Перайсці да зместу

Дзіва (1927)/II/Разьліся, вадзіца

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Жытнёвыя ўсьмешкі Разьліся, вадзіца
Верш
Аўтар: Нічыпар Чарнушэвіч
1927 год
А за бор

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




…А павейце, ветры,
рана, рана…
(З нар. песьні)


II


∗     ∗

Разьліся, вадзіца,
а па пустцы-папару,
а па жвіру-пясочку.
Ты напой нам зямліцу,
яе зморшчаны тварык,
яе ссохлыя вочкі,

Разьліся ды з неба,
белым воблачкам зьнізься,
белым воблачкам, пухкім.
Мо‘ сасмагшая глеба
ачуняе ад зьнічу,
умалотам набухне.

Як з цэбра разьліся
на валокі ячменю,
на аўсяную грыўку.
Каб рунелі расьліны,
дзе бялелі каменьні,
дзе я ў працы варыўся.

Спусьціся расою
на сады-агароды, —
вёскі беднае скарбы.
У чорназемным рассоле
хмелем жыцьце забродзіць,
зьнікне нашая скарга.

Разьліся, вадзіца…
Затрымай нас ад прочак
з родных сэрцу рытванаў.
Ты напой нам зямліцу,
яе ссохлыя вочкі,
яе зморшчаны тварык.

1925 г.