Да Пятра зязюленька…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Да Пятра зязюленька...
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
Крыніца: http://old.knihi.com/bk/zylka/zylka1.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




 * * *

Да Пятра зязюленька
Ў лесе кукавала;
Да шлюбу Гануленька
Весела спявала.

Ды гуляла, цешылась,
Не хапала ночы,
Ой, вячоркі-веселасць,
Ой, гады дзявочы!

Мінула зязюленькі
Ў лузе жыраванне.
Сцішала Гануленькі
Пры бацьках спяванне;

Не цвіці ты, зеллейка -
Рута-мята ў садзе;
Ўбралі Ганну ў беллейка,
Садзяць на пасадзе.

- Ой, каханы татачка,
Нашто ж рыеш яму -
Выдаеш дзіцятачка
За нялюба замуж?

- Ой, матуля родная,
Чым табе не міла,
Ці была нягодная,
Ці не дагадзіла?

Чула сэрца чулае,
Не паможаш просьбай...
Выдаюць патулае
Татка з мамкай грозьбай.

Пойдзе кветка польная
Ў свет чужы за светы
Праклінаць бяздольныя
Маладыя леты.

(1923)