Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня (1935)/II
| ← I. Уступныя ўвагі | II. Беларускі народ жыў, жыве і жыць будзе Гістарычная праца Аўтар: Адам Станкевіч 1935 год |
III. Палітычна-вызвольныя ідэі ў Эўропе XIX ст. і Беларусь → |
II.
Беларускі народ жыў, жыве і жыць будзе.
Сяньня яшчэ часта можна пачуць галасы аб тым, што ніякай Беларусі, ніякага беларускага народу ніколі ня было, а з нічога, як ведама, нічога і быць ня можа. Тымчасам пагляд гэткі, як сяньня ўжо дастатачна выказала навука, цалком фальшывы і, як гэткі, з праўдай ня мае нічога супольнага.
Кожны паасобны чалавек, як ведаем, перажывае розныя пэрыяды свайго разьвіцьця. Сьпярша жыве ён толькі ў зародку, пасьля перажывае час дзяцінства, пазьней час моладасьці, тады час дасьпеласьці і ўрэшце старасьці, а так-жа час здароўя і хворасьці. Гэтулькі перажывае рознага жыцьця адзін і той самы чалавек.
Нешта падобнае дзеецца і з народам. І народ кожны пачынаецца ад якога пляменнага зародку, перажывае час свайго дзяцінства, моладасьці, дасьпеласьці, старасьці, занепаду і адраджэньня. Розьніца між паасобным чалавекам і народам толькі тая, што народ, не памёршы ў першых пэрыядах свайго разьвіцьця, звычайна астаецца доўга, доўга жыць. Дзеля гэтага іменна і кажуць, што народы быццам ня ўміраюць, хоць фактычна ўміраюць і яны, як і кожны паасобны чалавек.
З гісторыі чалавецтва бачым, што народы імкнуцца звычайна да дзяржаўнага жыцьця і што гэта дзяржаўнае жыцьцё яны твораць на асновах розных грамадзкіх вартасьцяў, якія часта зьяўляліся вартасьцямі адначасна для многіх народаў. Такімі грамадзкімі вартасьцямі даўней былі: пляменнае пачуцьцё сваяцкасьці, а пазьней рэлігія і дынастыя (род пануючых валадароў). Бывала так-жа асновай для дзяржаўнасьці — часта нават розных народаў — супольная тэрыторыя, гісторыя, прыродныя граніцы якога краю, заваяваньне, патрэба палітычнай роўнавагі.
Клясычным прыкладам, як можна будаваць дзяржаву з розных нават народаў на асновах напр. рэлігіі і дынастыі — каб ня вылічаць іншых асноў — служыць старадаўная і сярэднявечная гісторыя раманскіх народаў Заходняй Эўропы. Рым заваяваным розным народам накінуў сваю старую, лацінскую мову, як мову культуры і дзяржавы, а Касьцёл Каталіцкі аказаў сябе, як установу наддзяржаўную. У рамах гэтай касьцельнай наддзяржаўнасьці розныя валадары пануючага дому гаспадарылі ў сваей дзяржаве, як цяпер напрыклад гаспадарыць селянін на сваей гаспадарцы: яны дзялілі сваю дзяржаву між сыноў, аддавалі часьць дзяржавы, як пасаг сваім дочкам і г. д. І ад гэткай дзяржаўнай гаспадаркі вялікай бяды дзяржаве ня дзеелася, бо ўсюды аставаўся той-жа наддзяржаўны Касьцёл, тая-ж лацінская мова і нават тыя-ж самыя людзі на дзяржаўных становішчах.
Нешта падобнае ў гісторыі дзеелася і з беларускім краем і з беларускім народам.
Народ гэты, стварыўшыся з трох сваяцкіх плямёнаў: крывічоў, радзімічоў і дрыгвічоў[1], ужо ў IX-XIII ст., жыў сваім самастойным дзяржаўным жыцьцём і з аружжам у руках бараніў сваю гэтую самастойнасьць сьпярша ад князёў кіеўскіх (украінскіх), а пасьля і літоўскіх. Палітычным цэнтрам беларускага народу быў тады Полацак, а полацкія князі і агулам мясцовыя князі роданачальнікі былі гэтага народу нацыянальнымі павадырамі. Народ беларускі ўжо тады чуў сваю асобнасьць ад народаў суседніх — украінцаў[2] і літоўцаў, — з якімі біўся за свае землі і ад якіх бараніўся, але вонкавым знакам, як-бы меркай гэтай асобнасьці, было не пачуцьцё нацыянальнае ў сяньнешнім разуменьні, а мяйсцовыя князі і ягоныя роды, якія стаялі на чале народу і пры помачы народнага веча кіравалі, ці вярней, спаўнялі волю гэнага веча. Гэты вечавы дэмократычны лад на беларускіх землях не пазваляў дзеіць на некарысьць народу так-жа і князём паходжаньня не мясцовага, а чужацкага. Вонкавым такім чынам паказальнікам жыхаром беларускай зямлі, што яны між сабой родныя, што яны сваякі, служыла дынастыя агулам мясцовых князёў, а прадусім полацкіх. Гэта-ж дынастыя, апрача пачуцьця пляменнага сваяцтва і супольных інтарэсаў эканамічных, у той пэрыяд беларускай гісторыі і была тым галоўным грамадзкім злучвом, якое спрыяла далейшаму разьвіцьцю пачуцьця сваяцкасьці між жыхарамі беларускай зямлі, а так-жа была яна тэй грамадзкай асновай, на якой будавалася беларуская дзяржаўнасьць, сьпярша на землях Полаччыны, а пазьней на ўсіх землях сяньнешняй Беларусі.
Праўда, яшчэ ў гэтым пэрыядзе беларускай гісторыі народ наш і наш край не завецца беларускім, а пераважна крывіцкім, але назова не зьмяняе справы. Беларусы зваліся Крывічамі, бо гэта было найвялікшае племя, з якога паўстаў цяперашні беларускі народ. Адзінства беларускай культуры „у пісаных помніках, у малярстве, будаўніцтве і грамадзкім укладзе праяўляецца на ўсім абшары ад Новагорадка Наднёманскага да Новагорадка Северскага і Вялікага Ноўгараду — тудѣ живяху Крывічы — як выражаецца летапісец“[3].
Далей аднак аставацца незалежным і самастойна кіраваць сваей дзяржавай на ўсіх сваіх землях беларускаму народу не удалося. У XIII і XIV ст. нямала было прычын, якія дамагаліся ад Беларусаў аб‘яднаньня іх з Літвой. З усіх бакоў пачалі напіраць на беларускія землі ворагі. З паўдня ішла руіна і няволя ад татараў, з поўначы і захаду націскалі нямецкія рыцары, палонячы і сілай хрысьцячы Беларусаў паводле лацінскага абраду. У палове ХІV ст. стала так-жа напіраць на Беларусь і маладое каралеўства польскае, якое толькі што паўстала з развалін удзельнай эпохі. А ўзноў з усходу пашлі крыўды і зніштажэньні ад усьцяж магутнеючага Княства Маскоўскага. Пры гэткіх варунках, рэч ясная, што новапаўстаўшаму Вялікаму Княству Літоўскаму было лёгка стацца палітычным цэнтрам, да якога сталі хінуцца беларускія землі, тым больш, што ад самага пачатку свайго існаваньня яно было ня проста літоўскім, а літоўска-беларускім[4].
Гісторыя, знача, так пакіравала лёсам беларускага народу, што ён быў змушаны злучыць свой лёс з Літвой, з якой разам збудаваў супольную беларуска-літоўскую дзяржаву, што пратрывала ад XIII да паловы XVI ст., да Люблінскай уніі з Польшчай.
У гэтым пэрыядзе, калі, як кажа Карскі[5], беларускія плямёны аканчальна зьліліся ў адзін беларускі народ і калі мова яго аканчальна злажылася і выдзелілася ў мову самабытную беларускую як кажа, той-жа Карскі[6], народ і край наш ужо суседзі нашы называлі беларускім, а ён сам хутчэй сябе зваў літоўскім з прычын палітычных. У гэтым пэрыядзе народ беларускі далей разьвіваў сваю нацыю і будаваў сваю дзяржаўнасьць, але ўжо на іншых, на новых грамадзкіх вартасьцях, на новых асновах. А рабіў ён гэта дужа мудра і арыгінальна.
Дынастыя беларускіх князёў, родных павадыроў беларускага народу, калі ня выгасла, дык так расьцярушылася, што ўжо ня здольнай была лучыць у цэласьць і бараніць яго. Бязсільным тут ужо было і народнае веча. Вось-жа на зьмену гэнай дынастыі роднай прыходзе чужая, прыходзе дынастыя літоўскіх князёў. Народ наш — дабравольна ці не, — але годзіцца з ёй і даручае ёй свой палітычны лёс, пакідаючы аднак свайму кіраўніцтву справу культуры і справу свайго ўнутрана-грамадзкага ладу. Вышла так, што палітыку тварылі прадусім літоўцы, а культуру — беларусы. З гэткага даволі рэдкага ў гісторыі супрацоўніцтва двух народаў паўстала слаўная ў гісторыі літоўска-беларуская дзяржава, у якой, калі ня лічыць меншых уплываў украінскіх, сапраўды панавала беларуская мова і беларуская культура. Дык хоць падзяліўся ролямі наш народ з літоўскім у гэтым пэрыядзе свайго палітычна-грамадзкага жыцьця, але бадай ні ў чым ня зьменшыў і ня прыцьміў сваей нацыянальнай сілы, а наадварот — зрабіў ён праз гэта вялікі шаг уперад у сваім гістарычным разьвіцьці.
У першым пэрыядзе нашай гісторыі Беларусь была там, дзе панавалі беларускія князі і іх роды, а ў гэтым, там, дзе разьлягалася беларуская граматнасьць, беларускае пісьменства.
Пасьля гэтага сьветлага літ.-бел. пэрыяду беларускаму народу прышоў час упадку, час занепаду і палітычна дзяржаўнага і культурнага. Быў гэта час, калі народ гэты пасьля Люблінскай уніі (1569) апынуўся пад Польшчай, ужо не як палітычна самастойны, але як яе падданы, а пасьля разьдзелу Польшчы (канец XVIII ст.) апынуўся ён у такім-жа палажэньні пад Расеяй. Аднак народ наш і тут жыў так-жа вартасьцяй грамадзкай, якая яму прыпамінала яго нацыянальную асобнасьць — ягоную няпольскасьць і нерасейскасьць. Гэтай вартасьцяй, гэтым народным ідэалам была рэлігія і Царква. Праўда, рэлігійным наш народ быў заўсёды, заўсёды ён цаніў рэлігію высока, тварыў заўсёды рэлігійную культуру: пісьменства, малярства, архітэктуру і г.д., але на гэтую справу асаблівую зьвярнуў ён увагу ў пару свайго занепаду, у пару сваей палітычна-грамадзкай няволі.
Калі народ наш пачуў нязвычайны націск на сябе з боку Польшчы, калі пабачыў, што можа згінуць, асаблівую ўвагу ў сваім жыцьці грамадзкім зьвярнуў ён на рэлігію, бо ён ведаў, што баронячы рэлігію і Царкву, бароніць нацыю, бароніць народ. І сапраўды — у XVII і XVIII ст. толькі рэлігія была тэй грамадзкай вартасьцяй, якая зьберагала беларускую нацыю і тварыла беларускую культуру, як азнаку жыцьця народу. Вось чаму беларусы часта так сапраўды гэроічна бароліся з рэлігійнай уніяй, слушна бачачы ў ёй наступ польшчыны, а пасьля, калі з уніяй зжыліся і ў значнай меры не дапусьцілі да яе поўнага злаціншчаньня і спольшчаньня, калі унія была ўжо знакам, які розьніў беларуса як ад польскага каталіцтва, так і ад маскоўскага праваслаўя, калі унія сталася адзінай апорай бел. культурнай асобнасьці, адзінай апорай беларускай нацыі, — беларусы яе так-жа гэроічна баранілі проціў наступу маскоўскіх цароў, што сягалі па душу яго пры помачы верных слуг сваіх здрадзіўшых унію епіскапаў Сямашкі, Лужынскага і Зубкі.
Цікава так-жа адзначыць, што ў гэтым часе беларускі народ зваў сябе пераважна тутэйшым, рэзка гэтым аддзяляючыся ад напіраючай на сябе чужой, ня тутэйшай Польшчы і Расеі.
Розна, як бачым, жыў у гісторыі беларускі народ, але жыў заўсёды, будуючы сваю дзяржаўнасьць, творачы свой грамадзкі лад і сваю культуру і гэтым разьвіваючы сваю нацыянальнасьць.
Але даўней, як бачым, як народ беларускі, так-жа і іншыя народы, жылі інакшымі ідэаламі, як сяньня. Сяньня кожны народ імкнецца да еднасьці і непадзельнасьці сябе, да пераламаньня граніц дзяржавы, якая дзеліць народ і ўрэшце імкнецца да поўнай самадзельнасьці палітычнай. Даўней тварыліся дзяржавы зложаныя часта з розных народаў на асновах, на якіх сяньня ўжо дзяржавы ня будуюцца. Сяньня ўсе дзяржавы ў Эўропе аснаваны прадусім на нацыянальнасьці, гэта знача, што кожная нацыя, кожны народ сам сабе будуе дзяржаўнае жыцьцё, творыць сваю ўласную нацыянальную культуру і жыве сваім уласным самастойным жыцьцём. Гэткія ідэалы мае сяньня і народ беларускі і імкнецца да таго, каб яны сталіся чынам.
І так, калі народ беларускі быў пад Масквой, калі многія яго ўважалі за нябошчыка, калі на пацеху сваім ворагам, пад гнётам доўгай няволі губячы свой нацыянальны воблік, пачынаў называць сябе „польскай“ і „рускай“ веры, тады пачалося яго адраджэньне, пачалося прабуджэньне да новага жыцьця, тады прышла і да яго зорка, зьвяшчаючая яму ідэалы жыцьця нацыянальнага ў сучасным разуменьні гэтага слова.
Праўда, у гэтым сваім сучасным імкненьні да вольнага нацыянальнага і соцыяльнага жыцьця і да эканамічнага дабрабыту, народ беларускі напаткаў вялікую перашкоду з боку маскоўскага комунізму, які сілай ломячы ўсебаковае беларускае нацыянальнае адраджэньне, творыць з беларусаў казённых парабкоў-пролетараў без сваей гаспадаркі, без сваей бацькаўшчыны і бяз уласнай волі. Аднак можна цьвердзіць напэўна, што маскоўскі комуністычны прасьлед нацыянальнага адраджэньня беларускага народу і яго волі да дзяржаўнай незалежнасьці можа гэтае адраджэньне і волю часова прыпыніць і нават скрывіць, але цалком здушыць ня зможа. Нацыянальнае пачуцьцё, як грамадзкую вартасьць сучаснай цывілізацыі і поступу, народ беларускі мусіць перажыць для ўласнага свайго дабра, каб ні чыім не аставацца парабкам. А сучасны прасьлед Масквой беларускай нацыі ў апошнім сваім выніку справу поўнага адраджэньня і вызваленьня гэтай нацыі толькі прысьпяшыць і больш скрысталізуе.
Цікава пры гэтым урэшце адзначыць, што як поўны занепад беларускага народу прышоў у пач. XVII ст. з поўным пераходам асьвечаных шляхоцкіх клясаў у польскасьць, са здрадай народу, так адраджэньне прышло з паваротам да народу ад людзей з тых-жа шляхоцкіх клясаў, праўда, ужо абяднеўшых і збліжаных да народу. І сапраўды, справа палітычнай і грамадзкай самастойнасьці нашага краю і справа самастойнасьці культурнай народаў гэтага краю замёрла разам з Вялікім Львом Сапегай (†1633), але замёрла часова; прашло 230 гадоў і гэтую справу ўскрасіў Кастусь Каліноўскі і павіс за яе на шыбеніцы. Ён сапраўды ўскрасіў дзяржаўніцкую фэдэрацыйную ідэю зямель Вялікага Княства Літоўскага, — якім яно фактычна было яшчэ пасьля Люблінскае уніі за часаў Льва Сапегі, — але ён ужо прадусім зварочваў увагу сваю на народ беларускі і — можа нават нясьведама зачаў такім чынам у яго разьвіцьці эру змаганьня за поўную палітычную незалежнасьць Беларусі.
У пятнаццаць якіх гадоў па сьмерці Каліноўскага, падобныя-ж беларускія палітычныя ідэалы разьвіваў Ігнат Грыневіцкі, вышаўшы, здаецца, так-жа з абяднелай і спольшчанай беларускай шляхты — і ўрэшце людзі, якія выдавалі для пашыраньня гэных ідэалаў адумысловую часопісь „Гоман“.
- ↑ „Крывічы, былі прабацькамі цяперашніх беларусов… У найбліжэйшым з імі сваяцтве знаходзіліся Дрыгвічы, якія жылі паміж Прыпяцьцю і Бярэзінай. У цесным сваяцтве з Крывічамі былі Радзімічы, якія жылі па Сожы“. (Проф. М. Любавскій — Основные моменты исторіи Бѣлоруссіи“ — Москва 1918, бач. 8).
- ↑ „…Эта политика была не случайностью, не результатом какой-либо фамилійной вражды въ нѣдрахъ княжескаго рода, а диктовалась какими-то факторами стоявшими внѣ личной воли князей и ихъ дружинъ. Мнѣ представляется, что причины этого сепаратизма коренились въ настроеніи самаго населенія Полоцкой земли, въ свою очередь созданнаго географическими условіями“. (Любавскій, там-жа бач. 11).
- ↑ В. Ластоўскі — Гісторыя Беларускай (крыўскай) Кнігі, Коўна 1926, бач. VII.
- ↑ Проф. М. Любавскій — Очерк исторіи Литовско-Русскаго Государства, Москва 1910, бач. 33.
- ↑ Е. Карскій — Бѣлоруссы 1, Вильно 1904 бач. 111—112.
- ↑ Е. Карскій, там-жа, бач. 114—117.