Перайсці да зместу

Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Рэволюцыя 1905 году на Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Разьвітак рабочага руху і зубатаўшчына Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Рэволюцыя 1905 году на Беларусі
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Міжрэволюцыйныя часы 1905—1917 г.г.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Рэволюцыя 1905 году на Беларусі.

Як відаць з ранейшага, у пачатку XX сталецьця на Беларусі існавалі моцныя рабочыя організацыі Бунду і РС-ДРП. Праўда, царскаму ураду ўдавалася ня раз разьбіваць вяршкі гэтых організацый, але справа зноў напраўлялася, бо рух вырастаў з нізоў. У красавіку 1902 г. ў Беластоку зьбіраецца конфэрэнцыя РС-ДРП з прадстаўнікоў Бунду, Пецярбурскага Камітэту, «Паўднёвага Работніка» і загранічнага цэнтру. Канфэрэнцыя абрала організацыйны комітэт для скліканьня другога зьезду РС-ДРП. Ня гледзячы на арышты амаль-што ўсіх удзельнікаў конфэрэнцыі, другі зьезд партыі ўсё-ж такі адбыўся ў жніўні 1903 году ў Брусэлі (Бэльгія). На зьезьдзе лінія Бунду прывяла яго да выхаду з радоў РС-ДРП, пасьля чаго пачаў узмацняцца ў ім нацыяналістычны ўхіл. Зразумела, што РС-ДРП павінна была адразу ўтварыць на Беларусі, паралельна з бундаўскімі, свае організацыі, каторыя-б аб'ядналі рабочых неяўрэяў і тых яўрэяў, каторыя не стаялі на позыцыі Бунду. У 1903 годзе для Палескага абшару ў Гомлі вынікае Палескі Комітэт, а для абшару на поўначы Беларусі з пачатку 1904 году ўтвараецца Паўночна-заходні Комітэт. К пачатку рэволюцыі соцыял-дэмократычныя групы, падпарадкаваныя гэтым двум комітэтам, мы знаходзім амаль што па ўсіх гарадох Беларусі: у Вільні, Менску, Віцебску, Гомлі, Бабруйску, Пінску і г. д. Групы прылучаюць да сябе сотні рабочых, каторыя потым разам з бундаўскімі рабочымі стануць на чале мас, што паўсталі проці існуючага парадку.

У гэтыя-ж часы (1901 г.) організуецца і народніцкая Партыя соцыялістых-рэволюцыянэраў, што вырасла з Саюзу соцыялістых-рэволюцыянэраў. Асобныя гурткі С-Р на Беларусі зьявіліся ў 90-ыя годы. К пачатку XX ст. яны зьліліся ў «Рабочую Партыю Політычнага Вызваленьня Расіі», каторая потым увашла ў партыю С-Р. Цэнтрам РППВР быў Менск. Выдатнейшымі работнікамі партыі былі Радзівонава-Клячка (каторая потым выдала організацыю), Е. А. Гальперын, Г. Гершуні (будучы галава Баявой Організацыі С-Р), А. О. Бонч-Асмалоўскі (каторы жыве і цяпер), К. Брэшка-Брашкоўская (каторая наяжджала ў маёнтак Асмалоўскага Блонь, пад Менскам), кровельшчык Гатоўскі і інш. У 1898 годзе Гершуні ўтварыў у Менску майстэрню варштатаў для падпольных друкарань, бюро фальшывых пашпартоў і разам з Бонч-Асмалоўскім організаваў пераправу праз граніцу як людзей, так і нелегальнай літаратуры. Попыт на ўсё гэта ў рэволюцыйных колах быў вялікі, і на Беларусь, у Менск, зьяўляліся прадстаўнікі падпольных організацый за варштатамі.

У 1900 годзе «Рабочая Партыя» мела ў Менску, на Серабранцы, добра абсталяваную ўласную друкарню. Тут, паміж іншым, была надрукована брошура пад назваю «Свабода», напісаная Л. М. Радзівонавай-Клячка. Зьмест брошуры меў праграмны характар. Брашура вызначае, што заданьне РППВР—дабіцца сацыялістычнага ладу. Тэрор, як сродак барацьбы з урадам, прызнаецца. Усе існуючыя ў Расіі рэволюцыйныя і опозыцыйныя групы павінны зыйсьціся ў прызнаньні бязумоўнай неабходнасьці політычнай свабоды. Прапануецца такі плян організацыі: складаецца фэдэрацыя аўтаномных мясцовых груп, каторыя аб’яднаны агульнай програмай і тактычнымі прыёмамі. Кожная група мае свой цэнтр, складзены з абраных сяброў. Мясцовы цэнтр, не адыходзячы ад агульнай програмы, мае права прыстасоўваць організацыю да мясцовых абставін. Дэлегаты аўтономных груп складаюць вышэйшы орган, Раду партыі (С. Слетов. К истории возникновения Партии С-Р. СПБ. 1917 г., стр. 98). Заканчваецца брошура так: «На соцыял-дэмократаў мы глядзімо, як на братоў: мэта адна, але шляхі розныя. Ідэя соцыял-дэмократыі атрымае права грамадзянства ў Расіі не раней, як пры існаваньні політычнай волі, а покі што мы будзем рабіць сваё, а соцыял-дэмократы хай робяць сваё... Наша партыя для Расіі—партыя цяперашняга часу. Партыя соцыял-дэмократыі—партыя наступнага за намі пэрыоду. У гэтым уся розьніца» (Зборнік «Беларусь». Зіміенка. Сацыялістычны рух на Беларусі. Менск. 1924 г., стр. 158). Пасьля аб’яднаньня РППВР з Партыяй С-Р у 1904 годзе была ўтворана «Паўночна-заходняя Організацыя Партыі С-Р», якая складалася з Віленскага, Менскага, Беластоцкага, Віцебскага, Гомельскага і др. комітэтаў.

З пачатку 90-х гадоў на Беларусі зьяўляюцца і польскія сацыялістычныя організацыі: Соцыял-Дэмократычная Партыя Польшчы і Літвы і Польская Соцыялістычная Партыя (ППС). Першая партыя стаяла на чыстым клясавым грунце і зьяўлялася строга вытрыманай марксісцкай арганізацыяй. На чале партыі стаялі такія выдатныя рэволюцыянэры-марксыстыя, як Роза Люксэмбург, Мархлеўскі і Дыкштэйн, аўтар вельмі пашыранай у свой час і вельмі каштоўнай кніжачкі «Хто чым жыве». Зусім не такою была Польская Соцыялістычная Партыя. Нацыянальнае польскае пытаньне і вызваленьне польскага гаспадарства ад улады рускага царызму яна ставіла на першае месца. Соцыяльная яе праграма была хутчэй народніцкая, чым марксісцкая. У ППС куды больш, чым у Бунда, адчуваецца недавер'е да рускай рэволюцыі і да рускай рабочай клясы. Дробна-буржуазны нацыяналізм гэтых партый у пачатку 1900 гадоў расьце пад уплывам нацыянальнага ўціску, каторы пануе на Беларусі.

Побач з нацыянал-соцыялізмам яўрэйскім і польскім, толькі крыху пазьней ад іх, зараджаецца на Беларусі пры дапамозе сяброў Польскай Соцыялістычнай Партыі і беларускі нацыянал-соцыялізм. Алесь Бурбіс, сучасьнік і ўдзельнік тагочаснага соцыялістычнага руху, так апісвае гэтае зьявішча: «Узімку 1902 году частка моладзі соцыялістычнага кірунку разам з беларусамі (выхаванымі ў польскай культуры), працаваўшымі ў організацыях ППС на Беларусі, засноўваюць «Беларускую Рэволюцыйную Партыю». Радзілася яна ў Менску, дзе працавалі студэнты Пецярбурскага унівэрсытэту—Антон Луцкевіч (Антон Навіна), Іван Луцкевіч, Казюк Кастравіцкі (Каганец), работнік Віктар Зелязей і інш. Адначасна ўтвараюць організацыю гэтай партыі і ў Вільні—студэнт-тэхнолёг Пранцьюк Умястоўскі (Дзядзька Пранук), гімназісты Аляксандар Бурбіс (Піліп) і інш., а тамсама ў Пецярбурзе—студэнт-тэхнолёг Вацлаў Іваноўскі (Вацюк Тройца), курсыстка Алёіза Пашкевіч (Цётка). Спачатку гэта партыя апрацованай програмы ня мела. Яна распаўсюджвала надрукаваныя заграніцай творы Ф. Багушэвіча, выразна адзначаючыя соцыяльную несправядлівасьць і клічучыя беларускія народныя масы да практычна-рэволюцыннай працы. Яна друкуе ў Лёндоне кніжку яго твораў на патроенай паперы пад назвай «Песьні» з надпісам на вокладцы: «С разрешения Синодальной типографии». Першая проклямацыя гэтай партыі была надрукована на гэктографе ў 1902 годзе і прызначалася для пашырэньня сярод беларусаў-каталікоў Віленшчыны; напісана яна была папольску Лявонам Малецкім у Вільні і пачыналася словамі: «Widzieliscie zapewna biedna chlopska wynedzniala szkape». Яна была надрукована і ў лютаўскім нумары загранічнага «Пшэдсьвіту». У тым-жа 1902 годзе партыя зьмяніла сваю назву на «Беларускую Рэволюцыйную Грамаду». З найбольш энэргічных працаўнікоў БРГ магчыма адзначыць, апрача вышэйназваных,—Фэлікса Стэцкевіча (Аганёк), студэнта Пецярбурскага унівэрсытэту, родам з Шчучына Віленскай губэрні, Лідзкага павету, студэнта Матусевіча, студэнта Рыскага політэхнікуму А. Ўласава. У 1903 годзе адбыўся першы зьезд партыі, які прыняў агулам програму ППС; ён пастанавіў дабівацца краёвай аўтаноміі Беларусі з соймам у Вільні й культурна-нацыянальнай аўтаноміяй для нацыянальных меншасьцяй на Беларусі і наказаў распрацаваць зямельную програму на аснове конфіскацыі бяз выкупу маёнткаў паноў, казённых земляў і інш. На гэтым зьезьдзе БРГ пастанаўляе называцца «Беларускай Соцыялістычнай Грамадой» (Вестник Наркомпроса Белоруссии. 1921 год, Х, № 1, стр. 6-7).

Так зьявілася першая соцыялістычная партыя на Беларусі, стаўшая на мясцовы беларускі нацыянальны грунт і паставіўшая сабе за мэту разьвязаць беларускае нацыянальнае пытаньне. Царызм завастрыў нацыянальныя ўзаемаадносіны на Беларусі. Ён паставіў у палажэньне інародцаў яўрэяў, палякоў і беларусаў-каталікоў, а беларусаў-праваслаўных сілком падганяў у лік вялікарусаў. Гэта прывяло на Беларусі да ўтварэньня нацыянал-соцыялістычных партый, як Бунд, ППС і Бел. Соц. Грамада. Бунд прагнуўся абхапіць колы гарадзкога і местачковага працоўнага яўрэйскага жыхарства. Што датычыць да БСГ, то яна пакіравалася на беларускую вёску. Тут яна пачала гуртаваць наўкола сябе вясковую працоўную інтэлігэнцыю, вяскова-гаспадарскіх рабочых і сялян.

У 1904 годзе на Беларусі ўтвараецца яшчэ адна нацыянал-соцыялістычная партыя пад назваю «Соцыялістычная Партыя Белай Русі». Партыя знаходзілася таксама, як і БСГ, пад уплывам Польскай Соцыялістычнай Партыі. Сваю працу партыя пашырыла ў Гарадзеншчыне і заходняй частцы Меншчыны. На чале партыі стаялі ўраджэнцы Горадзеншчыны, варшаўскія студэнты браты Трускоўскія, М. Фальскі, студэнт-аграном родам з Меншчыны А. Жаба і інш. Ня гледзячы на тое, што СПБР і БСГ абедзьве былі пад уплывам ППС, тым ня менш паміж імі былі нейкія прынцыповыя нязгоды, і яны працавалі кожная асобна. Устанавіць пункты супярэчнасьцяй паміж СПБР і БСГ мы ня маем магчымасьці, бо ня ведаем програмы СПБР. Нам толькі вядома, што ў восень 1904 году з боку БСГ былі зроблены спробы згаварыцца з прадстаўнікамі СПБР наконт аб'яднаньня працы, для якое мэты вяліся перагаворы раней у Варшаве, потым у Горадні і Менску. Гэтыя перагаворы ні да чаго не прывялі, і СПБР увесь час працавала асобна ад БСГ. Партыя існавала нядоўга. З 1906 году вестак аб ёй мы ўжо ня маем.

Такім спосабам, як мы бачым з ранейшага, рэволюцыйныя сілы на Беларусі ў пачатку XX ст. ужо былі добра організованы. Беларусь магла ўступіць у рэволюцыйную озрацьбу разам з усёй Расіяй.

Па ўсёй імпэрыі адчуваецца, што стары царска-самаўладны лад перашкаджае экономічнаму разьвіцьцю дзяржаўнага організму. Не гаворачы ўжо пра сялянства і значна вырасшы пролетарыят, самаўладзтва сваёю апекаю душыла і прамыслова-гандловую сярэднюю буржуазію. Самаўладзтвам былі нездаволены ўсе соцыяльныя групы грамадзянства, апроч невялікай кучкі фэўдальна-дваранскай арыстократыі і буйнай буржуазіі, меўшай скарбовыя заказы і концэсіі. Насьпявала шырокая опозыцыя нездаволеных царызмам. Набліжалася доўга гадо ваная рэволюцыя.

Пачалася з вайны. У самым пачатку 1904 году, дзеля выгад кучкі прыдворных спэкулянтаў, імпэрыя абвясьціла вайну Японіі. Царызм спадзяваўся, што яму нічога ня будзе каштаваць разьбіць сілы маленькай Японіі. «Шапкамі закідаем». А пры пабеднай вайне ўтворыцца як-бы політычная аддушына, праз якую выйдзе нездаваленьне урадам і ўвойдзе падняты патрыотычны настрой. Але надзеі ураду ня спраўдзіліся. Вайна ад самага свайго пачатку пашла няўдачна. Ня гледзячы на вымуштраванасьць рускага салдата, няўдача за няўдачаю падалі на рускую армію, дрэнна з’організованую і дрэнна дагледжаную. Паўтарылася Крымская кампанія, толькі ў большым маштабе: стрэльбы не палілі, снарады ня ўзрываліся, вярхі кралі, як маглі і ўмелі, пілі і распусьнічалі, а нізы ці паміралі, ці рэволюцыянізаваліся. Вайна, такім спосабам, павялічвала рэволюцыйны настрой у імпэрыі.

Што датычыць Беларусі, то тут, апроч таго, вайна выклікала прамысловы крызыс. Тавары польскай і беларускай прамысловасьці звычайна мелі шырокі рынак на Далёкім Усходзе. Вайна заняла залезныя калеі на Усход для сваіх мэт і, такім спосабам, зачыніла рынак збыту. Фабрыкі і іншыя прадпрыемствы пачалі скарачаць свой выраб, а некаторыя і зачыняцца. Расло безрзбоцьце. На гэтым фоне ўзрастаў рабочы рух па гарадох. Крызіс у горадзе закрануў і вёску, каторая згубіла і без таго малы заработак. Мацней стала душыць яе малазямельле і панская эксплёатацыя. І на вёсцы ўзрастае рэволюцыйны настрой. Яна глуха шуміць. Усюды пачынаюць паступаць усё часьцей і часьцей справы аб самавольных парубках дрэва ў казённых, удзельных і панскіх лясох, аб самавольнай пасьцьбе быдла на панскіх землях.

Лібэральных банкетаў, каторыя шырокаю хваляю абхапілі ў восень 1904 году Расію, на Беларусі было вельмі мала. Тут ня было таго земства, наўкола каторага групавалася лібэральная «багетная» опозыцыя ў Расіі. Што датычыць гарадзкога самакіраваньня, то яно найчасьцей групавала наўкола сябе ці польскіх, ці рускіх нацыяналістых-чорнасотікаў. Некалькі банкетаў утварыў «Яўрэйскі Саюз Роўнапраўя». У Менску лібэралы організавалі банкет у будынку гарадзкой думы. Была прапановам рэзолюцыя з запатрабаваньнем констытуцыі. Банкет скончыўся заарыштаваньнем на некалькі гадзін аднаго з палякоў-адвакатаў і перапіскай асоб, прысутных на банкеце. Зразумела, што ніякага ўплыву на жыцьцё ні Ў Расіі, ні тым больш на Беларусі банкеты ня мелі.

Стрэлы, накірованыя ў пецярбурскі пролетарыят 9 студзёна 1905 году, палажылі пачатак рэволюцыі і на Беларусі. Тут пролета рыят адгукнуўся на гэтыя стрэлы стачкамі. У Вільні забастоўка цягнулася 3 дні і абхапіла каля 4.000 рабочых. Менск баставаў 3 дні. У Гомлі баставалі цэлы тыдзень каля 2.000 рабочых. У Крынках Горадзенскай губэрні баставалі каля 2.000 рабочых. Яны захапілі ў свае рукі мястэчка, і поліцыя цэлы дзень не магла туды ўвайсьці. У Віцебску баставалі 6 дзён 1.200 рабочых. Забастоўкі ў сярэднім ад 2 да 4 дзён адбыліся ўва ўсіх губэрскіх і павятовых гарадох Беларусі, а таксама і ў іншых прамысловых пунктах. Для аднастайнага кіраўніцтва рабочым рухам паміж рознымі соцыялістычнымі партыямі адбываліся згоды. Такія згоды вядомы, напр., у Вільні, Менску, Бабруйску і г. д.

Рух перакінуўся ў вёску, каторая пачала барацьбу з буйным і сярэднім земляўласьніцтвам. Барацьба была ўпартая і зацяжная. Разгар яе падае на вясну і лета 1905 году, а цягнецца яна аж да 1907 году. Ідзе адкрытая самавольная парубка лесу, заворваецца панская зямля. Палаюць мясцамі панскія маёнткі, стагі і г. д. Былі здарэньні забойства больш абрыдлых паноў. Тэрор проці паноў атрымаў большае разьвіцьцё ўва Ўсходняй Беларусі, у губэрнях Віцебскай, Магілёўскай і часткай Менскай. Там нават утварыліся па вёсках баявыя дружыны. У заходняй частцы Беларусі, Літве і Польшчы мы спатыкаемся ўжо з больш організованай барацьбой, накіраванай супроць панскага земляўласьніцтва. Тут, як сродак барацьбы, ужываецца стачка. Прымаючы удзел у вяскава-гаспадарчых стачках, сялянства, з аднаго боку, руйнавала моц панскай гаспадаркі, з другога боку—павялічвала для пастаянных батракоў і падзённых рабочых заработную плату, каторая на Беларусі была вельмі нізкаю. Малазямельле і безьзямельле гналі тут селяніна прадаваць за бясцэн сваю рабочую сілу на панскім двары. Трэба адзначыць, што галоўную ролю ў сялянскім рэволюцыйным руху гралі батракі, за каторымі йшлі ня толькі сяляне-беднякі, але й сераднякі. Што датычыць да заможнага беларускага сялянства, каторае за часы існаваньня сялянскага пазямельнага банку да старых надзелаў нешта яшчэ дакупіла, то яно не спачувала руху з прычын зразумелых. Разам з засьцянковаю і фальварковаю шляхтаю яно было воража настроена да рэволюцыі і трымала сябе пасыўна.

У жніўні 1905 году зьявілася пастанова царскага ураду аб так званай булыгінскай Думе, надзеленай законарадчымі правамі. Усе соцыялістычныя партыі на Беларусі, апроч адных меншавікоў, абвясьцілі гэтай Думе бойкот. На чале барацьбы з Думай на Беларусі становіцца Бунд і організуе шырокую кампанію бойкоту выбараў у Думу. Рэволюцыйны рух ня спыняецца. Кастрычнікавая забастоўка руйнуе булыгінскую Думу. 17 кастрычніка Мікалай ІІ выдае маніфэст аб констытуцыі, а 21—маніфэст аб амністыі за політычныя праступствы. Забастоўка пракацілася па ўсёй Беларусі з маніфэстацыямі і тэрорыстычнымі актамі, каторыя былі адказам на стрэлы ў маніфэстантаў з боку мясцовай улады. Як і ў студзень рэволюцыйны рух на Беларусі праходзіць ня толькі па гарадох; ён глыбока закранае вёску. Беларускае сялянства скідае валасную адміністрацыю, праганяе земскіх начальнікаў, стражнікаў і г. д., чакае вясны, каб захапіць панскую зямлю.

У канцы лістапада 1905 году рабочыя Пецярбургу ўтварылі Савет Рабочых Дэпутатаў, каторы 2 сьнежня выдаў свой вядомы маніфэст. У Менску маніфэст быў атрыман 5 сьнежня і надрукован для пашырэньня ў ліку 5.000 экз. Вынікла пытаньне аб утварэньні Саветаў Рабочых Дэпутатаў і на Беларусі: у Вільні, Беластоку і другіх рабочых цэнтрах. Саветы ня былі ўтвораны, дзякуючы таму, што бундаўцы і польскія соцыялістыя не згадзіліся на іх. Вельмі хутка самаўладзтва, сабраўшы ўсе свае сілы, пачало рашучую барацьбу з рзволюцыйным рухам. Пецярбурскі Савет быў заарыштован. Ува ўсе буйныя рабочыя цэнтры былі пасланы войскі, у паўсталыя вёскі — карныя атрады. Зноў пачалася забастоўка. 8 сьнежня далучыўся да яе Менск, 12 сьнежня—Вільня. Пролетарская Масква пакрылася барыкадамі. Палажэньне царызму было вельмі няцьвёрдае. Толькі неорганізованасьць рэволюцыйных сіл дае яму магчымасьць атрымаць перамогу над рэволюцыяй. Маскоўскае паўстаньне прыпынена, рэакцыя атрымала верх як у Расіі, так і на Беларусі. Пашлі масавыя расстрэлы, арышты, высылкі і г. д. Для Беларусі рэакцыя, апроч таго, прынесла яўрэйскія пагромы (Гомель, Беласток і інш.).

Разам з політыка-соцыяльным пытаньнем, рэволюцыя на Беларусі падняла і нацыянальнае пытаньне. У 1903 годзе, як мы казалі вышэй, Бунд выступіў з радоў РС-ДРП. Рэволюцыя 1905 году зноў паставіла пытаньне аб сьціслым злучэньні ўсіх нацыянальных організацый соцыял-дэмократыі. Вынікала пытаньне аб злучэньні Бунду з РС-ДРП. Адна частка Бунду ня была прыхільнаю да злучэньня. За два гады асобнага існаваньня Бунду яна звыклася з такім яго палажэньнем і хацела захаваць і на далейшыя часы поўную яго незалежнасьць і самастойнасьць. Былі супраціўнікі такога погляду. Яны лічылі, што Бунд павінен увайсьці ў РС-ДРП з захаваньнем у складзе яе самастойнасьці сваёй організацыі. У красавіку 1906 году ў Стокгольме сабраўся IV зьезд РС-ДРП. Зьезд прыняў проэкт аб’яднаньня Бунду з РС-ДРП. На аснове яго Бунд уваходзіць у склад РС-ДРП, як організацыя яўрэйскага пролетарыяту, неабмяжованая ў сваёй дзейнасьці раённымі рамкамі. Ён прымае агульную програму партыі і пастановы агульнапартыйных зьездаў. У гэтых рамках па пытаньнях агітацыі, пропаганды і організацыі Бунд мае самастойнасьць. Ён мае мясцовыя організацыі, цэнтральныя ўстановы і зьезды. Організацыі Бунду пасылаюць сваіх прадстаўнікоў на агульнапартыйны зьезд і конфэрэнцыі; Бунд мае сваіх прадстаўнікоў у ЦК партыі, лік іх вызначаецца па згодзе між ЦК Бунду і ЦК партыі. На Міжнародных соцыялістычных конгрэсах у дэлегацыі ад партыі павінны быць і прадстаўнікі Бунду. У верасьні 1906 году пытаньне аб аб'яднаьні з РС ДРП было пастаўлена і на VII зьезьдзе Бунду. Яшчэ да зьезду гэтае пытаньне было разгледжана па організацыях Бунду і дзеля гэтага на самым зьезьдзе доўга над ім ня спыняліся. Зьезд большасьцю 48 галасоў проціў 20 вынес такую пастанову: зацьвердзіць прынятыя IV зьездам РС-ДРП умовы аб'яднаньня і абвясьціць аб’яднаньне Бунду з РС-ДРП адбытым. У канцы пастановы ёсьць такі дадатак: «Зьезд заяўляе, што, уступаючы ў РС-ДРП і прымаючы яе програму, Бунд не зьмяняе свае програмы па нацыянальным пытаньні, і што гэта програма, прынятая VI зьездам Бунту, можна быць пераменена ці выкасавана толькі зьездам Бунду».

Такім спосабам, як мы бачым з вышэйпаданага, злучэньня Бунду з партыяй адбылося, але яно было толькі формальным. Аб’яднаных організацый Бунду і РС-ДРП і пасьля злучэньня ня было як у цэнтры, так і на мясцох. Бунд увашоў у партыю, як самастойная організацыя яўрэйскага пролетарыяту. Адбытае аб’яднаньне было пабудована на прынцыпе нацыянальнага разьмежаваньня. Поруч з тым, Бунд паступова ўсё больш і больш адходзіў ад бальшавіцкай фракцыі партыі і збліжаўся з меншавіцкаю. У 1911 годзе ён дашоў да сьціслага організацыйнага зьвязку з меншавікамі. Гэты зьвязак трываў аж да самага канца 1918 году.

Побач з Бундам, на Беларусі працуе, як мы казалі вышэй, і другая нацыянал-сацыялістычная партыя—Беларуская Соцыялістычная Грамада. Дзякуючы спэцыфічным умовам жыцьця на Беларусі, у ёй, як і ў Бундзе, віднае месца займае нацыянальнае пытаньне. Соцыялістычная частка яе програмы няясная. Партыя вядзе жывыя зносіны і мае цесную сувязь з ППС. Даволі часта па практычных пытаньнях яна контактуе сваю працу з партыяй С-Р. Пасьля спаду рэволюцыйнай хвалі Грамада, як і ўсе другія соцыялістычныя партыі, хаваецца ў падпольле. З організацыйнага боку ўтвараюцца 2 краёвыя камітэты партыі, першы ў Менску і другі—у Вільні. Партыя выдае пры дапамозе ППС рад проклямацый у беларускай мове, разьлічаных на вясковага чытача.

У капцы 1905 году Б. С. Грамада заснавала ў Менску падпольную беларускую друкарню. Друкаром у ёй быў Ф. Станкевіч, каторы навучыўся гэтай справе заграніцаю ў Галіцыі, куды ў свой час для гэтай мэты пасылаўся партыяй. Зразумела, што, дзякуючы гэтаму, друкарская праца Грамады значна паляпшаецца і пашыраецца. Асаблівым посьпехам сярод мас карыстаюцца вершы рэволюцыянэркі-поэтэсы Цёткі (А. Пашкевіч): «Мора», «Хрэст на свабоду», «Пад штандарам» і інш. Адозвы і вершы, надрукаваныя Грамадой, найчасьцей абходзяць соцыяльныя пытаньні і абмяжоўваюцца політычным зьместам. Першае месца займае барацьба з рускім самаўладзтвам. Кідаецца ў вочы замена лёзунгу «Пролетары ўсіх краёў, злучайцеся!» на лёзунг «Працавітая[1] бедната ўсіх краёў, злучайся!» Гэты факт гаворыць нам аб тым, што БСГ пачынае глядзець на сябе хутчэй як на сялянскую, чым пролетарскую організацыю.

Беларускаю друкарняю і беларускаю моваю карыстаюцца для сваіх адозваў і проклямацый і іншыя падпольныя організацыі краю. Беларускай мовай карыстаюцца, напрыклад, нават літоўская падпольная організацыя «Драў-час» («Таварыш»), каторая потым прымае назву літоўскай Соцыял-Дэмократычнай Рабочай Партыі. Асабліва часта карыстаецца беларускаю моваю «аграрная група» РС-ДРП для больш пасьпешнай працы сярод беларускага сялянства. Часам карыстаюцца беларускаю моваю звычайныя вясковыя (раённыя) організацыі РС-ДРП, каторым прыходзіцца працаваць сярод вясковага жыхарства. Вядома, напрыклад, што раённая капыльская організацыя, у каторай працуе беларускі пясьняр пролетары Цішка Гартны (Д. Жылуновіч), выдае ў беларускай мове падпольны тэлеграфаваны журнал пад назваю «Голас нізу». Гэтым журналам вельмі зацікавіўся ў свой час вядомы рускі пісьменьнік Максім Горкі (Пяшкоў).

Бел. Соц. Грамада імкнецца працаваць і найчасьцей працуе ў вёсцы. Ужо перамена партыйнага лёзунгу з чыста пролетарскага на працоўна-бядняцкі гаворыць аб гэтым імкненьні Грамады ў бядняцкія вясковыя колы. І трэба прызнаць, што агітатары Б. С. Грамады забіраліся вельмі часта ў такія глухія вясковыя куткі, куды дагэтуль ніякая соцыялістычная агітацыя і пропаганда не пападала. Асаблівую увагу Грамада зьвярнула на працу сярод вяскова-гаспадарскіх рабочых у маёнтках. Наўкола рабочых групавалася наогул беларуская сялянская бедната, каторая, дзякуючы малазямельлю і безьзямельлю, павінна была за бясцэн прадаваць сваю працу ў панскіх маёнтках.

Яшчэ ў сакавіку 1905 году ў Менску сабраўся першы сялянскі зьезд. Тут уплыў Грамады быў вельмі моцны. Гэта відна ўжо з таго, што зьезд, апроч пастановы, каб адабраць зямлю ад паноў, касьцёлаў, царквей, манастыроў і г. д., ухваліў патрэбу для Беларусі краёвай аўтаноміі з соймам у Вільні, што, бязумоўна, магло выходзіць толькі ад работнікаў Грамады. Як вынік зьезду, організуецца Грамадою ў тым жа 1905 годзе Беларускі Сялянскі Саюз, каторы організацыйна ўстанаўляе пастаянную сувязь БСГ з беларускаю вёскаю. Да нас дашла невялічкая лістовачка пад загалоўкам «Беларускі Сялянскі Саюз», выданая ад імя комітэту саюзу. Тут вызначана, што Дума, якую царскі урад абяцае склікаць, ня дасьць карысьці сялянству і дзеля гэтага яму зусім непатрэбна. Усе сяляне павінны дабівацца скліканьня Ўстаноўчага Сойму з прадстаўнікамі ад сялянства. Толькі ён адзін можа здаволіць, як належыць, патрэбы сялянства. Усе землі, лясы, рэкі, вазёры і нетры павінны перайсьці ў рукі ўсяго народу. Зямлёю павінен карыстацца толькі той, хто сам на ёй працуе. Самы парадак перадачы прыроднага багацьця народу павінны ўстанавіць па справядлівасьці народныя прадстаўнікі кожнага краю.

У студзені 1906 г. адбываецца другі зьезд Бел. Соц. Грамады. На зьезьдзе апрацоўваецца нарыс програмы партыі. Афармляецца дэвіз, каторы ўвашоў у карыстаньне яшчэ ў канцы 1905 году: «Працоўная бедната ўсіх краёў, злучайся!» Пачынаецца нарыс програмы так: «Беларуская Соцыялістычная Грамада ёсьць організацыя соцыяльна-політычная беларускага працоўнага народу; (яна) хоча раскідаць цяперашні капіталістычны парадак і аддаць у рукі ўсяго народу зямлю, снасьці рабочыя і ўсе спосабы комунікацыі для супольнага ўладаньня. У гэтай рабоце найбольшая завада—цяперашняя політычная няволя, загэтым БСГ за найблізшую політычную мэту мае: скінуць самаўладзтва ў Расіі разам з пролетарыятам усіх народаў Расійскага гаспадарства». Зьезд асабліва дэтальна спыняецца на аграрным пытаньні, выходзячы з таго, што Беларусь ёсьць наогул краіна вяскова-гаспадарская. З боку дзяржаўнага зьезд ухваліў: Беларусь павінна быць аўтаномнай рэспублікай з соймам у Вільні; як такая, яна павінна ўваходзіць у склад Расійскай Дэмократычнай Фэдэрацыйнай Рэспублікі. Зьезд, апроч програмы, апрацаваў організацыйную ўставу і абраў Цэнтральны Комітэт з 4 асоб: Антона і Івана Луцкевічаў, Вацлава Іваноўскага і Алеся Бурбіса.

Пасьля зьезду праца Грамады на нейкі час моцна пашыраецца. Грамада закладае сувязі і з гарадзкімі рабочымі. Яна праводзіць у Менску амаль што двохмесячны забастоўку шаўцоў, забастоўку парыкмахераў і г. д., організуе культурна-асьветныя рэволюцыйныя гурткі сярод вучнёўскай моладзі, напр., у віленскім настаўніцкім інстытуце, віленскай і менскай духоўных сэмінарыях, віленскай, менскай, магілёўскай гімназіях і г. д. Улетку 1906 году партыя наладзіла і правяла вяскова-гаспадарскія забастоўкі. Яны асабліва ўдаліся пры зборы бульбы ў Віленскай і Менскай губэрнях (бульбяныя забастоўкі). Вядзецца праца сярод гарадзкіх і вясковых настаўнікаў.

У сьнежні 1905 году быў найвышэйшы пад'ём рэволюцыі, каторы выявіўся ў рэволюцыннай збройнай барацьбе рабочых за ўладу ў Маскве. Паўстаньне рабочых было задушана. Рэволюцыя пачала зьніжацца, каб зноў падняцца толькі ў лютым і кастрычніку 1917 году. Пачалася рэакцыя, каторая асабліва ўзмацнілася летам у 1906 годзе пасьля разгону І Думы (9-VII). Зразумела, што рэакцыя перакінулася і на Беларусь. Пачаліся арышты, ссылкі, турма і катарга для ўдзельнікаў рэволюцыі, што не магло не адбіцца на падпольных організацыях па Беларусі. Яны аслаблі і ў колькасьці і ў якасьці. Сярод дробна-буржуазнай партыйнай інтэлігенцыі зьяўляецца плынь так званага легалізму і ліквідатарства. Лігалістыя лічылі, што пры існаваньні падпольнай партыі цэнтр цяжасьці працы павінен легчы на скарыстаньне легальных магчымасьцяй (Дума, прэса, рабочыя клюбы, профсаюзы). Ліквідатары ішлі яшчэ далей і даходзілі да думкі скасаваньня падпольных організацый. Легалізм і ліквідатарства зьявіліся ў Бундзе і ў Грамадзе. Легалізм у Грамадзе выявіўся ў заснаваньні першай легальнай беларускай газэты і ў концэнтрацыі працы грамадаўцаў наўкол гэтай газэты.

  1. Працоўная