Да Персі Шэлі
Да Персі Шэлі Верш Аўтар: Уладзімір Жылка 1923—1925 Крыніца: http://library.by/portalus/modules/belpoetry/readme.php?subaction=showfull&id=1096123292&archive=&start_from=&ucat=13& |
I
Сваё жыццё паклаў на шалі,
А будучыня — цёмны лес.
Згадаўся думцы кволы Шэлі,
Ягоны светласпеўны лёс…
Іду няроўным, хібкім крокам,
За мной пануры іншых рад,
І боль на сэрцы крука крыкам,
І фарбіць горкім смехам рот.
Пажарам спаленыя далі,
І над мінулым чадны дым…
Хто ж верыць шчэ кахання долі?
Хто ж захаваў з нас яснасць дум?
Яго ж праз век нязменны белі,
Ён для народаў ясны сон.
І я ім палагоджваў болі,
Я — год жахліва-шалых сын…
Дзіцяча-мудры, кволы Шэлі,
Дажджом блакіту сэрца злі,
Майго жыцця гайдае шалі,
Рагочучы і мсціва-злы.
II
Як магло бы дзяўчо без люстэрка
Кволых вёснаў пазнаць хараство?
Што было б к параўнанню ёй мерка
І прыбрацца было б якаво?
Ці Нарцыс2 ганарыўся б з уроды,
Ці дазнаўся б ўладарства свайго,
Каб не светлыя ціхія воды,
Што адбілі ў глыбінях яго?
І струна, каб не роднае рэха,
Каб не гэты ўзрушаючы гук,
Ці дрыжала б салодкай уцехай,
Ці гаіла б нястрыманасць мук?
І ад багны, ад рудага зрэб’я
Ці лілея б цягнулася ўвыш,
Каб не сонца прыветнае ў небе,
Не святло яго ў зяблую ціш?
І куды б мае думкі ляцелі,
І над ставам схілялісь якім?
Што пазнаў бы ў нябесным касцеле,
Каб не ўверыўся песням тваім?
О, чароўнасць! О, сонца! О, Шэлі!
О, ні з кім не зраўнаны, ні з кім!
(1923—1925)