Перайсці да зместу

Дзевяноста трэці (1937)/3/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Кніга пятая Частка трэцяя. Кніга шостая
Раман
Аўтар: Віктор Гюго
1937 год
Арыгінальная назва: Quatrevingt-treize (1874)
Пераклад: Янка Маўр

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КНІГА ШОСТАЯ


ФЕАДАЛІЗМ І РЭВОЛЮЦЫЯ

ПРОДАК

На каменнай падлозе верхняй камеры падзямелля, каля квадратнай адтуліны ў ніжнюю камеру, гарэў ліхтар; тут-жа стаяў кубак з вадой і ляжала скіба хлеба. На падлогу быў кінуты ахапак саломы. Гэтая цямніца была высечана ў скале, і каб вязню прышла фантазія падпаліць салому, яго праца прапала-б дарэмна: цямніца не загарэлася-б, а сам ён немінуча задушыўся-б ад дыму.

У тую мінуту, калі дзверы павярнуліся на завесах, маркіз хадзіў па камеры з кута ў кут, як дзікі звер, пасаджаны ў клетку.

На скрып адчыненай дзверы ён падняў галаву, і ліхтар, што стаяў паміж ім і Говэнам, асвятліў твары абодвух. Маркіз зарагатаў.

— Добры дзень, віконт. Даўно ўжо я не меў шчасця вас бачыць. Вы былі такімі ласкавымі, што пажадалі наведаць мяне? Дзякую. Вельмі рады пагутарыць з вамі, — мне зрабілася трохі нудна. Вашы сябры дарма марнуюць час. Усе гэтыя пасведчанні асобы, ваеннапалявыя суды і іншыя цырамоніі — толькі лішняя маруда. Я на іх месцы адразу прыступіў-бы да справы. Я тут у сябе. Калі ласка, заходзьце. Што вы скажаце аб тым, што цяпер адбываецца? Праўда, арыгінальна? Жылі-былі калісьці кароль і каралева. Кароль быў кароль, а каралева была Францыя. І вось каралю адрубілі галаву, а каралеву выдалі замуж за Робесп'ера. У гэтага пана і ў гэтай дамы нарадзілася дачка па імю Гільятына, з якой, відаць, мне прыдзецца пазнаёміцца заўтра раніцою. Я гэтаму рад. Рад і таму, што бачу вас тут. Ці не затым вы з'явіліся, каб прадставіць мяне ёй? Можа вам далі вышэйшы чын — прызначылі катам? Не? Калі гэта проста сяброўскі візіт — я расчулены. Аднак, чаго-ж вы стаіцё? Калі ласка, сядайце. Праўда, сядзець прыдзецца на падлозе, бо ў гэтай гасцінай няма крэслаў, але хто жыве ў брудзе, той можа пасядзець і на падлозе. Я кажу гэта не для таго, каб вас абразіць: мы-ж называем брудам тое, што вы называеце народам. Спадзяюся, вы не будзеце вымагаць, каб я крычаў: «Свабода! Роўнасць! Братэрства!» Памяшканне, у якім вы мяне бачыце, старадаўні пакой майго дома. Калісьці паны саджалі сюды мужыкоў; цяпер мужыкі саджаюць сюды паноў. Гэтая недарэчнасць завецца рэволюцыяй. Гадзін праз трыццаць шэсць мне адрэжуць галаву. Гэта яшчэ-б нішто, але без табаку вельмі дрэнна. Было-б вельмі ласкава з вашага боку, каб вы паслалі па маю табакерку: я забыўся яе наверсе, у люстэрнай, дзе калісьці вы гулялі дзіцем і скакалі ў мяне на каленях… Мне хочацца, віконт, сказаць вам адну рэч; для вас гэта будзе навіной. Ваша імя — Говэн, і, як яно ні дзіўна, у вашых жылах цячэ шляхетная кроў, тая-ж, што і ў маіх. Гэтая кроў зрабіла з мяне благароднага чалавека, а з вас нягодніка. Вы скажаце мне, што гэта не ваша віна, але і не мая. Бываюць злачынцы несвядомыя. Усё залежыць ад таго, якім паветрам дыхае чалавек. У такія часы, як наш, ніхто не адказвае за свае ўчынкі. Балаўніца рэволюцыя гуляе ўсімі намі, і ўсе нашы вялікія злачынцы па сутнасці вялікія прасцякі. Пачаць хоць з вас. Нельга не захапляцца вамі. Нельга не цешыцца з маладога чалавека з паважанай сям'і, які, займаючы высокае становішча ў грамадстве, маючы мажлівасць праліць сваю шляхетную кроў за вялікую справу, будучы віконтам гэтага самага замка Тур-Говэн, будучы прынцам Брэтонскім з перспектывай зрабіцца герцагам і атрымаць званне пэра Францыі, гэта значыць маючы бадай усё, чаго можа пажадаць на зямлі разумны чалавек, — лічыць за лепшае зрабіцца тым, кім вы зрабіліся, і дамагаецца таго, што ворагі глядзяць на яго, як на зладзея, а прыяцелі лічаць яго дурнем. Дарэчы: перадайце маё прывітанне пану абату Сімурдэну.

Маркіз гаварыў проста, спакойна, нічога не падкрэсліваючы, тонам сяброўскай гутаркі, гледзячы на Говэна вясёлымі, яснымі вачыма і залажыўшы вялікія пальцы рук у кішэні жылета. Ён прыпыніўся, перавёў дух і прадаўжаў:

— Кажу шчыра, я хацеў вас забіць; я зрабіў для гэтага ўсё, што залежала ад мяне. Тры разы я ўласнымі рукамі наводзіў на вас гармату. Гэта недалікатна — прызнаюся, але дзіўна было-б чакаць, што вораг у час вайны будзе паказваць далікатнасць. А мы з вамі ваюем, пан мой пляменнік. Навакол усё заліта крывёю і пажарам. Забілі караля. Добрыя парадкі!

Ён зноў памаўчаў, потым пачаў гаварыць у тым-жа тоне:

— І як падумаеш, што нічога гэтага не было-б, каб павесілі Вольтэра і саслалі на галеры Русо[1]! Ах, гэтыя разумныя людзі, якое гэта вялікае зло! Палілі іх творы, замест таго каб спаліць саміх аўтароў. А ўсяму прычына — пісакі ды вершаплёты. Ужо-ж я расправіўся-б з гэтымі пэцкалямі паперы! Мы ў нашы часы ўмелі рабіць суд і расправу. Вось у гэтым самым пакоі чвэрткавалі людзей; на сцяне нават засталіся сляды ад колаў. Мы не любілі жартаваць. Не, не, не трэба пісак! Пакуль будуць Вольтэры, будуць і Мараты. Пакуль будуць пэцкалі паперы, будуць і забойцы. Пакуль будзе чарніла, будзе чорна. Пакуль чалавек не забудзецца трымаць у руцэ пяро, дурата і брыдота будуць ствараць бяссэнсную жорсткасць. Кнігі ствараюць злачынствы. Як могуць людзі цешыцца з падобнага глупства? Ну, што вы нам гаворыце пра ўсе гэтыя правы? Правы чалавека! Правы народу! Адна фантазія, пустыя словы, паўнейшая бязглуздзіца. Вашы нягоднікі, вашы галадранцы — што называюць яны правам? Богазабойства і царазабойства. Ці-ж гэта не агідства? Мне за вас крыўдна, паважаны віконт. Вы належыце да старадаўняга брэтонскага роду; у нас з вамі агульны прадзед Говэн-дэ-Туар. А вы маеце гонар быць ідыётам і за шчасце лічыце быць роўнапраўным з маім конюхам. Я быў ужо стары, калі вы былі хлапчуком; я выціраў вам нос, ды і цяпер вытру. Вы хоць і выраслі, а засталіся хлапчанём; з таго часу, як мы з вамі не бачыліся, нашы дарогі разышліся: я пайшоў шляхам гонару, вы шляхам супроцьлеглым… Я не ведаю, чым усё гэта скончыцца, але ведаю, што панове вашы сябры — паганыя нягоднікі. Яны ганарацца сваімі ўчынкамі. Ды як ім не ганарыцца? Прагрэс выдатнейшы! У нас у арміі за п'янства каралі вадой: вінаваты салдат павінен быў тры дні падрад выпіваць перад фронтам па штофу вады. Гэтую кару вы скасавалі. Вы знішчылі ўсё мінулае, пачынаючы з Бастыліі і канчаючы календаром, дзе вы замянілі святых гароднінай. Вельмі добра, панове грамадзяне! Пануйце, гаспадарце ва Францыі, распараджайцеся, не саромцеся, будзьце як дома. Вы знішчалі, разбівалі, ламалі ўсё, як дзікуны або звяры. Вам не патрэбна дваранства? Ну, што-ж, у вас яго больш не будзе, і вы яшчэ паплачаце па ім. Не будзе больш у вас рыцараў і герояў. Бывай, веліч Францыі!

Пасля мінутнай паўзы дадаў:

— Забівайце каралёў, забівайце дваран, забівайце духавенства, знішчайце, разбурайце, руйнуйце, тапчыце нагамі старыя законы, старыя традыцыі, старыя звычаі; ламайце прастолы, апаганьвайце алтары, касуйце бога і скакайце на руінах — гэта ваша справа. Вы — здраднікі і трусы, няздольныя на геройства, на самаафярнасць. Я сказаў усё. Цяпер адпраўляйце мяне на гільятыну, пан віконт. Маю гонар кланяцца.

І ён дадаў:

— Я нагаварыў вам многа горкіх ісцін. Але чаго мне баяцца? Я мёртвы.

— Вы вольны, — сказаў Говэн.

Ён падышоў да маркіза, зняў з сябе плашч, накінуў яго на плечы Лантэнака і спусціў яму на вочы капюшон. Яны былі аднолькавага росту.

— Што ты робіш? — сказаў маркіз.

Говэн, не адказваючы яму, крыкнуў:

— Паручык, адчыніце!

Дзверы адчыніліся.

— Зачыніце за мной! — зноў крыкнуў Говэн і выштурхнуў за парог ашаломленага маркіза.

Ніжні зал вежы, дзе змяшчалася кардэгардыя, асвятляўся адзіным ліхтаром, які даваў вельмі мала святла. Пры гэтым слабым асвятленні тыя з салдат, што не спалі, бачылі, як міма іх прайшоў чалавек высокага росту ў камандзірскім, абшытым галуном, плашчы з капюшонам. Яны аддалі яму чэсць, і ён знік за дзвермі.

Маркіз, не спяшаючыся, прайшоў ўсю кардэгардыю, пралез пралом, некалькі разоў стукнуўшыся галавой аб выступы каменняў, і вышаў з вежы. Вартавы прыняў яго за Говэна і выцягнуўся ва фронт.

Калі маркіз апынуўся на волі, адчуў у сябе пад нагамі лугавую траву, калі ён убачыў за дзвесце крокаў перад сабой ускрай лесу і прастору палёў і зразумеў, што там, у лесе, яго чакае воля, жыццё, — ён спыніўся. Але пасля мінутнага раздум'я ён падняў правую руку, пстрыкнуў пальцамі і, прамармытаўшы «ну, што-ж», пайшоў далей.

Дзверы падзямелля зачыніліся. За дзвярыма застаўся Говэн.

ВАЕННЫ СУД

Месцам паседжання ваеннага суда Сімурдэн выбраў той самы ніжні зал у вежы, дзе перад штурмам была зроблена барыкада і дзе потым зрабілі кардэгардыю. Сімурдэн стаяў за спрашчэнне ўсёй працэдуры і хацеў скараціць дарогу ад турмы да суда і ад суда да зшафота.

Роўна а поўдні, згодна яго распараджэнню, суд гатоў быў прыступіць да слухання справы. На сасновым стале стаялі дзве запаленыя свечкі; з аднаго боку стала — тры саламяныя крэслы, з другога — табурэт.

Крэслы прызначаліся для суддзяў, табурэт для падсуднага. Былі яшчэ два табурэты па канцах стала: адзін для пракурора, абавязкі якога павінен быў выконваць палкавы фур'ер, другі для сакратара, якім прызначылі аднаго з капралаў.

На стале стаялі дзве чарнільніцы і ляжалі кавалак чырвонага сургучу, медная пячатка, кіпа чыстых аркушоў паперы і два разгорнутыя друкаваныя плакаты: адзін — спіс асоб, абвешчаных па-за законам, другі — дэкрэт Канвента.

За сярэднім крэслам было пастаўлена некалькі трохкаляровых сцягаў. У тыя часы грубай прастаты ўстаноўка дэкарацый была справай няхітрай, і патрабавалася вельмі нямнога часу, каб ператварыць кардэгардыю ў зал суда.

Сярэдняе крэсла, прызначанае для старшыні, стаяла прама супроць дзвярэй у падзямелле. Па баках дзвярэй стаялі два канваіры. Публіку складалі салдаты.

На сярэднім крэсле сядзеў Сімурдэн; па правую яго руку — старшы член суда капітан Гешан; па левую — малодшы, сержант Радуб.

Сімурдэн быў убраны ў форму: капялюш з трохкаляровай какардай, збоку шабля, за поясам два пісталеты. Яркачырвоны шрам ад удару шаблі рабіў страшным яго суровы твар.

Радуб дазволіў, нарэшце, зрабіць сабе перавязку. Галава яго была завінута белай хусткай, на якой, паволі шырачыся, выступала крывавая пляма.

Паседжанне суда яшчэ не пачалося. Ля стала перад суддзямі стаяў веставы, і было чуваць, як каля ўваходу ў вежу нецярпліва тупаў капытамі яго конь. Сімурдэн пісаў наступнае данясенне:

„Грамадзяне члены Камітэта грамадскага ратавання.
Лантэнак узяты і заўтра будзе пакараны смерцю“.

Ён паставіў дату, падпісаўся, склаў і запячатаў дэпешу і перадаў яе веставому. Той вышаў, сеў на каня і паскакаў.

Тады Сімурдэн загадаў гучным голасам:

— Адчыніце камеру!

Канваіры адсунулі засаўкі, адчынілі дзверы і схаваліся за ёй.

Сімурдэн падняў галаву, скрыжаваў на грудзях рукі і, не спускаючы вачэй з дзвярэй, крыкнуў:

— Прывядзіце арыштаванага!

На парозе паказаліся два канваіры і паміж іх арыштант.

Сімурдэн уздрыгануўся.

— Говэн! Ты? — вырвалася ў яго, і ён хуценька дадаў: — Я патрабаваў арыштанта.

— Арнштант — я, — сказаў Говэн.

— Як ты? А Лантэнак?

— Лантэнак вольны.

— Уцёк?

— Уцёк.

— Так, так, разумею, — прамармытаў дрыжачым голасам Сімурдэн. — Ён-жа гаспадар замка, яму вядомы ўсе ходы і выхады. У падзямеллі, пэўна, ёсць патаемны ход. Як я аб гэтым не падумаў! Ён, вядома, мог уцячы, нават без чужой дапамогі.

— Яму памаглі, — сказаў Говэн.

— Памаглі ўцячы? Але хто-ж?

— Я.

— Ты?

— Я.

— Ты не ведаеш, што кажаш!

— Я ўвайшоў да яго ў камеру. Мы былі з ім адны. Я накінуў на яго мой плашч, спусціў яму на твар капюшон, і ён вышаў заместа мяне, а я застаўся ў камеры. І вось я тут, перад вамі.

— Ты не мог гэтага зрабіць!

— Я гэта зрабіў.

— Гэта немагчыма!

— Гэта так.

— Прывядзіце Лантэнака!

— Яго тут няма. Салдаты, убачыўшы яго ў маім плашчы, прынялі яго за мяне і прапусцілі. Тады-ж было яшчэ цёмна.

— Ты звар'яцеў!

— Я сказаў вам усё, як было.

Зрабілася ціха. Нарэшце Сімурдэн, ледзь выгаварваючы словы, прамовіў:

— Калі так, то ты заслугоўваеш…

— Смерці, — дасказаў Говэн.

Сімурдэн быў бледны, як мярцвяк, і нерухомы, як чалавек, якога забіла маланка. Здавалася, ён не дыхаў. На ілбе ў яго выступілі буйныя каплі поту. Авалодаўшы сяк-так сваім голасам, ён сказаў:

— Канвой! Падвядзіце падсуднага да яго месца.

Говэн апусціўся на табурэт.

— Канвой! Выняць шаблі! — камандаваў Сімурдэн.

У ваенных судах гэта была звычайная формула для тых выпадкаў, калі абвінавачанаму пагражала кара смерцю.

Канваіры вынялі шаблі.

Голас Сімурдэна быў цвёрды і спакойны, калі ён звярнуўся да Говэна і сказаў:

— Падсудны, устаньце!

І далей не казаў яму «ты».

ГАЛАСАВАННЕ

Говэн устаў.

Сімурдэн пачаў допыт.

— Ваша імя?

— Говэн.

— Ваша званне?

— Камандуючы экспедыцыйным атрадам паўночных берагоў.

— Вы даводзіцеся сваяком уцёкшаму злачынцу?

— Я яго ўнучаты пляменнік.

— Ці вядома вам дэкрэт Канвента?

— Той, што ляжыць у вас на стале? Так, вядомы.

— Што можаце вы сказаць наконт гэтага дэкрэту?

— Што я засведчыў яго сваім подпісам, загадаў строга выконваць усё, што ў ім пастанаўляецца, і сам склаў тую прыпіску ўнізе, пад якой стаіць маё імя.

— Выберыце сабе абаронцу.

— Я буду сам абараняць сябе.

— Кажыце.

Да Сімурдэна вярнулася ўсё яго самаўладанне, але ў гэтым самаўладанні больш адчувалася мёртвая непахіснасць скалы, чым спакойства жывога чалавека.

Говэн маўчаў, як быццам збіраючы свае думкі.

— Што можаце вы сказаць у сваю абарону? — спытаў яго Сімурдэн.

Говэн падняў галаву і, ні на каго не гледзячы, пачаў гаварыць:

— Вось што. Заняты адным бокам пытання, я не дагледзеў другі бок. Вялікадушны ўчынак, сведкай якога я быў, засланіў ад мяне бязлікія злачынствы. Стары… выратаваныя ім дзеці… усё гэта стала паміж мной і маім абавязкам. Я забыўся на спаленыя вёскі, здратаваныя палі, забітых палонных, дабітых раненых, расстраляных жанчын; я забыўся, што Францыю прадалі англічанам, і вызваліў забойцу бацькаўшчыны. Я вінаваты. Можа здацца, што гэтыя словы я кажу супроць сябе. Гэта няверна: я кажу за сябе. Калі вінаваты прызнае сваю віну, ён выратоўвае адзінае, што варта ратаваць, — сваю чэсць.

— Гэта ўсё, што вы можаце сказаць у сваю абарону? — спытаў Сімурдэн.

— Я магу толькі дадаць, што я, як начальнік, быў абавязаны паказваць прыклад, што і вы, у сваючаргу, павінны даць прыклад, як суддзі.

— Які прыклад?

— Прысудзіце мяне да смерці.

— Вы лічыце, што гэта будзе справядліва?

— Не толькі справядліва, але і неабходна.

— Сядайце.

Фур'ер — пракурор — устаў і прачытаў спачатку пасстанову, якая абвяшчала па-за законам былога маркіза дэ-Лантэнака, затым дэкрэт Канвента, якім прызначалася кара смерцю таму, хто будзе садзейнічаць уцяканню палоннага мяцежніка. Прачытаў ён і тыя некалькі радкоў на друкаваным плакаце, дзе «пад пагрозай смерцю» забаранялася «даваць падтрымку ці садзейнічанне вышэйпамянёнаму мяцежніку» і пад якімі быў подпіс:

„Камандуючы экспедыцыйным атрадам Говэн“.

Скончыўшы чытанне, пракурор зноў сеў.

Сімурдэн скрыжаваў рукі і сказаў:

— Падсудны, слухайце ўважліва. Старонніх прашу не шумець і не рабіць ніякіх заўваг. Усе абавязаны з пашанай ставіцца да закону. Мы прыступаем да галасавання. Прыгавар будзе пастаўлены простай большасцю галасоў. Кожны з суддзяў выкажа сваю думку голасна, у прысутнасці абвінавачанага, бо правасуддзю няма чаго хаваць. — Крыху памаўчаўшы, ён дадаў: — Слова мае старшы суддзя. Капітан Гешан, гаварыце.

Капітан Гешан, здавалася, не бачыў ні Сімурдэна, ні Говэна. Яго вочы з выразам застылага жаху глядзелі з-пад апушчаных павекаў на разгорнуты плакат дэкрэта, нібы перад ім была бяздонная прорва, у якую ён павінен быў кінуцца ўніз галавой.

— Закон ясны, — прагаварыў ён глухім голасам. — Суддзя і вышэйшы і ніжэйшы за звычайнага чалавека: ніжэй таму, што ў яго няма — і не павінна быць — сэрца; вышэй таму, што ў руцэ яго меч. У чатырыста чатырнаццатым годзе да нараджэння Хрыста рымлянін Манлій пакараў смерцю свайго сына за тое, што той перамог ворага, не запытаўшыся яго дазволу. Парушэнне дысцыпліны патрабавала кары. У даным-жа выпадку мы бачым парушэнне закона, а закон вышэй за дысцыпліну. З-за міласэрддзя да чалавека абвінавачаны прыцягнуў небяспеку для бацькаўшыны. Міласэрддзе часам бывае злачынствам. Камандзір Говэн дапамог уцячы мяцежніку Лантэнаку. Говэн вінаваты. Я падаю голас за кару смерцю.

— Сакратар, запішыце, — сказаў Сімурдэн.

Сакратар запісаў:

„Капітан Гешан: за кару смерцю“.

Говэн сказаў:

— Гешан, ваша рашэнне правільнае. Дзякую.

— Слова мае малодшы суддзя, — сказаў Сімурдэн. — Сержант Радуб, гаварыце.

Радуб устаў, павярнуўся ў бок падсуднага і аддаў яму чэсць. Потым усклікнуў:

— У такім выпадку гільятынуйце і мяне, бо я, клянуся богам, дорага даў-бы, каб зрабіць спачатку тое, што зрабіў стары, а потым тое, што зрабіў наш камандзір. Калі я ўбачыў, як гэты васьмідзесяцігадовы чалавек кінуўся ў агонь ратаваць трох дзяцей, я падумаў: «Дружа, ты малайчына!» І калі я даведаўся, што камандзір дапамог старому выкруціцца ад вашай подлай гільятыны — хай яна будзе проклятая! — я сказаў сабе: «За гэта камандзіра трэба зрабіць генералам; ён — сапраўдны чалавек». Я, чорт мяне вазьмі, узнагародзіў-бы яго крыжам святога Людовіка, каб у нас яшчэ былі крыжы і святыя. Што-ж гэта сапраўды? На працягу цэлых чатырох месяцаў камандзір Говэн гоніць перад сабой гэтых бунтароў-раялістаў, як баранаў, і з шабляй у руцэ абараняе Рэспубліку, рызыкуючы сваім жыццём. Гэта-ж толькі дзякуючы яму выйграна справа пад Долем. На такую справу трэба было палажыць нямала розуму, а вы, маючы такі скарб, такога чалавека, стараецеся пазбавіцца яго! Замест таго каб даць яму чын генерала, вы хочаце адсячы яму галаву! Ды гэта-ж вар'яцтва! Гэта ўсёроўна, што кінуцца ўніз галавой з Новага моста… Ды і вы добры, грамадзянін Говэн! Каб вы былі не камандзірам маім, а капралам у маім батальёне, я сказаў-бы вам, што вы толькі што нагаварылі несусветнай бязглуздзіцы. Стары выратаваў дзяцей і зрабіў добра; і вы добра зрабілі, што выратавалі старога; і калі людзей пачнуць караць смерцю за такія ўчынкі, хай усё ляціць к чарцям! Я зусім адмаўляюся зразумець тут што-небудзь… Куды гэта прывядзе? Я нічога не разумею… У такім разе можа ўсё гэта не так? Можа мне толькі так здалося? Хіба паспрабаваць шчыпнуць сябе, каб пераканацца, ці сплю я, ці бачу ўсё гэта ў сапраўднасці? Нічога не разумею. Значыцца, трэба было, каб стары дапусціў згарэць дзецям жыўцом і каб наш камандзір дазволіў адсячы галаву старому? Не, не магу! Адпраўляйце мяне на гільятыну. Лепш ужо гэта… Ды вы зразумейце: гэта-ж каб дзеці загінулі, то была-б ганьба для ўсяго батальёна Чырвонай Шапкі. Тады давайце лепш адкрыта есці адзін аднаго… Я таксама сёе-тое кумекаю ў палітыцы: я быў членам клуба секцыі Пік. Чэснае слова, мы ператвараемся ў нейкае быдла. Я кажу тое, што думаю: не падабаюцца мне такія справы, ад якіх розум за розум заходзіць і перастаеш разумець, на чым ты стаіш — на галаве ці на нагах? На якога чорта мы падстаўлялі лоб пад кулі? Каб у нас аднялі нашага камандзіра і забілі яго на нашых вачах? Нашага камандзіра ды на гільятыну! Ну, не, Лузета[2], дудкі! Гэтага не будзе! Мы любім нашага камандзіра, вам патрэбен наш камандзір. Цяпер ён нам зрабіўся яшчэ даражэйшым. Яго на гільятыну! Нават слухаць смешна. Не, не, толькі не гэта! Гэтага мы не хочам. Досыць я наслухаўся глупства. Балбачыце сабе на здароўе, але гэтага не будзе.

І Радуб сеў. Яго рана адкрылася. З-пад павязкі, з таго месца, дзе ў яго было вуха, павольна цякла па шыі струменьчыкам кроў.

Сімурдэн павярнуўся да яго.

— Вы падаеце голас за апраўданне падсуднага?

— Я падаю голас за тое, каб яго зрабілі генералам, — адказаў Радуб.

— Я пытаюся вас, ці хочаце вы, каб падсудны быў апраўданы?

— Я жадаю, каб яго зрабілі першым чалавекам у Рэспубліцы.

— Сержант Радуб, адказвайце пэўна: хочаце вы, каб камандзір Говэн быў апраўданы? Так ці не?

— Я хачу, каб мне адсеклі галаву заместа яго!

— Вы, значыцца, за апраўданне, — сказаў Сімурдэн. — Сакратар, запішыце.

Сакратар запісаў:

„Сержант Радуб — за апраўданне“.

Потым сказаў:

— Адзін голас за кару смерцю, адзін за апраўданне. Галасы падзяліліся.

Чарга падаваць голас была за Сімурдэнам.

Ён падняўся з месца, зняў капялюш і палажыў яго на стол. Цяпер ён быў нават не бледны: твар яго быў зямлістага колеру.



Я падаю голас за тое, каб яго зрабілі генералам, — адказаў Радуб.

Каб усе, хто тут быў, ляжалі ў магіле, то і тады цішыня не магла быць больш глыбокай.

Урачыстым, павольным, цвёрдым голасам Сімурдэн прамовіў:

— Падсудны Говэн, мы разгледзелі вашу справу. Ад імя Рэспублікі ваенны суд большасцю двух галасоў супроць аднаго… — Ён прыпыніўся, нібы затым, каб даць сабе час падумаць. Перад чым ён вагаўся? Перад смяротным прыгаварам? Перад апраўданнем? Усе стоілі дыханне. Ён скончыў: — …прыгаварвае вас да кары смерцю.

Пакута абавязка была напісана на яго мёртвым твары. Але гэта быў толькі мімалётны выраз; ён мільгануў і знік.

Твар Сімурдэна зноў зрабіўся каменным. Ён сеў, надзеў капялюш і сказаў:

— Говэн, заўтра з усходам сонца вы будзеце пакараны смерцю.

Говэн устаў, пакланіўся суду і сказаў:

— Дзякую суддзям.

— Адвядзіце асуджанага, — загадаў Сімурдэн.

Ён зрабіў знак рукой. Дзверы цямніцы адчыніліся, прапусцілі Говэна і зачыніліся за ім. Канваіры засталіся на варце ля дзвярэй з голымі шаблямі.

Радуб паваліўся на падлогу, страціўшы прытомнасць. Яго вынеслі.

ПАСЛЯ СІМУРДЭНА-СУДДЗІ — СІМУРДЭН-НАСТАЎНІК

Ваенны лагер падобны на асінае гняздо, асабліва ў рэволюцыйныя эпохі. Адважны рэспубліканскі атрад, узяўшы замак Тург, усхваляваны апошнімі падзеямі, гудзеў на розны манер, як патрывожаны вулей. Даведаўшыся, што Лантэнак уцёк, салдаты былі незадаволены камандуючым атрадам Говэнам. Калі з цямніцы, дзе павінен быў знаходзіцца Лантэнак, вывелі Говэна, па залу суда нібы прабег электрычны ток, і не прайшло мінуты, як аб гэтым ведаў увесь лагер. У маленькай арміі пачаліся нараканні. Салдаты казалі: «Вось яны цяпер судзяць Говэна, але гэта толькі для выгляду. Хіба можна верыць усім гэтым «былым» і тым больш папам? Мы толькі што бачылі, як былы віконт дапамог уцячы маркізу; цяпер мы ўбачым, як поп апраўдае віконта». А калі пачулі прыгавар, то пачаліся гутаркі ў іншым сэнсе: «Не, гэта занадта! Пакараць смерцю нашага начальніка, нашага маладога камандзіра, героя! Ён — віконт, гэта праўда, але ён — рэспубліканец. Тым большая, значыцца, яго заслуга. Як! Яго, вызваліцеля Пантарсона, Вільд'е, Понт-о-Бо, пераможцу пад Долем, толькі што ўзяўшага Тург, яго, зрабіўшага нас непераможнымі! Яго, які вось ужо пяць месяцаў наводзіць жах на шуанаў і выпраўляе памылкі розных там Лешэлей, — яго нейкі Сімурдэн адважваецца засудзіць на смерць! І за што? За тое, што ён выратаваў старога, які, у сваю чаргу, выратаваў трох дзяцей? Каб папы ды забівалі салдат! Толькі гэтага нехапала!»

Такія нараканні чуліся ў пераможным лагеры. Суровая атмасфера агульнага гневу абкружала Сімурдэна. Чатыры тысячы чалавек супроць аднаго, — здавалася-б, гэта сіла. Але-ж не. Гэтыя чатыры тысячы чалавек былі натоўп, а Сімурдэн быў воля. Усе ведалі, што з Сімурдэнам жарты дрэнныя, і варта было яму нахмурыць брові, каб прымусіць усю армію дрыжаць. У тыя суровыя часы досыць было, каб за спіной чалавека лунаў цень Камітэта грамадскага ратавання, і чалавек гэты рабіўся такім страшным, што кожнае выказванне супроць яго пераходзіла ў шэпт, а шэпт — у маўчанне. Сімурдэн заставаўся поўналадным гаспадаром лёсу Говэна і лёсу ўсіх астатніх. Усе ведалі, што яго бескарысна прасіць, што ён паслухаецца толькі голаса свайго сумлення. Усё залежала ад яго. Тое, што ён зрабіў у якасці ваеннага суддзі, ён мог скасаваць ў якасці грамадзянскага дэлегата. Ён адзін мог дараваць віну. Яму была дана неабмежаваная ўлада: па аднаму яго знаку Говэн мог атрымаць волю. Ён быў гаспадаром жыцця і смерці; ён быў гаспадар гільятыны. У гэты трагічны момант ён быў усемагутны.

Заставалася толькі чакаць раніцы.

Ноч надышла.

У ЦЯМНІЦЫ

Зал суда зноў ператварыўся ў кардэгардыю. Варта была падвоена, як і напярэдадні. Дзверы ў падзямелле па-ранейшаму ахоўвалі два жандармы.

А поўначы чалавек з ліхтаром прайшоў праз кардэгардыю, назваў сябе і загадаў адчыніць цямніцу. Гэта быў Сімурдэн. Ён увайшоў у верхнюю камеру і пакінуў дзверы напалову адчыненымі.

У камеры было цёмна і ціха. Сімурдэн пераступіў цераз парог, паставіў на падлогу ліхтар і спыніўся. У поўзмроку было чутна роўнае дыханне спячага чалавека.

Сімурдэн задумліва прыслухаўся да гэтага спакойнага дыхання.

Говэн ляжаў на саломе ў дальнім куце камеры і моцна спаў.

Стараючыся не шумець, Сімурдэн падышоў да яго зусім блізка і доўга на яго глядзеў. Погляд мацеры, якая цешыцца з свайго спячага дзіцяці, не мог быць болей пяшчотным. У поглядзе Сімурдэна выказвалася больш, чым можа ён хацеў-бы. Ён прыціснуў да вачэй кулакі, як гэта часта робяць дзеці, і хвіліну прастаяў нерухома. Потым апусціўся на калені, ціханька ўзяў руку спячага і паднёс да сваіх вуснаў.

Говэн паварушыўся і расплюшчыў вочы з несвядомым здзіўленнем раптоўна пабуджанага чалавека. Ліхтар слаба асвятляў камеру. Говэн пазнаў Сімурдэна.

— Ах, гэта вы, настаўнік!

І пасля мінутнай паўзы дадаў:

— Я толькі што сніў, што смерць цалуе мне руку.

Сімурдэна ўсяго ўскаланула ад раптоўнага наплыву думак. Гэтая хваля думак іншы раз настолькі высокая і налятае так бурна, што здаецца, вось-вось залье душу. Але нішто не вырвалася з перапоўненага сэрца Сімурдэна. Ён толькі прамовіў: «Говэн».

Яны глядзелі адзін на аднаго. Вочы Сімурдэна гарэлі тым хмурым агнём безвыходнай тугі, ад якога высыхаюць слёзы. Вочы Говэна лагодна ўсміхнуліся. Ён прыўзняўся на локце і загаварыў: — Я ўсё гляджу на гэты рубец на вашым твары, мой дарагі настаўнік, — на гэты след шаблі, які вы атрымалі праз мяне. Ды і потым… Не далей, як учора, вы біліся побач са мной. Дзеля мяне, баючыся за мяне, вы ўмяшаліся ў бойку. Дзякуючы вам я існую. Я быў толькі панам — вы зрабілі з мяне грамадзяніна. Я быў-бы простым грамадзянінам, каб вы не выхавалі з мяне мыслячага чалавека. Каб я мог уступіць у жыццё ўзброеным, вы далі мне ключ да ісціны, да святла. О, дарагі мой настаўнік! Дзякую вам, дзякую! Вы стварылі мяне.

Сімурдэн прысеў каля яго на салому і сказаў:

— Я прышоў павячэраць з табой.

Говэн разламаў папалам скібу чорнага хлеба і працягнуў яму палавіну, потым падаў яму кубак з вадой.



Говэн падаў Сімурдэну кубак з вадой.

— Пі спачатку ты, — сказаў Сімурдэн.

Говэн адпіў і перадаў яму кубак. Говэн глынуў толькі раз; Сімурдэн піў прагна і доўга. Наогул, за гэтай вячэрай Говэн еў, а Сімурдэн піў — верны прызнак душэўнага спакою першага і ліхаманкавага хвалявання другога.

У камеры панавала атмасфера жахлівага спакою. Паміж настаўнікам і вучнем завязалася гутарка. Говэн казаў:

— Рыхтуюцца вялікія падзеі. Тое, што стварае рэволюцыя, у сучасны момант схавана ад нашых вачэй. Тое, што мы бачым, жорстка; тое, чаго мы не бачым, надзвычайна прыгожа. Зараз я ясна бачу тое, што будзе. Як дзіўна і як хораша! Урок мінулага не прайшоў дарма: ён стварыў гэты незвычайны дзевяноста трэці год.

Абодва змоўклі.

— Растлумач дакладней, — сказаў Сімурдэн.

— Калі ласка. Вы хочаце агульнай воінскай павіннасці, абавязковай для ўсіх. Але з кім-жа ваяваць? З іншымі людзьмі? Ну, а я — я зусім не прызнаю вайсковай службы: я не хачу вайны, я хачу міру. Вы хочаце дзяржаўнай дапамогі беднаце, а я хачу, каб зусім не было беднаты. Вы хочаце прапарцыянальных падаткаў, а я не хачу ніякіх падаткаў. Я хачу, каб агульныя выдаткі былі прыведзены да прасцейшых форм і аплачваліся з лішкаў грамадскіх даходаў.

— Як-жа гэта зрабіць?

— А вось як. Перш за ўсё знішчыце ўсіх паразітаў грамадскага арганізма: служак культа, суддзяў, армейшчыну. Затым пастарайцеся скарыстаць вашы багацці. Вы кідаеце ўгнаенне ў памыйныя ямы — кідайце яго ў баразну. Ва Францыі тры чвэрці зямлі пустуе — узарыце ўсю зямлю, знішчыце лішнюю пашу, падзяліце па-роўнаму на ўсіх комунальныя землі. Няхай у кожнага работніка будзе ўчастак зямлі, і на кожным участку будзе работнік. Тады ў сто разоў павялічыцца агульная прадукцыйнасць краіны. Цяпер ва Францыі селянін есць мяса чатыры дні на год, а пры рацыянальнай апрацоўцы зямлі Францыя пракорміць трыста мільёнаў чалавек — усю Еўропу. Прымусьце працаваць на вас кожны парыў ветру, кожны вадапад, усе магнетычныя токі. Зямны шар працяты сеткай багацейшых жыл, якія хаваюць невычарпальныя запасы вады, масла, агню. Раскапайце гэтыя жылы, і вы атрымаеце ваду для вашых фантанаў, масла для вашых лямп, агонь для вашых хат. А рух марскіх хваль? А прылівы і адлівы? Што такое акіян? Велізарная сіла, якая гіне дарма. Як бязглузда, што суша не скарыстала да гэтага часу акіяна!

— Ты занадта марыш.

— Ніколькі.

І, памаўчаўшы, Говэн дадаў:

— А жанчына? У ва што вы ператварылі жанчыну?

Сімурдэн адказаў:

— У тое, што яна ёсць. У слугу мужчыны.

— Так, жанчына — слуга мужчыны, але пры адной умове.

— Пры якой?

— Пры той умове, каб і мужчына быў слугой жанчыны.

— Ты глупства гаворыш! — усклікнуў Сімурдэн. — Мужчына — слуга жанчыны! Ніколі гэтага не будзе. Мужчына — уладар. Я прызнаю толькі адну самадзяржаўную ўладу — уладу мужчыны ў сваім доме. Мужчына ў сваім доме — цар.

— Так, але пры ўмове, каб жанчына была ў ім царыцай.

— Другімі словамі, ты хочаш для мужчыны і для жанчыны…

— Роўнасці, — закончыў Говэн.

— Роўнасці? Ты звар'яцеў!

Наступіла кароткае маўчанне. Яго перарваў Сімурдэн:

— А дзіця? Каму аддасі ты дзіця?

— Перш за ўсё бацьку, які яго пачаў, затым матцы, якая яго нарадзіла, потым настаўніку, які яго выхаваў, затым гораду, дзе ён рос, потым бацькаўшчыне — яго духоўнай матцы, потым прародзічу яго — чалавецтву.

Говэн задумаўся на хвіліну, потым зноў пачаў:

— Мой лозунг — заўсёды наперад! Нашы погляды заўсёды павінны быць накіраваны ў бок зары, нараджэння жыцця, росквіту.

Говэн гаварыў урачыста, удумліва. Сімурдэн слухаў. Яны памяняліся ролямі: цяпер ужо не настаўнік навучаў вучня, а вучань настаўніка.

— Надта ўжо ты спяшаешся, — прашаптаў Сімурдэн.

— Што рабіць! У мяне-ж мала часу, — адказаў Говэн з усмешкай. — Дык вось, дарагі мой настаўнік, у чым розніца паміж нашымі двума утопіямі. Вы хочаце выхаваць чалавека-салдата, я — чалавека-грамадзяніна. Вы хочаце, каб ён быў грозны, я хачу зрабіць з яго мыслячую істоту. Вы ствараеце рэспубліку мячоў, я ствараю… я стварыў-бы, — паправіўся ён, — рэспубліку розумаў.

Сімурдэн панурыўся і спытаў, не падымаючы вачэй.

— А пакуль — чаго ты хочаш?

— Таго, што ёсць.

— Ты, значыць, апраўдваеш сучасны момант?

— Так.

— Чаму?

— Таму, што гэта бура. Бура заўсёды ведае, што робіць. Цывілізацыя была заражана чумой, ураган рэволюцыі развеяў заразу. Магчыма, што ён часам зносіць разам з дрэнным і добрае. Але ці можа быць іначай? Яму трэба зрабіць такую грунтоўную чыстку! І потым, чаго мне баяцца буры, калі ў мяне ёсць компас? Чаго мне баяцца самых грозных падзей, калі ў мяне жывое сумленне?

Ён змоўк. Вочы яго ззялі. Губы ціха варушыліся.

Дзверы заставаліся напалову расчыненымі. У падзямелле знадворку пранікалі нейкія гукі. Слаба, як быццам здалёк, даносіўся бой барабанаў: мабыць, адбівалі зару. Чуваць быў стук стрэльбавых прыкладаў аб зямлю: гэта мянялі вартавых. Затым досыць блізка ад вежы пачуўся нейкі рух, нібы цягалі нейкія дошкі ці бярвенні, і пачуліся глухія, з перапынкамі, удары, нібы ўдары малаткоў.

Бледны як смерць, Сімурдэн прыслухоўваўся да гэтых гукаў. Говэн іх не чуў. Ён усё больш і больш паглыбляўся ў свае думы.

Так прайшло даволі многа часу. Сімурдэн спытаў яго:

— Пра што ты думаеш?

— Пра будучыню, — адказаў Говэн і зноў пагрузіўся ў свае думы.

Сімурдэн падняўся з саламянай пасцелі, на якой яны абодва сядзелі. Говэн гэтага не заўважыў. Ціхімі крокамі, не спускаючы з маладога чалавека сумнага, поўнага гарачай пяшчоты погляду, Сімурдэн адступіў да дзвярэй і вышаў. Дзверы зноў зачыніліся.

СОНЦА ЎЗЫШЛО

На гарызонце пачынала віднець. На плато з'явіўся дзіўны, нерухомы, нябачаны тут дагэтуль прадмет, незнаёмы птушкам нябесным.

Ён вырас за ноч. Гэта была больш дэкарацыя, як пабудова. Здалёк яе сілуэт вызначаўся на гарызонце прамымі, жорсткімі лініямі. Пры першым поглядзе на гэты прадмет міжвольна прыходзіла ў галаву, што ён тут лішні. Абкружаны квітучымі кустамі верасу, ён рэзаў вочы. Паўставала пытанне: чаго ён тут? Па целе прабягалі дрыжыкі.

Гэта было нешта накшталт памоста на чатырох тоўстых слупах. На адным канцы памоста былі замацаваны старчма яшчэ два слупы, злучаныя наверсе перакладзінай, да якой быў падвешан трохкутнік, які здаваўся чорным на блакітным фоне ранішняга неба. З другога канца памоста спускалася лесніца. Унізе, між двума слупамі, пад трохкутнікам, можна было разгледзець нешта накшталт рамы, складзенай з двух паасобных палавінак, якія маглі рассоўвацца, а ссунуўшыся, складалі круглую дзіру, роўную ў дыяметры сярэдняй велічыні шыі чалавека. Верхняя палавіна рамы слізгала ў пазах і магла падымацца і апускацца. Цяпер рама была рассунута. Ля падножжа двух слупоў з перакладзінай, на якой вісеў трохкутнік, відаць была дошка накшталт тых, што ўжываюцца для гушкання; яна магла паварачвацца на шарнірах. Побач з дошкай стаяў доўгі кош, а наперадзе, між слупамі, на канцы памоста — другі, чатырохкутны, кош. Усё было афарбавана ў чырвоны колер. Усе часткі былі драўляныя, апрача жалезнага трохкутніка.

Адчувалася, што гэта пабудова — справа чалавечых рук: такая яна была брыдкая і нікчэмная. Разам з тым яна была такая страшная, што мімаволі думалася: ці не злыя духі прынеслі яе сюды?

Гэтая нязграбная і страшная пабудова была гільятына.

За некалькі крокаў ад яе, супроць яе, у раву, стаяла другое страшыдла — вежа Тург. Каменнае страшыдла нібы выклікала на бой страшыдла драўлянае.

У Тургу былі сканцэнтраваны пятнаццаць стагоддзяў — усе сярэднія вякі: васальства, прыгонніцтва, феадалізм. У гільятыне быў адзін толькі дзевяноста трэці год. І гэтыя дванаццаць месяцаў уроўнаважвалі пятнаццаць вякоў.

Замак Тург — гэта была манархія, гільятына — рэволюцыя.

Трагічнае супастаўленне. З аднаго боку — доўг, з другога — плацёж. З аднаго боку — складанейшае спляценне: памешчык і прыгонны, пан і раб, розначынец і дваранін, стракаты кодэкс законаў, якія пераплятаюцца са звычаямі, саюз папа з суддзёй, незлічоныя путы, што звязваюць чалавека па руках і нагах, дзяржаўны ціск, саляны падатак, падушны падатак, неадчужальная маёмасць, забабоны, фанатызм, каралеўскія прывілеі, скіпетр, прастол, самавольства. З другога боку — простая рэч: нож гільятыны. З аднаго боку — вузел, з другога — сякера.

На працягу доўгага часу вежа Тург самотна стаяла ў гэтай пустыні, пагражаючы сваімі байніцамі, з якіх лілося кіпучае масла, гаручая смала і растоплены свінец, сваёй падземнай цямніцай, выбрукаванай чалавечымі касцямі, сваім засценкам, дзе чвэрткавалі людзей, усёй сваёй суровай трагедыяй. Яе лютая велічыня панавала над гэтым лесам; пятнаццаць вякоў пражыла, яна ў злавесным спакоі пад яго аховай. У гэтай мясцовасці яна была адзінай сілай, адзіным прадметам пашаны, адзіным жахам. Непадзельна ўвасабляючы сабою варварства, яна панавала неабмежавана. І раптам перад ёй і супроць яе ўстае нешта такое самае, як яна, страшнае, — гільятына. Здавалася, вежа Тург разглядала гільятыну. Яна нібы пытала сябе: «Што гэта такое?» Яно нібы вырасла з зямлі.

І яно сапраўды вырасла з зямлі.

У жудаснай зямлі зарадзілася гэтае злавеснае дрэва. З зямлі, палітай потам і слязмі, насычанай крывёю; з зямлі, перакапанай равамі, пячорамі і засадамі; з зямлі, у якой было столькі магіл, дзе гнілі косці столькіх мерцвякоў, афяр ўсіх відаў тыраніі; з ямлі, у якой было пахавана столькі злачынстваў, жудаснага насення будучыні — з гэтай зямлі ў вызначаны лёсам дзень вышла незнаёмая мсцівіца, жорсткая машына з вісячым нажом, і дзевяноста трэці год сказаў старому свету: «Вось я».

Гільятына мела права сказаць старому замку: «Я — твая дачка».

Здавалася, Тург замяшаўся перад гэтай страшнай зданню. Здавалася, ён баяўся яе.

Ніколі яшчэ неба не ўсміхалася так ласкава, як у гэтую летнюю раніцу. Цёплы ветрык калыхаў парасткі верасу; апошнія шматкі досвітнага туману ціханька паўзлі па траве; Фужэрскі лес, увесь насычаны дыханнем ручаёў, дыміўся на золку. Усё насіла адбітак чыстаты і нявіннасці. Сярод усяго гэтага хараства стаялі адзін супроць другога цытадэль і эшафот, вайна і катаванне, стварэнне крывавых вякоў і стварэнне крывавай мінуты.

У гэтага відовішча былі гледачы. Чатыры тысячы салдат маленькага экспедыцыйнага атрада былі выстраены ў баявым парадку на плато супроць замка. Яны абкружылі гільятыну з трох бакоў, стварыўшы нешта накшталт літары Е. Артылерыйская батарэя, змешчаная пасярэдзіне самай даўгой, сярэдняй, шарэнгі, стварала сярэднюю рыску гэтага Е. Чырвоная машына была абгароджана гэтымі трыма баявымі шарэнгамі, як жывой сцяной, якая з двух бакоў даходзіла да самых берагоў кручы над ровам; чацверты, адкрыты бок гэтай жывой агарожы замыкаўся лініяй рову і быў павернуты да замка. На вольнай мясціне, пасярод гэтага даўгога чатырохкутніка ўзвышаўся эшафот. Па меры таго як падымалася сонца, цень гільятыны на траве рабіўся ўсё карацейшым.

Ля гармат стаялі артылерысты з запаленымі кнотамі. Ад рову цягнуўся ўверх лёгкі сіняваты дымок: гэта дагараў будынак на мосце. Дымок завалакваў усю ніжнюю частку вежы, так што вяршыня яе, здавалася, лунала над гарызонтам. Ад гільятыны яе аддзяляла толькі шырыня рову.

На вышку вежы перанеслі той стол, за якім сядзелі суддзі, і крэсла з прымацаванымі за яго спінкай трохкаляровымі сцягамі. Сонца ўставала над Тургам, і на золаце яго праменняў чорнай плямай выступала вежа, на вышцы яе судзейскае крэсла пад сцягамі і на крэсле нерухомая фігура чалавека са скрыжаванымі на грудзях рукамі.

Гэта быў Сімурдэн. Ён быў, як і напярэдадні, у форме грамадзянскага дэлегата: у капелюшы з трохкаляровай какардай, з шабляй пры баку і з двума пісталетамі за поясам.

Ён маўчаў. Усе маўчалі. Салдаты стаялі, трымаючы стрэльбы ля ног і панурыўшыся. Яны датыкаліся адзін да аднаго локцямі, але не размаўлялі. Яны думалі пра гэтую жудасную вайну, пра бязлікія бойкі, у якіх яны ўдзельнічалі, пра стрэлы з-за вугла, да якіх яны так адважна ішлі насустрач, пра зграі раз'юшаных сялян, якіх яны рассеялі, пра ўзятыя крэпасці, пра перамогі, і ім пачынала здавацца, што ўся гэтая слава пачынае ператварацца ў ганьбу. Жахлівае чаканне сціскала ўсе сэрцы. Відаць было, як па памосце гільятыны пахаджваў кат. Сонечнае святло разгаралася і залівала раскошным блескам увесь небасхіл.

Але вось пачуўся прыглушаны бой абцягнутых чорным крэпам барабанаў. Пахавальныя гукі набліжаліся. Рады раздаліся: у жывую агарожу ўступіла працэсія і накіравалася да эшафота.

Спачатку паказаліся чорныя барабаны; за імі — рота грэнадзёраў з апушчанымі стрэльбамі; потым узвод канваіраў; потым асуджаны. Другі ўзвод канваіраў ішоў ззаду.

Говэн ішоў вольна; ні на руках, ні на нагах у яго не было ланцугоў. Ён быў у паходнай форме, са шпагай.

Твар яго ўсё яшчэ свяціўся задуменнай радасцю, асвятліўшай яго ў тую мінуту, калі ён сказаў Сімурдэну: «Я думаю пра будучыню».

Дайшоўшы да сярэдзіны агарожы, ён перш за ўсё паглядзеў на вышку вежы. На гільятыну ён нават і не зірнуў. Ён ведаў, што Сімурдэн будзе лічыць сваім абавязкам прысутнічаць пры выкананні прыгавару: яго і шукаў ён вачыма. І знайшоў.

Сімурдэн здаваўся мёртвым — такі ён быў бледны і нерухомы. Стаяўшыя ля яго не чулі яго дыхання. Убачыўшы асуджанага, ён не ўздрыгануўся, не варухнуў нават брывёю.

Говэн між тым набліжаўся да эшафота. Ён ішоў, не спускаючы вачэй з Сімурдэна, а Сімурдэн глядзеў на яго: здавалася, у поглядзе маладога чалавека ён знаходзіў падтрымку.

Говэн падышоў да падножжа эшафота і ўзышоў на памост. Афіцэр, які камандаваў ротай грэнадзёраў, падняўся следам за ім. Говэн адшпіліў сваю шпагу і перадаў яе афіцэру; потым зняў гальштук і аддаў яго кату. Ніколі не быў ён такім прыгожым. Яго цёмныя валасы развяваліся па ветру: у той час мужчыны не стрыглі каротка валасоў. Яго белая шыя была далікатная, як у жанчыны. Стоячы на эшафоце, ён усё яшчэ марыў. Эшафот-жа таксама вяршыня. Говэн стаяў, выпраміўшыся на ўвесь рост, велічны і спакойны. Заліваючы яго сваім святлом, сонца, здавалася, акружала яго галаву арэолам.

Трэба было звязаць асуджанага. Кат з вяроўкай у руцэ наблізіўся да яго.

Але тут салдаты, убачыўшы, што іх маладога камандзіра зараз паложаць пад нож, не вытрымалі: сэрцы гэтых людзей, якія прызвычаіліся нават да жахаў вайны, цяпер перапоўніліся. Пачулася нешта жудаснае: рыданне арміі. Узняўся агульны крык: «Літасці! Літасці!» Некаторыя ўпалі на калені, другія пакідалі стрэльбы і працягнулі рукі да вышкі, дзе сядзеў Сімурдэн. Адзін грэнадзёр закрычаў, паказваючы на гільятыну: «Прымаюць тут намеснікаў? Вазьміце мяне!» Усе паўтаралі ў роспачы: «Літасці! Літасці!» Дзікі звер быў- бы расчулены гэтым галашэннем або ад жаху кінуўся-б бегчы ад іх. Салдацкія слёзы — страшная рэч.

Кат стаяў, не ведаючы, што рабіць.

Тады голас, глухі і нізкі, але пачуты ўсімі — да такой ступені ён быў злавесны, — закрычаў з вышыні веж:

— Хай будзе выкананы закон!

Усім быў добра знаёмы гэты няўмольны, уладарны голас. Сімурдэн сказаў сваё слова. Па радах войска прабегла трапятанне.

Кат больш не вагаўся. Ён падняў сваю вяроўку.

— Пачакайце, — сказаў яму Говэн.

Павярнуўшыся ў бок вежы, ён вольнай правай рукой зрабіў развітальны знак Сімурдэну і затым даў сябе звязаць.

Калі яго звязалі, ён сказаў кату:

— Выбачайце, яшчэ хвілінку.

І крыкнуў:

— Хай жыве Рэспубліка!

Яго палажылі на дошку; прыгожую, гордую галаву прасунулі ў ганебны ашыйнік. Палач ціханька адгарнуў яму валасы на шыі, потым націснуў пружыну. Трохкутны нож зрушыў з месца і пачаў спускацца спачатку павольна, потым шпарчэй. Пачуўся агідны гук…

У той-жа момант пачуўся другі гук. Удару сякеры адказаў пісталетны стрэл. Сімурдэн выхапіў з-за пояса адзін з сваіх пісталетаў і ў той міг, калі галава Говэна пакацілася ў чырвоны кош, стрэліў сабе ў сэрца. З рота яго хлынула кроў. Ён зваліўся мёртвым.


  1. Вольтэр і Русо — славутыя філосафы, ідэйныя папярэднікі Французскай буржуазнай рэволюцыі.
  2. Так жартам называлі гільятыну.