Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы з фізыкі/Крышталы
← Розная зьвязка частак | Крышталы Апавяданьне Аўтар: Леў Талстой 1928 год Арыгінальная назва: Кристаллы Пераклад: Макар Краўцоў |
Шкоднае паветра → |
КРЫШТАЛЫ
Калі сыпаць ў ваду соль і мяшаць, дык соль пачне расходзіцца і гэтак разыйдзецца ў вадзе, што ня відаць будзе солі; але калі сыпаць яшчэ і яшчэ cолі, дык нарэшце соль ужо ня будзе распушчацца а колькі ты яе ні мяшай, так і застанецца белым парашком у вадзе. Вада набралася солі і больш ужо прыняць ня можа. Але калі разагрэць ваду, дык яна прыме яшчэ; і соль тая, якая не распушчалася у халоднай вадзе, распусьціцца ў гарачай. Але калі яшчэ насыпаць солі, тады ўжо й гарачая вада ня прыме больш солі. А калі болей пачнеш грэць ваду, дык сама вада ўцячэ параю і солі яшчэ больш застанецца. Гэтак на кожную рэч, якую вада распушчае, у вады ёсьць мера, далей чаго ёй нельга распусьціць. Кожнае рэчы вада распушчае больш, калі гарачая, чымся калі халодная, але ўсё ж калі набярэцца гарачая вада, дык далей ужо ня прымае. Рэч застанецца сама па сабе, а вада ўцячэ параю.
Калі насыціць ваду салетраным парашком, а пасьля падсыпаць яшчэ салетры лішняе, усё нагрэць і не мяшаўшы даць астыць, дык салетра лішняя ня ляжа парашком на дне вады, а зьбярэцца ўся шасьцёхкантовымі стоўбікамі і сядзе на дне і па бакох, стоўбік каля стоўбіка. Калі насыціць ваду салетраным парашком і паставіць у цёплым месцы, дык вада ўцячэ параю, а салетра лішняя гэтак сама зложыцца стоўбікамі шасьцёхкантовымі.
Калі насыціць ваду простай сольлю, сагрэць і гэтак сама даць уцячы параю, дык лішняя соль зложыцца таксама не парашком, а кубікамі. Калі насыціць ваду салетраю з сольлю разам, дык лішняя салетра і соль не зьмяшаюцца, а зьмяшаюцца кожная пасвойму: салетра стоўбікамі, а соль — кубікамі.
Калі насыціць ваду вапнаю, або іншаю сольлю, ці яшчэ чым-нібудзь, дык кожная рэч, калі вада выйдзе параю, зложыцца пасвойму, якая — цэглачкамі, якая — зорачкамі, кожная пасвойму. Гэтак вось фігуры розныя бываюць ува ўсіх моцных рэчах. Іншы раз фігуры гэтыя вялікія, у руку; гэткія знаходзяць каменьні ў зямлі. Іншы раз фігуры гэтыя так малыя, што простым вокам не разьбярэш іх, але ў кожнай рэчы ёсьць свае фігуры.
Калі, як вада насычана салетраю і ў ёй пачынаюць складвацца фігуры, адламаць іголачкаю край фігуры, дык ізноў на тое самае месца прыдуць новыя кусочкі салетры ды ізноў даробяць адломаны край якраз гэтак сама, як яму трэба быць — шасьцёхкантовымі стоўбікамі. Тое-ж самае і з сольлю і з кожнаю іншаю рэчай. Усе маленечкія парашынкі самі варочаюцца і прыстаўляюцца тым бокам, якім трэба.
Калі замярзае лёд, дык робіцца тое самае.
Ляціць сьняжынка — у ёй ня відаць ніякае фігуры; але як толькі яна сядзе на што-нібудзь цёмнае і халоднае, на сукно, на шэрсьць, — у ёй можна разабраць фігуру: убачым зорачку або шасьцёхкутнюю дошчачку. На вокнах пара прымярзае не як папала, а як яна пачне прымярзаць, дык зараз-жа зложыцца ў зорачку.
Што такое лёд? — Гэта халодная, моцная вада. Калі з рэдкае вады робіцца моцная вада, яна складваецца ў фігуры і з яе выходзіць цяплыня. Тое самае робіцца з салетраю: калі яна з рэдкае складваецца ў моцныя фігуры, дык з яе выходзіць цяплыня. Тое самае і з сольлю, тое самае з топленым чугуном, калі ён з рэдкага робіцца моцным. Калі якая-нібудзь рэч з рэдкае робіцца моцнаю, дык з яе выходзіць цяплыня, і яна складваецца ў фігуру. А калі з моцнае робіцца рэдкая, дык рэч забірае ў сябе цяплыню, і з яе выходзіць холад, і фігуры яе распушчаюцца.
Прынясі растопленага жалеза і дай яму стынуць; прынясі цеста гарачага і дай яму стынуць; прынясі вапны гашанае і дай ёй стынуць — будзе цяпло. Прынясі лёду і растапляй яго — зробіцца холадна. Прынясі салетры, солі і кожнай рэчы, якая ў вадзе расходзіцца, і распушчай яе ў вадзе — зробіцца холадна. Каб замарозіць марожанае, сыплюць соль у ваду.