Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/I/Залатая пара (16 век)/Баркулабаўская кроніка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
А. Рымша Баркулабаўская кроніка
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1920 год
Літоўскі Статут

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Баркулабаўская кроніка.

Прыкладам народнай беларускай гаворкі 16-га сталецьця можа быць Баркулабаўская кроніка, каторая напісана ў сяле Баркулабаве Быхаўскага павету Магілеўшчыны. Цяпер кроніка знаходзіцца ў Маскоўскай Сінадальнай Бібліатэцы. Яна, як відаць, сьпісана з орыгіналу, і складаець частку бе- ларускага рукапіснага зборніка, пісанага рознымі рукамі. Баркулабаўская кроніка займаець у тым зборніку 138-174 лістоў; пачынаецца з 1563 года, канчаецца 1608 годам; апрача таго, у канцы ёсьць дапіска аб здачы Смаленска Шэінам у 1633 годзе. Імя летапісца засталося невядомым; ёсьць прычыны думаць, што гэта быў баркулабаўскі поп Аляксей Мсьціславец. Мова летапісі нязвычайна прыгожая і чыстая; яна маець якраз тыя асаблівасьці, каторымі характарызуюцца і сучасныя магілеўскія гаворкі.

Летапісец прыймаў к сэрцу палітычныя справы бацькаўшчыны, яе царкоўнае і агульна-грамадзкае жыцьцё, добра быў знаём з жыцьцём Магілеўшчыны, а жыцьцё свайго Баркулабава відзеў даўгі час з усіх бакоў і ведаў яго дасканальна ў абы-якіх драбніцах. І Баркулабаўская кроніка, дзеля таго маець вялікую цану, як гістарычна-апісны матар’ял. Тут мы знаходзім беларускае жыцьцё палітычнае, царкоўнае, вайсковае, грамадзкае, сямейнае панскае і простых людзей, штодзеннае, адным словам — поўную карціну Беларусі ў апісаньні жыцьця людзей і прыроды. Як гістарычнай памяткай, ёю карыстаў Салаўёў для свае „Гісторыі Расіі“ (т. 10) і Кастамараў для свайго твору „Смутны час“ (т. 2). Як памятка літэратурная, яна захоплівае чытаньніка красою эпічнага стыля, абразнасьцю апавяданьня і сакавітасьцю малюнкаў, асабліва-ж аўторскай шчырасьцю і духам часу, укладзеным у кроніку. З аднакавым хараством змаляваў летапісец, як „Маскву ад Магілева адперлі, пабілі, адагналі“, як новы календар прыймавалі, як змагаліся за веру, якія цэны былі на ўсё, колькі грыбоў у якое лета набіралі, які быў ураджай на хлеб, якое надвор’е. Карціна голада ў 1601 року хапае за сэрца. Яна канчаецца такою нязвычайнай прастатою, хаваючай вялікі драматызм:

«…адзін другога пакідалі, ня ведаючы адзін а другім, мала ня усі памерлі. А калі той наход, у варот, альбо ў дому у каго стоячы, хлеба прасілі, ацец з сынам, сын з аццом, матка з дачкою, дачка з маткаю, брат з братам, сястра з сястрою, муж з жаною, тымі словы мовілі сільне, сьлезне, горка мовілі так: «Матухна, зязюлюхна, вутухна, панюшка, спадарыня, сонца, месяц, зьвездухна, дай крошку хлеба!» Тут-жа подле варот будзець стаяці зраня да абеда і да палудня, так-то просячы; там-жа другі пад плотам і умрэць.» «А калі варыва прасілі, тыя словы мовілі: «Спадарыня, перацелачка, зорухна, зернетка, соунышка, дай ложачку дзіцятку варыуца сырога!»

Кроніка напісава ў праваслаўна-пабожным тоне і патрыатычна-беларускім духу. Можна заўважыць няпрыхільнасьць летапісца да маскоўцаў з усходу і да веры лацінаў з заходу. Сьвядома адрозьніваець ён сваю „русь“ і ад літоўцаў.