Перайсці да зместу

Домбі і сын/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел Х, у якім расказваецца аб выніках, да якіх прывялі няшчасці Мічмана Раздзел ХI. Выступленне Поля на новай сцэне
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел XII. Выхаванне Поля

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХІ

Выступленне Поля на новай сцэне.

Арганізм місіс Піпчын быў зроблен з такога цвёрдага метала, не гледзячы на схільнасць яго да плоцкіх слабасцей, якія выклікалі патрэбу ў адпачынку пасля адбіўных катлет і якія вымагалі перад сном такога снатворнага сродку, як салодкае мяса, што ён зусім абвергнуў прадраканні місіс Уікем і не выяўляў ніякіх прызнакаў упадку. Але з тае прычыны, што вялікая зацікаўленасць Поля да старой лэдзі не змяншалася, місіс Уікем не жадала зрушыцца ні на дзюйм з занятай ёю пазіцыі. Умацаваўшыся і акапаўшыся на сваім участку з дапамогай Бетсі Джэйм, сваёй кузіны, яна па-сяброўску раіла міс Беры быць падрыхтаванай да горшага і папярэджвала, што цётка яе ў любы момант можа ўзляцець у паветра, як парахавы завод.

Бедная Беры паставілася да ўсяго гэтага добрадушна і, як заўсёды, працавала, не пакладаючы рук; зусім перакананая ў тым, што місіс Піпчын — адна з самых годных асоб на свеце, яна штодзённа афяроўвала сябе дзеля гэтай благароднай старой. — Беры вас вельмі любіць, хіба не праўда? — запытаўся аднойчы Поль у місіс Піпчын, калі яны сядзелі разам з катом ля каміна.

— Так, — сказала місіс Піпчын.

— Чаму? — запытаўся Поль.

— Чаму! — паўтарыла збітая з толку старая лэдзі. — Хіба можна так пытацца, сэр? Чаму вы любіце сваю сястру Фларэнс?

— Таму што яна вельмі добрая, — сказаў Поль. — Няма такой другой, як Фларэнс.

— Ну што-ж — рэзка адазвалася місіс Піпчын. — І другой такой, як я, думаю, таксама няма.

— Няўжо і сапраўды няма? — запытаўся Поль, нахіляючыся ўперад у сваім крэселцы і гледзячы на яе вельмі пільна.

— Няма, — сказала старая лэдзі.

— Я гэтаму рад, — заўважыў Поль, задумліва паціраючы рукі. — Гэта вельмі добра.

Місіс Піпчын не адважылася запытацца — чаму, каб не атрымаць які-небудзь зусім знішчальны адказ. Але, узнагароджваючы сябе за знявагу нанесеную яе пачуццям, яна вельмі доўга прыставала да майстра Байтэрстона, што ён у той-жа вечар пачаў рыхтавацца да сухапутнага падарожжа дадому, у Індыю,і схаваў у часе вячэры чвэртку лусты хлеба і кавалак галандскага сыру, пачаўшы такім чынам рабіць запас харчоў на дарогу.

Каля года місіс Піпчын ахоўвала і апекавала маленькага Поля і яго сястру. Мала-па-малу Поль набраўся сілы і мог абыходзіцца без сваёй каляскі; але ён па-ранейшаму быў худым і слабым і аставаўся ўсё тым-жа старападобным, ціхім, лятуценным дзіцем, якім быў, калі яго толькі што даручылі клопатам місіс Піпчын. Неяк у суботні вечар, на змроку, вялікі перапалох падняўся ў замку з прычыны нечаканага паведамлення аб тым, што містэр Домбі з’явіўся з візітам да місіс Піпчын. Уся грамада зараз-жа знікла з гасцінай наверх, нібы падхопленая віхурам, застукалі дзверы спальняў, быў чуцен тупат над галавой, і майстар Байтэрстон атрымаў нямала штурхалёў ад місіс Піпчын, якая супакойвала такім чынам свае ўстрывожаныя пачуцці, пасля чаго чорная бамбазінавая сукенка годнай старой лэдзі зрабіла змрочнай прыёмную, дзе містэр Домбі ўважліва аглядаў незанятае крэсла свайго сына і наследніка.

— Місіс Піпчын, — сказаў містэр Домбі, — як маецеся?

— Дзякую вам, сэр, — сказала місіс Піпчын, — параўнаўча нядрэнна, прымаючы пад увагу...

Місіс Піпчын заўсёды карысталася такім абаротам. Ён азначаў: прымаючы пад увагу яе добрачыннасці, афяры і так далей.

— Я не магу разлічваць, сэр, на вельмі добрае здароўе, — сказала місіс Піпчын, садзячыся і аддыхваючыся, — але я ўдзячна і за тое, якім карыстаюся. Містэр Домбі нахіліў галаву з задаволеным выглядам патрона, які адчувае, што якраз за гэта ён і плаціць пэўную суму кожныя тры месяцы. Памаўчаўшы, ён прадаўжаў:

— Місіс Піпчын, я ўзяў на сябе смеласць з’явіцца да вас, каб параіцца наконт сына. Я даўно ўжо збіраўся гэта зрабіць, але з дня на дзень адкладваў, пакуль здароўе яго не паправіцца канчаткова. Спадзяюся, што на гэты конт у вас няма ніякіх апасак, місіс Піпчын?

— Брайтон аказаў вельмі добратворнае дзеянне, сэр, — адказала місіс Піпчын. — Так, вельмі добратворнае.

— Я маю намер, — сказаў містэр Домбі, — пакінуць яго ў Брайтоне.

Місіс Піпчын пацёрла рукі і ўтаропілася сваімі шэрымі вачыма на агонь.

— Але, — прадаўжаў містэр Домбі, выцягнуўшы ўказальны палец, — але магчыма, што цяпер адбудзецца змена і ён будзе тут жыць іначай. Карацей кажучы, місіс Піпчын, такая мэта майго наведвання. Мой сын расце, місіс Піпчын. Ён бясспрэчна расце.

Было нешта меланхалічнае ў тым урачыстым выглядзе, з якім сказаў гэта містэр Домбі. Гэты выгляд паказваў, якім доўгім было для яго дзяцінства Поля і як ён спадзяваўся на больш познюю стадыю яго існавання.

— Яму шэсць год! — сказаў містэр Домбі, папраўляючы гальштук, магчыма, з мэтай захаваць нястрымную ўсмешку, якая, ні на секунду не асвятліўшы яго твара, здавалася, толькі прамільгнула па паверхні і схавалася, не знайшоўшы для сябе месцечка. — Божа мой, ды мы-ж і азірнуцца не паспеем, як шэсць ператворацца ў шаснаццаць.

— Дзесяць год, — пракаркала бязлітасная Піпчын, холадна бліснуўшы жорсткімі шэрымі вачыма і хмура паківаўшы схіленай галавой, — вялікі тэрмін.

— Гэта залежыць ад акалічнасцей, — запярэчыў містэр Домбі. — Як-бы там ні было, місіс Піпчын, майму сыну шэсць год, і, баюся, не прыходзіцца сумнявацца ў тым, што ў занятках сваіх ён адстаў ад многіх дзяцей свайго ўзросту. Але, місіс Піпчын, замест таго, каб адставаць ад сваіх равеснікаў, мой сын павінен іх апярэдзіць, далёка апярэдзіць. Яго чакае высокае становішча, якое яму належыць заняць. Няма нічога выпадковага або ненадзейнага ў будучай кар’еры майго сына. Жыццёвы яго шлях быў расчышчаны, падрыхтаваны і вызначаны да яго нараджэння. З адукацыяй такога маладога джэнтльмена марудзіць не варта. Не варта пакідаць яе незакончанай. Трэба заняцца ёю вельмі настойліва і сур’ёзна, місіс Піпчын.

— Што-ж, сэр, — сказала місіс Піпчын, — я ніяк не магу пярэчыць супроць гэтага.

— Я быў зусім упэўнены, місіс Піпчын, — з ухвалай заўважыў містэр Домбі, — што такая разважлівая асоба, як вы, не магла-б і не жадала-б пярэчыць. Я думаў пра доктара Блімбера, місіс Піпчын.

— Пра майго суседа, сэр? — адазвалася місіс Піпчын. — Я лічу ўстанову доктара Блімбера надзвычай добрай. Я чула, што там правілы вельмі строгія і што з раніцы да ночы выхаванцы займаюцца толькі навучаннем.

— І плата вельмі вялікая, — дадаў містэр Домбі. — Я раіўся з доктарам, місіс Піпчын, — сказаў містэр Домбі, заклапочана прысоўваючы сваё крэсла бліжэй да каміна, — і ён зусім не лічыць Поля вельмі юным для гэтай мэты. Ён прывёў некалькі прыкладаў, калі яго равеснікі вывучалі грэчаскую мову. Калі і ўзнікаюць у мяне, місіс Піпчын, некаторыя апаскі з прычыны гэтай змены, то яны датычаць другога пункта. У майго сына, які не ведаў маткі, паступова развілася моцная — вельмі моцная — дзіцячая любоў да сястры. Што, калі разлука з ёю... — Містэр Домбі не сказаў больш ні слова і сядзеў моўчкі.

— Глупства! — усклікнула місіс Піпчын, абтрасаючы сваю: чорную бамбазінавую спадніцу і выяўляючы ўсе якасці людаедкі. — Калі ёй гэта не да густу, містэр Домбі, трэба, каб яна гэта пераварыла.

— Я гавару пра яго, дарагая пані. Пра яго.

Сістэма місіс Піпчын лёгка дапусціпа-б ужыванне гэтага метада лячэння і да любога недамагання Поля, але з тае прычыны, што жорсткія шэрыя вочы былі досыць зыркія і бачылі, што рэцэпт, які містэр Домбі, магчыма, і прызнаваў сапраўдным у адносінах да дачкі, не з’яўляецца найлепшым лякарствам для сына, то яна, уясніўшы сабе гэты пункт, заявіла, што змена абстаноўкі, новае таварыства, іншы спосаб жыцця ва ўстанове доктара Блімбера і навукі, якімі ён павінен аўладаць, вельмі хутка прывядуць да адчужэння. Было ясна, што містэр Домбі вельмі добра абдумаў гэтае пытанне, бо склаў план, з якім пазнаёміў людаедкуў, — змясціць Поля ва ўстанову доктара пансіянерам на паўгоддзе і на гэты час пакінуць Фларэнс ў замку, каб яна магла прымаць тут па суботах свайго брата.

Містэр Домбі пад канец спаткання выказаў надзею, што місіс Піпчын пакіне за сабою пост галоўнай наглядчыцы і кіраўніцы сына ў часе яго навучання ў Брайтоне; пасля, пацалаваўшы Поля, паціснуў руку Фларэнс, убачыў майстра Байтэрстона ў яго парадным каўнерыку і давёў да слёз міс Пенкі, пагладзіўшы яе па галаве (гэтае месца было ў яе надзвычай адчувальным з прычыны прывычкі місіс Піпчын стукаць па ім, як па бачонку, косткамі пальцаў).

Кожны раз, калі доктар Блімбер забіраў у рукі якога-небудзь юнага джэнтльмена, той мог не сумнявацца, што трапіць у добрыя ціскі.

Па сутнасці, установа доктара Блімбера была вялікай цяпліцай, дзе заўсёды працаваў апарат, які штучна паскараў рост. Усе хлопчыкі развіваліся дачасна. Усё гэта было вельмі прыемна і ўмела, але сістэма гвалтоўнага вырашчвання мела і свой адваротны бок. Не было належнага смаку ў скораспелых прадуктаў, і яны дрэнна захоўваліся. Мала таго, адзін юны джэнтльмен з распухлым носам і вельмі вялікай галавой у адзін цудоўны дзень раптам перастаў квітнець і астаўся ва ўстанове толькі ў выглядзе сцябла. Гаварылі, што доктар хваціў праз меру з маладым Тутсам і што ён страціў мазгі, калі ў яго пачалі прабівацца вусы.

Як-бы там ні было, малады Тутс жыў у доктара Блімбера; ён уладаў самым хрыпатым голасам і самым мізэрным розумам, упрыгожваў сабе кашулю шпількамі і насіў кальцо ў жылетнай кішэні, каб цішком адзяваць на мізінец, калі вучні выходзілі на прагулку.

Доктар быў самавіты джэнтльмен у чорным адзенні, з тасёмкамі ля кален і ў панчохах, якія даходзілі да кален. У яго была лысая галава, вельмі адпаліраваная, нізкі голас і такі двайны падбародак, што незразумела было, як ён ухітраўся выбрываць яго ў складках. Былі ў яго маленькія вочкі, заўсёды напоўзакрытыя, і рот, які заўсёды расплываўся ў поўусмешку, нібы ён паставіў хлапчука ў тупік пытаннем і чакае, што той сам сябе прызнае вінаватым.

У доктара быў надзвычай добры дом, які стаяў фасадам да мора. Дом унутры быў не вельмі вясёлы. Хмурыя з выгляду фіранкі, вельмі вузкія і несамавітыя, смутна хаваліся за вокнамі. Сталы і крэслы былі выстраены радамі, нібы лічбы ў арыфметычнай задачы; у парадных пакоях так рэдка палілі ў каміне, што яны нагадвалі калодзеж, а наведвальнік уяўляў сабою вядро; сталовая здавалася апошнім месцам на свеце, дзе можна было есці або піць; ні гуку не чутно было ў доме — толькі ціканне вялікага гадзінніка ў вестыбюлі, якое чулася нават на гары, а іншы раз глухое завыванне юных джэнтльменаў за вывучэннем лекцый, якое напамінала варкатанне табуна меланхалічных галубоў.

Ды і міс Блімбер, хоць яна і была стройнай і грацыёзнай дзевай, зусім не рабіла змякчаючага ўплыву на сур’ёзнасць дома. Неразумная лёгкадумнасць не была ўласціва міс Блімбер. Валасы яна стрыгла і завівала і насіла акуляры. Яна высахла і пакрылася пяском, раскапваючы магілы адмёршых моў. Вашы жывыя мовы не патрэбны міс Блімбер. Яны павінны быць мёртвымі, безнадзейна мёртвымі, а тады міс Блімбер выкапае іх, як вампір.

Яе матуля, місіс Блімбер, не была вучонай, але прытваралася такой, і атрымлівалася ніколькі не горш. На вечарынках яна гаварыла, што, здаецца, памерла-б спакойна, калі-б магла пазнаёміцца з Цыцэронам[1]. Нязменнай для яе радасцю было бачыць юных джэнтльменаў доктара, калі яны, у адрозненне ад ўсіх іншых юных джэнтльменаў, выходзілі на прагулку ў самых высокіх каўнярах і самых тугіх гальштуках. «Гэта было так класічна», гаварыла яна.

Што датычыць містэра Фідэра, бакалаўра[2] мастацтваў, памочніка доктара Блімбера, то гэта быў чалавек-шарманка, з маленькім рэпертуарам, які ён заўсёды выконваў зноў і зноў, без усякіх варыяцый. Юныя джэнтльмены не ведалі адпачынку, будучы ў пагоні за жорсткімі дзеясловамі, бязлітаснымі назоўнікамі, няўмольнымі сінтаксічнымі перыядамі і зданямі практыкаванняў, якія з’яўляліся да іх у сне. Пад уплывам сістэмы доктара Блімбера юны джэнтльмен звычайна траціў бадзёрасць праз тры тыдні. Усе цяжары свету абрушваліся на яго галаву праз тры месяцы. У яго пачыналі зараджацца горкія пачуцці да бацькоў або апекуноў праз чатыры; ён быў старым мізантропам[3] праз пяць; а к канцу першага года прыходзіў да вываду, якому ніколі ўжо не здраджваў, што ўсе мары паэтаў і вучэнні мудрацоў — набор слоў і граматычных правіл і ніякага іншага сэнсу не маюць.

Ля дзвярэй доктара спыніўся аднойчы Поль з дрыготкім сэрцам, трымаючыся правай ручкай за руку бацькі. Другая яго рука сціскала руку Фларэнс. Якім моцным быў поціск гэтай маленькай ручкі, і якім вялым і халодным — другой!

Місіс Піпчын лунала за спіною сваёй афяры, у траурным апярэнні і з кручкаватым носам, нібы злавесная птушка. Яна засаплася — бо містэр Домбі, напоўнены вялікімі думкамі, ішоў вельмі шпарка — і хрыпла каркала, чакаючы, калі адчыняць дзверы.

— Поль, — урачыста сказаў містэр Домбі, — вось шлях да таго, каб сапраўды стаць Домбі і Сынам і распараджацца грашыма. Вы ўжо амаль што мужчына.

— Амаль, — адазвалася дзіця.

Нават дзіцячае хваляванне не магло сцерці гэты хітры, дзіўны і, аднак, чуллівы погляд, якім суправаджаўся яго адказ.

Гэта выклікала няпэўны выраз нездаволенасці на твары містэра Домбі, але, калі дзверы адчыніліся, ён хутка знік.

— Доктар Блімбер, спадзяюся, дома? — запытаўся містэр Домбі.

Слуга адказаў сцвярджальна, а калі яны ўвайшлі, паглядзеў на Поля, нібы той быў мышанём, а дом — пасткай. Малады чалавек быў падслепаваты, з ледзь прыкметнымі адзнакамі ўсмешкі або першым яе пробліскам на твары. Гэта быў проста слабы розум, але місіс Піпчын учаўпла сабе ў галаву, што гэта нагласць, і адразу ў яго ўчапілася. — Як вы адважыліся смяяцца за спіной джэнтльмена? — сказала місіс Піпчын. — І за каго вы мяне лічыце?

— Я ні з каго не смяюся, і, дапраўды, я вас ні за каго не лічу, пані, — напалохана адказаў малады чалавек.

— У чым справа, місіс Піпчын? — запытаўся, азірнуўшыся, містэр Домбі. — Цішэй! Прашу вас!

Доктар сядзеў у сваім велічным кабінеце, маючы па глобусу ля кожнага калена, вакол кнігі, Гамера[4] над дзвярыма і Мінерву[5] на каміннай паліцы.

— Ну, як маецеся, сэр? — сказаў ён містэру Домбі, — і як маецца мой маленькі сябра?

Урачыстым, як арган, быў голас доктара, а калі ён змоўк, вялікі гадзіннік у вестыбюлі (ва ўсякім выпадку, так здалося Полю) падхапіў яго словы і пачаў паўтараць: «Як ма-е-ц-ца мой сябра? Як ма-е-ц-ца мой сябра?» Зноў і зноў, і зноў.

З тае прычыны, што маленькі сябра быў вельмі малы, каб можна было, разгледзець яго з-за кніг на стале, з таго месца, дзе сядзеў доктар, то доктар рабіў дарэмныя спробы ўбачыць яго з-за ножак стала; містэр Домбі, заўважыўшы гэта, вывеў доктара з цяжкага становішча: узяў на рукі Поля і пасадзіў яго на другі маленькі стол, насупраць доктара, пасярэдзіне пакоя.

— Так! — сказаў доктар, адкідваючыся на спінку крэсла і закладаючы руку за адварот фрака. — Цяпер я бачу майго маленьхага сябра. Як маецеся, мой маленькі сябра?

Гадзіннік у вестыбюлі не захацеў прызнаць гэту перамену ў абароце гутаркі і па-ранейшаму паўтараў: «Як ма-е-ц-ца мой сябра? Як ма-е-ц-ца мой сябра?»

— Вельмі добра, дзякую вам, сэр, — абазваўся Поль, адказваючы і доктару і гадзінніку.

— Так! — сказаў доктар Блімбер. — Зробім з яго мужчыну?

— Вы чуеце, Поль? — дадаў містэр Домбі, бо Поль маўчаў.

— Зробім з яго мужчыну? — паўтарыў доктар.

— Я-б больш хацеў быць дзіцем, — адказаў Поль.

— Вось што! — сказаў доктар. — Чаму?

Хлопчык сядзеў на стале, пазіраючы на яго дзіўным поглядам, які выказваў прыгнечанае хваляванне, і горда пахлопваў адной рукой па калену, як быццам іменна тут накіпалі ў яго слёзы, а ён іх стрымліваў. Але другая яго рука ў той-жа час працягнулася ўбок, далёка, яшчэ далей, пакуль не абвілася вакол шыі Фларэнс. «Вось чаму», нібы гаварыла яна, а пасля напружаны твара змяніўся, знік; дрыжачая губа апусцілася, і паліліся слёзы.

— Місіс Піпчын, — нездаволеным тонам сказаў бацька, — дапраўды-ж, мне вельмі гэта непрыемна. — Адыйдзіцеся ад яго, чуеце, міс Домбі, — сказала наглядчыца.

— Нічога, — сказаў доктар, ціхмана ківаючы галавой, каб утрымаць місіс Піпчын. — Нічо-га; у хуткім часе мы гэта заменім новымі інтарэсамі і новымі ўражаннямі, містэр Домбі. Вы як і раней хочаце, каб мой маленькі сябра засвоіў…

— Усё! Прашу вас, доктар, — цвёрда сказаў містэр Домбі.

— Так, — сказаў доктар, які, з напоўзакрытымі вачыма і звычайнай сваёй усмешкай, здавалася, разглядаў Поля з той цікаўнасцю, якую мог выклікаць у яго рэдкі звярок, з якога ён наважыў зрабіць чучала. — Так, правільна. Так! Мы раскажам нашаму маленькаму сябру шмат чаго цікавага і, адважуся думаць, хутка яго зробім развітым. Адважуся думаць. Здаецца, вы гаварылі, што глеба зусім некранутая, містэр Домбі?

— За выключэннем звычайнай падрыхтоўкі дома і ў гэтай лэдзі, — адказаў містэр Домбі, знаёмячы з місіс Піпчын, якая зараз-жа напружыла ўсю сваю мускульную сістэму і загадзя фыркнула задзёрыста, у выпадку, калі доктар паставіцца да яе з пагардай, — за выключэннем гэтага Поль нічому не навучаўся.

Доктар Блімбер нахіліў галаву, спагадліва адносячыся да такога нікчэмнага ўмяшання, як умяшанне місіс Піпчын, і сказаў, што рад гэта чуць.

— Значна лепш, — заўважыў ён, паціраючы рукі, — пачынаць з самых асноў.

І зноў ён скасіўся на Поля, нібы не супраць быў адразу-ж засадзіць яго за грэчаскую азбуку.

— Сапраўды, гэтая акалічнасць, доктар Блімбер, — прадажаў містэр Домбі, глянуўшы на свайго маленькага сына, — і гутарка, якую я ўжо меў прыемнасць весці з вамі, робяць далейшае тлумачэнне і, значыцца, далейшы замах на ваш такі дарагі час такім бескарысным, што…

— Ну, міс Домбі! — кісла сказала Піпчын.

— Прабачце, — сказаў доктар, — адну хвілінку. Дазвольце прадставіць вам місіс Блімбер і маю дачку. Місіс Блімбер — містэр Домбі. Мая дачка Карнелія — містэр Домбі. Містэр Домбі, дарагая мая, — прадаўжаў доктар, звяртаючыся да жонкі, — аказвае такое давер'е, што… Вы бачыце нашага маленькага сябра?

Місіс Блімбер ад залішняй пачцівасці, якая датычыла містэра Домбі, напэўна, не бачыла, бо яна адступалася да маленькага сябра і пагражала сур’ёзнай небяспекай яго пазіцыі на стале. Але, пачуўшы намёк, яна павярнулася да Поля і, зноў звярнуўшыся да містэра Домбі, прагаварыла з уздыхам, што зайздросціць яго міламу сыну.

— Як пчале, сэр, — сказала місіс Блімбер, падымаючы позірк да столі, — якая гатова спусціцца ў сад, к цудоўнейшым кветкам і ўпершыню паспрабаваць іх прыемны смак. Віргілій, Гарацый, Овідый[6], Терэнцій, Плаўт[7], Цыцэрон. Якое багацце мёду! Містэру Домбі, магчыма, здасца дзіўным, што тая, хто з’яўляецца жонкай... жонкай такога мужа...

— Ціха, ціха, — сказаў доктар Блімбер. — Які сорам!

— Містэр Домбі прабачыць за староннасць жонкі, — сказала місіс Блімбер з чароўнай усмешкай.

Містэр Домбі адказваў: «Зусім не», адносячы гэтыя словы, трэба думаць, да староннасці, а не да прабачэння.

— І можа здацца дзіўным, што тая, хто з’ўляецца таксама і маткай... — прадаўжала місіс Блімбер.

— І якой маткай! — заўважыў містэр Домбі з паклонам, невыразна думаючы, што робіць ласку Карнеліі.

— Але, дапраўды-ж, — прадаўжала місіс Блімбер, — мне здаецца, калі-б я магла пазнаёміцца з Цыцэронам, я памерла-б шчаслівай.

Карнелія пазірала праз акуляры на містэра Домбі, нібы не супраць была пахваліцца перад ім некалькімі цытатамі з памянёнага аўтара. Але намер гэты, калі ён узнік у яе, быў разбураны стукам у дзверы.

— Хто там? — запытаўся доктар. — О! Заходзьце, Тутс, заходзьце! Містэр Домбі, — Тутс пакланіўся, — гэта наш старэйшы вучань, містэр Домбі.

Доктар мог яго назваць старэйшым і даўжэйшым, бо ўсе астатнія ледзь даходзілі яму да плячэй. Ён вельмі пачырванеў, апынуўшыся ў незнаёмай грамадзе, і моцна захіхіхаў.

— Тутс, — сказаў доктар, — пазнаёмцеся з сынам містэра Домбі.

Малады Тутс зноў пачырванеў і, пераканаўшыся, мяркуючы па запанаваўшаму глыбокаму маўчанню, што ад яго чакаюць нейкіх слоў, сказаў Полю: «Як маецеся?» такім нізкім басам і з такім нясмелым выглядам, што было-б не больш дзіўным, калі-б забляяла ягнё.

— Калі ласка, папрасіце містэра Фідэра, Тутс, — сказаў доктар, — падрыхтаваць некалькі пачатковых падручнікаў для сына містэра Домбі і адвесці яму выгоднае месца для заняткаў. Дарагая мая, здаецца, містэр Домбі не бачыў дартуараў.

— Калі містэр Домбі падымецца наверх, — сказала місіс Блімбер, — я палічу за гонар паказаць яму ўладанні наводзячага сон бога.

Услед за гэтым місіс Блімбер, якая была досыць пачцівай лэдзі моцнага складу і насіла чапец з нябесна-блакітнай матэрыі, пайшла наверх з містэрам Домбі і Карнеліяй; місіс Піпчын ішла за імі і зырка аглядалася па баках, ці не відаць дзе яе ворага-лакея. Пакуль іх не было, Поль сядзеў на стале, трымаючы за руку Фларэнс, баязліва паглядаючы на доктара і акідаючы поглядам пакой, у той час як доктар, адкінуўшыся на спінку крэсла і заклаўшы па сваёй звычцы руку за адварот фрака, трымаў перад сабой у другой выцягнутай руцэ кнігу і чытаў.

Неўзабаве пачулася, як містэр Домбі і яго спадарожніцы, размаўляючы, спускаюцца ўніз, а затым яны зноў увайшлі ў кабінет доктара.

— Спадзяюся, містэр Домбі, — сказаў доктар, паклаўшы на стол кнігу, — нашы парадкі вам спадабаліся?

— Яны надзвычайныя, сэр, — сказаў містэр Домбі.

— Сапраўды, вельмі нядрэнныя, — ціхім голасам прагаварыла місіс Піпчын, зусім не маючы намеру надта хваліць.

— З вашага дазволу, доктар і місіс Блімбер, — павярнуўшыся, сказаў містэр Домбі, — час ад часу місіс Піпчын будзе наведваць Поля.

— Калі толькі захоча місіс Піпчын, — заўважыў доктар.

— Заўсёды рады яе бачыць, — сказала місіс Блімбер.

— Здаецца, — сказаў містэр Домбі, — я нарабіў многа клопатаў і магу адкланяцца. Поль, дзіця маё, — ён падышоў блізка да стала, на якім той сядзеў, — бывайце.

— Бывайце, тата.

Вяла і неахайна працягнутая ручка, якую ўзяў містэр Домбі, дзіўна не адпавядала напружанаму твару. Але містэр Домбі не меў ніякіх адносін да гэтага журботнага выразу твара. Ён павернуты быў не да яго. Не, не! Да Фларэнс — усё для Фларэнс!

Ён нахіліўся да сына і пацалаваў яго. Калі вочы яго былі пры гэтым затуманены чымсьці, што на секунду засланіла маленькі тварык і зрабіла яго расплыўчатым, разумовы яго позірк, магчыма, зрабіўся больш зыркім на гэты кароткі момант.

— Хутка я вас убачу, Поль. Вы вольны па суботах і нядзелях.

— Так, тата, — адказаў Поль, пазіраючы на сястру. — Па суботах і па нядзелях.

— І вы пастараецеся многаму навучыцца тут і стаць разумным мужчынам, — сказаў містэр Домбі. — Хіба не праўда?

— Пастараюся, — стомлена адказала дзіця.

— І цяпер вы хутка будзеце дарослым, — сказаў містэр Домбі.

— О, вельмі хутка! — адазвалася дзіця.

І зноў старэчы, старэчы выраз прамільгнуў на яго твары. Пагладзіўшы яго па галаве і яшчэ раз паціснуўшы яго маленькую ручку, містэр Домбі са звычайнай сваёй лядзянай ветлівасцю развітаўся з доктарам Блімберам, місіс Блімбер і міс Блімбер і вышаў з кабінета.

Не гледзячы на просьбу не турбавацца, доктар Блімбер, місіс Блімбер і міс Блімбер паспяшаліся ўперад, каб праводзіць яго да вестыбюля, з прычыны чаго місіс Піпчын апынулася заціснутай паміж міс Блімбер і доктарам і была выпіхнута з кабінета, раней чым паспела схапіць Фларэнс. Гэтай шчаслівай выпадковасці Поль быў абавязан пасля прыемным успамінам аб тым, як Фларэнс бягом вярнулася да яго, каб абвіць рукамі яго шыю, і яе твар быў апошнім, які мільгануў у дзвярах, твар, павернуты да яго з падбадзёрваючай усмешкай, якая здавалася яшчэ святлейшай дзякуючы слязам, праз якія яна ззяла.

Вось чаму яго дзіцячыя грудзі падымаліся, калі знікла ўсмешка, а глобусы, кнігі, сляпы Гамер і Мінерва паплылі па пакоі. Але раптам яны спыніліся, і тады ён пачуў гучны гадзіннік у вестыбюлі, які сур’ёзна пытаўся: «Як ма-е-ц-ца мой сябра? Як ма-е-ц-ца мой сябра?»

Злажыўшы накрыж рукі, ён сядзеў на сваім п’едэстале і моўчкі прыслухоўваўся. Але ён мог-бы адказаць: — «Змарыўся, змарыўся! Вельмі адзінокі, вельмі сумна!»

  1. Цыцэрон — праслаўлены рымскі прамоўца, філосаф і дзяржаўны дзеяч, які жыў у І ст. да н. э.
  2. Бакалаўр — у Англіі першая вучоная ступень, якая прысуджаецца ўніверсітэтамі.
  3. Мізантроп — (грэч.) чалавеканенавіснік.
  4. Гамер — міфічны грэчаскі паэт, якому прыпісваюць дзве найвялікшыя паэмы — „Іліяду“ і „Одысею“.
  5. Мінерва (рым. міф.) — багіня мудрасці ў рымлян.
  6. Віргілій, Гарацый, Овідый — найвялікшыя рымскія паэты, якія жылі ў І ст. да н. э.
  7. Терэнцій, Плаўт — лепшыя рымскія камедыёграфы (аўтары камедый), якія жылі ў III–II ст. да н. э.