Зажурыліся вёскі, пахілыя сёлы,
затушылі газьніцы ў сьвятліцах.
Няма там сягоньня, няма там вясёлых, —
у вачох гора жалем імгліцца.
Не бярозы ў дуброве схіліліся долу
і зямлю ашчаперылі гольлем, —
гэта маткі і жонкі галосяць над доляй,
надрываюцца сэрцы іх болем.
Сёньня кроў налівае зара у кілішкі,
радасьць душы апляло павуціньне…
Павялі беларусаў паны на Лукішкі,
павялі па цярнёвай пуціне.
Іх сьлядоў не засыпаць сівымі пяскамі, —
застануцца яны на сталецьці, —
‘Шчэ успомняць, як цела ірвалі кускамі,
і помста крывёю пральлецца!
О, мая ты Краіна ў адвечнай няволі,
навалу ты церпіш чужую!
Дзіка-панскія банды ў зьвярыным свавольлі
цябе расьпінаюць, крыжуюць.
Абмыю я песьняй крывавыя раны…
Ой, ты гора, народнае гора!..
А ўсё-ж веру, што сонечна-сьветлае раньне
шчэ Краіну атуліць, прыгорне.
Менск, 2-II — 26 г.
|