Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Міжрэволюцыйныя часы 1905—1917 г.г.

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Рэволюцыя 1905 году на Беларусі Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Міжрэволюцыйныя часы 1905—1917 г.г.
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Нашаніўскае адраджэнства

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Міжрэволюцыйныя часы (1905—1917 г. г.).

Першая легальная беларуская газэта «Наша Доля» адчынілася Ў Вільні ў верасьні 1906 году. Зразумела, што быць штодзённай газэтай «Наша Доля» не магла, бо ня было ні сілы, ні сродкаў. Яна выходзіла раз у тыдзень і мела форму журналу з рысункамі. На чале газэты стаялі сябры Цэнтральнага Камітэту Беларускай Сацыялістычнай Грамады: Іван і Антон Луцкевічы і Вацлаў Іваноўскі. Апроч іх, дзейны ўдзел у газэце прымаюць А. Уласаў, Я. Купала (Я. Луцэвіч) і Я. Колас (К. Міцкевіч). Апошні супрацоўнічае ў газэце, адбываючы кару ў менскім вастрозе за тое, што належаў да настаўніцкага саюзу, які залажыўся быў улетку 1906 году ў сяле Мікалаеўшчыне Менскага павету. Вялікім цяжарам на газэту падае той факт, што яна павінна друкавацца ў двух выданьнях: адно кірыліцаю, а другое лацінкаю, каб часопіс маглі чытаць і беларусы-праваслаўныя, якія ўмелі чытаць паруску, і беларусы-каталікі, якія чыталі папольску. Як газэта легальная, яна, зра зумела, не магла быць і ня была газэтай сацыялістычнай па свайму зьместу. У рэдакцыйным артыкуле 1 нумару было толькі вызначана, што газэта ставіць сваёю мэтаю абараняць інтарэсы вясковага люду і нясьці яму асьвету ў зразумелай для яго мове. Ня гледзячы на такую, на наш погляд, нясьмелую заяву, ня гледзячы на тое, што новая газэта ў самай рэчы была ня клясава-соцыялістычнай, а нацыянальна-дэмократычнай, яна для тых часоў рэакцыі была занадта радыкальнаю і вельмі непакоіла адміністрацыю. На газэту адразу пасыпаліся кары, як з мяшка. З першых 6 нумароў 5 было конфіскавана, а на шостым яна зусім была забаронена.

Энэргія выдаўцоў і культурны пад'ём сярод беларускіх інтэлігэнцкіх кругоў далі магчымасьць зноў зьявіцца ў сьвет беларускаму друкаванаму слову. Праз два месяцы (у лістападзе), замест прыпыненай адміністрацыяй «Нашай Долі», пачала выходзіць «Наша Ніва». Увакол новай газэты згуртаваліся ранейшыя культурнікі з дадаткам новых, больш правых элемэнтаў. Дзякуючы гэтаму, новая газэта была правейшаю за «Нашу Долю». З клясавым кірункам яна зусім парвала і стала на грунт адзінага нацыянальнага фронту. Дэвізы часопісі зьмешчаны ў рэдакцыйным артыкуле № 1 «Нашай Нівы». Там напісана так: «Ня думайце, што мы хочам служыць толькі ці паном, ці адным мужыком. Не, ніколі не! Мы будзем служыць усяму беларускаму пакрыўджанаму народу: пастараемся быць люстрам жыцьця, каб ад нас, як ад люстра, сьвет падаў у цёмнасьць. Мы будзем старацца, каб усе беларусы, што ня ведаюць, хто яны ёсьць, зразумелі, што яны беларусы і людзі, каб пазналі свае правы і памаглі нам у нашай рабоце». Газэта абвяшчае, што яна ня будзе служыць «адным мужыком». Выходзіць, што, апроч пакрыўджаных мужыкоў, яна будзе служыць і «пакрыўджаным паном», каб яны зразумелі, што яны не палякі, ня рускія, а беларусы а ў дадатак да гэтага—людзі. Бязумоўна, газэта ў апошнім выпадку далёка пашла па шляху нацыянальнага фронту і дагаварылася да абсурду. Ясна, што паны не патрабавалі абароны сваіх чалавечых праў.

У рэдакцыйным артыкуле вызначана і тая тактыка, катораю газэта будзе карыстацца, праводзячы ў жыцьцё свае лёзунгі. Там сказана, што газэта «ня будзе пісаць громка, будзе пісаць спакойна, цьвёрда, кідаючы ўсім праўду ў вочы». Дзякуючы сваім скромным дэвізам і нягромкасьці сваіх слоў, газэта неяк праіснавала аж да вайны 1914 года, зрабіўшыся проста лібэральнай газэтай і адбіваючы на сабе ліхалецьце цяжкай эпохі глыбокай апошняй царскай рэакцыі. Трэба ўсё-ж такі прызнаць, што «Наша Ніва» часта выходзіла з рамак сваіх дэвізаў і тактыкі. Паміж яе радкамі часта знаходзім мы здаровыя думкі. Часта яна ня толькі громка гаворыць, нават крычыць. Але ўдары рэакцыі зноў гоняць яе ў русло лібэралізму.

Рэакцыя налажыла сваю пячатку нават на такую моцную організацыю, як Бунд. Яўрэйскія пагромы, каторыя пасьля 17 кастрычніка пракаціліся па паўдня Расіі, перакінуліся і на Беларусь, у Магілёўшчыну, Меншчыну і Гарадзеншчыну. Гэта была помста яўрэйскім працоўным масам за удзел у рэволюцыі з боку царызму. Пагромы выклікалі шырокую эміграцыю яўрэйства ў Амэрыку. Зразумела, што і пагромы і эміграцыя найбольш закранулі бяднейшую наогул і пролетарскую ў асобку частку яўрэйства. А гэта ў сваю чаргу балюча ўдарыла па арганізацыі Бунду, каторая губіла для Беларусі сваіх сяброў, аддаючы найбольш пролетарскую сваю частку соцыялістычным організацыям Амэрыкі. Памалу ў арганізацыі Бунду ўсё больш і больш брала перавагу дробна-буржуазная і інтэлігэнцкая стыхія. Бунд пакаціўся па нахільнай плошчы да меншавізму і легалізму.

Бунд пачынае цікавіцца і прымаць удзел у разьвязваньні такіх пытаньняў, каторыя зусім не павінны датычаць яго, як клясавай арганізацыі. Бунд, напрыклад, прыняў жывы удзел у такім пытаньні, як дзень адпачынку для яўрэйскіх прадпрыемстваў. На аснове закону 15 лістапада быў устаноўлен абавязковы адпачынак у нядзелю для ўсіх без выключэньня прадпрыемстваў і рабочых, да якой-бы веры яны ні належалі. Да гэтага закону яўрэйскія прадпрыемствы і рабочыя сьвяткавалі суботу, а ў нядзелю адчыняліся на 5-6 гадзін. Пасьля закону ад 15 лістапада яўрэйскія прадпрыемствы папалі ў палажэньне, калі ім трэба было сьвяткаваць і суботу, на аснове закону Майсея, і нядзелю, на аснове царскага закону. Такое сьвяткаваньне двух дзён у тыдзень наносіла экономічную страту прадпрыемцам і рабочым яўрэям і было карысна для хрысьціянскіх прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў, каторыя сьвяткавалі толькі нядзелю, а ў суботу ня мелі канкурэнтаў—яўрэйскіх прадпрыемстваў. Дробна-яўрэйская буржуазія разьдзьмухала пытаньне аб абавязковым дні адпачынку ў вялікае нацыянальнае пытаньне. Бунд таксама быў захоплен гэтым рухам.

У часы рэакцыі нацыянальнае пытаньне ў Бундзе пачынае займаць першае месца, адсоўваючы далёка назад клясавыя проблемы. У партыйнай бундаўскай прэсе мы знаходзім вялікі лік артыкулаў аб разьвіцьці яўрэйскай культуры, барацьбе за роўнапраўнасьць і пашырэньне яўрэйскай мовы, за культурна-нацыянальную аўтономію і г. д. Бунд прымае дзейны ўдзел у руху, каторы падняўся навакол пытаньня аб утварэньні сьвецкай яўрэйскай абшчыны. Бунд лічыў, што органы абшчыны, абраныя на аснове агульнага, роўнага, простага і патаемнага галасаваньня, будуць тэю базаю, на каторай будзе будавацца культурна-нацыянальная аўтаномія. Бунд паставіў сабе за мэту ўцяг нуць у гэты дэмократычна-нацыянальны рух рабочых, што яму часта і ўдавалася. Шмат энэргіі было аддадзена на працу ў легальных культурных яўрэйскіх організацыях, як, напрыклад, літаратурна-музыкальна-драматычныя гурткі, вячэрнія рабочыя школы, «Яўрэйскае літаратурнае вобчаства», «Вобчаства для пашырэньня асьветы сярод яўрэяў» і г. д. Яўрэйская культура і мова, каторая ў часы рэволюцыйнага пад’ёму былі для Бунду сродкамі пашырэньня яго ўплыву на рабочыя яўрэйскія масы, цяпер зрабіліся самамэтаю. Як кажа т-ш М. Рафес, Бунд зрабіў поўны паварот да чырвонага яўрэйскага нацыяналізму. «Пачалі раздавацца галасы, што няма нічога дрэннага, калі будуць закладацца асобныя яўрэйскія вольніцы; гаварылі, пісалі і друкавалі ў бундаўскіх органах, што гэта, можа быць, нават вельмі патрэбна, гэта — нават зручна, бо (як пісаў адзін літаратар таго часу Літвак) хворы яўрэй, знаходзячыся ў псыхічна-цяжкім настроі, будзе сябе куды лепш адчуваць, маючы побач з сабою яўрэя, каторы гаворыць з ім у той самай роднай мове, а ня чужога, незразумелага яму хворага другой нацыянальнасьці. Сьвяты жах, каторы раней бундаўцы мелі перад пашырэньнем компэтэнцыі яўрэйскай нацыянальна-культурнай аўтаноміі, паступова вытхнуўся. Пытаньне пачало разважацца не прынцыпова, а чыста практычна; уносіліся розныя пропозыцыі аб пашырэньні компэтэнцыі яўрэйскай нацыянальна-культурнай аўтаноміі. Прынцыповая мяжа паміж Бундам і левым соцыялістычным крылом сіонізму зьнікала» (М. Рафес. Очерки по истории Бунда. 1923, стр. 221).

Такім спосабам, і Бунд і Бел. Соц. Грамада ў часы рэакцыі падпалі моцнаму ўплыву легалізму і ліквідатарства. Клясавыя соцыялістычныя межы забываліся. Падпольная праца ўсё больш і больш аслаблялася. На першы плян была пастаўлена нацыянальна-культурная праца наўкол легалізованых устаноў. Яна патрабавала для сябе шмат работнікаў і шмат энэргіі. І трэба прызнаць, што ў гэтым кірунку як Грамадою, так і Бундам была зроблена значная праца. Зьнік партыец-рэволюцыянэр, яго месца заняў нацыянальны адраджэнец.

Што датычыць гуртка грамадаўцаў, каторыя стаялі на чале «Нашай Нівы», то яны, як зазначалася вышэй, узяліся з вялікай энэргіяй за культурна-нацыянальную беларускую працу. Трэба сказаць, што газэта ў цяжкія часы рэакцыі згуртавала ўвакол сябе шмат бескарысных культурнікаў. Вельмі часта яна з лібэральнага грунту зыходзіла ў бок народніцкага дэмократызму. У такія маманты яна кідала свой лібэральны дэвіз службы «паном і мужыком» разам і схілялася да службы адным прыгнечаным мужыком. Дзеля гэтага газэта ўсё больш і больш пашыралася і рабілася популярнаю ў вёсцы сярод настаўніцтва, вучнёўскай, студэнцкай, сялянскай моладзі, а часам пападала ў мазольныя рукі звычайнага беларускага селяніна, якому яна падаба лася і за сваю простую «мужыцкую» мову. Вёска добра падтрымлівае газэту. На аснове справаздачы рэдакцыі, мы ведаем, што за першыя тры годы свайго вельмі цяжкога існаваньня газэта атрымала 960 корэспондэнцый з 489 вёсак, надрукавала 246 вершаў 61 песьняра і 91 апавяданьне 36 аўтараў. У працу газэты было ўцягнуся шмат народу. «Наша Шва» зрабілася зьбірацелькаю дэмократычна-народніцкай інтэлігенцыі прадрэволюцыйнага тыпу, якая, ня гледзячы на рэакцыю, толькі што пачала нараджацца: тут пісалі народнікі-адраджэнцы, пісьменьнікі і песьняры, як, напрыклад, Янка Купала, Якуб Колас, М. Багдановіч; тут пачаў сваю літаратурную працу будучы пясьняр пролетарскай рэволюцыі Ц. Гартны. Усё гэта людзі, каторыя вышлі ня з панскіх палацаў і маёнткаў, а з працоўных сялянскіх гушч, з глухіх вёсак, з курных хат. Ім ня трэба было сходзіць у нізы і прыстасоўвацца да іх, бо яны самі вышлі з нізоў і добра ведалі жыцьцё іх і іх патрэбы. Газэта «Наша Ніва» зрабілася іх ідэёвым асяродкам, каторы яны падтрымваюць усімі сіламі; дапамагаюць сабранымі і асабістымі грашыма, працаю а нават папераю. Захопленыя ідэяю адраджэньня Беларусі, яны вядуць індывідуальную агітацыю і пропаганду, утвараюць у вёсках культурна-асьветныя гурткі, каторыя даволі часта ўваходзяць у сувязь з падпольнымі соцыялктычнымі арганізацыямі. Царскі урад вядзе бязупынную барацьбу з адраджэнчаскім рухам, вінавацячы яго ў сэпаратызьме і ставячы на адну дошку з соцыялістычнымі клясавымі падпольнымі організацыямі.

Пад уплывам культурна-нацыянальнага руху пачынае расьці выдавецкая справа ў беларускай мове. Дзякуючы таму, што ў Вільні вельмі цяжкія цэнзурныя ўмовы, некалькі грамадоўцаў на чале з В. Іваноўскім засноўваюць у Пецярбурзе коопэрацыйную выдавецкую суполку пад назваю «Загляне сонца і ў наша ваконца». Суполка гуртуе вакол сябе радыкальна-народніцкую беларускую інтэлігенцыю, каторая зьвязана з пецярбурскімі вышэйшымі вучэбнымі ўстановамі. Суполка знаходзіцца ў цеснай экономічнай і ідэёвай сувязі з «Нашай Нівай». Свае выданьні яна друкуе, як і «Наша Ніва», лацінкай і кірыліцай. Яе коштам і працаю былі выданы з аднаго боку—ранейшыя беларускія пісьменьнікі, напрыклад: В. Дунін-Марцінкевіч, Я. Няслухоўскі, Ф. Багушэвіч, з другога боку—новыя, напрыклад: Я. Купала, Я. Колас, А. Паўловіч і інш. Апроч Пецярбургу, утвараюцца беларускія выдавецтвы і ў іншых гарадох, напрыклад, у Менску. Выдавецтвам кніжак займаецца і рэдакцыя газэты «Наша Ніва».

У траўні 1907 году, дзякуючы працы грамадоўцаў і культурнікаў-адраджэнцаў, пасьля ўсялякіх перашкод, зьбіраецца першы зьезд беларускіх настаўнікаў. Ня гледзячы на сыстэматычную русіфікацыю, якая праводзілася сярод настаўніцтва урадам, на зьезьдзе ўсё-ж такі набралася даволі значная група настаўнікаў-беларусаў, каторая адгукнулася на агітацыю адраджэнцаў. Яна палажыла пачатак організацыі «Беларускага настаўніцкага саюзу». Саюз, як відаць з яго статуту, ставіў сабе за мэту аб'яднаць беларускіх настаўнікаў на шырокіх дэмократычных асновах. Ён прапанаваў сваім сяброў вучыць дзяцей-беларусаў у іх матчынай беларускай мове. Настаўніцкі саюз быў хутка выкрыт поліцыяй, разгромлен і больш энэргічныя сябры яго паплацілася турмою, як, напрыклад, пясьняр Я. Колас, катораму за ўдзел у саюзе прышлося праседзіць у менскім вастрозе З гады.

Дэмократычна-народніцкі беларускі рух зьвярнуў на сябе увагу царскай рэакцыі. Ім цікавіліся, з аднаго боку, правыя часткі ўсіх дум і асабліва сталыпінскае міністэрства, а з другога боку, польскія шляхецка-клерыкальныя колы. Утвараецца адзіны агульны фронт польскай шляхты і рускага дваранства і чынавенства, пакірованы на барацьбу з беларускам рухам. І тыя і другія, упарта змагаючыся з ім, высунулі кожны з свайго боку «тоже» беларускі рух. З 1909 году ў Вільні пачынае выдавацца газэта ў беларускай мове пад назваю «Беларусь». Газэта мае клерыкальны, каталіцкі кірунак. Адначасна з гэтым, у Вільні, пры дапамозе царскага ўраду, організуецца дваранска-чыноўніцкае вобчаства пад назваю «Крестьянин», каторае выдае ў рускай мове часопісь «Белорусская жизнь» офіцыяльна-ўрадовага кірунку. Трэба сказаць, што ў сэнсе расколу беларускага руху больш зрабіла польская панска-ксяндзоўская група. Яна глыбей уцёрлася ў беларускі народніцкі рух, мела больш грошы і праз касьцёл часам пападала ў вёску. Што датычыць да руска-чыноўніцкага вобчаства «Крестьянин», то яно з сваёю «западно-русской» орыентацыяй засталося збоку, бо было дыскрэдытавала блізкасьцю да «истинно-русских» чорнасотнікаў. Тым ня менш увесь час ішло безупыннае цкаваньне беларускага нашаніўскага руху з двух бакоў. Яно лягло вялікім цяжарам на нашаніўцаў. Нашаніўцы энэргічна адмяжоўваліся і адбіваліся як ад царскіх воўчых зубоў, так і ад панскага лісінага хваста.

Выбары ў Думу і праца Думы не закранулі зусім беларускай вёскі. Вёска пасылала мэханічна намечаных урадам дэлегатаў, каторыя былі земляўласьнікамі, папамі і зрэдка заможнымі сялянамі. Земляўласьнікі, як палякі, стаялі на варце землеўласьніцкіх польскіх інтарэсаў на Беларусі. Папы і заможныя сяляне падбіраліся з «истинно-русским» кірункам, каб яны маглі скласьці опозыцыю ў адносінах да польскіх паноў. Грамадаўцы і нашаніўцы бойкотавалі Думу. Вёска крыху ажывілася ўлетку 1906 году ў сувязі з разгонам 1-ай Думы і выборскай адозваю. Сацыялістычныя партыі на Беларусі, наперакор пажаданьням самых кадэтаў, карыстаюцца адозваю, як повадам для шырокай агітацыі сярод сялянства. Агітатары заклікаюць вёску не пла ціць падаткаў, не даваць рэкрутаў і шляхам збройнай барацьбы выкінуць цара разам з панамі. Такая-ж самая кампанія праводзіцца і ў пролетарскіх цэнтрах Беларусі. Кампанія ня мела водгуку ні ў горадзе, ні ў вёсцы. Рэакцыя, узброеная да зубоў, моцна трымала ўладу ў сваіх руках. Па гарадох выбары ў думы выклікалі пекле ажыўленьне. Бунд прымаў удзел у выбарах ува ўсе Думы, апроч першай. Яго лінія была ня клясавай, а нацыянальнай. Наогул, паўсюды выбары адбываюцца па нацыянальным курыям. Мы спатыкаемся з польскай, рускай і яўрэйскай гурыямі. Руская й яўрэйская курыі часам разьбіваюцца на правых і левых. З беларускай курыяй мы не спатыкаемся, бо беларусы—жыхары вёскі, каторыя адносіліся да выбараў пасыўна, апроч таго, беларускія політычныя і культурныя організацыі бойкотавалі ўсе Думы.

Увосень 1913 году рэакцыя, пасьля амаль што двухгадовай падгатоўкі, пусьціла ў ход вядомы процэс Бэйліса. Угалоўныя праступнікі забілі ў Кіеве хлопчыка Андрэя Юшчынскага. Урад прыцягнуў да адказу яўрэя Бэйліса, вінавацячы яго ў рытуальным забойстве. У паветры запахла сярэднявяковымі процэсамі інквізыцыі. Беларусь, каторая была цэнтрам яўрэйства ў імпэрыі, балюча перажывала гэты процэс. Буржуазія яўрэйская абвясьціла ў дзень працэсу агульны пост і малітву. Гэты лёзунг пасіўнасьці і апатыі ня мог захапіць яўрэйскіх рабочых мас. Бунд падняў пытаньне аб забастоўцы протэсту і пачаў праводзіць яе. Рабочыя масы адгукнулася на покліч Бунду. Забастоўкі адбыліся ў Вільні, Менску, Магілёве і другіх гарадох. Ня гледзячы па шырокучо чорнасотніцкую агітацыю, беларуская вёска трымала сябе ў вадносінах да злосна абвінавачанага яўрэйства вельмі спакойна. Ураду не ўдалося організаваць нідзе пагрому. Ня гледзячы на тое, што міністар юстыцыі Шчэглавітаў вельмі старанна падбіраў склад суду, назначыўшы туды судзьдзяў-юдафобаў, процэс для ураду праваліўся, і ні ў чым не павінны Бэйліс быў апраўдан. Урад не чакаў такога канца. Абураны няўдачай, ён абрушыўся з рэпрэсіямі на рэдактароў лібэральных газэт і адвакатаў. Як вынік процэсу Бэйліса, адбыўся вядомы процэс адвакатаў у Пецярбурзе, які скончыўся за месяц да вайны (IV, 1914 г.) асуджэньнем 25 адвакатаў.

У ліпені 1914 году рускі урад зноў утварае «аддушыну». Распачынаецца вялікая імпэрыялістычная вайна паміж так званымі вялікімі дзяржавамі, на грунце экономічмых супярэчнасьцяй паміж імі. Рускі урад сьпешна прымае ў вайне удзел. Што датычыць да Беларусі, то яна, як заходняя частка імпэрыі, адразу робіцца тым фронтам, на каторым ідзе крывавая бойня працоўных мас Расіі, Гэрманіі і Аўстрыі, каторыя гінуць дзеля інтарэсаў пануючых кляс гэтых гаспадарстваў. На працягу гэтай бойні ня толькі льлецца кроў, але руйнуецца ўвесь дабрабыт Беларусі наогул і асабліва заходняй яе часткі. Прыпыняецца ўся мірная праца, і край становіцца на ваенную нагу. Зямля ўзрыта акопамі і ямамі, абцягнута калючымі драцянымі загародкамі. Паляцца і руйнуюцца гарады і вёскі, пустошаць палі, лугі і лясы. Для Беларусі, апроч таго, настаюць доўгія часы добра вядомага ўсім нам бежанства, каторае лягло цяжкім крыжам якраз на працоўныя яе масы і каторае не зьліквідааана яшчэ й дагэтуль. Дакладнага ліку бежанства мы ня маем, але толькі па прыблізным падліку з тэрыторыі Беларусі выехала і вышла на ўсход у Расію каля двух мільёнаў людзей. Частка іх пачала цяжкі бежанскі шлях па сваёй уласнай ахвоце, зрушыўшыся з наседжаных гнёзд пад страхам ваеннага тэрору. Частка павінна была зьняцца з месца па загаду ваеннай улады, каторая чамусь лічыла немагчымым, каб пры адступленьні рускай арміі жыхары заставаліся на пакінутым арміяй месцы. У некаторых мясцох казакі, каторыя адходзілі на ўсход апошнімі, палілі вёскі і мястэчкі і гналі беларускую і яўрэйскую масу ў Расію, дзе бежанцаў чакала горкая доля. Калі тыя, што выехалі па сваёй ахвоце, вязьлі з сабою сякія-такія рэчы, то выгнаныя сілком апынуліся амаль што голымі. Што рабілася на бежанскім шляху, ня трэба казаць. Кожны і цяпер можа пазнаць дарогі, па якім ішлі бежанцы, па тых капцох-магілах, каторыя насыпаны з двух бакоў ад дарогі.

У 1918 годзе беларускі нацыянальны комісарыят у Маскве рабіў рэгістрацыю бежанцаў-беларусаў. У рэгістрацыйнай картачцы, па між іншым, была графа з запытаньнем аб працы, якой займаліся бежанцы, выкінутыя імпэрыялістычнаю вайною за межы Беларусі. Па адказам, зьмешчаным у гэтай графе, мы ўкосна можам выявіць сацыяльнае палажэньне беларускіх бежанцаў. Графа дае нам такія матар’ялы: чорнарабочымі працавала 50 проц. усёй бежанскай масы, майстравымі былі 12,8 проц., земляробствам займаліся 23,6 проц. і нясьлі інтэлігенцкую працу 10,9 проц. З вышэйпаданых статыстычных матар’ялаў даволі ясна відаць, што бежанства пала якраз на працоўныя нізы Беларусі. Найчасьцей гэта былі сяляне, адарваныя ад зямлі, меншая частка каторых і ў палажэньні бежанцаў неяк абсажвалася на зямлі, а большасьць зарабляла хлеб чорнаю працаю.

Вайна і бежанства выкінулі на вуліцу і аставілі бяз хлеба шмат зьнішчанага, а часам і пакалечанага народу. Гэтая абяздоленая галодная маса пагражала царызму. Трэба было ўтварыць нейкія паліятывы, каб зрабіць уражаньне дапамогі бежанскім масам. У розных гарадох Расіі закладаюцца бежанскія комітэты дапамогі ахвярам вайны. Будуюцца для бежанцаў баракі, харчавальныя пункты, раздаюцца пайкі натураю і грашыма. Вельмі хутка бежанскія комітэты пачынаюць ахварбоўвацца ў нацыянальныя хваробы. Вынікаюць польскія, яўрэйскія, літоўскія, латыскія і інш. комітэты. Дзе-ні-дзе ёсьць спробы з’організаваць і беларускія комітэты. Урад і русіфікаваная беларуская чыноўная інтэлігенцыя перашкаджаюць організавзць беларускія бежанскія комітэты, лічачы, што гэта ёсьць выяўленьне беларускага сэпаратызму. Зразумела, што, дзякуючы гэтаму, вельмі часта беларусы-бежанцы пападалі яшчэ ў горшае палажэньне, як бежанцы інш. нацыянальнасьцяй.

У пачатку верасьня 1915 году нямецкія войскі занялі Вільню. Руская армія пачала адыходзіць далей на ўсход, і Заходняя Беларусь папала ў раён так званай першай акупацыі. Сюды ўвашлі—Горадзеншчына, большая частка Віленшчыны і невялічкая частка Меншчыны. Кайзэраўская Гэрманія адчувала сябе ў гэты момант гаспадыняю палажэньня і вуснамі свайго канцлера абвясьціла, што вызваленыя ад Расіі землі яна ня верне ёй назад. У дэмократычных інтэлігенцкіх колах Віленшчыны нямецкае «вызваленьне» абудзіла незалежніцкія думкі. 19-га сьнежня 1915 гаду апублікоўваецца на чатырох мовах—беларускай, літоўскай, польскай і яўрэйскай—«Унівэрсал конфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага». Тут абвяшчаецца, што прадстаўнікі беларускіх, літоўскіх, яўрэйскіх і польскіх організацый утварылі канфэдэрацыю, дабіваючыся, «абы Літоўскія і Беларускія землі, каторыя здаўна прыналежалі да Вялікага Княства Літоўскага, а цяпер апанованы нямецкімі войскамі, станавілі пры новых гістарычных варунках неразьдзельнае цела на фундамэнце незалежнасьці Літвы і Беларусі». Сябры конфэдэрацыі зьвяртаюцца да ўсіх грамадзян краю, каб яны, забыўшы ўзаемныя крыўды і сваркі, у імя карысьці супольнай бацькаўшчыны, прылучыліся да канфэдэрацыі (Зборнік «Наша Ніва» 1920 г стар. 7).

З усіх прызываў нічога ня вышла. Паміж палякамі і прадстаўнікамі другіх нацыянальнасьцяй адразу пачаліся «ўзаемныя крыўды і сваркі». Польскае панства мысьліць Літву і Беларусь, як складаныя непадзельныя часткі будучай Рэчы Паспалітай Польскай. Узмацняецца полёнізатарства. Конфэрэнцыя чатырох краёвых нацыянальнасьцяй распадаецца. Тым ня менш, беларуская культурна-грамадзянская праца ў Заходняй Беларусі разьвіваецца. Адчыняюцца беларускія школы, друкуюцца кнігі, выходзіць беларуская газэта «Гоман». Існуюць беларускія організацыі—Беларускі Комітэт для дапамогі пацярпеўшым ад вайны, Беларускі Клюб, літаратурна-асьветнае таварыства «Золак», навуковае таварыства, беларускі настаўніцкі саюз і інш. Як завяршэньне організацыі, утвараецца «Цэнтральны Саюз беларускіх нацыянальных грамадзкіх організацый». Прадстаўнікі яго ў красавіку 1916 году прынялі ўдзел у Стокгольмскай Конфэрэнцыі народаў Расіі, дзе яны ад імя беларускага народу заявілі, што ён чакае вызваленьня з-пад ярма расійскай няволі.

У чэрвені 1916 году беларускія прадстаўнікі падаюць асобую мэморыю на трэцяй конфэрэнцыі народаў у Лёзане. Гэта мэморыя («Вольная Беларусь», 1917 г. № 21, ст. 2-3) выкладае гісторыю Беларусі з ІХ ст. да 1916 году. Асаблівая увага зьвяртаецца на ўціск царскае Расіі над беларускім народам. Вайна сваім цяжарам таксама найбольш душыць Беларусь. «Каля году ўжо, як армія расійская і нямецкая б’юцца на землях Беларусі і Украіны, і люд гэтых старонак мусіць цярпець усе жахі вайны, будучы выстаўлен на поўнае руйнаваньне яго экономічнага быту і спыненьне культуры». Канчаецца мэморыя так: «Цяпер, дзякуючы конфэрэнцыі народаў, мы маем магчымасьць першы раз за сто дваццаць гадоў заявіць цывілізованаму сьвету аб поўным браку ў нас правоў, ад каторага мы цярпелі ў дзяржаве Расійскай. Мы просім у цывілізаваных народаў спагады нам і падтрыманьня, каб змусіць шанаваць нашы нацыянальныя і культурныя правы. Мы можам мець нарэшце надзею, што які-б сабе ня быў канец вайны, эўропэйскія народы памогуць нам запэўніць Беларусі ўсе політычныя і культурныя правы, якія дадуць нашаму народу магчымасьць вольна разьвіваць свае інтэлектуальныя, маральныя і экономічныя сілы, і што гэтыя правы дазволяць нам быць гаспадарамі на нашай уласнай зямельцы». Надзеі беларускіх дэмакратаў ня спраўдзіліся. «Цывілізованыя» народы не маглі даць і не далі Беларусі ніякіх праў.

Між тым літоўскія нацыяналістычныя колы па-за плячыма беларусаў пачынаюць вясьці асобныя зносіны з нямецкім камандваньнем і хутка зусім парываюць з беларускімі коламі. Пры дапамозе немцаў яны ўтвараюць у Літве і Заходняй Беларусі «Літоўскую Народную Рэспубліку», на чале каторай становіцца Літоўская Дзяржаўная Рада, палітоўску «Тарыба». Сталіцай новай рэспублікі абвяшчаецца Вільня. Дзяржаўныя пляны беларускіх незалежнікаў, такім спосабам, разваліліся. Што да Ўсходняй Беларусі, што засталася ў межах царскай Расіі, то яна перажывае разам з ўсёю імпэрыяй астатнія часы перадрэволюцыйнай рэакцыі. На яе межах ляжыць паласа Заходняга фронту царскай арміі. Мясцовыя інтарэсы засланяюцца агульнарасійскімі інтарэсамі. А сярод салдат на фронце ўжо адчуваецца прыбліжэньне Лютаўскай рэволюцыі. Усходняя Беларусь цалком увойдзе ў русло вялікай рускай рэволюцыі.