Домбі і сын/15
← Раздзел ХІV. Поль робіцца ўсё больш дзівакаваты і едзе дадому на канікулы | Раздзел XV. Надзвычайная вынаходлівасць капітана Катля і новыя клопаты Уолтэра Гэя Раман Аўтар: Чарльз Дыкенс 1848 (пераклад 1938) |
Раздзел ХVІ. Аб чым заўсёды гаварылі хвалі → |
РАЗДЗЕЛ XV
Надзвычайная вынаходлівасць капітана Катля і новыя клопаты Уолтэра Гэя.
На працягу некалькіх дзён Уолтэр не мог вырашыць, як яму быць з барбадоскай справай; ён нават меў слабую надзею, што ў містэра Домбі, магчыма, не тое было на ўвазе, што сказаў, або раздумае і скажа яму аб адмене паездкі. Але з тае прычыны, што не здарылася нічога колькі-небудзь пацвярджаючага гэту здагадку (якая сама сабою была ў дастатковай ступені непраўдападобнай), а час ішоў і марудзіць было нельга, ён адважыўся без далейшых ваганняў.
Асноўная цяжкасць для Уолтэра заключалася ў тым, якім чынам паведаміць пра гэту змену ў яго справах дзядзьку Солю, для якога, ён адчуваў, гэта будзе жорсткім ударам. Атруціць настрой дзядзьку Солю такой здзіўляючай весткай было яму тым цяжэй, што за апошні час справы вельмі палепшыліся і стары так павесялеў, што маленькая задняя гасціная набыла ранейшы выгляд. Дзядзька Соль заплаціў у вызначаны тэрмін частку доўгу містэру Домбі і спадзяваўся заплаціць астатняе; і нарабіць яму зноў смутку, калі ён так мужна справіўся са сваёй бядой, было вельмі сумнай неабходнасцю.
Аднак, не магло быць і гутаркі аб тым, каб пайсці ад яго ціхенька. Дзядзька павінен быў даведацца пра гэта загадзя; цяжкасць заключалася ў тым, як яму сказаць. Што датычыць пытання, ехаць ці не ехаць, Уолтэр не лічыў, каб яго ўладай было выбіраць.
Калі містэр Домбі глянуў на яго і сказаў, што ён малады, а справы яго дзядзькі ідуць дрэнна, твар яго выказваў па- гарду — зняважлівую і ганебную думку, што Уолтэр зусім не супраць жыць у бяздзейнасці на сродкі збяднеўшага старога, і гэта абразіла благародную душу хлопчыка. Рашыўшы даказаць містэру Домбі, — наколькі можна было гэта даказаць без слоў, — што той меркаваў аб ім няправільна, Уолтэр стараўся пасля размовы пра Вест-Індыю быць яшчэ весялейшым і растаропнейшым, чым раней.
Ён быў надта малады і неспрактыкаваны і не думаў аб тым, што гэта самая якасць можа быць непрыемнай містэру Домбі.
«Ну, што-ж. Нарэшце прыдзецца сказаць дзядзьку Солю», уздыхнуўшы, падумаў Уолтэр.
А з прычыны таго, што Уолтэр баяўся, што голас яго, бадай, можа здрыгануцца і фізіяномія яго будзе не такой вясёлай, як яму-б хацелася, калі ён сам скажа пра гэта старому і ўбачыць па маршчыністым яго твары, якое ўражанне зрабіла гэтая вестка, ён рашыў звярнуцца да паслуг магутнага пасрэдніка — капітана Катля. Таму, калі надышла нядзеля, ён вырашыў пасля снедання зайсці ў жыллё капітана Катля.
Дарогай ён з прыемнасцю ўспомніў, што кожную раніцу ў нядзелю місіс Мак-Стынджэр робіць далёкае падарожжа, каб паслухаць пропаведзь прэпадобнага Мельхіседэка Хаўлера.
Уолтэр спяшаўся колькі было сіл, каб застаць капітана дома, і неўзабаве, павярнуўшы на Брыг-плейс, меў прыемнасць убачыць шырокі сіні фрак і жылет, вывешаныя з адчыненага акна капітана на сонца для выветрывання.
Здавалася непраўдападобным, што смяротны мог убачыць фрак і жылет без капітана, але апошні, бясспрэчна, не быў у іх апрануты, у праціўным выпадку ногі яго — дамы на Брыг-плейсе невысокія — перагараджалі-б уваход у парадныя дзверы, які быў зусім свабодным. Здзіўлены гэтым адкрыццем, Уолтэр адзін раз пастукаў.
«Стынджэр!» выразна пачуў ён вокліч капітана, які далятаў зверху з яго пакоя, нібы стук яго зусім не датычыў. Тады Уолтэр пастукаў два разы.
«Катль!» пачуў ён вокліч капітана; і адразу-ж капітан у чыстай рубашцы і падцяжках, з хусткай, свабодна завязанай вакол шыі накшталт скручанай у кальцо вяроўкі і у глянцавітым капелюшы, з'явіўся ў акне, выглядаючы з-за шырокага сіняга фрака і жылета.
— Уольр! — усклікнуў капітан, са здзіўленнем пазіраючы на яго ўніз.
— Так, так, капітан Катль, — адказваў Уолтэр, — гэта толькі я.
— Што здарылася, мой хлопчык? — з вялікай трывогай запытаўся капітан. — Ці не здарылася яшчэ што-небудзь з Джылсам?
— Не, не, — адказаў Уолтэр. — У дзядзі ўсё добра, капітан Катль.
Капітан выказаў задаволенасць, спусціўся ўніз і адпёр дзверы.
— Аднак вы рана, Уольр, — сказаў капітан, усё яшчэ недаверліва на яго паглядаючы, пакуль яны падымаліся наверх.
— Вось у чым справа, капітан Катль, — сядаючы, сказаў Уолтэр, — я баяўся, што вы пойдзеце, а мне патрэбна ваша сяброўская парада.
— Вы яе атрымаеце, — сказаў капітан. — Чым вас пачаставаць?
— Вашай думкай, капітан Катль, — з усмешкай адказваў Уолтэр. — Больш мне нічога не патрэбна.
— У такім выпадку прадаўжайце, — сказаў капітан. — З прыемнасцю, мой хлопчык!
Уолтэр расказаў яму пра тое, што здарылася; пра цяжкасці, якія ўзніклі ў яго ў сувязі з дзядзькам, і пра тую палёгку, якую ён адчуе, калі капітан Катль па дабраце сваёй дапаможа яму гэта згладзіць; бясконцае здзіўленне і неразуменне капітана Катля, выкліканыя перспектывай, якая перад ім адкрылася, паступова паглынулі гэтага джэнтльмена, пакуль яго твар не пазбавіўся якога-б там ні было выразу, а сіні касцюм, глянцавіты капялюш і кручок, здавалася, пазбавіліся гаспадара.
— Бачыце, капітан Катль, — прадаўжаў Уолтэр, — што датычыць мяне, то я малады, як сказаў містэр Домбі, і пра мяне няма чаго думаць. Я павінен прабіваць сабе дарогу ў жыццё, я гэта ведаю; але па дарозе сюды я думаў пра тое, што павінен быць асцярожны ў двух пунктах, паколькі гэта датычыць дзядзі. Я не хачу сказаць, быццам заслугоўваю таго, каб мяне лічылі гонарам і шчасцем яго жыцця, — ведаю, вы мне верыце, — але тым не менш гэта так. Ці не здаецца вам, што гэта так?
Капітан нібы зрабіў спробу падняцца з бяздоння здзіўлення і зноў набыць свой выгляд, але гэтае намаганне ні да чаго не прывяло, і глянцавіты капялюш толькі кіўнуў маўкліва з невымоўнай многазначнасцю.
— Калі я буду жыў і здароў, — сказаў Уолтэр, — а пра гэта ў мяне няма апасак, усё-ж, пакідаючы Англію, я наўрад ці магу, спадзявацца ўбачыць зноў дзядзю. Ён стары, капітан Катль, апрача таго яго жыццё заснована на прывычнай…
— Стоп, Уолтэр! На прывычнай адсутнасці пакупнікоў, — сказаў капітан Катль, раптам ажываючы.
— Зусім правільна, — адказваў Уолтэр, ківаючы галавой, — але я меў на ўвазе ўклад яго жыцця, капітан Катль, пастаянныя прывычкі. І калі-б (як вы вельмі справядліва заўважылі) ён памёр дачасна, страціўшы тавары і ўсе рэчы, да якіх прывык за столькі гадоў, то ці не думаеце вы, што ён памёр-бы яшчэ раней страціўшы…
— Свайго пляменніка, — уставіў капітан. — Правільна!
— Значыцца, — сказаў Уолтэр, спрабуючы гаварыць весела, — мы павінны запэўніць яго, што разлука гэта ўрэшце толькі часовая. Але-ж я лепш ведаю, капітан Катль, ці баюся, што лепш ведаю, а таму што ў мяне столькі падстаў адносіцца да яго з любоўю і пашанай, то баюся, каб не астацца мне зусім бездапаможным, калі я паспрабую яго пераконваць. Вось галоўная прычына, чаму я хачу, каб пра гэта паведамілі яму вы; і гэта пункт першы.
— Павярніце на тры румбы[1], — задумлівым тонам заўважыў капітан.
— Што вы сказалі, капітан Катль? — запытаўся Уолтэр.
— Трымайся мацней! — глыбокадумна адказаў капітан.
Уолтэр замоўк, каб пераканацца, ці не мае капітан дадаць да гэтага якую-небудзь асаблівую заўвагу, але з прычыны таго, што той нічога не сказаў больш, ён загаварыў зноў:
— Цяпер пункт другі, капітан Катль. На жаль, павінен сказаць, што містэр Домбі не вельмі прыязна становіцца да мяне. Я заўсёды стараўся рабіць усё як мага лепш, але ён усё-такі мяне не любіць. На гэта месца ён мяне пасылае не таму, што яно добрае; і я вельмі сумняваюся, каб яно калі-небудзь дапамагло мне заняць лепшае становішча ў фірме; яно, мне здаецца, з'яўляецца сродкам пазбавіцца ад мяне і прыбраць з дарогі. Але пра гэта ні слова мы не павінны гаварыць дзядзю, капітан Катль; мы павінны па меры сіл паказаць гэтае месца выгадным і шматабяцаючым; а калі я вам расказваю, якое яно на самай справе, то раблю гэта толькі для таго, каб на радзіме ў мяне быў сябра, які ведае сапраўднае становішча, у выпадку калі з'явіцца калі-небудзь магчымасць аказаць мне дапамогу там, далёка.
Капітан працягнуў руку Уолтэру з такім выглядам, які быў больш красамоўным за словы.
— Капітан Катль, — прадаўжаў Уолтэр, беручы абодвума рукамі працягнутую яму капітанам вялізную лапу, — пасля майго дзядзі Соля я больш за ўсіх люблю вас. Вядома, няма на свеце нікога, каму-б я мог больш давяраць. Што датычыць ад'езду, капітан Катль, дык мяне гэта не турбуе; чаго-б я пачаў турбавацца? Каб я меў волю шукаць шчасце, каб я меў волю паехаць простым матросам, каб я меў волю спусціцца на свой страх на край зямлі — я з радасцю паехаў-бы! Я з радасцю паехаў-бы ўжо некалькі гадоў назад і паглядзеў-бы, што з гэтага выйдзе. Але гэта супярэчыла жаданням майго дзядзі і планам, якія ён для мяне будаваў, і тым справа і скончылася. Але я адчуваю, капітан Катль, што мы ўвесь час крыху памыляліся, і, калі ўжо гаварыць пра мае погляды на будучае, становішча маё цяпер ніколькі не лепшае, чым у той час, калі я толькі што паступіў у фірму Домбі, магчыма, крыху горшае, бо тады фірма, бадай, была больш прыхільнай да мяне; а цяпер гэта, вядома, не так.
— Між іншым, я не скарджуся, — дадаў ён з уласцівым яму бадзёрым, ажыўленым, энергічным выглядам. — Мне няма на што скардзіцца. Я забяспечаны. Я магу жыць. Пакідаючы дзядзю, я пакідаю яго на вас; і няма лепшага чалавека, на якога я мог-бы яго пакінуць, капітан Катль. Усё гэта я вам расказаў не таму, што я ў роспачы, о не! Але патрэбна вас упэўніць, што я не магу выбіраць, служачы ў фірме Домбі, і куды мяне пасылаюць, туды я павінен ісці, і што мне прапаноўваюць, тое я павінен прыняць. Для дзядзі лепш, што мяне адсылаюць, бо для яго містэр Домбі — каштоўны сябра, якім ён сябе і паказаў, вам вядома гэта, капітан Катль; і я ўпэўнены, што ён не зробіцца менш каштоўным, калі не будзе тут мяне, каб штодзённа ўзбуджаць яго варожасць. Такім чынам, няхай жыве Вест-Індыя, капітан Катль! Як пачынаецца гэта песня, якую спяваюць маракі?
У порт Барбадос, хлопцы! |
Капітан зацягнуў прыпеў:
Гэй весялей, весялей! |
— А цяпер, капітан Катль, — сказаў Уолтэр, падаючы яму сіні фрак і жылет і вельмі мітусячыся, — калі вы пойдзеце і скажаце дзядзю Солю навіну (якую яму, на добры лад, варта было-б ведаць даўным-даўно), я, ведаеце, пакіну вас ля дзвярэй і пайду пабадзяюся да поўдня.
Аднак капітан, здавалася, быў не зусім узрадаваны даручэннем і зусім няўпэўнены ў сваёй здольнасці выканаць яго. Ён уладзіў жыццё і прыгоды Уолтэра зусім па-іншаму і к поўнай сваёй прыемнасці; ён так часта радаваўся сваёй празорлівасці і прадбачлівасці, якія выяўляліся ў гэтым уладжанні, і лічыў яго такім закончаным і дасканалым ва ўсіх адносінах, што вялікае намаганне волі патрабавалася ад яго, каб прысутнічаць пры тым, як усё развальваецца, і нават дапамагаць разбурэнню. У дадатак капітану вельмі цяжка было выгрузіць старыя свае ўяўленні аб гэтым прадмеце, прыняць на борт новы груз з той імклівасцю, якой патрабавалі абставіны, і не зблытаць абодва грузы. Такім чынам, замест таго, каб адзець фрак і жылет з той спрытнасцю, якая адна толькі і магла адпавядаць настрою Уолтэра, ён зусім адмовіўся апрануцца ў гэтае адзенне і сказаў Уолтэру, што з прычыны такой сур'ёзнай справы варта дазволіць яму «крышачку пагрызці ногці».
— Гэта ў мяне старая звычка, Уольр, — сказаў капітан, — яна пяцьдзесят ужо гадоў. Калі вы бачыце, што Нэд Катль грызе ногці, Уольр, ведайце, што Нэд Катль на мялі.
Пасля капітан сунуў паміж зубоў свой жалезны кручок, нібы гэта была рука, і з выглядам мудрым і глыбокадумным пачаў абмяркоўваць справу ў яе шматлікай разгалінаванасці.
— Ёсць у мяне сябра, — няўважліва мармытаў капітан, — але ў сучасны момант ён ходзіць ля ўзбярэжжа ў Уітбі, а ён можа выказаць такое меркаванне па гэтаму пытанню, ды і па ўсякаму іншаму, што дасць шэсць ачкоў парламенту і пераможа яго. Двойчы вылятаў гэты чалавек за борт — і яму хоць-бы што! Калі ён быў у вучэнні, яго тры тыдні (з перапынкамі) білі па галаве жалезным балтом. А ўсё-ж такі не хадзіў яшчэ па зямлі чалавек з больш ясным розумам.
Не гледзячы на сваю пашану да капітана Катля, Уолтэр у душы не мог не радавацца адсутнасці гэтага мудраца і не пажадаць ад усёй душы, каб гэты светлы розум не быў прыцягнуты да вырашэння яго цяжкасцей, пакуль яны не будуць канчаткова ўладжаны.
— Як яго завуць, капітан Катль? — запытаўся Уолтэр, вырашыўшы зацікавіцца сябрам капітана.
— Завуць яго Бансбі, — сказаў капітан. — Але ён мог-бы насіць імя якое хочаш, з такой галавой, як у яго!
Дакладны сэнс, які капітан укладаў у гэтую апошнюю пахвалу, ён не стаў растлумачваць, ды і Уолтэр не спрабаваў яго адкрыць, бо ён неўзабаве выявіў, што капітана зноў апанавала ранейшая глыбокадумная развага і хоць ён пазірае на яго пільна з-пад калматых брывей, але, напэўна, не бачыць яго і не чуе, ахоплены задуменнем.
Сапраўды, капітан Катль распрацоўваў такія грандыёзныя планы, што зусім не будучы на мялі, вышаў хутка ў глыбокія воды і не мог намацаць дна сваёй праніклівасці.
Паступова капітану стала зусім ясна, што адбылася нейкая памылка; што бясспрэчна памылку дапусціў хутчэй Уолтэр, чым ён; што калі і ёсць нейкі праект, звязаны з Вест-Індыяй, то ён нічога агульнага не мае з меркаваннямі Уолтэра, маладога і лёгкадумнага, і можа быць толькі новым сродкам для хутчэйшага ўладжання яго шчасця. «Калі і ўзнікла паміж імі якое- небудзь малейшае непаразуменне, — думаў капітан, маючы на ўвазе Уолтэра і містэра Домбі, — то досыць аднаго слова, своечасова сказанага сябрам абодвух бакоў, каб усё ўладзіць, загладзіць і зноў прывесці ў поўную спраўнасць». З гэтых меркаванняў капітан Катль зрабіў наступны вывад: з тае прычыны, што ён ужо мае прыемнасць ведаць містэра Домбі, правёўшы з ім вельмі прыемную поўгадзіну ў Брайтоне (той раніцай, калі яны пазычылі грошы), то абавязак дружбы дыктуе яму, не кажучы ні слова цяпер пра гэта Ўолтэру, проста зайсці да містэра Домбі, сказаць слузе: «Будзьце ласкавы, прыяцель, далажыць, што прышоў капітан Катль», з поўным давер'ем сустрэць містэра Домбі, зачапіць яго кручком за пятлю, аб усім перагаварыць, усё ўладзіць і пайсці назад з трыўмфам!
Калі гэтыя меркаванні прамільгнулі ў капітана і паступова набылі форму, фізіяномія яго праяснілася, як хмурная раніца, якая саступае месца сонечнаму поўдню.
Нарэшце, капітан кінуў грызці ногці і сказаў:
— Цяпер, Уольр, мой хлопчык, дапамажыце мне напяліць гэта абмундзіраванне.
Капітан меў на ўвазе свой фрак і жылет.
Уолтэру і ў галаву не прыходзіла, чаму капітан так старанна завязваў гальштук, закручваючы звісаючыя канцы яго, як свіны хвосцік, і прасаджваючы іх у масіўнае залатое кальцо, на якім, на ўспамін пра нейкага памёршага сябра, была паказана магіла, жалезная агарожа і дрэва; і чаму капітан падцягнуў уверх каўнер рубашкі, наколькі давала магчымасць зрабіць гэта ірландская ніжняя бялізна; і чаму ён зняў чаравікі і адзеў парадныя боты, якімі карыстаўся толькі ў экстраных выпадках. Капітан, прыбраўшыся, нарэшце, быў вельмі здаволены і, агледзеўшы сябе з ног да галавы ў люстэрку для брыцця, якое зняў для гэтай мэты са сцяны, узяў сваю сучкаватую палку і абвясціў, што гатоў.
Калі яны вышлі на вуліцу, капітан рушыў з большай самазадаволенасцю, чым звычайна, але гэту акалічнасць Уолтэр прыпісаў дзеянню ботаў і асаблівай увагі на яго не звярнуў. Яны не паспелі далёка адыйсці, як спаткалі жанчыну, што прадавала кветкі, і капітан, спыніўшыся, нязрушны, нібы яму нешта надзвычайнае ўспала на думку купіў самую вялікую вязанку ў яе кошыку — вельмі прыгожы букет у форме веера, які меў каля двух з паловай футаў у абхваце і быў складзены з цудоўнейшых на свеце кветак.
Узброены гэтым маленькім падарункам, які прызначаўся для містэра Домбі, капітан Катль ішоў з Уолтэрам, пакуль яны не наблізіліся да дзвярэй інструментальнага майстра, перад якімі абодва спыніліся.
— Вы знойдзеце? — запытаўся Уолтэр.
— Так, — адказваў капітан, адчуваючы, што ад Уолтэра трэба пазбавіцца, перш чым пачаць далейшае, і што лепш перанесці намечаны візіт на больш позні час.
— І вы нічога не забудзецеся? — запытаўся Уолтэр.
— Не, — адказаў капітан.
— Я зараж-жа пайду на прагулку, — сказаў Уолтэр, — і не буду перашкаджаць, капітан Катль.
— Прагуляйцеся добра, мой хлопчык! — крыкнуў яму ўслед капітан.
Уолтэр махнуў рукой у знак згоды і пайшоў сваёй дарогай.
Ісці яму не было куды; але ён вырашыў накіравацца ў поле, дзе можна было-б паразмышляць пра невядомае жыццё, якое прадстаяла яму, і, лежачы пад дрэвам, спакойна падумаць. Самымі прыгожымі яму здаваліся палі паблізу Хестэда, а лепшай дарогай яму здавалася дарога паўз дом містэра Домбі.
Калі Уолтэр праходзіў міма яго і зірнуў на пануры яго фасад, дом, як заўсёды, быў велічным і пахмурным. Усе шторы былі апушчаны, але вокны верхняга паверха адчынены насцеж, і ветрык, прабягаючы па фіранках і развяваючы іх, адзін толькі і ажыўляў знешні выгляд дома. Уолтэр прайшоў спакойна міма і быў рад, калі гэты дом і наступны асталіся ззаду.
Тады ён азірнуўся з цікаўнасцю, якую заўсёды ўнушаў яму гэты дом з часу прыгоды з заблудзіўшай дзяўчынкай некалькі гадоў таму назад, і з асаблівай уважлівасцю паглядзеў на вокны ў верхнім паверсе. Пакуль ён быў заняты гэтым, да дзвярэй пад'ехала каляска, і паважны джэнтльмен у чорным з масіўным ланцужком ад гадзінніка вылез і зайшоў у дом. Успомніўшы пасля пра джэнтльмена і яго экіпаж, Уолтэр не сумняваўся, што гэта доктар, і пытаўся ў самога сябе, хто хворы; але гэтае адкрыццё ён ужо зрабіў пасля таго, як прайшоў некаторую адлегласць, няўважліва размышляючы пра іншыя рэчы.
Між іншым, ён размышаляў пра тое, што было ў яго звязана з гэтым домам; бо Уолтэр цешыў сябе надзеяй, што прыдзе час, калі прыгожая дзяўчынка, стары яго сябра, якая з таго часу заўсёды была яму так удзячна і так рада яго бачыць, зацікавіць ім свайго брата і зменіць яго лёс у лепшы бок. У той момант яму падабалася марыць пра гэта хутчэй з-за прыемнасці ўяўляць, што яна заўсёды будзе пра яго памятаць, чым дзеля жыццёвага дабра, якое магло-б выпасці на яго долю; але другая, больш цвярозая здагадка падсказвала яму, што, калі ён да таго часу не памрэ, ён будзе за акіянам, забыты, а яна — замужам, багатая, ганарлівая, шчаслівая. Пры акалічнасцях, якія так зменяцца, у яе будзе не больш падстаў успомніць пра яго, чым пра адну з старых цацак. Бадай, нават менш.
Уолтэр пакінуў за сабой палі і ў задуменні ішоў у напрамку да дома, калі пачуў вокліч мужчыны, а пасля голас жанчыны, якая гучна назвала яго імя. З прыемнасцю павярнуўшыся, ён убачыў, што наёмная карэта, якая ехала ў процілеглы бок, спынілася недалёка і фурман аглядаецца са сваіх козлаў, робячы яму знакі пугай, а маладая жанчына ў карэце высунулася з акна і вельмі энергічна яго кліча. Падбегшы да карэты, ён пераканаўся, што маладая жанчына была міс Ніпер і што яна перапалохана.
— Сады Стэгса, містэр Уолтэр! — сказала міс Ніпер. — О, будзьце ласкавы!
— Што? — усклікнуў Уолтэр. — Што здарылася?
— О, містэр Уолтэр, Сады Стэгса, будзьце ласкавы! — сказала С'юзен.
— Ну вось! — крыкнуў фурман, з нейкім урачыстым адчаем звяртаючыся да Уолтэра. — Вось гэтая маладая лэдзі цвярдзіць ужо цэлую гадзіну, а я толькі і раблю, што адступаюся назад, каб выбрацца з тупікоў, куды ёй хочацца ехаць. Шмат было ў гэтай карэце седакоў, але такога седака, як яна, ніколі.
— Вы хочаце праехаць у Сады Стэгса, С'юзён? — запытаўся Уолтэр.
— Так! Яна хоча туды праехаць! Дзе гэта? — зароў фурман.
— Я не ведаю, дзе гэта! — з адчаем крыкнула С'юзен. — Містэр Уолтэр, некалі я сама там была з міс Флой і з нашым небаракам любенькім майстрам Полем, у той самы дзень, калі вы знайшлі міс Флой у Сіці, бо ідучы назад мы яе згубілі, місіс Рычардс і я, і шалёны бык, і старэйшы сын місіс Рычардс, і хоць я бывала там з таго часу, я не магу ўспомніць, дзе гэта месца; мне здаецца, яно правалілася скрозь зямлю. О, містэр Уолтэр, не пакідайце мяне. Сады Стэгса, будзьце ласкавы! Любімец міс Флой — наш агульны любімец, маленькі, ціхі, ціхі майстар Поль! О, містэр Уолтэр!
— Ах, божа мой, — усклікнуў Уолтэр. — Ён вельмі хворы?
— Мілая кветачка, — крычала Сюзен, ломячы рукі. — Яму запала ў галаву, што ён хоча пабачыць сваю карміліцу, а я паехала, каб прывезці яе да яго пасцелі, місіс Полі Тудль з Садоў Стэгса; няхай будзе ласкавы хто-небудзь дапамагчы!
Вельмі расчулены тым, што пачуў, і адразу-ж заразіўшыся хваляваннем С'юзен, Уолтэр зразумеў мэту яе паездкі і ўзяўся за гэту справу з такой стараннасцю, што фурману было вельмі цяжка рушыць за ім, пакуль ён бег паперадзе, пытаючыся ва ўсіх дарогу да Садоў Стэгса.
Садоў Стэгса не было. Гэта месца знікла. Дзе былі калісьці старыя падгніўшыя альтанкі, цяпер узвышаліся палацы, і гранітныя калоны непамернай таўшчыні ўздымаліся ля ўваходу ў вакзал. Нікчэмная пустэча, дзе калісьці грамаздзіліся кучы адкідаў, была паглынута і знішчана; і месца гэтай бруднай пустэчы занялі рады гандлёвых складаў, напоўненыя дарагімі таварамі і каштоўнымі прадуктамі. Ранейшыя праезды былі цяпер поўныя пешаходаў і рознастайных экіпажаў; новыя вуліцы, якія раней абрываліся ў смутку перад гразёю і каляінамі, утварылі цяпер самастойныя гарады, якія нараджаюць добратворны камфорт і выгоды, аб якіх ніхто не думаў, пакуль яны не ўзніклі. Масты, якія раней нікуды не вялі, праводзілі цяпер да вілаў, садоў, цэркваў і да цудоўных месц для прагулак.
Што датычыць навакольнага насельніцтва, якое не хацела прызнаць чыгунку ў першыя дні яе існавання, то яно паразумнела і пакаялася. Сярод пераможаных быў галоўны камінар, былы «недавярак» Садоў Стэгса, які жыў цяпер у атынкаваным трохпавярховым доме і аб'яўляў пра сябе на пакрытай лакам дошцы з залатымі завітушкамі, як пра падрадчыка па ачыстцы чыгуначных дымаходаў машынамі.
Нарэшце, пасля доўгіх дарэмных распытванняў, Уолтэр, за якім рушыла карэта і С'юзен, спаткаў чалавека, які калісьці жыў у гэтай знікшай краіне і аказаўся ні кім іншым, як галоўным камінарам, пра якога гаварылася раней. Ён сказаў, што добра ведаў Тудля. Ён меў адносіны да чыгункі, хіба не так?
— Так, сэр! — закрычала С'юзен Ніпер з акна карэты.
— Дзе ён цяпер жыве? — спяшаючыся запытаўся Уолтэр.
Ён жыў ва ўласным доме Кампаніі, другі паварот направа, зайсці ў двор, перайсці яго і зноў другі паварот направа. Гэта быў нумар адзінаццаты; памыліцца яны не маглі; але калі-б гэта здарылася, дык ім патрэбна толькі запытацца пра Тудля, качагара на паравозе, і ўсякі ім пакажа, дзе яго дом. Пасля такой нечаканай удачы С'юзен Ніпер хуценька вылезла з карэты, узяла пад руку Уолтэра і пусцілася ва ўсю моц пехатою, пакінуўшы карэту чакаць іх звароту.
— Ці даўно хворы хлопчык, С'юзен? — запытаўся Уолтэр, у той час калі яны ішлі шпарка.
— Нездаровілася яму вельмі даўно, але ніхто не думаў, што гэта сур'ёзна, — сказала С'юзен і з незвычайнай рэзкасцю дадала. — Ох, ужо гэтыя Блімберы!
— Блімберы? — паўтарыў Уолтэр.
— Я сабе не даравала-б у такі час, як цяпер, містэр Уолтэр, — сказала С'юзен, — калі столькі вялікіх няшчасцяў, аб якіх трэба думаць, калі-б стала нападаць на каго-небудзь, асабліва на тых, пра каго любы маленькі Поль гаворыць добра, але магу-ж я пажадаць, каб уся сям'я была выслана на работу ў камяністай мясцовасці будаваць новыя дарогі і каб міс Блімбер ішла ўперадзе з матыкай!
Пасля міс Ніпер перавяла дух і рушыла яшчэ хутчэй, нібы гэтае дзіўнае пажаданне зрабіла ёй палёгку. Уолтэр, які і сам да таго часу засопся, спяшаўся ўперад не распытваючы больш; і хутка, апанаваныя нецярплівасцю, яны падбеглі да маленькіх дзвярэй і зайшлі ў ахайную гасціную, напоўненую дзяцьмі.
— Дзе місіс Рычардс? — аглядаючыся, усклікнула С'юзен Ніпер. — О! Місіс Рычардс, місіс Рычардс, паедзем са мною, мая любая!
— Ды гэта-ж Сюзен! — з вялікім здзіўленнем закрычала Полі; яе адкрыты твар і поўная фігура паказаліся сярод абступіўшых яе дзяцей.
— Так, місіс Рычардс, гэта я, — сказала С'юзен, — і хацела-б я, каб гэта было не так, хоць, бадай, непрыязна гаварыць гэта, але маленькі майстар Поль вельмі хворы і сказаў сёння свайму тату, што хацеў-бы ўбачыць твар сваёй старой карміліцы, і ён і міс Флой спадзяюцца, што вы паедзеце са мной — і містэр Уолтэр таксама, місіс Рычардс — забудзецеся пра мінулае і зробіце добрую справу, наведаеце любага крошку, які знемагае. О, місіс Рычардс, знемагае!
С'юзен Ніпер заплакала, і Полі залілася слязмі, гледзячы на яе і слухаючы, што яна гаворыць; усе дзеці сабраліся вакол, а разам з імі і некалькі новых дзяцей; а містэр Тудль, які толькі што вярнуўся дадому з Бермінгема і даядаў з міскі свой абед, адсунуў нож і відэлец, падаў жонцы чапец і хустку, якія віселі за дзвярыма, пасля хлопнуў яе па спіне і прагаварыў з бацькаўскім пачуццём, але лаканічна:
— Полі! Ідзіце!
Такім чынам яны вярнуліся да карэты значна раней, чым думаў фурман, і Уолтэр, пасадзіўшы С'юзен і місіс Рычардс, сам заняў месца на козлах, каб не было больш ніякіх памылак, і шчасліва давёз іх да вестыбюля дома містэра Домбі, дзе, між іншым, заўважыў вялікі букет, які нагадваў яму той, што купіў разам з ім раніцой капітан Катль. Ён-бы з ахвотай астаўся даведацца пра маленькага хворага і чакаў-бы колькі трэба, каб хоць чым-небудзь дапамагчы, але да болю разумеючы, што такія паводзіны здадуцца містэру Домбі саманадзейнымі і дзёрзкімі, ён пайшоў павольна, у смутку, з трывогай. Не прайшло і пяці хвілін пасля яго адыходу, калі яго дагнаў чалавек, што бег за ім, і папрасіў вярнуцца. Уолтэр шпарка павярнуў назад і з цяжкімі прадчуваннямі ўвайшоў у пануры дом.
- ↑ Румб — 1/52 частка гарызонта. Картушка компаса падзелена на 32 румбы.