Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Рэакцыя канца XIX сталецьця

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Цікавасьць да Беларусі рускіх вучоных Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Рэакцыя канца XIX сталецьця
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Беларускі рух у канцы XIX сталецьця

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Рэакцыя канца XIX сталецьця.

Годы глубокай рэакцыі займаюць сабою канец XIX і самы пачатак XX сталецьцяў як ува ўсёй Расіі, так і на Беларусі. Гэтая рэакцыя ёсьць політычнае выяўленьне экономічнага стану царскай Расіі, каторая перажывае глыбокі аграрны крызіс. Вызваленае з прыгону сялянства выбіваецца з сіл, каб пракарміцца з тых дзялянак, якія яно дастала. Яго гняце малазямельле, каторае расьце з кожным годам. Ужо пры самым надзяленьні, па вельмі оптымістычным падліку, 42,6 проц. сялянства атрымалі надзелы, каторыя не маглі іх пракарміць, у некаторых губэрнях гэты сярэдні працэнт значна падымаўся. У Менскай губэрні ён даходзіў да 57,3. Зразумела, што, пры лічэбным росьце сялянства, працэнт гэты з кожным годам узрастаў. Пры ліквідацыі прыгону ў сярэднім на адну душу прыходзіўся надзел у 4,8 дзесяціны; у 1880 годзе гэтая цыфра падае да 3,5 дзесяцін. У 1900 годзе на адну душу ў сярэднім прыходзіцца ўжо толькі 2,6 дзее. надзельнай зямлі. За 40 год цыфра надзелу, як мы бачым, спусьцілася з 4,8 дзес. да 2,6 дзес. Малазямельле ўзрасло, такім спосабам, у два разы. Ужо ў канцы 70-х гадоў урад добра ведаў, што робіцца ў «вызваленай» вёсцы, але, стоячы на грунце абароны дваранска-панскіх інтарэсаў, ён не зварачаў увагі на тое, што ведаў.

Якраз у гэтыя часы на замежным рынку, дзякуючы канкурэнцыі Амэрыкі, нізка палі цэны на рускі хлеб, каторы вывозіўся ў Заходнюю Эўропу. Значна скараціўся прыток з-за граніцы золата, каторым аплачваўся экспартаваны хлеб. Пануючыя групы жыхарства, каторыя вывозілі хлеб, павінны былі так ці іначай папоўніць свае недахваты шляхам павялічэньня эксплёатацый працоўнай масы. Пахінуўшыся ад паніжэньня цэн бюджэт гаспадарства таксама трэба было паставіць на цьвёрдыя ногі. Усё гэта прымушала ўрадавы апарат мацней націскаць налогавы прэс на тыя працоўныя бяспраўныя клясы, каторыя зьяўляюцца вытворцамі матар'яльных каштоўнасьцяў на сялянства і на паступова вырастаючы пролетарыят.

Царскі ўрад паставіў сабе за мэту прыняць усе меры, каб ня пускаць за межы гаспадарства тое золата, каторае йшло на закупку фабрычных прадметаў замежнай прамысловасьці. Для гэтай мэты замежныя тавары, каторыя прывозіліся на рускую граніцу, былі абложаны павышанымі пошлінамі. Паралельна з гэтым урад бярэ пад сваю апеку мясцовую рускую прамысловасьць і прагнецца ўзмацніць яе бяспроцантнымі пазычкамі і субсыдыямі, каторыя выплачвае ў скарб зьбяднелае сялянства. Продукты мясцовай прамысловасьці запаўняюць рынак. Вызваленыя урадам ад канкурэнцыі з заходнімі таварамі, яны маюць магчымасьць значна павышаць сваю рыначную каштоўнасьць. Утварэньне пры падтрыманьні ураду мясцовымі прадпрыемцамі сындыкатаў і трэстаў таксама судзейнічае гэтаму. Купляе выкінутыя на рынак прадукты мясцовай прамысловасьці той самы зьбяднелы, малазямельны ў масе селянін і рабочы. Яны плацяць за патрэбныя ім у іх гаспадарцы і абыходзе тавары столькі, колькі хоча і можа з іх узяць прадпрыемца, над якім апякуецца царскі ўрад. Прамысловец і гандляр нажываюцца, хаваючы ў сваю тоўстую кішэню ня толькі грошы шырокага спажывача, але й дадатковую працу пролетара-рабочага. Урад падтрымае прадпрыемца і тут, забараняючы рабочаму організавацца і абараняцца.

У прадсьмертньгх сударгах корчыцца канаючая Расійская імпэрыя. Каб выратавацца ад крызысу, яна старымі апрабаванымі сродкамі прагнецца скаваць моцнымі ланцугамі рэакцыі працоўныя нізы гаспадарства. Усё пушчана ў ход, каб захаваць старыя падставы імпэрыі— самаўладзтва, праваслаўе і руская народнасьць. Ажывае добра вядомая нам Мікалаеўшчына з яе прыёмамі поліцэйскага гаспадарства, але капіталізм узрастае. Побач з капіталістым-прадпрыемцай нарастае магутная сіла ўжо рэволюцыі—пролетарыят, нарастае і організуецца няпрыкметна, але ўпарта, няўхільна й беспаваротна. «Вызваленае» сялянства ўсё больш і больш уцягваецца ў барацьбу за сваё запраўднае вызваленьне і падгатаўляе на вёсцы базу для дзейнасьці пролетарыяту.

Царскі пасад у эпоху рэакцыі канца XIX і пачатку XX ст. займаюць адзін за другім няўдалыя пасьледышы старога, што выраджаюцца фізычна і інтэлектуальна, дому Раманавых. Раней кіруе бацька Аляксандар ІІІ (1881—1894), потым сын яго Мікалай ІІ (1894—1917). Трохсотгодная дынастыя дала гэтых двух дэгэнэратаў для паратунку канаючай імпэрыі.

Аляксандар ІІІ быў другім сынам Аляксандра ІІ. Дзеля гэтага з дзяцінства яго не гатавалі для выконваньня царскіх абавязкаў, бо быў жывы яго старэйшы брат Мікалай, каторы па закону быў абвешчан насьледнікам царскага пасаду. Аляксандр ІІІ зрабіўся насьледнікам толькі пасьля таго, як у 1865 годзе памёр яго брат Мікалай. З гэтага часу яго і пачалі адукаваць на слаўную пасаду ўсерасійскага імпэратара. Адукацыя да новага насьледніка прышчаплялася вельмі туга, бо яму было ўжо 20 год і, апроч таго, здольнасьці яго да навукі былі вельмі й вельмі невялікія. Гэта прызнаваў, нават, яго бацька, Аляксандар ІІ, і быў нездаволен няздольнасьцю сына. Трэба яшчэ дадаць, што новы насьледнік быў алькоголікам, і навука не магла ўвайсьці ў галаву, заўсёды адурманеную гарэлкаю. Зрабіўшыся ўсерасійскім самаўладцам, Аляксандар ІІІ не расстаўся са сваім алькоголізмзм. «Божы памазальнік» рэдка калі быў цьвярозым. Алькоголізм зьвёў яго і ў магілу параўнальна яшчэ ў маладыя годы. Гэта быў цар з вельмі абмяжованым сьветапаглядам, з «истинно-русским» чорнасотніцкім настроем. Даволі адзначыць, што ён з скарбовых грошай выдаў нагароду вядомаму авантурніку Лютастанскаму, каторы паднёс яму паскудную сваю брошуру «Об употреблении евреями христианской крови». Мікалай ІІ прыняў у спадчыну ад бацькі ня толькі царскі пасад, але і алькагалізм разам з сапсаванай мазговай і нэрвовай сыстэмай. Дэгэнэратызм у яго асобе дашоў да апошняй ступені свайго разьвіцьця. Зусім абмяжованы розумам, ён ня маг бяз цыдулькі, напісанай кім-небудзь з яго прыдворных, сказаць пры народзе некалькі слоў. Гэтая поўная нікчэмнасьць тым ня менш прагнулася бараніць сваё самаўладзтва самымі жорсткімі сродкамі. У 1895 годзе дэпутаты дваран, земстваў і гарадоў зьявіліся ў Зімні палац прывітаць новага імпэратара. На іх прывітаньне цар адказаў так: «У вапошнія часы на некаторых земскіх сабраньнях былі чутны галасы людзей, каторыя захапляліся «бессмысленными мечтаниями» аб удзеле прадстаўнікоў земства ў справах унутранага кіраваньня. Няхай усе ведаюць, што я буду сьцерагчы самаўладзтва таксама цьвёрда й няўхільна, як сьцярог яго мой незабыўны нябожчык-айцец».

Зразумела, што гэтыя два пасьледышы дынастыі не маглі самастойна кіраваць справамі гаспадарства. Яны былі марыянэткамі ў руках дваранска-бюрократычнай камарыльлі, на чале каторай да рэволюцыі 1905 году стаяў добра вядомы рэтроград К. П. Пабеданосцаў. Ён быў выхавацелем і настаўнікам абодвух астатніх Раманавых і, уласна кажучы, быў запраўдным кіраўніком Расійскай імпэрый перад яе канцом. Царызм, пасьля забойства Аляксандра ІІ, згубіў сваю лінію і ня ведаў, што яму рабіць. Аляксандра ІІI спалохала забойства сярод белага дня на людзях, пры моцнай варце, яго бацькі. Адякеандар ІІІ даваў процілежныя даручэньні й загады; то ён падаў духам і як-бы згаджаўся на ўступкі рэволюцыі, то прагнуўся абараняць гнілы распарадак жыцьця. Але адразу на сцэну зьявіўся Пабеданосцаў, каторы ўзяў руль кіраваньня ў свае рукі і стаў на апошнюю абарону старых спрабаваных асноў—фэўдальна-дваранскага самаўладзтва, праваслаўя і рускай народнасьці. Яго падтрымлівалі ўжо вядомыя нам прадстаўнікі тагачаснай казённай публіцыстыкі, на чале каторых стаялі Каткоў і І. Аксакаў, а роўна і рэакцыйныя дваранскія колы. На іх погляд, самаўладзтву нішто не пагражае. Рэволюцыйны рух ёсьць нешта прыпадковае, папаўшае ў Расію з заграніцы. Рускі народ ня можа і ня хоча ісьці за рэволюцыянэрамі, бо ён «не развращен» асьветаю і політычнымі вольнасьцямі. «Праваслаўная Русь» бога баіцца і цара паважае, яна ня любіць і чужаецца «інаверцаў» і «інародцаў». «Расія, толькі для рускіх».

Нерашучасьць ураду пад уплывам такіх абставін пачала зьнікаць. Аляксандар ІІІ зусім аддаўся ў рукі Пабеданосцава. Яму было даручана апрацаваць звычайны пры ўступе на пасад кожнага цара маніфэст, каторы зьяўляецца як-бы програмай новага монарха. Зразумела, што маніфэст быў утворан у адпаведным настроі і быў падпісан Аляк сандрам ІІІ у канцы красавіка 1881 г. Там мы чытаем такое тыповае месца: «Пасярод вялікага нашага жалю голас божы загадуе нам бадзёра стаць на справу кіраваньня з надзеяю на боскі промысел, з вераю ў моц і справядлівасьць самаўладнай улады, каторую бог заклікаў нас зацьвярджаць і вартаваць для народнага дабра ад усялякіх нядобрых замераў».

Такім спосабам, лібэралам было дадзена знаць, што пачынаецца пара абароны самаўладзтва, што скончыліся ружовыя мары добрадушнай «дыктатуры сэрца» Лорыс-Мэлікава. Над імпэрыяй працягнуўся пабеданосцаўскі кулак, абараняючы старое самаўладзтва. У жніўні 1881 году абвешчана была пабаданосцаўская «канстытуцыя»—вядомае «Положение об усиленной охране», каторым карысталася рэакцыя аж да рэволюцыі 1917 году. На аснове яго губэрнатары і гэнэрал-губарнатары мелі амаль што неабмяжованую ўладу над жыхарствам: яны маглі часова выкасоўваць існуючыя законы, выдаваць новыя, бяз суду арыштаваць, высылаць у выгнаньне на аснове толькі памысьленьня на каго і г. д. У далейшыя часы Беларусь вельмі часта на сваім карку перажывала ўсе жахі, зьвязаныя з «Палажэньнем».

Найраней ад усіх сталі адчуваць моц пабеданосцаўскага кулака акраіны імпэрыі, у тым ліку і Беларусь. І тут, у імя прынцыпаў праваслаўя, самаўладзтва і рускай народнасьці, пачалася бязупынная неміласэрная барацьба з «інародцамі» і «інаверцамі». На Беларусі ўваскросьлі часы вешальніка -Мураўёва. Накінуліся на каталікоў-беларусаў, прымаючы іх за палякоў. Усюды шукалі «польскую інтрыгу і польскі сэпаратызм». Да польскага сэпаратызму далучаўся і беларускі рух. Успомнілі і аб вуніі. Знайшлі, што ў некаторых мясцовасьцях вуніяты неяк яшчэ не прылучыліся да праваслаўнай царквы і спаўняюць каталіцкія абрады, лічачы сябе каталікамі, а не вуніятамі. Так было, напрыклад, у некаторых валасьцёх заходняй часткі Гарадзенскага павету. Быў выдадзен спэцыяльны загад, каб перапісаць такіх вуніятаў з каталікоў у праваслаўныя. Касьцёлы ў такіх парафіях перарабляліся на цэрквы, ксяндзы выганяліся і на іх месца прысылаліся праваслаўныя сьвяшчэньнікі. На такія мерапрыемствы ураду парафіяне вельмі часта адказвалі адкрытым непаслушэнствам, а яшчэ часьцей бойкотам. Пашлі процэсы і прасьледваньні «упорствующих», як называла непакорных офіцыяльная мова. У некаторых парафіях непакорныя рабілі нягласную ўмову з праваслаўным сьвяшчэньнікам такога сорту: сьвяшчэньнік запісвае ў мэтрычныя кнігі праваслаўнай царквы радзіны, хрэсьбіны, шлюбы, хаўтуры парафіян, за што бярэ з іх плату, не адпраўляючы абрадаў. Абрады адпраўляе патаемна які-небудзь ксёндз, паводле каталіцкага звычаю, вядучы нелегальна запіс гэтым нелегальным каталіком. Найчасьцей такія ўмовы адбываліся ў глухіх вясковых куткох Беларусі, куды не магло заглянуць нядрэмнае вока поліцыі, каторая была сацыяльным абаронцам казённага праваслаўя. Бядняк-селянін, атручаны яшчэ раней рэлігійнаю атрутаю, цёмны й забіты векавым прыгнечаньнем, плаціў з сваіх жабрацкіх сродкаў на два фронты—і папу і ксяндзу, а часам і на трэці фронт—поліцэйскаму вурадніку, адрываючы астатнія грошы ад сваёй зьбяднелай гаспадаркі і галоднай сям’і.

Цэлы рад абмежаваньняў у правох упаў на яўрэйства, большасьць каторага жыла на Беларусі і Літве. Урад прагнецца зрабіць яўрэя як-бы «казлом адпушчэньня» за ўсе свае праступствы. Пры дапамозе скарбовых грошай організуюцца пагромы, аб яўрэях распускаюцца ўсялякія провокацыйныя чуткі, утвараюцца судовыя працэсы па абвінавачваньню яўрэяў у рытуальных забойствах. Ідуць у гарадох паджогі яўрэйскіх кварталаў і г. д. Руская буржуазія ўжо стала на ногі, абзавялася ўласнымі капіталамі, ёй ужо былі непатрэбны яўрэйскія капіталістыя і іх капіталы, бо яны конкуравалі з ёю. Трэба было зьнішчыць канкурэнта, абапёршыся для гэтага на яго яўрэйскае пахаджэньне. Урад пашоў насустрач такім пажаданьням рускай буржуазіі. Пачалі сачыць за тым, каб яўрэйства якімі-небудзь сродкамі не перашло за «черту оседлости», што даволі часта бывала ў ранейшыя часы і на што ранейшы урад глядзеў скрозь пальцы, бо меў патрэбу ў лоўкіх гандлярох і кваліфікаваных рамесьніках. У 1882 годзе былі выданы так званыя «часовыя правілы» для яўрэйства. На аснове гэтых правіл для яўрэяў у «черте оседлости» была праведзена яшчэ новая «черта». Тэкст правіл такі: 1) забараніць яўрэям сяліцца за межамі гарадоў і мястэчак, 2) прыпыніць утварэньне на ймя яўрэяў купчых актаў і арэндных дагавораў на нярухомую маёмасьць за межамі гарадоў і мястэчак, 3) забараніць яўрэям таргаваць у дні нядзелі і ў двунадзесятыя хрысьціянскія сьвяты. Яўрэйскае жыхарства, такім спосабам, штучна адрывалася ад вясковай гаспадаркі. Яно запіралася ў горад і мястэчка і прымацоўвалася да іх прамысловасьці і найчасьцей гандлю.

Межы яўрэйскай аселасьці звужваюцца. У 1887 годзе Растоў на Доне і Таганрог з паветам, каторыя раней уваходзілі ў «черту оседлости», былі выключаны з яе. Яўрэі, каторыя там жылі, былі выселены. Такія мерапрыемствы ураду зьбівалі яўрэйскую масу ў адзін цесны куток і згушчалі ў ім экономічную барацьбу за існаваньне. Яўрэйская дробная буржуазія не магла вытрымаць абвостранае конкурэнцыі ды пачынае паступова пролетарызавацца. Слаба разьвітая прамысловасьць у краі ня можа даць работы як яўрэйскай беднаце, так і беларускай вёсцы. Экономічнае палажэньне беднаты ў краі робіцца нявыносным. А голад прымушае шукаць выхаду. Узмацняецца масавая эміграцыя ў Амэрыку. Раней рушыў туды больш рухавы, больш абяздолены яўрэйскі безработны пролетары, за ім пасунуўся беларускі селянін, каторага гнала з дробнай гаспадаркі малазямельле.

У 1891 годзе вылаецца яшчэ загад, каторы мацней сьціскае яўрэйскую беднату. Загад забараняе жыць у Маскве яўрэям-рамесьнікам, на што яны мелі права з 1865 году разам з тымі яўрэямі што даставалі вышэйшую асьвету. На аснове гэтага загаду, з Масквы выкідаецца каля 17.000 рамесьніцкай яўрэйскай беднаты. Маленькая гаспадарка іх і без таго слабы дабрабыт зусім руйнуюцца. Загнанымі, бяспраўнымі жабракамі зьяўляюцца яны ў сваё «гетто», у межы аселасьці. Яшчэ больш згушчаюцца фарбы жыцьця яўрэйскай беднаты на Беларусі. Што датычыць да багатай яўрэйскай буржуазіі, то яе палажэьне, зразумела, лепшае. Грошы даюць ёй амаль што поўную магчымасьць абыйсьці ўсялякія законы і распараджэньні. Тым больш, што і абмежаваньняў на яе кладзецца менш, чым на беднату. Прыклад перад намі: у той час, як яўрэй-фабрыкант і гандляр, атрымаўшы вышэйшую асьвету, мае права жыць у Маскве і пасьля загаду 1891 г., яўрэй-рабочы і рамесьнік, катораму ў масе вышэйшая асьвета не даступна, павінен быў пакінуць месца працы і зрабіцца безработным у сваіх «межах аселасьці».

У 1886 годзе сам Аляксандар IIІ загадаў міністру народнай асьветы вядомаму обскуранту Дзялянаву прыняць меры для абмежаваньня прыёму яўрэяў у школы як сярэднія, так і вышэйшыя. Больш як паўгода бюрократы думалі над гэтымі мерамі. Урэшце ў ліпені 1887 году міністар выдаў два цыркуляры на гэтую тэму. Была ўстаноўлена такая процантная норма для вучняў-яўрэяў: у межах аселасьці яўрэі прымаюцца ў школу ў разьмеры 10% хрысьціян, за межамі аселасьці— 5%, а ў сталіцах—3%. Потым ідуць абмежаваньні для яўрэяў, што дасталі асьвету. Яўрэй ня можа займаць урадавую службу, ня мае права быць «вышэйшым чынам» (афіцэрам) у арміі, ня мае права быць профэсарэм, прысяжным павераным і г. д. Усё гэта ў буржуазных яўрэйскіх колах утварае так званы сіонісцкі рух і цяжкі настрой у масах. Яўрэйскі пясьняр Я. Фруг так апісвае сучасны яму настрой:

Все поникло кругом, помертвело,
Как средь диких пустынных равнин.
Зарыдал-бы хоть кто-нибудь сьмело,
Застонал-бы хоть громко один!
Эти ночи без звезд и без бури,
Эти дни без теней и лазури,—
Мой народ, как похожи они
На печальные годы твои!

У пролетарскіх колах узмацняецца соцыялістычны рабочы рух, які ахварбоўваецца паступова ў нацыянальны колер. Зараджаецца корань моцнай і шырокай організацыі «парыяў паміж пролетарымі» — Бунда, каторы аформліваецца ў партыю ў 1897 годзе, адначасна з аформленьнем сіонізму.

Школа на Беларусі ізноў пачынае вясьці ўпартую русыфікацыю. Для сярэдняй школы русыфікатараў дастаўляюць рускія унівэрсытэты і асабліва духоўныя акадэміі, для ніжэйшых школ адпаведных настаўнікаў—мясцовыя настаўніцкія сэмінарыі і Віленскі настаўніцкі інстытут. Для рабочым і сялян Беларусі даступны толькі ніжэйшыя школы і так званыя гарадзкія вучылішчы. Прычым, праграмы іх пабудованы так, што пасьля іх сканчэньня ніяк ня можна папасьці ў гімназію і ў унівэрсытэт, каторыя такім спосабам застаюцца толькі для заможных груп жыхарства. Каб яшчэ больш загарадзіць гімназію і вышэйшую школу ад працоўных нізоў, на Беларусі сыстэматычна праводзіцца цыркуляр Дзялянава, вядомы ў шырокай публіцы пад назваю цыркуляру «аб кухаркіных дзецях». Асноўная думка цыркуляру такая: кожны падданы імпэрыі павінен заставацца ў тым стане, у каторым ён радзіўся на сьвет. Калі бедны чалавек пападае ў гімназію, а праз яе і ў унівэрсытэт, то ён выходзіць з сваіх соцыяльных абставін і пападае ў новыя. Ён, жывучы сярод заможных таварышаў, на сваёй асобе бачыць клясавыя супярэчнасьці, азлабляецца і робіцца супраціўнікам існуючага парадку. Дзеля ўсяго гэтага начальнікам сярэдніх школ даецца загад, каб яны ня пускалі дзяцей беднаты ў гімназію, а для гэтай мэты рабілі ім правалы на прыёмных экзамэнах. Такім спосабам школа на Беларусі адгароджана была процэнтнаю нормаю ад яўрэйства, а цыркулярам «аб кухаркіных дзецях»—ад працоўнай масы Беларусі наагул.

Адначасна з боку Сыноду і Пабеданосцава ішоў паход на сьвецкую школу, нават у тым выглядзе, які яна мела тады. Ваяўнічае праваслаўе не здавальнялася сваёй роляю. Пабеданосцавым быў апрацован проэкт аб перадачы ўсіх ніжэйшых школ у рукі духоўнага ведамства. Проэкт у цэлым не прашоў і быў праведзен у жыцьцё толькі часткаю выданьнем закону 1884 году. На аснове яго пад загад праваслаўнага «сьвяцейшага» Сыноду папалі самыя ніжэйшыя вясковыя народныя школы, вядомыя пад назваю школак граматы. Пад націскам Сыноду і епархіяльных епіскапаў парафіяльныя сьвяшчэньнікі адчынілі на Беларусі шмат такіх школак. Школы граматы ўтрымваліся на сялянскія сродкі. Настаўнікі іх былі зусім нізкай кваліфікацыі. Кармілі іх сяляне па чарзе і зьбіралі ў канцы зімы ці продуктаў, ці грошай на некалькі рублёў. Настаўнікі школак на Беларусі вядомы пад назваю дарэктараў. Толькі ў канцы ХІХ і пачатку XX сталецьця Сыноду былі адпушчаны са скарбу грошы на царкоўныя пачатковыя школы. Яны на Беларусі зьявіліся ў вялікім ліку, перавышаючы лік сьвецкіх народных школ. Была ўтворана духоўная інспэктура царкоўна-парафіяльных школ. Былі адчынены царкоўна-настаўніцкія школы, каторыя выпускалі спэцыяльных настаўнікаў для царкоўных школ. Яны апынуліся зусім у руках духавенства і былі часам шчырымі, а часам нявольнымі праваднікамі той рэлігійнай атруты, катораю на працягу соцень год і раней атручвалася наша Беларусь. У процівагу праваслаўным сьвяшчэньнікам ксяндзы адчыняюць патаемныя каталіцкія школы ў польскай мове. Па мястэчках і гарадох яўрэйскія абшчыны адчыняюць хэдэры, каторыя зьяўляюцца выключна рэлігійнымі школамі і атручваць мазгі дзяцей яўрэйскай беднаты. Усе гэтыя школы, апроч таго, выхоўваюць дзяцей у нацыянальным шовінізьме—рускім, польскім і яўрэйскім.

У 1889 годзе, паводле пропозыцыі міністра ўнутраных спраў Толстога, вышла «палажэньне аб земскіх начальніках». У гэтым-жа годзе зьявіліся земскія начальнікі і на Беларусі. У Расіі на пасады земскіх начальнікаў урадам сажаліся рускія памешчыкі «из потомственных дваран». Што датычыць Беларусі, то тут такі прынцып назначэньня прыкладаўся толькі да памешчыкаў-двараін рускага пахаджэньня, каторых тут было ня так і многа. Паны з польскай шляхты і магнацтва, каторых на Беларусі была большасьць, ня мелі права быць земскімі начальнікамі, бо ім рускі урад ня верыў, лічачы іх, як палякоў, політычна ненадзейнымі. Дзякуючы гэтаму, земскія начальнікі на Беларусі назначаліся найчасьцей з рускіх зьбяднелых паноў і заслужоных бюрократаў, што не перашкаджала ім падтрымліваць інтарэсы і рускіх, і польскіх паноў на Беларусі і быць пужалам для забітага беларускага селяніна. Вызвалены юрыдычна з панскай няволі ў 1861 годзе, селянін зноў папаў у новую прыгонную залежнасьць пры дапамозе інстытуту земскіх начальнікаў.

У 1890 годзе, паводле пропозыцыі таго самага Толстога, была ў Расіі праведзена «реформа земства». Калі і па рэформе 1864 г. земства было замаскірованай саслоўна-дваранскай інстытуцыяў то цяпер была скінута нават і гэтая маскіроўка. Дваране паводле новай рэформы пападалі ў земскія органы не як земляўласьнікі, а проста, як дваране. Лік дваранскіх месц быў значна павялічан за кошт недваранскіх. Ідуць увесь час разгаворы, каб падарыць гэтым «рэформаваным» земствам і Беларусь. Але заходнім губэрням імпэрыі не ўдалося пакаштаваць і такога земства. Расійскі ўрад ня верыў польскаму дваранству ў заходніх губэрнях і баяўся, як-бы яно, організованае ў земскіх установах, не ўтварыла опозыцыі «искони русским началам», каторыя насаджваліся на захадзе імпэрыі. Дзеля гэтага толькі ў 1903 годзе для Беларусі было надарована яшчэ раз «рэфармаванае» земства. Было выдана так званае «положение об управлении земским хозяйством в 9 западных губерниях». У лік гэтых 9 шчасьлівых губэрань з Беларускай тэрыторыі ўвашлі толькі Магілёўская, Віцебская і Менская губэрні. На аснове «положения» ў губэрні ўтвараліся ўставадаўчыя органы, губэрскія комітэты ў справах земскай гаспадаркі. Склад іх быў бюрократычны. Старшынёю комітэту па абавязку лічыўся губэрнатар. Частка членаў комітэту складалася з мясцовых земляўласьнікаў, назначаных міністрам унутраных спраў, паводле прадстаўленьня губэрнатара. Такім спосабам з мясцовых польскіх земляўласьнікаў урад адбіраў самых добранадзейных. Другая частка членаў складалася з вышэйшых губэрскіх ураднікаў. Яны былі як-бы процівагай у вадносінах да першай польскай часткі. Усе члены комітэту носяць назву земскіх гласных. Выканаўчым органам комітэту зьяўляецца губэрская земская ўправа, каторая складаецца з старшыні і трох-пяці членаў; усіх іх назначае міністар. Павятовы комітэт у справах земскай гаспадаркі складаецца з старшыні—павятовага маршалка шляхецтва, вышэйшых павятовых чыноўнікаў і некалькіх валасных старшынь, па назначэньні губэрнатара. Земская ўправа на павеце мае на чале таксама павятовага шляхецкага маршалка і складаецца з 3-4 гласных, назначаных губэрнатарам. Баючыся вольнадумства нават такога земства, урад зрабіў пастанову, каб усе каштарысы яго па заходніх губэрнях (з даходнымі і расходнымі артыкуламі) зацьвярджаліся ў цэнтры Гасударственным Саветам.

З такім характарам «земства» на Беларусі існавала з 1903 да 1911 году. У 1911 годзе яно ўрэшце дачакалася, што яму на абшары трох вышэйпамянёных губэрань, урад падараваў «Земское Положение» 1890 году. Зноў, баючыся ўплыву на мясцовае жыцьцё польскіх земляўласьнікаў, урад даў на Беларусі выбарнае права праваслаўнаму духавенству, апроч таго, на губэрню праводзіўся адзін гласны ад вясковых вобчастваў. Зразумела, што й такое земства таксама ня мела ўплыву на разьвіцьцё гаспадаркі на Беларусі.

Вызваленьне сялян на Беларусі выклікала малазямельле, якое павялічвалася з кожным годам, аб чым мы ўжо гаварылі раней. На 5 беларускіх губэрань—Віленскую, Горадзенскую, Менскую, Магілёўскую і Віцебскую—лік надзельных сялянскіх зямель складае толькі 35,1 проц. усяго абшару, у той час, як прыватнаўласьніцкія землі складаюць 55 проц. Асабліва пацярпела сялянства Меншчыны. Тут мы маем прыватнаўласьніцкай зямлі 60,7 проц., а надзельнай сялянскай толькі 25,9 проц. (лічбы мы бярэм па дроф. Фортунатаву). Зразумела, што селянін з такога надзелу карміцца ня можа. Ён шукае выйсьця ў арэндзе чужой зямлі. Беларускі прыватнаўласьнік моцна трымаецца за свой маёнтак і абрабляе яго цалком, стараючыся інтэнсіфікаваць сваю гаспадарку і прыстасаваць да тэхнічнай апрацоўкі сырыя продукты, дабытыя з зямлі. Дзеля гэтага дастаць у варэнду кавалак зямлі з маёнтку вельмі трудна. Дзе-ні-дзе селяніну ўдаецца дастаць арэнду з маёнтку пры умове аплаты арэнды сваёю працаю. Наадварот, моцна разьвіваецца батрацтва: прыватнаўласьніцкія маёнткі на Беларусі апрацоўваюцца як пастаяннымі вяскова-гаспадарокімі рабочымі, так і сэзоннымі. Але гэта ня вычэрпвае лішніх рабочых рук. Селянін за працаю ідзе ў горад. Серадняцкае сялянства запаўняе сваймі дзяцьмі танныя школы: настаўніцкія сэмінарыі, гарадзкія вучылішчы. Стыпэндыі часта прывабліваюць сюды і беднату. Наплыў сялянскіх дзяцей учыняе тут такі конкурс, якога ня ведалі вышэйшыя спэцыяльныя тэхнічныя школы. Сярэднія лічбы конкурсу ў настаўніцкую сэмінарыю такія: прыяжджае на экзамэн 350-400 хлапцоў, а прымаецца ў школу 30-35 вучняў. Бедната з вёскі прагнецца папасьці на фабрыкі і заводы. Гарады ня могуць прыстроіць новага пролетара дзеля таго, што яны ня маюць шырока разьвінутай фабрычна-заводзкай прамысловасьці. Апроч таго, гарады і мястэчкі Беларусі набіты рамясловаю і пролетарскаю яўрэйскаю беднатою, каторую сілком сабрала сюды з аднаго боку мяжа аселасьці, з другога боку—часовыя правілы 1882 году. Перапаўненьне гарадоў беднатою як яўрэйскаю, так і беларускаю, утварыла тут сыстэматычнае масавае безрабоцьце. Трэба было шукаць выйсьця. І вось пацягнуліся безработныя з Беларусі ў далёкую Амэрыку, шукаючы там працы й лепшай долі. З кожным годам эміграцыя ў Амэрыку ўсё расьце. Апроч Амэрыкі, з 1889 году, калі быў выдан закон аб перасяленьнях, безьзямельле і малазямельле гоняць беларускага селяніна ў халодную Сібір. Да вайны ў Сібір выехала каля 800.000 перасяленцаў з Беларусі.

У 1882 годзе быў адчынен і ў 1883 годзе пачаў свае опэрацыі Сялянскі Зямельны Банк. За сваю мэту ён паставіў пашырэньне сялянскага земляўладаньня. Зразумела, што банк не памог безьзямельным і малазямельным, бо ў іх ня было грошай на гандлёвыя опэрацыі. Да банку зьвярнулася зусім малая частка беларускай сялянскай беднаты. Яны зрабілі з банкам умовы, унесьлі першыя ўзносы, а потым іх землі, як землі неакуратных плацельшчыкаў, вярнуліся назад у банк. Заможнае сялянства, а часам і сераднякі праз банк крыху павялічылі свае надзелы, але гэтае павялічэньне было нязначным. У Меншчыне, напрыклад, каторая мела 57,3% малазямельных, праз банк было куплена толькі каля 500 дзесяцін зямлі. Банк ня столькі памог малазямельным, колькі дапамог наслаеньню беларускай вёскі. Заможнае сялянства прыкупіла зямлі, а незаможнае, як і раней, ішло па шляху пролетарызацыі, павялічваючы лік тае клясы, каторая потым стала на чале рэволюцыі.