Перайсці да зместу

Дні вясны (1927)/Кветкі красы/Я аддаў дню вясноваму дань…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ (Ў чыстым полі на кургане…) ⁂ (Я аддаў дню вясноваму дань…)
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1927 год
⁂ (Вечна ўвечар вецер з сьвістам…)
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я аддаў дню вясноваму дань…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Я аддаў дню вясноваму дань,
я схіліўся паклонам вясьне.
Сёньня восені чорная здань
золь — слатой асыпае мяне.

Нешта зябка на сэрцы чагось,
ўсю дазваньня калоціць душу.
Няўжо восень мой жудасны госьць?
Няўжо восень я ў песьні нашу?

Мне становіцца страшна за лёс, —
з сінь-вачэй маіх смутак імжыць.
Ой, чаму не праліў я ўсіх сьлёз
на зары, пачынаў калі жыць.

Эх, ты песьня, ты песьня красы,
ой, нашто давяла да бяды?
Ты ўвесь боль мой у гуках рассып,
утапі яго ў лыжцы ў вады.

Але не, не утапіць мне душы,
захлынуся лепш з песьняю сам.
Вольны вецер мне гімн прашуміць,
а зьвяр‘ё з мяне кроў будзе ссаць.

Клёны з ліпамі схіляцца ніц
і асьвеціцца зорамі дзень.
Мой апошні акорд празьвініць,
даль прыцісьне яго да грудзей.

Нешта зябка на сэрцы чагось,
ўсю дазваньня калоціць душу.
Няўжо восень мой жудасны госьць?
Няўжо восень я ў песьні нашу?

10-XI — 26 г.
Менск.