Перайсці да зместу

Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/I/Залатая пара (16 век)/Літоўскі Статут

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Баркулабаўская кроніка Літоўскі Статут
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1920 год
Друкары, друкарні, кнігі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Літоўскі Статут.

(1529—1566—1588).

Яго гісторыя. Літоўскім Статутам называецца зборнік законаў, якія разьвіліся ад старадаўнага права беларускіх пляменьняў. Законы гэтыя спачатку жылі ў правасьвядомасьці народа. Так было да канца 15-га і пачатку 16-га сталецьця, калі беларуская нацыя стварыла сваё гаспадарства з такім культурным разьвіцьцем, якое вымагала пісаных законаў. У 1522 годзе на віленскім сойме Жыгімонт Першы выдаў эдыкт аб тым, што Беларусь будзе мець адно пісанае права — Статут, каторы меліся зараз надрукаваць ў вялікай лічбе экзэмпляраў. Аднак, хоць у гэтым часе гаворыцца аб Статуце, як аб укладзеным ужо кодэксе, беларускія законьнікі працавалі над проэктам аж да 1529 г. Напісаны быў Статут пабеларуску, цераз год яго пераклалі палацінску, а цераз тры гады папольску. Надрукован ён тады ня быў, а захаваўся ў сьпісках. Гэта ёсць першая рэдакцыя Статута (1529 г.). Дзеля некаторых перамен у гаспадарстваным ладзе, а таксама заган паасобных артыкулаў, Жыгімонт Аўгуст даручыў выдатным законьнікам палепшыць той Статут. Новая, другая рэдакцыя Статута была зацьверджана на віленскім сойме ў 1566 г. Пасьля Люблінскай уніі (1569 г.) асобая камісія пад старшынствам канцлера Лявона Сапегі ізноў перагледзіла Статут, каб нашы законы схадзіліся з польскім. У гэтай трэцяй рэдакцыі Статут быў зацьверджаны ў 1588 г. на варшаўскім сойме і надрукованы ў віленскай друкарні братоў Мамонічаў. Яго поўны азагаловак гэткі: „Статут Вялікага Князьства Літоўскага, ад наясьнейшага гаспадара караля яго міласьці Жігімонта Трэцяга на каранацыю ў Кракаве выданы, року 1588. Друкована ў вольным месьце Віленскім, у друкарні дому Мамонічаў. З ласкі і прывілея караля яго міласьці“. Усяго ў Статуце (1529 г.) ёсьць трынаццать разьдзелаў, маючых агулам 282 артыкулы. Друкаваная кніжка (1588 г.) мае блізка 600 страніц формату 26½ на 14 сантымэтраў.

Вартасьці і слава Літоўскага Статута. Разьвіцьце навукі аб правох было ў нас надта высокае, што відаць ня толькі з старых дакумэнтаў і правадаўчых актаў, але і з выдатных прымернікаў адвакацкіх прамоў на судзе. У пасяродку 16-га сталецьця ў Вільні быў адчынены юрыдычны факультэт, на каторым беларуска-літоўскае і нямецкае права выкладалі беларускія вучоныя юрысты. Выдатныя беларусы-законьнікі ўкладалі і „Статут“. Яны вельмі ўдачна палучылі ўсновы старога нацыянальнага права з законамі навейшага правадаўства. Польскі гісторык Ярашэвіч кажаць аб Статуце 1529 г. („Obraz Litwy“), што ня гледзячы на ўсе заганы, гэта былі законы лепшыя, чымся тыя, каторыя мела тады Польшча, а што датыча спосабу іх укладаньня, дык гэткага зборніка законаў у 16-га сталецьці зусім ня было ня тое што ў палякоў, а і ў другіх народаў.


Мова Літоўскага Статута ёсьць для нас асабліва добрым прыкладам нацыянальна-літэратурчай беларускай мовы залатой пары і яе паступовага разьвіцьця. Статут — дарагая памятка той мовы, у якой пісалі нашы прашчуры ў гаспадарстваную эпоху нашага жыцьця. У першай рэдакцыі яна бліжэй да народнай гутаркі; разьвіваўшыся, яна рабілася болей штучнаю і набіралася польшчыны і наагул чужых слоў. Мова Статуту давала патрыатычнае здаваленьне беларусам. Гэта зазначыў яшчэ Лявон Сапега ў прадмове да Статута, пішучы так: калі сорамна якому народу ня ведаць сваіх правоў, баронячых яго вольнасьць, дык асабліва сорамна было-б тое нам, маючым правы, пісаныя не ў абы-якой чужой, а ў сваей роднай мове. Мова Статута маець шмат абстракцыйных разуменьняў, выказаных пабеларуску дужа добра і зразумела для паспольства. З другога боку, Статут маець кавалачкі, быццам узятыя з сяньняшняй народнай гаворкі; да прыкладу, артыкул 9-ты у 12-тым
разьдзеле: „А хто-бы ў каго ўкраў вала або карову, сьвіню або вепра, або аўцу, або казу, — іно таму цана за вала пяцьдзесят грашэй“… і г. д.

Літоўскі Статут па экзэмпляру з беларускага музэю Я. Луцкевіча. «Напісана: (артык)ул 1. Всі абывателі велікого князства літовского тым адным правом пісаным і от нас даным сужоны быті мають. Напрод мы г(аспа)д(а)р абецуем і шлюбуем под тою-ж прысегою, которую учынілі есмо всім абывателем всіх земль паньства нашого»… і г. д.


Літоўскі Статут па экзэмпляру з беларускага музэю Я. Луцкевіча. «Напісана: (артык)ул 1. Всі абывателі велікого князства літовского тым адным правом пісаным і от нас даным сужоны быті мають. Напрод мы г(аспа)д(а)р абецуем і шлюбуем под тою-ж прысегою, которую учынілі есмо всім абывателем всіх земль паньства нашого»… і г. д.

Значаньне Літоўскага Статута. Статут — найдаражэйшая памятка ня толькі гістарычная ці юрыдычная, але і чыста літэратурная, хоць гэта і ня ёсьць твор краснага пісьменства. Літэратурнае значавьне Статута стваралася і расло з яго гадамі, а ў нашы дні яно нязвычайнвае, вялізазнае. Літоўскі Статут — гэта ёсьць тая несакрушная скаліна, той духоўны памятнік, які найлепей сьведчыць аб славе і магутнасьці нашае мовы і нашага навет звычайнага пісьменства. Статут 1529 г., як агульны і свой закон для ўсіх земляў гаспадарства, агараджаў яго адзінства і самастойнасьць, а сваёю беларускаю моваю паказываў на панаваньне ў гаспадарстве беларускай стыхіі, як грунтоўнай.