Перайсці да зместу

Дзевяноста трэці (1937)/3/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Кніга другая Частка трэцяя. Кніга трэцяя
Раман
Аўтар: Віктор Гюго
1937 год
Арыгінальная назва: Quatrevingt-treize (1874)
Пераклад: Янка Маўр
Кніга чацвёртая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КНІГА ТРЭЦЯЯ


МАЦІ

СМЕРЦЬ ІДЗЕ

К вечару гэтага самага дня бедная маці, якая ішла бадай наўздагад, ледзь не падала ад стомы. Яна прабыла на нагах увесь дзень. Гэта паўтаралася штодзень. Ісці ўперад і ўперад, ніколі не адпачываючы, было цяпер яе жыццём, бо тыя гадзіны, калі яна падала ў знямозе і засынала, дзе прыдзецца, нельга было назваць адпачынкам, як нельга было назваць харчаваннем тыя крошкі ежы, што трапляліся ёй, як птушцы, наляту. Яна спала і ела роўна столькі, каб не памерці.

Папярэднюю ноч яна правяла ў закінутым хлеве. Сярод пакінутага поля яна ўбачыла чатыры сцяны з рэшткамі страхі, з адчыненымі дзвярыма і ахапкам саломы на падлозе. Яна лягла на гэтую салому. Засынаючы, яна адчувала, як пад ёй варушыліся пацукі, і бачыла скрозь страху зоркі. Яна праспала некалькі гадзін, прачнулася сярод начы і зараз-жа зноў пусцілася ў дарогу, каб прайсці як мага больш да паўдзённай гарачыні.

Яна старалася трымацца таго кірунку, які ёй паказаў селянін з Ванторта; яна ішла на захад, па магчымасці



Бедная маці ішла, ледзь не падаючы ад стомы.

не адхіляючыся ад гэтага шляху. Каб хто-небудзь быў ля яе, ён чуў-бы, як яна ўвесь час ціханька паўтарала: «Тург, Тург». Здавалася, яна забыла ўсе словы, апрача гэтага слова ды яшчэ імён сваіх трох дзяцей.

Хада памагала ёй думаць. Яна думала аб тым, што ёй прышлося перажыць, аб тым, што яна выцерпела і чаму яна была вымушана скарыцца. Аднак цяпер гэта было ёй усёроўна: ёй трэба было адно — знайсці сваіх дзяцей.

У гэты дзень ёй перш за ўсё трапілася па дарозе вёска. Займалася на золак, усё было ахоплена змрокам, а між тым на галоўнай вуліцы вёскі дзверы дамоў былі крыху адчыненыя, і з акон высоўваліся галовы цікаўных. Жыхары хваляваліся, нібы пчолы ў патрывожаным вуллі, а хваляваліся яны таму, што пачулі, як набліжаецца грукат цяжкіх колаў і бразганне ланцугоў.

На пляцы перад царквой стаяў перапалоханы натоўп. Усе глядзелі ўверх, на дарогу, што ішла з узгорку. Па ёй нешта рухалася. Гэта была вялікая павозка, якую цягнулі на ланцугах пяцёра коней. На павозцы былі навалены нейкія даўгія бэлькі ці бярвенні, а пасярэдзіне ўзвышалася нешта бясформенае, прыкрытае, нібы саванам, вялікім брэзентам. Перад павозкай і за ёй ехала па дзесяць коннікаў. На ўсіх былі трохкутныя капелюшы, і за плячом у кожнага вытыркалася нешта вострае — відаць, голая шабля. Уся працэсія павольна набліжалася, і на гарызонце выразна вызначаліся чорныя сілуэты: і коні, і павозкі, і коннікі здаваліся зусім чорнымі. За імі ледзь бялелася палоска досвітнага неба.

Павозка са сваёй аховай прыехала ў вёску і накіравалася да пляца. Пакуль яна спускалася з узгорку, пачало віднець, і цяпер можна было добра разгледзець усю працэсію, якая здавалася працэсіяй нейкіх зданяў, бо ўсе ўдзельнікі яе захоўвалі магільнае маўчанне.

Коннікі былі ўзброеным канвоем, і ехалі яны сапраўды з голымі шаблямі. Брэзент, які пакрываў павозку, быў чорнага колеру.

У гэты час няшчасная маці таксама ўваходзіла ў вёску. Яна падышла да натоўпу сялян акурат у тую мінуту, калі павозка і канвой выязджалі на пляц. Людзі шапталіся:

— Што гэта такое?

— Гільятыну вязуць.

— Адкуль?

— З Фужэра.

— А куды?

— Не ведаю. Кажуць, у нейкі замак.

— Няхай адпраўляюць сабе, куды хочуць, абы толькі далей ад нас.

Гэта вялікая павозка са сваёй паклажай, пакрытай чорным саванам, гэтыя пяць коней, бразгаючыя ланцугамі, гэтыя бязмоўныя жандармы, — усё разам у змроку яшчэ не надышоўшага дня наводзіла жах.

Павозка перасекла пляц і выехала за вёску. Вёска стаяла ў лагчыне між двума ўзгоркамі. Праз чвэрць гадзіны сяляне, якія ўсё стаялі на адным месцы, убачылі, як хмурая працэсія з'явілася на другім узгорку, з заходняга боку. Важкія колы грукалі, ныраючы па выбоінах, ланцугі запражкі звінелі; шаблі блішчэлі; на гарызонце ўздымалася сонца. Дарога крута завярнулася ўбок, і ўсё знікла.

У гэтую самую мінуту Жоржэта прачнулася ў бібліятэцы замка, дзе яе браты яшчэ спалі мірным сном, і віталася са сваімі ружовымі ножкамі.



Глашатай разгарнуў плакат і пачаў чытаць.

СМЕРЦЬ ГАВОРЫЦЬ

Мішэль Флешар бачыла, як праязджала павозка з дзіўнай паклажай, але не зразумела, ды і не старалася зразумець, што гэта такое: перад яе вачыма стаяла другое — яе загінуўшыя дзеці.

Яна вышла з вёскі ўслед за тым, як праехала дзіўная працэсія, і пайшла па той-жа дарозе недалёка ад задніх коннікаў. Раптам яна ўспомніла толькі што чутае слова: «гільятына». Гэтая цёмная жанчына не ведала, што яно азначае, але інстынктыўна адчула ў ім нешта нядобрае. Яна задрыжала, сама не ведаючы чаму; ёй зрабілася страшна ісці следам за гэтай павозкай; яна сышла з дарогі, узяла ўлева і паглыбілася ў гушчар лесу. Гэта быў Фужэрскі лес.

Пасля некалькіх гадзін хады яна ўбачыла званіцу і стрэхі адной з вёсак, параскіданых на ўскрайку лесу. Ёй хацелася есці; яна накіравалася прама ў вёску. Дайшла да галоўнай плошчы, дзе стаяў будынак мэрыі. У гэтай вёсцы змяшчаўся адзін з рэспубліканскіх ваенных пастоў. Тут таксама можна было заўважыць трывогу. Усхваляваны натоўп ціскаўся перад ганкам мэрыі. На ганку стаяў чалавек, абкружаны канвоем, з вялікім разгорнутым плакатам у руце. З правага боку ад яго стаяў барабаншчык, з левага — рабочы, які трымаў у руках гаршок з клеем і пэндзаль. Над ганкам, на балконе, стаяў мэр вёскі з трохкаляровай перавяззю на сваім сялянскім убранні.

Чалавек з плакатам быў народны глашатай. Апрача трохкаляровай перавязі, на ім была дарожная сумка, якая азначала, што ён мае інструкцыю абыйсці ўсе вёскі і нешта абвясціць да агульнага ведама.

Калі Мішэль Флешар падыходзіла да натоўпу, глашатай толькі што разгарнуў свой плакат і нарыхтаваўся чытаць.

Ён пачаў гучным голасам:

«Французская рэспубліка, адзіная і недзялімая…»

Раздаўся грукат барабана. Натоўп заварушыўся. Адны знялі свае каўпакі, другія яшчэ больш насунулі свае капелюшы. У той час у Брэтані па тым, што было надзета на галаве, можна было бадай без памылкі пазнаць, якіх палітычных поглядаў прытрымліваецца чалавек: капелюшы выдавалі раялістаў, каўпакі — рэспубліканцаў. Гоман сціх, усе слухалі. Глашатай пачаў чытаць:

«… У моц даных нам Камітэтам грамадскага ратавання інструкцый і паўнамоцтваў»…

У другі раз загрукатаў барабан. Глашатай чытаў:

«… і ў выкананне дэкрэта Нацыянальнага Канвента, які абвяшчае па-за законам усіх мяцежнікаў, узятых са зброяй у руках, і карае найвышэйшай крымінальнай карай кожнага, хто дасць ім прытулак або будзе садзейнічаць іхнім уцёкам…»

Глашатай махнуў сваім плакатам і пачаў далей:

«… абвяшчаюцца стаячымі па-за законам асобы, вядомыя пад наступнымі імёнамі і прозвішчамі…»

Натоўп настаражыўся.

«… Лантэнак, разбойнік…»

Голас глашатая грымеў цяпер, як труба. Ён паўтарыў:

«… Лантэнак, разбойнік, былы маркіз…»

— Гэта мансен'ёр, — прамармытаў нейкі селянін.

І ў натоўпе зашапталіся:

— Гэта мансен'ёр, мансен'ёр…

«… Іманус, разбойнік…»

Двое сялян пераглянуліся.

— Гэта Гуж-ле-Бруан.

— Так, празваны Страхам сініх.

Глашатай між тым чытаў далей:

«... Гран-Франкёр, разбойнік…»

Пачуліся галасы:

— Гэта ксёндз.

— І заўсёды быў разбойнікам, — уставіў чалавек у каўпаку.

«… Буануво, разбойнік, — чытаў глашатай. — Два браты Пік-ан-Буа, разбойнікі… Гузар, разбойнік… Пан'е, разбойнік…»

— Віконт дэ-Сефер.

«… Плас-Нет, разбойнік…»

— Гэта пан дэ-Жамуа.

Глашатай усё чытаў, не звяртаючы ўвагі на каментарыі.

«…Гінуазо, разбойнік, Шатэнэ, па прозвішчу Робі, разбойнік, Гуанар, разбойнік…»

У натоўпе пачуліся галасы:

— Гэты з Рулье!

— Так, так, ведаем: яго мянушка — Залатая Галінка.

— Яго брата забілі ў часе атакі на Пантарсон.

— Слухайце! — крыкнуў глашатай. — Я канчаю спіс. «Бель-Вінь, разбойнік, Ла-Мюзет, разбойнік, Сабр-Ту, разбойнік, Брэн-Д'Амур, разбойнік…»

Нейкі дзяцюк штурхануў локцем стаяўшую побач з ім дзяўчыну. Дзяўчына ўсміхнулася. Глашатай чытаў далей:

«… Шант-ан-Івер, разбойнік, Ле-Ша, разбойнік… Табуз, разбойнік…»

Глашатай трасянуў плакатам, і барабаншчык забарабаніў. Затым ён зноў пачаў чытаць:

«Усе вышэйпамянёныя асобы, дзе-б яцы ні былі ўзятыя, пасля прызнання іх асобы будуць неадкладна пакараныя смерцю…»

Натоўп захваляваўся. Глашатай прадаўжаў:

«..і кожны, хто дасць ім прытулак ці дапаможа ім уцячы, будзе аддадзены ваенна-палявому суду і пакараны смерцю. Падпісана…»

Зрабілася ціха, як у магіле.

«… Падпісана: дэлегат Камітэта грамадскага ратавання Сімурдэн».

— Таксама ксёндз, — сказаў адзін з сялян.

Мэр, які стаяў на балконе, прыўзняў капялюш і крыкнуў:

— Хай жыве Рэспубліка!

Барабанны бой абвясціў, што глашатай яшчэ не скончыў. І сапраўды, ён зрабіў знак рукой і сказаў:

— Слухайце далей. Вось апошнія чатыры радкі ўрадавага абвяшчэння. Яны падпісаны камандуючым экспедыцыйнага атрада паўночнага пабярэжжа Говэнам.

— Слухайце, слухайце! — пачуліся галасы.

Глашатай пачаў:

«Пад страхам кары смерцю…»

Усе затаілі дыханне.

«… паводле вышэйпрыведзенага распараджэння ўрада, забараняецца дапамагаць і садзейнічаць дзевятнаццаці памянёным вышэй мяцежнікам, якія цяпер абкружаны і запёрты ў вежы замка Тург».

— Што такое? Тург? — пачуўся нечы голас.

Гэта быў жаночы голас, голас мацеры.

ГУЛ СЯЛЯНСКАГА НАТОЎПУ

Мішэль Флешар стаяла ў натоўпе, які акружаў глашатая. Яна нічога не чула. Толькі адно слова яна пачула: «Тург». Яна падняла галаву і паўтарыла:

— Тург?

На яе азірнуліся. Яна мела дзікі выгляд у сваім рыззі, са сваім вар'яцкім, нерухомым позіркам. Пачуліся галасы:

— Адкуль узялася гэтая жанчына? Ці не з турмы ўцякла?

— Падобна на тое.

Адна сялянка з поўным кошыкам грачаных коржыкаў падышла да яе і шапнула ёй на вуха:

— Маўчы!

Мішэль Флешар са здзіўленнем утаропілася на гэтую жанчыну. Яна зноў перастала разумець. Слова «Тург» на адзін міг, нібы маланкай, прамільгнула ў яе свядомасці, а цяпер усё зноў паглынула ноч. Хіба яна не мае права пытацца, як іншыя? Чаму-ж усе так глядзяць на яе?

Між тым барабаншчык скончыў свой апошні грукат, чалавек з пэндзалем наклеіў на сцяну абвестку, мэр пайшоў з балкона, глашатай адправіўся ў другую вёску, і натоўп разышоўся. Застаўся толькі невялікі гурток людзей мерад плакатам. Мішэль Флешар падышла да іх. Гутарка ішла пра мяцежнікаў, якіх абвясцілі па-за законам. У натоўпе былі і сяляне, і буржуа, гэта значыць і белыя і сінія. Адзін з сялян казаў:

— Усёроўна ўсіх не пераловяць. Што значыць якія-небудзь дзевятнаццаць чалавек?

— Ды ці мала іх!

— Іх не дзесяткі, а сотні.

— Дурні! — сурова перапыніў сівы дзед. — Усё прападзе, калі яны возьмуць Лантэнака.

— Ды ён-жа-ж яшчэ не ўзяты, — адказаў нехта з моладзі.

Стары сказаў:

— Страціць Лантэнака ўсёроўна, што страціць душу. Памрэ Лантэнак — памрэ і Вандэя.

— Толькі і чуеш навакол: «Лантэнак, Лантэнак». Хацеў-бы я ведаць, хто ён такі, — сказаў нейкі буржуа.

Другі буржуа адказаў яму:

— Гэта былы маркіз.

А трэці дадаў:

— Адзін з тых, што расстрэльваюць жанчын.

Мішэль Флешар пачула гэта і сказала:

— Гэта праўда.

Усе абярнуліся. Яна дадала:

— Мяне таксама расстралялі.

Дзіўна было чуць такія словы: жывая жанчына сцвярджала, што яна памерла. Усе пачалі разглядаць яе не надта прыязна.

І сапраўды, на яе непрыемна было глядзець: змардаваная, дрыжачая, яна ледзь трымалася на нагах і азіралася па баках, як зацкаваны звер, спуджаная ад жаху. У роспачы жанчыны ёсць нешта жудасна-бездапаможнае: страшна бачыць слабую істоту ва ўладзе жорсткага лёсу. Але народ прасцей глядзіць на рэчы. Адзін з сялян прамармытаў:

— Можа гэта шпіёнка?

— Маўчы і ідзі адсюль! — шапнула ёй зноў тая жанчына, што гаварыла з ёй раней.

Мішэль Флешар адказала ёй:

— Я-ж не раблю нічога дрэннага, я толькі шукаю сваіх дзяцей.

Добрая жанчына пераглянулася з людзьмі, дакранулася пальцам да свайго ілба, падміргнула і сказала:

— Гэта дурная, прыдуркаватая.

Потым адвяла яе ўбок і дала ёй корж. Мішэль прагна пачала есці.

— І то праўда, — пачуліся галасы. — Глядзіце, яна есць, як звер: пэўна дурная.

І ўсе адзін за адным пачалі разыходзіцца.

Калі Мішэль пад'ела, яна сказала сялянцы:

— Ну вось я і сытая. Цяпер пакажыце мне дарогу на Тург.

— Зноў яе забірае! — усклікнула сялянка.

— Мне трэба ў Тург. Калі ласка, скажыце, як туды прайсці.

— Нізавошта не скажу. Ты, пэўна, хочаш, каб цябе забілі? Звар'яцела ты, ці што? Ды, праўду сказаць, я і сама не ведаю, як туды прайсці. Паслухай, даражэнькая, ты, я бачу, вельмі змарылася. Пойдзем лепш да мяне, адпачні.

— Мне нельга адпачываць.

— І сапраўды, у яе ўсе ногі абадраныя, — прамармытала сялянка.

Мішэль Флешар пачала тлумачыць:

— Кажу вам — у мяне ўкралі дзяцей. Двух хлопчыкаў і дзяўчынку. Можаце спытаць пра мяне ў Тэльмарша Бадзягі. Я жыла ў яго зямлянцы, у лесе; адтуль я іду. Потым я яшчэ ў полі сустрэла аднаго чалавека; ён таксама ведае, чаго я іду. Тэльмарш мяне вылечыў. У мяне, здаецца, была перабіта нейкая костка. Усё гэта праўда, я нічога не выдумляю. Яшчэ адзін салдат мяне ведае — сержант Радуб. Параспытайце яго, ён вам усё раскажа. Ён-жа-ж і падабраў нас у лесе — трох маіх дзяцей і мяне. Іх трое ў мяне, я гэта магу даказаць. Старэйшанькага завуць Рэне-Жан, другога — Гро-Алэн, а дзяўчынку — Жоржэта. Муж у мяне памёр: яго забілі. Вы, здаецца, добрая — пакажыце мне дарогу. Я сапраўды не вар'ятка, я толькі маці. Я згубіла дзяцей і шукаю іх, вось і ўсё. Я і сама не ведаю, з якіх месц я іду. Сёнешнюю ноч я начавала на саломе ў нейкім хляве. А іду я ў Тург. Я не валацуга якая-небудзь, не зладзейка. Хіба вы не бачыце, што я кажу праўду? Вы павінны дапамагчы мне знайсці маіх дзяцей. Я не тутэйшая, мяне расстралялі, але я не ведаю, дзе гэта было.

Сялянка паківала галавой і сказала:

— Паслухай, любая: у такі непакойны час, як наш, цябе могуць арыштаваць.

— О, божа! Мне трэба ў Тург! — ускрыкнула бедная маці. — Мадам! Прашу вас, малю, заклінаю ўсім, што ёсць святога на зямлі, — скажыце, як трапіць мне ў Тург?

Сялянка раззлавалася.

— Кажу табе, не ведаю. А каб і ведала, не сказала-б. Гэта нядобрае месца. Няма чаго табе хадзіць туды.

— Я ўсёроўна пайду, — сказала Мішэль і рушыла ў дарогу.

Сялянка паглядзела ёй услед і прабурчэла:.

— Ёй трэба усё-такі што-небудзь есці.

Сялянка пабегла за ёй і сунула ёй у руку яшчэ адзін корж.

— Гэта табе на вячэру, — сказала яна.

Мішэль Флешар узяла корж, нічога не адказала, не павярнула нават галавы і пайшла далей.

Яна вышла з вёскі.

Ля апошніх дамоў ёй трапіліся насустрач трое маленькіх дзяцей, абадраных і басаногіх. Яна спынілася, паглядзела на іх і сказала:

— Не, не мае: тут дзве дзяўчынкі і хлопчык.

І, бачачы, што дзеці глядзяць на яе корж, яна аддала яго ім. Яны спалохаліся гэтай дзіўнай жанчыны, але корж узялі. Мішэль Флешар знікла ў лесе.

ПАМЫЛКА

У гэты-ж дзень, яшчэ да світання, у лесе, на дарозе між Жавенэ і Лекусам, здарылася наступнае.

За гадзіну да таго, як Мішэль Флешар з другога боку лесу падыходзіла да вёскі, дзе ёй сустрэлася суровая працэсія — чорная павозка пад аховай жандармаў, — у густым зарасніку, зараз-жа за мостам, сядзела ў засадзе нябачная групка людзей. У густым хмызняку лёгка было схавацца. Людзі гэтыя былі сяляне. Усе былі ўзброеныя — некаторыя стрэльбамі, другія сякерамі. Тыя, у каго былі сякеры, насеклі сухога галля і круглякоў і расклалі касцёр; яго заставалася толькі падпаліць. Тыя, у каго былі стрэльбы, стаялі паабапал дарогі напагатове. Усе стрэльбы былі прасунуты між галін і накірованы на дарогу. Людзі трымалі палец на ўзведзеных курках. Яны кагосьці пільнавалі.

Пачынала віднець; можна было ўжо разгледзець белаватую палоску дарогі. У поўзмроку перагаварваліся ціхія галасы.

— Ды ты напэўна ведаеш?

— Я так чуў.

— Што яе тут павязуць?

— Кажуць, яна ўжо недалёка.

— Яе нельга выпускаць.

— Спаліць яе, і справе канец.

— Навошта-ж нас і сабралося тут цэлыя тры вёскі?

— Яно так, але-ж яна пад канвоем.

— Канвой мы пазабіваем.

— Ці праўда, што яе павязуць па гэтай дарозе?

— Кажуць, па гэтай.

— Дык, значыцца, яе вязуць з Вітрэ?

— Можа і адтуль.

— А раней казалі, што з Фужэра.

— Адкуль-бы яна ні ўзялася, яе паслаў сам д'ябал.

— Гэта праўда.

— Дык няхай яна і адпраўляецца да яго.

— Ціха! Маўчыце!

Пачуўся грукат колаў і стук конскіх падкоў. Здалёк, на вузкай, сціснутай платамі дарозе, можна было разгледзець коннікаў і павозку з нейкім грузам: Усё гэта пасоўвалася ў іх бок.

— Гэта, яна! — сказаў адзін з людзей, відаць начальнік дружыны.

— Яна, яна! Во і канвой, — пацвердзіў другі.

— А колькі чалавек канвоя?

— Дванаццаць.

— А казалі, штб дваццаць.

— Дванаццаць ці дваццаць, — усёроўна, усіх пазабіваем.

— Пачакайце, пакуль пад'едуць бліжэй.

Хутка пасля гэтага павозка і коннікі, якія схаваліся былі за паваротам дарогі, вынырнулі зусім блізка.

— Хай жыве кароль! — крыкнуў начальнік дружыны.

Разлёгся залп соцень стрэльбаў. Калі дым рассеяўся, канвой знік. Сем чалавек звалілася з коней, а астатнія пяць ускакалі. Сяляне падбеглі да павозкі.

— Вось табе і на! — ускрыкнуў важак. — Гэта не гільятына, а лесніца.

На возе ляжала прыстаўная лесніца, і больш не было ніякага грузу. Абодва кані дрыгалі на зямлі раненыя; фурман быў забіты шальной куляй: ніхто не цаляў ў яго.


— Ну, усёроўна, — сказаў важак, — лесніцу везлі пад канвоем, гэта падазрона. І везлі ў Парын'е, а там замак Тург, — значыцца, яна прызначалася для прыступу.

— Спаліць яе, спаліць! — закрычалі ўсе ў адзін голас.

І лесніцу спалілі.

А тая чорная павозка з жудасным грузам, якую пільнавалі, праехала другой дарогай і ўжо наблізілася да той вёскі, дзе яе досвіткам бачыла Мішэль Флешар.

ГОЛАС У ПУСТЫНІ

Аддаўшы свой коржык тром маленькім жабракам, Мішэль Флешар пайшла наўздагад праз лес.

Ёй не хацелі паказаць дарогі, значыцца, заставалася самой знайсці яе. Яна часта прысаджвалася, зноў падымалася і ішла. Яе апанавала такая стома, нібы пудовыя гіры былі ў яе на нагах; не толькі мускулы, але і косці ў яе нылі. Гэта была стома заморанага раба. Яна і сапраўды была рабой — рабой сваіх загінуўшых дзяцей. Яна павінна была іх знайсці. Кожная страчаная мінута магла іх загубіць. Яна не адпачывала. Але яна дайшла да такога знесілення, што кожны лішні крок быў для яе пытаннем — ці здолее яна зрабіць яго. Яна ішла з ранку, і з самага ранку ёй не траплялась болей ніводнай вёскі, ніводнай мызы. Спачатку яна ішла па вернай дарозе, потым, сама не ведаючы як, звярнула з яе і нарэшце заблудзіла ў непралазным гушчары лесу, дзе не было ніякіх прымет, па якіх можна было-б арыентавацца. Ці набліжалася яна да мэты, ці аддалялася ад яе? Што, калі яна ўпадзе на дарозе і памрэ? Мінутамі ёй здавалася, што яна не будзе мець сілы ступіць і кроку. Сонца спускалася да гарызонта, у лесе пацямнела, сцежак нельга было разгледзець у густой траве: бедная жанчына зусім збянтэжылася. Яна спрабавала было крычаць, клікаць на дапамогу, але ніхто не адгукнуўся ёй.

Яна агледзелася навакол і ўбачыла прасвет між галінамі. Яна завярнулася ў той бок і нечакана вышла на ўскрай лесу.

Перад ёй ляжала вузкая лагчына, на дне якой бегла па каменнях празрыстая вада. Мішэль Флешар успомніла, што яе даўно мучыць смага. Яна сышла да крыніцы, апусцілася на калені і пачала піць. Стоячы на каленях, яна памалілася. Потым паднялася і пачала азірацца.

За лагчынай распасцерлася, наколькі хапала вока, шырокае плато, парослае дробным хмызняком. Пакатым спадам падымалася яно ад самага раўчука і ішла кудысьці за гарызонт. Гэтае плато было сапраўднай пустыняй. У лесе за кожным кустом можна было напароцца на каго-небудзь, а на гэтай раўніне, наколькі можна было бачыць простым вокам, не было відаць ні душы. Толькі над верасам, нібы ратуючыся ад небяспекі, праляталі нейкія птушкі.

Тады ў роспачы, адчуваючы, што ў яе падгінаюцца калені, разумеючы ўжо сваю бездапаможнасць сярод гэтай страшнай бязлюднай прасторы, няшчасная маці, зусім ашалеўшы, крыкнула:

— Ці ёсць тут хто? Адгукніся!

Ёй адказалі.

Яна пачула глухі, глыбокі голас; ён ішоў нібы з самага краю зямлі. Здавалася, ён адказаў на пытанне беднай маці і сказаў: «Так». Потым зноў стала ціха.

Мішэль Флешар выпрамілася: яна аджыла. Значыцца, яна не адна ў гэтай пустыні, значыцца, тут ёсць нехта, хто можа ёй дапамагчы. Яна толькі што заспакоіла смагу і памалілася: сілы вярталіся да яе. Яна пачала падымацца на плато ў тым кірунку, адкуль да яе даляцеў далёкі магутны гук.

Раптам яна ўбачыла, што з-за гарызонта выплыла высокая вежа, уся барвовая пад праменнямі заходзячага сонца, адзінокая на гэтай раўніне. Да яе заставалася яшчэ больш мілі хады. За ёю чарнелася паласа густога лесу: гэта быў Фужэрскі лес.

Мішэль накіравалася прама да вежы.

СТАНОВІШЧА СПРАЎ

Час прышоў: бязлітасны быў ва ўладзе няўмольнага. Лантэнак быў у руках Сімурдэна.

Стары мяцежнік-раяліст быў заперты ў сваёй бярлозе. Ён не мог уцячы. Сімурдэн хацеў, каб гэты арыстакрат, былы маркіз, быў пакараны смерцю тут-жа, на месцы, у сваіх уладаннях, у сваім уласным доме; ён хацеў, каб старое феадальнае гняздо было сведкай таго, як упадзе галава феадала, і каб ва ўсіх надоўга застаўся ў памяці гэты ўрок.

Вось чаму ён і паслаў у Фужэр за гільятынай — той самай, якую напаткала Мішэль Флешар.

Забіць Лантэнака азначала забіць Вандэю, а забіць Вандэю азначала выратаваць Францыю. Сімурдэн не вагаўся. Гэты чалавек адчуваў сябе ў сваёй стыхіі, калі дзеля выканання абавязка яму прыходзілася быць жорсткім.

Маркіз загіне — у гэтым не магло быць сумненняў, і Сімурдэн быў спакойны. Але яго непакоіла другое. Барацьба чакалася жорсткая. Говэн павінен быў кіраваць атакай і пэўна пойдзе ў першых шэрагах. У гэтым маладым начальніку жыла душа салдата: ён мог кінуцца, ні на што не гледзячы, у рукапашную бойку. Толькі-б яго не забілі! Да гэтага часу шчасце дапамагала яму, але шчасце нясталае. Сімурдэн дрыжаў за свайго выхаванца. Па дзіўнаму капрызу лёсу ён апынуўся між двух Говэнаў, жадаючы смерці аднаму і дрыжучы за жыццё другога.

Стрэл гарматы, які разбудзіў Жоржэту ў яе калысцы і выклікаў маці на дапамогу дзецям з пустыннай раўніны, меў не толькі гэтыя вынікі. Выпадкова ці па жаданню кананіра, што наводзіў гармату, ядро, якое павінна было служыць толькі папярэджаннем, ударыла ў жалезную арматуру байніцы на другім паверсе вежы, прабіла яе і напалову вырвала са сцяны. Так гэта і засталося: абложаным не было калі займацца папраўкай такіх пашкоджанняў.

Абложаныя пахваліліся, што ў іх многа зарадаў; зарадаў у іх было мала. Становішча абложаных было больш крытычнае, як думалі нападаючыя. Каб у іх было больш пораху, яны пусцілі-б атакуючых у вежу і ўзарвалі-б разам з усімі, у тым ліку і з сабой. Яны марылі аб гэтым, але запасы пораху ў іх падыходзілі к канцу; яго заставалася не больш, як на трыццаць стрэлаў для кожнага чалавека. У іх было шмат стрэльбаў, мушкетаў і пісталетаў, але мала патронаў. Яны зарадзілі ўсю быўшую ў іх агнестрэльную зброю, каб мець магчымасць падтрымліваць бесперапынны агонь. Але як доўга прыдзецца весці такую страляніну? Трэба было ў адзін і той-жа час і падтрымліваць агонь, і берагчы зарады, — цяжкая задача. Уся іх надзея была на тое, што барацьба будзе весціся галоўным чынам халоднай зброяй — шаблямі і кінжаламі, што прыдзецца не столькі страляць, колькі калоць і сячы.

Унутранасць вежы здавалася непрыступнай. У ніжнім зале, дзе быў пралом, пабудавалі моцную барыкаду, якая загароджвала ўваход. За барыкадай у зале паставілі даўгі стол і расклалі на ім зброю — зараджаныя стрэльбы, карабіны, пісталеты, шаблі, сякеры і кінжалы. З прычыны таго, што вежу ўсёроўна нельга было ўзарваць і, такім чынам, ніжняя камера падземнай цямніцы, аддзеленая ад ніжняга зала толькі дзвярыма, аказвалася бескарыснай, маркіз загадаў зусім закалаціць гэтыя дзверы. Над ніжнім залам быў круглы зал другога паверха, куды можна было трапіць толькі па вузкай вінтавой лесніцы. Гэты пакой, дзе, як і ў ніжнім зале, стаяў стол з наваленай на ім агнестрэльнай зараджанай і халоднай навостранай зброяй, асвятляўся галоўнай байніцай, у якой ядро папсавала краты. Адсюль, таксама па вінтавой лесніцы, можна было падняцца ў зал трэцяга паверха, дзе былі жалезныя дзверы, што выходзілі ў замак на мосце. Гэты зал меў дзве назвы — пакоя з жалезнымі дзвярыма і люстранага, бо там, на голых камнях сцен, на старых іржавых цвіках, было панавешана шмат маленькіх люстэрак — мешаніна раскошы з варварствам. З прычыны таго, што верхнія паверхі абараняць было цяжка, то гэты «люстраны» зал быў апошнім пунктам, дзе абложаныя павінны ўжо будуць здацца на капітуляцыю. Уся справа была ў тым, каб не даць нападаючым пранікнуць у гэты зал.

Зал асвятляўся таксама байніцамі, але, апрача таго, там гарэў факел, устаўлены ў такую самую жалезную падстаўку, як і ў ніжнім зале. Факел быў запалены з пэўнай мэтай; запаліў яго Іманус і палажыў каля яго канец насычанага серкай шнура, праведзенага ў замак на мосце. Жорсткая прадбачлівасць!

У глыбіні ніжняга зала былі панастаўляны вялікія блюды з рысам, з пахлёбкай, з рубленай цяляцінай, з каржамі і збаны з сідрам. Кожны еў і піў, калі і колькі хацеў.

Стрэл гарматы падняў усіх на ногі. Да пачатку прыступу заставалася ўсяго поўгадзіны.

Іманус з вышкі вежы сачыў за набліжэннем атакуючых. Лантэнак забараніў страляць, пакуль яны не падыйдуць зусім блізка. Ён сказаў:

— Іх чатыры з паловай тысячы. Усіх нам усёроўна не пазабіваць. Бескарысна страляць, пакуль яны не ўвайшлі: толькі тут, у вежы, сілы зробяцца роўнымі.

І дадаў, смеючыся:

— Роўнасць і братэрства.

Было дагаворана, што, як толькі вораг рушыць ў атаку, Іманус затрубіць у рог, каб папярэдзіць сваіх. Усе занялі месцы — хто за барыкадай, хто на ступеньках лесніцы — і моўчкі, са стрэльбамі ў адной руцэ і пацеркамі ў другой, чакалі.

Становішча ваюючых бакоў было такое: нападаючым трэба было ўварвацца ў пралом, аўладаць барыкадай і ўзяць з бою, адзін за адным, тры паверхі вежы і дзве вузкія вінтавыя лесніцы, б'ючыся на кожнай ступеньцы; абложаным заставалася адно — памерці.

ПЕРАД БОЙКАЙ

Говэн, у сваю чаргу, рыхтаваўся да атакі. Камандаванне штурмавой калонай ён пакінуў за сабой. Гэта і непакоіла Сімурдэна.

Сонца толькі што села. Вежа на адкрытай раўніне падобна на карабль у адкрытым моры. Атакаваць такую вежу можна толькі тым-жа спосабам, як карабль: гэта больш абардаж, як штурм. Гарматы тут непатрэбны. Які сэнс бамбардыраваць сцены ў пятнаццаць футаў таўшчыні? Пралом у борце, куды адны стараюцца ўварвацца, а другія намагаюцца загарадзіць, сякеры, нажы, пісталеты, кулакі і зубы — вось карціна такіх боек.

Говэн разумеў, што не было іншага спосабу авалодаць вежай Тург. Няма нічога больш лютага, як атака, у час якой сыходзішся з ворагам тварам у твар. Говэн жыў у гэтай вежы, калі быў дзіцем; ён добра ведаў яе ўнутранае размяшчэнне і ведаў, як цяжка будзе яе ўзяць.

Ён глядзеў на яе і думаў аб тым, як яму ўдасца справіцца з гэтай задачай. Недалёка ад яго стаяў Гешан і глядзеў у падзорную трубу на дарогу ў Парын'е. Раптам ён закрычаў:

— А! Нарэшце ёсць!

Говэн павярнуўся да яго.

— Што там такое, Гешан?

— Лесніцу вязуць, камандзір.

— Як! Яе яшчэ не прывезлі да гэтага часу?

— Не, камандзір. Я вельмі непакоіўся.

— Як-жа-ж цяпер? Нам трэба пачынаць атаку. Вызначаны тэрмін ужо прайшоў. Калі мы будзем марудзіць, яны падумаюць, што мы не адважваемся.

— Што-ж, камандзір, мы можам пачынаць. Лесніца будзе. Яе ўжо вязуць. Можаце самі паглядзець.

Говэн узяў падзорную трубу, паглядзеў на дарогу і сказаў:

— Так, праўда. Ля павозкі ёсць коннікі: гэта пэўна лесніца. Толькі канвойных, мне здаецца, больш за дванаццаць чалавек.

— Але, нібыта больш, мне яно таксама здалося.

— Цяпер яны за чвэрць мілі адсюль.

— Праз чвэртку гадзіны лесніца будзе тут, камандзір.

— Значыцца, можна пачынаць.

Па дарозе сапраўды ехала павозка пад канвоем, але толькі не тая, якую яны чакалі.

Говэн азірнуўся і ўбачыў за сабой сержанта Радуба, які стаяў, выцягнуўшыся па-вайсковаму і трымаючы руку ля галаўнога ўбора.

— Што вам, сержант?

— Грамадзянін камандзір, мы, салдаты батальёна «Чырвонай Шапкі», просім у вас толькі адной ласкі.

— Якой?

— Пашліце нас наперад, пад кулі.

— А-а, вось што! Чаго гэта вам прышло ў галаву?

— Дык як-жа-ж, камандзір! З самай бойкі пад Долем вы нас шкадуеце. А нас яшчэ дванаццаць чалавек.

— Ну, дык што-ж?

— Нам крыўдна.

— Я трымаю вас у рэзерве.

— Мы хацелі-б лепш быць у авангардзе.

— Але вы яшчэ спатрэбіцеся ў апошні момант для рашучага ўдару. На гэты выпадак я вас і берагу.

— Занадта беражэце, камандзір.

— Не ў гэтым справа. Вы-ж пойдзеце ў штурмавой калоне.

— Так, ззаду. Але мы — парыжане, а Парыж мае права ісці наперадзе.

— Добра, сержант, я падумаю.

— Падумайце, камандзір. Сёння такі добры выпадак. Справа будзе гарачая. Вежа Тург апячэ пальцы таму, хто дакранецца да яе. Мы просім, як ласкі, паслаць нас у першых шэрагах.

Радуб замаўчаў, пакруціў вус і прадаўжаў узрушаным голасам:

— І, апрача таго, камандзір, у гэтай вежы нашы рэбяты — дзеці нашага батальёна. Іх трое ў нас. А гэтая паганая морда… як яго там?.. у яго шмат прозвішчаў — гэты Гуж-ле-Бруан, ён-жа Іманус, ён-жа Страх сініх — гэты д'ябал у чалавечым выглядзе пагражае загубіць нашых дзяцей. Падумайце, камандзір, загубіць гэтых малютак! Ды няхай тут хоць зямля праваліцца пад намі, а мы не папусцім іх у крыўду. Мы не хочам, каб з імі здарылася няшчасце. Чуеце, камандзір? Не хочам! Я толькі што бачыў іх усіх трох. У час перамір'я я скарыстаў хвілінку, падняўся на плато і зазірнуў у акно. Яны там, у замку. З берага плато добра відаць сярэдзіна пакоя. І я бачыў іх усіх. Ды і напалохаў-жа я іх! Яны пахаваліся, убачыўшы мяне… А я вам вось што скажу, камандзір: калі хоць адзін волас упадзе з галавы каго-небудзь з гэтых малышоў, клянуся вам усім, што толькі ёсць святога на зямлі, што я, сержант Радуб, адпомшчу за іх. Ды і ўвесь наш батальён кажа: «Мы выратуем нашых дзетак або памрэм». І памрэм, ляжам на месцы за іх усе да аднаго. Гэта наша права, чорт пабяры! Ну, вось, я скончыў. Маю гонар кланяцца, камандзір.

Говэн працягнуў яму руку і сказаў:

— Вы — малайцы. Вы пойдзеце ў штурмавой калоне. Я падзялю вас на дзве часткі: шасцёра пойдуць у авангардзе — павядуць калону за сабой, а шасцёра — у ар'ергардзе, каб не даць ёй адступіць.

— А як-жа я? Я-ж застаюся старшым у батальёне?

— Вядома.

— Дзякую, камандзір. Значыцца, я іду ў авангардзе.

Радуб яшчэ раз аддаў чэсць камандзіру і вярнуўся на сваё месца.

Говэн выняў гадзіннік, сказаў некалькі слоў на вуха Гешану, і штурмавая калона пачала строіцца.

ПРАМОВА І РЫКАННЕ

У гэты час Сімурдэн сказаў трубачу:

— Дай сігнал.

Трубач пратрубіў сігнал, і з вежы адгукнуўся ражок.

І яшчэ раз труба і ражок абмяняліся сігналамі.

— Што гэта значыць? — спытаўся Говен у Гешана. — Што надумаў Сімурдэн.

Сімурдэн між тым падышоў да самай вежы, махнуў белай хусткай і сказаў гучным голасам:

— Эй, вы, людзі, што седзіцё ў вежы! Ці ведаеце вы мяне?

Голас Імануса адгукнуўся з вышкі:

— Ведаем!

— Я ўпаўнаважаны Рэспублікі.

— Ты былы кюрэ парафіі Парын'е.

— Я дэлегат Камітэта грамадскага ратавання.

— Ты поп і рэнегат.

— Я камісар рэволюцыйнага ўрада, Сімурдэн.

— Ты вераадступнік і д'ябал.

— Вы мяне ведаеце.

— Мы ненавідзім цябе.

— Вы, значыцца, будзеце задаволены, калі я траплю ў вашы рукі?

— Нас тут восемнаццаць чалавек, апрача мансен'ёра, і кожны з нас ахвотна аддасць сваю галаву за тваю.

— Дык ведайце: я аддаюся вам у рукі.

Наверсе пачуўся дзікі рогат, і той-жа голас крыкнуў:

— Ідзі!

Унізе ўвесь лагер замер у глыбокім маўчанні: усе чакалі, што будзе далей. Сімурдэн прадаўжаў:

— Я аддаюся ў вашы рукі, але з адной умовай.

— З якой?

— Слухайце ўважліва.

— Кажы.

— Вы ненавідзеце мяне, так?

— Ненавідзім.

— А я вас люблю: я — ваш брат.

На гэта голас з вежы адказаў:

— Так, Каін.

Сімурдэн загаварыў зноў, і голас яго загучэў неяк па-новаму: пагардліва і разам з тым мякка.

— Абражайце, але выслухайце. Я прыходжу да вас парламенцёрам. Паўтараю: вы мне браты. Вы — няшчасныя, ашуканыя людзі. Я вам прыяцель. Ды ці не адной мы маткі-радзімы дзеці?.. Вось я прышоў да вас і прапаную вам сваю галаву; я раблю больш: я вам працягваю братэрскую руку. Я прашу вас, як ласкі: забіце мяне і гэтым выратуйце сябе. Мне дадзена неабмежаваная ўлада, і я магу выканаць тое, што абяцаю. Гэта мінута вырашыць ваш лёс. Я раблю апошнюю спробу прымірэння. Я ведаю, вы думаеце: «Нельга верыць таму, што гаворыць рэспубліканец». Так, з вамі гаворыць рэспубліканец, грамадзянін, але ў гэтым грамадзяніне засталося многа чаго ад ксяндза. Слухайце, браты! Многія з вас маюць жонак і дзяцей. Я бяру пад сваю абарону вашых жонак і дзяцей; я абараняю іх супроць вас. Браты мае…

— Ну, завёў сваю папоўскую дуду! —зарагатаў Іманус.

Сімурдэн казаў далей, нібы не чуючы:

— Браты мае! Спыніцеся, пакуль не позна. Няхай міне вас бяда! Яшчэ мінута, і пачнецца разаніна. Многія з нас, што стаяць тут перад вамі, не ўбачаць больш усходу сонца. Так, многія з нас загінуць, а вы, вы ўсе памрэце. Пашкадуйце-ж сябе. Навошта без карысці праліваць столькі крыві? Навошта забіваць столькі людзей, калі досыць забіць двух?

— Двух? — пераспытаў Іманус.

— Але, двух.

— Каго-ж?

— Мяне і Лантэнака.

Сімурдэн узняў голас:

— Тут два лішнія чалавекі: для нас — Лантэнак, для вас — Сімурдэн. Дык вось, калі вы хочаце выратаваць сваё жыццё, я прапаную вам: выдайце нам Лантэнака і вазьміце мяне. Лантэнак памрэ на гільятыне, а са мной рабіце, што хочаце.

— Каб толькі трапіўся ты нам, поп, мы-б цябе сасмажылі на агні! — прарычаў Іманус.

— Згодзен, — сказаў Сімурдэн: — Вы тут, у гэтай вежы, асуджаныя людзі. Але праз якую-небудзь гадзіну вы можаце выйсці з яе жывымі і вольнымі. Гэта залежыць ад вас. Я даю вам ратунак. Ці прымаеце вы мой падарунак?

Іманус шалёна зароў:

— Ды ты не толькі злодзей, ты яшчэ і вар'ят! Чаго ты лезеш да нас са сваімі прапановамі? Хто цябе прасіў быць парламенцёрам? Каб мы ды выдалі мансен'ёра? Чаго ты хочаш ад нас?

— Яго галавы. А вам я прапаную…

— Тваю скуру? Таму што — ведай гэта, ксёндз Сімурдэн, — мы абадралі-б цябе, як сабаку. Але не, твая скура не варта яго галавы. Пайшоў прэч!

— Апошні раз — падумайце. Надыходзіць страшны момант.

Надыходзіла ноч. Лантэнак маўчаў, нібы гутарка ішла не аб ім.

Загаварыў Іманус, і голас яго перакрыў голас Сімурдэна.

— Слухайце вы, нападаючыя! Мы сказалі вам нашы ўмовы. Гэта наша апошняе слова, ад якога мы не адступімся. Кажыце-ж: ці прымаеце вы нашу прапанову? Калі не, дык сцеражыцеся! Дык вось, ці згодны вы? Мы аддамо вам вашых трох дзяцей, запертых у замку, а вы нас усіх выпусціце.

— Усіх, апрача аднаго, — адказаў Сімурдэн.

— Каго?

— Лантэнака.

— Мансен'ёра? Выдаць мансен'ёра? Ніколі!

— Нам патрэбен Лантэнак. Мы можам дагаварыцца толькі на гэтай умове.

— Калі так, пачынайце атаку.

Зрабілася ціха. Іманус пратрубіў сігнал і спусціўся ўніз. Маркіз выняў шаблю з ножнаў. Усе дзевятнаццаць чалавек моўчкі сабраліся за барыкадай у ніжнім зале і апусціліся на калені. Ім было чутно, як штурмавая калона мерным шагам падыходзіла да вежы. Цяжкі тупат соцень ног шпарка набліжаўся. Раптам ён пачуўся зусім блізка, каля самай дзіры. Тады ўсе, стоячы на каленях, прасунулі свае стрэльбы ў шчыліны барыкады.

Бой пачаўся…

ВОЛАТЫ СУПРОЦЬ ГІГАНТАЎ

Карціна была жудасная.

Гэты рукапашны бой па сваёй лютасці перавышаў усё, што толькі можна ўявіць.

Перад нападаючымі адкрывалася чорнае бяздонне, і зверху, і знізу, і з бакоў панатырканае каменнымі зубамі ад узарванай сцяны. Такой колькасці зубоў не бывае нават у акул. І ў гэтую чорную дзіру трэба было ўвайсці.

Як толькі першая хваля атакуючых уварвалася ў пралом, уся барыкада забліскала маланкамі; здавалася, пад зямлёй загрукатаў гром. На гром засады адтукнуўся гром нападу. Стрэлы адказалі на стрэлы. Пачулася каманда Говэна: «Прабівайцеся наперад!», потым голас Лантэнака: «Трымайцеся мацней, сябры!» Нарэшце, крык Імануса: «Сюды, землякі!» Чуваць было лязганне шабляў і бесперапынныя залпы са стрэльбаў. Прымацаваны да сцяны факел слаба асвятляў гэту жудасную карціну. У чырванаватым змроку нічога нельга было разгледзець. Трапіўшы сюды, чалавек адразу рабіўся сляпым ад дыму і глухім ад грукату стрэлаў. Сярод абломкаў валяліся раненыя; байцы ішлі праз трупы, ступалі на свежыя раны, душылі нагамі перабітыя косці; раненыя стагналі ад болю, кусалі за ногі ступаўшых на іх. Мінутамі раптам надыходзіла цішыня, яшчэ больш жудасная, як шум. Людзі хапалі адзін аднаго за горла. З вежы праз пралом цурком цякла цёплая кроў, разлівалася па траве шырокай лужынай і дымілася ў цемры. Можна было падумаць, што сама вялізная вежа раненая і з яе цячэ кроў.

Як гэта ні дзіўна, знадворку амаль не чуваць было шуму. Ноч была ціхая, вельмі цёмная, і вакол абложанай вежы, у лесе і на раўніне, стаяла мёртвая ціша. Унутры было пекла, знадворку — магіла. Барацьба людзей, знішчаючых адзін аднаго ў цемры, трэск стрэлаў, крыкі ярасці — увесь гэты шум губляўся ў тоўстых сценах, пад высокім скляпеннем; гукі заміралі ад нястачы паветра. Жах бойні павялічваўся ад удушша. Па-за вежай нічога не было чуваць. Трое дзяцей спалі моцным сном.

Лютасць з абодвух бакоў узмацнялася. Бой разгараўся. Барыкада трымалася моцна. Няма нічога больш цяжкага, як браць барыкады, злучаныя пад кутом. Абложаным прышлося мець справу са значна перавышаючай колькасцю ворагаў; затое на іхнім баку была перавага выгаднай пазіцыі. Штурмуючая калона траціла многа людзей. Выцягнуўшыся ў адну шарэнгу ля падножжа вежы, яна павольна ўваходзіла ў пралом, усё скарачаючыся, нібы вужака, які запаўзае ў нару.



Хваля нападаючых уварвалася ў пралом.

Говэн, неасцярожны, як усе маладыя ваенныя начальнікі, стаяў у ніжнім зале, у самым цэнтры бойкі, пад градам куляў. Ён не думаў аб небяспецы, часткова можа і таму, што ён яшчэ ні разу не быў ранены.

Абярнуўшыся, каб даць нейкі загад, ён раптам, пад водбліскам стрэлу, убачыў побач з сабой знаёмы твар.

— Сімурдэн! — усклікнуў ён. — Вы тут чаму?

Гэта быў сапраўды Сімурдэн. Ён адказаў:

— Я прышоў, каб быць каля цябе.

— Вас тут заб'юць.

— Дык што-ж? Цябе таксама могуць забіць.

— Я тут патрэбны, а вы — не.

— Калі ты тут, я таксама павінен быць тут.

— Не, настаўнік мой!

— Так, дзіця маё!

І ён застаўся з Говэнам.

Куча мёртвых цел на каменнай падлозе ніжняга зала ўсё расла.

Барыкада не была яшчэ ўзятая, але было ясна, што перамога, нарэшце, будзе на баку большасці. Нападаючыя былі ўсе відаць, а тыя, хто абараняўся, былі схаваныя, так што на дзесяць выбываючых з строю ў першых прыпадаў толькі адзін ў другіх. Але паток штурмуючых увесь час аднаўляўся свежымі людзьмі, іх лік узрастаў, а лік абаронцаў вежы ўсё змяншаўся.

Усе дзевятнаццаць чалавек сабраліся за барыкадай, на якую была накірована атака. У іх ужо былі забітыя і раненыя. У страю заставалася не больш пятнаццаці чалавек. Адзін з іх, брэтонец Шант-ан-Івер, карчасты маленькі чалавечак, надзвычайна спрытны і рухавы, бадай самы смелы з усіх, быў страшэнна пакалечаны. У яго была раструшчана сківіца і выкалата вока. Але ён мог яшчэ рухацца. Ён папоўз па вінтавой лесніцы і падняўся на другі паверх, каб там памаліцца і памерці. З труднасцю падняўшыся на ногі, ён прыхіліўся да сцяны ля байніцы, каб глытнуць свежага паветра.

Між тым унізе, перад барыкадай, бойня з кожнай мінутай рабілася жахлівей. Раптам, між двума залпамі, загрымеў голас Сімурдэна:

— Абложаныя! Навошта нам працягваць гэтае кровепраліцце? Вы пераможаны. Здавайцеся! Падумайце толькі: нас-жа чатыры з паловай тысячы супроць дзевятнаццаці, гэта значыць, больш за дзвесце чалавек супроць аднаго. Здавайцеся!

— Навошта гэтая балбатня? — азваўся Лантэнак.

І дзесяткі са два куль былі адказам на словы Сімурдэна.

Барыкада не даходзіла да столі, што дазваляла абложаным страляць зверху яе і разам з тым давала нападаючым магчымасць на яе ўзабрацца.

— Уперад! На прыступ! — скамандаваў Говэн. — Хто хоча браць «барыкаду?

— Я! — крыкнуў сержант Радуб.

РАДУБ

Але тут нападаючыя вельмі здзівіліся. Калі Радуб увайшоў у пралом на чале сваёй калоны, з ім было пяць чалавек парыжскага батальёна і чатыры з іх ужо выбылі з строю. Пасля таго, як на выклік камандзіра ён крыкнуў: «Я!», усе раптам убачылі, што ён заместа таго, каб кінуцца ўперад, пасунуўся назад, сагнуўся, праціснуўся, бадай што між нагамі нападаючых, да выхаду з пралому і знік. Што гэта? Няўжо ўцёкі? Каб такі чалавек уцёк!.. Што гэта магло значыць?

Між тым, выбраўшыся з пралому, яшчэ напалову аслеплены дымам, Радуб працёр вочы, нібы адганяючы ад сябе страшную карціну, і пры святле зорак пачаў аглядаць сцяну вежы.

Ён яшчэ раней заўважыў, што глыбокая шчыліна, зробленая выбухам, даходзіла да байніцы другога паверха, дзе ядро яшчэ папсавала і напалову вырвала жалезныя краты. Сетка адарваных прэнтаў звешвалася ўніз, і ў створаную дзіру мог пралезці чалавек.

Пралезці ў байніцу было магчыма, але як падняцца да яе? Праўда, гэта можна было зрабіць, чапляючыся за шчарбіны ў шчыліне, але для гэтага трэба было мець каціную спрытнасць. Радуб меў гэтую спрытнасць.

Ён палажыў на зямлю свой мушкет, зняў з сябе рэмні, камзол і жылетку, а са зброі пакінуў пры сабе толькі шаблю і два пісталеты. Пісталеты ён заткнуў за пояс штаноў, а голую шаблю ўзяў у зубы. Ручкі пісталетаў вытыркаліся ў яго з-за пояса.

Вызваліўшыся такім чынам ад усяго лішняга, ён пачаў карабкацца па каменных шчарбінах шчыліны, як па ступенях лесніцы. Усе людзі штурмуючай калоны, якія не паспелі яшчэ ўвайсці ў пралом, глядзелі на яго са здзіўленнем. На ім не было чаравікаў. Вялікімі пальцамі ног ён чапляўся за няроўнасці ў камнях, а каленямі, локцямі і кулакамі ўпіраўся ў сценкі шчыліны. Пад'ём быў нялёгкі.

«Добра, што на другім паверсе нікога няма, — думаў ён, — а то мне не далі-б падняцца».

Яну трэба было ўскарабкацца такім спосабам не менш як на сорак Футаў ад зямлі.

Кверху шчыліна звужвалася, і падымацца было ўсё цяжэй і цяжэй. Значна перашкаджалі яму яшчэ і пісталеты, што вытыркаліся ў ягО з-за пояса. Небяспска зваліцца павялічвалася па меры таго, як павялічвалася адлегласць, якая аддзяляла яго ад зямлі.

Але, нарэшце, ён дабраўся да ніжняга краю байніцы. Ён адсунуў убок вісеўшую частку пакамечаных кратаў і пераканаўся, што яму хопіць месца, каб пралезці. Потым моцным рухам ён прыўзняўся на руках, абапёрся каленам аб карніз пад байніцай, правай рукой ухапіўся за адзін абломак кратаў, левай за другі і, перагнуўшыся ўсім тулавам за край амбразуры, з шабляй у зубах павіс на руках над саракафутовай глыбінёй.

Яму заставалася толькі пераступіць праз амбразуру і саскочыць у пакой. Але раптам з байніцы выглянуў нечы твар. Радуб у поўзмроку ўбачыў перад сабой крывавую маску з раструшчанай сківіцай і выцекшым вокам. Гэтая маска сваім адзіным вокам глядзела на яго.

Але ў маскі знайшліся яшчэ дзве рукі. Абедзве гэтыя рукі нечакана высунуліся з цемнаты і працягнуліся да Радуба: адна быстра выхапіла ў яго з-за пояса пісталеты, другая вырвала шаблю, якую ён трымаў у зубах.

Ён быў абяззброены! Яго калена спаўзала па нахілу карніза, ён ледзь трымаўся на руках, учапіўшыся за абломкі, а пад ім была прорва ў сорак футаў глыбінёй.

Жудасны твар і дзве рукі, што абяззброілі Радуба, належалі Шант-ан-Іверу.

Шант-ан-Івер, душачыся ад дыму, што падымаўся знізу, сяк-так дабраўся да амбразуры байніцы. Свежае паветра ажывіла яго, начны халадок прыпыніў крывацёк з яго ран, і сілы пачалі вяртацца да яго. Раптам знадворку байніцы з'явілася фігура чалавека. Заўважыўшы, што ў гэтага чалавека занятыя абедзве рукі, якімі ён трымаўся за краты, і што ён не можа абараняцца, Шант-ан-Івер спакойна выцягнуў у яго з-за пояса пісталеты і вырваў шаблю з яго сціснутых зубоў.

Пачаўся нечуваны паядынак паміж бяззбройным і паміраючым.

Здавалася, паміраючы павінен быў перамагчы. Досыць было адной трапнай кулі, каб скінуць Радуба ў прорву, што была пад ім. Але, на яго шчасце, Шант-ан-Івер не мог страляць, трымаючы пісталеты ў адной руцэ, і вымушаны быў пусціць у ход шаблю. Ён ударыў Радуба шабляй у плячо. Ён параніў яго і гэтым выратаваў.

Абяззброены, але захаваўшы ўсе свае сілы, Радуб нават не адчуў раны (ды шабля і не закранула косці). Ён рынуўся наперад, выпусціў з рук краты і ўскочыў у амбразуру. Тут ён апынуўся тварам у твар з Шант- ан-Іверам, які тым часам паспеў адкінуць шаблю і цяпер трымаў па пісталету ў кожнай руцэ. Стоячы на каленях, ён нацэліўся ў Радуба, але аслаблая рука яго дрыжала, і ён не мог спусціць курок.

Радуб зарагатаў.

— Ах, ты, паскудная морда! — закрычаў ён. — Ты, здаецца, падумаў, што я спалохаюся, убачыўшы сырую катлету заместа твара?

А Шант-ан-Івер усё цэліўся ў яго.

— І здорава-ж апрацавалі цябе нашы кулі, небарака! — казаў Радуб. — Ну, страляй, галубок, пацеш сваю душу!

Грымнуў стрэл. Куля праляцела ля самай галавы Радуба і адарвала яму палову вуха. Шант-ан-Івер падняў другі пісталет, але Радуб не даў яму і нацэліцца.

— Годзе ўжо! — крыкнуў ён. — Я не хачу, каб ты адстрэліў мне і другое вуха. Ты і так ужо два разы раніў мяне. Цяпер мой чарод.

Ён кінуўся на Шант-ан-Івера, штурхануў яго пад локаць, так што пісталет стрэліў уверх, і схапіў яго рукой за пабітую сківіцу. Шант-ан-Івер завыў ад болю і страціў прытомнасць. Радуб пераступіў цераз яго.

— А цяпер, сказаў ён, — калі ты ведаеш маё апошняе слова, ляжы, калека, і не рыпайся. Можаш быць спакойны, я не буду цябе дабіваць: мне нельга траціць часу на такія забавы. Поўзай сабе, пакуль жывы, або памірай, калі хочаш. Усёроўна гэтым скончыцца. Хутка ты даведаешся, якому глупству навучаў цябе твой кюрэ. Адпраўляйся на той свет, даражэнькі!

І ён ступіў далей.

— Ды тут нічога не відаць! — прамармытаў ён.

Шант-ан-Івер кідаўся ў агоніі і стагнаў. Радуб азірнуўся на яго.

— Зрабі мне ласку, грамадзянін, — памаўчы. Я-ж не соваю носа ў твае справы, не перашкаджай і ты мне. — Ён паскроб патыліцу. — Усё гэта добра, але што далей? — мармытаў ён. — Дзякуючы гэтаму дурню я застаўся без зброі. Ён украў у мяне два стрэлы. А тут яшчэ пракляты дым так есць вочы, што хоць воўкам вый.

Ён выпадкова дакрануўся да свайго скрываўленага вуха, сказаў «эге!» і зноў стаў мармытаць:

— Аднак, ты лоўка адцяў мне вуха, браток! Ну, добра, што толькі вуха, а не што-небудзь іншае. Вушы — толькі аздоба. Вось і плячо адрапаў, але гэта глупства. Я табе дарую; памірай, землячок.

Ён замаўчаў, прыслухоўваючыся. Ніжні зал гуў ад тупату ног, ад грукату стрэлаў і крыку. Бой усё разгараўся.

— А здорава там б'юцца, — прамармытаў Радуб.

Радуб зрабіў некалькі крокаў па пакоі, углядаючыся ў цемру. Ён разгледзеў даўгі стол і на ім нейкія прадметы, якія слаба паблісквалі ў цемры. Ён памацаў рукой. Гэта былі пісталеты, карабіны, мушкеты — цэлы арсенал агнестрэльнай зброі, раскладзенай радамі і, здавалася, толькі чакаўшай рук, якія ўзяліся-б за яе. Абложаныя падрыхтавалі яе для другой фазы штурму.

— Ды тут сапраўдны скарб! — усклікнуў Радуб.

З добрадушнага дзяцюка, ён адразу, ператварыўся ў грознага воіна.

Дзверы на лесніцу, якая вяла і на ніжні і на верхні паверх, былі адчынены насцеж. Радуб узяў у кожную руку па дубальтоваму пісталету і, наставіўшы іх уніз на лесніцу, стрэліў наўздагад з абодвух разам; потым схапіў карабін і стрэліў з яго; потым пачаў страляць з мушкета, зараджанага буйным шротам. Выпушчаныя з мушкета пятнаццаць маленькіх кулек зрабілі ўражанне карцечы. Пасля гэтага Радуб закрычаў грамавым голасам:

— Хай жыве Парыж!

Потым, схапіўшы другі мушкет, ён накіраваў яго дулам на лесніцу і стаў чакаць.

Невыказны перапалох падняўся ў ніжнім зале. Такая нечаканасць заўсёды прыносіць расстройства ў шэрагі байцоў.

Дзве кулі з трох стрэлаў Радуба не прапалі дарма: адною быў забіты старэйшы з двух братоў Пік-ан-Буа, другою — дэ-Келэн, вядомы ў мяцежнікаў пад мянушкай Гусара.

— Яны наверсе! — крыкнуў маркіз.

Гэты выкрык вырашыў справу. Барыкада адразу апусцела: яе абаронцы, як чарада спуджаных птушак, кінуліся да лесніцы. Маркіз падбадзёрваў іх:

— Хутчэй, хутчэй! — крычаў ён. — Цяпер уся адвага ў тым, каб не трапіць ім у рукі. Бяжыце на трэці паверх: там мы іх сустрэнем.

Ён пакінуў барыкаду апошнім, і гэта яго выратавала.

Радуб стаяў на другім паверсе над лесніцай і трымаў напагатове мушкет са ўзнятым курком. Першыя два ці тры чалавекі, якія паказаліся на завароце лесніцы, атрымалі ў грудзі поўны зарад і ўпалі забітыя насмерць. Каб маркіз быў між іх, ён быў-бы забіты. Усе-ж астатнія, перш чым Радуб паспеў узяць новую зброю, прабеглі міма. Маркіз знік апошнім. Яны былі ўпэўнены, што другі паверх заняты ворагам, таму пабеглі не спыняючыся, прама на трэці паверх, у люстраны пакой, той пакой, дзе былі жалезныя дзверы, дзе ляжаў канец гаручага кнота і дзе ім заставалася толькі або здацца, або памерці.

Говэн, не менш за абложаных здзіўлены стрэламі з лесніцы, не ведаючы, адкуль з'явілася гэтая нечаканая дапамога, ды і не ламаючы галавы над гэтым пытаннем, зараз-жа скарыстаў гэты перапалох. Ён, а за ім і яго людзі пераскочылі цераз барыкаду і бадай на плячах ворага ўварваліся на другі паверх. Тут яны наткнуліся на Радуба. Радуб аддаў чэсць камандзіру і сказаў:

— Дазвольце далажыць вам, камандзір, што гэта я тут страляў. Я ўспомніў, як вы распарадзіліся пад Долем, і зрабіў тое самае, што вы — зайшоў ворагу ў тыл.

— Добры вучань, — сказаў Говэн са смехам.

Ён заўважыў, што Радуб увесь у крыві.

— Ды ты ранены, таварыш!

— Не звяртайце на гэта ўвагі, камандзір. Адным вухам больш або менш — ці не ўсёроўна? Яшчэ я ранены шабляй, але і гэта мне нічога. Лес сякуць — трэскі ляцяць. Ды, апрача таго, на мне не толькі мая кроў.

У зале другога паверха, заваяванага Радубам, зрабілі прыпынак. Прынеслі ліхтар. Падышоў Сімурдэн, пачалася нарада. Нападаючыя не ведалі становішча ворага, не ведалі, што ў іх амаль не засталося зарадаў і пораху. Трэці паверх быў іх апошняй апорай, і можна было думаць, што пад лесніцу закладзена міна. Бясспрэчна было адно: абложаныя не маглі ўцячы. Тыя, хто яшчэ заставаўся жывым, сядзелі нібы пад замком. Лантэнак трапіў у пастку.

Маючы такую ўпэўненасць, можна было не спяшацца, даць сабе час падумаць і знайсці найлепшы выхад з данага становішча. Штурмуючая калона і так ужо страціла забітымі вельмі многа людзей. Трэба было ўсімі спосабамі пастарацца, каб як найменей страціць людзей у апошні момант. Апошні прыступ быў вельмі рызыкоўны. Можна было загадзя сказаць, што атакуючых сустрэнуць гарачай пальбой.

Такім чынам, бой быў прыпынены. Авалодаўшы ніжнім і другім паверхамі вежы, нападаючыя чакалі толькі каманды, каб зноў пачаць атаку. Говэн і Сімурдэн усё яшчэ раіліся. Радуб моўчкі прысутнічаў на гэтай нарадзе. Прылажыўшы руку да шапкі, ён, нарэшце, нясмела звярнуўся да Говэна:

— Камандзір…

— У чым справа, Радуб?

— Ці заслужыў я ўзнагароду?

— Вядома. Прасі, што хочаш.

— Дазвольце мне першаму падняцца наверх.

Адмовіць яму было немажліва. Ды ён абышоўся-б і без дазволу.

БЕЗНАДЗЕЙНЫЯ

У той час як на другім паверсе раіліся, на трэцім спешна будавалі барыкаду. Два паверхі вежы павінны былі схапіцца ў апошняй барацьбе. Унізе была надзея. Наверсе — роспач.

Як толькі абложаныя дабраліся да сваёй апошняй заслоны, за якой для іх канчалася ўсё, першай іхняй справай было загарадзіць уваход.

Зачыняць дзверы не варта было; лепш было заваліць чым-небудзь лесніцу. У падобных выпадках перашкода, праз якую можна бачыць і страляць, куды лепш, як замкнёныя дзверы.

Пакой асвятляўся факелам, які запаліў Іманус і каля якога ён палажыў канец серкавага кнота. У куце стаяў вялізны і важкі дубовы куфар: у такіх куфрах трымалі плацце і бялізну, пакуль не вынайшлі камодаў і шуфлядаў. Ім і загарадзілі выхад на лесніцу, паставіўшы яго старчма. Ён падышоў акурат да шырыні дзверы і шчыльна закрыў уваход. Толькі ўверсе засталася невялікая адтуліна, праз якую мог прайсці толькі адзін чалавек і гэта было вельмі зручна, бо давала магчымасць выбіваць нападаючых па адным па меры таго, як яны будуць сюды пралазіць. Наўрад ці пайшоў-бы вораг на такую рызыку.

Такім чынам, выхад быў забарыкадаваны: гэта была адтэрміноўка. Абложаныя пачалі падлічваць свае сілы.

З дзевятнаццаці чалавек іх засталося ўсяго сем, у тым ліку Іманус. Апрача яго і маркіза астатнія пяць былі раненыя. Рэшта былі забітыя.

Порах у іх увесь вышаў, патранташы былі пустыя. Яны пералічылі патроны: на семярых прыпадала ўсяго чатыры стрэлы. Ім заставалася толькі памерці. Яны былі прыціснутыя да прамой скалы, якая вісела над бяздоннем. Здавалася немагчымым не зваліцца. Між тым атака пачалася зноў; яе вялі асцярожна, дзейнічалі напэўна. Чутна было, як нападаючыя, падымаючыся па лесніцы, мацалі прыкладамі ступеньку за ступенькай.

Уцякаць не было куды. Праз бібліятэку? Але на ўзвышшы стаяла шэсць зараджаных гармат, накіраваных на замак. Праз верхнія пакоі?.. Навошта? З верхняга паверха можна было прабрацца толькі на дах, а з даху — толькі кінуцца ўніз галавой.

З усёй банды ўцалела сем чалавек; яны разумелі, што ратунку няма, што яны запёртыя, што тая самая тоўстая сцяна, якая іх абараняла, цяпер выдае іх ворагу. Яны яшчэ не былі ўзятыя, але ўжо адчувалі сябе палоннікамі.

Маркіз сказаў:

— Сябры мае, усё скончана.

Усе апусціліся на калені, трымаючы ў руках пацеркі. Стук прыкладаў аб ступенькі лесніцы набліжаўся.

Маркіз устаў.

— А цяпер час паміраць, — сказаў ён.

— І забіваць, — дадаў Іманус.

Куфар, што загараджваў уваход, пачаў трашчаць пад ударамі прыкладаў.

— Так, мы ў магіле, — сказаў маркіз.

Усе нахілілі галовы і пачалі хрысціцца. Куты куфар, у які білі нібы молатам, звінеў хаўтурным звонам. Раптам за іх спіной пачуўся малады, бадзёры голас:

— Я-ж казаў вам, мансен'ёр!

Усе абярнуліся, страшэнна здзіўленыя.

У сцяне адчыніўся патаемны ход. Адзін з камняў, шчыльна дапасаваны да суседніх, але не прымацаваны да іх цэментам, з двума жалезнымі скобамі ўверсе і ўнізе, падобна да турнікета, павярнуўся на сваёй асі і адкрыў у сцяне з правага і левага боку ад асі два праходы, настолькі шырокія, што ў іх мог пралезці чалавек. Праз шчыліну гэтай нечаканай дзверы відаць былі ступенькі вінтавой лесніцы. На ёй з'явіўся чалавек. Маркіз пазнаў Гальмало.

ВЫРАТОЎЦА

— Гэта ты, Гальмало? — усклікнуў маркіз.

— Я, мансен'ёр. Вы бачыце цяпер, што рухомыя камлі існуюць і што ў гэтым пакоі ёсць патаемны ход. Дзякуй богу, я не спазніўся, але спяшайцеся. Праз дзесяць мінут вы будзеце вольнымі, у лесе…

— Ратуйцеся, мансен'ёр! — закрычалі ўсе ў адзін голас.

— Я выйду апошнім, — сказаў маркіз і дадаў строгім голасам: — Нам няма калі займацца далікатнасцямі! Вы — раненыя. Я вам загадваю ўцякаць і жыць. Хутчэй! Карыстайцеся выпадкам. Дзякуй, Гальмало!

— Вы нам вызначыце месца для зборнага пункта, мансен'ёр?

— Так. На паляне ў лесе, ля камня Говэнаў. Вы ведаеце гэтае месца?

— Ведаем.

— Заўтра апоўдні я буду там. Прыходзьце ўсе, хто можа хадзіць.

— Прыдзем.

— І зноў распачнем вайну.

Між тым Гальмало, націснуўшы на камень, каб паспрабаваць наколькі лёгка будзе паставіць яго на месца, убачыў, што камень больш не паварочваецца.

— Мансенёр, паспяшайцеся, — сказаў ён. — Камень не паддаецца, я не магу яго скрануць. Мне ўдалося адчыніць праход, але я не магу яго зачыніць.

Сапраўды, камень ад доўгага бяздзеяння нібы прымёрз да шарніра; не было ніякай мажлівасці яго павярнуць.

— Я спадзяваўся, мансен'ёр, — сказаў Гальмало, — зачыніць за вамі ўваход. Тады сінія не знайшлі-б нікога і нічога не зразумелі-б; вы зніклі-б, нібы дым. Але вось пракляты камень занаравіўся. Цяпер вораг убачыць адчынены патаемны ход і можа пагнацца. Нельга марудзіць ні мінуты. Ідзіце хутчэй!

Іманус палажыў руку на плячо Гальмало.

— Таварыш, колькі трэба часу, каб выйсці ў лес гэтым ходам?

— Чвэрць гадзіны.

— Значыцца, — сказаў Іманус, — калі вораг уварвецца сюды праз чвэрць гадзіны, то…

— То яму нас не дагнаць.

— Але ў нас няма і чвэрці гадзіны ў запасе, — сказаў маркіз.

— Праз пяць мінут яны будуць тут. Гэты стары куфар нядоўга пратрымаецца: ад некалькіх удараў прыкладамі ён разляціцца ў трэскі. Чвэрць гадзіны! Ды хто-ж іх затрымае на чвэрць гадзіны?

— Я! сказаў Іманус.

— Ты?

— Так, я, мансен'ёр. Слухайце. З нас шасцярых пяцёра раненыя. У мяне-ж няма ніводнай драпіны.

— І ў мяне таксама, — сказаў маркіз.

— Вы — начальнік, мансен'ёр, а я — просты салдат. Гэта розніца. Я бяруся затрымаць ворага прынамсі на поўгадзіны. Колькі ў вас зараджаных пісталетаў?

— Чатыры.

— Лажыце іх на падлогу, вунь сюды.

Усе паслухаліся яго.

— Добра. Я застаюся. Ім будзе з кім павалаводзіцца. А цяпер ідзіце хутчэй!

— Да хуткага пабачэння, — сказаў Іманусу маркіз.

— Не, мансен'ёр. Адсюль мне жывым не выйсці.

Усе адзін за адным пачалі спускацца па вузкай лесніцы; раненых прапусцілі наперад. Пакуль пярэднія спускаліся, маркіз выняў аловак з свайго блакнота і накрэмзаў некалькі слоў на камні, які больш ужо не паварочваўся і пакідаў адчыненым патаемны ход.

— Ідзіце-ж, мансенёр, усе ўжо вышлі! — сказаў Гальмало, выходзячы ў сваю чаргу.

Маркіз паследаваў за ім.

Іманус застаўся адзін.

КАТ

З чатырох зараджаных пісталетаў, што ляжалі на каменнай падлозе, Іманус узяў два, па адным у кожную руку, і падышоў збоку да выхаду на лесніцу, загароджаную куфарам.

Нападаючыя, відаць, баяліся напароцца на якую-небудзь нечаканасць накшталт выбуху або адной з тых катастроф, у якіх разам з пераможанымі гінуць і пераможцы. Наколькі імклівы быў першы прыступ, настолькі-ж асцярожна вёўся другі. Нападаючыя не маглі, а можа і не хацелі, адразу знішчыць барыкаду, якая загароджвала ўваход. Яны разбілі прыкладамі дно куфара, а верх прадзіравілі штыхамі і скрозь гэтыя дзіры стараліся разгледзець, што робіцца ў пакоі, перш чым рызыкнуць уварвацца ў яго.

Святло ад ліхтароў, якімі яны асвятлялі лесніцу, праходзіла ў гэтыя дзіры, і ў адной дзіры Іманус заўважыў чыёсьці паглядаючае вока. Ён быстра нацэліўся ў яго з пісталета і спусціў курок. Раздаўся стрэл, і Іманус з вялікай радасцю пачуў крык. Куля трапіла ў вока і прабіла галаву салдату, што глядзеў у дзіру. Той упаў на спіну і пакаціўся па лесніцы.

Між тым нападаючыя прабілі ў куфры ля самай падлогі дзве досыць вялікія дзіркі, праз якія было вельмі зручна страляць. Іманус скарыстаў адну з гэтых саматужных байніц: ён прасунуў у яе руку і стрэліў



Іманус падпаліў кнот.

наўздагад у натоўп салдат на лесніцы. Мабыць куля зрабіла рыкашэт, бо пачулася некалькі крыкаў, як быццам былі паранены тры ці чатыры чалавекі. Затым на лесніцы пачулася страшэнная мітусня і тупат уцякаючых ног.

Іманус адкінуў убок разраджаныя пісталеты, узяў два другія і, трымаючы іх напагатове ў абодвух руках, зірнуў у шчыліну.

Непрыяцель ачысціў лесніцу. Зверху былі відаць тры ці чатыры першыя ступенькі да завароту, і на іх ляжалі толькі раненыя, якія курчыліся ў прадсмяротных сударгах. Іманус пачаў чакаць. «А час усё-ж такі выйграны», думаў ён. Раптам ён убачыў, што па ступеньках паўзе чалавек, а крыху ніжэй з-за павароту высоўваецца чыясьці галава. Ён прыцэліўся ў гэтую галаву і стрэліў. Хтосьці ўскрыкнуў і пакаціўся ўніз. Іманус пералажыў з левай рукі ў правую свой апошні зараджаны пісталет, рыхтуючыся стрэліць у паўзучага чалавека. Але ў тую-ж секунду ён адчуў пякучы боль у жываце і ў сваю чаргу дзіка зароў. У яго быў распораты жывот. Нечы кулак са сціснутай у ім шабляй — кулак таго самага чалавека, што поўз па лесніцы — прасунуўся ў другую дзіру ў крышцы куфара і ўсадзіў у жывот Іманусу шаблю.

Рана была жудасная: з жывата вывальваліся кішкі.

Іманус не зваліўся. Ён толькі заскрыгатаў зубамі і прамармытаў: «Ну, добра-ж!» Потым, хістаючыся, давалокся да факела, што гарэў каля жалезных дзвярэй, палажыў на падлогу пісталет, зняў са сцяны факел і, прытрымліваючы левай рукой свае вылазячыя ўнутранасці, правай падпаліў насычаны серкай кнот.

Кнот загарэўся. Тады Іманус выпусціў факел, які далей ужо гарэў на падлозе, і зноў ухапіўся за пісталет. Але ён ужо не мог стаяць. Ён апусціўся на падлогу, і, прыўзняўшыся на локці, пачаў з усёй сваёй моцы раздзьмухваць кнот.

Полымя пабегла па кноце, прайшло пад жалезныя дзверы і дабралася да замка на мосце.

Тады пераканаўшыся, што яго подлы намер удаўся і адчуваючы ад гэтага злачынства нават большае задавальненне, чым ад зробленага перад тым вялікадушша, гэты чалавек, які толькі што паказаў сябе героем, а цяпер ператварыўся ў простага забойцу, гэты паміраючы ўсміхнуўся.

— Будуць яны мяне памятаць! — прашаптаў ён. — Я адпомсціў на іхніх дзецях за маленькага караля.

ІМАНУС ТАКСАМА ВЫХОДЗІЦЬ

У гэтую мінуту пачуўся страшэнны грукат: куфар перакуліўся пад націскам з таго боку і ў пакой уварваўся чалавек з шабляй у руцэ.

— Гэта я, Радуб! Хто супроць мяне — выходзь! Мне абрыдла чакаць. Двух смярцей не будзе. Ці ідуць за мной мае таварышы ці не, мне ўсёроўна. Я і адзін вас не баюся. Камусьці я ўжо распароў бруха. Цяпер я ўсіх вас выклікаю на бой. Колькі вас тут?

І сапраўды гэта быў Радуб. Ён быў адзін. Пасля бойні, якую Іманус зрабіў на лесніцы, Говэн, чакаючы якой-небудзь новай пасткі, паклікаў сваіх людзей назад і пачаў зноў раіцца з Сімурдэнам.

Радуб, стоячы з голай шабляй на парозе, упоцемку, бо факел гас і амаль не даваў святла, паўтарыў:

— Колькі вас тут? Выходзь!

Не атрымаўшы адказу, ён ступіў у пакой. У гэты момант факел, перад тым як згаснуць, загарэўся яркім агнём і асвятліў ўвесь пакой.

Радубу кінулася ў вочы акно з маленькіх люстэрак, якімі былі пакрыты сцены. Ён падышоў да яго, зірнуў на свой скрываўлены твар з адстрэленым вухам і буркнуў:

— Але-ж здорава яны мяне аздобілі!

І тут толькі ён агледзеўся навакол і вельмі здзівіўся, убачыўшы, што пакой пусты.

— Ды тут нікога няма! — усклікнуў ён.

Раптам ён убачыў шчыліну ў сцяне і патаемную лесніцу.

— А, разумею! Уцяклі… Таварышы, сюды! Ідзіце ўсе! Іх няма! Яны ўцяклі! У гэтай праклятай старай вежы зроблены дзіры ў сценах. Я знайшоў дзіру, у якую яны шмыгнулі… Во на якія штукі пускаюцца, нягоднікі! Усе паўцякалі!..

Раптам грымнуў пісталетны стрэл. Куля зачапіла локаць Радуба і ўдарылася ў сценку.

— Эге! Ды тут нехта ёсць! Цікава ведаць, хто зрабіў мне такую ласку?

— Я! — адгукнуўся нечы голас.

Радуб выцягнуў галаву і разгледзеў у цемры на падлозе тое, што было раней Іманусам.

— Папаўся! — закрычаў ён. — Усе ўцяклі, але табе гэта не ўдасца.

— Ты думаеш? — сказаў Іманус.

Радуб ступіў да яго.

— Эй, ты, ляжачы, хто ты такі?

— Я хоць і ляжачы, а плюю на тых, што стаяць на нагах.

— Што гэта ў цябе ў правай руцэ?

— Пісталет.

— А ў левай?

— Мае кішкі.

— Я бяру цябе ў палон.

— Паспрабуй.

І, схіліўшыся над запаленым кнотам, Іманус дыхнуў на яго сваім апошнім дыханнем і памёр.

Праз некалькі мінут Говэн і ўсе іншыя ўвайшлі ў зал. Яны ўбачылі адчынены ход у сцяне, перашукалі зверху данізу, агледзелі патаемную лесніцу: яна вывадзіла ў яр. Не заставалася ніякіх сумненняў: абложаныя ўцяклі праз гэты ход. Агледзелі Імануса: ён быў мёртвы. Говэн з ліхтаром у руцэ падышоў да павернутага камня. Ён і раней чуў расказы пра гэты камень, але, як і ўсе, лічыў іх проста байкай. Разглядаючы камень, ён заўважыў, што на ім нешта напісана алоўкам. Ён паднёс ліхтар да гэтага надпісу і прачытаў:

«Да пабачэння, пан віконт.
Лантэнак».

Да Говэна падышоў Гешан. Усякае праследаванне было ўжо бескарыснае. З моманту ўцёкаў прайшло шмат часу, і ўцекачы былі ўжо далёка. Дагнаць іх не было ніякай мажлівасці: на іх баку былі кусты, яры, пушчы лесу, усё насельніцтва. Фужэрскі лес быў суцэльнай пасткай… Што было рабіць? Прыходзілася пачынаць усё спачатку. Говэн і Гешан выказвалі сваю прыкрасць і абгаварвалі далейшыя планы. Сімурдэн хмура слухаў, не кажучы ні слова.

— Дарэчы, Гешан, дзе выратоўчая лесніца? — спытаў Говэн.

— Лесніцу не прывезлі, камандзір.

— Як-жа-ж так? Мы бачылі павозку пад канвоем.

— На ёй прывезлі не лесніцу.

— А што-ж?

— Гільятыну,- сказаў Сімурдэн.

НЕ ВАРТА КЛАСЦІ Ў АДНУ КІШЭНЮ КЛЮЧ І ГАДЗІННІК

Маркіз дэ-Лантэнак быў не так далёка, як думалі яго ворагі. Тым не менш ён быў па-за небяспекай, бо знайсці яго было нельга.

Маркіз вышаў следам за Гальмало. Патаемная лесніца, па якой яны спусціліся ўслед за іншымі ўцекачамі, канчалася ў рове пад самымі аркамі маста і выводзіла ў глыбокую натуральную расколіну ў зямлі; гэтая шчыліна выходзіла адным канцом у роў, а другім — у лес. Яна так густа парасла травой і хмызняком, што была зусім схаваная ад старонняга вока: чалавека, які там схаваўся, нельга было знайсці. Адсюль уцекачу заставалася прайсці ўсяго некалькі крокаў, і яму ўжо не пагражала небяспека.

Маркізу заставалася схавацца ў лесе. Яму не трэба было клапаціцца аб перамене адзення. З самага прыбыцця свайго ў Брэтань ён не здымаў сялянскага ўбрання, лічачы, што ён у кожным адзенні застаецца вялікім панам. Ён адшпіліў толькі шпагу разам з партупеяй і кінуў іх за кусты.

Калі яны з Гальмало выбраліся ў расколіну, там ужо не было нікога з уцекачоў.

— А нашы птушкі паспяшаліся паляцець, як я бачу, — заўважыў Гальмало.

— Раю і табе зрабіць тое самае, — адказаў яму маркіз.

— Вы загадваеце мне пакінуць вас аднаго, мансен'ёр?

— Зразумела. Я-ж казаў ужо: ратавацца можна толькі па адным. Дваім, бывае, і не прабрацца там, дзе прабярэцца адзін. Удвух мы лёгка прыцягнем увагу да сябе. Праз цябе могуць і мяне злавіць, а праз мяне — цябе.

— А мансен'ёру добра вядомая гэта мясцовасць?

— Ды як яшчэ!

— А як наконт зборнага пункта? Вы не змянілі свайго рашэння? У камня Говэнаў, так?

— Так, заўтра а поўдні.

— Я прыду. Мы ўсе прыдзем. — Гальмало памаўчаў і раптам загаварыў другім тонам: — Ах, мансен'ёр, падумаць толькі, што мы з вамі былі ўдвух у адкрытым моры, — вы ды я, — і я хацеў вас забіць, не ведаючы, што вы — мой пан, а вы маглі мне гэта сказаць і не сказалі… Які вы незвычайны чалавек!

— Так, Англія, адна толькі Англія, — сказаў маркіз. — Другога выхаду няма. Праз два тыдні англічане павінны быць ва Францыі.

— Я яшчэ не паспеў даць справаздачу мансен'ёру, — сказаў Гальмало. — Я выканаў усе вашы даручэнні.

— Мы пагаворым аб гэтым заўтра.

— Слухаю. Да заўтра, мансен'ёр.

— Добра. А цяпер бывай, ідзі.

Гальмало пайшоў. Праз хвіліну ён знік у цемры. Чуваць быў шолах галін; потым усё сціхла. Яшчэ некалькі секунд, і ўжо ніхто не знайшоў-бы яго слядоў. Нездарма гэтая частка Брэтані, уся зрытая ярамі, пакрытая непраходнымі лясамі, лічылася такой добрай дапаможніцай для ўцекачоў. Тут чалавек не хаваўся з вачэй, а раптам знікаў. Гэтая магчымасць раптоўных знікненняў і затрымлівала рэспубліканскія войскі перад вечна выслізгаючай Вандэяй, перад гэтым няўлоўным ворагам, такім страшным у сваёй здольнасці знікаць.

Маркіз не спяшаўся ісці. Ён адчуваў радаснае хваляванне, дыхаючы вольным паветрам пасля таго, як ён дыхаў пахам крыві, пасля ўсяго, што ён перажыў за апошнія дзве гадзіны.

Лічыць сябе загінуўшым і выратавацца, унікнуць смерці і вярнуцца ў жыццё — гэта нават для такога чалавека, як Лантэнак, было вялікім узрушэннем.

Маркіз выняў з кішэні гадзіннік і перавёў іх на бой. На вялікае яго здзіўленне, яны прабілі толькі дзесяць разоў. Значыцца, гэтая бойка, пачатая ў восем гадзін, скончылася да дзесяці. Усё гэта працягвалася толькі сто дваццаць мінут. Падзеі здольны ўмяшчацца ў самыя кароткія прамежкі часу.

Маркіз, нарэшце, успомніў, што яму трэба ісці. Гальмало быў ужо далёка. Ён апусціў гадзіннік у кішэню, але не ў тую, дзе ён быў раней, бо заўважыў, што ў гэтай кішэні ляжаў ключ ад жалезных дзвярэй, які аддаў яму Іманус пасля агляду замка, і падумаў, што ключ можа расціснуць шкло ў гадзінніка. Ён прайшоў некалькі крокаў наперад і ўжо збіраўся павярнуць налева ў бок лесу. Раптам яму здалося, што праз лісце над яго галавой відаць нейкае дзіўнае святло. Ён азірнуўся і праз галіны, што выразна выступалі на чырвоным небе, убачыў яркае зарава. Ён схамянуўся, што пры такім яркім асвятленні яго лёгка маглі заўважыць, зноў пайшоў у той бок, куды яму паказаў Гальмало.

Схаваны кустамі, ён падыходзіў ужо да лесу, як раптам пачуў над галавой страшэнны крык, які ішоў, відаць, з самага берага кручы, што спускалася ў роў. Ён падняў галаву і спыніўся.