Домбі і сын/13
← Раздзел XII. Выхаванне Поля | Раздзел ХІІІ. Весткі аб гандлёвым флоце і справы ў канторы Раман Аўтар: Чарльз Дыкенс 1848 (пераклад 1938) |
Раздзел ХІV. Поль робіцца ўсё больш дзівакаваты і едзе дадому на канікулы → |
РАЗДЗЕЛ ХІІІ
Весткі аб гандлёвым флоце і справы ў канторы
Кантора містэра Домбі змяшчалася ў дварэ, дзе з даўніх часоў быў на рагу ларок, які гандляваў адборнымі фруктамі, дзе разносчыкі абодвага полу прапаноўвалі пакупнікам у любы час ад дзесяці да пяці гадзін хатнія туфлі, запісныя кніжкі, губкі, нашыйнікі і ўінзорскае мыла, а іншы раз пойнтэра або карціну, намаляваную маслянымі фарбамі.
Але гандляры ніколі не прапаноўвалі іх містэру Домбі. Калі ён з'яўляўся, прадаўцы гэтых тавараў пачціва адступаліся. Пасыльны, калі толькі не адсутнічаў па справе, заўсёды дагодліва бег уперад, каб расчыніць шырэй дзверы ў кантору перад містэрам Домбі і, стоячы з голай галавой, прытрымліваць іх пакуль той уваходзіў.
Клеркі ў канторы ніколькі не адставалі ў праяўленні пачцівасці; калі містэр Домбі праходзіў праз першы пакой, то рабілася ўрачыста ціха.
Калі Перч, рассыльны, які, нібы гадзіннік, займаў месца на маленькай падстаўцы, бачыў уваходзячага містэра Домбі — або, правільней, калі адчуваў, што той уваходзіць, бо ён заўсёды чуццём адгадваў яго набліжэнне, — ён кідаўся ў пакой містэра Домбі, раздуваў агонь, даставаў вуглі з нетраў вугальнай скрынкі, вешаў на камінную рашотку газету, каб прасушыць яе, прысоўваў крэсла, ставіў на месца экран[1] і крута паварочваўся ў момант з'яўлення містэра Домбі, каб узяць ад яго пальто і капелюш і павесіць іх. Затым Перч браў газету, разы два паварачваў яе перад агнём і пачціва клаў ля локця містэра Домбі.
Ад містэра Домбі да свету простых смяротных, — паколькі да гэтага свету быў доступ праз першы пакой, на які прысутнасць містэра Домбі ў яго ўласным кабінеце дзейнічала, калі можна так сказаць, як сырое або халоднае паветра, — вялі дзве ступенькі. Містэр Каркер, у сваім кабінеце, быў першай ступенькай, містэр Морфін, у сваім кабінеце, бы другой. Кожны з гэтых джэнтльменаў займаў пакойчык велічынёю з ванную, які выходзіў у карыдор, куды адчыняліся дзверы містэра Домбі. Містэр Каркер, як Вялікі Візір[2], знаходзіўся ў пакоі, бліжэйшым да Султана[3]. Містэр Морфін, як чыноўнік больш нізкага рангу, знаходзіўся ў пакоі, бліжэйшым да клеркаў.
Апошні з памянёных джэнтльменаў быў бадзёры пажылы халасцяк з карымі вачыма. Яго цёмныя валасы на галаве былі толькі дзе-ні-дзе закрануты крупінкамі сівізны, нібы яе расплёскаў паважна ідучы час, хоць бакенбарды ў яго былі ўжо зусім сівыя. Ён вельмі паважаў містэра Домбі і аддаваў яму належную пашану; але з прычыны таго, што сам ён быў вясёлага характару і заўсёды адчуваў сябе нялоўка ў прысутнасці гэтай важнай асобы, то зусім не зайздросціў шматлікім гутаркам, якімі цешыўся містэр Каркер, і адчуваў патаемнае здавальненне ад таго, што па характары сваіх абавязкаў вельмі рэдка заслугоўваў такой адзнакі. Ён па-свойму быў вялікім аматарам музыкі — пасля службы; і адчуваў бацькаўскую прывязанасць да сваёй віаланчэлі.
Містэр Каркер быў джэнтльмен гадоў трыццаці васьмі-сарака, з прыгожым колерам твара і двума беззаганнымі радамі бліскучых зубоў, бездакорная форма якіх і белізна дзейнічалі сапраўды прыгнятальна. Нельга было не звярнуць на іх увагі, бо, размаўляючы, ён іх заўсёды паказваў і ўсміхаўся такой шырокай усмешкай (хоць гэтая ўсмешка вельмі рэдка расплывалася па твары за межамі рота), што было ў ёй штосьці, што нагадвала ашчэраныя зубы ката. Яму падабаліся тугія белыя гальштукі, па прыкладу свайго патрона, і ён заўсёды быў зашпілены на ўсе гузікі і апрануты ў вельмі шчыгульны касцюм. Яго манера абыходжання з містэрам Домбі была глыбока прадумана і вельмі добра выконвалася. Ён быў фамільярны з ім, рэзка падкрэсліваючы адлегласць, што была паміж імі. «Містэр Домбі, у адносінах да чалавека вашага становішча з боку чалавека майго становішча ніякія знакі пашаны, сумяшчальныя з нашымі дзелавымі зносінамі, я не лічу дастатковымі. Скажу вам адкрыта, сэр, я канчаткова ад гэтага адмаўляюся. Я адчуваю, што не мог-бы задаволіць самаго сябе, і, бачыць неба, містэр Домбі, вы можаце пазбавіць мяне ад такіх намаганняў». Калі-б гэтыя словы былі надрукаваны на афішы і ён насіў іх на грудзях свайго сурдута, так што містэр Домбі ў любы момант мог іх прачытаць, ён не мог-бы выказаць ясней тое, што выказалася яго паводзінамі.
Такі быў Каркер, загадчык канторы. Містэр Каркер-малодшы, сябра Уолтэра, быў яго братам, на два-тры гады старэй за яго, але бясконца ніжэй па сваім становішчы. Месца малодшага брата было на верхняй ступеньцы службовай лесвіцы; месца старэйшага — на ніжняй. Старэйшы брат ніколі не падымаўся на наступную ступеньку і не падымаў на яе нагі. Маладыя людзі праходзілі над яго галавой і падымаліся вышэй і вышэй; але ён заўсёды быў унізе.
— Як вы адчуваеце сябе сёння? — сказаў аднойчы містэр Каркер-загадчык, уваходзячы з кіпай папер у руцэ ў кабінет містэра Домбі неўзабаве пасля яго прыезду.
— Як маецеся, Каркер? — сказаў містэр Домбі, падымаючыся з крэсла і становячыся спіною да каміна. — Ёсць у вас тут што-небудзь для мяне?
— Не ведаю, ці ёсць сэнс вас турбаваць, — адазваўся Каркер, перабіраючы паперы. — Сёння ў тры ў вас паседжанне камітэта, як вам вядома.
— І другое — без чвэрці чатыры, — дадаў містэр Домбі.
— Ніколі-ж вы ні на што не забываецеся! — усклікнуў Каркер, усё яшчэ перабіраючы свае паперы: — Калі ў майстра Поля будзе ваша памяць, то неспакойнай асобай будзе ён для фірмы. Досыць аднаго такога, як вы.
— У вас таксама добрая памяць, — сказаў містэр Домбі.
— О! У мяне! — адказваў загадчык. — Гэта адзіны капітал у такога чалавека, як я.
Чопарнасць і элегантнасць касцюма містэра Каркера і некалькі высокамерныя манеры, або ўласцівыя яму самому, або прынятыя ў перайманне ўзору, за якім хадзіць было недалёка, надавалі асобную цану яго пакорлівасці. Ён рабіў уражанне чалавека, які паўстаў-бы супроць сілы, калі-б мог, але які быў зусім раздушаны веліччу і перавагай містэра Домбі.
— Морфін тут? — запытаўся містэр Домбі пасля кароткай паўзы, на працягу якой містэр Каркер шуршаў паперамі і мармытаў сабе пад нос нёвялікія вытрымкі з іх.
— Морфін тут, — адказваў ён, падымаючы галаву і ўсміхаючыся сваёй самай шырокай і нечаканай усмешкай. — Мурлыкае, аддаючыся музычным успамінам, — думаю, аб апошнім сваім вячэрнім квартэце, — за сцяной, якая раздзяляе нас, і даводзіць мяне да шаленства. Лёпш-бы ён спаліў сваю віяланчэль і свае ноты.
— Мне здаецца, вы нікога не шануеце, Каркер, — сказаў містэр Домбі.
— Так? — абазваўся Каркер, зноў ухмыльнуўшыся і зусім па-кацінаму шчэрачы зубы. — Ну, што-ж! Думаю, нямногіх. Бадай, — прашаптаў ён, нібы размышляючы голасна, — я мог-бы паручыцца толькі за аднаго.
— Дарэчы аб Морфіне, — прадаўжаў містэр Каркер, вымаючы з папкі адну паперу. — Ён дакладвае, што ў гандлёвым агенцтве на Барбадосе[4] памёр малодшы агент, і прапануе заказаць месца для намесніка на «Сыне і Наследніку» — ён адыходзіць прыблізна праз месяц. Думаю, што вам усёроўна, хто паедзе? У нас тут няма падыходзячай асобы.
Містэр Домбі з найвялікшым роўнадушшам паківаў галавой.
— Месца незайздроснае, — заўважыў містэр Каркер, узяўшы пяро, каб зрабіць адзнаку на адваротным баку ліста. — Спадзяюся, ён прадаставіць яго якому-небудзь сіраце, пляменніку аднаго са сваіх музыкальных сяброў. Хто там? Увайдзіце.
— Прабачце, містэр Каркер. Я не ведаў, што вы тут, сэр, — сказаў Уолтэр, з'яўляючыся з пісьмамі ў руцэ, нераспячатанымі і толькі што прынесенымі. — Містэр Каркер-малодшы, сэр…
Пачуўшы гэтае імя, містэр Каркер-загадчык быў закрануты за жывое, адчуўшы сорам і знявагу. Ён ва ўпор паглядзеў на містэра Домбі са змяніўшымся і засаромеўшымся тварам, панурыўся і памаўчаў секунду.
— Мне здаецца, сэр, — сказаў ён раптам, і ў злосці паварочваючыся да Уолтэра, — вас прасілі ўжо не ўспамінаць у часе размовы аб містэры Каркеры-малодшым.
— Прабачце, сэр, — адазваўся Уолтэр, — я хацеў толькі сказаць, што, як гаварыў містэр Каркер-малодшы, вы пайшлі, інакш я не пастукаў-бы ў дзверы, калі вы заняты з містэрам Домбі. Вось пісьмы, містэр Домбі.
— Вельмі добра, сэр, — сказаў містэр Каркер-загадчык, рэзка выхапіўшы іх у яго. — Можаце вярнуцца да выканання сваіх абавязкаў.
Але, заўладаўшы імі так бесцырамонна, містэр Каркер упусціў адно на падлогу і не заўважыў гэтага; ды і містэр Домбі не звярнуў увагі на пісьмо, якое ляжала ля яго ног. Уолтэр секунду вагаўся, спадзеючыся, што хто-небудзь з іх убачыць гэта, але, пераканаўшыся ў адваротным, ён спыніўся, вярнуўся, падняў пісьмо і паклаў на стол перад містэрам Домбі.
Пісьмы былі атрыманы па пошце, і тое, аб якім ішла гутарка, аказалася чарговай справаздачай місіс Піпчын; адрас на ім як звычайна быў напісан Фларэнс, бо місіс Піпчын не дасканала ўладала пяром.
Калі ўвага містэра Домбі была прыцягнута да гэтага пісьма Уолтэрам, ён уздрыгануўся і грозна паглядзеў на яго, нібы лічыў, што той знарок яго выбраў.
— Можаце ісці, сэр, — ганарыста сказаў містэр Домбі.
Ён скамячыў пісьмо і, правёўшы позіркам адыходзіўшага Уолтэра, сунуў яго ў кішэню, не зламаўшы пячаці.
— Вы гаварылі, што вам патрэбна паслаць каго-небудзь у Вест-Індыю? — шпарка сказаў містэр Домбі.
— Так, — адказаў Каркер.
— Пашліце маладога Гэя.
— Добра, вельмі добра! Нічога не можа быць лягчэй, — сказаў містэр Каркер, не праяўляючы ні малейшага здзіўлення і беручы пяро, каб зрабіць новую адзнаку таксама спакойна, як зрабіў гэта раней. — «Паслаць маладога Гэя».
Містэр Каркер паспяшыў гэта зрабіць, а Уолтэр паспяшыў з'явіцца.
— Гэй, — сказаў містэр Домбі, крыху павярнуўшыся, каб зірнуць на яго цераз плячо, — ёсць…
— Вакансія, — уставіў містэр Каркер, расцягваючы рот да апошніх межаў.
— У Вест-Індыі. На Барбадосе. Я маю намер паслаць вас, — сказаў містэр Домбі, ні зніжаючыся да прыкрывання голай ісціны, — на пасаду малодшага агента ў гандлёвым аддзяленні на Барбадосе. Перадайце ад мяне вашаму дзядзьку, Саламону Джылсу, што я выбраў вас для паёздкі ў Вест-Індыю.
Дыханне ў Уолтэра спынілася ад здзіўлення і ён ледзь мог паўтарыць словы: «Вест-Індыя».
— Хто-небудзь павінен ехаць, — сказаў містэр Домбі, — а вы малады, здаровы, і справы ў вашага дзядзькі ідуць дрэнна. Перадайце дзядзю, што вы атрымалі прызначэнне. Вы яшчэ не так хутка паедзеце. Магчыма, пройдзе месяц або два.
— Я там астануся, сэр? — запытаўся Уолтэр.
— Ці астанецеся вы там, сэр? — паўтарыў містэр Домбі, крыху паварочваючыся да яго. — Што вы хочаце сказаць? Што ён хоча сказаць, Каркер?
— Буду там жыць, сэр, — запінаючыся, прагаварыў Уолтэр.
— Вядома, — адказаў містэр Домбі.
Уолтэр пакланіўся.
— Гэта ўсё, — сказаў містэр Домбі, варочаючыся да сваіх пісем. — Вядома вы растлумачце яму загадзя, Каркер, усё, што датычыць звычайнага абмундзіравання і іншага. Ён можа пайсці, Каркер.
— Вы можаце ісці, Гэй, — заўважыў Каркер, агаляючы дзёсны.
— Калі, — сказаў містэр Домбі, перапыняючы чытанне і нібы прыслухоўваючыся, але не спускаючы позірку з пісьма, — калі яму больш няма чаго сказаць.
— Не, сэр, — адказаў Уолтэр, усхваляваны, збянтэжаны і амаль аглушаны. — Я, дапраўды, не ведаю… я… я вельмі ўдзячны.
— Ён можа ісці, Каркер, — сказаў містэр Домбі.
Праходзячы па карыдоры з затуманеным усведамленнем і адчуваючы сваю бездапаможнасць, як бывае ў сне, ён пачуў, што дзверы містэра Домбі зноў захлопнуліся, калі вышаў містэр Каркер, і зараз-жа пасля гэтага джэнтльмен гэты паклікаў яго.
— Калі ласка, прывядзіце вашага сябра містэра Каркера-малодшага да мяне ў кабінет, сэр.
Уолтэр зайшоў у першы пакой і паведаміў аб гэтым містэру Каркеру-малодшаму, які вышаў, з-за перагародкі, дзе сядзеў адзін у кутку, і накіраваўся разам з ім у кабінет містэра Каркера-загадчыка.
Гэты джэнтльмен стаяў спіной да каміна, заклаўшы рукі за полы фрака і гледзячы зверху свайго белага гальштука таксама няўмольна, як мог-бы глядзець сам містэр Домбі. Ён прыняў іх, зусім не змяніўшы позы і не змякчыўшы суровага і панурага выразу на твары; толькі даў знак, каб Уолтэр зачыніў дзверы.
— Джон Каркер, — сказаў загадчык, калі дзверы былі зачынены, і раптам павярнуўшыся да брата, ашчэрыўшы два рады зубоў, нібы хацеў яго ўкусіць, — што гэта ў вас за саюз з гэтым маладым чалавекам, дзякуючы чаму мяне праследуюць і даймаюць упамінаннем вашага імя? Хіба мала вам, Джон Каркер, што я — бліжэйшы ваш сваяк і не магу пазбавіцца ад гэтага…
— Скажаце — ганьбы, Джэймз, — ціха падказаў той, бачачы, што ён не знаходзіць слова. — Вы гэта маеце на ўвазе, і вы ў правах: скажаце — ганьбы.
— Ад гэтай ганьбы, — згадзіўся брат, робячы рэзкі націск.
— Але няўжо патрэбна вечна аб гэтым крычаць і трубіць і заяўляць нават у прысутнасці галавы фірмы? Ды яшчэ ў давяральныя хвіліны? Або вы думаеце, Джон Каркер, што ваша імя выклікае давер'е і канфідэнцыяльнасць з боку каго-небудзь?
— Не, — адказваў той. — Не, Джэймз. Бачыць бог, што гэтага я не думаю.
— Што-ж вы ў такім выпадку, думаеце? — сказаў, брат, — і чаму вы мне надакучаеце? Або вы яшчэ мала мне нашкодзілі?
— Я ніколі не шкодзіў вам наўмысна, Джэймз.
— Вы мой брат, — сказаў загадчык. — Гэта ўжо само сабою шкодзіць мне.
— Хацелася-б мне, каб я мог гэта змяніць, Джэймз.
— Хацелася-б мне, каб вы маглі і змянілі.
У часе гэтай размовы Уолтэр са смуткам і здзіўленнем пераводзіў позірк з аднаго брата на другога. Той, хто быў старэйшым па гадах і малодшым у фірме, стаяў з апушчанымі вачыма і схіленай галавой, пакорліва выслухоўваючы папрокі другога.
Уолтэр, велікадушны і парывісты ў сваіх пачуццях, лічачы сябе мімавольным вінавайцам гэтых здзекаў, умяшаўся ў размову з усёй уласцівай яму палкасцю.
— Містэр Каркер, — сказаў ён, звяртаючыся да загадчыка, — дапраўды-ж, дапраўды-ж, вінен я адзін. З нейкай неасцярожнасцю, за якую не ведаю, як і лаяць сябе, я, напэўна, упамінаў аб містэры Каркеры-малодшым значна часцей, чым было патрэбна, і іншы раз дапускаў, каб яго імя зрывалася з майго языка, хоць гэта супярэчыла выкананаму вамі жаданню. Але гэта была выключна мая віна, сэр. Пра гэта мы ніколі ні слова не гаварылі, ды і наогул вельмі мала гаварылі аб чым-бы там ні было. І з майго боку, сэр, — памаўчаўшы, дадаў Уолтэр, — гэта была не простая неасцярожнасць; я адчуў цікавасць да містэра Каркера, як толькі трапіў сюды, і іншы раз не мог стрымацца, каб не загаварыць пра яго, калі я столькі аб ім думаю!
Гэта вырвалася ў Уолтэра з глыбіні сэрца і было поўна благародства.
— Кажучы праўду, вы не цураліся, містэр Каркер, — сказаў Уолтэр, у якога слёзы выступілі з вачэй, такім шчырым было яго спачуванне. — Я гэта ведаю, на вялікі мой жаль і засмучэнне. З таго часу, як я ўпершыню прышоў сюды, я, дапраўды, стараўся быць вашым сябрам, паколькі можна прэтэндаваць на гэта ў мае гады; але нічога разумнага з гэтага не вышла.
— І заўважце, Гэй, — шпарка перапыніў яго загадчык, — што яшчэ менш выйдзе толку, калі вы па-ранейшаму будзеце навязваць людзям імя містэра Джона Каркера. Гэтым не дапаможаш містэру Джону Каркеру. Запытайцеся ў яго, ці так гэта на яго думку.
— Гэта не паслуга мне, — сказаў брат. — Гэта прыводзіць толькі да такіх размоў, як цяпер, без якіх я, вядома, мог-бы абыйсціся. Толькі той можа быць мне сябрам, — тут ён загаварыў раздзельна, нібы хацеў унушыць гэта Ўолтэру, — хто забудзе мяне і дасць мне магчымасць ісці маёй дарогай, не звяртаючы на мяне ўвагі і не задаючы пытанняў.
— З прычыны таго, што памяць ваша, Гэй, не ўтрымлівае таго, што вам гавораць іншыя, — сказаў містэр Каркер-загадчык, разгараючыся ад самаздаволенасці, — я лічу патрэбным, каб вы гэта пачулі ад асобы, найбольш аўтарытэтнай. — Ён кіўнуў у бок брата. — Спадзяюся, цяпер вы наўрад ці забудзеце гэта. Гэта ўсё, Гэй. Вы вольныя. Можаце ісці.
Уолтэр вышаў і хацеў зачыніць за сабою дзверы, але, пачуўшы зноў галасы братоў, а таксама сваё ўласнае імя, спыніўся ў нерашучасці, трымаючыся за ручку поўадчыненых дзвярэй і не ведаючы, вярнуцца яму ці пайсці. Такім чынам ён мімаволі падслухаў тое, што было далей.
— Калі можаце, думайце аба мне больш спагадліва, Джэймз, — сказаў Джон Каркер, — калі я гавару вам, што ў мяне сэрца ўздрыгнулася, калі я ўбачыў гэтага хлопчыка, Уолтэра Гея. Калі ён першы раз сюды прышоў, я ўбачыў у ім амаль маё другое я.
— Ваша другое я! — з пагардай паўтарыў загадчык.
— Не таго, які я цяпер, але таго, якім я быў, калі таксама першы раз прышоў сюды; такі-ж жыццерадасны, узбаламучаны, юны, неспрактыкаваны, поўны тымі-ж неспакойнымі і смелымі фантазіямі і надзелены тымі-ж якасцямі, якія аднолькава здольны прывесці да дабра або зла.
— Мне здаецца, гэта не так, — сказаў містэр Каркер-загадчык, укладаючы ў гэтыя словы нейкі захаваны і саркастычны[5] сэнс.
— Вы б'еце мяне балюча, — адказваў той такім голасам (ці гэта здалося Уолтэру), нібы нейкая жорсткая зброя сапраўды ўціналася ў яго ў той час, як ён гаварыў. — Усё гэта мне здавалася, калі я прышоў сюды хлопчыкам. Я гэтаму верыў. Для мяне гэта была праўда. Я бачыў, як ён бясклопатна ішоў ля краю нябачнай прорвы, дзе столькі іншых ішлі таксама весела і адкуль…
— Старое апраўданне, — перапыніў брат, мяшаючы вуглі. — Столькі іншых! Прадаўжайце. Скажыце, столькі іншых сарвалася.
— Адкуль сарваўся адзін падарожны, — запярэчыў той, — які рушыў у дарогу, такі самы хлопчык, як і гэты, і ўсё часцей і часцей аступаўся, і патроху ніжэй і ніжэй, і ішоў далей, спатыкаючыся, пакуль імкліва не паляцеў і не апынуўся ўнізе разбітым чалавекам. Падумайце, як я пакутваў, калі сачыў за гэтым хлопчыкам.
— За гэта можаце падзякаваць толькі самому сабе, — адазваўся брат.
— Толькі самому сабе, — уздыхнуўшы, згадзіўся ён. — Я не спрабую падзяліць віну і ганьбу ні з кім. — Вы падзялілі ганьбу, — праз зубы мармытаў Джэймз Каркер.
— Ах, Джэймз, — сказаў брат, упершыню загаварыўшы дакорлівым тонам і, мяркуючы па яго голасу, закрыўшы твар рукамі. — З таго часу я быў для вас найлепшым фонам. Вы спакойна тапталі мяне нагамі, узбіраючыся ўверх. Не адштурхвайце мяне абцасамі!
Надышло маўчанне. Праз некаторы час пачулася, як містэр Каркер-загадчык пачаў перабіраць паперы, нібы хацеў спыніць гэтую гутарку. У той-жа час яго брат адышоў да дзвярэй.
— Гэта ўсё, — сказаў ён. — Я сачыў за ім з такім хваляваннем і такім страхам, што для мяне гэта было караю, пакуль ён не прамінуў таго месца, дзе я першы раз спатыкнуўся. Успомніце маю гісторыю, параўнайце гэта з маладым Уолтэрам Гэем і тымі пачуццямі, якія ён выклікаў у мяне, і, калі можаце, думайце аба мне больш спагадліва, Джэймз.
З гэтымі словамі ён вышаў туды, дзе стаяў Уолтэр. Ён крыху пабляднеў, убачыўшы яго, і зрабіўся яшчэ бляднейшым, калі Уолтэр схапіў яго за руку і сказаў шэптам:
— Містэр Каркер, калі ласка, дазвольце мне падзякаваць вам! Дазвольце мне сказаць, як я вам спачуваю! Як шкадую аб тым, што з'явіўся няшчаснай прычынай усяго, што здарылася!
З тае прычыны, што пакой містэра Морфіна знаходзіўся недалёка і нікога там не было, а дзверы былі расчынены насцеж, яны нібы з агульнай згоды абодвух накіраваліся туды, бо здаралася рэдка, каб хто-небудзь не праходзіў па карыдоры. Калі яны ўвайшлі і Уолтэр убачыў на твары містэра Каркера сляды душэўнага перапалоху, яму здалося, што ён яшчэ ніколі не бачыў гэтага твара, — так моцна ён змяніўся.
— Уолтэр, — сказаў той, кладучы руку яму на плячо, — вялікая адлегласць аддзяляе мяне ад вас, і няхай заўсёды будзе так. Вы ведаеце, што я такое?
— Што вы такое? — здавалася, гатова было сарвацца з языка Уолтэра, калі ён пільна глядзеў на яго.
— Гэта пачалося, — сказаў Каркер, — перад тым, як мне споўнілася дваццаць адзін год; да гэтага ўжо даўно хілілася справа, але пачалося, прыкладна, у той час. Я іх абрабаваў, калі быў дарослым. Я рабаваў іх і пасля. Перш чым мне споўнілася дваццаць два гады, усё адкрылася; і тады, Уолтэр, я памёр для ўсіх. Фірма была вельмі добрай для мяне. Неба няхай узнагародзіць старога за яго спагадлівасць! І гэтага таксама — яго сына, які ў той час толькі ўвайшоў у справы фірмы, дзе я карыстаўся вялікім давер'ем! Мяне выклікалі ў той пакой, які займае цяпер ён, — з таго часу я ні разу туды не хадзіў, — адтуль я вышаў такім, якім вы мяне ведаеце. На працягу многіх гадоў я займаў сучаснае маё месца, адзін, як і цяпер, але тады я служыў прызнаным і наглядным прыкладам для астатніх. Усе яны былі спагадлівы да мяне, і я жыў. З часам змяніўся гэты бок майго горкага выкуплення, і думаю, што цяпер, за выключэннем трох кіраўнікоў фірмы, няма тут нікога, хто-б ведаў сапраўдную маю гісторыю. К таму часу, калі падрасце хлопчык і яму раскажуць яе, мой куток, магчыма, апусцее. Хацеў-бы я, каб так і здарылася! Вось адзіная перамена, якая адбылася са мною з таго дня, калі я ў тым пакоі назаўсёды развітаўся з маладосцю, надзеяй і грамадствам сумленных людзей. Няхай благаславіць вас бог, Уолтэр! Захоўвайце сябе і ўсіх, хто вам дорагі, ад бясчэсця або лепш забіце іх!
Смутныя ўспаміны аб тым, як ён калаціўся з галавы да ног, нібы ў ліхарадцы, і заліўся слязмі, — вось усё, што мог дадаць да гэтага Уолтэр, калі стараўся поўнасцю аднавіць у памяці тое, што адбылося паміж імі.
Калі Уолтэр зноў яго ўбачыў, ён сядзеў, схіліўшыся, над сваёй канторкай, па-ранейшаму маўклівы, паніклы, прыніжаны. Тады, бачачы яго ў часе работы і разумеючы, як цвёрда ён вырашыў спыніць усякія зносіны паміж імі, і абдумваючы зноў і зноў ўсё, што бачыў і чуў у тую раніцу за такі кароткі прамежак часу, у сувязі з гісторыяй абодвух Каркераў, Уолтэр ледзве мог паверыць, што атрымаў загад ехаць у Вест-Індыю і хутка пазбавіцца дзядзькі Соля і капітана Катля і рэдкіх мімалётных сустрэч з Фларэнс Домбі — не, ён меў на ўвазе Поля — і ўсяго, што ён любіў, да чаго меў прывязанасць і аб чым марыў ў сваім штодзённым жыцці.