Перайсці да зместу

Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/I/Залатая пара (16 век)/Ф. Кміта

З пляцоўкі Вікікрыніцы
С. Будны Ф. Кміта
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1921 год
Т. Еўлашэўскі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Філон Кміта.
(Другая палавіна 16 ст.).

Філон Сымонавіч Кміта-Чарнабыльскі, як відаць, ня быў беларус родам. Ен служыў у Воршы і Смаленску, адкуль пасылаў паном радным данясеньні, ці „одпісы“. Быўшы старастам на ўзьмежку гаспадарства, недалёчка ад маскоўскае граніцы, Кміта разьвіў шырокую сыстэму шпігоўства ў Маскоўшчыне і аб усім старанна адпісываў у гаспадарстваную раду. Ен добра ведаў палітычнае палажэньне ня толькі у Польшчы і фэдэратыўна зьвязанай з ёю бацькаўшчыне, але ведаў, напрыклад, аб адносінах маскоўцаў да перакопскіх татараў і наагул аб беларускай і закардоннай палітыцы. Цяжкую службу спраўляў ён на старожы Беларусі, і за яго заслугі, зробленыя гаспадарству, яго ўшанавалі санаторствам з тытулам ваяводы смаленскага.

„Одпісы“ (1573—1574) захаваліся ў рукапісу бібліатэкі Дэпартам. Генеральн. Штабу ў Пецярбурзе. Усяго 31 одпіс. Напіс на іх гэткі: „Реистръ списанья тарменъ, каторые есми листы черезъ посланцы мои, даючы вѣдомость о князи великом и о новинах, о которых мнѣ шпекги мои зъ земли его непріятельской Московской вѣдати давали…“ (па Е. Карскаму). „Одпісы“ маюць значаньне, як мемуары, характарызуючыя беларускае грамадзянства 16-га сталецьця і нашыя ў той час палітычныя адносіны да суседзяў. Апрача таго, „Одпісы“ цікаўны сваёй літаратурнай формаю і моваю. Гэта ня толькі сухія дзелавыя одпісы, але цікаўныя і навет абразныя апавяданьні, жывыя пераказы купцоў і іншых людзей у эпічным стылю. Мова цікаўна тым, што польскіх слоў ў „Одпісах“ мала, а чуецца ўплыў маскоўскай гаворкі купцоў, шпегаў, перабежчыкаў і наагул такіх, што пабылі сярод маскоўцаў. Тут-жа многа народных беларускіх прыказак, якія жывуць у штодзеннай нашай гутарцы і цяпер („Як даробіць ліха, прарэжуцца й зубы,“ „Ні думалі, ні гадалі,—гаспадарам нарадзілі,“ „Калі ўтапілі, тапор давалі, а выплыўшы—ні тапарышча,“ „Тая баба надвое варажыла“ і інш.).