Дзевяноста трэці (1937)/2/3
← Кніга другая | Частка другая. Кніга трэцяя Раман Аўтар: Віктор Гюго 1937 год Арыгінальная назва: Quatrevingt-treize (1874) Пераклад: Янка Маўр |
Частка трэцяя. Кніга першая → |
КНІГА ТРЭЦЯЯ
КАНВЕНТ
КАНВЕНТ
Мы падыходзім да самай верхавіны.
Перад намі Канвент.
Погляд мімаволі прыкоўваецца да гэтай недасяжнай вышыні.
Ніколі яшчэ нічога такога высокага не з'яўлялася на гарызонце чалавечага жыцця.
Існуюць толькі дзве такія вышыні — Гімалаі і Канвент.
Канвент — гэта, магчыма, кульмінацыйны пункт гісторыі.
Пры жыцці Канвента — бо збор людзей таксама жыве — ніхто не задумваўся над тым, што такое Канвент. Іменна веліч яго, яго велізарнасць не заўважаліся ў той час. Усе былі надта напалоханы, каб дзівіцца. Усё грандыёзнае выклікае свяшчэнны жах.
Цяпер мы бачым яго ў перспектыве, і на глыбокім небасхіле, у трагічнай яснай далечы, ён нам здаецца ў выглядзе велізарнага профіля французскай рэволюцыі.
Канвент быў першай праявай волі народу. З Канвента пачалася новая вялікая старонка гісторыі, на якой пачала свае запісы будучыня.
Кожнай ідэі патрэбна бачымая абалонка. Калі нарадзіўся Канвент, першай неадкладнай задачай было — дзе змясціць яго.
Спачатку занялі Манеж, потым Цюільрыйскі палац. Паставілі раму, дэкарацыі, намалёваныя цёмнымі і светлымі фарбамі, паставілі сіметрычнымі радамі лавы, чатырохкутную трыбуну; зрабілі некалькі паралельных радоў драўляных калон на цокалях, падобных на плахі; панараблялі катушкоў, дзе ціснулася публіка (гэта і былі так званыя грамадскія трыбуны); павесілі рымскі тэатральны тэнт, грэцкія заслоны, і ў гэтых прамых вуглах, між гэтымі прамымі лініямі змясцілі Канвент: у геаметрычным чарцяжы ўціснулі буру. Фрыгійская шапка на трыбуне была афарбавана ў шэры колер. Раялісты пачалі былі смяяцца з гэтай шэра-чырвонай шапкі, з гэтай бутафорскай залы, з усёй гэтай картоннай пабудовы. Якім усё гэта здавалася нядоўгавечным! Калоны з клёпак ад бочак, зводы з аполак, барэльефы з мастыкі, карнізы яловыя, статуі з афарбаванага пад мрамар гіпса, сцены з палатна, а між тым у гэтым часовым памяшканні Францыя стварыла вечнае.
Калі Канвент адкрыў свае паседжанні ў зале Манежа, сцены яго былі пакрыты афішамі, якімі быў поўны Парыж у дні звароту караля з Варэна. Адна афіша абвяшчала: «Кароль вяртаецца. Кіем таго, хто сустрэне яго воплескамі, шыбеніца таму, хто яго абразіць». Другая: «Увага! Шапак не здымаць. Зараз ён стане перад суддзямі». Трэцяя: «Кароль зрабіў народ сваёй мішэнню. Ён доўга страляў. Цяпер чарга страляць народу». Чацвертая: «Закон! Закон!» У гэтых сценах Канвент судзіў Людовіка ХVI.
10 мая 1793 года Канвент перанёс свае паседжанні ў Цюільрыйскі палац, названы цяпер Народным. Зал паседжанняў займаў увесь прамежак між павільёнам Адзінства (былым павільёнам Гадзінніка) і павільёнам Волі (былым Марсана). Павільён Флоры назвалі павільёнам Роўнасці. У зал паседжанняў падымаліся па вялікай лесніцы Жана Бюлана. Увесь другі паверх палаца быў заняты Канвентам, а пад ім, у першым паверсе, зрабілі кардэгардыю ў даўгім зале, дзе ўсюды былі панастаўлены стрэльбы ў козлах і паходныя ложкі салдат усіх родаў зброі, што ахоўвалі Канвент. Сход меў сваю пачэсную варту, так званых «грэнадзёраў Канвента».
Трохкаляровая істужка аддзяляла палац, дзе адбываліся паседжанні Канвента, ад саду, куды вольна мог хадзіць народ. Скончым апісанне зала паседжанняў. У гэтым страшным месцы кожная дробязь цікавая.
Пры ўваходзе ў зал перш за ўсё кідалася ў вочы велізарная статуя Свабоды, якая стаяла між двух вялікіх акон.
Сорак два метры даўжыні, дзесяць шырыні і адзінаццаць вышыні — такія былі памеры памяшкання, якое раней было каралеўскім тэатрам, а цяпер зрабілася тэатрам рэволюцыі. Дасканалы і прыгожы зал, пабудаваны Вігарані для царадворцаў, знікаў пад грубымі рыштаваннямі, якім у 93 годзе давялося вытрымліваць цяжар народу. Адзіным пунктам апоры для насцілу, на якім былі зрэблены грамадскія трыбуны, быў слуп з суцэльнага кавалка дрэва ў дзесяць метраў у абхваце. Гадамі вытрымліваў ён імклівы напор рэволюцыі. Ён вытрымаў крыкі захаплення і энтузіязма, абразлівую лаянку, тупат і гоман, усю сумятню, усю буру народнага гневу, бунты — і не пагнуўся. Пасля Канвента ён бачыў паседжанне Совета старэйшын. 18 брумера[1] яго ўбралі.
На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Калі ласка, дадайце іх, кіруючыся даведнікамі Вікікрыніцы:Выявы і Даведка:Дадаванне выяў. |
Канвент.
Перс'е замяніў драўляны слуп мрамарнымі калонамі, якія стаялі ўжо не так доўга.
У архітэктароў часам бываюць дзіўныя фантазіі. Ідэалам будаўніка, што пабудаваў зал, у якім пачаў збірацца Канвент з 10 мая 1793 года, была, мабыць, гіганцкая шуфляда камода — такі гэта быў даўгі, плоскі і высокі зал. Да аднаго з даўгіх бакоў гэтага прамавугольніка далучаўся шырокі поўкруг. Тут размяшчаліся амфітэатрам лавы дэпутатаў, але без сталоў і без пюпітраў; супроць лавак стаяла трыбуна прамоўцаў; за ёю — крэсла старшыні.
У амфітэатры было дзевятнаццаць радоў даўгіх поўкруглых лавак. Куты па абодва бакі амфітэатра былі запоўнены кароткімі лаўкамі.
Унізе, у падкове, ля падножжа трыбуны, у час паседжанняў стаялі прыставы.
Па адным баку трыбуны, у вялікай раме з чорнага дрэва, вісеў на сцяне плакат у дзевяць футаў вышыні, падзелены чымсьці накшталт скіпетра на два слупкі, на якіх была напісана «Дэкларацыя правоў чалавека». Па другі бок заставалася пустое месца, якое пазней запоўнілі другім плакатам у такой-жа чорнай раме, таксама падзелены на два слупкі, толькі не скіпетрам, а мячом; на гэтым плакаце была Канстытуцыя ІІ года.
Над трыбунай, гэта значыць над галавой прамоўцы, высоўваючыся з глыбокай падвойнай ложы, поўнай народу, на даўгіх амаль гарызантальных шастах развяваліся тры вялізныя трохкаляровыя сцягі, якія абапіраліся на нешта накшталт алтара, на якім было напісана: «Закон».
Чорная рама «Дэкларацыя правоў чалавека» верхнім краем даходзіла да гэтага выступа, закрываючы малюнкі на сцяне і парушаючы сіметрыю.
З карніза бакавой галерэі тоўстымі прамымі складкамі спускалася зялёная драпіроўка з намалёванымі на ёй зялёнымі-ж, але больш цёмнымі вянкамі і закрывала ўвесь ніз сцяны той часткі зала, дзе адбывалася паседжанне. Над гэтай драпіроўкай халодна бялелася сцяна. Вакол усяго зала ішлі ў два ярусы выдзяўбаныя на сцяне глыбокія нішы — грамадскія трыбуны, без ніякіх архітэктурных аздоб. У ніжнім ярусе яны былі чатырохкутныя, у верхнім — круглыя. На кожным з даўгіх бакоў зала змяшчалася па дзесяць трыбун, а на двух кароткіх — па дзве вялізныя ложы; разам, значыцца, дваццаць чатыры трыбуны, у якіх ціскаўся народ.
Глядачы ніжняга яруса, не змяшчаючыся на трыбунах, узбіраліся на выступы і ляпіліся на карнізах. Удоўж верхняга яруса быў праведзены тоўсты жалезны брус, трывала замацаваны на такой вышыні, каб тыя, хто сядзіць наверсе, маглі на яго абаперціся і не зваліцца, калі ззаду надта націскаў натоўп. Тым не менш, аднойчы нехта з публікі зваліўся ўніз і, падаючы, крыху зачапіў Мас'е, біскупа Бовэ. Гэта зменшыла ўдар, чалавек не пабіўся і, падняўшыся на ногі, сказаў: «Выходзіць, што і поп можа на што-небудзь спатрэбіцца!»
Зал Канвента ўмяшчаў дзве тысячы чалавек, але ў дні народных хваляванняў у яго набівалася да трох тысяч.
Канвент меў два паседжанні ў суткі — раніцою і ўвечары.
Спінка крэсла старшыні была круглая, з пазалочанымі цвікамі. Яго стол падтрымліваўся чатырма крылатымі аднаногімі страшыдламі.
На стале старшыні стаяў вялізны звон, вялікая медная чарнільніца і пераплецены ў пергамент том пратаколаў паседжанняў.
Не раз на гэты стол капала кроў з адсечаных галоў, якія прыносілі сюды на канцах пік.
На трыбуну падымаліся па сходцах з дзесяці ступенек. Ступені былі высокія, вельмі стромкія і цяжкія для пад'ёму. Аднаго разу Жансонэ, узыходзячы на трыбуну, спатыкнуўся. «Па гэтай лесніцы толькі на эшафот падымацца», — сказаў ён. «Ну, што-ж, практыкуйся!» — крыкнуў Кар'е.
У тых месцах, дзе сцяна здавалася надта голай, па кутах архітэктар паставіў для ўпрыгожання пукі ліктарскіх прутоў з высунутай з іх сякерай.
Направа і налева ад трыбуны стаялі на цокалях кандэлябры ў дванаццаць футаў вышынёй, з чатырма парамі лямп на канцах. Каля кожнай ложы для публікі было па такому-ж кандэлябру. Цокалі былі ўпрыгожаны барэльефамі ў выглядзе кругоў, якія народ называў «маністамі гільятыны».
Заднія лавы дэпутатаў даходзілі амаль да ніжняга яруса грамадскіх трыбун, так што народ і яго прадстаўнікі маглі гутарыць паміж сабою.
З усіх трыбун былі выхады ў цэлы лабірынт калідораў, дзе часам стаяў надзвычайны шум.
Канвент напаўняў сабой не толькі ўвесь палац, але заліваў сваімі хвалямі нават суседнія дамы — асабнякі Лонгвіля і Куан'і. У асабняк Куан'і пасля 10 жніўня была перанесена каралеўская мэбля. Трэба было два месяцы, каб ачысціць ад яе Цюільрыйскі палац.
Вакол зала паседжанняў размясцілі камісіі.
У павільёне Роўнасці змяшчалася законадаўчая камісія, земляробчая і гандлёвая; у павільёне Волі — марская, каланіяльная, фінансавая, асігнацыённая і Камітэт грамадскага ратавання; у павільёне Адзінства — вайсковая.
Камітэт грамадскай бяспекі злучаўся непасрэдна з Камітэтам грамадскага ратавання цёмным калідорам, які і ўдзень і ўначы асвятляўся ліхтаром. Шпіёны ўсіх партый вечна шмыгалі па гэтым калідоры. Тут гаварылі паціху.
Крэслы прадстаўнікоў выканаўчай улады часта перамяшчаліся. Звычайна яны стаялі направа ад старшыні.
Між двума вертыкальнымі перагародкамі, што замыкалі справа і злева канцэнтрычныя поўкругі амфітэатра, і сцяной заставаліся два вузкія, цёмныя праходы з нізенькімі дзверкамі на канцах. Публіка ўваходзіла і выходзіла праз гэтыя дзверкі.
Дэпутаты выходзілі праз галоўныя дзверы проста з тэрасы Фельянаў.
Зал Канвента з вузкімі вокнамі слаба асвятляўся нават удзень і з надыходам змроку, пры бледным святле свечак, рабіў хмурнае ўражанне. Гэты поўзмрок толькі падкрэсліваў цемру ночы; паседжанні Канвента пры лямпах мелі невясёлы выгляд. Людзі не бачылі адзін аднаго. У зале сварыліся адзін з адным цені з белымі плямамі замест твараў.
Як гэта не дзіўна, але і ў Канвенце былі прывілеяваныя наведвальнікі; для іх былі адведзены дзве трыбуны — направа і налева ад старшыні, куды публіку не пускалі. Толькі гэтыя дзве трыбуны мелі драпіроўкі, падобраныя пасярэдзіне шнуркамі з залатымі кутасамі. Трыбуны для народу не мелі ніякіх драпіровак.
Усё разам насіла адбітак чагосьці няўхільна правільнага. То была мешаніна стрыманасці і лютасці. Магчыма, у гэтым выяўляўся ўвесь характар рэволюцыі.
Апрача сваіх палітычных бур, зал Канвента прыводзіў у жах ужо адной сваёй архітэктурай. На вас адусюль глядзелі жорсткія прамыя вуглы, халодныя і вострыя, як сталь.
Але той, хто бачыў Сход, забываўся на зал. Хто глядзіць драму, той не думае пра будынак тэатра. Нічога больш бясформнага і больш велічнага нельга сабе ўявіць. Там капашыліся, штурхаліся, сварыліся, пагражалі адзін аднаму, змагаліся і жылі ўсе тыя змагары, якія цяпер зрабіліся геніямі.
Убачыць Канвент у кожны момант яго ўлады азначала зноў убачыць суд над апошнім каралём. Да ўсіх актаў Канвента прымешвалася легенда 21 студзеня.
Сярод публікі паказвалі адзін аднаму той куток зала, дзе сядзелі побач сем прадстаўнікоў Верхняй Гароны; яны павінны былі першымі выказаць свой прыгавор над Людовікам ХVI, і ўсе, адзін за адным, паўтарылі ў адно слова: «Смерць!»
Глядачы шукалі вачыма таго, цяпер забытага гісторыяй, дэпутата, які пасля трыццацісямігадзіннага паседжання знясілеў і заснуў на лаве, а калі да яго дайшла чарга падаваць голас і прыстаў разбудзіў яго, ён расплюшчыў вочы, сказаў: «Смерць!» і зноў заснуў.
У той момант, калі Людовіка ХVI асудзілі на смерць, Робесп'еру заставалася жыць восемнаццаць месяцаў, Дантону — пятнаццаць, Марату — пяць месяцаў і тры тыдні. Кароткае і страшнае дыханне чалавечых вуснаў.
У народа было сваё адчыненае акно ў Канвент — грамадскія трыбуны, а калі гэтага акна нехапала, расчыняў дзверы, і вуліца ўрывалася на Сход. Гэтыя навалы народу ў вышэйшую дзяржаўную ўстанову з'яўляюцца адной з самых выдатных карцін у гісторыі народаў. Звычайна яны мелі прыязны характар.
Паседжанні Канвента безупынна перарываліся такімі наваламі — дэпутацыямі з рознымі петыцыямі, з падарункамі, з выяўленнямі ўсялякіх пачуццяў. То з'яўлялася дэпутацыя ад жанчын прадмесця Сент-Антуан, то дэпутацыя англічан, прапануючая дваццаць тысяч пар чаравікаў для басаногіх салдат. Дэлегаты ад секцыі прыходзілі нагружаныя царкоўнымі прыладамі — чашамі, блюдамі, дыскасамі, каўчэжцамі; натоўпы галадранцаў цэлымі мяхамі валаклі золата і срэбра і аддавалі бацькаўшчыне, не просячы за гэта нічога, апрача дазволу станцаваць перад Канвентам карман'ёлу.
Артысты прыходзілі спяваць куплеты ў гонар дэпутатаў Гары. Нейкая жанчына надзела на галаву старшыні чырвоную шапку, а той за гэта пацалаваў яе. Грамадзянкі секцыі Майль закідвалі кветкамі «законадаўцаў». Жанчыны секцыі Французскай гвардыі паднеслі Канвенту ружы; жанчыны секцыі Елісейскіх палёў — дубовы вянок; жанчыны секцыі Тампль кляліся «кахаць толькі сапраўдных рэспубліканцаў». Падкідышы, залічаныя дзецьмі рэспублікі, маршыравалі перад Канвентам у нацыянальных мундзірах. Маладыя дзяўчаты з секцыі «Дзевяноста другога года» з'явіліся ў даўгіх белых плаццях, і на другі дзень У «Маніцёры» можна было прачытаць: «Старшыня Схода атрымаў букет з нявінных ручак юнай красуні». Прамоўцы, узыходзячы на трыбуну, кланяліся натоўпу, часам лесцілі перад ім: «Ты не памыльны, ты беззаганны, ты вялікі», — казалі яны, звяртаючыся да народу. А ў народа ёсць дзіцячая рыса: ён любіць салодкае. Здаралася, што мяцеж віхрам налятаў на Сход, урываўся раз'юшаны і выходзіў супакоены.
Не заўсёды справа абыходзілася так мірна; бывала, што перад Цюільрыйскім палацам ставіліся жароўні для раскальвання ядраў.
Паглыбляючы і ачышчаючы рэволюцыю, Канвент адначасова рухаў цывілізацыю. Ён быў не толькі полымем, але і кузняй. У гэтым катле, дзе бурліў кіпучы тэрор, адкладваўся прагрэс. Канвент абвясціў беднасць свяшчэннай. Сляпых і глуханямых ён прыняў на ўтрыманне дзяржавы. Ён узаконіў мацярынства мацеры-дзяўчыны. Малалетніх сірот усынавіла бацькаўшчына. Апраўданыя судом, невінаватыя падсудныя атрымоўвалі кампенсацыю ад казны. Канвент закляйміў гандаль неграмі, знішчыў нявольніцтва. Ён увёў бясплатнае навучанне і прывёў у сістэму нацыянальную асвету, заснаваўшы Нармальную школу ў Парыжы, цэнтральныя школы ў правінцыяльных гарадах і пачатковыя ў сельскіх абшчынах. Ён заснаваў кансерваторыі і музеі. Ён аб'яднаў дэкрэтам крымінальны і грамадзянскі кодэксы, а таксама меры і вагу, дзеля чаго ўвёў дзесятычную сістэму лічэння. Ён прывёў у парадак французскія фінансы. Ён даў насельніцтву тэлеграф, бясплатныя дамы прытулку, палепшаныя больніцы. Ён узбагаціў навуку; вучнёўскай моладзі даў політэхнічныя школы; чалавечаму розуму — Акадэмію.
Астаючыся нацыянальным, ён быў сусветным. З адзінаццаці тысяч двухсот дзесяці выданых ім дэкрэтаў трэць праследавала палітычную мэту, а дзве трэці — інтарэсы гуманнасці.
Усё гэта зрабіў Канвент, змагаючыся з такой гідрай, як Вандэя, і маючы на плячах такую зграю тыграў, як кааліцыя каралёў. Гіганцкае поле дзеянняў!
З гэтай трыбуны кідаліся тыя галавакружальныя словы, якія часам, у эпохі рэволюцый, нават без ведама таго, хто іх выказвае, рабіліся праракальнымі.
У Канвенце нястрыманасць прамоў атрымала права грамадзянства. У спрэчках пагрозы скрыжоўваліся і лёталі ў паветры, як галаўні на пажары. На лаянку адказвалі лаянкай. «Змоўшчык!», «Забойца!», «Разбойнік!», «Крамольнік!», «Згоднік!» — чулася з усіх бакоў. Пагражалі кулакамі, паказвалі пісталеты, выхоплівалі з ножнаў кінжалы. Трыбуна грымела вогненымі прамовамі. Некаторыя прамоўцы гаварылі так, нібы галава іх ужо ляжала на пласе. Навакол мільгалі спалоханыя і страшныя твары. Каго тут толькі не было: Мантан'яры, жырандысты, тэрарысты, якабінцы[2], ксяндзы, з якіх восемнаццаць царазабойцаў.
Усе гэтыя людзі былі толькі дымам, які ва ўсе бакі разносіў вецер.
Быць членам Канвента азначала быць хваляй акіяна. Гэта можна было сказаць нават пра самых значных асоб. У Канвенце адчувалася прысутнасць волі — волі ўсіх і нічыёй. Мы завем яе рэволюцыяй. Налятаючы хваляй, яна валіла з ног аднаго і ўздымала ўгору другога; гэтага адносіла ў пырсках пены, таго разбівала аб скалы. Яна ведала, куды яна нясецца, і гнала людское мора перад сабой.
Такі быў гэты бязмерна вялікі Канвент. Умацаваны лагер чалавецтва, які атакавалі ўсе цёмныя сілы; вартавы агонь абложанай арміі ідэй, вялізны лагер розумаў, раскінуты над бяздоннем. У гісторыі не было нічога роўнага гэтай групе людзей.
Канвент заўсёды ішоў паводле ветру. Але гэты вецер выходзіў з вуснаў народу.
І цяпер, праз восемдзесят год, кожны раз, калі ў вобразах паўстае з мінулага здань Канвента, уся ўвага мімаволі прыкоўваецца да яго.
МАРАТ У КУЛУАРАХ
На другі дзень пасля сустрэчы з Дантонам і Робесп'ерам на вуліцы Паўліна Марат пайшоў у Канвент.
Кожны раз, калі Марат ўваходзіў у Канвент, у зале пачыналі шаптацца, але толькі на далёкіх лавах; вакол яго ўсё маўчала. Марат рабіў выгляд, што нічога не заўважае: ён зневажаў «кваканне балота».
Унізе, у змроку, на далёкіх лавах гаварылі пра яго) паказваючы пальцам:
— Глядзі, вунь Марат!
— Ён, значыцца, не хворы?
— Не, хворы: бачыш — ён у халаце.
— У халаце?
— Ну але.
Барэр чытаў данясенне Сантэра пра Вандэю. З Морбігана выступіла дзевяцьсот чалавек з гарматамі на даамогу Нанту. Банда сялян пагражала Рэдону; Пэнбёф быў абложаны. Перад Мэдрэнам крэйсіравала марская эскадра, каб не дапусціць дэсанта. Увесь левы бераг Луары, ад Інгранды да Мора, быў заняты батарэямі раялістаў. Тры тысячы сялян гаспадарылі ў Порніку. Яны крычалі: «Хай жывуць англічане!» Пісьмо Сантэра канчалася так: «Сем тысяч сялян падступіла да Вана. Мы іх адбілі, і яны пакінулі ў нашых руках чатыры гарматы».
— А колькі палонных? — перапыніў Барэра нечы голас. Барэр адказаў:
— У прыпісцы сказана: «Палонных няма, бо мы іх больш не бярэм».
Марат не слухаў. Ён стаяў на тым-жа месцы і, відаць, абмяркоўваў нешта сур'ёзнае. Ён камячыў у руцэ кавалак паперы, на якім, каб яго разгарнуць, можна было-б прачытаць наступныя радкі:
„Улада ўпаўнаважаных камісараў неабмежаваная, асабліва ўлада камісараў, дэлегіраваных Камітэтам грамадскага ратавання. З гэтым нічога не зробіш. Дарма Жэнісе казаў на паседжанні 6 мая: „Кожны камісар значыць больш, як кароль“; гэта нічому не памагло. Ад гэтых камісараў залежыць жыццё і смерць чалавека. Дэлегат Камітэта грамадскага ратавання трымае ў руках самога галоўнакамандуючага“.
Марат сунуў паперку ў кішэню і павольна накіраваўся к Манто і Шабо, якія размаўлялі між сабой, не заўважаючы яго. Шабо казаў:
— Адзін ксёндз, нехта Сімурдэн, атрымаў неабмежаваныя паўнамоцтвы пры віканце Говэне, камандуючым экспедыцыйным атрадам берагавой арміі. Уся задача цяпер у тым, каб не даць двараніну махляваць, а папу — здрадзіць.
— Нічога няма прасцей, — зазначыў Манто. — Варта толькі выпусціць на сцэну трэцюю дзейную асобу — Смерць.
— Я прышоў, каб зрабіць гэта, — сказаў Марат. Шабо і Манто абярнуліся.
— Добры дзень, Марат, — сказаў Шабо. — Ты рэдкі госць на нашых сходах.
Нізка нахіліўшыся да сваіх таварышоў, Марат зашаптаў:
— Слухайце. Я прышоў па вельмі важнай справе. Неабходна, каб сёння-ж хто-небудзь з нас трох унёс у Канвент праект аднаго дэкрэта.
Усе трое замаўчалі. Калі Марат быў чым-небудзь заклапочаны, да яго лепш было не падступацца. Аднак, Манто рызыкнуў задаць яму пытанне:
— Які дэкрэт ты хочаш правесці, Марат?
— Такі, каб кожны ваенны начальнік, які дапусціў уцячы палоннаму мяцежніку, караўся-б смерцю.
— Такі дэкрэт існуе, — умяшаўся Шабо. — Ён прайшоў яшчэ ў канцы красавіка.
— У такім разе ён усёроўна, што не існуе, — сказаў Марат. — Па ўсёй Вандэі палонныя бягуць дзесяткамі. Начальнікі атрадаў глядзяць на гэта скрозь пальцы, а тыя хто хавае іх, застаюцца непакаранымі.
— Гэта значыць толькі, Марат, што гэты дэкрэт страціў сілу, — заўважыў Шабо.
— Гэта значыць, Шабо, што трэба дамагчыся, каб ён зноў увайшоў у сілу.
— Зразумела.
— Значыцца, трэба заявіць аб гэтым у Канвенце.
— Канвент тут не патрэбны, Марат; досыць Камітэта грамадскага ратавання.
— Так, — дадаў Манто, — досыць будзе, калі Камітэт грамадскага ратавання загадае расклеіць дэкрэт па ўсёй Вандэі, ва ўсіх вясковых абшчынах і пакажа яго сілу на двух-трох добрых прыкладах.
— На начальніках, — дадаў Шабо, — на генералах.
Марат прамармытаў;
— Магчыма, гэтага будзе досыць.
— Марат, зайдзі ў Камітэт грамадскага ратавання і заяві аб гэтым сам, — сказаў Шабо.
Марат зірнуў на яго так, што таму аж няёмка зрабілася.
— Шабо, — сказаў ён, — ісці ў Камітэт грамадскага ратавання ўсёроўна, што ісці да Робесп'ера. Я не бываю ў Робесп'ера.
— Тады я пайду, — сказаў Манто.
— Добра, — адказаў Марат.
На другі дзень па ўсіх кірунках Камітэтам грамадскага ратавання быў разослан загад абвясціць па гарадах і вёсках Вандэі і строга выконваць дэкрэт, які карае смерцю ўсякае патуранне ўцёкам палонных разбойнікаў і мяцежнікаў.
Гэты дэкрэт быў толькі першым крокам. Канвент пайшоў далей. Праз некалькі месяцаў, 11 брумера II года ( у лістападзе 1793 года), пасля таго, як горад Лаваль адчыніў свае вароты вандэйскім уцекачам, быў выданы дэкрэт, што кожны горад, які дасць прытулак мяцежнікам, будзе зруйнаваны.
З другога боку, яшчэ раней, ад імя ўсіх манархаў Еўропы, маніфест герцага Браўншвейгскага, пад уплывам эмігрантаў, абвясціў, што кожны француз, захоплены са зброяй у руках, будзе расстраляны і што, калі хоць адзін волас упадзе з галавы французскага караля, Парыж будзе сцёрты з твару зямлі.