву да сваіх службовых абавязкаў.
— Цяпер яна зноў дома і будзе зусім шчаслівай, — сказала Полі, ківаючы ёй галавой, і радасная ўсмешка паявілася на добрадушным яе твары. — А як-жа яна будзе рада, калі ўбачыць вечарам свайго дарагога татку!
— Эх, місіс Рычардс! — усклікнула міс Ніпер, адразу-ж падхапіўшы яе словы. — Досыць! Так і ўбачыць свайго дарагога татку! Хацела-б я гэта пабачыць!
— А хіба яна яго не ўбачыць? — запытала Полі.
— Ды не, місіс Рычардс, яе татка праз меру ужо займаецца некім другім, ды і пакуль што яшчэ не было некага другога, яна ніколі не была любіміцай; у гэтым доме дзяўчынкі за нішто, місіс Рычардс, магу вас упэўніць.
Дзяўчынка шпарка пераводзіла позірк з адной нянькі на другую, нібы разумела і адчувала, аб чым ідзе гутарка.
— Як вы мяне здзівілі! — усклікнула Полі. — Няўжо містэр Домбі не бачыў яе з таго часу…
— Так, так, — перапыніла Сюзен Ніпер. — Не бачыў з таго часу ні разу, ды і раней цэлымі месяцамі амаль не глядзеў на яе і бадай ці прызнае яе за сваю дачку, калі заўтра сустрэне на вуліцы, а што да мяне, місіс Рычардс, — хіхікнуўшы, дадала Задзіра, — дык падазраю, што ён не ведае аб маім існаванні.
— Любае дзіцятка! — сказала Рычардс, маючы на ўвазе не міс Ніпер, а маленькую Фларэнс.
— Шчаслівай вам раніцы, місіс Рычардс, ну, міс Флой, будзьце ласкавы ісці са мною і не ўпірайцеся, як непаслухмянае, капрызнае дзіцянё, якое не умее як трэба трымацца.
Не гледзячы на такое ўгаварванне і на штуршкі С’юзен Ніпер, якія пагражалі вывіхнуць правае плячо, маленькая Фларэнс вырвалася і пяшчотна пацалавала сваю новую сяброўку.
— Да пабачэння! — сказала дзяўчынка. — Хутка я зноў да вас прыду, і вы да мяне прыдзеце. С’юзен нам дазволіць. Дазволіце, С’юзен? Увогуле Задзіра была, як відаць, добрадушнай маленькай асобай, хоць і з’яўлялася вучнем у той школе выхаванцаў дзіцячага розуму, якая лічыць, што дзяцей, як і грошы, трэба добра трэсці, церці і пераціраць, каб надаць ім бляск, бо, пачуўшы гэту просьбу, якая суправаджалася ўпрашальнымі жэстамі і ласкамі, яна злажыла накрыж ручкі, паківала галавой, і позірк яе шырока адкрытых чорных вачэй стаў мякчэйшым.
— Нядобра, што вы мяне аб гэтым просіце, міс Флой, вы-ж ведаеце, што я не магу вам адмовіць, але мы з місіс Рычардс падумаем, што тут можна зрабіць, калі місіс Рычардс захоча. Мне, бачыце, місіс Рычардс, магчыма, хочацца праехацца ў Кітай, але, можа, я не ведаю, як выбрацца з лонданскіх докаў.
Рычардс згадзілася з гэтай заявай.
— Не такая ўжо весялосць пануе ў гэтым доме, — сказала міс Ніпер, — каб чалавеку захацелася большага адзіноцтва, чым тое, якое мімаволі церпіш. Вашы Токсы і вашы Чыкі могуць вырваць у мяне па два пярэднія зубы, місіс Рычардс, але гэта яшчэ не прычына, што я павінна падставіць ім усю сківіцу.
Гэтая заява таксама была прынята Рычардс як не выклікаючая сумненняў.
— Дык будзьце ўпэўнены, — сказала С’юзен Ніпер, — што я гатова жыць у дружбе, місіс Рычардс, пакуль вы астаецеся пры майстры Полі, калі ўдасца што-кольвечы выдумаць, не парушаючы адкрыта загаданняў, але, міс Флой, вы да гэтага часу яшчэ не раздзеліся, непаслухмяная вы дзяўчынка, ідзіце!
З гэтымі словамі С’юзен Ніпер наляцела на сваю маленькую пітоміцу і сілком вытурыла яе з пакоя.
Дзяўчынка, апанаваная смуткам і занядбалая, была такой спакойнай, такой смірнай, столькі было ў яе пяшчотнасці, у якой, здавалася, ніхто не меў патрэбы, і столькі хваравітай чуллівасці, якую, здавалася, ніхто не заўважаў і не баяўся раніць, што ў Полі сціснулася сэрца, калі яна зноў асталася адна. Простая размова, якая адбылася паміж ëю і асірацелай дзяўчынкай, расчуліла яе мацярынскае сэрца не менш, чым сэрца дзіцяці; і таксама, як дзіця, яна адчула, што з гэтай хвіліны паміж імі ўзнікла давер’е і блізкасць.
Не гледзячы на ўпэўненасць містэра Тудля ў Полі, яна бадай ці ведала больш за яго ў галіне набытых пазнанняў. Яна была наглядным прыкладам той натуры, якая ў цэлым можа лепш, больш чэсна, вышэй, больш благародна, хутчэй адчуць і праявіць большую сталасць у далікатнасці і міласэрдзі, самаафярнасці і адданасці, чым натура мужчынская. Хоць яна нічому не вучылася, яна магла-б з самага пачатку даць містэру Домбі крышачку ведаў, якія ў такім выпадку не здзівілі-б яго, як маланка, у канцы.
Але мы адхіліліся ў бок. У сучасны момант Полі думала толькі аб тым, як-бы замацаваць заваяваную прыхільнасць міс Ніпер і прыдумаць спосаб, каб маленькая Фларэнс магла быць з ёю, не парушаючы правіл і не праяўляючы непакорлівасці. У той-жа вечар якраз выпаў зручны момант.
Як і заўсёды яна сышла па званку ў зашклёны пакой і доўга хадзіла з дзіцем на руках, як раптам яна вельмі здзівілася і нават спалохалася, калі вышаў містэр Домбі і спыніўся перад ёю.
— Добры вечар, Рычардс.
Такі самы строгі, чопарны джентльмен, якім яна яго ўбачыла ў той першы дзень, джентльмен з такім суровым позіркам, што яна мімаволі патупілася і зрабіла рэверанс.
— Як маецца майстар Поль, Рычардс?
— Расце, сэр, здаровы.
— Выгляд у яго здаровы, — сказаў містэр Домбі, углядаючыся з вялікай увагай у малюсенькі тварык, які яна прыадкрыла для яго, і, аднак, прытвараючыся ў нейкай меры роўнадушным. — Спадзяюся, вы атрымліваеце ўсё, што хочаце?
— Так, сэр, дзякую вам.
Аднак, яна з такім замяшаннем дала гэты адказ, што містэр Домбі, які ўжо адышоў ад яе, спыніўся і зноў павярнуўся да яе з дапытлівым выглядам.
— Мне здаецца, сэр, каб забавіць і развесяліць дзіця, нічога не можа быць лепш, як дазволіць іншым дзецям гуляць каля яго, — набраўшыся адвагі, заўважыла Полі.
— Калі вы паступілі сюды, Рычардс, — насупіўшыся, сказаў містэр Домбі, — я, здаецца, выказаў жаданне, каб вы як можна менш бачыліся са сваёй сям’ёй. Будзьце ласкавы, прагульвайцеся далей.
З гэтымі словамі ён вышаў ва ўнутраныя пакоі, а Полі здагадалася, што ён зусім не зразумеў яе намеру і што яна яго пакрыўдзіла, ніяк не наблізіўшыся да мэты.
У наступны вечар, калі яна сышла на ніз, яна ўбачыла, што містер Домбі прагульваецца па аранжарэі. Яна спынілася ў дзвярах, збянтэжаная гэтым незвычайным відовішчам, не ведаючы, ісці ей далей ці адступіць; ён падазваў яе.
— Калі вы сапраўды лічыце, што такое таварыства карысна дзіцяці, — сказаў ён адрывіста, нібы яму гэта толькі што прапанавалі, — дык дзе-ж міс Фларэнс?
— Лепш не знайсці, чым міс Фларэнс, сэр, — з запалам падхапіла Полі, — але са слоў яе маленькай служанкі я зразумела, што яны не…
Містэр Домбі пазваніў і пачаў хадзіць па пакоі, пакуль не з’явіўся слуга.
— Загадайце, каб міс Фларэнс пускалі да Рычардс, калі яна захоча, адпускалі з ёй на прагулку і так далей. Загадайце, каб дзецям дазволілі быць разам, калі гэтага хоча Рычардс. Жалеза было гарачае, і Рычардс, смела пачаўшы яго каваць, — гэта была добрая справа, і яна не траціла мужнасці, хоць інстынктыўна баялася містэра Домбі, — пажадала, каб міс Фларэнс неадкладна прыслалі сюды завязаць сяброўства з маленькім братам.
Яна прытварылася, быццам калыша дзіця, калі слуга пайшоў выконваць даручэнне, але ёй здалося, што містэр Домбі пабляднеў, што выраз яго твара рэзка змяніўся, што ён хутка павярнуўся, нібы хацеў узяць назад свае словы, і стрымаў яго толькі сорам.
І яе была праўда. У апошні раз ён бачыў сваю закінутую дачку у абдымках паміраючай маткі, што было для яго адкрыццëм і дакорам. Як ні захапляўся ён сваім Сынам, на якога ўскладаў такія вялікія надзеі, ён не мог забыцца пра гэту заключную сцэну. Ён не мог забыцца пра тое, што не прымаў у ёй ніякага ўдзелу.
Яго адносіны да дзяўчынкі былі адмоўнымі з самага дня яе нараджэння. Ён ніколі не адчуваў да яе агіды: няварта было, ды і не было гэта яму ўласціва. Яўнай непрыязнасці да яе ён не адчуваў. Але цяпер яна прыводзіла яго ў замяшанне. Яна парушала яго спакой. Ён хацеў-бы адагнаць думкі аб ëй зусім, калі-б ён ведаў, як гэта зрабіць. Можа — каму вырашаць гэткія задачы? — ëн баяўся, што зненавідзіць яе.
Калі маленькая Фларэнс баязліва ўвайшла, містэр Домбі перастаў хадзіць і зірнуў на яе. Калі-б зірнуў ён на яе з большай зацікаўленасцю, вачыма бацькі, ён прачытаў-бы ў яе зыркім позірку хваляванне і страх, якія прыводзілі яе ў замяшанне, — гарачае жаданне прытуліцца да яго, схаваць твар на яго грудзях і сказаць: «О, бацька, пастарайцеся палюбіць мяне! У мяне нікога больш няма!», затым баязнь, што яе адштурхнуць, баязнь быць занадта дзёрзкай і абразіць яго, пакутлівую патрэбу ў падтрыманні і падбадзёрванні, і нарэшце ён убачыў-бы, як яе дзіцячае сэрца, абцяжаранае непасільнай ношай, шукала якога-небудзь натуральнага прытулку і для смутку і для любові.
Але нічога гэтага ён не бачыў. Ён бачыў, як яна нерашуча спынілася ў дзвярах і паглядзела ў яго бок; і больш нічога ён не бачыў.
— Увайдзіце, — сказаў ён, — увайдзіце. Чаго баіцца гэтае дзіця?
Яна ўвайшла і, няўпэўнена азірнуўшыся, спынілася ля самых дзвярэй, моцна сціскаючы маленькія ручкі.
— Падыйдзіце, Фларэнс, — холадна сказаў бацька. — Вы ведаеце, хто я?
— Ведаю, тата.
— Ці не хочаце вы што-небудзь сказаць мне?
Слёзы, якія паказаліся ў яе на вачах, калі яна паглядзела на яго, застылі ад яго позірку. Яна зноў апусціла позірк і працягнула дрыжачую руку. Містэр Домбі неахайна ўзяў яе за руку і з хвіліну стаяў, пазіраючы на яе, нібы не ведаў, як і дзіця, што трэба сказаць або зрабіць.
— Ну, вось! Будзьце добрай дзяўчынкай, — сказаў ён, гладзячы яе па галаве і цішком збянтэжана і нерашуча на яе паглядаючы. — ідзіце да Рычардс! Ідзіце!
Яго маленькая дачка пачакала секунду, нібы ўсё яшчэ хацела прытуліцца да яго або мела слабую надзею на тое, што ён возьме яе на рукі і пацалуе. Яна яшчэ раз зірнула на яго. Ён успомніў, што такі-ж выраз твара быў у яе, калі яна азірнулася, каб паглядзець на доктара — у той вечар, і інстынктыўна выпусціў яе руку і адвярнуўся.
Не цяжка было заўважыць, што Фларэнс многае траціла ў прысутнасці бацькі. Стрымліваліся не толькі думкі дзяўчынкі, але і прыродная яе грацыя і вольнасць рухаў. Усё-ж такі Полі не траціла бадзёрасці духу і, мяркуючы аб містэры Домбі па сабе, спадзявалася на маўклівы прызыў — траурную сукенку беднай маленькай Фларэнс. «Дапраўды-ж, гэта жорстка, — думала Полі, — калі ён любіць толькі адно асірацелае дзіця, калі ў яго перад вачыма другое, і да таго-ж дзяўчынка».
Таму Полі старалася трымаць яе больш перад яго вачыма і спрытна няньчыла маленькага Поля, каб паказаць, як ён ажывіўся ў прысутнасці сястры. Калі настаў час ісці наверх, яна была паслала Фларэнс у суседні пакой пажадаць бацьку спакойнай ночы, але дзяўчынка збянтэжылася і пачала адступаць назад, а калі Полі пачала настайваць, то яна прыкрыла вочы рукой, нібы хаваючыся ад сваёй уласнай нікчэмнасці, і ўсклікнула:
— О, не, не! Я яму не патрэбна! Я яму не патрэбна!
Містэр Домбі звярнуў увагу на гэтую маленькую спрэчку; не ўстаючы з-за стала, за якім ён піў віно, містэр Домбі запытаў, у чым справа.
— Міс Фларэнс баіцца, што перашкодзіць, сэр, калі зойдзе пажадаць вам спакойнай ночы, — сказала Рычардс.
— Гэта няважна, — адазваўся містэр Домбі. — Няхай прыходзіць і выходзіць, не звяртаючы на мяне ўвагі.
Дзяўчынка скурчылася, пачуўшы гэта, і пайшла, перш чым яе скромная сяброўка паспела аглянуцца.
Між іншым, Полі вельмі радавалася поспеху свайго добрага намеру і той спрытнасці, з якой яна яго ажыццявіла, аб чым і расказала з усімі падрабязнасцямі Задзіры, як толькі зноў апынулася шчасліва наверсе. Міс Ніпер прыняла гэты доказ яе давер’я, а таксама надзею на свабодныя дачыненні іх у будучым досыць холадна і не праявіла ніякага энтузіязму, выказваючы сваю радасць.
— Я думала, што вы будзеце задаволены, — сказала Полі.
— О, яшчэ як, місіс Рычардс, я надзвычай задаволена, дзякую вам, — адказвала С’юзен, якая раптам выпрасталася так, як быццам уставіла сабе яшчэ адну косць у карсет. — Вы гэтага не паказваеце, — сказала Полі.
— О, я-ж усяго толькі сталая, дык няварта і чакаць, каб я гэта паказвала, як часовая, — сказала С’юзен Ніпер. — Я бачу, што часовыя тут перамагаюць, але хоць паміж гэтым домам і суседнім добрая сцяна, аднак, не гледзячы ні на што, мне, можа, усё-такі не хочацца апынуцца прыпёртай да яе, місіс Рычардс!