Домбі і сын/16
← Раздзел XV. Надзвычайная вынаходлівасць капітана Катля і новыя клопаты Уолтэра Гэя | Раздзел ХVІ. Аб чым заўсёды гаварылі хвалі Раман Аўтар: Чарльз Дыкенс 1848 (пераклад 1938) |
Раздзел ХVII. Капітану Катлю ўдасцца сёе-тое зладзіць для маладых людзей → |
РАЗДЗЕЛ XVI
Аб чым заўсёды гаварылі хвалі.
Поль больш не ўставаў са сваёй пасцелькі. Ён ляжаў вельмі спакойна, прыслухоўваючыся да шуму на вуліцы, мала клапоцячыся пра тое, як ідзе час, але сочачы за ім і сочачы за ўсім навакол пільным позіркам.
Калі сонечныя праменні ўрываліся ў яго пакой праз шалахлівыя шторы і струменілі на процілеглай сцяне, як залатая вада, ён ведаў, што набліжаецца вечар і што неба барвянае і прыгожае. Калі водбліскі патухалі і пракрадаўся змрок, падымаючыся па сцяне, ён сачыў, як гэты змрок згушчаецца, згушчаецца, згушчаецца ў ноч. Тады ён думаў пра тое, як усеяны ліхтарамі доўгія вуліцы і як свецяць уверсе ціхія зоркі. У яго была нейкая дзіўная схільнасць разважаць пра раку, якая, як яму было вядома, працякала праз вялікі горад і цяпер ён думаў пра тое, якая яна чорная і якой яна здаецца глыбокай, адлюстроўваючы россыпы зорак, і больш за ўсё пра тое, як няўхільна коціць яна свае воды насустрач акіяну.
Па меры таго, як насоўвалася ноч і крокі на вуліцы былі чутны так рэдка, што ён мог расслухаць іх набліжэнне, лічыць іх, калі яны рабіліся павольнымі, і губляць у глухім аддаленні, ён ляжаў і сачыў за шматкаляровым кальцом вакол свечкі і цярпліва чакаў дня. Толькі шпаркая і імклівая рака выклікала ў яго неспакой. Іншы раз ён адчуваў, што павінен паспрабаваць спыніць яе — стрымаць сваімі дзіцячымі руч- камі або перагарадзіць ёй шлях пяском, і калі ён бачыў, што яна насоўваецца, непераможная, ён ускрыкваў. Але досыць было Фларэнс, якая заўсёды знаходзілася каля яго, сказаць адно слова, каб небарака апамятаўся і, прытуліўшы сваю галоўку да яе грудзей, ён расказваў Флой пра свой сон і ўсміхаўся.
Калі пачынала днець, ён чакаў сонца, і калі, яркае яго святло пачынала іскрыцца ў пакоі, ён уяўляў сабе — не, не ўяўляў! ён бачыў — высокія званіцы, што ўздымаліся да ранішняга неба, горад, які ажываў, абуджаўся і зноў пачынаў жыццё, раку, якая зіхацела і каціла свае хвалі (але каціла ўсё з тою-ж хуткасцю), і палі, асвежаныя расою. Знаёмыя гукі і крыкі пачыналі паступова раздавацца на вуліцы; слугі ў доме прачыналіся і мітусіліся; твары заглядалі ў пакой, і галасы ціхенька пыталіся ў тых, хто даглядаў яго, як ён сябе адчувае. Поль заўсёды адказваў сам:
— Мне лепш. Мне значна лепш, дзякую вам! Перадайце гэта тату!
Паступова ён стамляўся ад мітусні дня, ад шуму экіпажаў, фурманак і людзей, якія снавалі ўзад і ўперад, і засынаў, або зноў яго бянтэжыла неспакойная і трывожная думка — хлопчык бадай ці мог сказаць, было тое ў сне ці ў сапраўднасці — думка аб гэтай імклівай рацэ.
— Ах, няўжо яна ніколі не спыніцца, Флой? — пытаў іншы раз ён. — Мне здаецца, што яна мяне зносіць.
Але Флой заўсёды ўмела ўгаварыць яго і супакоіць; і кожны дзень ён радаваўся, прымушаючы яе апусціць галаву на яго падушку і адпачыць.
— Вы заўсёды даглядаеце мяне, Флой. Цяпер дайце мне дагледзець вас!
Яго абкладалі падушкамі ў кутку ложка, і ён сядзеў адкінуўшыся на іх, у той час калі яна ляжала ля яго, часта нахіляўся, каб пацалаваць яе, і шэптам гаварыў тым, хто з імі быў, што яна змарылася і як яна дбала пра яго столькі начэй.
Так, паступова, згасаў дзень, гарачы і ясны, і залатая вада зноў струменіла па сцяне.
Яго наведвалі тры важныя дактары — звычайна яны сустракаліся ўнізе і разам падымаліся наверх, — і ў пакоі было так ціха, а Поль так пільна сачыў за імі (хоць ён ніколі і ні ў каго не пытаўся, аб чым яны гавораць), што нават адрозніваў ціканне іх гадзіннікаў. Але ўвага яго сканцэнтроўвалася на сэры Паркеры Пепсе, які заўсёды садзіўся на край яго ложка. Бо Поль чуў, як гаварылі, даўна-даўно, што гэты джэнтльмен быў пры яго маме, калі яна абвіла рукамі Фларэнс і памерла. І ён не мог забыць пра гэта. Ён любіў яго за гэта. Ён не баяўся.
Людзі вакол яго змяняліся таксама незразумела, як у той першы вечар у доме доктара Блімбера, — усе, апрача Фларэнс; Фларэнс ніколі не мянялася; а той, хто быў сэрам Паркерам Пепсам, ператвараўся пасля ў бацьку, які сядзеў, падпіраючы галаву рукой. Старая місіс Піпчын, што драмала ў крэсле, часта ператваралася ў міс Токс або ў цётку; і Поль задавальняўся тым, што зноў заплюшчваў вочы і спакойна чакаў, што будзе далей. Але гэта фігура варочалася назад так часта, аставалася так доўга, сядзела так нерухома і ўрачыста, ні з кім не размаўляючы — з ёю таксама не гаварылі, — і рэдка падымаючы твар, што Поль стомлена пачаў разважаць аб тым, ці існуе яна, і, калі бачыў яе, як яна сядзела тут уночы, яму рабілася страшна.
— Флой! — сказаў ён. — Што гэта?
— Дзе, любы?
— Там! у нагах ля ложка.
— Там нікога няма, апрача таты!
Фігура падняла галаву, устала і, падышоўшы да ложка, сказала:
— Родны мой! Хіба вы не пазнаеце мяне?
Поль паглядзеў ёй у твар і падумаў: няўжо гэта яго бацька? Але твар, які так змяніўся, зморшчыўся, нібы ад болю, і не паспеў ён працягнуць абедзве рукі, каб абхапіць яго і прыцягнуць да сябе, як фігура хутка адышла ад ложка і знікла ў дзвярах.
Поль з вялікім хваляваннем глянуў на Фларэнс, але ён ведаў, што яна хоча сказаць, і спыніў яе, прыціснуўшыся тварам да яе губ. Заўважыўшы ў наступны раз гэту фігуру, якая сядзела ў нагах ля ложка, ён сказаў да яе:
— Не бядуйце аба мне, любы тата! Дапраўды я зусім шчаслівы!
Калі бацька падышоў да яго і нахіліўся, — ён гэта зрабіў хутка і не спыняючыся раней ля ложка, — Поль абняў яго за шыю і паўтарыў гэтыя словы некалькі разоў і вельмі сур'ёзна; і з таго часу, калі-б Поль ні бачыў яго ля сябе ў пакоі, было гэта ўдзень ці ўночы, ён заўсёды гаварыў: «Не бядуйце аба мне! Дапраўды-ж, я зусім шчаслівы!» Вось тады-ж ён і пачаў гаварыць раніцамі, што яму значна лепш, і прасіць, каб яны перадалі гэта бацьку.
Колькі разоў залатая вада струменіла па сцяне, колькі ночаў цёмная-цёмная рака, не зважаючы на яго, каціла свае воды да акіяна, Поль не лічыў, не спрабаваў даведацца.
Аднаго разу ўночы ён разважаў аб матцы і яе партрэце ў гасцінай унізе і падумаў, што, мусіць, яна любіла Фларэнс больш, чым бацька, калі трымала яе ў сваіх абдымках, калі адчула, што памірае, бо нават у яго, яе брата, які так горача яе любіў, не магло быць больш моцнага жадання. Па ходу думак у яго ўзнікла пытанне ці бачыў ён калі-небудзь сваю матку, таму што ён не мог успомніць, адказвалі яны яму на гэта «так» ці «не», — рака цякла так шпарка і затуманьвала яму галаву.
— Флой, ці бачыў я калі-небудзь маму?
— Не, любы; чаму вы пра гэта пытаеце?
— Няўжо я ніколі не бачыў такога ласкавага твару, як у мамы, нахіленага нада мною, калі я быў маленькім, Флой?
Ён пытаўся недаверліва, нібы перад ім вырысоўваўся нейчы твар.
— О, бачыў, любы!
— Чый-жа, Флой?
— Вашай старой карміліцы. Часта.
— А дзе мая старая карміліца? — запытаўся Поль. — Яна таксама памерла? Флой, мы ўсе памерлі, апрача вас?
Быў нейкі перапалох у пакоі, ён прадаўжаўся секунду, — магчыма, больш, але наўрад ці больш секунды, — пасля ўсё зноў сціхла і Фларэнс, збляднелая з твару, але з усмешкей, падтрымлівала яго галаву рукою. Рука яе вельмі дрыжэла.
— Калі ласка, пакажыце мне гэту старую карміліцу, Флой!
— Яе тут няма, любы. Яна прыйдзе заўтра.
— Дзякую вам, Флой.
З гэтымі словамі Поль заплюшчыў вочы і заснуў. Калі ён прачнуўся, сонца было высока, і дзень быў ясны і цёплы. Ён паляжаў крыху, пазіраючы на вокны, якія былі адчынены, і на фіранкі, што шамацелі і развяваліся на ветры; пасля ён сказаў:
— Флой, гэта ўжо «заўтра»? Яна прышла?
Здаецца, нехта пайшоў па яе. Магчыма, гэта была С'юзен. Полю здалося, калі ён зноў заплюшчыў вочы, нібы яна сказала яму, што хутка вернецца, але ён не адкрыў іх, каб паглядзець. Яна вытрымала слова — магчыма, яна і не хадзіла, — але першае, што адбылося ўслед за гэтым, былі крокі на лесвіцы, і тады Поль прачнуўся — прачнуўся духам і целам — і сеў, выпрастаўшыся ў пасцелі. Цяпер ён бачыў іх каля сябе. Не было больш шэрага туману перад ім, які быў часамі па начах. Ён пазнаў іх усіх і назваў па імёнах.
— А гэта хто? Гэта мая старая карміліца? — запытаўся хлопчык, пазіраючы ззяючай усмешкай на ўваходзіўшую жанчыну.
Так. Больш ніхто з чужых людзей не стаў-бы праліваць слёзы ўбачыўшы яго і называць яго дарагім яе хлопчыкам, любенькім яе хлопчыкам, яе небаракам, родным, змучаным дзіцем. Ніякая другая жанчына не апусцілася-б на калені каля яго ложка, не прыціснула-б да вуснаў і да грудзей яго схудзеўшую ручку, як чалавек, які мае нейкае права ласкаць яе. Ніякая другая жанчына не магла-б так забыцца пра ўсіх, хто быў тут, апрача яго і Флой, і праявіць такую пяшчотнасць і шкадаванне.
— Флой! У яе мілы, добры твар! — сказаў Поль. — Я рад, што бачу яго зноў. Не ідзіце, старая карміліца. Астаньцеся са мною!
Усе пачуцці яго абвастрыліся: і ён пачуў імя, якое ведаў.
— Хто гэта сказаў — «Уолтэр»? — запытаўся ён азіраючыся. — Нехта сказаў — «Уолтэр». Ён тут? Мне-б вельмі хацелася яго ўбачыць.
Ніхто не адказаў адразу; але праз момант бацька сказаў С'юзен:
— У такім выпадку вярніце яго. Няхай падымецца сюды!
Праз некаторы час, на працягу якога Поль, усміхаючыся, глядзеў з цікаўнасцю і здзіўленнем на сваю карміліцу і бачыў, што яна не забылася Флой, Уолтэра ўвялі ў пакой. Яго адкрыты твар, смелая гаворка і вясёлыя вочы заўсёды прыцягвалі да яго Поля; убачыўшы яго, Поль працягнуў руку і сказаў:
— Бывайце!
— Бывайце, дзіця маё! — усклікнула місіс Піпчын, паспяшаўшыся да Поля. — Чаму «бывайце»?
Секунду Поль пазіраў на яе з задумлівым выглядам, з якім так часта разглядаў яе са свайго кутка ля каміна.
— О, так, — спакойна сказаў ён, — бывайце! Уолтэр, дарагі, бывайце! — павярнуў ён галаву ў той бок, дзе той стаяў, і зноў працягнуў руку. Дзе тата?
Ён адчуў дыханне бацькі на сваёй шчацэ, перш чым паспеў прагаварыць гэтыя словы.
— Не забывайце Уолтэра, дарагі тата, — прашаптаў ён, пазіраючы яму ў твар. — Не забывайце Уолтэра. Я любіў Уолтэра!
Слабая ручка махнула ў паветры, нібы крыкнула Уолтэру яшчэ раз: «Бывайце!»
— Цяпер пакладзіце мяне, — сказаў ён, — і падыйдзіце, Флой, да мяне бліжэй і дайце паглядзець на вас!
Сястра і брат абвілі адзін аднаго рукамі і замерлі ў абдымках; залатое святло патокам уварвалася ў пакой і ўпала на іх.
— Як шпарка цячэ рака паміж зялёнымі берагамі і сітняком, Флой! Але яна вельмі недалёка ад мора. Я чую хвалі! Яны заўсёды так гаварылі.
Пасля ён сказаў ёй, што яго закалыхвае слізганне лодкі на рацэ. Якія зялёныя цяпер берагі, якія яркія кветкі на іх і які высокі сітняк! Цяпер лодка вышла ў мора, але плаўна ідзе ўперад. А вось цяпер перад ім бераг. Хто гэта стаіць на беразе?..
І зноў на сцяне залатая зыб, а ў пакоі цішыня.