Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Беларускі рух у канцы XIX сталецьця

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Рэакцыя канца XIX сталецьця Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Беларускі рух у канцы XIX сталецьця
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Разьвітак рабочага руху і зубатаўшчына

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Беларускі рух у канцы XIX сталецьця.

Беларускі рух у трэцяй чвэрці ХIХ ст. быў у сваёй сутнасьці выяўленьнем народніцтва двух кірункаў. Адзін кірунак народніцтва выцякаў з лібэральнага шляхецкага народафільства. Ён насіў сантымэнтальна-ўтапічны характар. Тыповым яго прадстаўніком і выявіцелем быў беларускі пісьменьнік Вінцэнты Дунін-Марцінкевіч. Другі кірунак народніцтва, зьвязаны сваймі карэньнямі з рускім рэволюцыйным народніцтвам 60-х і 70-х гадоў, насіў практычна-рэволюцыйны характар. Ён быў поўна і яскрава прадстаўлен чырвоным дыктатарам Беларусі ў часы паўстаньня 1863 году, Кастусём Каліноўскім і яго таварышамі па зброі. І ў далейшыя часы беларускі рух зьяўляецца выражэньнем народніцтва, каторае прыме толькі новую ахварбоўку.

Спроба часу і экономічнае разьвіцьцё Беларусі скінулі з марцінкевіцкага народніцтва сэнтымэнтальны утапізм. Вярнуцца да яго зноў ня было ўжо ніякай магчымасьці. Мураўёўшчына і далейшыя часы царска-дваранскай рэакцыі задушылі запал рэволюцыйнага народніцтва эпохі паўстаньня. У далейшыя часы народніцтва пашло па сярэднім шляху паміж двума крайнімі старымі, па шляху радыкальна-дэмократычнаму.

Народнік-беларус апошняй чвэрці ХІХ ст. па сваім соцыяльным палажэньні найчасьцей ёсьць зьбяднелы дробны шляхціц. Зямлі ў яго ўжо няма. Ён павінен шукаць хлеба ці шляхам атрыманьня службовай пасады, ці вольнай інтэлектуальнай працай. Гэта той гісторыка-соцыяльны тып, каторы атрымаў вядомую ўсім назву розначынца-інтэлігэнта. Ён, трэба прызнаць, умее вельмі блізка й шчыра падыйсьці да простага, працоўнага беларускага люду. Паміж ім і беларускім селянінам ужо не стаіць маёнтак. Даволі часта новы народнік зьяўляецца былым удзельнікам польскага паўстаньня 1863 году ў яго чырвоным кірунку. Ён перажыў слаўныя часы рэволюцыі Каліноўскага, перажыў цяжкі кулак мураўёўшчыны і рэакцыі далейшых часоў. Усё гэта навучыла яго, што да селяніна трэба падыходзіць рэальна.

Селянін на Беларусі жыве ў цяжкіх умовах. Яго душыць малазямельле і безьзямельле. Ён вядзе цяжкую барацьбу за сваё існаваньне ў нявыноснай беднасьці, у цемнаце і несьвядомасьці. У свае часы народнік у стылі Марцінкевіча быў перакананы, што прычына цяжкага стану селяніна крыецца ў надужыцьцях благіх паноў, аканомаў, арандароў і другіх падпанкаў. Не такія настроі і пераконаньні народніка 80-х і 90-х гадоў. Ён добра разумее, што гарапашніку-селяніну жывецца на Беларусі дрэнна не ад гэтых дробных надужыцьцяў, а ад таго, што ён выносіць на сваім карку сучасны яму лад жыцьця, пабудованы на экономічнай эксплёатацыі і на політычным прыгняценьні працоўных мас. Што датычыць да Беларусі, то на яе абшары эканамічная эксплёатацыя і політычны уціск моцна зьвязаны з нацыянальным прыгняценьнем. Папярэдняя гісторыя аставіла тут цяжкую спадчыну: соцыяльныя групіроўкі, пануючыя экономічна і політычна на Беларусі, належаць да другіх нацый, культурна вышэйшых ад беларускай нацыі, да каторай у сваёй масе належыць беларускі селянін. Беларускі селянін эканомічна й політычна прыгнятаецца польскім ці рускім панам і рускім чыноўнікам, а разам з ім прыгнятаецца яго мова й культура. Пан і вураднік бачаць у васобе селяніна ня толькі прадстаўніка асобнай соцыяльнай групы, але й прадстаўніка асобнай нацыі. Яны душаць яго з гэтых двух бакоў. Такім спосабам народніцтва канца XIX ст. на Беларусі зноў, як і раней, павінна было паставіць радам сялянскае соцыяльнае пытаньне і беларускае нацыянальнае пытаньне. Народніцтва, такім чынам, разам з тым было й беларускім рухам. Само сабой зразумела, што народнік на Беларусі, калі хацеў блізка падыйсьці да селяніна і быць для яго зразумелым, то ён павінен быў зьвярнуцца да яго і пісаць аб ім у тэй мове, якой думае й гаворыць селянін. А селянін на Беларусі карыстаўся сваёй «простай», беларускай мовай. Калі народнік у цэнтральнай Расіі піша паруску, то для беларускага народніка абавязкова беларуская мова. Калі народніку Расіі рускай мовы абараняць ня трэба, то народніку Беларусі прыходзіцца абараняць беларускую мову, каторая ўціскаецца разам з беларускім селянінам.

Тыповым прадстаўніком беларускага народніцтва, а разам з тым і беларускага руху гэтага часу зьяўляецца Францішак Багушэвіч, каторы пісаў пад псэўдонімамі - Мацей Бурачок і Сымон Рэўка з-пад Барысава (1840—1900). Радзіўся ён у Віленшчыне, у Ашмянскім пзвеце. Бацькі яго належалі да дробнай шляхты і жылі даволі бедна. Сярэднюю асьвету Багушэвіч атрымаў у Вільні, а для вышэйшай адукацыі паступіў у Пецярбурскі унівэрсытэт на фізыка-матэматычны факультэт. Перад паўстаньнем 1863 году пясьняр кідае навуку і едзе на бацькаўшчыну. Тут ён займае пасаду вясковага настаўніка ў Дацішках і прымае дзейны удзел у паўстаньні. Пасьля аднэй бойкі, паранены ў нагу, Багушэвіч апынуўся ў беднай сялянскай хаце. Селянін схаваў раненага настаўніка ад рускіх жандараў і пасьля доўгага лячэньня адхадзіў песьняра. Калі паўстаньне было задушана, ён зноў узяўся за навуку. Неяк яму ўдалося паступіць у Нежынскі юрыдычны ліцэй, каторы ён і скончыў у 1868 годзе. Потым пашла служба па судовых пасадах у розных куткох імпэрыі (Чарнігаў, Волагда і г. д.). Даволі доўга пражыў Багушэвіч на Украіне, дзе ён займаў пасаду сьледавацеля пры судзе ў Канатопскім павеце. Тут ён азнаёміўся з украінскім рухам і навучыўся гаварыць паукраінску. Толькі пад старасьць удалося яму перабрацца на Беларусь. Тут ён працаваў у Вільні—раней як адвакат, потым—як міравы судзьдзя. Апошнія годы жыцьця пясьняр пражыў у сваім невялікім фальварку Кушляны ў Ашмяншчыне.

Багушэвіч пісаў у 80-ыя і 90-ыя годы. Творы яго, як і творы другіх радыкалаў-народнікаў, не маглі друкавацца ў Расіі, тым больш, што яго творы зьявіліся ў беларускай мове, каторая была забаронена ў 1867 годзе. З твораў Багушэвіча злажыліся зборнікі: а) «Дудка Беларуская», надрукованая ў Кракаве, у 1891 годзе, пад псэўдонімам Мацея Бурачка, б) «Смык Беларускі», надрукованы ў Пазнані, у 1894 г., пад псэўдонімам Сымона Рэўкі з-пад Барысава, в) «Беларуская Скрыпачка» і др. рукапісы, каторыя так і не маглі ў тыя часы пабачыць сьвету.

Забарона беларускага друку балюча адазвалася на творчасьці беларускіх народнікаў. Вось чаму ў першым сваім зборніку «Дудка Беларуская» аўтар у прадмове да зборніку з болем у сэрцы ставіць пытаньне аб мове. Беларуская мова забаронена урадам, над ёю зьдзекуюцца рускія і палякі, як над моваю «мужыцкай, хамскай»; нідзе ёй няма месца, апроч сялянскай хаты. Багушэвіч тым ня менш будзе пісаць у гэтай мове свае творы і будзе бараніць яе ад усіх нападаў. «Братцы мілыя, дзеці Зямлі-Маткі маёй! Вам афяруючы працу маю, мушу з вамі пагаварыць троху аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да й не адны мы, а ўсе людзі цёмныя мужыцкай завуць, а завецца яна беларускай». Далей аўтар прызнаецца, што раней і сам ён, паддаючыся агульнаму погляду, лічыў беларускую мову мужыцкай, але знайшліся добрыя людцы, каторыя пазнаёмілі яго з гэтай мовай і пераканалі яго ў тым, што яна— мова народу. Апроч таго, ён сам чытаў старыя урадавыя паперы і навуковыя творы, напісаныя ў гэтай мове і пераканаўся яшчэ раз, што беларуская мова такая самая, «як француская альбо нямецкая, альбо іншая якая», што яна ёсьць ня мова толькі «мужыка», а мова народу.

Як-жа гэта так зрабілася? Справа ў тым, што зьняважана доля беларуса, што беларус у масе ёсьць «мужык». А калі так, то зьняважана і яго мова, якая стала мовай «мужыка». Усе народы, нават зусім маленькія народы, нашыя пабрацімцы (харваты, чэхі, баўгары і інш.), і чужыя (яўрэі) маюць пасвойму пісаныя і надрукованыя кніжачкі і газэты. Усе маюць магчымасьць учыць сваіх дзетак у тэй мове, на якой яны гавораць. «А ў нас, як-бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць пасвойму, дык можа-б і ў сваёй вёсцы людзі сказалі-б, што піша памужыцку і, як дурня, абсьмяялі-б» (Прадмова). Тым ня менш Багушэвіч будзе пісаць «памужыцку», бо ён «мужыцкі» і разам з тым беларускі пясьняр. Цяжкое жыцьцё выпала на долю беларуса-селяніна. Панурая хатка яго ледзьве трымаецца. Яна—«і цячэ, і гніе, і крывая, у сярэдзіне гной і стаіць на гнаі». Увесь свой век беларускі селянін без перарыву працуе, але ад працы яго маюць здабытак другія, а ня сам ён. «Арэ, сее усё лета, а як прыдуцца дажынкі, няма збожжа ні асьмінкі». Вось, глядзі, стаіць высокі, аж да неба, касьцёл, узросшы на крывавым поце земляроба. Валасное праўленьне, пакрытае бляшаным дахам, пануе над сялянскімі хатамі. Калі трэба, то земляроб пакрые яго нават срэбрай, бо з яго ўсё можна выбіць. А сам гарапашнік «жыве ў мокрай яме, дзьверы заткнуў анучамі». Усё зрабіў селянін сваёю працаю, але не для сябе. З працы яго карыстаюць «разумнейшыя», а ён, вядома: «дурны мужык, як варона».

Глыбокая, бяздонная прорва падзяляе людзей на два процілеглыя лягеры. На адным баку прорвы стаіць працоўны люд Беларусі. Ходзіць ён у лахманох, бо яму няма ўва што апрануцца. Жыве ён у сваёй хаце, як у хлеве, разам з кароваю, сьвіньнямі і курамі. Прыдзе зіма, ён мерзьне. Звычайная яда яго—хлеб з мякінаю. На другім баку соцыяльнай прорвы стаіць заможны, багаты пан. Ходзіць ён у срэбры-золаце, мае многа пакояў, чыстых, сьветлых і цёплых. Яда яго смачная, толькі мяса і пірог. Нічога ён на сябе ня робіць, бо на яго працуюць дзесяткі служак. Зразумела, што ад такога жыцьця ён толькі таўсьцее; «рукі яго, як падушкі, як кісель дрыжыць жывот». Разам з панам знаходзіцца улада і царква, каторыя таксама зьяўляюцца ворагамі сялянскай беднаты: «асэсар зганяе, зьдзірае і муча нас досьць, а поп сабе так-жа дзярэць з нас бывала».

Інтэлігент належыць таксама да соцыяльнай групіроўкі паноў. Вопратка яго панская. Ходзіць ён «у храку», у кашулі белай, «як той сьнег, як папер». І праца яго чыстая, ад каторай ня бывае мазалёў на руках. Тым ня менш, да гэтага інтэлігента аўтар зьвяртаецца ад імя селяніна, заклікаючы яго на працу для народу. Аўтар кажа: далонь мужыка пакрываюць мазолі, ходзіць ён у грубой сярмязе, у прапацелай, тыдзень нямытай кашулі; жыве ён у бруднай і цёмнай хаце, каторая «і цячэ, і гніе, і крывая». І вось дзеля ўсяго гэтага інтэлігэнт павінен ня цурацца селяніна, а падаць яму руку дапамогі, давясьці да простага, торнага шляху, каб ён ня блудзіў сярод лому і тых калючак, каторыя, «раняць ногі й сэрца», раджаючы ў ім «злосьць і ненавісьць». Ты, інтэлігэнт, «пазнаў, што ў кніжках стаіць,—а там розуму шмат ад вякоў, і ўсё можаш па ксёнжках рабіць. А дзе-ж ксёнжка для нас—мужыкоў?» Гэтай «ксёнжкі», «ксёнжкі», зразумелай для селяніна зьместам і мовай, няма. Інтэлігэнт павінен утварыць яе, а пакуль яна ня ўтворана, замяніць яе сваім вусным словам.

Ад цяжкай працы, ад гарамычнага жыцьця ў голадзе і холадзе выраджаецца й вымірае беларускі селянін, а разам з ім вымірае фізычна й культурна беларускі народ, прадстаўлены сялянствам. Вось чаму засмучана сэрца песьняра. Вось чаму дудка песьняра ніяк ня зможа зайграць вясёлых мэлёдый. Сорак год б’ецца пясьняр, як тая рыба аб лёд, і ніяк ня зьвернецца, ніяк не патрапіць на кроплю такой вадзіцы з такой крыніцы, «што як хто нап'ецца, дык вольным стаецца». Пясьняр грае на «смутнай жалейцы», каторая як зайграе, то аж жудасна стогне зямля. Плачуць вочы песьняра, плача яго дудка-жалейка над нявыносна-цяжкай доляй народу, над яго выміраньнем. Багушэвіч зьвяртаецца да сваёй дудкі з такімі горкімі словамі:

Што дзень і што ночы
Плач, як мае вочы.
Над народу доляй,
І плач што раз болей!
Плач так да астатку,
Галасі, як матка,
Хаваючы дзеці,
Дзень другі і трэці,
Іграй сьлёзным тонам
Над народу сконам!

З выміраньнем беларускага селяніна, вымірае беларускі народ. Разам з мужыцкім народам вымірае яго мужыцкая беларуская мова. І здаецца песьняру, што калі захаваць мову беларускую, то не сканае і народ беларускі. Вось чаму ў прадмове да сваёй «Дудкі Беларускай» Багушэвіч зварачаецца да селяніна з такімі словамі: «А можа сапраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць няможна? Ой, не! Наша мова для нас сьвятая, бо яна нам ад бога даная, як і другім добрым людцам, і гаворым-жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо мы самі пусьцілі яе на зьдзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахватней гавораць пафранцуску, як пасвойму... Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю так, як той чалавек прад скананьнем, катораму мову займае, а потым і зусім памерлі. Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі». Мова, на думку аўтара, ёсьць «адзежа душы» народу. Па мове пазнаецца народ, па мове пазнаецца й тэрыторыя народу. «Можа хто спытае: дзе-ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, дзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым чым не да Чарнігава, дзе Гродна, Менск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак».

Багушэвіч беларускую мову селяніна лічыць сваёй моваю. Ён называе яе «нашай мовай». Ува ўсіх яго творах адчуваецца глыбокая патрэба «сайсьці ў народныя нізы», як гаварыў яшчэ раней Марцінкевіч, працягнуць сялянскай беднаце руку, немагчымасьці зьліцца з ёю і яе пажаданьнямі.

Зусім так настроен і другі народнік апошняй чвэрці XIX ст. Янка Лучына (праўдзівае прозьвішча яго—Ян Няслухоўскі). Радзіўся ён у сям’і менскага адваката ў 1851 годзе. Пасьля сканчэньня сярэдняй школы, ён потым вучыўся ў Петраградзе, дзе скончыў тэхнолёгічны інстытут. Нейкі час служыў на жалезнай калеі на Каўказе, а потым працаваў у жалезна-дарожным тэхнічным бюро ў Менску. Няслухоўскі пісаў папольску і пабеларуску. Беларускіх твораў яго дашло да нас вельмі мала. Праўда, і польскія яго творы апісваюць беларускае жыцьцё. У 1891 годзе заграніцаю была выдадзена невялічкая кніжачка яго беларускіх вершаў пад назваю «Вязанка». У 1903 годзе яна была выдана ў Петраградзе гуртком беларускіх студэнтаў. Кажуць, што яна прашла праз цэнзуру пад відам баўгарскай поээіі. Апроч таго, некаторыя вершы Няслухоўскага неяк папалі ў кніжкі «Северо-Западного Календаря» і ў «Минский Листок». Вершы «Вязанкі» малююць яскрава гаротную долю беларускага селяніна, яго думкі й пажаданьні, даюць малюнкі беларускай прыроды, жывёл, птушак і г. д. Аўтар лічыць, што ён моцнымі ланцугамі скуты з беларускім мужыцкім народам. Яго песьні ёсьць толькі выраз гаротных думак прыгнечанага беларукага народу. У вершы-прадмове да сваёй «Вязанкі» Няслухоўскі вельмі яскрава выказвае гэта. «Не я пяю,—народ божы даў мне ў песьні лад прыгожы, бо на сэрцы маю путы і з народам імі скуты. З ім я зьліўся з добрай волі, чы то ў долі, чы ў нядолі, чы гдзе гора абзавецца,—як асіна, грудзь трасецца, чы пра радасьць чую весьці,—усё ў грудзь хаваю дзесьці. Мне гавораць вёска, хата, мне гаворыць сэрца брата. Рад, зьбіраю, што пачую, у грудзі сваёй нашу я, аж, як кветка на кургане, яно ўзыдзе, песьняй стане».

Працоўныя масы беларускага сялянства выміраюць ад непамерна-цяжкага жыцьця. Але ёсьць яшчэ непрацоўная частка жыхарства на Беларусі—гэта паны ўсякіх рангаў. Здаецца, што іх жыцьцё—запраўдны рай. Яны спраўляюць свае «панскія ігрышчы», банкетуюць, п’юць, ядуць і гуляюць. Беднага, цёмнага селяніна Юрку («Панскае ігрышча», Багушэвіча) нават завідкі бяруць, калі ён глядзіць на такое жыцьцё. Ён кажа: «Вось, каб гэтак мы гулялі і так пілі, і так елі». Багушэвіч вызначае Юрцы («Адказ Юрку на «Панскае ігрышча»), што няма тут чаму завідваць. Калі ён, Юрка, гібее ад цяжкай працы, голаду й холаду, то вымірае й панства ад адсутнасьці працы, абжорства і панства. «А што паны ядуць ласа і што смагла могуць піць: ото соляць сваё мяса, бо ўжо сталі чыста гніць». Вымірае селянін, а побач з ім гніе і пан на Беларусі.

Прышла на беларускую вёску новая сіла—гарадзкі грашовы капітал. Народніцтва бачыць у гэтай новай сіле толькі адмоўны бок, не прыкмячаючы таго, што новая сіла нясе ў вясковае і гарадзкое жыцьцё Беларусі новы творчы соцыяльны элемэнт у васобе пролетара. Народнік зьвяртае увагу толькі на тое, што з прыходам новай сілы зьяўляецца на вёсцы новы эксплёататар—грашавік. Новая пражэрлівая акула будзе пажыраць і прадстаўнікоў старога зямельнага капіталу. Заскача пад яго дудку ня толькі селянін, але й вяльможны пан. Вельмі часта новы тып эксплёататара быў прадстаўлен у беларускай вёсцы грашавіком-яўрэем у постаці шынкара, арандара, пактара і г. д. Не прыкмячаючы нарастаючага ў кругоъ беларускага яўрэйства пролетарыяту, народнік Багушэвіч бачыць і на вёсцы толькі яўрэя-эксллёататара, каторага ён малюе ў сваім вершы «Жыдок». Зьяўляецца на вёску шынкар Бэра. Ён мае ярмолку, трэпкі, цыцаль, у балахоне новы гіцаль, шэсьць дзяцей ад жонкі Рохлі, паўасьміны картоплі, столік, шафку, дзьве чаркі, карафку, паўкварты з дзьвюма днамі. Маёмасьць невялікая. Праз тры гады шынкараваньня Бэра мае кароў з дзесятак, даволі хлявоў, хатак, коніка, павозку і г. д. Усе цяпер яго паважаюць. У яго руках уся мясцовая адміністрацыя. «Ён з судзьдзёю, ён з маршалкам, ён з пасрэднікам, як валкам, круціць імі, усё зробе: табе добра й сам заробе». Тыпова тое, што экономічны уціск капіталістага новага тыпу для селяніна ўсё-ж такі лягчэй, чым уціск пана, бо Бэра ня зьдзекуецца з асобы селяніна; ён стрыжэ, а не дзярэ скуру, як рабіў заўжды на Беларусі фэўдальны абшарнік-пан. «У бядзе ён і пазычыць, а заробіш, ён заліча. Добры жыд, хоць грошы любіць, а згубіць зусім ня згубіць».

Народніцтва 80-х і 90-х гадоў на Беларусі носіць ня проста лібэральны, а радыкальна-дэмократычны характар. На такі яго характар зрабіла свой ўплыў паўстаньне 1863 году сваёй чырвонаю часткаю ў ваеобе чырвонага дыктатара Беларусі, Кастуся Каліноўскага. Яно ня мірыцца з самаўладзтвам Расіі, яно ня лічыць за добрае «Великие реформы» эпохі Аляксандра ІІ. Адсутнасьць на Беларусі земстваў падтрымвае такі яго настрой, не даючы магчымасьці народнікам на Беларусі ўліцца ў легальнае русло рускага земскага лібэралізму. Забарона беларускага друку яшчэ больш робіць моцным радыкальна-дэмократычны кірунак беларускіх народнікаў.

Народнікаў-беларусаў зусім не здавальняе вызваленьне сялян, што нарабіла столькі лібэральнай шуміхі. Праўда, няма прыгону, няма й паншчыны з усімі да яе дадаткамі. Але вызвалены селянін ад гэтага ня вышаў на лепшы шлях жыцьця. Замест аднаго пана, цяпер іх стала яшчэ больш. «А цяпер? Ой, штосьці кепска выходзе. Цяпер ці ня болей настала паноў?! Ня надта свабодна ў гэтай свабодзе. І давай я лічыць паноў новых зноў: стараста, соцкі, пісар, старшыня, пасрэднік, вураднік, асэсар, і суд, зьезд міравы, прысутны і сход... Аж паднялася ад страху чупрына, аж пальцаў ня стала на ўвесь гэты шчот... А пальцамі-ж трэба карміць гэты люд». («Быў у чысцы» Багушэвіча).

Рэформаваны суд, каторым так захапляліся рускія лібэралы, таксама не здавольвае беларускіх народнікаў. Новы суд—зусім незразумелы для селяніна і па сваім процэсе, і па мове. Старое зьдзірства не прыпынілася, дзякуючы новаму суду. У вершы Багушэвіча «У судзе» даецца яскравы малюнак адносін да суду цёмнага селяніна. Пантурка папаў у суд за тое, што ў пушчы меў патайны браварок. Акцызьнік даўно ведаў пра гэты браварок і браў з Пантурка ўзяткі за маўчаньне. Потым, пабачыўшы, відаць, што з Пантурка мала можна ўзяць, напісаў на яго пратакол, і справа папала ў суд. Пантурка засудзілі ў турму, а апавядальнік, каторы быў сьведкаю на судзе, канчае сваё апавяданьне так: «Я-ж якось уцалеў ад суду ў той час. Каб-жа бог не давёў на той суд другі раз».

Да народнікаў прымыкаюць больш умеркаваныя інтэлігенцкія колы лібэральнага кірунку. Іх цікавіць культурная праца сярод сялянства ў легальных рамках. Лібэралы-культурнікі ў 90- ыя гады ХIХ ст. робяць спробы ўтварыць зусім папулярную літаратуру чыста практычнага характару, каторая магла-б прасякнуць у глухую вёску і заці кавіць там сваім зьместам беларускага селяніна, як вясковага гаспадара. Выдаўцам такой беларускай літаратуры зьяўляецца багаты землеўласьнік Менскага павету А. Ельскі, каторы быў опозыцыйна настроен у вадносінах да рускага ураду. Апіраючыся на свае багацтвы і сувязі ў пецярбурскіх чыноўных колах, ён робіць спробу заснаваць беларускае выдавецтва. Спроба скончылася нічым. Тым ня менш, Ельскаму ўдалося, ня гледзячы на забарону 1867 году, выпусьціць некалькі невялічкіх кніжачак у беларускай мове спэцыяльна для селяніна, напрыклад, «Аб перасяленьні», «Аб п'янстве» і г. д.

У 80-х і 90-х гадох у Менску і другіх губэрскіх і павятовых гарадох Беларусі зьяўляюцца невялікія гурткі вучняў. Складаюцца яны з вучняў старэйшых кляс гімназіі, рэальных вучылішч, настаўніцкіх і духоўных сэмінарый. Гурткі ўбіраюць у сябе больш здольную моладзь, каторай ня можа здаволіць офіцыяльная схолястыка царскай школы. Звычайна гэта моладзь трымаецца опозыцыйнага настрою і належыць да радыкальна-дэмократычнага, народніцкага кірунку. Паміж асобнымі гурткамі розных школ вельмі часта ўстанаўліваецца сувязь і вядуцца жывыя зносіны. Поруч з рускай забароненай літаратурай сябры гурткоў знаёмяцца з літаратурай польскай і беларускай. Пры гурткох арганізуюцца невялічкія бібліотэчкі. Адзін з такіх гурткоў у Менску яшчэ ў 1884 годзе выдае першую нелегальную газэту ў беларускай мове пад назваю «Гоман». Газэта сваім зьместам адбівае апазыцыйны настрой вучнёўскай моладзі. Газэта друкавалася на гэктографе і пашыралася сярод вучняў менскіх школ. Апроч агульна-народніцкіх думак, у гурткох вельмі часта спатыкаецца думка аб аўтаноміі Беларусі.

1886 годзе ўтвараецца гурток з культурнікаў-інтэлігэнтаў, каторы концэнтруецца каля рускай менскай газэты «Минский Листок». Гурток складаецца большаю часткаю з лібэралаў, каторыя знаходзяцца пад народніцкім уплывам. Сябрамі гуртка зьяўляюцца М. Доўнар- Запольскі, Завітневіч, Ляцкі, Слупскі, Ян Неслухоўскі і інш. Сябры гуртка выяўляюць асаблівую цікавасьць да мясцовае культуры і навукі: гісторыі, археолёгіі, этнаграфіі і г. д. Свае творы яны зьмяшчаюць часам у газэце «Минский Листок», часам у выдавемых імі штогод кніжках «Северо-Западнаго Календаря». Кніжкі «Календаря» выходзяць з вялікаю труднасьцю з цэнзурных перашкод. Тым ня месяц, гуртку ўдалося выпусьціць б кніжак календара за гады 1888—1893. На апошнія дзьве кніжкі (1892-1893 г. г.) у Менску немагчыма было атрымаць цэнзурнага дазволу, прышлося абіваць парогі цэнзурных устаноў у Маскве (календар за 1892 год) і Пецярбурзе (каляндар за 1893 год). Творы аб Беларусі тут друкуюцца ў рускай мове. Часам зьяўляюцца ў беларускай мове, напр., Няслухоўскага. Беларускія вершы выдаюцца за рускія, каб абыйсьці загад 1867 г., забараняючы друк пабеларуску. Вучнёўскія гурткі на Беларусі ўтвараюць кантынгент тэй моладзі, каторая пашырае цікавасьць да Беларусі сярод студэнцкіх колаў унівэрсытэцкіх гарадоў Расіі. Для пашырэньня сваёй адукацыі беларуская моладзь, скончыўшая сярэднія школы, накіроўваецца найчасьцей у Маскву і Петраград, а часам у Харкаў, Варшаву, Кіеў, Адэсу і інш. гарады. Па гэтых гарадох і ўтвараюцца студэнцкія беларускія гурткі і опозыцыйнага кірунку, з даволі няяснымі програмамі як культурнага, так і політычнага кірунку.

У Маскве з'організаваўся беларускі гурток вельмі цікавым спосабам. У 1891 годзе пасьля студэнцкіх «непарадкаў» было заарыштавана шмат студэнтаў як унівэрсытэту, так і другіх вышэйшых школ.

Седзячы ў Бутырках, студэнты—ураджэнцы Беларусі—організавалі «Беларускі Соцыялістычны Гурток», хутчэй народніцкага, чым марксісцкага кірунку. Гурток не распаўся і пасьля выхаду студэнтаў з турмы. Вынікам яго працы быў пераклад Гаршынскага «Сигнала» на беларускую мову і выданьне яго.

У Пецярбурзе ў 1902 годзе студэнты з Беларусі заснавалі гурток пад назваю «Круг беларускай народнай прасьветы і культуры». Гурток выдае на гэктографе невялічкія літаратурныя зборнікі—«Калядную пісанку» і «Вялікодную пісанку». Апроч таго, ён надрукаваў «Вязанку» Няслухоўскага, падаўшы яе ў цэнзуру, як зборнічак баўгарскай літаратуры. Студэнты гэтага гуртка (браты Іваноўскія, Бурбіс, Валейка і інш.) абселіся ў вёсцы Лябёдка, Лідзкага павету і там выдалі на гэктографе газэту «Свабода», толькі адзін нумар. Усё выданьне за выключэньнем двух экзэмпляраў прышлося зьнішчыць пры вобыску.

Амаль што ўсе студэнцкія гурткі—больш народніцкія, чым марксыцкія. Усе носяць рэволюцыйны характар. Ужо адчуваецца наступная рэволюцыя 1905 году.