Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня (1935)/I
| ← Прадмова | I. Уступныя ўвагі Публіцыстыка Аўтар: Адам Станкевіч 1935 год |
II. Беларускі народ жыў, жыве і жыць будзе → |
I
Уступныя ўвагі.
Кожны народ мае свае вялікія ідэалы, да якіх бязупынна імкнецца, аб якіх сьніць салодкія сны і якім часта пасьвячае ўсё жыцьцё сваё.
Для паасобнага чалавека, у прыродным парадку жыцьця яго, найвялікшым ідэалам зьяўляецца жаданьне шчасьліва ўладзіць сваё жыцьцё і як найдаўжэй затрымаць яго.
Кожны народ, як грамадзкая і сьведамая сваей грамадзкасьці адзінка, так-жа імкнецца да магчыма найбольш памыснага і найбольш трывалага жыцьця. Ідэал гэткі ў кожнага сьведамага народу звычайна выяўляецца ў вольным, самастойным, незалежным жыцьці яго. Палітычная незалежнасьць і грамадзка-эканамічная самастойнасьць — гэта абавязкавыя варункі памыснасьці і поўнага развою кожнага народу.
Беларускі народ, падлягаючы няўхільным законам жыцьця і яго лёгіцы, а таксама ідучы за прыкладам іншых народаў, 25.III.1918 праз лепшых сваіх сыноў усяму сьвету заявіў аб сваіх правох на палітычную незалежнасьць і аб сваей няўхільнай да гэтага волі.
Але ніякія вялікія ідэалы, вялікія думкі, як у адзінак, так і ў народаў звычайна ня родзяцца з нічога і раптоўна. У жыцьці духовым звычайна бывае так, як і ў жыцьці арганічным. Сьпярша паяўляюцца зародкі, якія паволі рястуць і разьвіваюцца, а ўрэшце дасьпяваюць і даюць пажаданы плод.
Ад гэтага закону жыцьця ня быў вольны і беларускі акт 25.III.18. Акт гэты, як у некатарай меры свайго роду дасьпелы плод беларускай народна-палітычнай думкі, папяраджала праца многіх людзей для дабра беларускага народу і розныя — большага і меншага значэньня — гістарычныя здарэньні і падзеі; а ўжо з гэных здарэньняў і падзеяў урэшце вырас і паявіўся ідэал незалежнасьці беларускага народу, выяўлены актам 25.III.18.
Такімі між іншым прадвесьнікамі акту 25.III. былі: Кастусь Каліноўскі з сваім часапісам „Mužyckaja Prauda“ і з іншымі сваімі друкамі, а так-жа часапіс „Гомон“ з тымі людзьмі, што яе пісалі і пускалі ў беларускі народ.
Тым больш дарэчы ўспомніць аб гэтых вясьняных зорках беларускай вызвольна-палітычнай думкі сёлета, калі ў сакавіку месяцы мінула 70 гадоў (1864) ад сьмяротнай казьні Кастуся Каліноўскага на Лукіскім пляцы ў Вільні, а ў лістападзе прыпадаюць 50-тыя ўгодкі (1884) другога нумару часапісу „Гомон“.
Сёлета такім чынам прыпадае двайны юбілей, які сваім зьместам у беларускай вызвольнай думцы зьяўляецца нечым адным і суцэльным. І „Mužyckaja Prauda“ з Каліноўскім і „Гомон“ з Грынявіцкім сваім ідэйным папярэднікам — гэта зародкі, з якіх вырасла буйнае зярнё 25.III.1918, з каторага ў свой чарод разьвіваецца плод, якому імя незалежны і шчасьлівы Беларускі народ.
Вось-жа хоць агульна прыпомніць і падчыркнуць гэныя галоўныя здарэньні ў беларускай палітычна вызвольнай гісторыі, а так-жа й тое, што з імі так ці йнакш зьвязана, — галоўная мэта гэтых нарысаў, якія пасьвячаюцца беларускай Моладзі, бо-ж маладымі згінулі за народ і Каліноўскі і Грынявіцкі, маладыя пісалі „Гомон“ і шырылі яго ў народзе, маладыя павядуць далейшую барацьбу за поўнае вызваленьне беларускага народу.