Домбі і сын/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел ХІІІ. Весткі аб гандлёвым флоце і справы ў канторы Раздзел ХІV. Поль робіцца ўсё больш дзівакаваты і едзе дадому на канікулы
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел XV. Надзвычайная вынаходлівасць капітана Катля і новыя клопаты Уолтэра Гэя

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХІV

Поль робіцца ўсё больш дзівакаваты і едзе дадому на канікулы

Калі надышлі летнія канікулы, ніякіх непрыстойных праяўленняў радасці маладыя джэнтльмены з патускнелымі вачыма, сабраныя ў доме доктара Блімбера, не выявілі.

Тозер заўсёды злаваўся і мучыўся ад накрухмаленай белай батыставай шыйнай хусткі, якую ён насіў па асобаму жаданню місіс Тозер, сваёй маткі, якая прызначала яго для прыняцця духоўнага сану і прытрымлівалася той думкі, што чым раней сын пройдзе гэтую папярэднюю стадыю падрыхтоўкі, тым лепш, — Тозер нават сказаў, што калі выбіраць з двух бед меншую, ён, бадай, палічыў-бы за лепшае астацца там, дзе быў, але не ездзіць дадому. Бо выявілася, што ў Тозера быў грозны дзядзька, які не толькі добраахвотна экзаменаваў яго ў канікулярны час па незразумелых прадметах, але і чапляўся за нявінныя падзеі і акалічнасці і скажаў іх з той самай гнуснай мэтай. К прыкладу, калі гэты дзядзька браў яго ў тэатр або, прыкрываючыся той-жа маскай добрадушша, вёў яго паглядзець велікана, карліка, фокусніка або яшчэ што-небудзь, Тозер ведаў, што ён загадзя прачытаў якое-небудзь класічнае ўпамінанне аб гэтым прадмеце, і таму Тозер заўсёды быў у смяротным страху, не ведаючы, калі дзядзька пачне выпад і на які аўтарытэт ён будзе спасылацца супроць яго.

Што датычыць Брыгса, то яго бацька зусім не скарыстоўваў уловак. Ён ні на секунду не пакідаў яго ў спакоі. Такім шматлікім і жорсткім было душэўнае гора гэтага злашчаснага юнака ў канікулярны час, што сябры сям'і (якая жыла ў той час недалёка ад Бейзуотэра, у Лондане) рэдка набліжаліся да дэкаратыўнага става ў Кенсінгтон-Гардэнс, не адчуваючы туманных апасенняў убачыць капялюш містэра Брыгса плаваючым на паверхні і недапісанае практыкаванне ляжачым на беразе. Таму Брыгс зусім не меў надзей з прычыны канікул; а гэтыя двое, што змяшчаліся ў адной спальні з маленькім Полем, былі вельмі падобны да ўсіх іншых маладых джэнтльменаў, бо самыя лёгкадумныя з іх чакалі надыходу святочнага перыяда з ціхамірнай пакорлівасцю.

Зусім інакшай была справа з маленькім Полем. Сканчэнне гэтых першых канікул павінна было азнаменавацца разлукай з Фларэнс, але хто будзе думаць аб сканчэнні канікул, якія яшчэ не пачаліся? Вядома, не Поль. Калі наблізіўся шчаслівы час, львы і тыгры, якія ўзбіраліся па сценах спальні, зрабіліся зусім ручнымі і гуллівымі. Панурыя, хітрыя твары ў квадратах і ромбах вашчанкі змякчыліся і паглядалі на яго не такімі злоснымі вачыма. Важны стары гадзіннік больш мяккім тонам задаваў сваё абыякавае пытанне, а неўгамоннае мора па-ранейшаму шумела ўсю ноч пад акампанемент меланхалічнай мелодыі — аднак, яна гучэла прыемна, — якая нарастала і заціхала разам з хвалямі і закалыхвала яго, калі ён засынаў.

Містэр Фідэр, бакалаўр мастацтваў, здаецца, меркаваў, што і ён таксама будзе рад канікулам. Містэр Тутс збіраўся карыстацца канікуламі ўсё жыццё, бо, як нязменна паведамляў ён кожны дзень Полю, гэта было яго «апошняе паўгоддзе» ў доктара Блімбера, і яму належала ўзяць пад уладанне сваю маёмасць.

Было зусім ясна для Поля і містэра Тутса, што яны блізкія сябры, не гледзячы на розніцу ў гадах і становішчы. З прычыны таго, што канікулы набліжаліся, і містэр Тутс соп мацней і выпучваў вочы ў прысутнасці Поля часцей ранейшага, Поль разумеў, што той хацеў гэтым выказаць смутак з прычыны скорай разлукі, і быў яму вельмі ўдзячан за апеку і добрую думку.

Было ясна нават для доктара Блімбера, місіс Блімбер і міс Блімбер, таксама як для ўсіх маладых джэнтльменаў, што Тутс нейкім чынам зрабіўся абаронцам і апякунам Домбі, і факт гэты быў такім відавочным для місіс Піпчын, што добрая старая адчувала злосць і рэўнасць да Тутса і дома не раз яго лаяла як «бязмозглага балвана». А нявіннаму Тутсу не прыходзіла і ў галаву, што ён узбудзіў гнеў місіс Піпчын. Наадварот, ён скарэй быў схільны лічыць яе найлепшай асобай, якая мае многа каштоўных якасцей. Таму ён усміхаўся ёй з такой пачцівасцю і так часта пытаўся ў яе, як яна маецца, калі яна наведвала маленькага Поля, што ўрэшце, неяк вечарам, яна сказала яму проста, што не прывыкла да гэтага, што-б ён там ні думаў, і не можа і не хоча цярпець гэта ад яго або ад іншага малакасоса; пасля такога нечаканага адказу на яго ласкі містэр Тутс быў так устрывожаны, што хаваўся ў зацішным месцы, пакуль яна не пайшла. З таго часу ён ні разу не сустракаўся тварам у твар з доблеснай місіс Піпчын пад дахам доктара Блімбера.

Аставалася два-тры тыдні да канікул, калі аднойчы Карнелія Блімбер паклікала да сябе ў пакой Поля і сказала:

— Домбі, я збіраюся паслаць дадому ваш аналіз.

— Дзякую вам, паненка, — адказаў Поль.

— Вы разумееце, аб чым я гавару, Домбі? — запыталася міс Блімбер, строга пазіраючы на яго праз акуляры.

— Не, паненка.

— Домбі, Домбі, — сказала міс Блімбер, — я пачынаю баяцца, што вы нядобры хлопчык. Калі вы не разумееце якога-небудзь выразу, чаму вы не пытаецеся, каб вам растлумачылі?

— Місіс Піпчын гаварыла мне, каб я не пытаўся, — адказваў Поль.

— Я павінна прасіць вас, Домбі, каб пры мне вы ні ў якім выпадку не ўпаміналі пра місіс Піпчын, — запярэчыла міс Блімбер. — Гэтага я не магу дапусціць.

— Я не хацеў, паненка… — пачаў маленькі Поль.

— Будзьце ласкавы, Домбі, патурбуйцеся не гаварыць мне, чаго іменна вы не хацелі, — сказала міс Блімбер, якая аставалася пагрозна далікатнай нават тады, калі давала вымову. — Такіх разважанняў я зусім не магу дапусціць.

Поль палічыў самым разумным нічога не гаварыць; таму ён толькі паглядзеў на акуляры міс Блімбер. Міс Блімбер, сур'ёзна паківаўшы галавой, узяла паперу, якая ляжала перад ёю.

— «Аналіз, — прадаўжала міс Блімбер, накіраваўшы позірк на паперу, — характару П. Домбі. Я лічу, што прыродныя здольнасці Домбі надзвычай добрыя і што схільнасць яго да навучання заслугоўвае той-жа ацэнкі. Прымаючы восем за наша мярыла і вышэйшую адзнаку, я лічу, што кожная з гэтых якасцей Домбі вымяраецца шасцю і трыма чвэрткамі».

Міс Блімбер спынілася, каб паглядзець, як прыняў гэтую навіну Поль. Добра не ведаючы, што азначаюць тры чвэрткі, — ці гэта шэсць фунтаў пятнаццаць шылінгаў, шэсць пенсаў тры фартынгі, шэсць футаў тры дзюймы, шэсць гадзін сорак пяць хвілін або шэсць нейкіх прадметаў, якія ён яшчэ не вывучыў, з нейкімі трыма невядомымі, — Поль пацёр рукі і паглядзеў проста на міс Блімбер. Выявілася, што гэты адказ быў не горш за ўсякі іншы, які ён мог даць; і Карнелія прадаўжала:

— «Гарачнасць — два. Эгаізм — два. Схільнасць да благога грамадства, якая праявілася ў адносінах чалавека, імя якога Глаб, перш сем, але пасля зменшылася. Паводзіны, адпавядаючыя джэнтльмену, чатыры і паступова паляпшаюцца». Цяпер, Домбі, я хачу звярнуць асаблівую вашу ўвагу на агульныя заўвагі ў канцы гэтага аналіза.

Поль падрыхтаваўся слухаць з асаблівай увагай.

— «Што датычыць агульных заўваг, — прадаўжала міс Блімбер, чытаючы гучным голасам і праз кожныя два словы скіроўваючы свае акуляры на маленькую фігурку, — можна сказаць пра Домбі, што здольнасці і нахільнасці яго добрыя і што ён зрабіў такія поспехі, на якія пры даных абставінах можна было разлічваць. Але шкада, што гэты малады джэнтльмен вызначаецца дзіўнасцямі ў характары і паводзінах і што, не праяўляючы такіх рысаў, якія яўна заслугоўвалі-б ганьбавання, ён часта бывае вельмі не падобен да іншых маладых джэнтльменаў яго ўзросту і соцыяльнага становішча». Ну-с, Домбі, — сказала міс Блімбер, кладучы паперу на стол, — вы гэта разумееце?

— Здаецца, разумею, паненка, — сказаў Поль.

— Гэты аналіз, Домбі, — прадаўжала міс Блімбер, — будзе, як вы ведаеце, пасланы дадому вашаму паважанаму бацьку. Зразумела, яму вельмі непрыемна будзе даведацца, што ў вас ёсць дзіўнасці ў характары і паводзінах. Зразумела, гэта непрыемна нам, бо вы ведаеце, Домбі, што мы не можам вас любіць так, як хацелі-б гэтага.

Яна закранула балючае месца дзіцяці. Па меры таго, як набліжаўся дзень яго ад'езду, ён з кожным днём усё больш клапаціўся ўпотайку аб тым, каб усе ў доме яго любілі. Па нейкай скрытнай прычыне, якую вельмі смутна ён усведамляў, а магчыма і зусім не ўсведамляў, ён адчуваў, як паступова ўзмацняецца яго пяшчотнасць амаль што да ўсіх і да ўсяго ў гэтым доме. Яму нясцерпна было думаць аб тым, што яны астануцца зусім роўнадушнымі да яго, калі ён паедзе. Яму хацелася, каб яны ўспаміналі пра яго добра, і ён паставіў перад сабою задачу ўласкавіць нават вялікага ахрыплага калматага сабаку, што сядзеў на ланцугу за домам, які спачатку наводзіў на яго жах, каб і ён адчуў яго адсутнасць, калі яго тут не будзе.

Мала думаючы аб тым, што ён лішні раз выяўляе непадабенства са сваімі равеснікамі, бедны маленькі Поль выклаў усё гэта як мага лепш міс Блімбер і ўпрашаў яе, не гледзячы на афіцыйны аналіз, пастарацца палюбіць яго.

Да місіс Блімбер, якая далучылася да іх, ён звярнуўся з такою-ж просьбай; а калі гэта лэдзі нават у яго прысўтнасці не ўтрымалася і ўпамянула, як было нярэдка, пра яго дзіўнасці, Поль ёй адказаў, што, вядома, яе праўда, і, відаць, гэта ў яго ў касцях, але ён нічога не ведае і спадзяецца, што яна паглядзіць на гэта скрозь пальцы, таму што ён любіць іх усіх.

— Вядома, не так люблю, — сказаў Поль сарамліва і ў той-жа час са шчырасцю, якая была адной з своеасаблівых і прывабных рысаў дзіцяці, — не так люблю, як люблю Фларэнс; гэта было-б немагчыма. Вы-ж не маглі на гэта разлічваць, пані!

— О, вы маленькі дзівак! — прашаптала місіс Блімбер.

— Але я вельмі прывязаны тут да ўсіх, — прадаўжаў Поль, — і мне было-б сумна ад'язджаць і думаць, што нехта рад майму ад'езду або яму гэта ўсёроўна.

Цяпер місіс Блімбер канчаткова пераканалася ў тым, што Поль самае дзіўнае дзіця на свеце, а калі яна расказала доктару аб тым, што здарылася, доктар не абвяргаў думкі жонкі, але сказаў, як і раней ужо казаў, калі Поль толькі прыехаў, што вучэнне сваю справу зробіць, а пасля дадаў тое самае, што гаварыў тады:

— Развівайце яго, Карнелія! Развівайце яго!

Карнелія развівала яго з ўсёй энергіяй, на якую была здольнай, і Полю жылося нялёгка. Але апрача падрыхтавання ўрокаў, ён даўно ўжо намеціў сабе іншую мэту, якую ніколі не ўпускаў з-пад увагі і ўпарта імкнуўся да яе: быць ціхманым, дагодлівым, ціхім дзіцем, якое заўсёды стараецца заслужыць любоў і прывязанасць акружаючых; і хоць яго часта можна было застаць на ранейшым яго месцы на лесвіцы або ў часе назіранняў хваль і воблакаў з акна яго адзінотнай спальні, але цяпер ён часцей бываў з іншымі хлапчукамі, скромна і добраахвотна робячы ім маленькія паслугі. У выніку нават сярод гэтых суровых і ўважлівых юных затворнікаў, якія заморвалі сябе ў прытулку доктара Блімбера, Поль быў аб'ектам усеагульнага інтарэсу, кволай маленькай цацкай, якую ўсе любілі і з якой нікому не прышло-б у галаву груба абыходзіцца. Але ён не мог перамяніць сваёй натуры або перарабіць «аналіз», і таму ўсе яны зрабілі такі вывад, што Домбі дзівакаваты.

Былі, між іншым, некаторыя ільготы, звязаныя з такой рэпутацыяй, якімі ніхто больш не карыстаўся. Гэтыя ільготы не былі-б пашыраны на дзіця, менш дзівакаватае, і ўжо адно гэта мела вялікае значэнне. Калі астатнія, ідучы спаць, абмяжоўваліся паклонам доктару Блімберу і сям'і, Поль працягваў ручку і смела паціскаў руку доктара, а таксама місіс Блімбер, а таксама міс Карнеліі. Калі патрэбна было адвесці ад каго-небудзь пагражаючае яму пакаранне, Поль заўсёды быў дэлегатам. Нават падслепаваты малады чалавек аднойчы раіўся з ім адносна разбітага шкла і фарфара. І хадзілі няясныя чуткі, што гледзячы на яго з прыхільнасцю, якой у гэтага жорсткага чалавека да гэтага часу не заслугоўваў ніхто з смяротных хлопчыкаў, падліваў іншы раз яму портэр да сталовага піва, каб Поль узмацнеў.

Апрача гэтых надзвычайных прывілей, Поль меў вольны доступ у пакой містэра Фідэра, адкуль ён два разы выводзіў містэра Тутса на свежае паветра ў непрытомнасці ў выніку няўдачнай спробы выкурыць прыкрую сігару. У містэра Фідэра быў утульны пакой; ложак стаяў у другім маленькім пакоіку, сумежным, а флейта, на якой містэр Фідэр не ўмеў яшчэ граць, але, па яго словах, паставіў сабе за мэту навучыцца, вісела над камінам. Было тут таксама некалькі кніжак і вуда, бо, па словах містэра Фідэра, ён абавязкова навучыцца вудзіць, калі ў яго будзе вольны час.

Але найвялікшым скарбам містэра Фідэра была вялікая зялёная банка нюхальнага тутуну, якую містэр Тутс прывёз у падарунак пасля заканчэння апошніх вакацый і за якую заплаціў вельмі дорага. Ні містэр Тутс, ні містэр Фідэр не маглі пачаставацца ні адным панюхам, нават самым умераным, каб не расчыхацца да сударгаў. Тым не менш вялікім здавальненнем было для іх змачыць тутун у табакерцы халодным чаем, размяшаць яго на лісце пергамента нажом для разразання паперы і час ад часу яго ўжываць. Напіхаючы сабе насы, яны цярпелі жудаснае катаванне з непахіснасцю пакутнікаў і, выпіваючы ў прамежках сталовае піва, пацяшаліся ўсім хараством разгулу.

Для маленькага Поля, які моўчкі сядзеў у іх кампаніі каля галоўнага свайго патрона, містэра Тутса, у гэтых бяспутных занятках было нейкае жудаснае зачараванне; а калі містэр Фідэр пачынаў гутарку аб змрочных таямніцах Лондана і паведамляў містэру Тутсу, што мае намер у часе бліжэйшых канікул вывучыць яго ўважліва з усіх бакоў, і з гэтай мэтай дамовіўся пасяліцца ў пансіёне ў двух старых лэдзі ў Пекеме, Поль пазіраў на яго, нібы бакалаўр мастацтваў быў героем якой-небудзь кнігі падарожжаў або непраўдападобных прыгод, і нават крыху пабойваўся такога адважнага чалавека.

Увайшоўшы неяк вечарам у гэты пакой, калі ўжо набліжаліся канікулы, Поль убачыў, што містэр Фідэр запаўняе прабелы ў нейкіх надрукаваных пісьмах, а містэр Тутс складвае і запячатвае іншыя, ужо запоўненыя і раскладзеныя перад ім. Містэр Фідэр сказаў:

— Ага, Домбі, вось і вы! — бо яны былі заўсёды ласкавы з ім і рады былі яго бачыць; а пасля дадаў, кінуўшы яму адно з пісем. — А вось для вас, Домбі. Гэта вам.

— Мне, сэр? — сказаў Поль.

— Запрашальны білет вам, — адказаў містэр Фідэр.

Поль глянуў: на білеце было выгравіравана — толькі яго імя і чысло напісаны былі рукою містэра Фідэра, — што доктар і місіс Блімбер просяць містэра П. Домбі наведаць раннюю вечарынку ў сераду вечарам семнаццатага гэтага месяца, што яна прызначана а палове восьмай і што будуць танцаваць кадрыль. Містэр Тутс, узяўшы такі самы лісток паперы, ў сваю чаргу паказаў яму, што доктар і місіс Блімбер просяць містэра Тутса наведаць раннюю вечарынку ў сераду вечарам семнаццатага гэтага месяца, прызначаную а палове восьмай, прычым будуць танцаваць кадрыль. Ён пераканаўся таксама, зірнуўшы на стол, за якім сядзеў містэр Фідэр, што доктар і місіс Блімбэр запрашаюць да сябе на вечарынку па той-жа прыемнай прычыне і містэра Брыгса, і містэра Тозера, і ўсіх маладых джэнтльменаў.

Пасля містэр Фідэр, на вялікую яго радасць, паведаміў, што яго сястра запрошана, што гэтая падзея завяршае паўгоддзе і што канікулы пачнуцца ў той дзень, і ён, калі хоча, можа паехаць з сястрой пасля вечарынкі; тут Поль перапыніў яго і сказаў, што ён вельмі хоча гэтага. Пасля містэр Фідэр даў яму зразумець аб неабходнасці напісаць доктару і місіс Блімбер прыгажэйшым почыркам, што містэр П. Домбі шчаслівы, маючы гонар наведаць іх згодна іх ласкавага запрашэння.

Поль падзякаваў містэру Фідэру за гэтыя ўказанні, схаваў запрашальны білет у кішэню і сеў, як заўсёды, на зэдлік каля містэра Тутса. Але галава Поля, якая даўно ўжо пабольвала, а іншы раз бывала вельмі цяжкой і вельмі балела, была ў той вечар такой затуманенай, што ён вымушаны быў падперці яе рукою. Аднак, яна апускалася ўсё ніжэй і ніжэй, прыхінулася да калена містэра Тутса і асталася тут, нібы ёй не патрэбна было зноў падняцца.

Не было ў яго ніякіх падстаў аглухнуць, але, напэўна гэта здарылася, падумаў ён, бо хутка пачуў, што містэр Фідэр кліча яго над самым вухам і ціхенька падштурхвае, жадаючы прыцягнуць яго ўвагу. А калі ён спалоханы падняў галаву і аглянуўся навокал, ён убачыў, што ў пакоі знаходзіцца доктар Блімбер, што акно расчынена і лоб у яго змочаны вадой, хоць сапраўды было вельмі дзіўна, якім чынам усё гэта адбылося без яго ведама.

— А! Ну-ну! Цудоўна! Як адчуваеце сябе зараз, мой маленькі сябра? — падбадзёрваюча сказаў доктар Блімбер.

— Вельмі добра, дзякую вам, сэр, — адказваў Поль.

Але, мабыць, здарылася нешта нядобрае з падлогай, бо ён не мог стаяць на ёй цвёрда, ды і са сценамі, бо яны былі схільны круціцца, і спыніць іх можна было толькі пільна на іх гледзячы. Галава містэра Тутса адначасова здавалася такой вялікай і была так далёка, што гэта было не зусім натуральна, а калі ён узяў Поля на рукі, каб занесці наверх, Поль са здзіўленнем заўважыў, што дзверы знаходзяцца зусім не там, дзе ён меркаваў іх убачыць, і ў першы момант ён гатовы быў падумаць, што містэр Тутс збіраецца прайсці проста цераз дымаход.

Было вельмі прыязна з боку містэра Тутса занесці яго так ласкава ў верхні паверх дома, і Поль яму аб гэтым сказаў. Але містэр Тутс адказаў, што зрабіў-бы значна больш, калі-б гэта было магчыма; ды ён больш і зрабіў, бо дапамог Полю распрануцца і з найвялікшым добрадушшам палажыў яго ў пасцель і пасля сеў ля ложка і вельмі шмат хіхікаў, а містэр Фідэр, бакалаўр мастацтваў, нахіліўшыся над ложкам, кастлявай рукой уздыбіў сваё кароткае шчацінне на галаве, а пасля прыкінуўся, быццам нападае на Поля па ўсіх правілах навукі з прычыны поўнага яго выздараўлення, і гэта было так забаўна і так міла з боку містэра Фідэра, што Поль, не ведаючы, смяяцца яму патрэбна ці плакаць, і плакаў, і смяяўся адначасова.

Як знік містэр Тутс, а містэр Фідэр ператварыўся ў місіс Піпчын, Полю не прышло ў галаву запытацца, ды ён гэтым зусім і не цікавіўся; але, убачыўшы, што замест містэра Фідэра ў нагах ля ложка стаіць місіс Піпчын, ён усклікнуў:

— Місіс Піпчын, не гаварыце Фларэнс!

— Пра што не гаварыць Фларэнс, мой маленькі Поль? — запыталася місіс Піпчын, абышоўшы ложак і сядаючы на крэсла.

— Пра мяне, — сказаў Поль.

— Не, не, — сказала місіс Піпчын.

— Як вы думаеце, місіс Піпчын, што я хачу зрабіць, калі вырасту? — запытаўся Поль, паварачваючыся на падушцы да яе тварам і задумліва апускаючы падбародак на складзеныя рукі.

Місіс Піпчын не магла адгадаць.

— Я хачу, — сказаў Поль, — пакласці ўсе свае грошы ў банк, не здабываць іх яшчэ больш, паехаць за горад з маёй любай Фларэнс, дзе будзе прыгожы сад, палі і лясы, і жыць там з ёю ўсё жыццё!

— Вось як! — усклікнула місіс Піпчын.

— Так, — сказаў Поль. — Вось што я хачу зрабіць, калі я…

Ён запнуўся і на секунду задумаўся.

Шэрыя вочы місіс Піпчын углядаліся ў яго ўважлівы твар.

— Калі я вырасту, — сказаў Поль.

Пасля ён зараз-жа пачаў расказваць місіс Піпчын пра вечарынку, пра запрашэнне Фларэнс, пра тое, як ён будзе ганарыцца тым зачараваннем, якое яна выкліча ва ўсіх хлопчыкаў, пра тое, якія яны добрыя да яго і любяць яго, як ён іх любіць і як ён гэтаму радуецца. Пасля ён расказаў місіс Піпчын пра аналіз і пра тое, што ён, зразумела, дзівакаваты, і захацеў даведацца, што думае пра гэта місіс Піпчын, а таксама, ці вядома ёй, чаму гэта здарылася і што гэта азначае. Місіс Піпчын, выбраўшы найлягчэйшы спосаб выблытацца з цяжкога становішча, начыста адмаўляла гэты факт, але Поль далёка не задаволіўся такім адказам і так дапытліва глядзеў на місіс Піпчын чакаючы больш праўдзівых слоў, што яна вымушана была ўстаць і паглядзець у акно, каб унікнуць яго позірку.

Нейкі ціхі лекар, які наведваў установу, калі захворваў хто-небудзь з маладых джэнтльменаў, якімсьці чынам пранік у пакой і паявіўся ля пасцелі разам з місіс Блімбер. Як апынуліся яны тут і ці доўга прабылі, Поль не ведаў; але, убачыўшы іх, ён усеўся ў пасцелі і падрабязна адказаў на ўсе пытанні лекара і шапнуў яму, што, будзьце ласкавы, Фларэнс нічога не павінна ведаць пра гэта і што ён цвёрда вырашыў, каб яна была на вечарынцы. Ён шмат балбатаў з лекарам, і яны рассталіся найлепшымі сябрамі. Пасля, лежачы з заплюшчанымі вачыма, ён чуў, як лекар сказаў, вышаўшы з пакоя і недзе вельмі далёка, — ці гэта яму прыснілася, — што назіраецца адсутнасць жыццёвай сілы («Што-б гэта магло быць?» падумаў Поль) і арганізм надзвычай аслаблен; што хлапчук цвёрда вырашыў расстацца са сваімі школьнымі таварышамі семнаццатага, і таму варта задаволіць яго жаданне, калі яму не зробіцца горш; што ён рад быў даведацца ад місіс Піпчын пра пераезд хлапчука да родных у Лондан восемнаццатага; што ён напіша містэру Домбі, калі лепш азнаёміцца з хваробай і да восемнаццатага; што цяпер няма простых падстаў для… для чаго? Поль не дачуў слова; і што ў хлапчука жывы розум, але ён дзівакаваты.

Што гэта азначае — гэта «дзівакаватасць», з заміраючым сэрцам размышляў Поль, так яскрава выяўленая ў ім, так выразна бачная многімі?

Ён не мог гэта зразумець і не мог доўга стамляць сябе размышленнямі. Місіс Піпчын зноў была каля яго, нібы і не адыходзіла (ён думаў, што яна вышла разам з доктарам, але, магчыма, усё гэта было ў сне) і неўзабаве ў яе руках таямнічым чынам з'явіліся шклянка і бутэлька, і яна напоўніла яму шклянку. Пасля гэтага ён атрымаў вельмі смачнае жэле, якое прынесла яму сама місіс Блімбер; і тады ён адчуў сябе так добра, што місіс Піпчын, пасля настойлівых яго просьбаў, накіравалася дадому, а Брыгс і Тозер прышлі класціся спаць. Бедны Брыгс вельмі скардзіўся на свой аналіз, але з Полем быў вельмі ласкавым, таксама як і Тозер, таксама як і ўсе астатнія, бо ўсе як адзін заходзілі да яго перад сном і гаварылі: «Як адчуваеце сябе зараз, Домбі?» «Не журыцеся, маленькі Домбі!» і іншае. Калі Брыгс лёг у пасцель, ён доўга не спаў, усё яшчэ наракаючы на свой аналіз і гаворачы, што, вядома, ён зусім няправільны, і нават забойцу яны не маглі-б прааналізаваць горш, і як-бы спадабалася доктару Блімберу, калі-б ад гэтага залежалі яго грошы ў кішэні.

У наступную раніцу, перш чым узяцца за гонг, падслепаваты малады чалавек падняўся наверх да Поля і сказаў яму, каб ён не ўставаў з пасцелі, што Поль з радасцю выканаў. Незадоўга да прыходу лекара місіс Піпчын з'явілася зноў, а праз некаторы час добрая маладая жанчына, якая чысціла печ, калі Поль убачыў яе ў тую першую раніцу (якой далёкай здавалася яна цяпер!), прынесла яму снеданне. Была яшчэ адна кансультацыя, недзе вельмі далёка, ці мо Полю зноў гэта прыснілася, а пасля лекар, вярнуўшыся з доктарам Блімберам і місіс Блімбер, сказаў:

— Так, я думаю, доктар, Блімбер, цяпер мы можам вызваліць гэтага маладога джэнтльмена ад кніг: канікулы ўжо блізка.

— Бясспрэчна, — сказаў доктар Блімбер. — Дарагая мая, калі ласка, паведаміце аб гэтым Карнеліі.

— Абавязкова, — сказала місіс Блімбер.

Лекар, нахіліўшыся, пільна паглядзеў у вочы Полю, памацаў яму галаву, пульс і выслухаў сэрца з такой цікавасцю і руплівасцю, што Поль сказаў:

— Дзякую вам, сэр.

— Наш маленькі сябра, — заўважыў доктар Блімбер, — ніколі не скардзіўся.

— О, так! — адказаў лекар. — Бадай ці стаў-бы ён скардзіцца.

— Вы лічыце, што яму значна лепш? — запытаўся доктар Блімбер.

— О, яму значна лепш, сэр, — адказаў лекар.

Поль па ўласцівай яму дзіўнай прывычцы пачаў разважаць аб тым, чым маглі быць заняты ў той момант думкі лекара, — з такім задуменнем адказаў ён на два пытанні доктара Блімбера. Але з прычыны таго, што лекар выпадкова сустрэў позірк свайго маленькага пацыента і зараз-жа вывеў яго з задумення вясёлай усмешкай, Поль усміхнуўся ў адказ і перастаў думаць.

Цэлы дзень ён праляжаў у пасцелі, драмаў, марыў і глядзеў на містэра Тутса, але ў наступны дзень устаў і спусціўся ўніз. О, цуда! Нешта здарылася з вялікім насценным гадзіннікам, і рабочы, які стаяў на страмянцы, зняў з яго цыферблат і пры святле свечкі поркаў інструментам у механізме. Гэта была вялікая падзея для Поля, які ўсеўся на ніжнюю ступеньку і ўважліва сачыў за аперацыяй, раз-по-раз паглядаючы на цыферблат, прыслонены тут-жа да сцяны, і адчуваючы некаторую збянтэжанасць ад думкі, што цыферблат падміргвае яму.

Рабочы на страмянцы быў вельмі далікатны, а калі, убачыўшы Поля, ён сказаў: «Як маецеся, сэр?», Поль пачаў з ім размаўляць і сказаў яму, што быў не зусім здаровы. Калі лёд быў такім чынам зламаны, Поль задаў яму мноства пытанняў пра гадзіннік і пра тое, ці дзяжураць уночы людзі на званіцах, каб прымусіць гадзіннік біць, і як звоняць у званы, калі паміраюць людзі, і ці адрозніваецца гэты звон ад звону ў часе вяселля, ці жывым толькі здаецца, што ён нудны. Пераканаўшыся, што новы яго знаёмы не вельмі добра ведае пра вячэрні звон у старыну, Поль расказаў яму пра гэты звычай, а таксама запытаўся ў яго, як у чалавека практычнага, якой ён думкі наконт зацеі караля Альфрэда[1] вымераць час пры дапамозе запаленай свечкі, на што рабочы адказваў, што, па яго думцы, яна загубіла-б гандаль гадзіннікамі, калі-б да яе зноў вярнуліся. Карацей кажучы, Поль наглядаў, пакуль гадзіннік не набыў звычайнага свайго выгляду і не пачаў зноў задаваць свайго паважнага пытання, пасля чаго рабочы, склаўшы інструменты ў доўгую карзінку, пажадаў яму ўсяго найлепшага і пайшоў. Але папярэдне ён шапнуў нешта лакею ля дзвярэй, прычым упамянуў слова «дзівакаваты» — Поль гэта чуў.

Што такое «дзівакаваты» і чаму гэта выклікала спачуванне ў людзей? Што-б гэта магло быць?

Вольны цяпер ад заняткаў, ён часта пра гэта думаў, хоць не так часта, як магло-б здарыцца, калі-б яму патрэбна было думаць пра меншую колькасць рэчаў. А іх было вельмі шмат, і ён думаў увесь час, з раніцы да вечара.

Перш за ўсё пра Фларэнс, якая прыдзе на вечарынку. Фларэнс убачыць, што хлопчыкі яго любяць, і гэта яе парадуе. Вось пра гэта ён думаў заўсёды. Няхай Фларэнс пераканаецца, што яны ласкавыя і добрыя ў адносінах да яго і што ён зрабіўся іх маленькім любімцам, і тады яна будзе ўспамінаць час, які ён правёў тут, без асаблівага смутку. Магчыма, дзякуючы гэтаму ў Фларэнс лягчэй будзе на душы, калі ён сюды вернецца.

Калі ён сюды вернецца! Пяцьдзесят разоў на дзень яго маленькія ножкі нячутна ўзбіраліся па лесвіцы ў яго пакой, калі ён збіраў свае кнігі і ўсю сваю маёмасць і складаў там усё, аж да апошняй дробязі, каб узяць з сабою дадому! Не відаць было, каб маленькі Поль збіраўся сюды вярнуцца; ніякіх падрыхтаванняў да гэтага, ніякіх указанняў на гэта не было ў тым, што ён думаў і рабіў, за выключэннем мімалётнай думкі, звязанай з сястрой. Наадварот, блукаючы па доме ў гэтым задуменні, ён думаў аб усім, яму блізкім, так, нібы павінен быў з гэтым расстацца, а таму вось і патрэбна было думаць пра вельмі многае з раніцы да вечара

Трэба было заглянуць у гэтыя пакоі наверсе і падумаць аб тым, як будзе ў іх пуста, калі ён паедзе; і пацікавіцца, колькі маўклівых дзён, тыдняў, месяцаў і гадоў будуць яны аставацца такімі-ж урачыстымі і ціхімі. Трэба было падумаць аб тым, ці будзе тут калі-небудзь бадзяцца другі хлопчык (такі самы дзівакаваты, як і ён), якому адкрыюцца такія-ж змены ва ўзорах мэблі, і ці раскажа хто-небудзь гэтаму хлопчыку пра маленькага Домбі, які жыў тут калісьці.

Ля акна яго спальні сотні думак зліваліся з гэтымі і прыходзілі адна за другой, адна за другой, як набягаючыя хвалі. Дзе жылі гэтыя дзікія птушкі, якія ў непагоду заўсёды кружацца над морам; адкуль падымаліся і дзе зараджаліся воблакі, адкуль імчаўся вецер у імклівым сваім палёце і дзе ён спыняўся; ці магло тое месца, дзе яны так часта сядзелі з Фларэнс і назіралі і разважалі аб усім гэтым, — ці магло яно і без іх аставацца акурат такім, якім было; ці магло яно астацца такім для Фларэнс, калі-б ён быў дзе-небудзь далёка, а яна сядзела там адна?

Трэба было падумаць таксама пра містэра Тутса і містэра Фідэра, бакалаўра мастацтваў; пра ўсіх хлопчыкаў і пра доктара Блімбера, і пра місіс Блімбер і міс Блімбер, пра дом і пра цётку і міс Токс; пра бацьку, Домбі і Сыне, пра Уолтэра і яго беднага старога дзядзьку, што атрымаў грошы, якія яму былі патрэбны, і пра гэтага капітана з хрыплым голасам і жалезнай рукой. Апрача ўсяго гэтага, трэба было зрабіць на працягу дня мноства маленькіх візітаў: пабываць у класным пакоі, у кабінеце доктара Блімбера, у пакоі місіс Блімбер, міс Блімбер і ля сабакі, бо цяпер ён карыстаўся правам разгульваць па ўсім доме; а з тае прычыны, што яму хацелася расстацца з усімі як найлепш, ён па-свойму стараўся ўсім дагадзіць. То ён знаходзіў патрэбныя месцы ў кнізе для Брыгса, які заўсёды іх губляў; то адшукваў словы ў лексіконах[2] для іншых маладых джэнтльменаў, якія трапілі ў бяду: то трымаў шоўк, які місіс Блімбер зматвала ў клубок; то наводзіў парадак на пісьмовым стале Карнеліі; то прабіраўся нават у кабінет доктара і, седзячы на дыване каля яго вучоных ног, паціхеньку пакручваў глобусы і адпраўляўся ў кругасветнае падарожжа або рабіў палёт сярод далёкіх зорак.

Карацей кажучы, у тыя дні перад самымі канікуламі, калі іншыя маладыя джэнтльмены знемагаліся, аднаўляючы ў памяці ўсё пройдзенае за паўгоддзе, Поль быў такім прывілеяваным вучнем, якога ніколі яшчэ не бачылі ў гэтым доме. Ён сам ледзь мог гэтаму паверыць; аднак, праходзілі гадзіны і дні, а свабоду ён захоўваў, і маленькага Домбі песцілі ўсе. Доктар Блімбер быў такім уважлівым да яго, што аднойчы ў часе абеду загадаў Джансону выйсці з-за стала, калі той неабдумана назваў яго «няшчасненькім Домбі», што, па думцы Поля, было, бадай, сурова і жорстка, хоць у той момант ён успыхнуў і здзівіўся, чаму Джансон яго шкадуе. Справядлівасць доктара была, на думку Поля, тым больш няпэўнай, што напярэдадні вечарам ён выразна чуў, як доктар згадзіўся з заўвагай, якую выказала місіс Блімбер, што няшчасненькі любы Домбі зрабіўся яшчэ больш дзівакаватым. Вось тады-ж Поль і пачаў думаць аб тым, што быць дзівакаватым — значыць быць вельмі худым і слабым і лёгка стамляцца і хацець дзе-небудзь прылегчы і адпачыць; а ён не мог не заўважыць, што гэта схільнасць развіваецца ў яго з дня на дзень.

Нарэшце, надышоў дзень вечарынкі, і доктар Блімбер сказаў у часе снедання:

— Джэнтльмены, мы адновім нашы заняткі дваццаць пятага наступнага месяца.

1. Містэр Тутс неадкладна скінуў ярмо нявольніцтва, адзеў кальцо і неўзабаве пасля гэтага, упамянуўшы ў выпадковай размове пра доктара, назваў яго «Блімбер»! Такая вольнасць выклікала ў старэйшых вучняў пачуццё захаплення і зайздрасці; але больш юныя розумы былі запалоханы і як быццам здзіўляліся, што столь не абвалілася і не раздушыла яго.

Як у часе снедання, так і ў часе абеду не было зроблена ніводнага намёку на вячэрнюю цырамонію, але ў доме ўвесь дзень была мітусня, і ў часе сваіх вандраванняў Поль пазнаёміўся са шматлікімі дзіўнымі лаўкамі і падсвечнікамі і сустрэўся з арфай у зялёным паліто, што стаяла на пляцоўцы перад дзвярыма гасцінай. А ў часе абеду галава місіс Блімбер мела нейкі дзіўны выгляд, нібы на ёй былі вельмі туга закручаны валасы; і хоць на абодвух вісках міс Блімбер. красаваліся пучкі заплеценых у касу валасоў, яе ўласныя кудры пад імі былі нібы закручаны ў паперу і ў дадатак у тэатральную афішу, бо над адным шклом яе бліскаючых акуляраў Поль прачытаў: «Каралеўскі тэатр», а над другім: «Брайтон».

Пад вечар у дартуарах юных джэнтльменаў быў грандыёзны парад белых жылетаў і гальштукаў і так патыхала гарэлымі валасамі, што доктар Блімбер паслаў наверх лакея з прывітаннем і захацеў даведацца, ці не пажар у доме. Але на самай справе гэта цырульнік завіваў маладых джэнтльменаў і ў вялікай стараннасці вельмі нагрэў шчыпцы.

Калі Поль апрануўся — што было зроблена хутка, бо ён адчуваў недамаганне і санлівасць і не мог займацца гэтым надта доўга, — ён спусціўся ў гасціную, дзе застаў доктара Блімбера, які хадзіў па пакоі, у вячэрнім касцюме, але з такім велічным і абыякавым выглядам, нібы дапускаў простую магчымасць, што можа здарыцца да яго хто-небудзь загляне. Пасля з'явілася місіс Блімбер, чароўная, на погляд Поля; яна адзела такое мноства спадніц, што трэба было зрабіць цэлую экскурсію, каб абыйсці вакол яе. Міс Блімбер спусцілася неўзабаве пасля сваёй матулі, бязмерна пераціснутая, але прыгожая.

Услед за імі прыбылі містэр Тутс і містэр Фідэр. Кожны з гэтых джэнтльменаў трымаў у руцэ свой капялюш, нібы жыў дзе-небудзь у іншым месцы; а калі дварэцкі далажыў аб іх, доктар Блімбер сказаў: «А-а-а! Ах, божа мой!» і, здавалася, быў надзвычай рад іх бачыць. Містэр Тутс пабліскваў каштоўнымі каменнямі і гузікамі і надаваў такое значэнне гэтай акалічнасці, што, паціснуўшы руку доктару і пакланіўшыся місіс Блімбер і міс Блімбер, адвёў Поля ў бок і запытаўся:

— Што вы пра гэта думаеце, Домбі?

Але, не гледзячы на такую скромную ўпэўненасць у сабе, містэр Тутс, здавалася, быў у нерашучасці з прычыны таго, варта зашпіліць ніжні гузік жылета ці не, пры спакойным уліку ўсіх абставін, закасаць ці выпраміць манжэты. Заўважыўшы, што ў містэра Фідэра яны закасаныя, містэр Тутс закасаў і свае; але з прычыны таго, што ў наступнага госця манжэты былі выпраўлены, містэр Тутс выправіў і свае. Што датычыць гузікаў жылета, не толькі ніжніх, але і верхніх, то, па меры прыбыцця гасцей, варыяцыі зрабіліся такімі шматлікімі і рознастайнымі, што Тутс увесь час перабіраў пальцамі гэту прыладу туалета, нібы граў на нейкім інструменце, і, мусіць, лічыў бесперастанныя практыкаванні, з ім звязаныя, вельмі цяжкімі.

Калі ўсе маладыя джэнтльмены, завітыя, у тугіх гальштуках і лакіраваных туфлях, трымаючы ў руках новенькія капелюшы, сабраліся, прычым аб паяўленні кожнага было даложана дварэцкім, прышоў настаўнік танцаў, містэр Бепс, у суправаджэнні місіс Бепс, з якой місіс Блімбер абыходзілася ў вышэйшай ступені ласкава і спагадліва.

Поль знік са свайго кутка на канапе сярод падушак, які служыў яму назіральным пунктам, і спусціўся ў пакой, дзе быў сервіраваны чай, каб сустрэць Фларэнс, якую амаль два тыдні не бачыў, бо ў мінулую суботу і нядзелю аставаўся ў доктара Блімбера, каб не прастудзіцца. Хутка яна прышла, такая прыгожая ў сваёй скромнай бальнай сукенцы, з жывымі кветкамі ў руках, што, калі яна апусцілася на калені, каб абняць Поля за шыю і пацалаваць яго (бо нікога тут не было, апрача яго прыяцелькі і яшчэ адной маладой жанчыны, якія разлівалі чай), ён ледзь мог прымусіць сябе выпусціць яе або адвесці позірк ад яе ззяючых і любячых вачэй.

— Але што здарылася, Флой? — запытаўся Поль, амаль упэўнены, што ўбачыў слязу.

— Нічога, любы, нічога, — адказвала Фларэнс.

Поль асцярожна дакрануўся пальцам да яе шчакі — так, гэта была сляза!

— Што-ж гэта, Флой! — сказаў ён.

— Мы разам паедзем дадому, і я буду даглядаць вас, мой любы, — сказала Фларэнс.

— Даглядаць мяне! — паўтарыў Поль.

Поль не мог зразумець, якія адносіны гэта мае да слязы, чаму абедзве маладыя жанчыны глядзелі так сур'ёзна і чаму Фларэнс на секунду адвярнулася, а пасля павярнула да яго твар, які зноў свяціўся ўсмешкай.

— Флой, — пачаў Поль, трымаючы ў руцэ завіток яе цёмных валасоў, — скажыце мне, родная: як вы думаеце, я — дзівакаваты?

Сястра засмяялася, прыгалубіла яго і адказала:

— Не.

— Таму што я знаю — яны гэта гавораць, — прадаўжаў Поль, — і мне хочацца ведаць, што яны гэтым хочуць сказаць, Флой.

Але пачуўся моцны стук у дзверы, Фларэнс хуценька адышлася да стала, і больш яны пра гэта не гаварылі. Поль зноў здзівіўся, убачыўшы, што яго прыяцелька шэпча нешта Фларэнс, нібы ўцяшае яе, але зноў прыбыўшыя прагналі гэту думку.

Гэта быў сэр Барнет Скетлс, лэдзі Скетлс і майстар Скетлс. Пасля вакацыі майстру Скетлсу належала зрабіцца навічком, і ў пакоі містэра Фідэра заўсёды ўслаўлялі яго бацьку, які быў у Палаце абшчын[3].

— Ну, а гэта што за пакой? — звярнулася лэдзі Скетлс да прыяцелькі Поля Міліі.

— Кабінет дсктара Блімбера, пані, — быў адказ.

Лэдзі Скетлс агледзела яго ў ларнет і з ухвальным кіўком сказала сэру Барнету Скетлсу: «Вельмі добра». Сэр Барнет Скетлс згадзіўся, але майстар Скетлс глядзеў падазрона і недаверліва.

— Ну, а вось гэты малютка, — сказала лэдзі Скетлс, паварочваючыся да Поля. — Ён адзін з…

— Адзін з маладых джэнтльменаў, пані; так, пані, — сказала прыяцелька Поля.

— Як-жа вас завуць, маё бледнае дзіця? — сказала лэдзі Скетлс.

— Домбі, — адказаў Поль.

Сэр Барнет Скетлс адразу-ж умяшаўся і заявіў, што меў гонар сустрэцца з бацькам Поля на публічным абедзе, і выказаў надзею, што ён здаровы. Затым Поль пачуў, як ён гаварыў лэдзі Скетлс: «Сіці… вельмі багаты… у вышэйшай ступені рэспектабельны… доктар успамінаў аб гэтым». А пасля ён сказаў Полю:

— Калі ласка, перадайце вашаму добраму тату, што сэр Барнет Скетлс надзвычай рад, што ў яго добрае здароўе і пасылае яму сваё палкае прывітанне.

— Так сэр, — адказваў Поль.

— Малайчына! — сказаў сэр Барнет Скетлс. — Барнет, — звярнуўся ён да майстра Скетлса, які (назлосць прадстаячаму вучэнню) налёг на кекс з карынкай, — з гэтым маладым чалавекам вам варта пазнаёміцца. З гэтым маладым чалавекам вы можаце пазнаёміцца, — сказаў сэр Барнет Скетлс, красамоўна падкрэсліваючы свой дазвол.

— Якія вочы! Якія валасы! Які прыгожы тварык! — ціха ўсклікнула лэдзі Скетлс, паглядаючы на Фларэнс праз ларнет.

— Мая сястра, — сказаў Поль, знаёмячы з ёй.

Скетлсы былі цяпер зусім задаволены. А з тае прычыны, што лэдзі Скетлс Поль спадабаўся з першага позірку, яны ўсе разам накіраваліся наверх; сэр Барнет Скетлс клапаціўся аб Фларэнс, а юны Барнет ішоў за імі.

Юны Барнет нядоўга быў на заднім плане пасля таго, як яны ўвайшлі ў гасціную, бо доктар Блімбер у адну хвіліну высунуў яго, прымусіўшы танцаваць з Фларэнс. Поль не заўважыў, каб той быў асабліва шчаслівым або праяўляў што-небудзь, апрача панурасці і слабай зацікаўленасці сваім заняткам; але з той прычыны, што Поль чуў, як лэдзі Скетлс сказала місіс Блімбер, якая адбівала такт веерам, што яе любаму хлопчыку вельмі спадабаўся гэты анёл міс Домбі, то, як відаць, Скетлс малодшы быў у стаче вялікага шчасця, зусім не выяўляючы гэтага.

Маленькі Поль угледзеў дзіўны збег акалічнасцей у тым, што ніхто не заняў яго месца сярод падушак; і калі ён вярнуўся ў пакой, усе, памятаючы, што гэта месца належыць яму, расступіліся, даючы яму магчымасць зноў яго заняць. І ніхто не спыняўся перад ім, калі заўважылі, як прыемна яму бачыць Фларэнс сярод танцуючых, а наадварот, усе вызвалілі перад ім месца, каб ён мог увесь час сачыць за ёю. Яны былі такімі добрымі — нават незнаёмыя яму людзі, якіх хутка паявілася вельмі многа, — што адзін за другім падыходзілі і пачыналі з ім размаўляць, пыталіся, як ён сябе адчувае, ці не баліць яму галава і ці не змарыўся ён. Ён быў ім вельмі ўдзячны за ўсю іх дабрату і ўвагу і, прыхіліўшыся да падушак у сваім кутку на канапе, дзе таксама сядзелі місіс Блімбер і лэдзі Скетлс, назіраў і быў вельмі шчаслівы; Фларэнс прыходзіла і падсядала да яго пасля кожнага тура.

Фларэнс сядзела-б з ім увесь вечар і лепш-бы зусім не танцавала, але Поль прымусіў яе, сказаўшы, як гэта яму прыемна. І ён сказаў праўду, бо сэрцайка яго расшыралася і твар гарэў, калі ён бачыў, як усе ёю любуюцца і якой цудоўнай кветкай была яна ў гэтым пакоі.

Са свайго гняздзечка сярод падушак Поль мог бачыць і чуць амаль усё, што адбывалася, нібы ўсё гэта рабілася для яго забаў.

Неяк, у часе перапынку ў танцах, лэдзі Скетлс сказала Полю, што ён, мусіць, вельмі любіць музыку. Поль адказаў, што любіць; і калі і яна яе любіць, то варта было-б ёй паслухаць, як спявае яго сястра Фларэнс. Лэдзі Скетлс адразу-ж адчула, што памірае ад жадання атрымаць гэту прыемнасць; і хоць Фларэнс спачатку была вельмі перапалохана прапановай спяваць у прысутнасці вялікай колькасці гасцей і настойліва прасіла вызваліць яе ад гэтага, аднак, калі Поль паклікаў яе і сказаў: «Праспявайце, Флой! Калі ласка! Для мяне, мая дарагая!», яна падышла да фортэпіяна і заспявала. Калі ўсе адступіліся ў бок, каб Поль мог яе бачыць, і калі ён убачыў, як яна стаіць там адна, такая юная, добрая, прыгожая і поўная любові да яго, і пачуў, як яе звонкі голас, такі чысты і пяшчотны, залатое звяно паміж ім і ўсёй любоўю і шчасцем яго жыцця, загучаў сярод агульнага маўчання, — ён адвярнуўся і пастараўся схаваць слёзы. Справа не ў тым, як тлумачыў ён, калі з ім размаўлялі, справа не ў тым, што музыка была вельмі сумнай або нуднай, але яна такая прыемная для яго!

Усім спадабалася Фларэнс! Ды ці магло быць інакш?! Поль загадзя ведаў, што яны павінны яе палюбіць і палюбяць; і калі ён сядзеў у сваім кутку сярод падушак, спакойна склаўшы рукі і неахайна падагнуўшы пад сябе нагу, мала каму прышло-б у галаву, якой урачыстасцю і захапленнем напоўнена яго дзіцячае сэрца, калі ён глядзіць на яе, і якое прыемнае супакаенне ён адчувае. Узрушальныя пахвалы «сястры Домбі» ён чуў ад усіх хлопчыкаў; зачарованыя водзывы пра гэту стрыманую і скромную маленькую красуню былі ва ўсіх на вуснах; заўвагі наконт яе розуму і талентаў увесь час даляталі да яго. Надышоў час развітвацца, і тады ўсе захваляваліся. Сэр Барнет Скетлс падвёў Скетлса-малодшага паціснуць руку Полю і запытаўся, ці не забудзецца ён перадаць свайму добраму тату, што ён, сэр Барнет Скетлс, пасылае яму гарачае прывітанне і выказвае надзею на будучае блізкае сяброўства абодвух маладых джэнтльменаў. Лэдзі Скетлс пацалавала яго, разгладзіла яму валасы на ілбе і прытуліла яго да сябе.

— Да пабачэння, доктар Блімбер, — сказаў Поль, працягваючы руку.

— Да пабачэння, мой маленькі сябра, — адказваў доктар.

— Я вам вельмі ўдзячны, сэр, — сказаў Поль, нявінна пазіраючы знізу ўверх на гэты жахлівы твар. — Калі ласка, папрасіце іх добра клапаціцца пра Дыагена.

Дыагенам звалі сабаку, які за ўсё жыццё не меў ніводнага блізкага прыяцеля, апрача Поля. Доктар абяцаў, што ў часе адсутнасці Поля на Дыагена будуць звяртаць асаблівую ўвагу, і Поль, зноў падзякаваўшы яму і паціснуўшы руку, развітаўся з місіс Блімбер і Карнеліяй з такой шчырай сур'ёзнасцю, што місіс Блімбер у той момант забылася спамянуць пра Цыцэрона ў размове з лэдзі Скетлс, хоць увесь вечар збіралася гэта зрабіць. Карнелія, узяўшы Поля за абедзве рукі, сказала:

— Домбі, Домбі, вы заўсёды былі маім любімым вучнем. Ды благаславіць вас бог!

На думку Поля, гэта сведчыла аб тым, як лёгка пакрыўдзіць чалавека, бо міс Блімбер думала тое, што гаварыла, хоць была тыранкай.

Пасля сярод маладых джэнтльменаў пранёсся гул: «Домбі ад'язджае!», «Маленькі Домбі ад'язджае!», і ўсе, разам з сям'ёй Блімбераў, рушылі следам за Полем і Фларэнс уніз па лесвіцы, у вестыбюль. Усе слугі, на чале з дварэцкім, захацелі правесці маленькага Домбі, і нават падслепаваты малады чалавек, перанёсшы яго кнігі і чамаданы ў карэту, якая павінна была адвезці на гэту ноч яго і Фларэнс да місіс Піпчын, відавочна расчуліўся.

Нават уплыў больш пяшчотнага пачуцця на маладых джэнтльменаў — а яны ўсе да аднаго былі зачарованы Фларэнс — не перашкодзіў ім шумна развітацца з Полем, махаць яму ўслед капелюшом, напіраць адзін на другога, спускаючыся з лесвіцы, каб паціснуць яму руку, крычаць: «Домбі, не забывайце мяне!» Поль шаптаў Фларэнс, у той час як яна апранала яго, перад самым выхадам: ці чуе яна іх, ці можа яна калі-небудзь забыцца пра гэта, ці прыемна ёй гэта ведаць? І радасць свяцілася ў яго вачах, калі ён размаўляў з ёю.

Адзін раз ён азірнуўся, каб кінуць развітальны позірк, і, паглядзеўшы на павернутыя да яго твары, са здзіўленнем убачыў, якія яны ззяючыя і вясёлыя, як іх многа, нібы ў перапоўненым тэатры. З таго часу, калі-б не здаралася яму падумаць пра ўстанову доктара Блімбера, яна ўспаміналася такой, якой ён яе бачыў у апошні раз; і ніколі не здавалася яна рэальнай, але, як бывае ў сне, ён бачыў толькі мноства вачэй.

Аднак, гэта не было апошнім уражаннем ад установы доктара Блімбера. Было яшчэ што-колечы. Містэр Тутс, які, нечакана апусціўшы адно акно карэты і глянуўшы ўнутр, сказаў з самым ненатуральным хіхіканнем: «Домбі тут?» і зараз-жа падняў акно зноў, не чакаючы адказу. Але і гэта не было апошнім з'яўленнем Тутса, бо не паспела карэта ад'ехаць, як ён таксама раптоўна апусціў другое акно і, глянуўшы ўнутр, якраз таксама хіхікнуў і сказаў якраз такім-жа тонам: «Домбі тут?» і схаваўся якраз таксама, як і раней.

Як смяялася Фларэнс! Поль часта ўспамінаў пра гэта і сам заўсёды смяяўся.

Але неўзабаве пасля гэтага — на другі дзень і пазней — здарылася шмат такога, аб чым, Поль памятаў невыразна. Так, напрыклад, чаму яны праводзілі дні і ночы ў місіс Піпчын замест таго, каб ехаць дадому, чаму ён ляжаў у пасцелі і Фларэнс сядзела каля яго; ці быў у пакоі бацька, ці то быў толькі доўгі цень на сцяне; ці чуў ён, як доктар сказаў пра некага, што калі-б яго адвезлі да свята, якое аўладала яго ўяўленнем вельмі моцна, у параўнанні з яго ўласнай слабасцю, вельмі магчыма, што ён-бы змарнеў.

Ён нават не мог успомніць, ці гаварыў ён часта Фларэнс: «О, Флой, адвязіце мяне дадому і ніколі не пакідайце мяне!», але, здаецца, гаварыў. Яму здавалася часамі, быццам ён зноў і зноў чуе свой уласны голас. «Адвязіце мяне дадому, Флой, адвязіце мяне дадому!»

Але ён мог успомніць, калі вярнуўся дадому і яго неслі па добра знаёмай яму лесвіцы, што на працягу многіх гадзін грукацела карэта, а ён ляжаў на сядзенні, і каля яго была Фларэнс, а старая місіс Піпчын сядзела насупраць. Ён памятаў і свой стары ложачак, куды яго паклалі; сваю цётку, міс Токс і С'юзен, але было яшчэ нешта, зусім нядаўна, што ўсё яшчэ прыводзіла яго ў недаўменне.

— Вудзьце ласкавы, я хачу пагаварыць з Фларэнс, — сказаў ён. — Толькі з Фларэнс, адну хвілінку!

Яна нахілілася да яго, а ўсе астатнія стаялі паводаль.

— Флой, любачка, ці не тата гэта быў у вестыбюлі, калі мяне вынеслі з карэты?

— Так, любы.

— Ён не заплакаў і не пайшоў у свой пакой, Флой, калі ўбачыў, што мяне нясуць?

Фларэнс паківала галавой і прыціснулася губамі да яго шчакі.

— Я вельмі рад, што ён не плакаў, — сказаў маленькі Поль. — Мне здалося, што ён заплакаў. Не гаварыце ім, пра што я пытаўся.

  1. Кароль Альфрэд — кароль англасаксаў Альфрэд Вялікі (879–901); вынайшоў спосаб вымарэння часу па зарубках на свечцы, якая гарыць.
  2. Лексікон — слоўнік з падрабязным тлумачэннем кожнага слова.
  3. Палата абшчын — адна з палат (ніжняя) англійскага парламента; другая палата — Палата лордаў.