Вечна
вецер
ўвечар
з сьвістам.
Зоры сьцелюць шоўк
над далінаю імглістай.
Падарожны ў лес зайшоў
памаліцца з лістам.
Пуста,
змрок прылёг пад кустам.
Сонца ўсходзіць паміж гор
і сьпіну запоціць зьверу.
Усё-ж ня веру,
ой ня веру,
што мажорам
граюць на жалейцы,
што мажор
ў прасторы льлецца.
Адлятае ў вырай жораў…
Ну, няхай,
няхай
і гэтак.
Ой шумі вясною, гай,
ў перазвоне кветак!
Я сягоньня босы,
Я хаваю ў жменю стыд.
Ой вы, сосны,
мае сосны,
сосны,
песенны запал астыў!
На грудзёх жыцьця
апаўшыя лісты.
Вечна
ўвечар
вецер
З сьвістам.
Зоры сьцелюць шоўк
над далінаю імглістай.
Падарожны ў лес зайшоў
памаліцца з лістам.
21-III — 26 г.
|