Перайсці да зместу

Дзевяноста трэці (1937)/3/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Кніга чацвёртая Частка трэцяя. Кніга пятая
Раман
Аўтар: Віктор Гюго
1937 год
Арыгінальная назва: Quatrevingt-treize (1874)
Пераклад: Янка Маўр
Кніга шостая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КНІГА ПЯТАЯ


ПАСЛЯ ПЕРАМОГІ — БАРАЦЬБА

ЛАНТЭНАК УЗЯТЫ

Маркіза павялі.

Падземная цямніца пад ніжнім паверхам вежы была зараз-жа адчынена пад строгім наглядам Сімурдэна. Там паставілі лямпу, кубак з вадой, палажылі скібу салдацкага хлеба, кінулі на падлогу ахапак саломы, і не прайшло і чвэрці гадзіны з той мінуты, калі рука Сімурдэна апусцілася на плячо маркіза, як цяжкія дзверы зачыніліся за ім.

Скончыўшы з гэтай справай, Сімурдэн пайшоў шукаць Говэна. На званіцы дальняй царквы, у Парын'е, у гэтую мінуту прабіла адзінаццаць гадзін. Сімурдэн сказаў Говэну:

— Заўтра збярэцца ваенна-палявы суд. Але ты не будзеш у ліку суддзяў. Ты і Лантэнак — абодва з роду Говэнаў. Ты яму надта блізкі па крыві, каб быць яго суддзёй. У склад суда ўвойдуць трое: адзін афіцэр — капітан Гешан, адзін унтэр-афіцэр — сержант Радуб, і я за старшыню. Усё гэта цябе не тычыцца. Мы будзем дзейнічаць адпаведна дэкрэту Канвента: мы абмяжуемся толькі пасведчаннем асобы былога маркіза дэ-Лантэнака. Заўтра — суд, паслязаўтра — гільятына. Вандэя памерла.

Говэн не сказаў ні слова, і Сімурдэн пайшоў. Трэба было выбраць месца для кары, вызначыць час і зрабіць усе неабходныя распараджэнні. Сімурдэн меў звычку «паказваць добры прыклад», гэта значыць асабіста прысутнічаць пры выкананні смяротных прыгавароў. Суддзя глядзеў на работу ката.

Говэн быў таксама заклапочаны.

З боку лесу дзьмуў халодны вецер. Перадаўшы Гешану ўсе неадкладныя службовыя справы, Говэн пайшоў у сваю палатку, якая стаяла на ўскрайку лесу, недалёка ад вежы, узяў там свой плашч з капюшонам і загарнуўсй ў яго. Плашч гэты, паводле скромнай рэспубліканскай моды, якая не прызнавала ніякіх аздабленняў, быў аблямаваны простым галуном; такі галун служыў адзнакай начальнікаў атрадаў. Говэн пачаў хадзіць па лузе, акрываўленым забітымі ў бойцы; з гэтага месца пачынаўся штурм вежы. Ён быў адзін. Пажар яшчэ працягваўся, але на яго не звярталі ўвагі.

Радуб клапаціўся каля Мішэлі Флешар, усё яшчэ не ачуняўшай, і даглядаў дзяцей, амаль замяняючы іх матку. Замак дагараў. Салдатам было шмат работы. Капалі магілы, хавалі забітых, перавязвалі раненых, разбіралі барыкаду, выносілі трупы з залаў і лесніц вежы, чысцілі месца бойкі, стараючыся знішчыць страшныя сляды перамогі, — словам, салдаты з уласцівай вайскоўцам спрытнасцю па сканчэнню бітвы прыводзілі ў парадак тое, што больш-менш можна назваць іхняй гаспадаркай.

Нічога гэтага не ведаў і не бачыў Говэн. Ён толькі зрэдку задумліва пазіраў у бок пралому ў вежы, дзе стаяла варта, павялічаная ў два разы загадам Сімурдэна.

Тры гадзіны назад тут пачалася атака; праз гэты самы пралом ён, Говэн, са сваімі салдатамі ўварваўся ў вежу; за гэтым праломам быў ніжні паверх, дзе іх сустрэла барыкада; у гэтым паверсе былі дзверы ў падзямелле, дзе сядзеў маркіз; гэтую цямніцу і ахоўвала варта, што стаяла каля пралому.

І позірк яго мімаволі накіроўваўся ў гэты бок, а ў вушах пахавальным звонам адбіваліся словы: «Заўтра — суд, паслязаўтра — гільятына».

Хоць пажар безупынна, колькі маглі, залівалі вадой, ён спыніўся не адразу і раз-по-раз выкідваў вялікія вогненыя языкі. Мінутамі было чуваць, як трашчалі гарэўшыя балкі, а калі на якім-небудзь паверсе правальвалася падлога або столь, іскры віхрам разляталіся ва ўсе бакі; усё навакол, нібы маланкай, асвятлялася да дальняга гарызонта, і гіганцкі цень ад вежы выцягваўся да самага лесу.

Говэн ціхімі крокамі хадзіў узад і ўперад па лузе, каля пралому, дзе стаяла варта. Часам ён падымаў рукі і, сашчапіўшы пальцы, закладваў за галаву, прыкрытую капюшонам. Ён разважаў.

РАЗДУМ'Е ГОВЭНА

Цяжкое было яго раздум'е. На яго вачах адбылася незвычайная перамена.

Маркіз дэ-Лантэнак змяніўся.

Говэн прысутнічаў пры гэтым.

Ніколі ён не паверыў-бы, што ход падзей, нават самых незвычайных, можа прывесці да такіх вынікаў. Ён і не сніў, што можа здарыцца нешта падобнае.

Што-ж ён думаў пра ўсё гэта?

Перад ім было пастаўлена пытанне, ад якога ён нікуды не мог уцячы.

Пастаўлена кім?

Падзеямі. І не аднымі толькі падзеямі.

Говэн вытрымліваў допыт.

Ён стаяў перад грозным суддзёй.

Гэта было яго сумленне.

Ён адчуваў, што ўсё ў ім вагаецца. Самыя цвёрдыя яго пераконанні, самыя нязменныя рашэнні — усё пахіснулася.

Чым больш ён удумваўся ў тое, чаму толькі што быў сведкам, тым больш прыходзіў у замяшанне.

Ён не мог зняць з сябе адказнасці за тое, што павінна было адбыцца. Факт быў надзвычайнай важнасці, і ён, Говэн, быў адным з удзельнікаў яго. Ён не мог адмахнуцца ад яго і, колькі-б ні казаў яму Сімурдэн: «Гэта цябе не тычыцца», ён адчуваў нешта, падобнае на тое, што павінна адчуваць дрэва, калі яго адрываюць ад кораня.

Ён сціскаў галаву абодвума рукамі, нібы хацеў выціснуць з яе ісціну.

Уясніць становішча было нялёгка.

Нічога не можа быць цяжэйшым, як задача спрасціць складанае.

Каму не здаралася ў рашаючыя моманты жыцця даваць справаздачу перад сваім сумленнем, пытаць сябе, які шлях выбраць: ці ісці ўперад, ці вяртацца назад?

Говэн толькі што прысутнічаў пры цудзе. Жорсткае сэрца было пераможана.

Перад Говэнам быў чалавек, якога ён лічыў эгаістам і дэспатам; у ім было ўсё, што толькі можа быць дрэннага ў чалавечай душы: жорсткасць, заблуджэнне, злосная ўпартасць, ганарыстасць, эгаізм. І з гэтым чалавекам адбыўся цуд.

Говэн быў сведкам перамогі чалавечнасці над чалавекам. Людскасць пакарыла нялюдскасць.

Тры маленькія, толькі што паспеўшыя нарадзіцца, несвядомыя істоты, трое сіротак, закінутых, адзінокіх, умеючых толькі лепятаць ды ўсміхацца, маючы супроць сябе грамадзянскую вайну, усеагульную рэзаніну, братазабойствы, застарэлую саслоўную нязгоду, прагнасць помствы, — гэтыя тры стварэнні перамаглі. Подлы падпал, які павінен быў прывесці да нечуванага злачынства, не дасягнуў сваёй мэты; дзікі замысел не здзейсніўся.

Говэн разважаў.

Маркіз дэ-Лантэнак, асуджаны, пастаўлены па-за законам, прыціснуты да сцяны, сціснуты, як цвік абцугамі, зацкаваны, як звер у цырку, загнаны ў сваё логава, якое зрабілася яго турмой, абкружаны жалезным і вогненым колам, здолеў уцячы. Так. Гэты цуд удаўся яму. Ён зрабіў выдатны ваенны манеўр, самы цяжкі ў такога рода вайне: ён уцёк. Ён вярнуўся ў лясы, дзе можна было хавацца; ён знік у цемры. Перад ім была знаёмая краіна, дзе ён лёгка мог зноў распачаць барацьбу; ён мог зноў зрабіцца той грознай, цёмнай сілай, тым вандроўным злым духам, правадыром нябачных істотаў, начальнікам падземных байцоў, гаспадаром лясоў, які на ўсіх наводзіў такі жах. Перамога была на баку Говэна, але Лантэнак вярнуў сабе волю. Лантэнак выратаваўся ад небяспекі, перад ім зноў адкрылася бязмежнае поле дзейнасці; у яго быў невычарпальны выбар прытулкаў. Ён зноў быў няўлоўны, недасяжны, недаступны. Леў трапіў у пастку і вырваўся на волю.

І вось ён вярнуўся ў пастку.

Добраахвотна, па ўласнаму жаданню, маркіз дэ-Лантэнак вышаў з свайго сховішча, адмовіўся ад волі і пайшоў насустрач пэўнай смерці, спачатку кінуўшыся ў пекла пажару і рызыкуючы жыўцом згарэць, затым спусціўшыся па лесніцы, якая, выратоўваючы іншых, яго прыводзіла да немінучай гібелі.

І дзеля чаго ён гэта зрабіў?

Каб выратаваць трох дзяцей.

А што цяпер зробяць з ім?

Яго пакараюць смерцю.

Такім чынам, гэты чалавек, дзеля трох маленькіх дзяцей — яго ўласных? — не; блізкіх яму па крыві? — не; блізкіх яму па касце? — не; дзеля трох нейкіх беспрытульных, якіх ён зусім не ведаў, абадраных, басаногіх, ён, гэты арыстакрат, гэты прынц, гэты стары, вольны, выратаваны, радасны (бо ўдалыя ўцёкі не горш за перамогу), усё кінуў, усё забыў, усё паставіў на карту і, ратуючы дзяцей, горда прынёс у падарунак ворагу сваю галаву.

І што-ж хочуць зрабіць?

Прыняць гэты падарунак.

Маркіз дэ-Лантэнак меў выбар паміж сваім жыццём і жыццём бліжняга; ён выбраў для сябе смерць.

І яго заб'юць.

І гэта ўзнагарода за гераізм.

Адказаць варварствам на вялікадушны ўчынак!

Якое змаленне ідэі Рэспублікі!

І ўсё гэта адбудзецца ў прысўтнасці яго, Говэна! І ён дапусціць гэта, маючы мажлівасць перашкодзіць! Ён супакоіцца на кінутай яму пагардлівай фразе: «Гэта цябе не тычыцца!» І ўнутраны голас не падкажа яму, што ў такіх выпадках адыйсці ўбок азначае ўдзельнічаць! І ён не зразумее, што ў такой важнай справе з двух злачынцаў куды горш той, хто дапускае злачынства, чым той, хто выконвае яго!

Але, з другога боку, хіба на гэтую кару смерцю ён не даў сваёй згоды? Ці не ён урачыста абвясціў Сімурдэну, што Лантэнак — выключэнне, што літасць не пашырацца на яго, што Лантэнак будзе аддадзены ў яго рукі, як толькі трапіць у палон?

Так, ён вінен Сімурдэну: ён абяцаў яму гэту галаву, і цяпер, аддаючы яе, ён толькі заплоціць свой доўг.

Усё гэта так. Але ці аб гэтай галаве ішла гугарка?

Да гэтага часу Говэн бачыў у Лантэнаку толькі дзікага воіна, які забіваў палонных, крыважэрнага звера, бяскарна лютаваўшага ў час вайны. Такога Лантэнака ён не баяўся; гэтага ката ён, не задумваючыся, засудзіў-бы на смерць. Але на сцэну выступіў новы, нечаканы Лантэнак. Страшыдла зрабілася чалавекам. Чалавекам з сэрцам. Перад Говэнам быў ужо не душагуб, які забівае людзей, а збавіцель Лантэнак збіў яго маланкай дабраты.

Але перад Говэнам паўставала яшчэ адно труднае пытанне — гэта сваяцтва. Хіба кроў, якую ён збіраўся праліць, не была яго крывёю, крывёю Говэнаў? Дзед яго памёр, але брат дзеда быў жывы, і гэты другі яго дзед быў маркіз дэ-Лантэнак.

У спрэчках Говэна са сваім сумненнем пытанне ставілася іменна так, і адказ вынікаў сам: трэба выратаваць Лантэнака.

Так. А Францыя?

Тут мысль рабіла рэзкі паварот.

Францыя — ў страшных цісках. Францыі здрадзілі: яна адкрытая для ворага, безабаронная. У яе няма больш граніц: Германія перайшла Рэйн; у яе няма больш сцяны: Італія пераступіла цераз Альпы, Іспанія цераз Пірэнеі. У яе засталася адна толькі апора — марская бездань, акіян. Акіян быў на яе баку. Яна магла прысланіцца да яго і, абапіраючыся на ўсю водную прастору, вялікая, магутная, магла ваяваць з усёй зямлёй. І нават пры гэтых умовах яна была непераможная. І вось у яе хочуць адабраць апошнюю апору: у яе хочуць адабраць акіян. На гэтым акіяне, праўда, ёсць яшчэ Англія, але Англія не ведае, як ёй дабрацца да французскіх берагоў. Затое ёсць чалавек, які працягне ёй руку, які перакіне мост цераз акіян і скажа Піту і ўсім гэтым піратам: «Ідзіце да нас, калі ласка!», які крыкне Англіі: «Вось Францыя: бяры яе!» І гэты чалавек — маркіз дэ-Лантэнак.

Чалавек гэты ў іхніх руках. Тры месяцы палявалі на яго, і пасля трохмесячнага ўпартага праследвання яго, нарэшце, злавілі. Рука рэволюцыі лягла, нарэшце, на плячо праклятага зладзея; сціснуты кулак дзевяноста трэцяга года трымае за карак забойцу-раяліста. Ён чакае сваёй кары ў каменным мяшку свайго фамільнага маёнтка. Камні яго ўласнага замка паўсталі супроць яго: яны моцна трымаюць яго, і той, хто збіраўся здрадзіць сваёй радзіме, цяпер выданы сваім домам.

Час расплаты прышоў. Рэволюцыя ўзяла ў палон ворага народу; ён больш не можа ваяваць, не можа змагацца, не можа шкодзіць. У Вандэі было шмат рук, але мозг быў адзін. Яго знішчэнне азначае спыненне грамадзянскай вайны.

Няўжо знойдзецца хто-небудзь, хто захоча выратаваць яго?

Сімурдэн, гэта значыць дзевяноста трэці год, трымае ў цісках Лантэнака, або манархію, і раптам знойдзецца чалавек, які вырве з гэтых жалезных ціскоў гэткую здабычу! Лантэнак, увасабленне ўсіх жахаў, агульная назва якім — мінулае, маркіз дэ-Лантэнак у магіле; важкія дзверы вечнасці зачыніліся над ім, і раптам нехта адчыніць іх! Дзяржаўны злачынца памёр, і з ім прышоў канец мецяжу, усобіцам, братазгубнай, зверскай вайне, і нехта раптам надумаецца яго ўваскрасіць!

О, як зарагоча гэта мёртвая галава!

З якой злоснай радасцю скажа гэты выхадзец з таго свету:

«Дзякую вам, дурні! Вось я зноў жывы».

З якой лютасцю возьмецца ён зноў за сваю подлую справу! З якім захапленнем, няўмольны і радасны, ён зноў апусціцца ў балота нянавісці і бязлітаснай помсты! І зноў запалаюць дамы і вёскі, зноў пачнецца забойства палонных, дабіванне раненых, расстрэлы жанчын.

Ды і апрача ўсіх іншых меркаванняў, ці не перавялічыў ён, Говэн, значэння вялікадушнага ўчынку, які так уразіў яго?

Так, праўда, трое дзяцей гінулі; Лантэнак іх выратаваў.

Але-ж ці не сам Лантэнак хацеў іх загубіць?

Хто кінуў іх у полымя? Хто паставіў іхнія калыскі ў пакой, які прызначаны быў згарэць?

Іманус.

А хто такі быў Іманус?

Падначалены і правая рука Лантэнака.

На каго-ж падае адказнасць за падпал?

На начальніка.

Значыцца, падпальшчык і забойца — усё ён-жа, Лантэнак.

Што-ж ён зрабіў такога незвычайнага? Не прывёў у выкананне свой злачынны замысел, не скончыў пачатае, і толькі.

Задумаўшы і падрыхтаваўшы злачынства, ён у апошні момант адмовіўся ад яго. Ён жахнуўся сябе самога. Лямант мацеры разварушыў у ім даўно забытае пачуццё чалавечага жалю, якое жыве ў кожным сэрцы, нават самым закаранелым. Гэты лямант прымусіў яго вярнуцца назад. З цемры, дзе ён збіраўся знікнуць, ён зноў вышаў на святло. Стварыўшы злачынства, ён разбурыў яго. Ён не застаўся страшыдлам да канца — вось і ўся яго заслуга.

І за такую дробязь дараваць яму ўсё? Вярнуць яму паветра, святло дня, прасторы палёў, даліны і лясы, якія ён скарыстае для разбою, і жыццё, якое ён прысвеціць на тое, каб сеяць вакол сябе смерць?

Спрабаваць-жа прыйсці з ім да згоды, паспрабаваць пераканаць яго, прапанаваць яму волю на пэўных умовах, спытаць яго, ці згодзен ён адмовіцца надалей ад мецяжа і ад усіх варожых выступленняў, — якою гэта было-б памылкай! Якога козыра дала-б яму ў рукі такая спроба! З якой пагардай ён сустрэў-бы яе! З'якой насмешкай адказаў-бы на падобнае пытанне: «Ганьбу пакіньце сабе, забіце мяне».

Не, такога чалавека можна было толькі або забіць, або вызваліць!

Забіць яго? Які жах! Вызваліць яго? Якая адказнасць!

Выратаваць Лантэнака азначае зноў пачаць вайну з Вандэяй, з гідрай, у якой яшчэ цэлая галава. У адзін міг, з хуткасцю метэора, полымя пажару, якое згасла пасля знікнення гэтага чалавека, разгарыцца зноў. Ён не супакоіцца, пакуль не выканае свой подлы план, пакуль не прыстукне, як труну крышкай, Рэспубліку манархіяй і Францыю Англіяй. Выратаваць Лантэнака значыць афяраваць Францыю. Жыццё Лантэнака — гэта смерць тысяч ні ў чым не вінаватых людзей — мужчын, дзяцей і жанчын, гэта аднаўленне братазгубнай вайны, гэта высадка англічан, зваротны ход рэволюцыі, разгром гарадоў, залітая крывёю Брэтань, гаруючы народ, кінутая на разадранне каршуну здабыча.

А потым пытанне зноў вярталася ў першапачатковым сваім выглядзе: ці праўда, што Лантэнак тыгр?

Можа ён быў тыграм, але цяпер?.. Думкі Говэна кружыліся на адным месцы.

Лантэнак паказаў сябе чалавекам незвычайным.

Цяпер чарга была за Говэнам. Чым ён адкажа на такі выклік? Што ён зробіць?

І ён паўтараў у думках: «Я выратую Лантэнака!»

«Добра! — сказаў у душы яго другі голас. — Ідзі дапамагай англічанам. Будзь дэзертырам. Ратуй Лантэнака і аддавай ворагам Францыю».

Гэты голас прымусіў яго дрыжаць. «Ты не можаш нічога вырашыць, лятуценнік!» — казаў ён сабе.

Говэн вагаўся. Гэта была сапраўдная пакута.

Ён павінен быў загубіць Лантэнака або выратаваць яго. Трэба было вырашыць гэта.

У якое з гэтых двух бяздонняў штурхаў яго абавязак?

ПЛАШЧ КАМАНДЗІРА

Надышла поўнач, потым гадзіна ночы. Говэн сам не заўважыў, як апынуўся за некалькі крокаў ад пралому.

Пажар, згасаючы, кідаў навакол толькі слабае, рассеянае святло.

Водбліск дагараўшага полымя падаў на плато, па другі бок вежы, і яно то выступала з цемры, то зноў хавалася ў ёй. Чаргаванне раптоўнага асвятлення і цемры надавала ўсім прадметам ненатуральную велічыню. Говэн, ахоплены сваімі думкамі, несвядома сачыў за барацьбой між агнём і дымам.

Раптам між двума клубамі дыму вылецеўшая з вогнішча галаўня ярка асвятліла вяршыню плато, і перад Говэнам мільгануў чырвоны сілуэт павозкі. Ён пачаў



Говэн накіраваўся да вежы.

углядацца. Павозку ахоўвалі коннікі ў форменых трохкутных капелюшах. Яму здалося, што гэта тая самая павозка, якую яны з Гешанам бачылі здалёк у падзорную трубу некалькі гадзін назад, перад захадам сонца. На павозцы капашыліся людзі, мабыць разгружалі яе. Яны здымалі з яе, відаць, нешта цяжкое, якое часам вылучала металёвы гук. На такой адлегласці трудна было разгледзець, што гэта такое. Яно падобна было на драўляны зруб. Два чалавекі знялі і паставілі на зямлю скрыню, у якой, мяркуючы па яе форме, быў нейкі трохкутны прадмет. Галаўня згасла, зноў зрабілася цёмна. Говэн задумліва глядзеў на скрыню, спрабуючы здагадацца, што такое магло там быць.

На плато запаліліся ліхтары, замільгалі нейкія цені, Говэну, які стаяў унізе і па другі бок рова, відаць быў толькі бераг пляцоўкі над ровам. Чутны былі галасы, але слоў нельга было разабраць. Даляталі часам удары, падобныя на ўдары сякеры па дрэву. Даносіўся нейкі металёвы гук, нібы нехта вастрыў касу.

Прабіла дзве гадзіны. Ціхімі, нерашучымі крокамі, як быццам нехаця, накіраваўся Говэн да пралому. Калі ён падышоў да яго, вартавы, разгледзеўшы ў поўзмроку абшыты галуном плашч камандзіра, аддаў яму чэсць. Говэн увайшоў у ніжні зал вежы, якая цяпер служыла кардэгардыяй. На столі вісеў ліхтар. Ён асвятляў зал роўна настолькі, каб можна было прайсці, не наступаючы на параскіданыя целы вартавых, якія паляглі на саломе па ўсёй падлозе.

Людзі ляжалі на тым самым месцы, дзе за некалькі гадзін перад тым біліся з ворагам. На кавалках чыгуну і свінца ад карцечы, рассыпаных па ўсёй падлозе, ляжаць было нязручна, але людзі так змарыліся, што гэта не перашкаджала ім спаць. Гэты зал толькі што быў сведкай жудасных сцэн. Тут пачаўся прыступ; нядаўна тут раздаваліся крыкі, енкі, стогны, скрыгат зубоў, ярасны рэў; нядаўна тут стралялі, секлі, калолі, забівалі і паміралі. Многа іхніх таварышоў памерла на камнях, на якіх яны цяпер спалі. Салома, якая служыла ім падсцілкай, была абмочана крывёю іх братоў. Цяпер гэта скончылася, кроў высахла, шаблі былі выцертыя, мёртвыя ляжалі мёртвымі, а яны, жывыя, спалі ціхім сном. Такая ўжо вайна.

Пры ўваходзе камандзіра некаторыя з ляжаўшых усхапіліся, у тым ліку афіцэр, начальнік варты. Говэн паказаў яму рукой на дзверы ў падзямелле і сказаў:

— Адчыніце!

Засаўкі былі адсунуты. Говэн увайшоў у цямніцу, і дзверы за ім зачыніліся.