Перайсці да зместу

Дзевяноста трэці (1937)/3/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Кніга трэцяя Частка трэцяя. Кніга чацвёртая
Раман
Аўтар: Віктор Гюго
1937 год
Арыгінальная назва: Quatrevingt-treize (1874)
Пераклад: Янка Маўр
Кніга пятая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КНІГА ЧАЦВЕРТАЯ


ВЫРАТАВАННЕ

ЗНОЙДЗЕНЫЯ, АЛЕ ЗГУБЛЕНЫЯ

У тую мінуту, калі Мішэль Флешар убачыла вежу ў залатых праменнях заходзячага сонца, яна была ад яе на адлегласці амаль паўтары мілі. Але адлегласць не спыніла яе. Жанчыны слабыя, але мацеры дужыя. Мішэль Флешар пайшла далей.

Сонца села. Надышоў змрок, потым поўная цемра. Ідучы далей, яна чула, як недзе далёка, на нябачнай званіцы, прабіла восем, потым дзевяць гадзін.

Яна ішла ўсё прама наперад, ступаючы па купінах і па калючках цярноўніка скрываўленымі нагамі. Ішла на слабае святло, якое было відаць з байніц вежы. Чым ярчэй бліскала святло ў байніцах вежы, тым мацней быў адначасовы гул. Абшырнае плато, па якім ішла Мішэль Флешар, усё зарасло верасам і травой. Навакол не было відаць ні дрэў, ні жылля. Дарога падымалася на гару, і недзе далёка яе даўгая, прамая і жорсткая лінія ўпіралася ў край цёмнага, усеянага зоркамі небасхіла. Мішэль наўрад ці вытрымала-б гэты пераход, каб перад яе вачыма не было гэтай вежы, якая прыцягвала яе да сябе. І гэтая вежа ўсё расла.

Бледныя водбліскі святла і глухія ўдары чаргаваліся. яе пачынаўся пажар. Агонь то выскакваў вон, то хаваўся ў дыме, круцячыся і выгінаючыся, як змяя.

Доўгім чырвоным языком полымя выходзіла з адчыненага акна.

Мішэль Флешар глядзела, ашаломленая. Што ёй было рабіць? Бегчы? Заставацца?

Парыў ветру разарваў на момант дымавую заслону, і трагічная цытадэль выразна наступіла ў гэтым прасвеце.

Гарэў ніжні паверх будынка, што стаяў на масту. Над ім, нібы ў вогненым кашы, чарнелі два верхнія паверхі, яшчэ не кранутыя агнём. З берага кручы, дзе стаяла Мішэль Флешар, у тыя хвіліны, калі полымя перамагала дым, можна было бачыць унутранасць пакояў. Усе вокны былі адчыненыя.

Праз вялізныя вокны другога паверха відаць былі ўдоўж сцен шкляныя шафы, напакаваныя кнігамі, а ля аднаго з акон, на падлозе, ляжаў нейкі камяк, падобны на вялікае гняздо або на вывадак нейкіх маленькіх звяркоў. Мішэлі здалося нават, што гэты камяк часам варушыўся.

Яна пачала ўглядацца. Што-б гэта такое магло быць? «А што, калі сапраўды гэта жывыя істоты?» — думалася ёй. Яе трэсла; яна ішла ўвесь дзень, не адпачываючы, нічога не ела ад раніцы; яна знясілела ад стомы. Яна адчувала, што ў яе пачынаецца брэд, і інстынктыўна не давярала сваім уражанням. І ўсё-такі вочы яе не маглі адарвацца ад загадкавай цёмнай кучкі невядомых прадметаў, што ляжалі на паркеце пакоя, які знаходзіўся акурат над гарэўшай часткай будынка.

Раптам агонь выцягнуў уверх адзін з сваіх языкоў і лізнуў галінку засохлага плюшча, які пакрываў акурат той фасад замка, на які глядзела Мішэль Флешар.



Маці пазнала сваіх дзяцей. Полымя нібы знайшло сабе новую спажыву. Прагна ахапіўшы першыя парасткі плюшча, яно з жахлівай шпаркасцю, нібы па парахавым провадзе, пабегла ўверх. У адзін міг яно дабегла да верхняга паверха і зверху асвятліла сярэдзіну другога. Уся залітая яскравым святлом, рэльефна выступіла на падлозе чароўная група — трое спячых малютак. Сціснуўшыся ў кучу, пераплятаючыся рукамі і нагамі, усе трое мірна спалі. Тры мілыя галоўкі са сплюшчанымі вачыма ўсміхаліся ў сне.

Маці пазнала сваіх дзяцей. У яе вырваўся жудасны крык — той крык невыказнай пакуты, якім можа крычаць толькі маці. Няма нічога больш жахлівага і жаласлівага, як гэты крык. Калі так крычыць жанчына, здаецца, што чуеш ваўчыцу; калі так крычыць ваўчыца, здаецца, што чуеш жанчыну.

Крык, які вырваўся ў Мішэль Флешар, быў нават не крык, а выццё.

Гэты крык і пачуў маркіз дэ-Лантэнак. Ён спыніўся.

Ён быў у гэты момант паміж выхадам з патаемнага ходу, якім правёў яго Гальмало, і ровам. Скрозь галлё, што сплялося над яго галавой, яму відаць быў мост, увесь у агні, і вежа, барвовая ад водбліску пажару. Каб лепш бачыць, ён рассунуў галіны і ўверсе, на беразе кручы, па другі бок рову, прама супроць палаючага замка, убачыў усю асветленую заравам, схіленую над ровам фігуру жанчыны са скажоным ад жаху тварам. Яе крык быў крыкам жывёлы; яе фігура, яе поза — фігура і поза багіні. Яе залітыя слязмі вочы кідалі маланку; яе погляд упрашаў, загадваў, пагражаў пажару, як жывой істоце.

Маркіз слухаў. Зверху на яго, нібы каменні, падалі крыкі, енкі, лямант; ён чуў нешта незразумелае, але раздзіраючае душу, — больш рыданні, як словы.

— О, божа! Мае дзеці! Гэта яны, мае дзеці! Памажыце! Памажыце! Злодзеі вы, ці што? Няўжо тут няма нікога?.. Мае дзеці згараць!.. Ах, ды што-ж гэта такое?! Жоржэта! Дзеткі мае! Гро-Алэн, Рэне-Жан!.. Ах, божа мой, што-ж усё гэта значыць? Хто засадзіў сюды маіх дзяцей?.. Яны спяць — мае ягадкі… Ах, я звар'яцею… Не, яны не могуць згарэць, гэта немагчыма! Памажыце!

Між тым у вежы і на плато ішла страшэнная мітусня. Увесь лагер збегся, як толькі ўбачылі, што пачынаецца пажар. Нападаючым, толькі што меўшым справу з карцеччу, прыходзілася цяпер змагацца з агнём. Говэн, Сімурдэн і Гешан давалі спешныя загады. Але што тут было рабіць? Чым дапамагчы? У маленькім раўчуку, што працякаў у рове, не набраць было і некалькіх вёдзер вады. Агульная разгубленасць і жах усё павялічваліся. Увесь бераг кручы быў усеяны перапалоханымі людзьмі з бледнымі тварамі, бездапаможна глядзеўшымі на пажар.

Карціна была сапраўды жудасная. Полымя па сухім плюшчы перабегла на верхні паверх. Там, пад страхой, дзе было шмат саломы, яно знайшло багатую спажыву і накінулася на яе. Гарэла ўсё падстрэшша. Агонь скакаў, агонь радаваўся. Весялосць полымя — жудасная рэч. Здавалася, чыёсьці злоснае, злачыннае дыханне раздзьмухвае гэты касцёр. Здавалася, сам страшны Іманус ператварыўся ў віхр вогненых іскраў. Сярэдні паверх, дзе была бібліятэка, яшчэ не быў ахоплены агнём. Высокая столь і тоўстыя сцены аддалялі момант, калі ён павінен быў загарэцца. Але гэты момант набліжаўся: вогненыя языкі ўжо лізалі і зверху і знізу. Унізе — кацёл растопленай лавы; наверсе — палаючы касцёр; варта прагарэць столі, і бібліятэка была-б засыпаная распаленымі вуголлямі; варта прагарэць падлозе, і ўсё правалілася-б у кіпучы кацёл.

Рэне-Жан, Гро-Алэн і Жоржэта, яшчэ не прачнуліся; яны спалі глыбокім, спакойным сном дзяцінства. Скрозь хвалі дыму і агню, якія то засланялі адчыненыя вокны бібліятэкі, то зноў адкрывалі іх, можна было бачыць усіх трох. Спакойныя, бездапаможна даверлівыя, параскідаўшыся ў прыгожых позах, залітыя яркім святлом пажару, яны ляжалі ў гэтай вогненай пячоры. Тыгр і той, здаецца, заплакаў-бы, бачачы гэтых малютак, толькі што пачынаючых жыць, у абдымках смерці.

— Гарыць! Гарыць! Памажыце! — маліла, ламаючы рукі, бедная маці. — Ніхто не ідзе. Ах, божа мой! Аглухлі ўсе вы, ці што? Вы чуеце, я крычу: мае дзеці згараць! Вас многа тут, ідзіце-ж хто-небудзь! Колькі дзён і тыдняў я шукала іх, маіх малютак, і вось як я іх знаходжу! Завошта? Завошта? Што яны зрабілі? У чым іх віна?.. Мяне расстралялі, іх хочуць спаліць. Хто гэта робіць?.. Ды памажыце-ж! Ратуйце дзяцей! Няўжо вы не чуеце мяне?.. Сабаку і таго пашкадавалі-б… Мілыя мае, родныя!.. Яны спяць… Жоржэта, дачушка мая! Спіць зусім голенькая — вунь выставіла свой жывоцік. Рэне-Жан! Гро-Алэн! Хлопчыкі мае!.. Я-ж ім маці, я ведаю, як іх завуць. Вы бачыце цяпер, што я іхняя маці… Ах божа мой, што толькі творыцца на свеце!.. А я-ж іх шукала, усё ішла, ішла дзень і ноч. Яшчэ сёння раніцою гаварыла з адной жанчынай; я казала ёй, што я шукаю маіх дзяцей… Памажыце! Памажыце! Страшыдлы! Звяры! Там-жа-ж дзеці гараць! Старэйшаму толькі пяты гадок, а маленькай няма і двух. Дзеткі мае! Бач ты, як параскідаліся ў сне. Я бачу, адсюль іх голенькія ножкі. Спяць сабе, нічога не ведаюць. Не, вы не згарыце, мае малюткі. Ці на тое я вас гадавала, ці на тое карміла сваім малаком, прайшла дзеля вас столькі міль?.. А я-ж, калі вас адабралі ад мяне, яшчэ думала: «Якая я няшчасная!» Людцы, злітуйцеся нада мной! Аддайце мне маіх дзяцей! Я не магу жыць без іх… Можа я сню?.. Ды не, яны там, у агні, я іх бачу… Памажыце-ж! Пашкадуйце мяне! Глядзіце — у мяне ўсе ногі ў крыві; гэта таму, што я іх шукала. Памажыце! Калі вы — людзі, а не зверы, вы не дасцё ім памерці такою смерцю. Дзе гэта відана, каб дзяцей палілі жыўцом? Навошта іх заперлі ў гэты жудасны дом? Разбойнікі! Укралі дзяцей для таго, каб іх забіць. Ах, што-ж мне рабіць? Я не хачу, каб яны паміралі. Каб я ведала, што яны так жудасна памруць, я забіла-б самаго бога… Памажыце! Памажыце!..

Сярод мальбы і ляманту мацеры на плато і ў рове чуліся галасы:

— Лесніцу!

— Лесніцы няма.

— Вады!

— Няма вады.

— Там, у вежы, на трэцім паверсе, ёсць дзверы.

— Яны жалезныя.

— Выламаць іх!

— Немагчыма.

А маці крычала ў роспачы:

— Пажар! Памажыце! Хутчэй!.. Ратуйце дзяцей або забіце мяне!.. Любыя мае!.. Родныя мае!.. Агонь усё разгараецца. Вырвіце іх з гэтага пекла або кіньце мяне ў агонь!..

І сярод усіх гэтых галасоў чуваць быў спакойны, роўны трэск пажару.

Маркіз дакрануўся да сваёй кішэні, намацаў у ёй ключ ад жалезных дзвярэй, затым, сагнуўшыся, увайшоў зноў у падземны ход, праз які ён толькі што ўцёк.

АД КАМЕННЫХ ДЗВЯРЭЙ ДА ЖАЛЕЗНЫХ

Цэлая армія ў чатыры тысячы чалавек, бездапаможная, збянтэжаная перад немагчымасцю выратаваць трох дзяцей, — такое было становішча.

Лесніцы сапраўды не было: адпраўленая з Жавенэ, як ужо ведае чытач, яна не дайшла па прызначэнню. Пажар між тым разліваўся ўшыркі, як лава з дзейнага кратэра. Спрабаваць загасіць яго вадой з амаль перасохлага ручая — смешна было і думаць; гэта было-б усёроўна, што спрабаваць заліць вулкан шклянкай вады.

Сімурдэн, Гешан і Радуб спусціліся ў роў. Говэн падняўся ў зал трэцяга паверха вежы, дзе быў патаемны ход і жалезныя дзверы ў бібліятэку. Адтуль-жа быў праведзены і насычаны серкай кнот, што падпаліў Іманус. Адтуль і пачаўся пажар.

Говэн узяў з сабой дваццаць чалавек сапёраў. Заставаўся адзін толькі спосаб — выламаць жалезныя дзверы. Адчыніць іх было немагчыма.

Паспрабавалі сячы сякерамі — сякеры паламаліся.

— Іх ніякая сталь не возьме, — сказаў адзін сапёр.

І сапраўды гэта былі нязломныя дзверы: суцэльнага каванага жалеза ды яшчэ змацаваныя падвойнымі балтамі па тры дзюймы таўшчыні кожны.

Пусцілі ў ход жалезныя ламы, у якасці рычагоў, але і яны разляцеліся на кавалкі. Говэн прашаптаў:

— Гэтыя дзверы можна прабіць толькі гарматай. Хіба паспрабаваць падняць сюды гармату?

— І гармата не дапаможа, — азваўся той-жа сапёр.

Ва ўсіх апусціліся рукі. Людзі моўчкі глядзелі на страшныя дзверы. З-пад іх відаць была барвовая паласа — водбліск агню. За імі бушаваў, усё пашыраючыся, пажар. Каля іх, злосна радуючыся, ляжаў жудасны труп Імануса.

Мажліва праз некалькі мінут усё разбурыцца. Што было рабіць?.. Не заставалася ніякай надзеі. Гледзячы на адчыненую дзіру патаемнага ходу, Говен усклікнуў у роспачы:

— А між тым вось гэтым шляхам вышаў маркіз дэ-Лантэнак!

— І тым-жа шляхам вяртаецца, — пачуўся голас.

І ў каменнай раме патаемнага ходу паказалася сівая галава.

Гэта быў маркіз.

Говэн не бачыў яго шмат гадоў; ён мімаволі адступіў. Усе астатнія замерлі на месцы, як скамянелыя.

Маркіз трымаў у руцэ вялікі ключ. Уладарным поглядам ён прымусіў рассунуцца некалькіх чалавек, што стаялі яму на дарозе, прайшоў прама да жалезных дзвярэй, нахіліўся і ўсунуў ключ у замок. Замок зарыпеў; дзверы адчыніліся, паказалася полымя. Маркіз увайшоў у гэтае палаючае мора, увайшоў цвёрдым шагам, з высока паднятай галавой.

Не паспеў ён ступіць і некалькіх крокаў, як падлога правалілася ў яго за спіной, адлучыўшы яго ад дзвярэй вогненым бяздоннем. Ён нават не павярнуў галавы і пайшоў далей. Праз секунду ён знік у дыме.

Што сталася з ім? Ці паспеў ён прайсці далей? Ці не праглынуў яго новы абвал? Няўжо ён толькі дарма загубіў сябе? Ніхто не мог на гэта адказаць. Відаць была толькі суцэльная сцяна з дыму і агню, за гэтай сцяной быў маркіз — жывы ці мёртвы.

ДЗЕЦІ ПРАЧЫНАЮЦЦА

Дзеці, нарэшце, расплюшчылі вочы. Другі паверх замка яшчэ не быў ахоплены пажарам; на столі бібліятэкі гуляў яго ружовы водбліск. Дзеці ніколі не бачылі такой дзіўнай зары. Усе трое глядзелі на яе з захапленнем.

Пажар разгараўся. Даўгія палаючыя галаўні фейерверкам разляталіся ў паветры, свецячыся ў цемнаце: здавалася, гэта каметы гуляюць, ганяючыся адна за адной. Агонь раскідлівы; свае багацці ён рассыпае па ветру.

— Прыгожа! — сказала Жоржэта.

Усе трое прыўзняліся і выцягнулі шыйкі.

— Яны прачынаюцца! — закрычала маці.

Рэне-Жан ускочыў; за ім ускочыў Гро-Алэн, а за Гро-Алэнам — Жоржэта. Рэне-Жан пацягнуўся, падышоў да акна і сказаў:

— Як горача!

— Голаца! — паўтарыла Жоржэта.

Маці пачала клікаць іх:

— Дзеткі мае! Рэне! Адэн! Жоржэта!

Дзеці азіраліся навакол, намагаючыся зразумець, хто іх кліча. Тое, што палохае дарослага чалавека, дзіця толькі дзівіць, а хто лёгка здзіўляецца, таго нялёгка спалохаць: няведанне не ведае страха.

Маці клікнула яшчэ раз:

— Рэне! Алэн! Жоржэта!

Рэне-Жан абярнуўся на голас. У дзяцей кароткая памяць, але ўспамінаюць яны хутка; усё мінулае здаецца ім учарашнім днём. Рэне-Жан убачыў маці, не знайшоў у гэтым нічога дзіўнага і сказаў:

— Мама!

— Мама! — паўтарыў за ім і Гро-Алэн.

— Мама! — прамовіла Жоржэта і працягнула да маці свае ручкі.

— Дзетачкі мае! — крыкнула маці.

Дзеці прыціснуліся да акна; на шчасце, пажар яшчэ не захапіў гэтага боку.

— Мне горача, — сказаў Рэне-Жан. І, знайшоўшы вачыма маці, крыкнуў ёй: — ідзі да нас, мама!

— Да нас, мама! — паўтарыла Жоржэта.

Няшчасная маці, расхрыстаная, у лахманах, са скрываўленымі нагамі, чапляючыся за кусты, сяк-так скацілася ў роў. Гешан і Сімурдэн былі ўжо там, такія-ж бездапаможныя ўнізе, як Говэн наверсе. Вакол іх сабраліся салдаты.

Гарачыня была нясцерпная, але ніхто гэтага не заўважаў. Усе з жахам глядзелі на палаючы замак, на высокія аркі маста, на недаступныя вокны.

Тры паверхі ў агні, і ніякай мажлівасці дабрацца да іх…

Да Гешана падбег Радуб з рассечаным плячом, з адарваным вухам, увесь у поце і крыві. Раптам ён убачыў Мішэль Флешар.

— Вось дык цуд! — вырвалася ў яго. — Расстраляная ўваскросла!

— Дзеці! Мае дзеці згараць! — ледзь вымавіла яна.

— Што праўда, то праўда, — сказаў Радуб. — Нам цяпер не да выхадцаў з таго свету.

І ён пачаў карабкацца на мост. Дарэмная спроба! Чапляючыся за камень ногцямі, ён прапоўз уверх некалькі вяршкоў; але аркі маста былі зусім гладкія — ніводнай шчарбінкі, ніякага выступу; камні былі дасканала дапасаваны адзін да аднаго. Радуб сарваўся і ўпаў.

А пажар бушаваў. У залітай заравам раме акна відаць былі тры русавалосыя галоўкі. Радуб убачыў іх. Тады, глянуўшы на неба, ён пагразіў яму кулаком.

Маці, стоячы на каленях, абнімала арку маста і крычала:

— Ратуйце! Ратуйце!

Чуўся сухі трэск палаючага дрэва і сіпенне агню. Шыбы кніжных шафаў бібліятэкі пачалі трэскацца і са звонам падалі на падлогу. Было ясна, што блізіцца катастрофа. Ніякія чалавечыя сілы не маглі яе адхіліць. Яшчэ мінута, і ўсё павінна было заваліцца. Чутны былі тоненькія галасы, крычаўшыя: «Мама! Мама!» Жах дайшоў да апошняй мяжы.

Раптам у акне, суседнім з тым, ля якога стаялі дзеці, на цёмна-чырвоным фоне пажару паказалася высокая постаць.

Усе галовы падняліся, усе вочы прыкаваліся да гэтага акна. Там, наверсе, у зале бібліятэкі, быў чалавек — дарослы чалавек, мужчына. Яго постаць выступала чорным сілуэтам на чырвоным фоне агню; валасы ў яго былі белыя. Няцяжка было пазнаць у ім маркіза дэ-Лантэнака.

Ён знік на момант, потым з'явіўся зноў. Страшны старык трымаў цяпер у руках даўгую лесніцу. Гэта была выратоўчая лесніца, што ляжала ў бібліятэцы ля сцяны. Ён падцягнуў яе да акна са спрытнасцю і дужасцю асілка і пачаў асцярожна спускаць на дно рову. Стаяўшы ўнізе Радуб, не памятаючы сябе ад радасці, падхапіў лесніцу і, сціснуўшы яе ў абдымках, крыкнуў:

— Хай жыве Рэспубліка!

— Хай жыве кароль! — адказаў маркіз.

— Крычы сабе, што хочаш, вярзі якое хочаш глупства, а ўсё-такі я гатоў маліцца на цябе, як на бога, — прабурчэў Радуб.

Лесніца была пастаўлена; між палаючым будынкам і зямлёй былі наладжаны зносіны. Збегліся людзі. Дваццаць чалавек з Радубам на чале ў адзін міг ускарабкаліся на лесніцу. Яны занялі ўсе ступенькі, па адным чалавеку на кожнай, прысланіўшыся да лесніцы спіной, як гэта робяць каменшчыкі на пабудовах, калі падымаюць камні на рыштаванні. Такім чынам, на драўлянай лесніцы стварылася чалавечая лесніца. На верхняй ступеньцы стаяў тварам да акна Радуб; галава яго прыходзілася на адным узроўні з падаконнем.

Маленькая армія, хвалюемая самымі рознастайнымі пачуццямі, ціснулася па адхонах абрыва, між кустоў, на плато, ў рове. Частка салдат забралася нават на вышку вежы.

Маркіз зноў знік і праз секунду з'явіўся з дзіцем на руках. Пачуліся дружныя апладысменты.

Маркіз схапіў першага з дзяцей, які яму трапіў пад руку: гэта быў Гро-Алэн. Хлопчык крычаў:

— Я баюся! Баюся!

Маркіз перадаў яго Радубу; Радуб, у сваю чаргу, перадаў стаяўшаму за ім салдату, той — наступнаму і так далей. Пакуль перапалоханы Гро-Алэн, з крыкам пераходзячы з рук у рукі, спускаўся па лесніцы, маркіз прынёс Рэне-Жана. Хлопчык таксама плакаў і ўпарціўся; ён ударыў Радуба, калі маркіз перадаваў яго сержанту ў рукі.

Маркіз зноў знік у ахопленым полымем пакоі. Там заставалася адна Жоржэта. Ён падышоў да яе. Яна ўсміхнулася. І, неспадзявана для самога сябе, гэты суровы чалавек адчуў, што вочы яго робяцца вільготнымі. Ён спытаў яе:

— Як цябе завуць?

— Озета, — адказала яна.

Ён узяў яе на рукі. Яна ўсё ўсміхалася. Цёмная душа старога растаяла перад гэтай шчырай даверлівасцю і, перадаючы дзяўчынку Радубу, ён пацалаваў яе.

— Наша лялечка! Наша дачушка! — крычалі салдаты.



Маркіз з'явіўся з дзіцем на руках.

І Жоржэта, у сваю чаргу пераходзячы зрук у рукі, урачыста спусцілася на зямлю. Усе былі ўзрушаны, пляскалі далонямі, тупалі нагамі. Старыя грэнадзёры плакалі. Жоржэта ім усміхалася.

Маці, задыхаючыся ад радасці, ап'янелая ад нечаканага шчасця, стаяла каля лесніцы з працягнутымі рукамі. Яна прыняла ў абдымкі спачатку Гро-Алэна, потым Рэне-Жана, потым Жоржэту і ўсіх пакрыла пацалункамі, а потым істэрычна зарагатала і павалілася без прытомнасці.

— Выратаваны! Усе выратаваны! — крычалі навакол.

Так, выратаваны былі ўсе, апрача старога. Але ніхто не думаў аб яго выратаванні і менш за ўсіх, магчыма, ён сам.

Ён пастаяў некалькі секунд у раздум'і ля акна. Потым, не спяшаючыся, спакойна, з горда паднятай галавой, пераступіў цераз падаконне і, не азіраючыся на агонь, што бушаваў за ім, стаў моўчкі спускацца па лесніцы, высокі, прамы, горды. Стаяўшыя на лесніцы салдаты збеглі ўніз. Усе глядзелі на гэтага чалавека; усё расступалася перад ім. А ён спакойна, велічна спускаўся ў чакаючую яго цемру. Па меры таго як перад ім адступалі, ён падыходзіў бліжэй і бліжэй. Ні адзін мускул не рухаўся на яго мрамарна-бледным твары; у яго застыўшым позірку не было ні іскры жыцця. З кожным крокам, які набліжаў яго да гэтых людзей, што глядзелі на яго з цемнаты спалоханымі, шырока раскрытымі вачыма, ён як быццам вырастаў. Лесніца дрыжала пад яго цяжкой, цвёрдай ступой.

Як толькі яго нага з ніжняй ступенькі ступіла на зямлю, чыясьці рука лягла яму на плячо.

Ён абярнуўся.

— Я цябе арыштую, — сказаў Сімурдэн.

— Ты правы, — адказаў Лантэнак.