Перайсці да зместу

Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/III/Народніцкая пара

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Агульны пагляд Народніцкая пара
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1920 год
Ф. Багушэвіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ІІІ. Навейшая беларуская літэратура.


Народніцкая пара.

(Ад 80-х гадоў 19 ст. да 1905 г.).

Пачатак навейшае літэратуры. У 50-х гадох 19-га сталецьця зьявілась прыкметнае ажыўленьне беларускай думкі. З аднаго боку пісьменьнікі з каталіцка-панскай сфэры, як Тапчэўскі, Абуховіч і інш., чуючы, як патроху слабнець мёртвая пятля, накінутая Мураўёвым, пачалі хоць рукапісным спосабам, адылі болей а болей урабляць літэратурны беларускі грунт, створаны Марцінкевічам, і рыхтаваць яго для натуральнай перадачы ў рукі людзей зусім новай школы. З другога боку і маскоўскія пісьменьнікі-родам беларусы прыйшлі на сваю ніву і сталі рабіць тое, што ўжо даўно рабілі польскія пісьменьнікі-родам беларусы; яны сталі працаваць над беларусазнаўствам і, між іншым, сваёй этнографічнай, філёлёгічнай, гістарычнай і падобнай работаю тварыць зьбіральны час у гісторыі роднай літэратуры. Сталі зьяўляцца паважныя апісаньні беларускага побыту і ў маскоўскай народніцкай белетрыстыцы, як, да прыкладу, „Багачы“ Брайцава, повесьць з беларускага народнага жыцьця (Масква, 1889 г.). У гэтую-ж пару ў розных вялікіх гарадох Расеі і заграніцы студэнты-беларусы закладаюць свае гурткі, цікавяцца навукай беларусазнаўства, часам аж выдаюць студэнцкія беларускія часопісі і ўсім тым надта спрыяюць агульнаму ажыўленьню роднай нівы, а глаўным чынам — на літэратурным прасторы. Агульна-людзкі поступ і сусьветнае палітычнае становішча робяць тое, што гэтае, чуць прыкметнае спачатку, ажыўленьне спараджае творчасьць Ф. Багушэвіча, прыймаець ярка выказаныя формы навейшай літэратуры і кладзецца магутным камянём пад так званы „беларускі рух“. З Багушэвічам нашае адраджэньне выйшла з чыста- літэратурных рамак і здабыло гэтулькі новых прымет, што яго і назвалі рухам. Адраджэньне, каторае ахапіла сяньня ўсе праявы нашага жыцьця і ў астатнім пункце, у залежнасьці ад хода сусьветных падзей, выглядае не ранейшым сьціплым (скромным) нацыянальна-культурным абуджэньнем, а ўжо стыхійным змаганьнем за адбудову ўласнай незалежнай гаспадарстванасьці, гэтае адраджэньне, аднак, не парвала яшчэ найстульнейшых зьвязкаў з сваёй калішняй выключнай формай — літэратурай, а за ўвесь навейшы час яно аблягалась на яе і гадавалася на ёй. Такім чынам, каб зразумець гісторыю навейшае літэратуры, трэба ведаць гісторыю адраджэньня.

Розныя часы навейшае літэратуры і іх прыметы. Калі ня лічыць падгатаваўчае пары 80-х гадоў і ўважаць за пачынак навейшае літэратуры „Прадмову“ Ф. Багушэвіча да яго „Дудкі беларускай“ (1891 г.), дык у ёй мінуліся ўжо дзьве пары і наступіла трэцяя, гэта: 1) народніцкая (ад Багушэвіча да 1905 г.), 2) нашаніўская (ад 1905 г. да вайны) і 3) сучасная. Галоўнай прыметай усяе навейшае літэратуры беларусаў ёсьць нацыянальная і соцыяльная сьвядомасьць. Нацыянальны і соцыяльны элементы сьвядома ўважаюцца за грунтоўныя, дык яны пераважаюць, на іх полі толькі і растуць ўсялякія іншыя краскі думак і жыцьця. У першым часе абодва элементы хоць і надта выразна кідаюцца ў вочы посьле шляхоцкай літэратуры, але тут яны значна слабейшыя, чымся ў другім часе; адна частка пісьменьнікаў яўна падаецца на Варшаву, а другая — на Маскву; на першай частцы іх яшчэ ляжыць сьлядок ад павеваў шляхоцкай літэратуры, а ў другой ніякіх ранейшых звычаеў і свае цьвёрдасьці няма. Выдатнейшыя пісьменьнікі і поэты гэтага часу: Ф. Багушэвіч, Я. Няслухоўскі, А. Пшчолка, М. Косіч і інш. У другім часе, нашаніўскім, бо ён трываў столькі, сколькі істнавала „Наша Ніва“, з нязвычайным пасьпехам вырасьлі гіганты беларускага слова, дасканальна сьвядомыя нацыянальна і соцыяльна. Сьвядома-нацыянальны элемент, аднак, тут пераважае і найчасьцей выяўляецца ў нацыяналістычных імкненьнях і жаданьнях, — ў гэтым кірунку песьняры, як правадыры, вядуць за сабою народ. Сьвядома-соцыяльны элемент нашаніўскай поэзіі меў цьвёрды і паўсёдны нахіл або і кірунак у бок соцыялістычны, але дзеля розных прычын пісьменьнікі ў гэтым пытаньні самі ідуць за народам і толькі выказуюць яго волю. У гэты час, сярод цэлай пляяды меншых і большых літэратурных сіл, твораць асілкі Я. Колас і Я. Купала. Нашаніўцы з калейдоскопічнай шпаркасьцю перабывалі ў сантыменталізьме, романтызьме, рэялізьме і модэрнізьме. Трэці час пачаў азначацца ад дзён вайны і потым соцыяльнай рэволюцыі. Цікаўнай прыметаю гэтае пары ёсьць ня толькі красаваньне соцыяльных пытаньняў, але, як ні дзіўна, і пачатак аналізу агульна-чалавецкіх проблем, без ранейшых нацыянальных і соцыяльных тэндэнцый. Гэтая прымета — знак вялікага росту беларускае літэратуры, каторая ўжо адрадзілася і вымагае новага назову для свае цяперашняй, у значнай меры посьле-адраджэнцкай пары. Мова яўляецца яшчэ аднэй, надта важнай прыметай навейшай літэратуры. І мова, ці йначай кажучы — пагляды пісьменьнікаў на мову вельмі адзначаюць сучасную літэратуру ад шляхоцкай. Мова шляхоцкіх пісьменьнікаў адбіваець на сабе няшырокі іх пагляд на яе літэратурнае значаньне і будучыну. Пісьменьнікі таго часу карысталіся выключна слоўнікам цёмнага, духоўна абмежаванага панамі і прыціснутага прыгонам беларускага люду. Яны пісалі аб такіх рэчах, дзе гэтага слоўніка зусім даволі было, дзе не патрэбны былі словы для невядомых таму люду абстракцыйных разуменьняў. Гэтакі парадак пачаў канаць з дзён Багушэвіча і сканаў на першых страніцах „Нашае Нівы“. Адылі і цяпер гэтае прыхамоцьце часам стыкаецца ў паглядах несьвядомай і напоўсьвядомай беларускай інтэлігенцыі маскоўскай і польскай культуры і замінаець ёй шукаць і разумець у сваёй сучаснай нацыянальнай поэзіі сусьветнае інтэрнацыянальнае багацьце. Цяперашняя наша кніжная мова маець падабенства — па сваёй гісторыі, характару і вялікаму значаньню — з нашай старадаўнай кніжнай мовай у залатую пару ейнага разьвіцьця. Але ёсьць і розьніца: цяперашняя кніжная мова неразрыўна і стульна зьвязана з народнай мовай, чаго ня было ў такой меры ў старадаўнасьці. Навейшая беларуская літэратура вызвалілась з перайманьня чужых літэратур і дастала, такім чынам, нацыянальнае значаньне, яна выказуець асаблівасьці беларускага нацыянальнага духа, тыя чырты характара, той спосаб думаньня і пачуваньня, тыя сымпатыі і ідэалы, каторымі беларуская нацыя вызначаецца сярод другіх эўропэйскіх народаў.

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .
105
.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .
118
.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .
120
.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .
124
.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .
125
.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .
127
.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .
130

  1. 1,0 1,1 1,2 У арыгінальным зьмесьце ня згадваецца. (Вікікрыніцы )