Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі/Уступ
← Прадмова | Уступ Літаратуразнаўчая праца Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1926 год |
Канец X-га і XI-е стагодзьдзе → |
ЎСТУП.
… „а Словѣни (маюць княжэньне) свое Новѣгородѣ, а другое на Полотѣ, иже Полочане, оть нихь же Кривичи иже сѣдять на верхъ Волги, и на верхъ Днѣпра, ихже град Смоленскъ, [град сей оть нихь созданъ (Пераясл. сп.)]: тудѣ бо сѣдять Кривичи; таже Сѣверъ оть нихъ".
… „а по Двинѣ (шляхъ) въ Варяги, а изъ Варягъ до Рима, отъ Рима же и до племени Хамова".
Пачатны Летапіс, сьпіскі: Лаўрэнціеўскі, Іпаціеўскі, Ніконаўскі, Васкрэсенскі, Тверскі, СофійскіІ, Ноўгародзкі і Львоўскі.
Славяне і племя Крывічоў. Першапачатковая калыбка славянаў, адкуль яны разыходзіліся ў розныя старонкі, знаходзілася паміж сярэднім Дняпром, Прыпяцьцю і Карпацкімі горамі (Niderle „Slovanske starožytnosti”, 1902). Валва перасяленьня народаў адрывала часьці славянскага племя і адціскала іх на Захад і Поўдзень. Гэткім чынам, з адзінага славянскага племя, з бегам часу, утварыліся тры групы Славянаў: заходная, (Палякі, Кашубы, Лужычане, Чэхі і Славакі), палуднёвая (Баўгары, Сэрбы, Харваты, Словінцы), ўсходная (Крывічы і Паляне) з іх аднаплемнымі галінамі.
Крывічы, самае большае і сільнейшае усходна-славянскае племя, яшчэ ў дагістарычныя часы аб’ядналіся ў дзяржаўна-палітычную адзінку з галоўным цэнтрам сьпярша ў Тураве, а пазьней у Смаленску, ў землях якога зыходзяць вярхі чатырох вялікшых рэк скіраваных на ўсход, поўдзень, захад і поўнач (Волгі, Дняпра, Дзьвіны і Волхава). Па гэтых рэках, ад вярхоў у нізы, і ішло разсяленьне Крывічоў. Найдаўнейшай калёніей Крывічоў быў Ізборск, другой зчароду крыўскай калёніяй быў Полацак, які ляжыць на сярэдняй Дзьвіне і трэйцяй — гор. Дрогічын у вярхох Прыпяці, над Бугам. Калі крыўскія выселкі на поўначы і захадзе абмацаваліся і размножыліся, — яны выдзеліліся ў асобныя, провінціянальныя цэнтры[1].
К ІХ стагодзьдзю па Нар. Хр. Крывічы займалі: ўсё парэчча Прыпяці з галоўнымі гарадамі Туравам і Дрогічынам, верхняе і сярэдняе парэчча Дзьвіны з гарадамі Усьвятам і Полацкам, вярхоўкі Волгі і абшар ад верху да сярэдняй часьці Дняпра з гор. Смаленскам і Любечам, парэччы — Волхава і Вялікай з гарадамі Ноўгарадам і Псковам.
Займаючы такі грамадны абшар, Крывічы сяліліся і на балотах (дрыгве), і ў лясох (дрэвах), і на горках, дзе яны былі, згэтуль па мейсцу разсяленьня свайго Крывічы, якія займалі дрыгвістае Палесьсе, называны былі Дрыгвічамі, каторыя жылі ў лясох, па Бярэзіне і Дняпру, называліся Дрэўлянамі, а Смаленцы, Палачане і Ноўгародцы атрымалі назовы ад галоўных гарадоў сваіх. Акром гэтага, адна галіна крыўскага племя была сарганізавана ў дзяржаву славянскімі прыходцамі з захаду, з Балтыцкага паморья, якія знаходзіліся пад кіравецтвам двох старшын сваіх — Радзіма і Вяткі.
Зтуль, пазьней гэта галіна слыла пад назовам Радзімічоў і Вяцьчоў. Што гэта было адзінае племя, раскінутае на вялікіх адлегласьцях, найлепш сьведчыць аднолькавасць мовы, якая і сягоньня чуваць на гэтых абшарах, акром Ноўгарада, Пскова і Любеча, якія, падпаўшы пад чужыя ўплывы, ў значнай меры зацерлі ў сабе крыўскія азнакі.
Крывічы, Готы і Русь. Усе немаль, істнуючыя дацяпер, вялікія эўропэйскія дзяржавы былі сарганізаваны Готамі — племем, з якога паўстаў нямецкі народ. Разсяляючыся з І-га стагодзьдзя па Нараджэньню Хрыста да IV–V стагодзьдзя, яны ў гэтым часе заснавалі некалькі дзяржаў: Остгоцкае ў Італіі, Франкскае ў межах цяперашняй Франціі, Англасаксонскае ў цяперашняй Англіі, а каля ІХ ст. з Франкскай дзяржавы выдзялілася дзяржава Нямецкая.
Крывічы з Готамі саткнуліся не пазьней VIII стагодзьзя, як аб гэтым сьведчаць знаходкі манэт па Дзьвіне і Волзе, а такжа па Нёману і Прыпяці. У гэтым часе ў нізах Волгі, каля цяперашняй Астрахані, было багатае і сільнае Баўгарскае царства, а ў парэччы Дону — Хазарскае. Для абмену тавараў з гэтымі царствамі і праязджалі Варагі ў нашу зямлю ў VIII—ІХ стагодзьдзях. Тарговы шлях з Захаду на Усход — па Дзьвіне і Волзе — належыць да найстарэйшых і адносіцца да Гоцкіх часаў[2].
Гэтыя гоцкія купцы, побач з таргоўляй, як ўсе тагачасныя купцы, займаліся па дарозе такжа грабежніцтвам, а ў асобных здарэньнях, часам, падбівалі некаторыя плямёны, якія трапляліся ім па дарозе, і засновывалі на іх зямлях дзяржавы. Такое панаваньне Готаў у нас, паводле ўсякай праўдападобіцы, істнавала да ІХ ст., але на пачатку ІХ ст., пры невядомых нам варунках, Готы былі прагнаны з краю. Ці ўсе — нет ведама. Здаецца, што ў парэччы Дзьвіны і Нёмана асталіся князі старага паходжаньня. Выгнаўшы ад сябе чужую ўладу, славяне аднак няздолелі сарганізавацца, бо рожныя розбойніча-купецкія шайкі не давалі ім спакою. Дзеля гэтага Ноўгародзкія і Пскоўскія Крывічы, на якіх найбольш націскалі выхадцы з поўначы, пастанавілі прыняць ізноў адну з такіх вайскова-купецкіх шаек, для абароны ад іхніх пабратымаў. Зьвярнуліся яны з гэтым да нормандзкага, ці як у нас іх называлі, варажскага, або русскага[3] князька. Гэта быў Рурык. Рурык згодзіўся, прыняць на сябе абарону і прыйшоў да Ноўгародцаў з дружынай. Але Варагам, якія прывыклі да разбойнага разгулу, не спадабалася жыцьцё ў народапраўным Ноўгарадзе, дзе ўсімі справамі кіравала веча. І вось, часьць дружыны, пад кіравецтвам аднаго са старшых дружыннікаў Алега (Гельга), аддзялілася ад Рурыка і пайшла на поўдзень, шукаючы сабе больш свабоднага прыпынку. Смаленска асьцярожны Алег не чапіў, бо горад быў добра баронены і людны: „зане бѣ градъ великъ и многолюденъ“… але спусьціўшыся ўніз Дняпром, убачыў слаба боронены гарадок Кіяў; Алег тут спыніўся, пабіў мясцовых князёў і сам апавесьціў сябе князям над славянскім, не надта сільным, як з гэтага відаць, племем Палянаў.
Весьць аб заснаваньні на ўсходзе вольнай нямецкай дзяржавы хутка абляцела землі паўночна-нямецкіх плямён і ўсякая тамэчная вольніца пачала сабірацца каля новага князя. Алег, пасьля першай удачы, задумаў яшчэ большую справу: напасьці на багатую сталіцу Грэціі Візанцію. Набраўшы даволі людзей ён рушыў ў паход. Паход удаўся. Фантастычныя басьні аб гэтым паходзе і карысьцях з яго, ізноў зварухнулі Норманаў і адтуль хлынула новая хваля вольніцы. Паходы на Візанцію не заўсёды бывалі удачны, асабліва пры наступніках Алега, але заваяваньне усходна-славянскіх плямён, давала няўпынную зручнасьць да грабяжа і да выбіраньня з паняволеных даніны. Гэта разьвіло такую энэргію ў Варагаў-Русі, што, да палавіны Х стагодзьдзя, яны запанавалі ад Ноўгарада да Карпатаў і ад Дрогічына да Дону. Усе гэты заваяваньні рабіліся ад імені Русі і кождую заваяваную зямлю, Варагі лічылі сваёй ўласнасьцю, зямлёй Русаў, якая сnавалася такой фактам заваяваньня яе[4].
Улада Русаў у Ноўгарадзе была агранічанай, бо яны прыйшлі туды па угодзе, але ў землях заваяваных Норманы-Русы устанаўлялі ўладу абсолютыстычную: дзе зьявіліся рускія князі, там моўклі славянскія вечы. Зрэшта Русы даражылі Ноўгарадам, як першым этапам, брамай, у славянскія землі, і, дзеля гэтага, стараліся ладзіць з Ноўгародцамі. Калі быў заваяваны Кіяў, паміж Кіявам, — палуднёва-варажскай дзяржавай — і Ноўгарадам, — паўночна-варажскай дзяржавай, — лягла зямля Смаленская, якая іх раздзяляла. Дзеля гэтага другой Крыўскай зямлёй, каторая была заваявана Русамі, сталася зямля Смаленская. Урэшце, ў канцы Х ст. (970—980), былі падбіты землі Тураўская і Полацкая, пры чым у Полацку Русы вырэзалі ўсю княжую сямь’ю: князя Рагвалода і яго двох сынаў, а дачку Рогвалодаву—Рагнеду, кн. Валадзімер узяў сабе за жонку.
Гэткім чынам, у Х ст. на крыўскіх, і, наагул, усходна-славянскіх землях, зьявіўся новы гістарычны чыннік—нормандзкае племя Русь.
Характарыстыка племя Русь. У старажытнасьці Скандынавія была падзелена на множества дробных зямель, з якіх кождая мела свайго князя (конунга). Па сьмерці конунга ўлада перахадзіла да старшага брата, а малодшыя даставалі кавалак зямлі на ленных правох. Гэтыя малодшыя князі, будучы ў большасьці нездаволенымі, набіралі дружыну з рожнага галцяйства і ехалі з ей у сьвет шукаць шчасьця: або ў адкрытае мора грабіць купцоў і падарожных, або нападалі на ўзморныя гарады і забіраліся па рэках глыбока ў чужыя краі, падбіваючы тамтэйшыя плямёны.
Адны з гэткіх конунгаў, выбраўшы з падбітых даніну і прадаўшы набраных нявольнікаў, варочаліся назад да сябе, другія, наадварот, стараліся ў новападбітым краю умацавацца назаўсёды. Да апошняга тыпу належалі скандынаўскія дружыны, якія звалі сябе Русьсю.
У славянскіх крыніцах аб племю Русь гаворыцца мала, затое аб гэтым племі больш падробна знаходзім у арабскіх пісьменнікаў. Усе гэтыя пісьменнікі (Ібн-Ростах, Гардізі, Аль-Бэкры і іх пазьнейшыя комэнтатары) аднагалосна сьведчаць, што гэта было купецка-разбойніцкае племя, якое, акром вайны, разбою і прадажы дабытага гэтым промыслам дабра, нічым іншым не займалася. Ібн-Ростах, арабскі пісьменнік ІХ–Х ст. так аб іх апавядае: „Русь мае цара, які называецца Хакан-Русь. Яны робяць напады на Славянаў: пад’язджаюць да іх на чаўнох, выходзяць на бераг і палоняць народ, які адпраўляюць ў Хозэран і да Баўгараў і прадаюць там. Ароміны Русь ня мае і корміцца толькі тым, што дабывае ў зямлі Славянаў. Калі у каго з Русі родзіцца сын, бацька бярэ голы меч, кладзе яго перад дзіцяцяй і кажа: не пакіну табе ў спадку ніякай маёмасьці, — будзеш мець толькі тое, што дабудзеш сабе гэтым мячом".
Характар заваёўнікаў паказуе, якую сыстэму мела заваяваньне Славянаў Русамі.
Крывічы і Грэкі. Грэцкія купцы вельмі рана зналі шлях па Дняпру і Дзьвіне да берагоў Балтыцкага мора, зкуль яны вывозілі самы дарагі ў тыя часы тавар—бруштын. Грэцкія багатыя выселкі ў Крыме з гарадамі: Херсонэсам, Тэадосіяй, Пантыкапэяй, Фанагорыяй, Танаісам і інш., як паказуюць знаходкі грэцкіх манэт, высылалі сваіх купцоў у крыўскія землі ўжо V—VI ст. па Н. Х.; яны тут мелі, праўдападобна, і свае сталыя тарговыя факторыі. Смаленск, каторы слыў у Грэкаў пад найменьнем Мілітэск, быў у VIII ст. галоўным тарговым цэнтрам для абмену тавараў, якія прыходзілі з Грэціі (па Дняпру), з Баўгарыі, Хазарыі і Пэрсыі (па Волзе і Дону) і са Скандынавіі (па Дзьвіне і Волхаве).
Калі-ж Варагі-Русь заселі на сярэднім Дняпры, ў Кіяве, гэтыя стасункі Крывічоў з Грэкамі перайшлі мала-памалу ў рукі кіяўскіх Варагаў-Русі. А дзеля таго, што падзьвінскія крыўскія землі утрымалі сваю незалежнасьць, то і тарговы шлях „з Вараг у Грэкі", абмінаючы Дзьвіну, пайшоў з Кіева праз Волхаў і Ноўгарад у Фінскую Затоку.
Гэтыя прадаўныя стасункі крыўскіх зямель з высокакультурнай і хрысьціянскай Грэціяй, мелі вялікі культурны ўплыў на усх. славянаў і спрычыніліся да таго, што хрысьціянства было вельмі рана занесена ў Крыўскія землі. Скандынаўскія сагі апавядаюць аб істнаваньні, яшчэ да афіціяльнага прыняцьця хрысьціянства, недзе ў аколіцах Полацка, на гэрэ, цэркві Пр. Богародзіцы (гл. Сапуновъ „Рѣка Зап. Двина“). Гэткім чынам, да Х ст. між Крывічамі, як і між іншымі усходна-славянскімі плямёнамі, хрысьціянства было ўжо добра ведама, як роўна была ведама і тая высокая культура, якой абладалі Грэкі. Хрысьціянства заходнага абраду прыходзіла праз варажскія княжыя дружыны; гэтак сама ўсходныя, грэцкія ўплывы прыходзілі праз паходы на Грэцію, — і службу варажскіх дружын у Візанціі, а такжа праз нявольнікаў, запраданых у грэцкія землі, якія, тым ці іншым спосабам, вярталіся назад. Такім чынам хрысьціянства здавён ужо пранікала ў жыцьцё Крывічоў і падгатаўляўся грунт да ўсеагульнага прыняцьця хрысьціянства.
Прыняцьце хрысьціянства. Як вышэй сказана, хрысьціянства пранікала з Усходу і Захаду. З Захаду, праз Варага-Рускія (нямецкія) дружыны, праз тарговыя стасункі з нямецкімі землямі і праз нямецкіх прапаведнікаў, якія прыходзілі з Варажскімі дружынамі[5]. З усходу — праз паходы ў Візанцію, праз тыя-ж тарговыя зносіны і, такжа, праз прапаведнікаў з ужо хрысьціянскіх палуднёва-славянскіх зямель — Баўгарыі і Сэрбіі.
І хоць да Х ст. хрысьціянства было даволі пашырана, але яно не было выкарыстывана для дзяржаўных мэт. Шчасьлівая мысьль зрабіць хрысьціянства верай дзяржаўнай, была падсунута грэкамі кіяўскаму князю Валадзімеру. У 988—990 гадох Валадзімер прыняў хрысьціянства і, пры помачы грэцкіх сьвятароў, ахрысьціў сваю дружыну і кіяўскіх мяшчанаў. Гэты крок Валадзімера меў страшэнна важныя вынікі: Варагі-Русь ўзялі ў свае рукі ініціятыву хрышчэньня ўсходных Славянаў, або, іначай кажучы, набылі сабе права рабіць падбоі славянскіх плямён пад відам наварачываньня ў хрысьціянства. Больш таго, крыж у руках Варагаў-Русі, акружыў іх аўрэоляй носьбітаў і пашырыцеляў вышэйшай культуры. Кіяў стаўся асяродкам распашырэньня хрысьціянства, а кіяўскі князь, нараўне з мітрапалітам-грэкам, стаўся галавой гэтага хрысьціянства, якое на ўсходна-славянскіх абшарах заслыло пад назовам „рускай“ веры.
У справе замацаваньня варажскіх заваяваньняў на ўсходнай славяншчыне прыняцьце хрысьціянства Варагамі-Русьсю адыграла першарадную ролю. Мала таго, гістарычныя даныя даюць факты, якія гавораць аб тым, што Валадзімер імкнуўся пры помачы хрысьціянства зцэнтралізаваць ўсе зробленые Варагамі заваяваньні. Што ня гэтулькі ішло Кіяву аб само хрысьціянства, як аб дзяржаўны цэнтралізм, найлепш сьведчыць гісторыя Турава. Адначасна немаль з прыняцьцем хрысьціянства ад Грэкаў у Кіяве, тураўскі князь, Сьвятаполк, сын кіяўскага Валадзімера, хрысьціў Тураўцаў пры помачы біскупа немца — Рэйнбэрга паводле заходнага абрадку. Дазнаўшы аб гэтым Валадзімер напаў на Тураў, паланіў кн. Сьвятаполка і біскупа Рэйнбэрга, а Тураўцаў перахрысьціў нанова, па грэцкаму абрадку.
Пераход у новую „рускую“ веру, разглядаўся ў тыя часы, як адначасны пераход ў новую націянальнасьць „рускую“.[6]
Перад хрышчэньнемся Валадзімер адпусьціў жану сваю Рагнеду і сына Ізяслава назад у Крыўскія землі, але да гэтага часу Рагнеда была ўжо хрысьціянкай, дык мабыць, яна вярнуўшыся ў родную зямлю, і апавесьціла тут хрысьціянства афіціяльнай верай, што прыпадае на 990-ты год[7]. У кождым здарэньні, ў канцы Х стагодзьдзя былі заснаваны біскупствы ў Тураве, Полацку, і Смаленску. Заснаваньне гэтых біскупстваў летапісі прыпісуюць Валадзімеру, што аднак жа трэба прыймаць крытычна.
Славянская граматнасьць. Разам з хрысьціянствам усходнае Славянства атрымала славянскую граматнасьць. Славянскія літары былі ўложаны, а справядлівей грэцкія літары дапасаваны да славянскай мовы двума братамі Кірылам і Міфодзіям, якія былі родам з гораду Солуня ў Македоніі. Славянскія літары былі ўстаноўлены каля 862 году. Поўная абэцэда славянская складалася з 38 літар, з якога ліку 24 былі запазычаны з грэцкага. Злажыўшы абэцэду Кірыл прыступіў да перакладу на стара-баўгарскую мову Евангельля і важнейшых царкоўных кніг. Палуднёвыя славяне—Баўгары, Сэрбы і Мараўцы прынялі хрысьціянства на сто з лішнім гадоў раней (Баўгары каля 865 г., Мараўцы і Сэрбы каля 860-х гадоў), дзеля гэтага да часу прыняцьця хрысьціянства у нас, на сэрба-баўгарскай мове была ўжо даволі багатая рэлігійная літэратура. Літэратура гэта складалася з кніг рэлігійна-маральнага зьместу, як прыкладам: кнігі біблійныя, тлумачэньні айцоў цэркві, літургічныя кнігі, духоўныя песьні, жыцьцёпісы сьвятых, апавяданьні аб хрысьціянскіх мучаніках ў зборніках званых „Чэтьі Мінэі“ і „Патэрыконы“, пропаведзі і навукі. Да гэтай духоўнай літэратуры належалі такжа апокрыфічныя творы, г. зн. — апавяданьні аб старазаконных і новазаконных падзеях і асобах, якія дапаўнялі або зьмянялі апавяданьні біблійныя, а такжа — кнігі забабоннага характару: астролёгічныя і варажбіцкія.
Апокрыфы карысталіся вялікай пачытнасьцю ў Баўгарыі, як сярод сьвецкіх людзей, так і паміж духавенства. Са сьвецкай літаратуры было перакладзіна на баўгара-сэрбскую мову некалькі візантыцкіх хронік, якія апавядалі аб падзеях ад Адама да пазьнейшых часаў. Да гэтых адносяцца хроніка Малалы, Арматола і Мэтафраста. Трэцьці аддзел баўгарскай літаратуры станавілі гістарычныя повесьці: Аб Траянскай вайне, Александрыя, Варлаам і Іоасаф (хрысьціянская перапрацоўка з жыцьцёпісу Будды) і інш.
Вось, з гэтай літаратурай прыходзіла хрысьціянства да нас, разам з баўгара-сэрбскім духавенствам. А дзеля таго, што для новааткрываных царквей патрэбны былі кнігі, то адначасова з заснаваньнем біскупстваў, засновываліся і манастыры, ў якіх вучылі пісаць, чытаць і перапісываць кнігі. Спершапачатку галоўным заданьнем манастыроў было спасобленьне кандыдатаў да духоўнага стану і перапіска літургічных і іншых кніг для засмакаваўшых ў чытаньні вярхоў грамадзянства. Такім парадкам, ўжо ў першым стагодзьдзі пасьля прыняцьця хрысьціянства, у нас свае мяйсцовыя перапісчыкі абслугоўвалі кнігамі цэркві. Пры манастырох, як цэнтрах асьветы і размножаньня кніг, сабіралі кнігі і складалі бібліятэкі. Чым багацейшы быў кнігамі манастыр, тым большая была яго слава.
Кнігі стараліся перапісываць літара ў літару, хоць не глядзя на тое, там-сям пракрадаліся „спамылкі" сьпярша толькі ў правопісі, а пазьней памалу пачалі ўхадзіць і паасобныя мяйсцовыя словы. Гэтая царкоўна-баўгаршчына, адзіная для ўсяго славянства, паслужыла вялікай збліжаючай сілай для паасобных мяйсцова-племянных гутарак. Дзеля гэтага ў пэрыёдзе між Х–XIII ст. ўсе кнігі, пісаныя на абшарах Усходнай-Славяншчыны, мала чым ад сябе рожняцца. Мова царквы і граматнасьці была ад Карпат да Ноўгарада адна і тая-ж самая царкоўна-славянская, або „руская”. Большыя адступленьні відаць ў мове арыгінальных твораў, пісаных мясцовымі людзьмі, асабліва — ў будове сказаў і часьцю ў слоўніцтве. Значны ухіл да народнай мовы павінен быў быць у лістох і граматах, судзячы паводле прыкладаў, якія дайшлі да нас з пазьнейшых часаў, з XII–XIII ст.
Перапісчыкі кніг. Пісалі кнігі тросьцямі (каламамі), якія прывазіліся з Візанціі. Замест цяперашняй паперы ужывалі толькі пэргаміну, які вырабляўся з авечай ці іншай якой скуры, так сама прывожанай з Грэціі і Баўгарыі. Ужываньне паперы пачынаецца толькі з другой палавіны, а сьцісьлей — з апошняй чверці XIV стагодзьдзя. Папера гэна называлася „бомбіцына“ і была вельмі высокага гатунку.
Пэргамінныя кнігі пісаліся у нас пераважна на добрым пэргаміне. Да пісаньня спярша прыстаўлялі сшыткі, якія лінавалі чым цьвёрдым для азначэньня даўжыні і вышыні пісанага радка, каб ва ўсей кнізе шырыня і даўжыня запісанай балоны была аднастайная. На балонах пакідаліся шырокія чыстыя белягі („полі“). Кнігі ў цэлы аркуш пісалі зазвычай ў дзьве гранкі, а ў поўаркуша ў адну гранку. Пісалі шырока, тоўстымі рысамі, ставілі літары проста, аддзельна адна ад другой. Кождая літара апрацовывалася з поўнай выразнасьцю. Пачатныя літары і агалоўкі малявалі мініяй (чырвонай фарбай) і аздаблялі рожнымі фігурамі і рысункамі. Перапісчык кнігі мусіў быць адначасна і малярам. Пісалі не на сталах, як мы цяпер робім, а на разгорнутай далоні левай рукі, абапёртай локцям аб калена.
Перапісываньне кніг было справай, вымагаючай ня толькі вялікага умецтва, цярплівасьці, але і зьверхняй помачы. Дзеля гэтага, да пісаньня кніг прыступалі з малітвай; канчаючы перапісываць кнігу, выражалі падзяку Богу, азначалі год, месяц і дзень калі было закончана пісаньне. Дзеля гэтага, што перапісываньне кніг было справай вельмі доўгай і цяжкай, то ў некаторых кнігах маецца падробнае абазначэньне часу, калі была напісана тая або другая кніга. На самае скорае напісаньне кнігі зужывалася многа часу. Апостал 1220 году (240 карцін у кнізе) быў напісаны ў два месяцы бяз некалькіх дзён г. зн. па 4 ½ карцін у дзень. Другія кнігі, якія вымагалі больш акуратнага пісьма, пісаліся яшчэ павальней.
Дзеля гэтага ў канцы кнігі зазвычай маюцца прыпіскі, ў якіх выражае перапісчык радасьць з дакончанай працы, прыкладам:
„Як радуецца жаніх, убачыўшы нявесту сваю, так радуецца пісец, бачучы апошнюю балону і як радуецца купец атрыманьню зыску, або корнік — прыбыцьцю ў прыстань, ці падарожнік павароту ў бацькаўшчыну, — так-жа радуецца і перапісчык кнігі дакончаньню працы свае”.
У іншых рукапісах сустрачаюцца і такія прыпіскі, ў якіх перапісчык выказуе надзею на збаўленьне душы ў нагароду за сваю працу, і, ў яшчэ іншых прыпісках, просіць перапісчык выбачэньня за свае мімавольныя спамылкі ды пакорна моліць аб тым, каб чытачы паміналі яго ў сваіх малітвах.
Галоўнымі цэнтрамі перапіскі кніг у Крыўскай зямлі былі: Смаленск, Тураў, Полацак і Новагорадак. З дахаванага да нашых часаў Тураўскага Евангельля XI cт., перапісыванага, безумоўна, перапісчыкам мясцовага паходжаньня, мы бачым, як у гэтым дзеячасе высока ўжо стаяла тут умецтва перапісываньня кніг.
Характар і мова пісьменных помнікаў. Дзякуючы таму, што мова пісьменнасьці у нас прынялася чужая, то ў помніках гэтай старой пісьменнасьці заўважаецца цікавы працэс асыміляціі моваў: з аднэй стараны, пісаныя помнікі прыймаюць пад ўплывам жывой мовы яе фонэтычныя і морфолёгічныя азнакі, а з другой — у жывую мову пад уплывам пісьменнасьці, часьцю сьвядома, а часьцю і несьвядома, пранікаюць формы, а асабліва, словы, якія выражалі новыя паняцьці. Славянская мова з самага пачатку заваявала сабе палажэньне мовы царкоўнай, дзеля гэтага, ня толькі перакладныя богаслужэбныя і царкоўныя кнігі пісаліся па—славянску, але такжа і ўсе арыгінальныя творы, калі яны гаварылі аб рэчах веры і цэркві. У гэтых творах лічылася чамусьці нягожым ужываць народныя звароты. Затое, калі здаралася пісаць што-колечы, ня маючае стычнасьці з царквой, то ў гэткіх творах (граматах, актах) народная крыўская мова прабіваецца з большай сілай.
Дзеля гэтага, чым помнік бліжэйшы да царквы, тым яго мова бліжэй да славяна-баўгарскай і наадварот: чым помнік далей ад царквы, тым яго мова больш блізка да жывой крыўскай мовы. Калі мы возьмем якое-колечы царкоўнае казаньне, прыкл., — што-колечы са „Слоў" Кірыла Тураўскага і зраўняем прыкладам, са смаленскай граматай 1229 г., то гэта рожніца ў мове стане нам зусім яснай: „Слова“ Кірыла Тураўскага напісана царкоўна-баўгарскай мовай, ў якой дзе-недзе трапляюцца крыўскія словы і асобнасьці, тады як смаленская грамата пісана тагочаснай крыўскай, народнай мовай з налётам славянізмаў. Гэты працэс характэрны ня толькі для нашай першапачатнай пісьменнасьці (да XIV ст.), але і для ўсей пазьнейшай пісьменнасьці (да XVIII ст.). Гэта рыса яшчэ ярчэй выступае ў пазьнейшыя часы, прыкладам, ў „Словах" мітрапаліта Грыгора Цамблака і граматах В. Кн. Вітаўта, ці літоўскіх кроніках.
Св. пісаньне. Што тычыцца св. пісаньня, то нашы прадзеды карысталіся доўгі час толькі спадчынай ад Кірыла-Міфодзіеўскіх часаў, перанятай ад Баўгараў. Самаістых перакладаў гэтай пісьменнасьці з гэбрайскіх і грэцкіх арыгіналаў не чуваць да XV ст. Поўны-ж тэкст св. пісаньня зьяўляецца у нас толькі ў пачатках XVI ст. ў перакладзе Фр. Скарыны. Да гэтага часу, калі ў тым кірунку штоколечы і рабілася, то ўсё зводзілася да падноўкі устарэўшых баўгарскіх тэкстаў.
Богаслужэбная пісьменнасьць. Аб гэтай пісьменнасьці можна тое-ж самае сказаць, што і вышэй: богаслужэбнікі старанна перапісываліся, а пазьней перадруковываліся, літара ў літару, з баўгарскіх арыгіналаў, прычым, народнай мовы зусім сьвядома ўнікалі, нават у службах, сваім мясцовым сьвятым. Калі ў гэтыя апошнія службы і пранікаў народны элемэнт, дык толькі дзякуючы няўменьню іх аўтораў выславіцца на чыста баўграскай мове.
Богаслоўска-павучаючая пісьменнасьць. Богаслоўская пісьменнасьць патрэбна была, каб вытлумачыць нованавернутым асновы хрысьціянскай веры, а полемічная, — каб абараніць верных ад пабочных уплываў. І тая і другая пісьменнасьць была ў нас даволі пашырана, але не арыгінальнымі творамі, а пераважна пераніцаванымі з баўгарскага. Тыя-ж арыгінальныя павучаючыя творы, якія ў нас пісаліся мясцовымі ураджэнцамі, знаходзіліся пад вялікім уплывам перакладаў з грэцкай мовы ў баўгарскай пісьменнасьці і грэцкіх арыгіналаў, так што гэта літэратура не магла мець самаістага разьвіцьця: яна немаль да апошніх часаў была прыпадобленьнем да візантыцкага царкоўнага красамоўства.
Полемічная пісьменнасьць. Да XIV ст. полемічная пісьменнасьць была у нас мала пашырана. Тлумачыцца гэта тым, што са старой славянскай верай змагаліся не пераконываньнем а падбоямі, а такжа тым, што паганства нашых прашчураў ня было арганізаваным і не магло змагацца з хрысьціянствам сыстэматычна, як асобная ад мясцовай княжай ўлады сіла. Калі сустрачаюцца ў нас паасобныя выпады супроць паганства, то толькі ў павучаючай пісьменнасьці, і гэта — не арыгінальныя выступы мясцовага духавенства, а перапрацоўка грэцкіх „слоў“, скіраваных супроць грэцкага паганства. Словы супроць лаціньнікаў мелі пад сабой больш рэальны грунт, бо лацінскія ўплывы ішлі з суседняга нямецкага Захаду праз таргоўлю, але паміж нашым духавенствам, відаць, не было людзей з патрэбнай дагматычнай падгатоўкай, бо арыгінальных твораў ня маем. Уся полемічная пісьменнасьць супроць лаціністаў да XIV ст. ёсць перакладной з грэцкай мовы. Арыгінальная і багатая полемічная пісьменнасьць зараджаецца у нас у XVI ст. з прычыны рожнаверства і Уніі.
Пропаведзь. У гэтай галіне пісьменнасьці мы маемо з даволі раннага часу некалькіх першай вартасьці аўтораў, даволі назваць імёны такіх выдатных пісьменнікаў, як Кірыл Тураўскі і Клім Смаляціч. Яны далі цэлы рад надзвычайна добрых пробак царкоўнага красамоўства. Разумеецца, што гэта красамоўства знаходзілася пад уплывам візантыцкага, але па выконаньню, па жывому пачуцьцю не уступае лепшым грэцкім тагочасным пісьменнікам. Да гэтых двох нашых царкоўных красамоўцаў некатарыя аўторы далічаюць і Грыгора Цамблака, якога стыль вельмі сходны са стылям Кірыла Тураўскага.
Помнікі канонічныя. Гэткімі помнікамі зьяўляюцца „Правило церковное“ мітр. Іоана ІІ і „Вопрошанія Кірыка". Першы з іх зьявіўся каля 1089 г. спачатку ў грэцкай мове, ў форме адповедзяў нейкаму чорнарызцу Якаву на яго пытаньні аб непаразуменьнях у царкоўнай практыцы. Іоан ІІ — грэк, ён быў мітрапалітам у Кіяве. Яго „Правило" належала да вельмі пашыраных у нас кніг у першыя векі хрысьціянства.
„Вопросы Кирика" і другіх (у іх ліку — і Кліма, мабыць, — Кліма Смаляціча) зьмяшчаюць у сабе адказы на пытаньні аб непаразуменьнях у царкоўным жыцьці нейкага Кірыка (Кирик, Киріак, Кирилл, — можа гэта Кірыла Тураўскага?).
Гэтыя два помнікі даюць вельмі цікавую характэрыстыку умысловага стану тагочаснага духавенства, але — не нашага выключна, а агульна ўсходне-славянскага. Зрэшта абодвы помнікі зьяўляюцца не чыім-колечы індывідуальным плодам, а формулоўкай царкоўных правіл, робленай рожнымі асобамі.
Жыцьцёпісы. Акром перакладных жыцьцёпісаў сьвятых, мы маем цэлы шэраг арыгінальных помнікаў гэтай галіны царкоўнай пісьменнасьці. Да іх належаць: жыцьцё Барыса і Глеба[8], Меркурыя Смаленскага, Аўраамія Смаленскага, Кірыла Тураўскага, Еўфрасініі Полацкай і інш. Гэта галіна пісьменнасьці дае вельмі багаты і цікавы гістарычны матэр’ял, як да палітычнай так і да звычаёвай гісторыі нашага краю і народу, раскрывае нам круг інтарэсаў і стан асьветы нашага духавенства ў першыя векі хрысьціянства. Па мове, гэта — помнікі царкоўнай пісьменнасьці, а дзеля гэтага ў іх пераважае царкоўна-славяншчына, мяйсцовай, крыўскай рэдакціі. У адных сьпісках крыўскі элемэнт больш значны, ў іншых менш, залежна ад таго, дзе перапісываўся дайшоўшы да нашых часаў экзэмпляр помніка.
Паломніцкая пісьменнасьць. прадстаўлена у нас Данілам паломнікам і Ігнатам Смаленцам. Гэта пісьменнасьць такжа не зьяўляецца паводле мовы народнай, але ў кождым разе значна прыбліжаецца да народнай, асабліва ў аддзельных некатарых сьпісках.
Кронікі і летапісы. Полацкі, Смаленскі і Тураўскі летапісы загінулі. Найстарэйшы летапіс захаваўся з XIV ст. (Абрамкі), які на асноведзі кіява-ноўгародзкага летапісу ўносіць мясцовыя, смаленскія падзеі. Але ўжо гэты летапіс зьяўляючыся сьвецкай пісьменнасьцю, дае мясцамі прыгожую старакрыўскую мову. Далёка лепшую народную старакрыўскую мову даюць т. зв. Літоўскія кронікі. Тут ужо народная мова немаль саўсім ачысьцілася ад баўгарызмаў; лепшую пробку гэтай мовы зьмяшчае т. зв. „Кроніка Быхаўца".
Сьвецкія повесьці. Да найстарэйшых помнікаў гэтай пісьменнасьці належыць „Слова аб палку Ігаравым", якое дайшло да нас у зьлепку, зложаным з некалькіх асобных рыцарскіх песьняў, між якімі выдатнае мейсца займаюць ўплеценыя ў гэту повесьць адрыўкі песьняў аб крыўскіх князёх, як аб Ўсеславе Полацкім і Ізяславе Горадзенскім. Помнікі другіх рыцарскіх повесьцяў дайшлі да нашых часаў толькі ў сьпісках XVI ст., з якіх „Александрыя" безумоўна істнавала ў XV ст., а можа і раней. Усе гэтыя повесьці пісаны старакрыўскай народнай мовай і для нашай пісьменнасьці маюць першараднае значэньне: яны даюць лепшыя прыклады крыўскай кніжнай мовы XV, XVI і XVII ст.
Юрыдычныя помнікі ўсе немаль бяз вынятку пісаны народнай мовай. Да гэтага ліку помнікаў адносяцца граматы, прывілеі і статуты. Большасьць гэтых помнікаў належаць да арыгінальнай нашай пісьменнасьці і выяўляюць сабой вялікай цаны творы народнага генія, а адначасна — бяздонную капальню матэр’ялу для нашых гісторыкаў, моваведаў і прававедаў. Некатарыя з помнікаў гэтай галіны нашае пісьменнасьці маюць агульна-эўропэйскую славу, як, прыкладам, „Статут Вялікага Князства Літоўскага" або як „Мэтрыка В. Кн. Літоўскага", ня маючае прыкладу ў другіх народаў сабраньне дзяржаўных дакумэнтаў, якія ў цэласьці становяць найабшырнейшую ў Эўропе дзяржаўную кроніку.
Кнігі для мусульманаў. Сьвятыя мусульманскія кнігі былі, праўдападобна, ў XV ст. перакладзены на крыўскую мову і запісаны арабскімі літарамі. Дагэтуль адчытана толькі адна такая кніга „Аль-Кітаб", але ёсьць весткі, што гэткіх рукапісаў захавалася некалькі ў Ленінградзкай Публічнай Бібліатэцы, і, адзін ці два, ў музеі ім Ябланоўскіх ў Лейпцыгу. Між Ленінградзкімі рукапісамі маецца Аль-Коран. Гэтыя мусульманскія кнігі перакладзены на народную крыўскую мову і, дзякуючы асобнасьцям арабскай абэцэды, даюць вельмі цэнны матэр’ял для нашых моваведаў. Між іншым, мусульманскія рукапісы паказуюць, што асобнасьці крыўскай мовы „дзэканьне" і „цэканьне" (ц мяккое) істнавалі ў поўнай меры ў XV ст., а толькі славянскімі літарамі не перадаваліся на пісьме, г. зн., — што славянская пісьменнасьць умоўна перадавала фонэтыку крыўскай мовы.
Кнігі для жыдоў. Падобна мусульманскім рэлігійным кнігам, былі ў XV ст. перакладзены на дзяржаўную мову В. Кн. Літоўскага, знача крыўскую мову, і рэлігійныя жыдоўскія кнігі. Цікавым помнікам гэтай жыдоўскай літэратуры ёсьць Біблія, якая пераховывалася ў Віленскай Публ. біб., перакладзеная з гэбрайскага і разложаная на аддзельныя чытаньні да ужытку ў сынагогах.
- ↑ „У даўнасьці Беларусы, засяляючыя цяпер большую часьць Паўночна-Заходняга краю Расіі, называліся Крывічамі.
„Славяна-рускае племя Крывічоў было вельмі многачысьленным і раскінута на аграмадным абшары. Палуднёвае узьбярэжжа зямлі крывічоў ішло па водаразьдзелах паміж Прыпяцьцю, Нёманам і Бярэзінай на правай старане Дняпра, і валокамі паміж Дняпром і Сожам, і верхнімі цячэньнямі паўночных прытокаў Дзясны — на левай старане Дняпра. На ўсход зямля Крывічоў пашыралася да Радзімічоў, якія жылі па рацэ Сожу, і Севяран, якія жылі па Дзясьне і Семі (Сейму) і Суле; на паўночна-ўсход трацілася ў лясістым і многаводным верхнім Паволжы; на поўнач даходзіла да разсяленьняў Ноўгародзкіх Славянаў. На паўночна-захад Крыўскія пасяленьні ішлі па цячэньню Зах. Дзьвіны да прыткага закрута яе на поўнач ад Дзінабурга (па стараму — Неўгіна), а адтуль на поўдзень ўздоўж літоўскіх пасяленьняў, перамешваючыся з імі ў аколіцах Вяльі і Нёмана да самага водаразьдзелу гэтай апошняй ракі з поласьцю Прыпяці. Разкіданае на абшырным прасторы, племя Крывічоў рана распалася на асобныя землі, галоўнымі цэнтрамі якіх былі Ізборск, Полацак і Смаленск”. (П. Н. Батюшковъ. „БѢлоруссія и Литва. Историческія судьбы Сѣверо-Западнаго края“. С высочайшаго соизволенія издано при Министерствѣ Внутреннихь Дѣлъ. С.П.Б. 1890 г.).
„Паводле сьведчаньня летапісца (Лет. па Лавр.сп.) Крывічы палілі сваіх нябожчыкаў, а прысок ссыпалі ў урны. Гэткім характарам адрожніваюцца і курганы ў сялібах Крывічоў: у іх знаходзяцца сьляды вогнішчаў і урны з перапаленымі касьцямі. Апрыч таго, курганы часта абводзяцца канаўкамі і абкладаюцца каменьнямі; камяні часам бываюць і ў сярэдзіне курганаў. (Падробнасьці у Голубовскаго „Обозрѣніе нѣкоторыхъ губерній и областей Россіи въ археолог. отношеніи", 20—32 (вып. ІІ,) 1—10 (вып. ІІІ.). Пры гэтым больш даўныя курганы, агульныя Палачанам, Смаленцам, і Пскоўцам, маюць яшчэ адну агульную азнаку: яны маюць выгляд валаў да дзесяці сажняў ў доўжкі (Спицынъ „Обозр. нѣк. губ. и обл. Россіи в археол. отн.). Мяркуючы з гэтай азнакі мы можам дагадывацца, дзе спярша аселі Крывічы. Гэткія курганы ведамы каля Пскова і Апочкі, каля Себяжа, Сенны і ў Барысаўскім павеце, ў Смаленскім, Гарэцкім і Духаўшчынскім, а такжа ў Бельскім, ўрэшце Асташаўскім пав. (в. Ізведава).
„Іншыя крывіцкія курганы маюць звычайную паўклубавую форму. Яны сустрачаюцца ў паветах Лепэльскім, Сенінскім, Себежскім, каля Браслава ў Новаалександраўскім павеце і часьцю ў суседніх мясцох Смаленскай губ. (у Смал. Духаўшч. Парэц. і Бельск. пав.), гэтай-жа адмены курганы трапляюцца у Бранскім пав. Арлоўск. губ., на верхняй Дзясьне. Крыўскіе курганы XI ст., больш познага тыпу, захоплююць яшчэ большы абшар: яны даходзяць да Ржэва і Зубцова на Волзе, да вярхоў Масквы-ракі, Угры і Жыздры, праз Бранскі павет ідуць да верху Дзясны і Сожу; далей граніца іх ідзе на Оршу, Барысаў, Лагойск; на заходзе і поўначы курганы гэтага тыпу сустрачаюцца у Рэжыцкім, Себежскім і Невельскім павеце (Зраўняй: Даниловичъ. „Очеркъ. Исторіи Полоцкой земли до конца XIV в. Кіевь 1896 г.). Калі ўсё сказанае перанесем на карту, то акажацца, што ўся паўночная і паўночна-ўсходняя Беларусь была заселена Крывічамі, і цікаўна, што старасьвецкія межы гэтага племя, ў агульным, акром часьцю поўначы, зыходзяць з цяперашняй этнографічнай мяжой Беларусаў.
„Не пярэчаць азначаным межам і данныя номэнклятурныя. Мяркуючы па іх, асабліва сьцежучы сялібы „Крывічы", мы бачым, што калёніі Крывічоў далёка пашыраліся на поўдзень: гэтак ведамы сялібы „Крывічы" у Лідзкім павеце, Новагрудзкім, Слонімскім і Рэчыцкім". (Пасяленьні Крывічоў у Лідзкім павеце пацьвярждаюць і данныя архэолёгіі гл. Wandalin Szukiewicz. „Poszukiwania archeologiczne w pow. Lidzkim gub. Wil. Krakow 1914.“).
Далей праф. Карскі кажа, што калі Ноўгородскія славяне былі Крывічы, як гэта цьвердзіць акадэмік Шахматов (факты сабраны ў яго працы „Къ вопросу объ образованіи Русск. Народа), то яны раней другіх усходнеславянскіх плямён, па Дняпру і Бярэзіне рушылі на поўнач да возера Ільменя.
„За імі пайшлі Крывічы Полацкія і Смаленскія. Можна мяркаваць, што яны жылі пры сутоках р. Прыпяці ў Дняпро. Гэтым можна вытлумачыць і той мяшаны тып курганаў, які адзначыў Завітневіч (Вторая археолог. экскурсія въ Припетск. Полѣсье), і сустрачанае тут мяйсцовае найменьне ў Рэчыцкім павеце „Крывічы"… „Далейшы колёнізаційны рух Крывічоў быў гэткі: з Дняпра яны ішлі на парэччы Бярэзіны, а далей на Дзьвіну — да Палаты — Палачане; адгэтуль да вярхоўяў Дзьвіны, на верхні Днепр — Смаленск — і ў парэчча Волгі (Голубоўскі, 46—49). Па Бярэзіне, Веліі і Дзьвіне Крывічам прышлося саткнуцца з Літвінамі і Латышамі, якія, іх названьне — Кrееves, пашырылі на ўсіх расійцаў"… (Карскі „Бѣлоруссы“ Вільня 1904). - ↑ Проф. І. М. Кулишер: История русской торговли до XIX в. Петербург, 1923.
- ↑ Копэнгагенскі прафэсар Wilh Thomson у кнізе Der Ursprung des Russisches Staates (1879), кажа: што фінскае слова Ruotsi, якім Фіны называлі Варагаў, есьць пераробленае старанямецкае слова Rothsmenn, знача вясьляр, мораплаўшчык, марскі чалавек. Гэты прыметнік Ротс, Рос, Рус, стаўся найменьнем усіх варажскіх высяленцаў на ўсходнеславянскія землі, пазьней, ў Х—XI ст. —найменьнем кіеўскага князства (не абнімаючы крыўскіх і ноўгародзкіх зямель), далей,—назовай веры усходнага абрадку, а ўрэшце цэлага конглёмэрату ўсх. сл. плямён.
- ↑ Памершый ў часе ўсясьветный вайны сябра Расійскай Акадэміі Навук, праф. Шахматоў апублікаваў ў 1914 годзе праз Расійскую Акадэмію Навук сваю працу: „Сказаніе о призваніи Варяговъ", у якой на 56 балонцы аб назове „Русь" кажа:
„Яшчэ ў XVIII ст. Тунманн зьвязаў гэту назову з фінскім найменьнем для Швэціі Ruotsi. Найменьне гэтае можна прызнаць агульным для ўсіх заходна-фінскіхъ дыялектаў: зраўняй Эстонск. — Rotsi, Ліўскае — Ruotsi.
„Швэдаў Фіны называюць Ruofsalainen, Эстонцы—Rotslane, Водь— Rotslaine, Лівы— Ruotsli.
„Форма „Русь", як заўважыў і Томсэн, так адносіцца да Ruotsi, як старасьвецкае Сумь (якое сустрачаецца ў летапісных артыкулах XIII ст., у Сынод. і др. сьпісках Ноўгародзк. 1-й)—да фінскага Suomi.
„Мне здаецца, што элемэнтарныя мэтодолёгічныя мяркаваньні не пазваляюць адлучыць сучаснае фінскае Ruotsi ад імя „Русь".
„З аднэй стараны ясна, што Варагаў, г. зн., Скандынаўцаў запраўды на ўсходзе называлі „Русь", Ros… Зраўняй зьменку Бэрцінскіх анналаў аб тым, што людзі, якія зьявіліся ў Канстантынопалі ў 839 годзе і якія самі сябе называлі Ros, аказаліся, пасьля патрэбных выведаў, швэдзкага паходжаньня (eos gentis esse Sueonum); пісьменнік Х ст. Ліудпранд двойчы атожсамлюе Русаў (Rusii) з Норманамі (Nordmanni); Канстантын Багранародны процістаўляе Русі (Ros) Славянаў (Крывічоў, Лучанаў і др.), а падаючы назовы Дняпроўскіх парогаў, пад rosioli разумее стара-скандынаўскую мову, што відаць і з самых гэтых назоў; арабскія пісьменнікі, прыкл. Ібн Даст, так-жа процістаўляюць Русь (Ros) Славянам.
З другой стараны бачым, што краіна Варагаў, г. зн. Швэдія, называецца „Русь" Фінамі (Ruotsi) і дагэтуль.
„Дзеля гэтага, ня можа быць, як здаецца, ніякага сумневу, што да тожсамнасьці назову „Русь", дадзенага Варагамі Славянам, з назовам Ruotsi, які знача ў Фінаў краіну гэтых самых Варагаў.
„Нас можа не цікавіць этымолёгія імя „Русь"; этымолёгія гэтага імя, якой-бы яна ня была, ня можа парушыць вываду, што Фіны і Славяне назвалі Скандынаўцаў „Русьсю".
„Пакажу на праўдападобнасьць запазычаньня акурат ад Фінаў гэтага імя для азначэньня Варагаў. Фіны былі тым пасярэднім цэнтрам, праз які Варагі пранікалі да Славянаў. Ўспомнім, што берагі Балтыцкага-Варажскага мора былі заселены фінскімі плямёнамі; па Няве сядзела Водь, якая займала і палуднёвы бераг фінскай затокі, а на усьцях Дзьвіны і па ўзьбярэжжу Рыжскай затокі сядзелі Замігала, Летгала і Лівы. Ўспомнім, што нават рачны шлях, з Варагаў у Грэкі ішоў на поўначы праз фінскія краіны, толькі часьцю заселеныя Славянамі, якія ўрэзаліся клінам сьпярша, відаць, вельмі вузкім, ў суцэльнае фінскае жыхарства, якое цягнулася ад берагоў Балтыцкага мора да Волгі і далей да ўсходу. Славяне запазычылі у Фінаў імя „Русь" для азначэньня Варагаў так сама, як яны запазычылі ў іх-жа назовы рэк і вазёраў, засяляючы сабой пракавечныя фінскія землі. Гэтае імя „Русь" для азначаньня Варагаў перададзена Словенамі і Крывічамі такжа і палуднёвым Славянскім плямёнам, перададзена так, як передаюцца наагул запазычаныя словы". - ↑ А. А. Шахматовъ: Заметка къ древнѣйшей исторіи русской церковной жизни.—Научн. Истор. Журнал, 1914, № 4, бал. 30–61.
- ↑ „Візантыцкі рэлігійны прынцып у стасунку да нехрысьціянскага сьветагляду і яго выражэньню ў літэратуры адзначаўся поўнай непашанай, а ласьне: ён чужога народнага сьветагляду не прызнаваў. Усё, штьо не ўкладалася ў рамкі хрысьціянства, як яго разумелі візантыйцы, лічылася адрынутым, „бесаўскім“. Усякае выражэньне да-хрысьціянскага вераньня безумоўна асуджалася і прасьледавалася, як чартоўскае, ў якім-бы стасунку па істоце яно не было да хрысьціянства. Пад гэтае паняцьце — (чартоўскага, процілеглага хрысьціянству) падтасовывалася гэткім чынам і праяўленьне народнасьці“, (гэта знача, — мова мясцовых плямён іх звычаі і абычаі). М. Н. Сперанскій „Истор. Древ. Русск. Лит.“ Москва 1920. Кіевскій період; балона 286.) І далей, там-жа, кажа гэты самы аўтор, глыбокі знавец стараславянскай пісьменнасьці: „У грэкаў ў стасунку да нас прынцып народнасьці быў падменены прынцыпам праваслаўя“. (Ці праўдзівей, тое і другое — і народнасьць і праваслаўе — падмяняліся імям Русь, якое процістаўлялася паганскаму, „бунтарскаму", „бесаўскаму“, „сьмярдзячаму“ (зраўняй „смэрд“), якімі прыметамі азначалі Варагі ўсё мяйсцовае—народнае, ўключаючы сюды і мову, і пісьменнасьць, і звычаі, і абычаі).
- ↑ Аб тым, што ў гэты час ня толькі было пашырына у нас хрысьціянства, прынамні ў вярхох грамадзянства, але нават істнавалі ужо манастыры, дае права так думаць Пячатны Летапіс, які передае размову Валадзімера з Рагнедай:
„Посла (Валадзімер пасьля хрышчэньня) къ женѣ своей Рогнѣдѣ, глаголя сице: азъ убо нынѣ крещенъ есмь, и пріяхь вѣру и законъ Христіанскій, подобаше ми едину жену имѣти, ею же поялъ въ христіанствѣ. Избери убо собѣ отъ вельможъ моихъ его же хощеши, да счетаю тя ему. Она же отвѣщаша рече ему: или ты едннъ хощеши царствіе земное и небесное воспріяти, а мнѣ маловременныхъ сихъ и будущага дати не хощеши. Ты бо отступи отъ идольскія прелести въ сыновленіе Божіе, азь же бывъ царицею, не хощю раба быти земному царю, ни князю но уневѣститися хощю Христови, и въспріиму ангельскій образъ". („Обзоръ Исторіи Бѣлоруссіи съ древнихъ временъ" Ѳ. Турчиновича, СПБ., 1857, дапіска 60).
Рагнеда памерла мнішкай ў манастыры Заслаўскім пад імем Анастасіі (Карамзін І). - ↑ „Життя святыхъ мучениковь Бориса и Глѣба и службы имъ“ выданы па цэламу раду сьпіскаў і рэдакцій Д. И. Абрамовічам у „Памятники древне-русск. литер, (выд. Акад. Наук) вып. 2 (Петр. 1916 г.) тут сабраны і увесь матэр’ял датычны гэтых сьвятых.