Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Разьвітак рабочага руху і зубатаўшчына

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларускі рух у канцы XIX сталецьця Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Разьвітак рабочага руху і зубатаўшчына
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Рэволюцыя 1905 году на Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Разьвітак рабочага руху і зубатаўшчына.

Калі народніцкі рух на Беларусі быў зьвязан з беларускай вёскай, то рабочы марксыцкі рух нашага краю быў зьвязан з горадам і мястэчкам, каторыя, дзякуючы «межам аселасьці» і другім падобным законам і распараджэньнем царскага ураду, былі перапоўнены яўрэйскім жыхарствам. Калі сялянства на Беларусі было прадстаўлена беларусамі, то пролетарыят і дробнае рамесьніцтва былі прадстаўлены амаль што выключна яўрэйствам. Яўрэйская буржуазія, асабліва буйная, як заможная групіроўка яўрэйства, усялякімі праўдамі і няпраўдамі вырывалася з свайго «гетто» на вольны прастор і знаходзіць больш-менш смачныя кавалачкі за межамі яўрэйскай аселасьці. Ёй лягчэй было знайсьці здабычу і на тэрыторыі Беларусі. Зусім інакшым было палажэньне яўрэйскага пролетарыяту і наагул яўрэйскай пра цоўнай беднаты. Сьціснутая штучна ў гарадох і мястэчках Беларусі, яна задыхалася ад узаемнай канкурэнцыі і беспрацоўя. Разам з яўрэйскім рабочым душыўся ў вузкім глухім кутку пападаўшы сюды і рабочы другой нацыі. Эксплёатацыя рабочага на Беларусі даходзіць да страшэнных разьмераў. Рабочы дзень даходзіць да 14, а часам да 16 і 18 гадзін у суткі. Рабочы 3. Райчук, успамінаючы аб тых часох, піша: «мне было тады ўсяго 15-16 гадоў, але працаваць прыходзілася па 17-18 часоў у суткі» («Звезда», 1923 г. 14/III, № 59).

Само сабою зразумела, што, дзякуючы такім умовам жыцьця, яўрэйскі рабочы, а разам з ім і наогул рабочы на Беларусі павінен быў організавацца і ратавацца ад эксплёатацыі куды раней, чым у Расіі. Рабочыя організацыі па гарадох Беларусі існуюць з пачатку 80-х гадоў. Гэтыя організацыі ў некаторых местах яднаюць шмат рабочых. У Менску, напрыклад, рабочыя марксыцкія гурткі ў 1880-2 г. г. налічваюць па 150-200 чалавек. Цікава, што, ня гледзячы на тое, што пераважнай большасьцю членаў гурткоў зьяўляюцца яўрэі, нацыянальнае яўрэйскае пытаньне тут не стаіць востра. Кіраўнікі і сябры гурткоў карыстаюцца як легальнай, так і нелегальнай літаратурай у рускай і польскай мовах. Інтэлігэнты, каторыя кіравалі гурткамі, лічылі сябе рускімі інтэлігентамі. Апроч таго, яны і ня думалі ў той час аб масавай працы сярод рабочых. Сваім заданьнем яны ставілі ўтварыць асобных інтэлігентаў з рабочых, каторыя потым у сваю чаргу рабілі сярод другіх рабочых тую самую працу, што й яны. Праўда, абысьціся зусім без яўрэйскай мовы ўсё-ж такі было немагчыма, бо яўрэйскія рабочыя ў тыя часы яшчэ менш ведалі рускую мову, чым пазьней. Звычайна заняткі ў гуртку адбываліся так: раней чыталася кніжка паруску ці папольску, а потым размовы аб прачытаным і тлумачэньні вяліся ў яўрэйскай мове.

Кіраўнікі першых гурткоў былі найчасьцей марксыстымі. Народніцтва наагул у 80-ыя годы ў гарадох Беларусі пачало губіць сваю популярнасьць; апроч таго рабочы-яўрэй быў пазбаўлен усякай магчымасьці заняцца сялянскай, земляробскаю працаю і асесьці ў беларускай вёсцы. Ясна, што яго не здавальняла народніцтва, праграма каторага была прыстасавана да інтарэсаў селяніна. Зьявілася марксыцкая літаратура, што выдавалася замежнай «Групай вызваленьня працы». У рабочых гурткох на Беларусі ў 80-ыя годы пачалі сваю працу многія вядомыя правадыры сучаснага комуністычнага руху. Паміж іх трэба вызначыць Шарля Рапапорта, каторы зьяўляецца цяпер адным з відных францускіх комуністых.

Апроч агульна-асьветных гурткоў, у канцы 80-х гадоў сярод рабочых на Беларусі зьяўляюцца экономістыя арганізацыі, як, напрыклад, рабочыя пазычковыя касы. Такія касы былі ў панчошніц, краў цоў, скурнякоў і г. д. Кожная каса яднала каля сябе па некалькі дзесяткаў рабочых таго ці іншага рамяства. Тыповым для яўрэйскага рабочага руху было тое, што ў ім прымалі удзел каля 25 прац. жанчын- работніц. Гэта залежала ад экономічнага стану яўрэйскай рабочай масы на Беларусі. У той час, як рабочы-беларус ня згубіў канчаткова сувязі з вёскаю і вясковай гаспадаркай, дзе ён пакідаў для хатняй працы жонку, сястру і дачку, рабочы яўрэйскага паходжаньня быў моцна прыкуты да гораду і адарваны ад вёскі на грунце «часавых правіл 1882 году». Вёска, затрымаўшы пролетарызацыю працоўнай не-яўрэйскай жанчыны, не існавала для яўрэйскай работніцы.


У экономічных рабочых організацыях, каторыя шырэй і глыбей захаплялі яўрэйскую масу, чым агульна-асьветныя гурткі, ужо ня можна было абыйсьціся без яўрэйскай мовы (ідыш). З пашырэньнем працы яўрэйская мова займала тут усё больш і больш месца. Ужо было амаль што немагчыма чытаць кніжкі і артыкулы ў рускай ці польскай мовах. Трэба было іх перакладаць на «ідыш». Такім спосабам, з канца 80-х і пачатку 90-х гадоў пачала зьяўляцца політычная літаратура ў мове «ідыш», раней гэктографаваная, потым друкаваная.

З пачатку 90-х гадоў яўрэйскі рабочы рух ужо робіцца масавым рухам. Усё часьцей і часьцей пачынаюць адбывацца арганізованыя стачкі. Узмацняецца клясавае пачуцьцё яўрэйскага рабочага, расьце разуменьне сваіх інтарэсаў, расьце яго солідарнасьць з інанацыянальнымі рабочымі Беларусі і з рабочымі ўсяго сьвету. Парываецца сувязь паміж яўрэем-эксплёататарам і яўрэем-рабочым. Клясавая барацьба выклікае організацыі ў розных гарадох Беларусі масавых экономічных гурткоў, стачачных кас. Касы добра організованы і маюць падрабяз гова апрацованы статут. У вадным з статутаў заданьне стачачнай касы вызначаецца так: «Мэта касы—аб'яднаць рабочых, каб змагацца за лепшае жыцьцё і даваць сродкі, якія патрэбны для такога змаганьня. Нашы гаспадары прынуджаюць нас працаваць 14-15 гадзін у дзень і даюць нам так мала, што немагчыма жыць палюдзку. Нам канечне трэба ўсім злучыцца і разам старацца палепшыць сваё палажэньне. Але палепшыць сваё палажэньне мы зможам толькі тады, калі будзем адзін з другім злучаны і будзем змагацца ўсе разам, робячы стачку, г. зн. усе кідаць працу і гэтым прыяжджаць гаспадара ўступіць нам ува ўсім, чаго мы патрабуем. Але для таго, каб зрабіць стачку, мы павінны мець сродкі, на каторыя мы маглі-б трымацца... Мы павінны ведаць і памятаць, што ніхто не дапаможа нам грашыма, калі мы будзем мець у іх патрэбу; загэтым мы павінны старацца, каб усімі магчымасьцямі адкладаць грошы хоць-бы й з невялічкай пэнсіі і заснаваць касу, бо чым меншая пэнсія, тым больш трэба змагацца; для гэтай мэты патрэбна такая каса» (Рафес М. Очерки по истории Бунда. 1923, стр. 315—316). Статут ува ўсіх сваіх пунктах падкрэсьлівае значэньне і патрэбу солідарнасьці ўсіх рабочых і праводзіць прынцып самай сьціслай консьпірацыі. Організацыйная частка статуту пабудована на прынцыпе дэмократычнага цэнтралізму: рабочая маса выстаўляе сама сваіх кіраўнікоў, але, выбраўшы іх, яна павінна бясспрэчна іх слухацца. Сходка асобнай касы падпарадкавана раёну, раён—агульна-гарадзкой сходцы.

Такім спосабам, да сярэдзіны 90-х гадоў на Беларусі ўтварыліся рабочыя арганізацыі, што абхапілі шырокія пролетарскія масы. Яўрэйскі рабочы займаў у гэтых арганізацыях першае месца і ў якасных і ў колькасных адносінах. Нацыянальнае пытаньне, каторае раней у іх амаль што не адчувалася, у сярэдзіне 90-х гадоў шукае для сябе выхаду. Польскія рабочыя, папаўшыя пад уплыў і кіраўніцтва нацыяналістычнай «Польскай Партыі Соцыялістычнай», пачынаюць адрывацца ад агульна-рабочых мас. Рабочы-яўрэй, гэты «парыя сярод пролетараў», прыгнечаны царскім самаўладзтвам, таксама пачынае цікавіцца нацыянальным яўрэйскім пытаньнем. Шырокі рух яўрэйскіх рабочых, абкружаных з усіх бакоў шавіністычнай ідэолёгіяй дробнага яўрэйскага мяшчанства, сярод каторага пашыраецца сіанізм і каторае жыве ў вузкай сфэры нацыянальных інтарэсаў,—гэты рух паступова прасякаецца нейкім недавер'ем да інанацыянальных рабочых мас і пачынае ізолявацца на нацыянальным грунце. Праўда, гэтая ізоляцыя не зачыняе яго пролетарскіх вачэй зусім. Ён разумее, што ён куды больш зьвязан з рускім рабочым, чым з сваім «родным» яўрэйскім купцом і фабрыкантам. Хоць ён і парыя мяжы аселасьці, але ён пролетары. Яскравую характарыстыку яўрэйскага клясавага рабочага руху дае М. Я. Фрумкіна. «Нацыянальны ўціск парадзіў тое хворае нацыянальнае пачуцьцё, каторае прыяжджала яўрэйскага рабочага ацэньваць партыі і групоўкі ня з пункту погляду іх об'ектыўнай рэволюцыйнасьці, а з пункту погляду таго, што яны гавораць па пытаньні яўрэйскага роўнапраўя, аб суботнім адпачынку і яўрэйскай мове... Але той самы нацыянальны момант дапамагаў раньняму абуджэньню яўрэйскага пролетарыяту. Надзвычайная згушчанасьць, якую выклікалі асаблівыя гістарычныя умовы, здольнасьць да організацыі, залежная ад бяспраўнасьці, большая ступень эксплёатацыі,—усё гэта вытварала сярод іх (яўрэйскіх рабочых) адпаведныя умовы для разьвіцьця клясавай барацьбы і масавай організацыі, у той час, як такія-ж рамесьнікі, дробна-фабрычныя рабочыя і прыказчыкі ў гарадох Вялікарасіі спалі яшчэ непрабудным сном» («Звезда», 1923 г. 14, ІII, № 59).

Яшчэ ў 1895 годзе ў асобных кіраўнікоў яўрэйскага рабочага руху пачалі вынікаць думкі аб утварэньні «спэцыяльнай яўрэйскай рабочай організацыі», якая была-б кіраўніцаю яўрэйскага пролетарыяту ў барацьбе за экономічнае, грамадзянскае і політычнае вызваленьне (Рафес, тоже, стр. 36). Такая організацыя і аформілася ў кастрычніку 1897 г. ў Вільні пад імем «Агульнага Яўрэйскага Рабочага Саюзу ў Літве і Польшчы», каторы вядом нам пад назваю «Бунду». Па ўспамінах Ар. Крэмера (Аляксандра) справа заснаваньня Бунду абстаяла так: «Усяго адбылося 3-4 пасяджэньні, былі справаздачы з месц, рэфэрат аб патрэбе Бунду. Ніякіх пытаньняў праграмы і тактыкі не разважалася. Дыскусія вынікла толькі наконт назовы. Джон прапанаваў назваць новую організацыю «Яўрэйская Соцыял-Дэмократыя». Гэта назва ня была прынята. Думалі, што гэта назва ня выказвала-б сутнасьці організацыі, каторая складалася з напалову сырых яшчэ рабочых, якія часта ня мелі ніякага паняцьця аб тым, што такое соцыял-дэмократыя. Найбольшую ролю ў руху мелі тады эканомічныя касы. І вось згадзіліся на назьве «Агульны Яўрэйскі Рабочы Саюз» (Алгемейнэр) Ідышэр Арбэйтэр Бунд). Гаварылі паруску. Паяўрэйску гаварылі, здаецца, толькі Ліза з Коўны і шчаціншчык Абрам. Ніякіх формуляваных рэзолюцый не ўхвалілі. Зрабілі пастанову, каб «Арбэйтэр Штымэ» стаў офіцыяльным часопісам Бунду. Абралі Цэнтральны Комітэт, складзены з трох особ: Ул. Касоўскага, Глеба (Мутніка) і мяне (Рафес, тоже, стр. 42).

Так проста й непрыкметна адбыўся важны гістарычны факт заснаваньня Бунду, як соцыял-дэмократычнай організацыі. І гэта зусім зразумела, бо зьезд аформіў толькі тую організацыю, якая была ўжо раней і не адзін год яднала для клясавай барацьбы яўрэйскі пролетарыят. У васнове організацыі ляжалі, як і раней, экономічныя гурткі, стачачныя касы, да каторых цягнула нават клясава несьвядомая яшчэ маса. Яна, аднак-жа, паступова рабілася сьвядомай, як клясава, так і політычна, знаходзячыся ўвесь час пад уплывам кіраўнікоў кас, сьвядомых партыйных работнікаў. Уся бундаўская організацыя, як і асобныя стачачныя касы, была пабудована на прынцыпе дэмократычнага цэнтралізму і кожны момант была гатова весьці барацьбу.

У той час, як Польская Сацыялістычная Партыя замкнулася ў нацыянальных рамках і, такім спосабам, адарвалася ад рускіх працоўных мас, здрадзіўшы лёзунгам старой польскай партыі «Пролетарыят», зьвязанай увесь час з рускім народавольствам, Бунд стаў на процілеглую позыцыю. Ня гледзячы на тое, што ў яго колах зарадзіўся ўжо дробна-буржуазны нацыяналізм, ён цьвёрда разумеў, што яму для сваіх і агульна-рабочых інтарэсаў ня можна парываць сувязі з інанацыянальным пролетарскім рухам, Ён не замкнуўся ў працу сярод выключна яўрэйскіх рабочых мас, а вельмі часта пашыраў свой уплыў на беларускую вёску, дзе яго добра знала вясковая беларуская бедната. Такія беларускія комуністычныя сілы, як Д. Жылуновіч і Д. Чарнушэвіч былі выхаванцамі бундаўскай арганізацыі.

Бунд ня толькі удзельнічаў у заснаваньні агульнарасійскай соцыял-дэмократычнай організацыі ў 1898 годзе, але быў актыўнейшым організатарам першага ўстаноўчага зьезду Расійскай Соцыял-Дэмократычнай Рабочай Партыі. Гэтым і магчыма аб'ясьніць, чаму ўстаноўчы зьезд адбыўся на тэрыторыі Беларусі, у Менску, каторы быў адным з старэйшых і важнейшых цэнтраў Бунду. Такім спосабам, дзякуючы Бунду, каторы быў тэхнічным організатарам зьезду, Менск, сталіца Беларусі, мае гонар быць калыскаю РС-ДРП, а значыць і РКП.

Зноў ня можам прайсьці міма вельмі цікавай характарыстыкі данага моманту, зробленай вядомай рэволюцыянэркай М. Я. Фрумкінай. «Перамога соцыялізму, як момант канчатковага зьніштажэньня нацыянальнага рабства і бяспраўя, барацьба разам з рабочымі другіх нацый, як адзіны шлях да нацыянальнага вызваленьня, — гэты мотыў зьвінеў у душы яўрэйскага рабочага з першых-жа яго крокаў; і калі інтэлігэнцкі-нацыяналістычныя пабудаваньні пазьней затуманілі гэтую простую, ясную думку, то ў першыя годы яўрэйскага рабочага руху яна была пераважнаю. І ня дзіва загатам, што, аб'яднаўшы ў 1897 годзе свае, заложаныя яшчэ з пачатку 90-х гадоў, соцыял-дэмократычныя групы ў «Агульны Рабочы Яўрэйскі Саюз», яўрэйскі пролетарыят ужо ў гэты момант меў перад вачыма плян утварэньня адзінае Расійскае Соцыял-Дэмократычнае Рабочае Партыі. Пасілкі Бунду з аднэй стараны і Кіеўскай Групы «Рабочай Газэты»—з другой, што ўвесь час дзейнічалі ў поўным контакце, давялі да скліканьня першага зьезду РС-ДРП. Тэхнічны бок працы ўзяў на сябе Бунд, ужо меўшы практыку ў такіх справах» («Звезда», 1923 г. 14, ІІІ, № 59). Такім спосабам, у Менску, па ініцыятыве Бунду і Кіеўскай Групы «Рабочай Газэты» быў склікан устаноўчы зьезд партыі, праца каторай павінна была абхапіць і абхапіла ўсю царскую Расію. У невялікім дзеравяным доміку на ўскраіне гораду (Захараўская, 135, цяпер Савецкая, 137) няпрыкметна адбылася вялікая справа. На зьезьдзе былі прадстаўлены ніжэйпаданыя організацыі: 1) Бунд, 2) Група Кіеўскай «Рабочай Газэты», 3) Саюзы Барацьбы: Пецярбурскі, Маскоўскі, Кіеўскі, Харкаўскі, Кацярынаслаўскі і 4) Замежны «Саюз Рускіх Соцыял-Дэмократаў». Ад Бунду былі прысутнымі два дэлегаты: Ар. Крэмер і Гл. Мутнік. З другіх удзельнікаў зьезду мы ведаем— Пятрусевіча, Тучанскага, Ваноўскага, Радчанку і Эйдэльмана. У справе програмы і тактыкі на зьезьдзе гаварылі вельмі мала. Больш прышлося абгаварваць (пытаньні ў справе організацыі соцыял-дэмократыі на шырокай тэрыторыі Расіі. У гэтым кірунку вяліся перагаворы з літоўскімі соцыял-дэмократамі. Перагаворы не далі рэальных вынікаў. Пэпээсаў на зьезд не заклікалі. Бунд увашоў у партыю, як аўтаномная адзінка. Быў абраны Цэнтральны Комітэт партыі з 3-х асоб: Крэмера, Радчанкі і Эйдэльмана і апублікован маніфэст РС-ДРП. Часопісам Цэнтральнага іКомітэту была абвешчана Кіеўская «Рабочая Газэта».

Адразу пасьля зьезду пачаліся арышты. Амаль што ўсе удзельнікі зьезду і ўвесь Ц. К. партыі апынуліся ў турме. Тым ня менш, со цыял-дэмократыя на Беларусі была організавана і магла шырока распачаць сваю працу. Па ўсёй Беларусі пачынаюць організоўвацца рабочыя організацыі як бундаўскія, так і агульна-соцыял-дэмократычныя. Сувязь паміж асобнымі організацыямі мацнее і расьце. Праводзіцца больш рэзкая мяжа паміж марксызмам і народніцтвам.

Пасьля арыштаў соцыял-дэмократычныя організацыі хутка зноў сталі на ногі. Тым ня менш унутранае жыцьцё партыі (перажывала цяжкі крызіс. У партыі вынік напрамак, вядомы пад назваю экономізму. «Экономістыя» лічылі, што рабочая кляса яшчэ не дарасла да політычных інтарэсаў; што для таго, каб павясьці за сабою рабочую масу, трэба зусім адмовіцца ад політыкі і стаць на грунт толькі экономічных інтарэсаў рабочых, што зразумела для шырокіх мас і што іх здавальняе. Толькі пасьля таго, як рабочы пройдзе праз гэтую эканамічную стадыю свайго разьвіцьця, да яго магчыма будзе падыйсьці з політычнай агітацыяй. Эканамізм у партыі стаяў у сьціслай сувязі з так званым легальным марксызмам, каторы рабіў на яго ўплыў. «У экономічным напрамку выявіўся ўплыў буржуазнага лібэралізму, каторы заўсёды і ўсюды, а ня толькі ў Расіі, прагнуўся звузіць заданьне рабочай партыі, зьвясьці рабочы рух да чыста экономічнай барацьбы, пазбавіць яго рэволюцыйнага клясавага характару». (Батурин М. Очерк истории социал-демократии в России. М. 1923, стр. 64). Апроч таго, умацаваньню экономічната напрамку ў партыі дапамагаў пад'ём у Расіі прамысловасьці ў 90-ыя годы. Фабрыкі былі завалены заказамі, асабліва скарбовымі, прадпрыемцы атрымвалі высокі даход і абараняліся урадам ад чужаземнай конкурэнцыі. Каб ня згубіць даходаў, яны пры экономічных вымярэньнях рабочых даволі лёгка рабілі ўступкі і здавальнялі рабочых. Выкінуўшы рабочым лішнюю капейку, яны на гэтым зараблялі лішнія рублі. Зразумела, што рабочыя карысталі з гэтага і лёгка ўцягваліся ў экономічную барацьбу з сваімі гаспадарамі-прадпрыемцамі.

Бунд на Беларусі і ў Польшчы таксама перажываў дамовы крызіс. Яго таксама залівала хваля апортуністычнага экономізму. У той час, як загранічная група «Іскры» (1900 г.) абараняла позыцыю політыка-экономічнай барацьбы пролетарыяту з буржуазным ладам, загранічны камітэт Бунду стаў на позыцыю чыстага экономізму і адмежаваўся ад рэволюцыйна-марксыцкай пазыцыі іскраўскай групы.

А між тым організацыя Бунду ўсё больш урастала ў масу. Вярхі Бунду мелі ў сваім складзе значны лік сьвядомых рабочых, што ўвашлі сюды пасьля доўгалетняй працы ў гурткох і касах і не парвалі сувязі з рабочымі масамі. Карані Бунду глыбока ўрасталі ў яўрэйскую рабочую і рамесьнічую гушчу. Рух захапіў такіх дагэтуль неоргзнізаваных рабочых, як дамавікі, плытнікі, грузчыкі і г. д. Расійскі урад павінен быў зьвярнуць на яўрэйскі рабочы рух асаблівую увагу, бо гэта быў вельмі шырокі, добра організованы, а загэтым вельмі небясьпечны рух. Тым больш, што яўрэйскі рабочы, баронячы свае інтарэсы, ужо адважыўся выходзіць на вуліцу і выступаць проці існуючага парадку. У 1900 годзе, 23, V, у Вільні да 500 рабочых пад кіраўніцтвам рабочага-шаўца Гіршы Лекерта адбілі ад поліцыі тры асобы, арыштаваныя за пашырэньне праклямацый. Падобныя здарэньні бывалі і ў другіх гарадох. Вось што піша аб яўрэйскім рабочым руху дэпартамант поліцыі І—VI, 1900 г. Зубатаву, каторы концэнтраваў у сваіх руках барацьбу з ім: «Абставіны навочна паказваюць, да чаго распушчана яўрэйская маса ў паўночна-заходнім краі і ў якой меры яна зьбіта з глузду раволюцыйнай пропагандай, каторая за апошнія годы абхапіла ўсю мяжу яўрэйскай аселасьці і на тэрыторыі Царства Польскага ўжо пасьпела вызначыцца некалькімі тэрорыстычнымі актамі, а ўласна забойствам 3 рабочых, западозраных у шпіонажы. Палажэньне, як бачыце, трывожнае і патрабуе прыняцьця хуткіх і рашучых мер (Рафес, тоже, стр. 62—63).

Першае, што зрабіў урад у адносінах да рабочага руху на Беларусі—гэта былі рэпрэсіі. Заход Расіі быў абвешчан «на положении усиленной охраны». У Вільно быў назначан губэрнатарам фан-Валь, вядомы, як староньніх рашучых мер. Поруч з рэпрэсіямі, была высунута сыстэма, каторая ад імя яе ініцыятара носіць назву «зубатаўшчыны». Рэпрэсіі, каторыя выхоплівалі з рэволюцыйнага руху тых ці іншых барацьбітоў, дасягалі мэты толькі тады, калі рух быў гуртковы, няглыбокі і ня шырокі, калі ён выклікаўся дзейнасьцю таго ці іншага інтэлігэнта. Ясна, што пры масавым руху, каторы разьвінуўся на Беларусі, мэтод рэпрэсіі ні да чаго ня прыводзіў. Трэба было скарыстаць недахваты рабочага руху, павялічыць іх і такім спосабам разлажыць рэволюцыйны рух.

Зубатаў надумаў скарыстаць для мэт дэпартамэнту поліцыі экономізм як Бунд, так і ўсёй соцыял-дэмократыі. У бундаўскіх колах, прыняўшых у свой склад вялікія масы й несьвядомых рабочых, экономізм быў вельмі пашыраны. Нават у кіруючых колах Бунду часта магчыма было спаткацца з думкаю, што політычная барацьба патрэбна толькі для таго, каб скінуць перашкоды, каторыя стаяць на шляху эканамічнай барацьбы. Апроч таго, у бундаўскіх масах пачаў выяўляцца разлад паміж інтэлігэнцкімі ў агуле вярхамі і рабочымі нізамі. Рабочым здавалася, што вярхі, каторыя клічуць іх да політычнай барацьбы, гэтым перашкаджаюць экономічнай барацьбе за паляпшэньне быту рабочых. Зубатаўская прапаганда праводзіць сярод рабочых думку, што політычная барацьба пакірована на карысьць буржуазіі, што рабочыя павінны весьці выключна экономічную барацьбу, у чым іх падтрымае царызм проціў буржуазіі. Такім спосабам, зубатаўшчына была крайнім пунктам экономізму і легальнага марксізму. Гэта быў прымітыўны зародышавы фашызм нашага часу. Зубатаўшчына вучыла, што рабочыя ў імя сваіх жыцьцёвых экономічных інтарэсаў павінны йсьці за ўрадам і выкінуць з сваёй гушчы рэволюцыянэраў, аддаўшы іх у рукі самаўладзтва.

Зубатаўшчына распачалася ў 1900 годзе ў Менску, дзе былі найлепшыя умовы для яе пашырэньня. Тут у бундаўскіх колах быў вельмі пашыран эканомізм. Каб пераканацца ў гэтым, даволі пазнаёміцца з праграмаю рабочых гурткоў, каторая была зацьверджана Менскім Комітэтам Бунду. Тут ясна сказана, што рабочы ў пачатку павінен быць уцягнут толькі ў экономічную барацьбу. Толькі пасьля гэтага ён паступова ўваходзіць у стадыю політычнай барацьбы. Прычым політычная барацьба ў програме абмяжована непасрэднымі экономічнымі інтарэсамі рабочага. Група бундаўскіх работнікаў, што апрацавалі гэтую програму, і выдзеліла з сябе першых правадыроў зубатаўшчыны на Беларусі, напр., Маню Вільбушэвіч, Грыгора Шахновіча і др.

Адзін з спосабаў агітацыі Зубатава быў такі. Падпольнік-рэволюцыянэр арыштоўваўся і накіроўваўся ў Маскву беспасрэдна да Зубатава. Пры дапамозе застрашваньня, падлогаў, чужых лістоў і подпісаў, абяцанак, льгот і ўсялякіх другіх падобных сродкаў, Зубатаў прагнуўся перацягнуць на свой бок нясталых ці ўжо раней застрашаных рэволюцыянэраў. Часам гэта яму ўдавалася. Асобы, завербаваныя Зубатавым, робяцца правадырамі яго сыстэмы ў рабочых організацыях пад кіраўніцтвам ахранкі.

Трэба згадзіцца, што Зубатаў быў чалавек далёка ня дурны, уладаў красамоўствам і ўмеў блізка падыйсьці да непрактычнага чалавека. Нават добра вядомы рэволюцыянэр-тэрорысты Г. Гершуні здаўся і адзін раз даў патрэбнае Зубатаву паказаньне. Трэба было быць вельмі практычным і стойкім рэволюцыянэрам, каб не папасьціся ў яго сілкі, каторыя ён лоўка раскідаў. Вельмі часта Зубатаў рабіў так: ён вымагаў ад папаўшага ў яго кіпці рэволюцыянэра паказаньняў толькі аб яго ўласнай асобе і працы бяз выдачы таварышаў, чым разьвязваў іх вусны. Так, напрыклад, было з Г. Гершуні, А. Залкіндам і інш.

Стары практычны барацьбіт Адам, цяпер комуністы, т-ш Гудэрмэс так апісвае сваю размову з Зубатавым. Праз некалькі дзён пасьля арышту Адама, Зубатаў выклікаў яго да сябе ў габінэт. Зубатаў быў відны мужчына, сярэдніх гадоў і ў цывільнай вопратцы. Гаварыў спакойна, проста і, трэба прызнацца, падабаўся людзям. Ён спаткаў Адама прыветна, проста, як знаёмага, запытаўся нават аб здароўі. За гарбатаю і добрымі цыгарамі пачалася размова. Пачаў Зубатаў з газэтных навін, расказаў аб апошніх арыштах, праклямацыях і брашурах, крытыкаваў урад, апісваў яго закулісную політыку, гаварыў аб заходнім рабочым руху. а потым перашоў да сваёй мэты, даказваючы наколькі інтэлігэнцыя маніць рабочых, зацягваючы іх у політыку, каторая патрэбна толькі ім самім, і гэтым зацямняе іх бягучыя інтарэсы—барацьбу з капіталам. Адам больш маўчаў і толькі час-ад-часу адкрыта заяўляў яму, што ён Зубатаву ня верыць і лічыць непатрэбным яму адказваць. Зубатаў пратрымаў Адама ў сваім габінэце каля 4-5 гадзін. За два месяцы высілкі ў турме Зубатаў выклікаў яго да сябе на гутарку каля 6 раз. Гутаркі гэтыя скончыліся нічым для Зубатага, а т-шу Адаму яны прынясьлі высылку ў месцы «не столь отдаленные» («Вперед», 1923 г. №1, стр. 95—97).

Як вынік эканомізму, у Бундзе пад уплывам Зубатава ў 1902 г. ў Менску ўтварылася «Незалежная Яўрэйская Партыя», каторая ў сваёй тэорыі і практыцы паставіла над і кропку, каторую дагэтуль ня ставілі экономістыя. Сутнасьць сваёй ідэолёгіі партыя выявіла ў дэклярацыі такога зьместу. Яўрэйская рабочая кляса патрабуе для сябе хлеба і ведаў. Ня можна гэтыя рэальныя патрэбы рабочых прыносіць у ахвяру чужым для іх політычным мэтам. Рабочы політычна можа належыць да ўсякай партыі і ўсё-ж такі мае пірава абараняць свае экономічныя і культурныя інтарэсы, каторыя павінны быць мэтаю, а ня сродкамі якой-бы то ні было політычнай партыі. Партыя находзіць шкадлівым тое, што Бунд рукаводзіць экономічнымі організацыямі яўрэйскіх рабочых, бо ён ёсьць політычная партыя, каторая ставіць сваёй мэтай рэволюцыянізаваць рабочых праз экономічныя арганізацыі.

У сваёй праграме Яўрэйская Незалежная Партыя вызначае, што яе мэта зводзіцца да разьвіцьця шырокіх экономічных організацый (трэд-юніёнаў, кас, клюбаў, асоцыяцый), да разьвіцьця сярод рабочых навуковых і профэсыянальных ведаў і да выхаваньня яго колектыўнага жыцьця. Далей гаворыцца, што партыя датыкаецца політычных пытаньняў толькі ў той меры, у якой яны зачапляюць штодзённыя інтарэсы рабочых, што яна яднае рабочых усялякіх політычных поглядаў, і, нават, зусім бяз іх.

Партыя ў Менску мела вялікі посьпех, і былі моманты, калі яна ў сваіх радох мела больш рабочых, чым Бунд. На чале яе стаялі быўшыя работнікі Бунду, падманутыя самі і падманваўшыя другіх. Пышнаю кветкаю разьвіваецца самая злосная провокацыя і данос. Па даносах зубатаўцаў ідуць арышты відных рэволюцыйных дзеячаў таго часу. Утвараецца цяжкая атмосфэра.

Але на гэтым зубатаўшчына ня спынілася. Яна скарыстала для разлажэньня рэволюцыйнага руху яшчэ і нацыянальнае пытаньне. З гэтага боку зноў было скарыстана слабое месца Бунду, каторы ў канцы 90-х гадоў надаецца моцнаму ўплыву дробна-мяшчанскай нацыяналістычнай ідэолёгіі. Затушоўваюцца клясавыя процілегласьці і падкрэсьліваецца нацыянальная еднасьць прыгнечанага яўрэйства. Чацьверты зьезд Бунду ў 1901 годзе прымае пункт аб культурна-нацыянальнай аўтаноміі. Бунд перажывае нацыяналістычны крызіс, каторы ў 1903 годзе кончыцца выхадам яго з РС-ДРП.

Зубатаў і яго староньнікі з увагай прыглядаліся да росту нацыянальнага пытаньня сярод яўрэйскіх рабочых. Нацыяналістычны рух яны лічылі моцнаю апораю ў барацьбе з рэволюцыйнымі настроямі. Паміж Зубатавым і Маняю Вільбушэвіч ідзе жывая перапіска па гэтым пытаньні. Зубатаў пачынае падтрымліваць сіоніцкія організацыі рабочых. Тут зусім выкасоўваецца, нават бундаўскі, клясавы падход да рабочай справы і замяняецца прынцыпам еднасьці нацыянальнай. У сваіх лістох да Зубатава Вільбушэвіч з захапленьнем апісвае посьпехі сіонізму ў Менску, дзе ўжо зарадзіўся і расьце даволі хутка так званы рабочы сіонізм (Поалей-Цыон). Зубатаў пасылае ласты сваёй корэспондэнткі Вільбушэвіч па начальству, у дэпартамэнт поліцыі і робіць свае ўвагі і прыпіскі да іх. Ён піша: «Разлучыўшыся на аснове маіх слоў з інтэлігенцкімі забабонамі аб ненавісьці самаўладзтва да рабочых, уступіўшы ў рабочай справе на легальны грунт і бачачы, што дэмократызм «жыду» нічога не дае,—мае прыяцелі кінулі полі тыку і завяршылі сваю легальную працу нацыянальным ідэалам. Ці ня выйгрыш гэта для нас? Ці не згаджае гэта нас з яўрэйствам у політычных адносінах? Трэба сіонізм падтрымаць і наагул сыграць на нацыяналістычных пажаданьнях. Бліжэйшым для гэтага сродкам зьяўляецца дазваленьне жаргоннай літаратуры, якое здавальняе нацыянальны гонар» (Д. Заслаўскі. Зубатаў і Маня Вільбушэвіч. М. 1923, стар. 51, 52, 53).

Зубатаўшчына, такім спосабам, пачала пашырацца на Беларусі, асабліва ў Менску. Зубатаўцы працавалі энэргічна, скарыстаўшы мясцовы экономізм і нацыяналізм. Рабочыя раней ішлі за імі, дзякуючы сваёй несьвядомасьці. Забастоўкі пад кіраўніцтвам зубатаўцаў праходзілі даволі ўдачна, дзякуючы таму, што мясцовая поліцыя іх часта падтрымлівала, маючы загад з цэнтру. Але хутка посьпехі зубатаўшчыны пачалі зьмяншацца.

Найперш ад усяго проціў зубатаўшчыны і Зубатава пачаў энэргічную і ўпартую кампанію Бунд. Пашыралася нелегальная літаратура: брошуры і асабліва проклямацыі. Вялася вусная пропаганда і агітацыя. Выяўлялася сутнасьць зубатаўшчыны, як сыстэмы, і роля Зубатава, як провакатара. Усё гэта рабіла, па прызнаньні самых зубатаўцаў, вялікае ўражаньне на рабочыя масы. Яны пачалі больш удумчыва адносіцца да таго, што бачылі; пачало абуджацца затуманенае клясавае пачуцьцё. Загаварыла старая ненавісьць да пагромнага рускага царызму. Вось што піша Маня Вільбушэвіч на гэтую тэму Зубатаву: «Пасьля многіх з імі (рабочымі) размоў, я ўсё больш і больш прыходжу да перакананьня, што політыка цікавіць іх вельмі мала, але яны не давяраюць і ненавідзяць урад, яны ня могуць разлучыцца з думкаю, што урад—гэта зьвер і абаронца буржуазных кляс» (Д. Заслаўскі. Тое самае, стар. 30).

Вельмі важнай перашкодай для ўсталяваньня зубатаўшчыны была агульная політыка царызму, каторы з зразумелых прычын ня мог не выяўляць варожых адносін да рабочага руху. Падтрымваючы аднэю рукою зубатаўшчыну, ён другою рукою праводзіў рэпрэсіі проціў рабочых. У Вільні політыку рэпрэсій праводзіць фон-Валь. У красавіку 1902 году дэмонстранты-рабочыя тут былі пабіты нагайкамі на Нямецкай вуліцы. На другі дзень 28 дэмонстрантаў у вучастку былі высечаны. У траўні рабочы Г. Лекерт страляў за гэта ў фон-Валя, зраніў яго і быў пакаран карай на сьмерць 11 чэрвеня 1902 году. Пад уплывам рэпрэсій нарастае ў рабочых колах і ў самым Бундзе ўхіл у другі бок. Расьце лік староньнікаў тэрору, як выяўленьня «організованай помсты».

Само сабой зразумела, што пры такіх умовах зубатаўшчына на Беларусі павінна прыпыніць свой далейшы разьвітак. У пачатку 1903 г. распадаецца «Незалежная Яўрэйская Партыя». Што датычыць да сіонізму, то ён застаецца ў дробнабуржуазных колах. Поалей-цыонізм—дзіця зубатаўшчыны і нацыянальнага прыгнечаньня—таксама існуе і ў далейшыя часы, але значнага пашырэньня ён ужо мець ня будзе. Соцыял-дэмократыя і Бунд на Беларусі зноў займаюць сваё звычайнае месца ў рабочым руху. Зубатаўшчына пераносіцца на ўсход—у Маскву і асабліва ў Пецярбург. Тут яна канчаецца гапонаўшчынай і расстрэлам рабочых 9 студзёна 1905 г.