Домбі і сын/12
← Раздзел ХI. Выступленне Поля на новай сцэне | Раздзел XII. Выхаванне Поля Раман Аўтар: Чарльз Дыкенс 1848 (пераклад 1938) |
Раздзел ХІІІ. Весткі аб гандлёвым флоце і справы ў канторы → |
Праз некалькі хвілін, якія маленькаму Полю Домбі, што сядзеў на стале, здаліся бясконцымі, доктар Блімбер вярнуўся. Паходка доктара Блімбера была велічная і разлічана на тое, каб унушаць юнацкім розумам урачыстыя пачуцці. Гэта было нешта накшталт маршыроўкі; але калі доктар Блімбер выцягваў правую нагу, ён з гонарам паварачваўся вакол сваёй асі, робячы поўабарот налева; а выцягваючы лёвую нагу, ён такім-жа манерам паварачваўся направа.
Місіс Блімбер і міс Блімбер вярнуліся разам з доктарам у пакой, і доктар Блімбер, зняўшы новага вучня са стала, перадаў яго міс Блімбер.
— Карнелія, — сказаў доктар, — першы час Домбі будзе пад вашай апекай. Развівайце, яго, Карнелія, развівайце.
Міс Блімбер прыняла свайго юнага выхаванца з рук доктара і Поль, адчуваючы, што акуляры назіраюць за ім, апусціў вочы.
— Колькі вам гадоў, Домбі? — запыталася міс Блімбер.
— Шэсць, — адказаў Поль, глянуўшы цішком на маладую лэдзі і здзівіўшыся, чаму валасы ў яе не такія доўгія, як у Фларэнс, і чаму яна падобна да хлопчыка.
— Што вы ведаеце з лацінскай граматыкі, Домбі? — запыталася міс Блімбер.
— Нічога, — адказаў Поль. Адчуўшы, што такі адказ наносіць удар адчувальнасці міс Блімбер, ён паглядзеў знізу ўверх на тры твары, якія глядзелі на яго зверху ўніз, і сказаў:
— Я быў нездаровы. Я быў слабым дзіцем. Я не мог вучыць лацінскую граматыку, калі кожны дзень праводзіў на паветры са старым Глабам. Мне-б хацелася, каб вы сказалі старому Глабу прыйсці мяне наведаць, будзьце настолькі ласкавы.
— Якое абураюча вульгарнае імя! — сказала місіс Блімбер. — У вышэйшай ступені не класічнае! Хто гэты страшыдла, дзетка?
— Якое страшыдла? — запытаўся Поль.
— Глаб, — сказала місіс Блімбер з вялікай агідай.
— Яно такое-ж страшыдла, як і вы, — абвясціў Поль.
— Што такое? — страшэнным голасам зароў доктар. — Ай-ай-ай! Ага! Гэта што такое?
Поль вельмі перапалохаўся, але тым не менш пачаў абараняць адсутнага Глаба, хоць пры гэтым увесь дрыжэў.
— Ён вельмі добры стары, пані, — сказаў ён. — Ён вазіў маю калясачку. Ён ведае ўсё пра акіян і пра рыб, якія ў ім вядуцца, і пра велізарных пачвар, якія выпаўзаюць на скалы і грэюцца на сонцы і зноў ныраюць у ваду, калі іх спудзіць, і так сапуць і плёскаюць, што чуваць яны за шмат міль. Ёсць там жывёлы, — прадаўжаў Поль, захапляючыся сваім расказам, — не ведаю, колькі ярдаў[1] у даўжыню, і забыўся, як яны называюцца, але Фларэнс гэта ведае, якія прытвараюцца, нібы ім пагражае бяда, а калі чалавек з жаласці набліжаецца да іх, яны разяўляюць вялізныя свае пашчы і нападаюць на яго. Але ўсё, што яму трэба рабіць, — прадаўжаў Поль, адважна паведамляючы гэтыя весткі самому доктару, — гэта зварачваць на бягу то ў той, то ў другі бок, і тады ён абавязкова ад іх уцячэ, таму што яны такія доўгія і паварачваюцца марудна. І хоць стары Глаб не ведае, чаму мора прымушае мяне думаць аб маёй маме, якая памерла, і аб чым гэта яно заўсёды гаворыць — заўсёды гаворыць! — але ўсё-такі ён ведае пра яго вельмі многа. І я хацеў-бы, — закончыла дзіця, якое раптам засмуцілася і забылася пра сваё ажыўленне, разгублена паглядзеўшы на тры незнаёмыя твары, — каб вы дазволілі старому Глабу прыходзіць сюды да мяне, таму што я яго вельмі добра ведаю і ён мяне ведае.
— Так! — сказаў доктар, ківаючы галавой. — Гэта кепска, але навука сваю справу зробіць.
Місіс Блімбер з некаторым уздрыганнем выказала думку, што ён няўцямнае дзіця, і, прымаючы пад увагу непадабенства асоб, паглядзела на яго амаль таксама, як бывала глядзела місіс Піпчын.
— Прайдзіцеся з ім па ўсяму дому, Карнелія сказаў доктар, — і пазнаёмце яго з новым акружэннем. Ідзіце з гэтай маладой лэдзі, Домбі.
Домбі паслухаўся, працягнуў руку загадкавай Карнеліі і паглядаючы на яе коса з нясмелай цікаўнасцю, калі яны разам вышлі, бо акуляры з пабліскваючымі шкламі рабілі яе такой таямнічай, што ён не ведаў, куды яна глядзіць, і, па сутнасці, быў не зусім упэўнены ў тым, што за імі ёсць у яе вочы. Карнелія павяла яго перш за ўсё ў класны пакой, уваход у які быў проста з вестыбюля і які злучаўся з вестыбюлем абітым байкай падвойнымі дзвярыма, заглушаўшымі галасы маладых джэнтльменаў. Тут было восем маладых джэнтльменаў у розных стадыях разумовай стомленасці, якія вельмі старанна працавалі і былі вельмі сур’ёзнымі. Тутс, як старшы, сядзеў за асобным пюпітрам у кутку, і юнаму Полю ён здаўся бязмерна дарослым і незвычайным мужчынам.
Містэр Фідэр, бакалаўр мастацтваў, які сядзеў за другім маленькім пюпітрам, зацягнуў свайго Віргілія і павольна наігрываў гэтую мелодыю чатыром маладым джэнтльменам. З астатніх чатырох двое, сударгава сціснуўшы галаву, займаліся рашэннем матэматычных задач; адзін, у якога ад доўгага плачу твар быў падобен да бруднага акна, рабіў намаганне асіліць да абеду безнадзейную колькасць радкоў, а другі сядзеў за сваім урокам у каменнай здрантвеласці і роспачы, якія апанавалі яго, як відаць, ад самага снедання.
З’яўленне новага хлопчыка не выклікала той сенсацыі, якой можна было чакаць. Містэр Фідэр, бакалаўр мастацтваў (у якога была прывычка брыць для прахалоды галаву, так што на ёй нічога не аставалася, апрача кароткай шчаціны), працягнуў яму кастлявую руку і сказаў, што рад яго бачыць. Пасля Поль, па прадпісанню Карнеліі, паціснуў руку чатыром маладым джэнтльменам ля пюпітра містэра Фідэра; пасля карпеўшым над задачай двум маладым джэнтльменам, якія былі вельмі ўзбуджаны, пасля карпеўшаму над тэрміновай работай маладому джэнтльмену, які быў увесь у чарніле, і нарэшце, маладому адрантвеламу джэнтльмену, які быў вялым і зусім халодным.
З прычыны таго, што Поль быў ужо пазнаёмлены з Тутсам, то гэты выхаванец па свайму звычаю толькі хіхікаў і засопся і далей займаўся сваёй справай. Яна была не цяжкай, бо, з прычыны таго, што ён перастаў квітнець на зары жыцця, Тутсу было цяпер дазволена праходзіць свой уласны курс навучання, які заключаўся галоўным чынам у пісанні самому сабе ад імя выдатных асоб доўгіх пісем, адрасаваных «П. Тутсу, эсквайру[2], «Брайтон, Сасекс», і ў клапатлівым захоўванні іх у пюпітры.
Па сканчэнні гэтай цырамоніі Карнелія павяла Поля ў верхні паверх дома; гэта было досыць маруднае падарожжа, з прычыны таго, што Полю даводзілася ставіць абедзве нагі на кожную ступеньку, перш чым падняцца на наступную. Але нарэшце яны дасягнулі мэты свайго падарожжа; і там, у пакоі, што выходзіў вокнамі на бурнае мора, Карнелія паказала яму прыгожанькі ложачак з белымі фіранкамі, які стаяў ля акна і над якім на таблічцы ўжо было напісана прыгожым, круглым почыркам — ніжняя частка літар вельмі тоўста, верхняя — вельмі тонка — «ДОМБІ», у той час як над двума другімі ложкамі ў тым-жа пакоі было напісана такім самым чынам аб тым, што яны належаць Брыгсу і Тозеру.
Як толькі яны зноў спусціліся ў вестыбюль, Поль убачыў, што падслепаваты малады чалавек, які прычыніў смяротную крыўду місіс Піпчын, раптам схапіў вельмі вялікую барабанную, палку і накінуўся на гонг[3], што вісеў тут, нібы звар’яцеў або прагнуў помсты. Аднак, замест таго, каб быць зволеным або пасаджаным зараз-жа пад стражу, малады чалавек, які ўтварыў страшэнны шум, зусім не быў пакараны. Тады Карнелія Блімбер сказала Домбі, што абед будзе паданы праз чвэртку гадзіны, і прапанавала яму прайсці ў класны пакой, да сваіх «сяброў».
Такім чынам, Домбі, пачціва прайшоўшы міма вялікага гадзінніка, які па-ранейшаму гарэў жаданнем даведацца, як ён маецца, ледзь-ледзь прыадчыніў дзверы класнай, вышмыгнуў у іх, нібы дзіця, якое заблудзілася, і не без цяжкасці зачыніў іх за сабою. Усе яго сябры сланяліся па пакоі, за выключэннем акамянелага сябра, які аставаўся нерухомым. Містэр Фідэр пацягваўся ў сваёй шэрай мантыі, нібы, не клапоцячыся аб страце, парашыў вырваць рукавы.
— Хей-хо-хо-хаа! — усклікнуў містэр Фідэр, устрасаючыся, як ламавы конь. — Ах, божа мой! Божа мой! А-а-а!
Поль нават спалохаўся ад пазяхання містэра Фідэра: гэта было зроблена ў такім гіганцкім маштабе і з такой устрашальнай сур’ёзнасцю. Усе хлопчыкі (за выключэннем Тутса) здаваліся змучанымі і рыхтаваліся да абеду — адны перавязвалі нанова гальштукі, надзвычай тугія, а другія мылі рукі або прыгладжвалі валасы ў сумежнай прахожай, — нібы не чакалі ад яго ніякай прыемнасці.
Малады Тутс быў ужо гатовы, і з тае прычыны, што яму не было чаго рабіць і аставаўся час, які ён мог улучыць Полю, ён сказаў з няўклюжым добрадушшам:
— Садзіцеся, Домбі.
— Дзякую вам, сэр, — сказаў Поль.
Ён паспрабаваў ускарабкацца на вельмі высокі падаконнік, але ссоўваўся з яго ўніз, і гэта, відаць, падрыхтавала розум Тутса да адкрыцця.
— Вы надта маленькі хлопчык, — сказаў містэр Тутс.
— Так сэр, я маленькі, — адказаў Поль. — Дзякую вам, сэр.
Таму што Тутс падняў і пасадзіў яго і да таго-ж зрабіў гэта ласкава. — Хто ваш кравец? — запытаўся Тутс, паглядзеўшы на яго некалькі секунд.
— Да гэтага часу маю вопратку шыла жанчына, — сказаў Поль. — Краўчыха маёй сястры.
— Мой кравец — Берджэс і кампанія, — сказаў Тутс. — Модны, але вельмі дарагі.
У Поля хапіла розуму паківаць галавой, нібы ён хацеў сказаць, што заўважыць гэта няцяжка; ды ён і сапраўды так думаў.
— Ваш бацька вельмі багаты, хіба не праўда? — запытаўся містэр Тутс.
— Так, сэр, — сказаў Поль. — Ён Домбі і Сын.
— І хто? — запытаўся Тутс.
— І Сын, сэр, — адказаў Поль.
Містэр Тутс шэптам зрабіў дзве-тры спробы запамятаць назву фірмы, але, не маючы поспеху ў гэтым, сказаў, што папросіць Поля паўтарыць прозвішча яшчэ раз заўтра раніцой, бо гэта мае значэнне. І сапраўды, ён збіраўся не больш, не менш, як напісаць зараз-жа самому сабе прыватнае і канфідэнцыяльнае пісьмо ад Домбі і Сына.
Да таго часу Поля акружылі астатнія вучні (па-ранейшаму за выключэннем акамянелага хлопчыка). Яны былі ветлівыя, але бледныя, гутарылі ціха і былі так прыгнечаны, што, у параўнанні з настроем гэтай кампаніі, майстар Байтэрстон быў сапраўдным Мілерам[4], або «Поўным зборам жартаў». А між тым і над ім, над Байтэрстонам, таксама навісала ўсведамленне крыўды.
— Вы спіце са мною ў адным пакоі? — запытаўся паважны малады джэнтльмен у каўнерыку, які падпіраў мякушкі яго вушэй.
— Майстар Брыгс? — запытаўся Поль.
— Тозер, — сказаў малады джэнтльмен.
Поль адказаў сцвярджальна, а Тозер, паказваючы на акамянелага вучня, сказаў, што гэта Брыгс. Поль, сам не ведаючы чаму, быў амаль упэўнены ў тым, што гэта або Брыгс, або Тозер.
— У вас здароўе добрае? — запытаўся Тозер.
Поль сказаў, што ён гэтага не думае. Тозер заўважыў, што і ён гэтага не думае, мяркуючы па выгляду Поля, і што гэта вельмі дрэнна, бо яно спатрэбіцца. Пасля ён запытаўся ў Поля, ці патрэбна будзе яму пачаць вучэнне з Карнеліяй, а калі Поль адказаў сцвярджальна, усе маладыя джэнтльмены (за выключэннем Брыгса) ціха застагналі.
Гэты стогн патануў у звоне гонга, які зноў шалёна загрымеў, пасля чаго ўсе рушылі ў сталовую, зноў-такі за выключэннем Брыгса, акамянелага хлопчыка, які астаўся на ранейшым месцы і ў ранейшым становішчы, Поль заўважыў, што яму падалі лусту хлеба, элегантна сервіраваную на талерцы з сурвэткай і срэбным відэльцам, што ляжаў, упоперак лусты.
Доктар Блімбер ужо сядзеў на сваім месцы ў сталовай як гаспадар, міс Блімбер з аднаго боку ад яго і місіс Блімбер — з другога. Містэр Фідэр у чорным фраку сядзеў, у другім канцы стала. Крэсла Поля стаяла побач з міс Блімбер, але калі ён на яго сеў, то выявілася, што бровы яго прыходзяцца амаль на ўзроўні абруса, пасля чаго былі прынесены з кабінета доктара некалькі кніг, на якія пасадзілі Поля і на якіх ён з таго часу заўсёды сядзеў; пазней ён сам прыносіў і адносіў іх, нагадваючы маленькага слана з башанькай.
Доктар прачытаў малітву, і абед пачаўся. На абед быў паданы смачны суп, а пасля жаркое, вараная ялавічына, гародніна, пірог і сыр. Перад кожным маладым джэнтльменам ляжала масіўная срэбная лыжка і сурвэтка, і ўся сервіроўка была ўнушальная і далікатная. Асабліва звяртаў на сябе ўвагу дварэцкі ў сінім фраку з бліскучымі гузікамі, які проста-такі надаваў вінны арамат лёгкаму піву — так велічна ён яго разліваў.
Ніхто не размаўляў, калі да яго не звярталіся, за выключэннем доктара Блімбера, місіс Блімбер і міс Блімбер, якія часамі вялі гутарку. Усякі раз, калі ўвага маладых джэнтльменаў не была занятай нажом, відэльцам або лыжкай, позіркі іх, падпарадкуючыся непераможнай сіле прыцяжэння, шукалі позіркаў доктара Блімбера, місіс Блімбер або міс Блімбер і скромна прыкоўваліся да іх. Тутс, відаць, быў адзіным выключэннем з гэтага правіла. Ён сядзеў каля містэра Фідэра з таго боку стала, што і Поль, і часта адкідваўся назад або нахіляўся ўперад, каб паглядзець на Поля, заслоненага хлопчыкамі, што сядзелі паміж імі.
Адзін толькі раз пачалася ў часе абеду гутарка, якая мела адносіны да маладых джэнтльменаў. Гэта здарылася як елі сыр, калі доктар, выпіўшы шклянку партвейна і двойчы або тройчы адкашляўшыся, пачаў:
— Цудоўна, містэр Фідэр, што рымляне…
Пры ўспамінанні аб гэтым жахлівым народзе, страшэнным іх ворагу, усе маладыя джэнтльмены скіравалі позіркі на доктара з выглядам, вельмі зацікаўленым. Адзін з іх, які якраз у гэты час піў і які злавіў на сабе праз шклянку пільны позірк доктара, адарваўся ад шклянкі з такой паспешнасцю, што на працягу некалькіх секунд корчыўся ў сударгах і нарэшце перапыніў гутарку доктара Блімбера.
— Цудоўна, містэр Фідэр, — сказаў доктар, павольна пачынаючы спачатку, — што рымляне ў часе гэтых пышных і багатых піроў у эпоху імператараў, аб якіх мы чытаем, калі раскоша дасягала межаў, нябачаных датуль і з таго часу, і калі цэлыя вобласці спусташаліся з мэтай здабыць велізарныя сродкі для аднаго імператарскага піру…
Тут парушальнік парадку, які раздуваўся, напружваўся і дарэмна чакаў кропкі, нястрымна ўзарваўся.
— Джансон, — сказаў містэр Фідэр ціхім, дакорлівым голасам, — выпіце вады.
Доктар з вельмі суровым выглядам вытрымаў паузу, пакуль не прынеслі вады, а пасля прадаўжаў:
— І калі, містэр Фідэр…
Але містэр Фідэр, які бачыў, што Джансон гатоў зноў ўзарвацца, і ведаў, што доктар у прысутнасці маладых джэнтльменаў ніколі не паставіць кропкі, перш чым не выкажа ўсё, што збіраецца сказаць, не мог адарваць вачэй ад Джансона і такім чынам папаўся на тым, што не глядзіць на доктара, які спыніў з прычыны гэтага сваю прамову.
— Прашу прабачэння, сэр, — чырванеючы, сказаў містэр Фідэр. — Прашу прабачэння, доктар Блімбер.
— І калі сэр, — прадаўжаў доктар, павысіўшы голас, — як мы чытаем і чаму не маем падстаў не верыць — як-бы гэта ні здавалася неверагодным невукам нашага века, — калі брат Вітэлія наладзіў для яго пір, на якім было падана дзве тысячы рыбных страў…
— Выпіце вады, Джансон… Страў, сэр, — паўтарыў містэр Фідэр.
— Рознастайных відаў птушкі пяць тысяч страў…
— Або паспрабуйце ўзяць скарыначку хлеба, — сказаў містэр Фідэр.
— І адна страва, — прадаўжаў доктар Блімбер, зноў павышаючы голас і аглядаючы стол, — названая, з прычыны грандыёзных яе памераў, Шчытом Мінервы і прыгатаваная (не гаворачы ўжо аб іншых дарагіх прадуктах) з мазгоў фазана:
— Кхы, кхы, кхы! (Джансон).
— Вальдшнепаў…
— Кхы, кхы, кхы!
— З плавальных пухіроў рыбы, якая называецца скарус…
— У вас якая-небудзь жыла на галаве лопне, — сказаў містэр Фідэр. — Лепш не стрымлівайцеся.
— І з ікры міногі, — прадаўжаў доктар самым грозным тонам.- Калі мы чытаем пра такія дарагія піры, як гэты, і не забываемся аб тым, што ёсць яшчэ Тіт…
— Як давядзецца вашай матцы, калі вы памрэце ад удару! — сказаў містэр Фідэр.
— Даміцыян…
— Вы, ведаеце, пасінелі, — сказаў містэр Фідэр.
— Нерон, Тыберый, Калігула, Геліогабал[5] і шмат якія іншыя, — прадаўжаў доктар, — то гэта, містэр Фідэр, калі я заслугоўваю вашу ўвагу, выдатна, у вышэйшай ступені выдатна, сэр…
Але Джансон, не маючы магчымасці больш стрымлівацца, так моцна закашляўся ў гэты момант, хоць абодва бліжэйшыя суседы пачалі стукаць яму па спіне, містэр Фідэр уласнаручна паднёс да яго губ шклянку вады, а дварэцкі прымусіў яго некалькі разоў прамаршыраваць паміж крэслам і буфетам, накшталт часавога, што прайшло добрых пяць хвілін, перш чым ён больш або менш апамятаўся, і тады запанавала глыбокае маўчанне.
— Джэнтльмены, — сказаў доктар Блімбер, — станьце на малітву. Карнелія, зніміце Домбі. — Пасля гэтага над абрусам відаць былі толькі яго валасы. — Заўтра перад снеданнем Джансон прачытае мне напамяць з грэчаскага Новага завета першы раздзел «Паслання апостала Паўла да ефесян». Містэр Фідэр, мы адновім нашы заняткі праз поўгадзіны.
Маладыя джэнтльмены пакланіліся і вышлі. Містэр Фідэр зрабіў тое-ж самае. На працягу поўгадзіны маладыя джэнтльмены, падзяліўшыся на пары, прагульваліся падручкі па маленькай пляцоўцы за домам або спрабавалі раздуць іскру ажыўлення ў грудзях Брыгса. Але нічога вульгарнага, накшталт гульняў, не было і ў паміне. Роўна ў вызначаную гадзіну прагучаў гонг і заняткі аднавіліся пры добрадзейным удзеле як доктара Блімбера, так і містэра Фідэра.
З тае прычыны што гульні, якія заключаліся ў хаджэнні ўзад і ўперад, былі ў той дзень скарочаны з-за Джансона, усе накіраваліся на прагулку перад чаем. Нават Брыгс (хоць ён яшчэ, не прыступіў да работы) удзельнічаў у гэтай забаве, цешачыся якой ён разы два-тры змрочна паглядзеў уніз з вяршыні ўцёса. Доктар Блімбер ішоў за імі, і Поль заслужыў гонар быць узятым на буксір самім доктарам — пачэснае становішча, у якім ён здаваўся вельмі маленькім і слабым.
Чай быў сервіраван не менш утончана, чым абед, а пасля чаю маладыя джэнтльмены, устаўшы і пакланіўшыся, як і раней, пайшлі, каб вярнуцца да незакончаных урокаў сёнешняга дня або ўзяцца за надыходзячыя ўрокі заўтрашняга дня. Тым часам містэр Фідэр пайшоў у свой пакой, а Поль усеўся ў куток, разважаючы аб тым, ці думае пра яго Фларэнс і што яны там робяць у місіс Піпчын.
Праз некаторы час містэр Тутс, якога затрымала важнае пісьмо ад герцага Уэлінгтона, адшукаў Поля; ён доўга глядзеў на яго, як і раней, а пасля запытаўся, ці любіць ён жылеты.
Поль сказаў:
— Так, сэр.
— Я таксама, — сказаў Тутс.
Больш ні слова не сказаў у той вечар Тутс; ён толькі стаяў, пазіраючы на Поля, нібы Поль яму падабаўся.
Гадзін у восем зноў загучэў гонг, заклікаючы на малітву ў сталовай, дзе пасля дварэцкі распараджаўся за сталом, што стаяў ля сцяны, на якім былі хлеб, сыр і піва для тых маладых джэнтльменаў, хто не супраць быў падмацавацца. Цырамонія закончылася словамі доктара: «Джэнтльмены, мы адновім нашы заняткі заўтра ў сем гадзін», і тады Поль упершыню ўбачыў вочы Карнеліі Блімбер і ўбачыў, што яны скіраваны на яго. Калі доктар праказаў гэтыя словы: «Джэнтльмены, мы адновім нашы заняткі ў сем гадзін», вучні зноў пакланіліся і пайшлі спаць.
У адзінотным іх пакоі наверсе Брыгс сказаў, што галава ў яго трашчыць ад болю і што ён хацеў-бы памерці, каб не было ў яго маткі і чорнага дразда, які астаўся дома. Тозер гаварыў мала, але ўздыхаў шмат і параіў Полю быць напагатове, таму што заўтра чарга дойдзе да яго. Сказаўшы гэтыя прароцкія словы, ён панура распрануўся і лёг у пасцель. Брыгс ужо ляжаў у сваёй пасцелі, а Поль у сваёй, калі з'явіўся падслепаваты малады чалавек, каб забраць свечку, і пажадаў ім спакойнай ночы, а таксама бачыць прыемныя сны. Але добрыя яго пажаданні былі дарэмнымі, паколькі прызначаліся Брыгсу і Тозеру, бо Поль, які доўга не мог заснуць, а пасля часта прачынаўся, чуў, што Брыгса ўрок мучыць, як кашмар, і што Тозер, які пакутваў у сне па той-жа прычыне, але ў меншай ступені, гаворыць на невядомых мовах, ні то па-грэчаску, ні то па-латыні, — што для Поля было ўсёроўна, — ў цішыні ночы гэта здавалася незвычайна паганым і злачынным.
Поль соладка заснуў, і яму снілася, што ён гуляе падручкі з Фларэнс па прыгожых садах і яны падыходзяць да вялікага сланечніка, які раптам ператвараецца ў гонг і пачынае гудзець. Расплюшчыўшы вочы, ён убачыў, што раніца хмурная, ветраная, імжыць дождж, а ўнізе, у вестыбюлі, сапраўдны гонг грозна паведамаяе, што пара брацца за ўрокі.
Таму ён адразу-ж усхапіўся і ўбачыў, што Брыгс з заплыўшымі вачыма, бо твар яго распух ад кашмара і гора, надзяе чаравікі, а Тозер стаіць, дрыжачы і расціраючы сабе плечы, у вельмі дрэнным настроі. Беднаму Полю з непрывычкі цяжка было апранацца самому, і ён папрасіў іх, ці не будуць яны так ласкавы і не завяжуць яму шнуркі, але таму што Брыгс сказаў толькі: «Вось надакучыў!», а Тозер, «О, так!», ён, сяк-так апрануўшыся, спусціўся паверхам ніжэй, дзе ўбачыў мілавідную маладую жанчыну ў скураных пальчатках, якая чысціла печку. Маладая жанчына нібы здзівілася, заўважыўшы яго, і запыталася, дзе яго матка. Калі Поль сказаў, што яна памерла, яна зняла пальчаткі і зрабіла тое, аб чым ён прасіў, а пасля расцерла яму рукі, каб сагрэць іх, пацалавала яго і сказала, што ўсякі раз, калі яму што-небудзь накшталт гэтага спатрэбіцца — маючы на ўвазе яго туалет, — няхай пакліча Мілію, на што Поль, горача падзякаваўшы ёй, адказваў, што абавязкова так і зробіць. Затым ён прадаўжаў сваё падарожжа ўніз, накіроўваючыся ў той пакой, дзе маладыя джэнтльмены аднавілі свае заняткі, як раптам праходзячы міма поўадчыненых дзвярэй, пачуў голас: «Гэта Домбі?», на што Поль адказаў: «Так, паненка», бо пазнаў голас міс Блімбер. Міс Блімбер сказала: «Зайдзіце, Домбі». І Поль зайшоў.
Выгляд у міс Блімбер быў такі самы, як і ўчора, з тою толькі розніцаю, што на ёй быў шаль. Яе кароткія светлыя валасы ўсё таксама кучаравіліся, і яна была ўжо ў акулярах, што прымусіла Поля задумацца, ці не кладзецца яна ў іх спаць. У яе ўласным распараджэнні была халодная маленькая гасціная, дзе былі кнігі і не было каміна. Але міс Блімбер ніколі не было холадна і ніколі не хацелася спаць!
— Зараз, Домбі! — сказала міс Блімбер, — я выйду прагуляцца — мне патрэбен мацыён[6].
Поль падзівіўся, што-б гэта магло здарыцца і чаму ў такое дрэннае надвор'е яна не пашле па гэта лакея. Але ён не зрабіў з гэтай прычыны ніякіх заўваг, бо ўвага яго была сканцэнтравана на невялікім стосіку кніг, якія міс Блімбер, відаць, толькі што праглядала.
— Гэта вашы кнігі, Домбі, — сказала міс Блімбер.
— Усе, паненка? — запытаўся Поль.
— Так, — адказала міс Блімбер, — і ў бліжэйшы час містэр Фідэр падшукае для вас яшчэ некалькі, калі вы будзеце такім старанным, якім я спадзяюся вас бачыць, Домбі.
— Дзякую вам, паненка, — сказаў Поль.
— Я пайду прагуляцца для мацыёна, — прадаўжала міс Блімбер, — а пакуль мяне не будзе, інакш кажучы — да снедання, Домбі, я хачу, каб вы прачыталі што я адзначыла ў гэтых кнігах, і сказалі мне, ці зусім зразумела вам тое, што вы павінны вывучыць. Не марудзьце, Домбі, бо часу ў вас мала, вазьміце іх з сабою ўніз і адразу-ж пачынайце.
— Так, паненка, — адказаў Поль.
Іх было столькі, што хоць Поль паклаў адну руку пад ніжнюю кнігу, а другую руку і падбародак на верхнюю і моцна сціснуў іх у сваіх абдымках, сярэдняя кніга выслізнула, перш чым ён дайшоў да дзвярэй, а пасля і ўсе астатнія пасыпаліся на падлогу. Міс Блімбер сказала: «О, Домбі, Домбі, дапраўды-ж, гэта вельмі неахайна!» і зноў склала іх для яго ў стосік; на гэты раз, умела трымаючы іх у роўнавазе, Поль выбраўся з пакоя і спусціўся з некалькіх ступенек, дзе зноў выпусціў дзве кнігі. Але астатнія ён трымаў так моцна, што згубіў толькі адну на другім паверсе і адну ў карыдоры, і, данёсшы рэшту ў класны пакой, зноў пайшоў наверх падбіраць астатнія. Сабраўшы, нарэшце, усю бібліятэку і ўскарабкаўшыся на сваё месца, ён узяўся за работу, заахвочаны заўвагай Тозера, які выказаўся ў тым сэнсе, што «цяпер за яго ўзяліся»; больш ніхто не перашкаджаў яму да снедання. У часе снедання, за якое ён узяўся без усякага апетыту, усё было таксама ўрачыста і прыемна, як і ў часе ранейшых; пасля снедання ён пайшоў за міс Блімбер наверх.
— Ну-с, Домбі, — сказала міс Блімбер, — што вы здабылі з гэтых кніг?
Сярод іх было некалькі англійскіх і вельмі шмат лацінскіх; у іх ён знайшоў назву прадметаў, скланенне членаў і назоўнікаў, адпаведныя практыкаванні і пачатковыя правілы, крыху аб правапісе, погляд на старажытную гісторыю, дзве-тры заўвагі аб новай, некалькі прыкладаў з табліцы множання, дзве-тры меры вагі і сякія-такія агульныя звесткі. Калі небарака Поль прачытаў па складах нумар другі, ён выявіў, што нічога не ведае аб нумары першым, урыўкі якога пазней уварваліся ў нумар трэці, які прашмыгнуў у нумар чацверты, што прырос да нумара другога.
— О, Домбі, Домбі! — сказала міс Блімбер. — Гэта вельмі дрэнна.
— Прабачце, — сказаў Поль, — мне здаецца, калі-б я мог калі-нікалі размаўляць са старым Глабам, справа пайшла-б У мяне лепш.
— Глупства, Домбі! — сказала міс Блімбер. — Пра гэта я і чуць не хачу. Тут не месца для Глабаў. Мне здаецца, Домбі, вы павінны браць гэтыя кнігі ўніз па адной, спачатку засвоіць вызначаную на сёння частку прадмета «А», а пасля ўжо брацца за прадмет «Б». Цяпер, Домбі, вазьміце, калі ласка, верхнюю кнігу і прыходзьце, калі засвоіце ўрок.
Міс Блімбер выказала сваю думку па пытанню аб невуцтве Поля з хмурым здавальненнем, нібы чакала такога выніку і радавалася, што паміж імі будуць сталыя зносіны. Поль пайшоў з верхняй кнігай, як было яму загадана, і, зышоўшы ўніз, узяўся яе вывучаць; то ён памятаў кожнае слова, то забываўся ўрок ад пачатку да канца, а ў дадатак усё астатняе, пакуль, нарэшце, не асмеліўся падняцца зноў наверх, каб адказаць урок, які ледзь было не выскачыў у яго з галавы, перш чым, ён паспеў пачаць, бо міс Блімбер закрыла кнігу і сказала: «Прадаўжайце, Домбі!»; учынак гэты так яскрава паказваў на маючыяся ў міс Блімбер веды, што Поль паглядзеў на маладую лэдзі ў жаху.
Тым не менш ён справіўся са сваёй задачай вельмі добра, і міс Блімбер, пахваліўшы яго за тое, што ён кемлівы і ёсць надзея на хуткае развіццё, адразу-ж забяспечыла яго прадметам «Б», пасля якога ён яшчэ да абеду перайшоў да «В» і нават да «Г». Цяжкая была справа аднавіць заняткі хутка пасля абеду, і ён адчуваў сябе дрэнна, кружылася галава, спаць хацелася і быў стомлены. Але — калі толькі ёсць у гэтым якое-небудзь уцяшэнне — усе іншыя маладыя джэнтльмены таксама дрэнна сябе адчувалі і таксама былі прымушаны аднавіць заняткі. Дзіўна, што вялікі гадзіннік у вестыбюлі, замест таго, каб паўтараць сваё першае пытанне, ніколі не агалашаў: «Джэнтльмены, цяпер мы адновім нашы заняткі», хоць гэтая фраза паўтаралася досыць часта па суседству з імі.
Пасля чаю пры свечках узяліся за пісьмовыя практыкаванні і падрыхтаванне ўрокаў на заўтрашні дзень і ў вызначаную гадзіну ляглі ў пасцель, дзе чакаў адпачынак і прыемнае забыццё, калі-б толькі аднаўленне заняткаў не ўрывалася і ў сны.
О, суботы! Шчаслівыя суботы, калі Фларэнс прыходзіла ў поўдзень і нізавошта не хацела астацца дома, якое ні было-б надвор'е, хоць місіс Піпчын злавала, бурчэла і люта яе мучыла.
Нават нядзельныя вечары — пакутлівыя нядзельныя вечары, чый цень засмучаў першыя проблескі світання ў нядзельныя раніцы, — не маглі сапсаваць гэтых цудоўных субот. Ці то быў марскі бераг, дзе яны сядзелі і гулялі разам, ці сумны задні пакой у місіс Піпчын, дзе Фларэнс ціха напявала яму, у той час як яго сонная галава ляжала ў яе на плячы, Полю было ўсёроўна. З ім была Фларэнс. Больш ён ні аб чым не думаў. Таму ў нядзельныя вечары, калі змрочныя дзверы доктара расчыняліся, каб зноў паглынуць яго на тыдзень, надыходзіла хвіліна развітання з Фларэнс — больш ні з кім.
Міс Уікем была адаслана дадому, у Лондан, і прыехала міс Ніпер, цяпер бойкая маладая жанчына. Шмат паядынкаў з місіс Піпчын вытрымала міс Ніпер; і калі хоць раз у сваім жыцці місіс Піпчын знайшла каго-небудзь, роўнага сабе, дык гэта ў сучасны момант. Міс Ніпер уступіла ў бой з першай-жа раніцы, калі прачнулася ў доме місіс Піпчын. Яна не прасіла і не давала літасці. Яна сказала: быць вайне, і пачалася вайна; і з таго, часу місіс Піпчын жыла пад пагрозай раптоўных нападаў, вылазак, наскокаў і бязладных атак, якія абрушваліся на яе з карыдора нават у бясклопатную гадзіну адбіўных катлет і атручвалі ёй тосты.
Неяк у нядзельны вечар, калі міс Ніпер з Фларэнс, правёўшы Поля да доктара, вярнуліся дадому, Фларэнс дастала з-за карсажа шматок паперы, на якім ёю было запісана алоўкам некалькі слоў.
— Глядзіце, С'юзен, — сказала яна, — вось назвы тых кніжак, якія Поль прыносіць сюды, каб пісаць гэтыя доўгія практыкаванні, калі ён такі стомлены. Я іх спісала ўчора ўвечары, пакуль ён працаваў.
— Калі ласка, не паказвайце мне, міс Флой, — запярэчыла Ніпер, — мне таксама хочацца глядзець на іх, як і на місіс Піпчын.
— Я хачу, каб заўтра раніцой вы іх купілі для мяне, С'юзен, будзьце настолькі ласкавы. Грошай у мяне хопіць, — сказала Фларэнс.
— Божа-ж мой, міс Флой, — адазвалася міс Ніпер, — як гэта вы можаце гаварыць такія рэчы, калі кніг у вас і без таго ўжо горы, а настаўнікі і настаўніцы заўсёды навучаюць вас усякай усячыне, хоць я ўпэўнена, што ваш татуля, містэр Домбі, ніколі і нічому не пачаў-бы вас навучаць, ніколі і не падумаў-бы аб гэтым, калі-б вы яго не папрасілі, а тады ўжо, зразумела, ён не мог адмовіць; але згадзіцца, калі просяць, і самому прапанаваць, калі не просяць, міс, — дзве рэчы розныя.
— Але вы можаце купіць для мяне гэтыя кнігі, С'юзен, і вы іх купіце, калі даведаецеся, што яны мне патрэбны.
— Ну, а навошта яны вам патрэбны, міс? — запыталася Ніпер і дадала, знізіўшы голас: — Калі для таго, каб шпурнуць іх у галаву місіс Піпчын, я гатова купіць цэлы воз.
— Мне здаецца, С'юзен, я магла-б, бадай, дапамагчы Полю, калі-б у мяне былі гэтыя кнігі, — сказала Фларэнс, — і зрабіць для яго наступную нядзелю крышачку лягчэйшай. Ва ўсякім выпадку я хачу паспрабаваць. Купіце-ж іх для мяне, дарагая, я ніколі не забудуся, як міла было з вашага боку выканаць маю просьбу.
Трэба было мець сэрца больш чорствае, чым у С'юзен Ніпер, каб адвярнуцца ад маленькага партманеціка, які працягнула ёй з гэтымі словамі Фларэнс, і пяшчотнага ўпрашаючага позірку, які суправаджаў гэтую просьбу. С'юзен моўчкі сунула партманецік у кішэню і адразу-ж пабегла выконваць даручэнне.
Знайсці кнігі было нялёгка; у крамах ёй гаварылі, што яны толькі што распраданы ці што іх і не было, або што была вялікая партыя ў мінулым месяцы, або што вялікая партыя чакаецца ў наступным тыдні. Але С'юзен цяжка было збіць з панталыку ў падобным выпадку; і пераканаўшы белавалосага юнака ў чорным калянкоравым фартуху, які працаваў у бібліятэцы, дзе яе ведалі, прыняць удзел у пошуках, яна да таго замучыла яго хадзьбой узад і ўперад, што ён прыклаў усе намаганні, каб толькі ад яе пазбавіцца, і ўрэшце дапамог ёй вярнуцца дадому з трыумфам.
Над гэтым скарбам Фларэнс сядзела вечарамі, пасля сканчэння сваіх уласных штодзённых урокаў, ідучы за Полем па цярністых сцежках навукі; ад прыроды кемлівая і здольная, кіруемая цудоўнейшым з настаўнікаў — любоўю, яна неўзабаве дагнала Поля, зраўнялася з ім і перагнала яго.
Ні слова не было аб гэтым сказана місіс Піпчын; але па начах, калі ўсе спалі, калі міс Ніпер у папільётках, задрамаўшы ў нязручнай позе, спала, седзячы каля Фларэнс, і калі попел у каміне быў халодным і шэрым, і калі свечкі дагаралі і аплывалі, Фларэнс так упарта старалася замяніць нейкага маленькага Домбі, што яе рашучасць і настойлівасць, бадай, маглі-б заваяваць для яе права самой насіць гэта прозвішча.
І вялікая была яе ўзнагарода, калі неяк у суботні вечар Поль сабраўся, як заўсёды, аднавіць свае заняткі, а яна падсела да яго і паказала, якім чынам усё, што было такім цяжкім, робіцца лёгкім, і ўсё, што было такім туманным, робіцца ясным і простым. Нічога асаблівага не было — толькі здзіўленне на завяўшым твары Поля… успыхнуўшы румянец… усмешка… а пасля моцныя абдымкі, але богу вядома, як затрапятала яе сэрца ад гэтай шчодрай узнагароды за працу.
— О, Флой! — усклікнуў брат. — Як я люблю вас! Як я люблю вас, Флой!
— А я вас, любы!
— О, у гэтым я ўпэўнены, Флой!
Больш ён нічога не сказаў, але ўвесь час сядзеў каля яе вельмі маўклівы, а вечарам разы тры-чатыры крыкнуў са свайго пакоя, што ён яе любіць.
Пасля гэтага Фларэнс заўсёды рыхтавалася да таго, каб у суботні вечар падсесці да Поля і цярпліва растлумачваць яму ўсё, што, на іх думку, патрэбна было яму вывучыць у наступным тыдні. Прыемнае ўсведамленне, што яго ўрокі ўжо вывучыла раней за яго Фларэнс, само па сабе павінна было падбадзёрыць Поля, які вечна «аднаўляў» свае заняткі; калі-ж да гэтага ўсведамлення далучылася і рэальная палёгка яго абавязкаў — вынік яе дапамогі, — то гэта, магчыма, перашкодзіла яму зваліцца пад цяжарам ношы, якую ўзваліла на яго плечы цудоўная Карнелія Блімбер.
Тую жвавасць, якою адрозніваўся ён спачатку, Поль, зразумела, хутка страціў. Але ён захаваў усё, што было ў яго характары дзіўнага, старэчага і ўважлівага, і, ва ўмовах, якія так спрыялі развіццю гэтых схільнасцей, зрабіўся яшчэ больш дзіўным, старым і ўважлівым.
Адзіная розніца была ў тым, што ён не праяўляў свайго характару. З кожным днём ён рабіўся больш уважлівым і стрыманым і ні да каго з дамачадцаў доктара не адносіўся з тою цікаўнасцю, якую выклікала ў яго місіс Піпчын. Ён любіў адзіноту, і ў кароткія, вольныя ад заняткаў перапынкі, яму больш за ўсё падабалася бадзяцца аднаму па доме або сядзець на лесвіцы, прыслухоўваючыся да вялікага гадзінніка ў вестыбюлі. Ён добра ведаў усе абоі ў доме; бачыў ва ўзорах тое, чаго ніхто не бачыў; адшукваў мініятурных тыграў і львоў, якія ўзбягалі па сценах спальні, і твары з раскосымі вачыма, падміргваючыя ў квадратах і ромбах вашчанкі на падлозе.
Адзінокае дзіця жыло акружанае гэтымі вычварнымі вобразамі, створанымі яго напружаным уяўленнем, і ніхто яго не разумеў. Місіс Блімбер лічыла яго «дзіўным», а іншы раз слугі гаварылі паміж сабой, што маленькі Домбі «хандрыць», але гэтым справа і канчалася.
Бадай што, у маладога Тутса ўзнікалі нейкія думкі аб гэтым прадмеце, але выказаць іх ён быў зусім няздольны.
— Як маецеся? — пытаўся ён у Поля разоў пяцьдзёсят у дзень.
— Вельмі добра, сэр, дзякую вам, — адказваў Поль.
— Вашу руку, — было наступнай заўвагай Тутса.
І Поль, вядома, падаваў яе адразу. Містэр Тутс звычайна пытаўся зноў пасля доўгай паўзы, пільна на яго пазіраючы і цяжка дыхаючы: «Як маецеся?», на што Поль зноў адказваў: «Вельмі добра, сэр, дзякую вам».
Аднойчы вечарам містэр Тутс сядзеў за сваім пюпітрам, завалены карэспандэнцыяй, як раптам яму ўспала на думку, здавалася, вялікая ідэя. Ён паклаў пяро і пайшоў шукаць Поля, якога знайшоў, нарэшце, пасля доўгіх пошукаў, ля акна яго маленькай спальні.
— Паслухайце! — крыкнуў Тутс, ледзь увайшоўшы ў пакой, бо ён баяўся, каб гэтая ідэя ад яго не ўслізнула. — Аб чым вы думаеце?
— О, я думаю аб вельмі многім, — адказваў Поль.
— Ды няўжо? — сказаў Тутс, лічачы, як відаць, што гэты факт сам сабою вельмі дзіўны.
— Калі-б вам давялося паміраць… — пачаў Поль, пазіраючы яму ў твар.
Містэр Тутс уздрыгануўся і, здавалася, вельмі збянтэжыўся.
— Ці не здаецца вам, што добра было-б памерці ў месячную ноч, калі неба зусім яснае, а вецер дзьме, як дзьмуў у мінулую ноч?
Містэр Тутс, з сумненнем паглядаючы на Поля і ківаючы галавой, сказаў, што гэтага ён не ведае.
— Або не дзьме, — сказаў Поль, — а гудзе ў паветры, як гудзе мора ў ракавінах. Была цудоўная ноч. Я доўга слухаў мора, пасля ўстаў і паглядзеў у акно. На моры была лодка ў яркім месячным святле, лодка з парусам.
Дзіця глядзела на яго так пільна і гаварыла так сур'ёзна, што містэр Тутс, лічачы сябе абавязаным сказаць што-небудзь наконт гэтай лодкі, сказаў: «Кантрабандысты». Але, добрасумленна ўспомніўшы, што ёсць два бакі ва ўсякім пытанні, ён дадаў: «Або берагавая ахова».
— Лодка з парусам, — паўтарыў Поль, — у яркім месячным святле. Парус, падобны да рукі, увесь срэбны. Яна адплывала ўдалячынь, і як вы думаеце, што яна, здавалася, рабіла, калі імчалася па хвалях?
— Нырала, — сказаў містэр Тутс.
— Яна, здавалася, клікала, — сказаў хлопчык, — клікала мяне за сабой!.. Вось яна! Вось яна! Тутс быў не на жарты перапалохан гэтым нечаканым воклічам пасля таго, што адбылося раней, і крыкнуў:
— Хто?
— Мая сястра Фларэнс! — ўсклікнуў Поль. — Глядзіць сюды і махае рукой. Яна мяне бачыць, яна мяне бачыць! Спакойнай ночы, дарагая, спакойнай ночы, спакойнай ночы!
Хуткі пераход да нястрымнай радасці, калі ён стаяў ля акна, пасылаючы паветраныя пацалункі і пляскаючы ў далоні, і перамена, што адбылася з ім, калі Фларэнс ужо знікла з позірку, а маленькі тварык пацямнеў і на ім застыў цярпліва-смутны выраз, былі так прыкметны, што не маглі ўнікнуць нават ад увагі Тутса. З тае прычыны, што спатканне іх было ў гэты момант прапынена візітам місіс Піпчын, якая мела звычай разы два на тыдзень, пад вечар, прыгнятаць Поля сваімі чорнымі спадніцамі, Тутс не меў магчымасці скарыстаць гэты выпадак, але ён зрабіў на яго такое моцнае ўражанне, што Тутс, абмяняўшыся звычайнымі прывітаннямі, два разы варочаўся, каб запытацца ў місіс Піпчын, як яна маецца. Нервовая старая лэдзі ўбачыла ў гэтым хітрую і наўмыскую знявагу, пароджаную д'ябальскай вынаходлівасцю падслепаватага маладога чалавека ўнізе, і ў той-жа вечар падала на яго афіцыяльную скаргу доктару Блімберу, які заявіў маладому чалавеку, што калі гэта яшчэ паўторыцца, ён вымушаны будзе з ім расстацца.
Вечары зрабіліся цяпер даўжэйшымі, і кожны вечар Поль падкрадваўся да свайго акна, выглядаючы Фларэнс. Яна заўсёды праходзіла некалькі разоў узад і ўперад, у пэўную гадзіну, пакуль не ўбачыць яго; і гэта хвіліна, калі яны адзін другога заўважалі, была пробліскам сонечнага святла ў штодзённым жыцці Поля. Часта ў змроку яшчэ адзін чалавек прагульваўся перад домам доктара. Цяпер ён рэдка далучаўся да іх па суботах. Ён не мог гэтага вытрымаць. Ён лічыў, за лепшае прыходзіць, непазнаным, глядзець уверх на вокны, за якімі яго сын рыхтаваўся зрабіцца мужчынам, і чакаць, наглядаць, будаваць планы, спадзявацца.
- ↑ Ярд — англійская мера даўжыні — 9/10 метра.
- ↑ Эсквайр — англійскі зварот (ставіцца на пісьмах пасля прозвішча адрасата).
- ↑ Гонг — музычны інструмент, што нагадвае таз, па якім б’юць палкамі; служыць у Англіі для падачы сігналу замест званка.
- ↑ Джо Мілер — аўтар плоскіх жартаў і астрот, сабраных у кнігу, выдадзеную ў сярэдзіне XVIII ст.
- ↑ Вітэлій, Даміцыян, Нерон, Тыберый, Калігула — рымскія імператары I ст. н. э. і Геліогабал — І ст. н. э., якія праславіліся сваімі шаленствамі і жорсткасцю; Тіт — рымскі імператар І ст. н. э.
- ↑ Мацыён — прагулка дая ўмацавання здароўя.