Перайсці да зместу

Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/II/Стара-шляхоцкія романтыкі/Я. Чачот

З пляцоўкі Вікікрыніцы
А. Рыпінскі Я. Чачот
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1921 год
П. Шпілеўскі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ян Чачот.
(1797—1847)

Я. Чачот. (Музэй Я. Луцкевіча).


Я. Чачот. (Музэй Я. Луцкевіча).

Біаграфічны матар‘ял. Арадзіўся Ян Чачот у Наваградзкім павеце Меншчыны. Разам з знамянітым земляком сваім Адамам Міцкевічам вучыўся ён у Наваградку ў дамініканскай павятовай школе. Дастаўшы там сярэднюю адукацыю, Чачот паступіў у віленскі унівэрсітэт на адзел моральных і палітычных навук. І тут ён дружыў з Міцкевічам і разам з ім захапіўся тагачаснымі ідэямі і романтычным настроем. Калі ў 1817 годзе аднавіўся ня зусім легальны гурток „філёматаў“, дык Чачот увайшоў у яго склад адным з першых. Заданьнямі гуртка быў патрыятызм, гуманнасьць і прасьвета. У дваццатых гадох філёматаў разагналі; Чачота выслалі на доўгі час у Уфу. У саракавых гадох ён вярнуўся і жыў троху у Леплю, Віцебскай губэрні, потым у вядомым двары Шчорсах, у Наваградчыне, дзе быў бібліатэкарам у Адама Храбтовіча, а пад канец свайго жыцьця, па сьмерці Храбтовіча, жыў у сваіх школьных таварышоў. Памёр у Друзгеніках. Ян Чачот наляжаў да часу романтызма. Романтыкам ён узгадаваўся ў школе, якую праходзіў; разьвіцьцю романтычнасьці спрыяла яго жыцьцë. Романтызм даў яму любоў да народнай творчасьці і пасунуў яго да складаньня народных беларускіх песьняў.

Літэратурная праца. Ян Чачот пісаў папольску і пабеларуску. У беларускай літаратуры ён дастаў славу, як пясьняр этнограф. Яго зборнікі беларускіх народных песьняў выхадзілі ў 1837—1846 гадох. Спачатку ён даваў нашы песьні ў польскіх перакладах і пераробках. Потым, надта захапіўшыся хараством поэзіі народа ëн друкаваў іх ў беларускім орыгінале, адылі і сам пачаў складаць беларускія лірычныя вершы, падобныя да народных песень. Усяго такіх вершаў Я. Чачот напісаў і ў 1844 г. надрукаваў 28 штук.

Лірыка Я. Чачота. У пераважнай частцы сваіх вершаў Я. Чачот 1) або пяець аб тым, што ёсьць злога ў беларускім сялянскім жыцьці, 2) або малюець абразкі жаданага новага жыцьця, 3) або у элегічным тоне лятуціць аб шчаснай будучыне, моліцца, каб яна барджэй прыйшла. Апрача таго, у яго лірыцы можна знайсьці ўсё тое, што зазвычай бывае ў народных лірычных песьнях: хараство прыроды, каханьне і г. д. Але найболей ідэйнай лірыкі з чыста грамадзкім нахілам.

Ганіць Чачот мужыка-беларуса за гарэлку, за благую надворнасьць яго побыту, за неахайнасьць, гультайства, няпрыхільнасьць да рамяства. За найгоршае няшчасьце уважае Чачот гарэлку. Каб паказаць розьніцу між п‘янствам і цьвярозасьцю, каб заахвоціць да цьвярозасьці і разам з тым папікнуць п‘яніцу, пясьняр апісуець яго долю, яго згаленьне. Няма хлеба, няма воліка, на плячох лапленая сярмяжка,—а ўсё вінавата карчма. Бядуе пясьняр і аб тым, што „сядзім мы, як у но́ры“, што ў хаце у нас гусі, сьвіньні і цяляты. Ен пытаецца, нашто гэта? Ці-ж ня можна жыць у чыстай і някурнай хаце? Ня вучаць рамяству сваіх дзяцей сяляне, і гэта дрэнна. Хто мае многа сыноў і многа грошы, хай-бы не дзяржаў сыноў за печаю, а грошы не хаваў-бы ў зямлю; хай аддаў-бы таго ў шаўцы, другога да каваля ці сьлесара, а трэцяга завëз-бы да сталяра ці бондара. На патрэбу-ж для сялянскіх дзяцей школьнай навукі Чачот глядзіць, як на раскошу.

Чачотаўскі абразок лепшай будучыны на сучасны пагляд даволі мізэрны, хоць і агорнут красою аўторскай романтычнасьці. Яго ідэальны мужык узімку, добраю парою, возіць кольле, а як сьнягі таюць—гародзіць; ён маець лучыну і многа клëтак дроў-будзе на чым варыць кашу дзеткам улетку; ён заўсёды парою ўпраўляецца з работаю: гарэць, сеець, косіць. Гэткі селянін мае хлеба і ня ходзіць вясною „у мерки“. Ен працуе ў радасьці і вясельлі, здаволены з мужыцкае долі. У сьвята ëн—у цэркаўцы, „бога, пана, сваю хату і заботу знае“. А калі захоча пагуляць, дык запрашае да сабе гасьцей і тады вып‘ець чарку да вашмосьці.

Як відзім, ідэалы сялянскага песьняра з паноў ня дужа бліскучыя, але ў яго пару яшчэ далёка было і да гэтага малога шчасьця, дык ён з усім запалам філёнтропа, засмучэньнем романтыка і лірычнасьцю поэта лятуціць аб „такой паправе“ і моліцца богу так: „Няхай усім добра будзе!“

Літэратурная мова Чачота адбіваець на сабе няшырокі пагляд на яе песьняра-этнографа. Верш Чачота чытаецца лёгка, маець народны склад, хаця часам дужа псуецца вялікім уплывам польскай версіфікацыі і зьбіваецца на няўломную сілябічнасьць.

Характарыстыка творчасьці Я. Чачота. У вадным вершыку пясьняр кажаць беларусам-сялянам, што ён памагае ім „песенькі сьпяваці“, бо ён сярод іх узрос, бо яму даў бог зазнаці гора, каб „лепш іх любіў і ўмеў спагадаці“. З гэтага ясна відаць, што толькі ўласнае гора наўчыла песьняра-шляхоцкага романтыка адчуваць гора мужыцкае, што ўзросшы сярод беларускіх сялян, ён, аднак, ня чуець сябе індывідуумам беларускай грамады і толькі памагаець ёй пяяць, стоячы збоку, водаль ад яе. Беларускую поэзію Чачота можна характарызаваць так: 1) ён адчувае мужыцкае гоpа, але папанску і романтычна; пяець аб тым горы мужыцкім спосабам, але на панскі і романтычны голас; 2) ëн зусім не адчувае нацыянальнага гнібеньня беларусаў; 3) творы яго дыдактычны, яны навучаюць, як трэба жыць; 4) ён сур‘ёзна малюець жыцьцё. Дзеля таго, што беларуская творчасьць Я. Чачота стаяла на абпалячанай шляхоцкай дарозе, ён, як поэт і не клясавы і не нацыянальны, ня мог вырасьці да памыснай велічыні. Па здольнасьці ён вышэй за Рыпінскага і ніжэй за Баршчэўскага. Аднак, прымітыўны Баршчэўскі ня мог выкарыстаць сваю здольнасьць так, як выкарыстаў сваю разьвіты Чачот.

Значаньне Я. Чачота ў гісторыі нашае літэратуры, галоўным чынам, такое: 1) ён пабуджаў беларускасьць; 2) ён першы сур‘ёзна задумаўся над жыцьцём беларускага сялянства і паважна паставіў пытаньне; 3) ён першы натуральным спосабам вывеў кніжную творчасьць з народнай і зрабіў гэта ў беларускай мове (Баршчэўскі — ў польскай), значыцца, даў ёй нацыянальны грунт для далейшага разьвіцьця.