Перайсці да зместу

Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі/Прадмова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова
Публіцыстыка
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1926 год
Уступ

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Няма больш занядбанай дзедзіны ў сьветавой пісьменнасьці як гісторыя паняволеных народаў. Вышэйсказанае асабліва кідаецца ў вочы калі ўзяць якую колечы галіну нашай, крыўскай, гісторыі. То знача гісторыі народу, каторы, ня так яшчэ даўно, жыў сваім самаістым палітычным і культурным жыцьцём. Супярэчнасьць між сьведчаньнем гістарычных помнікаў і асьвятленьнем іх сучаснай пісьменнасьцю — прост паражаючая. Бяручы ў рукі гістарычную кнігу часовых нашых пераможцаў, ня ведама чаму больш дзівіцца, ці іх безкрытычнасьці, ці паражаючай умеласьці тэндэнційна выкарыстываць об’ектыўныя сьведчаньні гісторыі.

І, запраўды, сколькі трэба безкрытычнасьці або надуманай волі, каб, прыкладам, з паважнай мінай, чалавек, з імем гісторыка, мог гаварыць аб Русі, як аб націі засяляючай усходна-эўропэйскую раўніну! Усякаму ведама, што пад імем Русь, калісь, у ІХ стагодзьдзі, прышла на ўсходна-славянскія землі нормандзкая вольніца, не славянскага, а нормандзка-нямецкага племя. Гэта нормандзка-нямецкая вольніца дала рожназоўным і рожнамоўным усходна-славянскім плямёнам пануючую дынастыю, эвэнтуальна — вярхі грамадзянства, якія растварыліся ў славянскім моры, і, ўрэшце, даўным даўно зыйшлі з гістарычнай арэны. Яшчэ большую безкрытычнасьць выказуе гісторапісь трактуючы генэзу і істоту літоўскага пэрыоду нашай мінуўшчыны. Тут ужо такое награмаджэньне ачавістых нісянеціц, што найсьвятлейшыя галовы, замест разсьвятляць пануючую цемру, самі пагразаюць у бязвыхадных лабірынтах супярэчнасьцяў, награмаджаючы новыя загаты на шляху надыходзячай патомнасьці. А літоўскі сфінкс, сваей паражаючай масай гістарычных фактаў і матэр’ялаў, высіцца панад кніжнымі і архіўнымі людзьмі роўна не разгаданы і неясны на балонах кронік XVI як і ў найвыдатнейшых працах гісторыкаў XX стагодзьдзя.

Прычына ў тым, што найранейшыя летапісы дадавалі нам не істотную гісторыю, а палітычныя трактаты ілюстраваныя сякімі-такімі жывымі падзеямі, на апраўданьне гістарычных злачынаў і гвалтаў дакананых над вольнымі народамі, тымі або іншымі, дынастыямі і палітычнымі цэнтрамі. Гісторыя дагэтуль была служкай палітыкі пануючых дынастый і дзяржаў. Довадаў на выжсказанае — мільёны, ня толькі з даўных, але з навейшых і найнавейшых часаў. Прыкладам, у гэтай кнізе, на 636 балоне, мы сумысьля зьмесьцілі адзін з такіх „гістарычных сьведчань“, гэта ёсьць мэдаль адбіты царыцай Кацярынай ІІ, на прылучэньне крыўскіх зямель да Масковіі (пераназванай у 1725 годзе ў расійскую імпэрыю). На мэдалі красуецца вымоўны і самапэўны надпіс: „ отторженная возвратихъ“ (адарванае вярнула). Крытычнае вока, зазірнуўшы на гэты мэдаль, загарыцца гневам абурэньня: бо як сьвет-сьветам ніколі крыўскія землі перадтым не належалі да Масковіі! А знача, надпіс аб звароце адарванага — няпраўда! Але, на апраўданьне няпраўды, імпэрыя паклікала сваю крывапрасяжную сьведку, „гісторыю“ пануючай націі, і, яна, не заікнуўшыся і не пачырванеўшы, прысьведчыла цэлай масай дынастычных басень і фальшаваных дакумэнтаў, праўдзівасьць сказанага; і далей прысьвядчала, на працягу цэлага сталецьця, несчысьленым лікам вусн і друкаў!

Ясна, што пры гэтакай гісторапісі, ў якіх сто гадоў, паняволеныя народы аказваліся ня толькі, саўсім праўна, абязпраўленымі, але і пазбаўленымі сваей слаўнай мінуўшчыны. Шчасьлівыя пераможцы, лепшыя балоны гісторыі паняволенага брата, ўпісывалі ў сваю гісторыю. І, колішні патульны сусед ці нават васал, прыбраўшыся ў зьдзерты, с плеч заняпаўшага, пурпур, станавіўся „пурпурародным“…

Гэтак, нядаўна яшчэ, мы чыталі ў школьных падручніках, празначаных для адукаціі моладзі 120 мільённай Расіі: „Беларусы самая малодшая галіна рускага народу“. „Беларусы загнаныя і панурыя („унылыя“), малаздольныя да культурнага разьвіцьця, але добрыя зямлякопы“. „Беларусы пісьменнасьці сваей ня вытварылі“ і г. д. і г. п.

І родзіцца пытаньне, што гэта: нямаючая граніц безкрытычнасьць, ці несумленнасьць, якая, дзеля сваіх мэт, не перабірае ў спосабах?

Але, ўзгадаванае на падобных „праўдах“, шырокае грамадзянства дагэтуль шчыра пераконана, што: „беларусы пісьменнасьці ня вытварылі“.

Тымчасам, каб не наша старая пісьменнасьць, не было-бы ў Расіі Пушкіна. На нашых помніках разьвівалася і шліфавалася цяперашняя расійская мова, так не падобная да мовы колішняй Масковіі. На нашай мове ўзрастала адраджэньне польшчыны у XV і XVI ст. і сыцілася ў часе заняпаду яе дзяржаўнасьці ў XIX ст.

Дзеля гэтага патрэбен грунтоўны крытчыны перагляд усей гістарычнай пісьменнасьці, створанай нашымі пераможцамі аб нас.

Мэта гэтай кнігі, стяўленая аўторам пры яе апрацаваньні, была паказаць што пісьменнасьць крыўскага народу па сваей даўнасьці сягае Х стагодзьдзя, а па багацтву помнікаў займае першае мейсца на ўсходнай славяншчыне. І, дзеля гэтага, ня толькі заслуговуе, але абавязуе сваім зьместам, быць ўведзенай ў курс кождай катэдры славянаведаньня, асабліва ў курс кождай катэдры ўсходна-славянскага моваведаньня і пісьменнасьці.

Праца гэта ёсьць першая спроба даць, памагчымасьці, ўсестароннае паняцьце аб стара-крыўскай (беларускай) пісьменнасьці, само сабой не прэтэндуючы на поўнае пералічэньне ўсіх захаваўшыхся да нашых часаў пісаных крыўскай мовай помнікаў. Бо на поўнае пералічэньне трэ было-бы многа томаў падобных кніг, як гэта. Прыкладам, дакумэнты Мэтрыкі в. кн. Літоўскага сабраны ў 556 тоўстых томах; Віленскі Цэнтральны Архіў зьмяшчае аж некалькі мільёнаў дакумантаў. Акром гэтага вялікі лік дакумэнтаў маецца Вітабскім Цэнтральным Архіве, ў старасховах Менска, Смаленска, Ноўгарад-Северска і па ўсіх музэях і архівах Расіі, пачынаючы ад Масквы і Петраграда і канчаючы Кіявам, Адэсай, Казаньню, Тыфлісам і нават Томскам. Ня менш багаты старакрыўскімі пісанымі помнікамі музэі і архівы Польшчы — Кракаў, Люблін, Варшава, Познань і інш. У дадатку дагэтуль маецца многа дакумэнтаў і рукапісных кніг у прыватных сабраньнях і ў фамільных архівах тутэйшых памешчыкаў, а нават у дробнай шляхты ды ў сельскага духавенства.

Пералічаючы помнікі нашай пісьменнасьці мы ўзялі пад увагу толькі абшар заключаны паміж Нёманам, Вяльёй а Дняпром; Прыпяцьцю а Дзьвіной, але ў нашу пісьменнасьць трэба ўключыць яшчэ Северскія землі[1] і землі Пскова і Вялікага Ноўгарада[2]. Адзінства культуры ў пісаных помніках, у малярстве, будаўніцтве і грамадзкім укладзе, праяўляецца на ўсім абшары ад Новагорадка Наднёманскага да Новагорадка Северскага і Вялікага Ноўгараду „тудѣ бо живяху Крывічы“, як выражаецца летапісец.

Многія моманты ў разьвіцьці нашай пісьменнасьці прыходзілася трактаваць пабежна, або і саўсім абыходзіць, с тэй прычыны, што распрацоўка нашай пісьменнасьці была роблена дагэтуль толькі чужымі і пад саўсім няпраўдным вуглом погляду: крыўская пісьменнасьць трактавалася не як праява самабытнай культуры Крывічоў, а як галіна, уроенай расійскім цэнтралізмам, агульна-расійскай культуры. Дзеля гэтага перад гісторыкам крыўскай пісьменнасьці, які ня хоча паўтараць старыя спамылкі, на кождым кроку паўстаюць труднасьці, каторыя можна будзе асіліць толькі з разьвіцьцём нашай уласнай гісторапісі. Зрэшта, ў нас дахавалася аграмадная маса юрыдычных дакумэнтаў, але, ў параўнаньні, толькі нязначныя абломкі кніжнага багацьця; бо рукапісы безжаласна нішчаны былі ў часе нашых рэлігійных закалотаў, якія панавалі ад XVI ст. немаль да нашых часаў, а такжа ў часе частых воен і рэволюцій. Дзякуючы гэтаму, з ланцуга бурных і багатых у пісьменныя помнікі пэрыёдаў, — як пашырэньне каталіцтва пры першых Ягеллонах, пашырэньне сэкты жыдоўствуючых, і рэформацкі рух, — дахаваліся нязначныя абрыўкі, якія можна рэстутаваць толькі пры натужнай працы сталых краёвых вучоных устаноў, якіх не было дагэтуль.

Пры апрацаваньні гэтай кнігі перад аўторам паўставала пытаньне як угрупаваць сабраны матэр’ял. Калі агранічыцца абшарам быўшага в. кн. Літоўскага, то намячаюцца выразна зарысаваныя тры пэрыёды: 1. Крыўска-славянскі да XIII ст., 2. Літоўскі да палавіны XVII ст., і 3. Літоўска-рускі. Але прыймаючы пад увагу, што адкіданьне пісьменнасьці Ноўгарадзка-Пскоўскай і Ноўгарад-Северскай не вытрымлівае крытыкі, — а да згрупаваньня яе меліся не дапераможаньня труднасьці, бо кнігу здарылася апрацовываць на эміграціі, ня толькі ня маючы доступу да арыгінальных помнікаў, але нават пры вялікай нястачы найбольш патрэбнай літаратуры, — прышлося выбраць хронолёгічны парадак, як найлягчэйшы да ор’ентаваньнеся ў забытках нашай старой пісьменнасьці і агранічыцца пісьменнасьцю толькі аднэй галіны крыўскага племя. Поўная гісторыя павінна ўключаць помнікі Пскова, Ноўгарада і Северскай зямлі.

Пасколькі пазвалялі маючыяся пад рукамі матэр’ялы, аўтар стараўся даць хоць кароценькія выпіскі з кніг і дакумантаў ня толькі для ілюстраціі мовы помніка, але і ў надзеі, што гэткім спосабам удасцца зьвярнуць увагу чытаючага грамадзянства на неадзоўную патрэбу ўвясьці ў курс нашых сярэдніх школ, выклад старакрыўскай пісьменнасьці і граматыкі, каб зьвязаць новачасную пісьменнасьць са старымі традыціямі і здабыткамі ў дзедзіне духовасьці.

Для заакцэнтаваньня таго, што старая наша пісьменнасьць і сучасная народная мова адна з другой выплываюць, дадзены ў канцы кнігі слоўнік помнікаў старакрыўскай мовы, бо яшчэ нядаўна можна было сустрэць у друку „вучоныя“ трактаты аб тым, што мова актаў в. кн. Літоўскага і народная беларуская (крыўская) мова, зьяўляюцца двумя рожнымі мовамі. Закід саўсім няслушны, бо наша старая мова, да мовы народнай займае палажэньне гістарычнага дыялекту, падобна як у расійцаў мова часаў Пятра і Кацярыны да сучаснай літэратурнай расійскай мовы, ці як у палякаў мова Рэя, да мовы Словацкага і Высьпянскага, або, адна і другая, ў параўнаньні з іх народнымі дыялектамі. Рожніца атрымаецца ў нас нават меншая, чым, у прыведзеных здарэньнях, у расійцаў і палякаў.

У надзеі, што кніга мая, паміма многіх яе недастаткаў, прынясе карысьць нашай адраджаючайся пісьменнасьці, хоць-бы пабуджаючы другіх да працавітых досьледаў на полі нашай мінуўшчыны, а асабліва пісьменнасьці, працу гэту добрароднай зычлівасьці чытачоў паручаю.

Аўтор.


  1. „Крывічы… былі прабацькамі цяперашніх Беларусаў. …У найбліжэйшым з імі сваяцтве знаходзіліся Дрыгвічы, якія жылі паміж Прыпяцьцю і Бярэзінай. Гэта была асобная галіна тых-жа Крывічоў, азначанная асобным імем у залежнасьці ад прыроднай ўласьцівасьці занятай імі тэрыторыі („дрыгва“ — балота, „трясіна“). …У цесным сваяцтве с Крывічамі былі Радзімічы, якія жылі на Сожы“ (Проф. М. Н. Любавскій: „Основные моменты исторіи Бѣлоруссіи“. Москва, 1918 г.).
  2. Крывічы з сыстэмы Дняпра выйшлі на поўнач, на начы рэк Волгі і Зах. Дзьвіны, а іх галіна Словене, занялі сыстэму возера Ільменя" (Акадэмік С. Ф. Платоновъ „Учебникъ русской исторіи". Прага 1924).