Перайсці да зместу

Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/I/Залатая пара (16 век)/А. Рымша

З пляцоўкі Вікікрыніцы
„Прамова“ Мялешкі А. Рымша
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1920 год
Баркулабаўская кроніка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Андрэй Рымша.

(Канец 16-га стал.).

Андрэй Рымша-Ліцьвін пісаў у канцы 16-га сталецьця. Адукацыю дастаў ў Астрожскай школе. Пазьней ён быў слугою Крыштофа Радзівіла, як гэта відаць з яго перакладанай з латыні на польскую мову „Топографіі.“ Рымша пісаў вершы і прозу. Для нас маюць значаньне яго вершы: 1) „Кронолёгія“ (1581 г.), 2) эпіграма на гэрб Валовіча (1585 г.) і 3) эпіграма на гэрб Сапегі.

1. Кронолёгія, або „Каторага ся месяца што за старых вякоў дзеела кароткае апісаньне,“ маець кароткае выкладаньне па месяцох некаторых падзей біблейнай гісторыі, да прыкладу:

Месяца Апрыля, пагэбрэнску Нісан,
Проста Квецень.
Жыдове суха прайшлі Чырвонае мора, —
Карміу іх Бог, на пушчы ня было ім гора…

Апісаньне пачынаецца з месяца верасьня, як першага ў годзе старыннага часу. Цікаўны тагачасныя беларускія назовы месяцаў, — вось яны: верасень, пазьдзернік, грудзень, просінец, стычань, люты, марац, квецень, май, чырвец, ліпец і серпень. „Кронолёгія“ была надрукована ў Астрогу; думаюць, што гэта — вучнёўскі твор А. Рымшы.

2. У надрукованым Мамонічамі ў 1585 годзе зборніку „Генадзія патрыарха… дыалёг, ці самадруга размова“ Андрэй Рымша зьмесьціў пад ініцыаламі „А. Р“ эпіграму „На гэрб яснавяльможнага пана Астафея Валовіча, пана віленскага і протчых.“ Куплеты складаюцца з чатырох радкоў; у першым куплеце два крайніх радкі маюць па 4 склады, а два сярэдніх — па 9:

Што дзьве стралы,
Што урубы, што лілеі значаць, —
То усі людзі мудрыя вельмі
Гаразд бачаць.

3. У Літоўскім Статуце 1588 г. зьмешчана эпіграма Рымшы на гэрб канцлера Лявона Сапегі, каторая складаецца з 17-цёх сілябічных двухрадковых куплетаў. Кожны радок маець 13 складоў; рыфмуюцца сумежныя радкі. Пачынаецца эпіграма гэтак:

Усе можам сваім вокам лацна абачыці,
Даужыню і шыракосьць шнурам пазначыці,
І чалавека можам пазнаці па твары,
Естлі у сабе ня маець лішняе прывары.

Апісаўшы гэрб Сапегаў, што каторы сымвол значыць, аўтор увасхваляе Сапегаў і выказуець ім добрыя жаданьні:

Жывіце-ж, Сапегаве, усі у многія лета!
Ваша слава слыць будзець, покуль станець сьвета.

Запраўднай поэтычнай творчасьці, навет там, дзе ня трэба было ўслаўляць магнатаў, вершы Рымшы не паказуюць. Ціжар формы і благой тэхнікі давіць думку. Дзеля гэтага, Андрэй Рымша, як поэт, маець для нас значаньне паказальніка: ён паказаў нам верш 16-га сталецьця. Верш гэты сілябічны, рыфмаваны, з дужа даўгімі часам радкамі (13 і болей складоў), нагадуець звычайную прозу, пабітую на рыфмаваныя канцы.