Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня (1935)/Прадмова
Прадмова Публіцыстыка Аўтар: Адам Станкевіч 1935 год |
I. Уступныя ўвагі → |
ПРАДМОВА
Урэшце, пасьля двух гадоў друкаваньня ў «Шляху Моладзі», кніжка «Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня» выходзіць у сьвет.
Гэтая тэма даўно мяне цікавіла і напрашалася пад пяро. Адсутнасьць, аднак, магчымасьцяў выдаць працу друкам устрымоўвала мяне ад пісаньня.
Урэшце, з нагоды 70-годзьдзя сьмерці Кастуся Каліноўскага і 50-годзьдзя «Гомона», надарылася магчымасьць друкаваць задуманую працу ў месячніку «Шлях Моладзі», рэдакцыя якога гасьцінна запрапанавала мне свае бачыны.
Дзеля таго, аднак, што разьмер гэтага часопіса невялікі і выходзіць ён толькі раз у месяц, прыйшлося з гэтым рахавацца і адпаведна да гэтага агранічыць і разьмер працы.
Такім чынам, у сваёй працы я агранічыўся выключна толькі да выказаньня галоўных момантаў з гісторыі беларускай палітычна-вызвольнай думкі і барацьбы, а таксама да выказаньня генезы, вытокаў ідэі сувэрэннай, незалежнай Беларусі і да агульнага апісаньня спробаў зьдзяйсьненьня гэтага ідэалу.
У дробязі, у розныя беларускія палітычныя кірункі, апрача галоўных, у працы сваёй я не ўдаваўся. Увесь час меў на воку выключна гэту асноўную думку. І гэтак сьціснутая і агранічаная мая праца гасьціла на бачынах «Шляху Моладзі» аж два гады.
Кніжка «Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня» ёсьць агульным нарысам, якая беламаскальскім гісторыкам можа паслужыць матэрыялам і плянам да апрацаваньня поўнай беларускай вызвольна-палітычнай гісторыі.
Спадзяюся, што мая гэта кніжка будзе таксама карыснай і для штодзённага практычнага ідэёвага беларускага жыцьця: для моладзі, для прэсы, для інтэлігенцыі, для прасьветных арганізацыяў. Перадусім жа скромную гэту працу сваю пасьвячаю Беларускай Моладзі на знак удзячнасьці за гасьціннасьць у яе органе «Шлях Моладзі».
Ад. Ст.
1.XI.1935.
Вільня.