Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/I/Залатая пара (16 век)/С. Будны
← В. Цяпінскі | С. Будны Падручнік Аўтар: Максім Гарэцкі 1921 год |
Ф. Кміта → |
Сымон Будны.
(Другая палавіна 16-га ст.).
Біаграфічны матар‘ял. Сымон Будны радзіўся на Беларусі ў першай палавіне 16-га сталецьця. Вучыўся ён у кракаўскім унівэрсітэце. Пераняўшыся кальвінскімі ідэямі, Будны, як вучоны і вельмі здольны чалавек, неўзабаве здабыў сабе славу сваёю дзеяльнасьцю і літаратурнай працаю. Віленскі ваявода князь Мікалай Радзівіл-Чорны запрасіў яго ў 1552 годзе ў Клецк на пасаду кальвінскага пастара. З 1562 года Будны распачаў шырокае выдавецтва у Несьвіжскай друкарні, працуючы разам з выдаўцамі Мацеем Кавечынскім і Лаўрэнам Крышкоўскім. Творы свае Будны друкаваў пабеларуску, папольску і палатыні. Па веры ён наляжау пазьней да антытрынітараў (аднабожнікаў), а з кальвіністамі разыйшоўся. Памёр у пачатку 17-га сталецьця Будны быў вельмі вучоны, надта добры лінгвіста (ведаў колькі моў) і дужа здольны і цікаўны публіцыста. У творах яго ёсьць шмат глыбокіх і нязвычайна сьмелых, орыгінальных думак. Дзьве эпохі, сярэднявяковая і новая, схадзіліся ў ім і цягнулі ў абадва бакі.
Беларускае пісьменства Буднага: 1) „Аб апраўданьні грэшнага чалавека прад Богам“ (1562 г.); 2) „Катэхізіс, то-есьць навука старадаўная хрысьціянская ад сьвятога пісьма для простых людзей языка руськага ў пытаньнях і адказах собрана“ (1562 г.). Абадва творы надрукованы ў Несьвіжу. Апрача гэтага Будны пісаў яшчэ шмат чаго.
Можна думаць, што Будны, друкуючы беларускія кнігі, меў на ўвазе ня столькі разьвіцьце беларускай культуры і нацыянальнай сьвядомасьці, колькі большае пашырэньне кальвінізму сярод беларускага народу. Аднак, трэба зазначыць, што пасьвячаючы свой кальвінскі катэхізіс сыном братоў Радзівілаў, Будны пісаў у патрыатычным духу, каб маладыя князі „ня толькі ў чужаземскіх языцах кахалі“.
Ня маючы ніякага асаблівага значаньня ў разьвіцьці нашай літэратуры, творы Буднага пабольшылі, тымчасам, лічбу друкаваных беларускіх кніжак і спрычыніліся ў пашырэньні беларускай прасьветы. Яны пабуджалі грамадзкую думку, давалі ёй сьвежасьць новых паглядаў.