Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/II/Беларуска-маскоўскія пісьменьнікі/П. Шпілеўскі
← Я. Чачот | П. Шпілеўскі Падручнік Аўтар: Максім Гарэцкі 1921 год |
К. Каліноўскі → |
Беларуска-маскоўскія пісьменьнікі.
Павел Шпілеўскі.
(1827—1861).
Біаграфічны матар‘ял. Павел Міхайлавіч Шпілеўскі быў родам з Меншчыны, у глухіх куткох каторай прайшло яго маленства. Вучыўся ў Менску. Змалку наслухаўся ён беларускіх казак і песьняў, відзеў звычаі і побыт, а ў маладосьці зьбіраў этнографічны матар‘ял, запісываў, што чуў ад народа. Дзеля таго, узросшы, Шпілеўскі надта добра ведаў беларускую душу і беларускае жыцьцё. Родную поэзію і наагул усё беларускае любіў ён нязвычайна. Асабліва падабалася яму народная міфолёгія. Закінуты на чужыну, Шпілеўскі жыў у змаскаленай сфэры і пераняўся маскоўскаю культураю.
Яго пагляды. Беларусаў ён лічыў амаль не самым старадаўным з пляменьняў славянскіх і самым старадаўным з пляменьняў „рускіх“; называў іногды беларусаў, як і тагачасныя польскія пісьменьнікі, крывічамі. Шпілеўскі уважаў, што беларусы—найчысьцейшы славянскі тып, што найболей яны захавалі запраўднай славянскай старыны. Вось дзеля таго, — думаў ён, — такая харошая і багатая беларуская народная поэзія. Як публіцыст, Шпілеўскі горача заклікаў працаваць над беларусазнаўствам.
Яго літэратура. Шпілеўскі пачаў пісаць з маладых гадоў. Супрацоўнічаў ён у розных лепшых журналах у Маскоўшчыне (спачатку пад псэўданімам П. Древлянскій). Літэратурная праца яго мела сваім заданьнем быццам этнографію Беларусі, але заўсёды насіла характар даволі лёгкай белетрыстыкі. Шпілеўскі зьбіраў і сьпісываў беларускія словы, прыказкі, песьні і наагул розныя віды народнай славеснасьці, міфолёгію, фантастычныя пераказы і інш. Найболей пісаў у 1846—55 гг. Яго „Падарожа па Палесьсю і Беларускаму Краю“ была надрукавана ў „Современникѣ“ за 1853, 1854 і 1855 г.г. і асобнай кніжкай выйшла ў 1858 годзе.
Поле яго творчасьці. У сваіх этнографічна-белетрыстычных творах Шпілеўскі апісываў нашы кірмашы, вясельлі, жніво, Юр‘е, Маладзікову нядзелю (Прошчы), ігрышчы, чараўнікоў, чараваньне і розныя забабоны, ксьціны, хаўтуры, памінкі, валачобнікаў, ваўкалакаў, беларускіх багоў і багавіц і шмат чаго такога.
Падарожа па Палесьею і Беларускаму Краю—цікаўныя і мастацкія запіскі аб тым, як аўтор ехаў па Беларусі, што па дарозе відзеў і чуў, з кім, з якімі людзьмі сустрачаўся, як з імі гаманіў, якія праязджаў мёсты і мясьцечкі, якая дзе прырода і г. д.; тут-жа дадаюцца гістарычныя і археолёгічныя спраўкі і апісаньні. „Падарожа“ напісана ў лёгкай белетрыстычнай форме, жывою літэратурнаю маскоўскаю моваю з беларускімі ўстаўкамі: орыгінальныкі словамі, зваротамі мовы ато і з цэлымі размовамі. З кождага радка „Падарожы“ выступае гарачая любоў да Беларусі і глыбокая, сыноўская пашана да яе нацыянальнага духу. Беларускія тыпы, пэйзажы, абразы стаяць, як жывыя, уваччу на працягу ўсяго твора. Ліецца салодкі аромат нашай поэзіі, чуецца шчыры дух нашскага жыцьця… Усяго ў „Падарожы“ восем разьдзелаў; апавяданьне пачынаецца з таго, як аўтор выязджае з Варшавы, а канчаецца апісаньнем Ігуменшчыны. Асабліва доўга застанавіўся аўтор на сваім родным Менску. Вызначаюцца ў творы сакавітыя характарыстыкі засьцянковых шляхтуноў, пасэсарчукоў, паноў, падпанкаў, сялян. Вызначаюцца і лірычныя ўслаўленьні роднай старонкі. Ён спамінаець вялікую мінуўшчыну беларускага слова, ніколі не называець родную мову гаворкай ці гутаркай і між іншым сьведчыць, што пабеларуску жыхары засьценкаў „пішуць пісьмы і заметкі аб гаспадарцы“; „у гэтай мове, кажа ён, знойдзеце, вы ў іх пісаныя песенькі, розныя легенды і казкі“,
Значаньне Шпілеўскага ў разьвіцьці нашае літэратуры, аднак, зусім невялічкае дзеля рэнегацкіх асаблівасьцей гэтага пісьменьніка. Апрача таго, ў Шпілеўскім пастаянна змагаўся этнограф з белетрыстам. Не адчуваючы гэтага змаганьня, ня ведаючы добра правілаў навукі этнографіі і быўшы пераважна белетрыстам, Шпілеўскі думаў, што этнографія шмат скарыстаець, калі будзе іці побач з белетрыстыкай. Шпілеўскі ў гэтым памыляўся, дык белетрыстыкай абясцэніў сваю этнографічную працу, а дылетанцкай этнографіяй загубіў у сабе здольнага белетрыета. Адылі ён першы голасна і горача прамовіў у маскоўскай літэратуры аб беларусах. У беларускіх рэнегатаў у Маскоўшчыне ён узбудзіў гэтым пачаткі паснулага нацыянальнага пачуцьця. Ён-жа даў выразны выгляд беларуска-маскоўскай школе пісьменьнікаў. Толькі абмаскаленая сфэра зрабіла працу Шпілеўскага несьвядомай і перабунтавала яму стаць пісьменьнікам у роднай мове. Калі прыгэтым спомніць жыцьцё Тараса Шаўчэнкі, дык можна агульна сказаць, што наш Бахрым загінуў, бо ня выйшаў на пана, а наш Шпілеўскі загінуў, бо не радзіўся мужыком. Ды ўсё-ж ëн меў той крытычны настрой у адносінах да паноў на Беларусі, якога ня было у нашых польска-беларускіх шляхоцкіх пісьменьнікаў.
Беларуска-маскоўская школа пісьменьнікаў. Яшчэ раней за Шпілеўскага, у 1843 годзе, П. Кушын зьмесьціў у журнале „Москвитянинъ“ надта цікаўнае апавяданьне „Гецыкі“ з жыцьця беларусаў паўночнай Віцебшчыны. Аўтор намаляваў прыгонны побыт, даў жменю цікаўных беларускіх песьняў („Гарэліца“, што ў Баршчэўскага), слоў, зваротаў мовы і цэлых размоў. У „Маяку“ зьмяшчаў беларускія творы Эгілеўскі (1844 г.) і іншыя людзі першай палавіны 19-га сталецьця залічаецца і некалькі кніжных вершаў невядомых поэтаў. Так, у „Иллюстраціи“ (1848 г.) надрукаваны два даволі орыгінальных вершыкі. У „Могил. губерн. вѣдом.“ (1849 г.) невядомы аўтор П. 3. *** зьмесьціў свой этнографічна-белетрыстычны твор „Дзяды“, дзе ёсьць добрыя сцэнкі спраўляньня сьвята Дзядоў, напісаныя у драматычнай форме. З 1863 года найпільней узяліся маскоўскія вучоныя за апісаньне Беларусі. Каб давесьці Эўропе, што Беларусь—„искони русская земля“, тагачасныя маскоўскія патрыятычныя газэты і журналы давалі многа рознага матар‘ялу аб Беларусі. Разумеецца, гэты матар‘ял мае нізкую цану як для беларускай літаратуры, так і наагул для гісторыі беларусазнаўства. А з тым таго можна сказаць, што беларуска-маскоўскіх пісьменьнікаў было мала і што яны не зрабілі навет і той невялікай, мала здольнай да разьвіцьця работы, якую рабілі нашы беларуска-польскія пісьменьнікі. Шмат пісалі памаскоўску Безкарніловіч, Турчыновіч, Семянтоўскі, Кухцінскі, Бантыш-Каменскі і др.