Дзевяноста трэці (1937)/2/2
← Кніга першая | Частка другая. Кніга другая Раман Аўтар: Віктор Гюго 1937 год Арыгінальная назва: Quatrevingt-treize (1874) Пераклад: Янка Маўр |
Кніга трэцяя → |
КНІГА ДРУГАЯ
ШЫНОК НА ВУЛІЦЫ ПАЎЛІНА
На вуліцы Паўліна быў шынок, або, як яго называлі, кафэ. Пры гэтым кафэ быў задні пакой, які цяпер зрабіўся гістарычным. Там часам сыходзіліся, па магчымасці таемна, людзі, якія карысталіся такой магутнай уладай і так былі на вачах ва ўсіх, што яны не адважваліся гутарыць між сабой публічна.
28 чэрвеня 1793 года ў гэтым пакоі сядзелі за сталом тры чалавекі. Кожны займаў адзін бок стала; чацвёрты заставаўся незанятым. Было каля васьмі гадзін вечара. На вуліцы было яшчэ светла, але ў заднім пакоі кафэ ўжо сцямнелася, і стол асвятляўся лямпай, якая была падвешана да столі.
Адзін з іх быў малады чалавек, бледны, сур'ёзны, з тонкімі губамі і халодным позіркам. Адна шчака яго нервова падрыгвала, што, відаць, перашкаджала яму ўсміхацца. Ён быў у напудраным парыку і пальчатках, зашпіленых на ўсе гузікі. На яго светла-блакітным камзоле не было ніводнай складачкі. Нанкавыя штаны, белыя панчохі, высокі гальштук, плісіраванае жабо і чаравікі са срэбнымі пражкамі дапаўнялі яго касцюм. З двух другіх адзін быў як волат, другі — бадай карлік. Волат меў вельмі неахайны выгляд: на ім быў шырачэзны ярка-чырвоны суконны камзол, боты з адваротамі і расшпіленая жылетка з абарванымі гузікамі: голая шыя выступала над развязаным гальштукам, канцы якога матляліся ніжэй жабо; ускудаачаныя валасы захоўвалі, аднак, некаторыя сляды прычоскі. Твар яго быў папсаваны воспай. У яго былі тоўстыя губы, вялікія зубы, кулакі чорнарабочага, бліскучыя вочы; між брывей залягла зморшчка гневу, але рот паказваў дабрату. Трэці быў маленькі з жоўтым тварам чалавек. Калі ён сядзеў, то здаваўся гарбатым. Яго адкінутая назад галава, амаль без ілба, з пляскатымі тлустымі валасамі, з налітымі крывёю вачыма і тварам з сіняватымі плямамі была абвязана хустай; рот у яго быў вялікі і жорсткі. На ім былі даўгія панталоны, шырокія чаравікі, жылетка з калісьці белага атласа, а на жылетцы нешта накшталт кофты, пад складкамі якой вызначаліся цвёрдыя, прамыя лініі кінжала.
Імя першага з іх было Робесп'ер[1], другога — Дантон[2], трэцяга — Марат[3].
Яны былі адны ў пакоі. Перад Дантонам стаялі шклянка і бутэлька з віном, пакрытая пылам; перад Маратам — кубак кавы, перад Робесп'ерам былі раскладзены паперы.
Каля папер стаяла адна з тых цяжкіх свінцовых круглых чарніліц з баразёнкамі, якія ўжываліся ў школах яшчэ ў пачатку стагоддзя. Тут-жа было кінута пяро. На паперах ляжала вялікая медная пячатка — дакладная мадэль Бастыліі. Пасярэдзіне стала была разгорнута карта Францыі.
Знадворку, за дзвярыма пакоя, стаяў вартавы пёс Марата — Лоран Бас, рассыльны з № 18 на вуліцы Кардыльераў, той самы, які 13 ліпеня, прыблізна праз два тыдні пасля чэрвеньскага вечара, што мы цяпер апісваем, ударыў крэслам па галаве Шарлоту Кордэ, якая ў гэтую мінуту яшчэ не выязджала з Кана і толькі невыразна марыла аб тым, што ёй было прызначана зрабіць.
Лоран Бас звычайна разносіў карэктурныя аркушы «Друга народу». У той вечар яго гаспадар узяў яго з сабой у кафэ на вуліцы Паўліна са строгім наказам пільнаваць дзверы пакоя, дзе павінна было адбыцца паседжанне.
Нарада пачалася ўжо даволі даўно. Абгаварваліся раскладзеныя на стале паперы, якія Робесп'ер толькі што прачытаў уголас. Пачалі спрачацца. Галасы рабіліся ўсё гучнейшымі: у іх пачыналі гучэць гнеўныя ноткі. Часам вырываліся паасобныя словы, сказаныя так голасна, што чуваць было знадворку. У тыя часы ўсе так прывыклі да прамоў з трыбун, што кожны лічыў сябе маючым права слухаць. Лоран Бас прылажыў вуха да дзвярэй пакоя, дзе вялі нараду Дантон, Марат і Робесп'ер.
На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Калі ласка, дадайце іх, кіруючыся даведнікамі Вікікрыніцы:Выявы і Даведка:Дадаванне выяў. |
У шынку на вуліцы Паўліна.
Лоран Бас служыў Марату, але быў членам Біскупата.
Дантон устаў і рэзка адсунуў сваё крэсла.
— Чуеце вы? — крычаў ён. — Адна перад намі задача, адна неадкладная справа — выратаваць Рэспубліку. Рэспубліка ў небяспецы. Для мяне зараз важней за ўсё вызваліць Францыю ад ворага. Для гэтага ўсе спосабы добрыя. Усе, усе! Калі мне з усіх бакоў пагражае гібель, я ўжываю ўсе спосабы. Калі я ўсяго баюся, я іду на ўсё. У рэволюцыі не можа быць поўмер, не можа быць лішняй далікатнасці. Будзем наводзіць страх, і мы будзем карысныя. Хіба слон разбірае, куды ён ставіць сваю нагу? Раздушым ворага!
Робесп'ер адказаў мякка:
— Я сам гэтага хачу.
І дадаў:
— Пытанне толькі ў тым, дзе вораг.
— Ён за межамі Францыі, і я прагнаў яго! — усклікнуў Дантон.
— Ён у нашых межах, і я за ім сачу, — адказаў Робесп'ер.
— І я зноў праганю яго, — сказаў Дантон.
— Унутранага ворага не прагоніш.
— Што-ж з ім рабіць?
— Знішчыць.
— Я згоден на гэта, — сказаў Дантон, — але паўтараю, Робесп'ер, што вораг за межамі краіны.
— Паўтараю, Дантон, што ён унутры.
— Робесп'ер, ён на граніцы.
— Дантон, ён у Вандэі.
— Супакойцеся, — пачуўся трэці голас, — вораг усюды, і вы прапалі.
Гэта сказаў Марат. Робесп'ер зірнуў на яго і адказаў спакойна:
— Не патрэбны агульныя словы, я прывожу вам факты. Я толькі што прачытаў вам дэпешы Прыёра. Я паведаміў вам весткі, дастаўленыя Жэламбрам. Дантон, кажу вам: вайна са знешнім ворагам — глупства; галоўнае — вайна грамадзянская. Знешняя вайна — гэта дробны шрам на локці; вайна грамадзянская — небяспечная язва, якая раз'ядае нутро. З усяго таго, што я прачытаў цяпер, адно ясна: Вандэя, сілы якой да гэтага часу былі разрозненыя, Вандэя, дзе дзейнічалі самастойна паасобныя правадыры, цяпер гатовы аб'яднацца. Ад гэтага часу ў яе будзе галоўнакамандуючы…
— Разбойніцкі атаман, — прамармытаў Дантон.
— Ён высадзіўся на наш бераг 2 чэрвеня ля Пантарсона, — казаў далей, не слухаючы яго, Робесп'ер. — Вы ведаеце, што гэта за чалавек. Вайна з-за кустоў арганізоўваецца ў вялікім маштабе. У той-жа час рыхтуецца англійскі дэсант. Вандэйцы і англічане — Брэтань і Брытанія. Я вам паказваў перахопленае пісьмо Пюізэ, дзе гаворыцца, што «варта дваццаці тысяч чырвоных мундзіраў[4] з'явіцца сярод мяцежнікаў, і падымецца сто тысяч чалавек». Калі сялянскі мяцеж разгарыцца, высадзіцца англійскі дэсант. Вось іх план. Прасачыце па карце.
І ён пачаў паказваць на карце пальцам:
— У англічан вялікі выбар: яны могуць высадзіцца, дзе захочуць. Праз два тыдні збярэцца трохсоттысячная армія разбойнікаў, і ўся Брэтань будзе ў руках французскага караля.
— Гэта значыць, англійскага, — паправіў Дантон.
— Не, французскага.
І Робесп'ер дадаў:
— Французскі кароль горшы. Чужаземнага ворага можна прагнаць у два тыдні; каб вызваліцца ад манархіі, нам патрэбна было восемнаццаць стагоддзяў.
Дантон сеў, паставіў локці на стол і ў задуменні апусціў галаву на рукі.
— Вы бачыце цяпер, у чым небяспека? — сказаў Робесп'ер.
Дантон падняў галаву і грукнуў сваімі вялізнымі кулакамі па карце, нібы молатамі па кавадлу:
— Робесп'ер, хіба Вердэн не адкрываў прусакам дарогу на Парыж?
— Ну, дык што-ж?
— А тое, што мы прагонім англічан, як прагналі прусакоў.
І Дантон зноў ускочыў.
Робесп'ер палажыў сваю халодную руку на яго гарачы кулак.
Потым сказаў:
— Сядайце, Дантон, і лепш зірніце на карту, замест таго, каб біць па ёй кулаком.
Але пераканаць Дантона было не так проста.
— Не, гэта занадта! — крыкнуў ён. — Чакаць катастрофы з захаду, калі яна насоўваецца з усходу… Так, Робесп'ер, Англія пагражае нам з боку акіяна, — згодзен. Але-ж Іспанія падымаецца на нас у Пірэнеях, Італія ў Альпах, Германія на Рэйне. А ў далечыні ўстае яшчэ рускі мядзведзь… Робесп'ер, небяспека з усіх бакоў; яна ахапіла нас цесным колам. За рубяжом кааліцыя, унутры краіны — здрада. Армія вельмі парадзела. Няма ніводнага батальёна, дзе-б налічвалася болей за чатырыста салдат. У храбрым Дэ-Понцкім палку засталося ўсяго пяцьсот чалавек. Памарскі лагер здаўся. У Жывэ застаецца пяцьсот мяшкоў ад усяго запасу мукі. А тымчасам Брауншвейг узмацняецца і наступае, уздымаючы нямецкі сцяг ва ўсіх занятых ім французскіх гарадах. Маркграф Брандэнбургскі робіцца гаспадаром Еўропы. Ён забірае нашы правінцыі, ён забярэ і Бельгію, — вось пабачыце! Сапраўды, можна падумаць, што мы стараемся для Берліна. Калі так будзе надалей, калі мы не возьмемся за розум, то нарэшце выйдзе, што французская рэволюцыя прынесла карысць Потсдаму, што адзіным яе вынікам было пашырэнне маленькіх уладанняў Фрыдрыха ІІ і што мы забілі караля Францыі дзеля караля Прусіі.
І Дантон, страшны Дантон, зарагатаў.
Пачуўшы гэты смех, Марат усміхнуўся.
— У кожнага з вас свой канёк, — сказаў ён. — У вас, Дантон, — Прусія, у вас, Робесп'ер, — Вандэя. А цяпер і я скажу сваё слова. Вы абодва не бачыце сапраўднай небяспекі. Гэтая небяспека — шынкі ды кафэ. Кафэ Шуазель — якабінскае, кафэ Патэн — раялісцкае, кафэ Сустрэч нападае на нацыянальную гвардыю, кафэ Порт-Сен-Мартэн абараняе яе. У Ратондзе рвуць на кавалкі асігнацыі, у кафэ Сен-Марсо шалеюць; кафэ Мануры ўздымае пытанне пра муку, у кафэ Фуа скандалы і калатня; ля Перона гудзяць фінансавыя трутні. Вось гэта будзе пасур'ёзней, панове!
Дантон больш не смяяўся. Марат-жа ўсё ўсміхаўся.
— Вы смеяцёся з нас, Марат? — буркнуў Дантон.
У Марата задрыгала нага. Гэтае сударажнае падрыгванне добра было ўсім вядомае. Ён перастаў усміхацца:
— Я пазнаю вас, грамадзянін Дантон, — сказаў ён зласліва. — Я памятаю, як вы пры ўсім Канвенце назвалі мяне «нейкім Маратам». Слухайце-ж. Я вам дарую. Мы перажываем вар'яцкі момант. Ды мяне і нельга абразіць. Успомніце, хто я. Я носам адчуваю здраду ў здрадніку і лічу карысным выкрываць злачынца, перш чым ён паспее зрабіць злачынства. Я маю прывычку казаць напярэдадні тое, што вы скажаце заўтра. Я — той чалавек, які прапанаваў Сходу гатовы план крымінальнага законадаўства. Хочаце ведаць, што ўжо зроблена мной? Я патрабаваў пашырэння адукацыі ў секцыях з мэтай падрыхтоўкі іх да рэволюцыі. Я прымусіў зняць пячаткі з трыццаці двух папак, у якіх гнілі здадзеныя ў архіў справы. Я падаў голас за пакаранне смерцю тырана, патрабуючы, каб прыгавар быў прыведзены ў выкананне ў дваццаць чатыры гадзіны. Я агітаваў на карысць раненых салдат. Я патрабаваў, каб сто тысяч сваякоў эмігрантаў былі затрыманы ў якасці заложнікаў за нашых камісараў, якіх выдалі ворагу. Я прапанаваў абвяшчаць здраднікам кожнага народнага прадстаўніка, які выйдзе за заставу. Я прымусіў вынесці рэзалюцыю аб тым, што парыжане заслугоўваюць падзяку з боку бацькаўшчыны. За ўсё гэта дэпартамент Фіністэр патрабуе майго выключэння з ліку дэпутатаў, горад Лудэн выказвае пажаданне, каб я быў выгнаны з Францыі, горад Ам'ен хоча, каб на мяне надзелі наморднік. Кабург хоча, каб мяне арыштавалі, а Лекюент-Пюіраво прапануе Канвенту абвясціць мяне вар'ятам… Цяпер скажыце, грамадзянін Дантон, дзеля чаго вы запрасілі мяне на вашу нараду, калі не для таго, каб выслухаць маю думку? Вось сэнс таго, што я казаў: абодва вы памыляецеся. Небяспека не ў Лондане, як думае Робесп'ер, не ў Берліне, як думае Дантон: небяспека ў Парыжы. Небяспека гэтая ў адсутнасці адзінства, у тым, што кожны, пачынаючы з вас двух, прызнае за сабой права цягнуць у свой бок. Небяспека ў ідэйнай блытаніне, у анархіі волі…
— І вы яшчэ гаворыце пра анархію! — перапыніў Дантон. — Ды хто-ж, калі не вы, стварае яе?
— Робесп'ер, Дантон, — казаў Марат далей, — небяспека, паўтараю вам, у незлічоных шынках, у ігральных дамах, у клубах… Клуб Чорных, клуб Федэралістаў, Дамскі клуб, клуб Бесстаронніх, не лічачы яшчэ вашага клуба Якабінцаў, Робесп'ер, і вашага клуба Кардыльераў, Дантон… Небяспека ў голадзе, праз які насільшчык Блэн павесіў на ліхтарным слупе булачніка. Небяспека і ў нашых судах, якія павесілі насільшчыка Блэна за тое, што ён павесіў булачніка Дэні. Небяспека ў папяровых грошах, што змяншаюцца ў цане кожны дзень. На вуліцы Тампль нехта згубіў стофранкавую асігнацыю і нейкі прахожы, просты чалавек, сказаў: «Не варта падымаць». Спекулянты і валютчыкі — вось дзе небяспека. А-а! вы не звяртаеце ўвагі на Парыж. Вы шукаеце небяспекі далёка, калі яна так блізка. Дык ведайце-ж: небяспека ў вас над галавой, небяспека ў вас пад нагамі. Навакол змовы ды змовы. Прахожыя на вуліцах чытаюць адзін аднаму газеты і таямніча ківаюць галовамі. Шэсць тысяч чалавек, якія не маюць пасведчанняў аб надзейнасці, эмігранты, што вярнуліся назад, шпіёны і франты хаваюцца па сутарэннях, чардаках, драўляных галерэях Палэ-Раяля. Ля булачных — хвасты. На ўсіх парогах стаяць бедныя жанчыны і з тугой пытаюцца: «Калі-ж, нарэшце, будзе мір?» Так, небяспека ўсюды, і ў асаблівасці ў цэнтры, у Парыжы. Былыя дваране канспіруюць, патрыёты ходзяць босыя. Арыстакраты, арыштаваныя дзевятага сакавіка, ужо выпушчаны. Тысячныя стаеннікі, якія па-сапраўднаму павінны былі-б вазіць гарматы на граніцах, пырскаюць на нас гразёю па вуліцах. Чатырохфунтовая скіба хлеба каштуе тры франкі дванаццаць су. У тэатрах ставяць непрыстойныя п'есы, і хутка Робесп'ер адправіць на гільятыну Дантона.
— Яшчэ чаго захацеў, — буркнуў Дантон.
Робесп'ер уважліва разглядаў карту.
— Вось што я прапаную, — казаў Марат. — Зробім апошняе намаганне. Пастараемся дагаварыцца. Становішча такое, што варта паспрабаваць. У тым, што гаворыце вы абодва, ёсць доля праўды; але ўся праўда, сапраўдная праўда, у тым, што кажу я. Чаго нам нехапае? Адзінства. У ім наш паратунак. Але трэба спяшацца. Парыж павінен узяць рэволюцыю ў свае рукі. Калі мы страцім хоць гадзіну, то назаўтра вандэйцы могуць апынуцца ў Орлеане, а прусакі ў Парыжы. Вы бачыце, Дантон і Робесп'ер, я вам раблю гэтую ўступку. Які-ж з усяго гэтага вывад? Вывад толькі адзін — дыктатура. Значыцца, установім дыктатуру. Мы трое прадстаўляем сабой рэволюцыю. Мы — тры галавы. З гэтых трох галоў адна гаворыць — гэта вы, Робесп'ер, другая рыкае — гэта вы, Дантон…
— А трэцяя кусаецца — гэта вы, Марат, — уставіў Дантон.
— Усе тры кусаюцца, — паправіў Робесп'ер.
Пасля некаторага маўчання, гутарка пачалася зноў.
У спакойным голасе Марата адчувалася дрыжанне.
— Робесп'ер! Дантон! Вы, значыцца, не хочаце мяне слухаць? А я зноў-жа скажу: вы прапалі. Ваша палітыка завяла вас у тупік. Далей няма куды ісці. У вас няма выхаду. Тое, што вы робіце, зачыніць перад вамі ўсе дзверы, апрача дзвярэй магілы.
Дантон паціснуў плячыма.
— У гэтым наша веліч, — сказаў ён.
— Вы абодва яшчэ маладыя, — прадаўжаў Марат. — Колькі табе гадоў, Дантон? Трыццаць чатыры? А табе, Робесп'ер? Трыццаць тры? Ну, а я, я жыву з пачатку свету; я — адвечная пакута чалавецтва: мне шэсць тысяч гадоў.
Гутарка спынілася. Усе паглыбіліся ў свае думкі. Робесп'ер трохі пабляднеў. Дантон трохі пачырванеў. Абодва адчувалі дрыжыкі. Аганёк у вачах Марата згас. Спакой, уладарны спакой зноў разліўся па яго твары.
У гэты момант з глыбіні пакоя пачуўся голас:
— Марат, ты не праў.
Усе азірнуліся. У часе спрэчкі яны не заўважылі, як праз заднія дзверы нехта ўвайшоў.
— Ах, гэта ты, грамадзянін Сімурдэн! — сказаў Марат. — Здароў!
Гэта быў сапраўды Сімурдэн.
— Я кажу, што ты не праў, Марат, — паўтарыў ён.
Марат пазелянеў: такая была яго манера бляднець.
Сімурдэн казаў далей:
— Ты карысны, а Робесп'ер і Дантон неабходныя. Яднанне, яднанне, грамадзяне! Народ патрабуе яднання.
Умяшанне Сімурдэна, нечаканае з'яўленне пабочнай асобы сярод сямейнай сваркі падзейнічала, як цэбар халоднай вады; яно прымусіла буру апусціцца калі не на дно, дык прынамсі на паверхню.
Сімурдэн падышоў да стала.
Дантон і Робесп'ер яго ведалі. На адведзеных для публікі трыбунах Канвента яны не раз бачылі гэтага магутнага невядомага чалавека, перад якім здымаў шапкі народ. Але фармаліст Робесп'ер усё-такі спытаў яго:
— Як вы сюды трапілі, грамадзянін?
— Ён з Біскупата, — адказаў Марат.
— О, грамадзянін Сімурдэн тут не лішні, — сказаў Дантон і працягнуў руку Сімурдэну. Затым дадаў: — Панове, растлумачце грамадзяніну Сімурдэну становішча спраў. Ён з'явіўся вельмі дарэчы. Я тут прадстаўнік Гары[5], Робесп'ер — прадстаўнік Камітэта грамадскага ратавання[6], Марат — прадстаўнік Комуны, Сімурдэн — прадстаўнік Біскупата. Ён нас памірыць.
— Добра, — сказаў Сімурдэн сур'ёзна і проста. — У чым справа?
— Мы гаварылі пра Вандэю, — сказаў Робесп'ер.
— Пра Вандэю? — паўтарыў Сімурдэн. — Так, гэта вялікая пагроза. Калі рэволюцыя загіне, то гэта адбудзецца праз Вандэю. Вандэя страшней за дзесяць Германій. Трэба забіць Вандэю, каб Францыя магла жыць.
Гэтыя кароткія словы спадабаліся Робесп'еру. Тым не менш ён спытаў:
— Вы, здаецца, былы ксёндз?
Сімурдэн адказаў:
— Так, грамадзянін.
— Што-ж тут такога? — падхапіў Дантон. — Раз ксёндз за нас, ён каштоўней за свецкую асобу. У дні рэволюцыі ксяндзы пераплаўляюцца ў грамадзян, як званы ў манеты і гарматы.
— Вернемся да Вандэі, — сказаў Робесп'ер.
— Дык у чым-жа справа? — спытаў Сімурдэн. — Што робіцца там, у гэтай Вандэі?
Робесп'ер адказаў:
— Вандэя знайшла правадыра. Яна робіцца страшнай.
— Хто-ж гэты правадыр, грамадзянін Робесп'ер?
— Нехта Лантэнак, былы маркіз, які называе сябе прынцам брэтонскім.
Сімурдэн ажывіўся.
— Я яго ведаю, — сказаў ён. — Я быў кюрэ ў яго парафіі.
І, падумаўшы крыху, дадаў:
— Так, ён павінен быць страшны.
— Ён сапраўды жудасны, — сказаў Робесп'ер. — Ён падпальвае вёскі, дабівае раненых, забівае палонных, расстрэльвае жанчын.
— Жанчын?
— Так. У ліку іншых па яго загаду была расстраляна маці трох дзяцей. Што сталася з дзецьмі — невядома… Да таго-ж ён сапраўдны палкаводзец, ён ведае вайну.
— Гэта правільна, — сказаў Сімурдэн. — Яшчэ ў Гановерскую вайну салдаты казалі пра яго: «Наверсе Рышэлье, унізе Лантэнак». Сапраўдным галоўнакамандуючым быў Лантэнак.
— Дык вось, грамадзянін Сімурдэн, гэты чалавек у Вандэі.
— Ці даўно?
— Тры тыдні.
— Трэба абвясціць яго па-за законам.
— Зроблена.
— Трэба ацаніць яго галаву.
— Зроблена.
— Абяцаць вялікую грашовую ўзнагароду таму, хто зловіць яго.
— Зроблена.
— Не асігнацыямі, а золатам.
— Зроблена.
— Трэба адправіць яго на гільятыну.
— Будзе зроблена.
— Хто-ж гэта зробіць?
— Вы.
— Я?!
— Так. Камітэт грамадскага ратавання адправіць вас дэлегатам у Вандэю з самымі шырокімі паўнамоцтвамі.
— Я згодзен, — сказаў Сімурдэн.
Робесп'ер адразу выбіраў людзей, — гэта характэрная ўласцівасць дзяржаўнага чалавека. З кіпы папер ён выцягнуў бланк з надрукаваным загалоўкам: «Французская рэспубліка, адзіная і недзялімая. Камітэт грамадскага ратавання».
Сімурдэн тымчасам казаў:
— Так, я прымаю гэтае назначэнне. Навальніца на навальніцу. Лантэнак люты — я таксама буду люты. Я абвяшчу гэтаму чалавеку вайну не на жыццё, а на смерць. Я вызвалю ад яго Рэспубліку. Пры кім я буду дэлегатам?
Робесп'ер адказаў:
— Пры камандуючым экспедыцыйным атрадам, высланым супроць Лантэнака. Але толькі павінен вас папярэдзіць: гэта арыстакрат.
Дантон падхапіў:
— Ну, што-ж тут такога? Зноў умоўнасць. Нават смешна! Арыстакрат? Што за бяда? Пра арыстакратаў можна сказаць тое самае, што і пра ксяндзоў. Калі ён за нас, то ён добры. Дваранства — забабоны, і не варта перавялічваць яго значэння ні ў той ні ў другі бок.
— Грамадзянін Дантон, грамадзянін Робесп'ер, — сказаў сур'ёзна Сімурдэн, — вы, магчыма, і маеце рацыю, давяраючыся арыстакратам, але народ ім не верыць, і ён таксама мае рацыю. Калі ксяндзу даручаюць сачыць за дваранінам, на ім ляжыць падвойная адказнасць, і ў такіх выпадках ксёндз павінен быць цвёрды.
— Безумоўна, — сказаў Робесп'ер.
— І бязлітасны, — дадаў Сімурдэн.
Робесп'ер сказаў:
— Зусім правільна, грамадзянін Сімурдэн. Вы будзеце мець справу з чалавекам, які ў два разы маладзей за вас, і вы лёгка падначаліце яго свайму ўплыву. Трэба яго накіроўваць і ў той-жа час лічыцца з ім. Як відаць, ён здольны афіцэр; аб гэтым дружна гавораць усе данясенні. Яго атрад уваходзіць у склад корпуса, які вылучаны з рэйнскай арміі для паходу на Ван- дэю. Ён нядаўна прыбыў з граніцы, дзе паспеў ужо вызначыцца сваім розумам і адвагай. Ён надзвычай добра камандуе сваёй экспедыцыйнай калонай. Вось ужо два тыдні, як ён не дае спакою старому Лантэнаку: націскае на яго і гоніць перад сабой. Нарэшцё прыцісне яго да берага і скіне ў мора. У Лантэнака багатая практыка і хітрасць старога ваякі, а ў таго — адвага маладога камандзіра. Пры ўсёй яго маладосці ў яго ўжо ёсць зайздроснікі і ворагі.
— Як відаць, гэты малады чалавек сапраўды маё вялікія здольнасці, — зазначыў Сімурдэн.
— Так, але ў яго ёсць адзін недахоп.
Гэтая заўвага належала Марату.
— Які? — спытаў Сімурдэн.
— Добрае сэрца, — адказаў Марат. — Ён цвёрды ў бойцы і мяккі пасля бою. Ён занадта спагадлівы. Ён часта даруе і шкадуе. Ён спачувае манашкам, выратоўвае жонак і дачок арыстакратаў, адпускае на волю палонных і папоў.
— Гэта вялікая памылка, — прашаптаў Сімурдэн.
— Гэта злачынства, — паправіў Марат.
— Часам, — заўважыў Дантон.
— Часта, — сказаў Робесп'ер.
— Бадай заўсёды, — зноў уставіў Марат.
— Калі маеш справу з ворагамі бацькаўшчыны, то заўсёды, — сказаў Сімурдэн.
Марат павярнуўся да яго.
— Скажы, грамадзянін Сімурдэн, што зрабіў-бы ты з рэспубліканскім правадыром, які адпусціў-бы на волю правадыра раялістаў?
— Я загадаў-бы яго расстраляць.
— Або адправіць на гільятыну, — дадаў Марат.
— Тое або другое — на выбар, — сказаў Сімурдэн.
Дантон засмяяўся.
— Па-мойму і тое і другое аднолькава добра.
— Будзь упэўнены, — прамармытаў Марат, — ты атрымаеш тое або другое.
І погляд яго, адарваўшыся ад твара Дантона, павярнуўся да Сімурдэна.
— Значыцца, грамадзянін Сімурдэн, каб рэспубліканскі правадыр зрабіў хібу, ты загадаў-бы адсячы яму галаву?
— У дваццаць чатыры гадзіны.
— У такім разе далучаюся да думкі Робесп'ера, — сказаў Марат. — Камітэт грамадскага ратавання павінен паслаць грамадзяніна Сімурдэна камісарам з надзвычайнымі паўнамоцтвамі для нагляду за камандзірам экспедыцыйнага атрада берагавой арміі. Дарэчы, як завуць гэтага камандзіра?
Робесп'ер адказаў:
— Ён былы дваранін, арыстакрат.
Ён пачаў шукаць у паперах.
— Няхай поп сочыць за дваранінам, — сказаў Дантон. — Я не даверыў-бы паасобку ні двараніну, ні папу, але калі яны разам, я іх не баюся. Яны шпіёняць адзін за адным, і ўсё ідзе гладка.
Гнеўная складка, ніколі не сыходзіўшая з ілба Сімурдэна, паглыбілася, але, лічачы, мабыць, гэтую заўвагу па сутнасці справядлівай, ён нават не павярнуўся к Дантону.
— За першы памылковы крок, які зробіць рэспубліканскі ваенны начальнік, даручаны майму нагляду, — кара смерцю, — прагучэў суровы голас Сімурдэна.
Робесп'ер, гледзячы ў паперы, сказаў:
— Вось, я знайшоў яго імя… Грамадзянін Сімурдэн, малады камандзір, чый лёс даручаецца вам, былы віконт. Прозвішча яго Говэн.
Сімурдэн збялеў.
— Говэн? — вырвалася ў яго.
Ад Марата не захавалася яго раптоўная бледнасць.
— Віконт Говэн! — замяшана паўтарыў Сімурдэн.
— Так, — сказаў Робесп'ер.
— Ну, дык што з таго? — адгукнуўся Марат, не зводзячы з яго вачэй.
Зрабілася ціха. Потым Марат сказаў:
— Грамадзянін Сімурдэн, ці прымаеце вы на ўмовах, аб якіх вы самі казалі, прызначэнне вас камісарам пры камандуючым Говене? Гэта вырашана?
— Вырашана, — адказаў Сімурдэн, усё болей і болёй бялеючы.
Робесп'ер узяў пяро, вывеў сваім правільным почаркам чатыры радкі на бланку з загалоўкам «Камітэт грамадскага ратавання», распісаўся і перадаў паперу і пяро Дантону. Той таксама падпісаў паперу, а пасля яго распісаўся і Марат, увесь час пазіраючы на збялелага Сімурдэна.
Робесп'ер зноў узяў паперу, паставіў дату і перадаў Сімурдэну.
Сімурдэн прачытаў:
„Год ІІ Рэспублікі.
Гэтым сведчыцца, што грамадзянін Сімурдэн прызначаецца ад Камітэта грамадскага ратавання камісарам пры начальніку экспедыцыйнага атрада берагавой арміі — грамадзяніну Говэну з самымі шырокімі паўнамоцтвамі.
Робесп'ер — Дантон — Марат“.
(28 чэрвеня 1793 год.)
Рэволюцыйны, так званы грамадзянскі каляндар у той час яшчэ не быў уведзены. Ён быў прыняты Канвентам толькі 5 кастрычніка 1793 года.
Марат не спускаў вачэй з Сімурдэна, пакуль той чытаў, затым ціха прамармытаў, нібы гаворачы сам з сабой:
— Яшчэ не ўсё зроблена. Усё гэта трэба будзе пацвердзіць дэкрэтам Канвента або асобнай пастановай Камітэта грамадскага ратавання.
Робесп'ер казаў далей:
— Нельга траціць ні мінуты. Заўтра вы атрымаеце афіцыйную паперу з подпісам усіх членаў Камітэта грамадскага ратавання. А гэтая паперка будзе служыць пацверджаннем вашага назначэння для дэпутатаў, якія знаходзяцца пры арміі. Ваша асоба нам вядома. Мы вам даем неабмежаваныя паўнамоцтвы. Вы можаце зрабіць Говэна генералам або адправіць яго на эшафот. Загад аб вашым назначэнні вы атрымаеце заўтра ў тры гадзіны. Калі вы выедзеце?
— Заўтра ў чатыры, — адказаў Сімурдэн.
- ↑ Робесп'ер, Максімільян (1758–1794) — выдатны дзеяч Вялікай буржуазнай фраяцузскай рэволюцыі. Правадыр якабінцаў. (У Канвенце якабінцы ўваходзілі ў склад Гары — рэволюцыйнай партыі дробнай буржуазіі.) Узначальваў рэволюцыйны ўрад (1793-1794). Праводзіў бязлітасны тэрор супроць ворагаў Рэспублікі. 27 ліпеня 1794 года (9 тэрмідора), калі ўладу захапілі правыя групы Канвента, Робесп'ер быў пакараны смерцю.
- ↑ Дантон, Жорж-Жак (1759–1794) — вядомы дзеяч буржуазнай французскай рэволюцыі, выдатны прамоўца. У Канвенце Дантон кіраваў правым крылом Гары. Ён быў за прымірэнне з Жырондай — партыяй буйнай буржуазіі, супроць далейшага развіцця рэволюцыі і тэрора. Абвінавачан у змове і пакараны смерцю 5 красавіка 1794 года. Пазней даведаліся, што Дантон дапамагаў каралю і быў у яго на пенсіі.
- ↑ Марат, Жан-Поль (1743–1793) — папулярны правадыр рэволюцыйнай дробнай буржуазіі. Выдаваў газету „Друг народу“. У Канвенце Марат стаяў на чале найбольш рэволюцыйнай часткі Гары і заўсёды змагаўся супроць Жыронды. Марат быў прыхільмкам тэрора, пагрозаю контррэволюцыі. 1 ліпеня 1793 года арыстакратка Шарлота Кардэ закалола яго кінжалам, за што была пакарана смерцю.
- ↑ Чырвоныя мундзіры насіла англійская армія.
- ↑ Мантан'яры, або Гара — крайняя левая рэволюцыйная партыя ў Канвенце, прадстаўляе дробную і сярэднюю буржуазію. Яе назва паходзіць ад верхніх месц, пад столлю, якія займалі ў зале яе дэпутаты.
- ↑ Канвент стварыў два вышэйшыя ўрадавыя органы. Камітэт грамадскага ратавання і Камітэт грамадскай бяёпекі, якія адыгралі вялікую ролю ў год якабінскай дыктатуры. Камітэт грамадакага ратавання ўзначальваў усе палітычныя, ваенныя і эканамічныя справы Рэспублікі. Камітэт грамадскай бяспекі кіраваў мерапрыемствамі па ахове грамадскага спакою і меў права арыштоўваць ворагаў Рэспублікі.