Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Апошнія годы XVIII сталецьця

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Інкорпорацыя Беларусі ў Расійскую імпэрыю Апошнія годы XVIII сталецьця
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Урад і яго адносіны да Беларусі ў першай чвэрці XIX сталецьця

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Апошнія годы XVIII сталецьця.

Вызваліўшыся з пут клерыкальна-шляхецкай рэспублікі, Беларусь апынулася ў ланцугах панска-дваранскага, царскага абсолютызму. Абсолютызм гэтага часу прадстаўлен у Расіі вельмі яскраваю асобаю, сынам Катарыны ІІ, Паўлам І. Яго нядоўгае і сумбурнае кіраўніцтва (1796—1801) дае нам добры і тыповы малюнак таго, да чаго магло даходзіць самадурства і сваяволя расійскага царызму. Нават такі шчыры прыхільнік і абаронца рускага самаўладзтва, як гісторык таго часу Карамзін, называе гэтае кіраўніцтва «царствованием ужаса». І гэта зусім зразумела. Царскі пасад імпэрыі займае нэрвовахворы, інтэлектуальна-ненормальны чалавек, катораму трэба было хутчэй лячыцца ў больніцы, чым займаць царскі пасад. Сын алькаголіка, замораны з дзяцінства бязглуздым выхаваньнем мамак і нянек, потым трыццаць год рызыкаваўшы паміж царскім пасадам і Шлісэльбурскімі мурамі, Павал І і ня мог быць здаровым, нормальным чалавекам. Каб пераканацца ў гэтым, мы маем шмат фактаў, на якіх спыняцца ня будзем. Даволі зрабіць вынятак з аднаго, выданага ім для Масквы прыказу. Там, паміж іншым, ёсьць такое цікавае месца: «Абвясьціць усім гаспадаром будынкаў з падпіскаю аб тым, каб яны загадзя, а ўласна, за тры дні давалі знаць у поліцыю, у каго мае быць у доме пажар». (Русская Старина, 1887 год, кн. І, стар. 100). Далей гэтага прыказу ўжо няма куды ісьці. Гэты шалёны чалавек меў вельмі высокі погляд на сябе і на сваё самаўладзтва. «У Расіі», казаў ён ня раз, «вялікі той, з кім я гутару і пакуль я з ім гутару».

На чале ураду, такім спосабам, стаіць чалавек, чыннасьцю якога кіруюць не разумныя мотывы, а нэрвовыя эмоцыі і хворае пачуцьцё. Найперш ад усяго ён абхоплен шалёнаю ненавісьцю да свае мацеры, Катарыны ІІ. Гэта з яе волі афіцэры ў Ропшы забілі яе мужа, а яго айца Пятра ІІІ; гэта яна праз забойства незаконна захапіла царскі пасад, каторы павінен быў заняць ён, Павал І. Гэта яна зьдзеквалася доўгія годы над ім, насьледнікам пасаду, і пагражала яму перадачай улады яго сыну Аляксандру і заключэньнем яго, Паўла, у Шлісэльбурскую крэпасьць. Усё, што зроблена ненавісным яму ранейшым урадам яго мацеры, ён лічыць благім, шкадлівым для сябе і падлеглым перамене ці адмене.

Ня меншай ненавісьцю ахоплен Павал І і да францускай рэволюцыі. Яго хворым мазгом вялікі гістарычны акт рэволюцыі прадстаўляецца падзеяй, пакірованаю спэцыяльна й асабіста проціў яго і яго неабмяжованай нічым улады. Гэтае прадстаўленьне аб рэволюцыі ўзмацняецца яшчэ тым, што яна неміласэрна гільётынавала яго асабістых прыяцеляў, пачынаючы з Людвіга XVI і канчаючы яго прыдворнымі, з каторымі ён устанавіў добрыя адносіны ў часы сваёй падарожы заграніцу ў 70-ыя годы XVIII сталецьця. Ненавісьць да мацеры злучылася ў яго хворых мазгох з ненавісьцю да францускай рэволюцыі, бо і Катарыну ІІ ён лічыў рэволюцыянэркаю.

І вось пачалася бязупынная барацьба з круглымі капялюшамі, гарсэтамі, фракамі, катарынінымі фаворытамі і г. д. Ува ўсім цар бачыў прыметы ненавіснай яму рэволюцыі і «рэволюцыянэркі» мацеры. Жыцьцё падданых, асабліва арміі, зрабілася неперарыўным катаваньнем. Дварцовы загавор і забойства Паўла ў ноч на 11 сакавіка 1801 г. былі зусім зразумелым і канечным вынікам з гэтага бязглуздага «царствовання ужаса». І ня было ніводнага чалавека, каторы-бы пашкадаваў пазьверску забітага цара. «Як падучы мэтэор, прамільгануў гэты цар», казаў Карамзін, «усе глядзелі на яго, лічачы мінуты, і радаваліся апошняй мінуце».

Адносіны паўлаўскага ўраду да польскага, а разам з тым і да беларускага пытаньня непадобны на адносіны да гэтага пытаньня ўраду Катарыны ІІ. Урад Катарыны з вялікаю ахвотаю і пасьпехам карыстаўся з развалу суседкі і разам з урадамі Прусіі і Аўстрыі рабіў падзелы Рэчы Паспалітай. Расійская імпэрыя мотывавала свой удзел у разборах Польшчы гістарычнымі правамі на «рускія» землі ў Польшчы, што выразіла ў добра вядомым лёзунгу—«отторженная возвратих» (я вярнула адабранае калісь). Урад Паўла і як-бы спачувае польскай справе і лічыць, што Расія не павінна была ў свой час прымаць удзел у гэтай несправядлівай і недзяржаўнай справе. Яшчэ будучы насьледнікам царскага пасаду, у размове з вядомым польскім песьняром і патрыётам Нямцэвічам, Павал І сказаў так: «Я заўсёды быў проціў падзелу Польшчы; гэтая справа зьяўляецца столькі-ж несправядліваю, сколькі і недзяржаўнаю». Некалькі раз насьледнік расійскага трону, не баючыся нават гневу ўсёмагутнай мацеры, выяўляе сваё спачуваньне польскаму дыктатару -рэформісту Тадэушу Касьцюшку. Зрабіўшыся ўрэшце расійскім імпэратарам, праз дзесяць дзён пасьля ўступленьня на трон (16/ХI—1796), Павал І асабіста вызваліў з няволі Т. Касьцюшку, каторы сядзеў заарыштаваны ў ніжнім паверху Мрамарнага палацу ў Петраградзе. Не здаволіўшыся гэтым, новы імпэратар, як-бы ў піку ранейшаму ураду, праз два тыдні выдаў Т. Касьцюшку з дзяржаўнага скарбу падарунак у 60.000 рублёў, што на той час складала вельмі значную суму грошай. Урад ня спыніўся на вызваленьні толькі дыктатара. Указам ад 29 лістапада 1796 году былі выпушчаны на волю ўсе «попавшие в заточение и ссылку по случаю бывалых в Польше замешательств». Лічачы падзелы Рэчы Паспалітай гістарычна- несправядлівым і недзяржаўным актам, урад Паўла І аднак-жа зусім ня думаў ліквідаваць іх і аднаўляць Польскую рэспубліку. У размове з польскім «патрыётам» графам Патоцкім Павал І сказаў, паміж іншым, так: «Падзел Польшчы ёсьць факт, які ўжо адбыўся, і з гэтым фактам палякам трэба згадзіцца».

Мадэль на памяць прылучэньня Беларусі да Расіі.

Тым ня менш, апіраючыся на перамену настрою рускага ураду, польскае шляхецтва як у Польшчы, так і на Беларусі, стала пакладаць надзеі адбудаваць Польшчу пры дапамозе рускага ўраду. Паўлу І падаюцца такога характару адрасы й пэтыцыі. Цікавы ў гэтых адносінах політычныя пытаньні менскай шляхецкай дэлегацыі, якая, разам з другімі дэлегацыямі, зьявілася ў Маскву на ўрачыстасьць каранацыі Паўла І. Вітаючы цара ад імя новых яго падданых, дэлегацыя зьвяртаецца да рускага ураду з проэктам некаторых перамен рускай політыкі на Беларусі. Дэлегацыя проэктуе: «Каб у кіраваньні частка кіраўнікоў складалася з прадстаўнікоў польскай нацыі; каб судовыя ўстановы ў краі заставаліся, як і раней, на правох нашых польскіх, на ўласнай мове і на старых парадках; каб памешчыкі, што добра ведаюць законы, у судовыя ўстановы пасаджаны былі». Адным словам, шляхецкая дэлегацыя патрабуе, каб мясцовае полёнізаванае панства было дапушчана ў мясцовае кіраваньне грамадзянскімі справамі на Беларусі, бо толькі гэтае панства ведае старыя «польскія» законы. Трэба зазначыць, што некаторыя пункты гэтых пажаданьняў шляхты былі зьдзейсьнены, і політыка катарынінскага ураду была зьменена.

Вышэй гаварылася, што дэлегацыя прапанавала расійскаму ураду, каб судовыя ўстановы на Беларусі заставаліся, як і раней «на правох польскіх». Пад гэтымі «польскімі» правамі разумелася зусім ня польскае законадаўства, а стары «Статут Вялікага Княства Літоўскага», каторы станавіў сабою плод беларускай законадаўчай творчасьці. Зьявіўшыся ў пачатку XVI сталецьця ў беларускай мове, вытрымаўшы ў ёй тры рэдакцыі, к канцу XVIII сталецьця Статут ужо быў перакладзен з беларускай мовы у польскую і выдаваўся цяпер польскаю шляхтаю за продукт польскай юрыдычнай творчасьці. Так глядзела на Статут і расійская улада.

Калі Беларусь была далучана да імпэрыі, урад Катырыны ІІ забараніў ужываць у судовых установах Беларусі Літоўскі Статут, каторы ён лічыў зборнікам польскіх законаў, і на яго месцы паставіў стары, юрыдычны зборнік, утвораны яшчэ Маскоўскім гаспадарствам у 1649 годзе, вядомы пад назваю «Соборного Уложення цара Алексея Михайловича». Гэты зборнік у пачатку XIX сталецьця ўжываўся ўва ўсёй імпэрыі; зразумела, што і Беларусь павінна была прыняць яго ў карыстаньне. «Уложение», напісанае ў 1649 годзе, к пачатку ХІХ сталецьця зрабілася ўжо зусім неадпаведным судовай практыцы і для Расійскай імпэрыі наагул, як зборнік вельмі застарэлы. З цягам часу да яго было дададзена шмат усялякіх пазьнейшых указаў як у мэтах адмены, так і ў мэтах тлумачэньня і зьмены старых указаў. Усё гэта ўносіла ў зборнік, які меў практычныя мэты, вялікую блутаніну і неразьбярыху, што давала бязьмежны прастор для судовага злоўжывань ня і самавольства і для таго суцяжніцтва, каторым так славілася старасьвецкая Расія. Не дарма злажылася аб гэтым рускім законе пагаворка, што ён «як дышла: куды павярнуў, туды й вышла». Ведаючы аб недахватах «Уложения», яшчэ Пётра І ў свой час думаў злажыць новы юрыдычны зборнік, але ў яго часы не ўдалося зьдзейсьніць гэтую думку. Пасьля яго сьмерці ў 1767 годзе думала злажыць «Новое Уложение» Катарына ІІ, але з яе шырокіх і громкіх спроб таксама нічога ня вышла. Так і застаўся існаваць у імпэрыі гэты стары зборнік XVII сталецьця, які зусім ня мог здавальняць патрэб новага жыцьця. Што датычыць да Беларусі, то тут «Уложение царя Алексея Михайловича» не падходзіла яшчэ і з тае прычыны, што яно злажылася на чужым грунце ў зусім неадпаведных для Беларусі абставінах—як экономічных, так і політычных. Для Беларусі «Соборное Уложение» было ня толькі застарэлым, але й чужым, нязвыклым прававым зборнікам. Дзеля гэтага недахваты яго былі тут асабліва глыбокімі й балючымі.

Павал І пашоў на спатканьне пажаданьням польскай шляхты на Беларусі, якія яна выказала ў сваім проэкце, і згадзіўся на тое, каб «судовыя ўстановы засталіся ў краі на правох польскіх». Такім спосабам, замест «Соборного Уложения», дзейным правам на Беларусі зноў зрабіліся нормы «Статуту Вялікага Княства Літоўскага», каторы ў часы Катарыны быў забаронен на Беларусі. Хоць нормы Статуту за доўгі час яго існаваньня шляхта і прыстасавала да сваіх прыгонных інтарэсаў, але ўсё-ж такі яны карысна розьніліся ад «Соборного Уложения» як сваім зьместам, так і сыстэматызацыяй. Апроч таго, карная частка «Статуту» была больш культурная, чым адпаведная частка «Соборного Уложения». Да карыстаньня Статутам беларускія масы звыклі, і ім лягчэй было разьбірацца ў яго артыкулах. Разам з гэтым урад Паўла І дазволіў аднавіць некаторыя з судовых устаноў, каторыя існавалі на Беларусі да інкорпорацыі яе ў склад імпэрыі.

Што датычыць політыкі ў адносінах да рэлігійных вызнаньняў, то і тут мы бачым, што урад Паўла І адмовіўся ад сыстэмы ранейшага ураду. Раней панавала тэндэнцыя пашырыць сярод насяленьня Беларусі праваслаўе за кошт нялюбага каталіцтва і вуніяцтва. Наадварот, урад Паўла І зусім выразна выяўляе свае сымпатыі да каталіцтва. Трэба зазначыць, што з самога канца XVIII сталецьця ня толькі Павал, але і вярхі рускай арыстакратыі апынуліся пад моцным уплывам каталіцтва.

Яшчэ будучы маладым, у часы сваёй падарожы па Заходняй Эўропе (70-ыя годы XVIII сталецьця), Павал І быў, паміж іншым, і ў Рыме. Там ён асабіста пазнаёміўся з рымскім папаю Піем VI. Папа, хоць і ня быў добрым політыкам свайго часу, але зразумеў, што трэба зрабіць усе крокі, каб утварыць з расійскага цэсарэвіча прыхільніка каталіцкай веры і папскага пасаду. Гэта папе і ўдалося зрабіць. Ужо ў гэты самы час Павал зацікавіўся Мальтыйскім духоўна-рыцарскім ордэнам, каторы дажываў свой век. Праз нейкі час будучы расійскі цар запісаўся ў ордэн і атрымаў званьне рыцара. Калі Павал зрабіўся імпэратарам, то ён не здаволіўся званьнем звычайнага радавога рыцара, а атрымаў тытул гросмайстра ордэну і да самае сьмерці лічыў сябе абаронцам гэтага каталіцкага ордэну.

Шалёная ненавісьць паўлаўскага ураду да францускай рэволюцыі таксама павінна была выклікаць асаблівую ўвагу да каталіцтва. Справа ў тым, што урад добра ведаў, што каталіцтва было больш прыстасована да барацьбы з рэволюцыйнымі ідэямі і рухам, чымся другія рэлігіі, у тым ліку, напрыклад, і праваслаўе. Каталіцтва, як сыстэма, мела старую, добра пабудованую організацыю і паслухмяную, цэнтралізованую і дысцыплінованую іерархію. Каталіцкае духавенства, як нежанатае, больш было рухавым і незалежным ад абкружаючых яго абставін жыцьця. Выхаваньне і адукацыя каталіцкіх сьвяшчэньнікаў ставілі іх кваліфікацыю куды вышэй ад кваліфікацыі сьвяшчэньнікаў праваслаўнае і вуніяцкай веры. Недарма каталіцкая царква насіла назву ваяўніцкай царквы. Організацыю яе ўзмацнялі розныя духоўныя ордэны, на чале каторых стаяў такі дысцыплінованы і багаты сіламі ордэн, як ордэн езуітаў. Ня гледзячы на рэпрэсіі, каторыя пасыпаліся на яго з апошняй чвэрці XVIII стал., ён існаваў і амаль што не па ўсёй зямлі раскінуў сетку сваіх устаноў. Дзякуючы ўсяму гэтаму, каталіцтва, як сыстэму, урад Паўла І лічыў, што яго трэба не аслабляць, а ўзмацняць.

Адразу былі прыпынены тыя «добравольныя» прылучэньні каталікоў і вуніятаў да праваслаўнай царквы, каторыя часта практыкаваліся мясцоваю адміністрацыяй і вельмі падтрымоўваліся цэнтральным урадам Катарыны ІІ. Гэтыя прылучэньні «отторжанных» у часы ранейшага кіраваньня павялічвалі лік праваслаўных на Беларусі і лікам аслаблялі каталіцтва й вунію. У часы Паўла пачаліся адваротныя адходы прылучаных да праваслаўя ў свае ранейшыя веры.

Не бяз уплыву ураду, якраз у гэтыя часы беларускі вуніяцкі епіскап Анастас Братаноўскі падаў уладзе дакладную запіску, у каторай ён даводзіў, што вуніяцкая царква сваёю навукаю знаходзіцца ў сьціслай сувязі з каталіцкай царквою. Адсюль ён рабіў вывад, што вуніяты павінны ў ерархічных адносінах быць падлеглымі каталіцкай царкве ў Расіі. Згодна з асноўнаю думкаю А. Братаноўскага, урад Паўла выдаў адпаведны загад, на падставе каторага вуніяцкая царква падлягала кіраўніцтву рымска-каталіцкай колегіі ў Расіі. Такім спосабам, беларусы-вуніяты ў Расіі, як раней і ў Рэчы Паспалітай, ізноў падпалі пад уладу каталіцкай іерархіі. Пачаліся масавыя як добравольныя, так і недобравольныя пераходы з вуніі ў каталіцкую веру. Рэлігійнае пытаньне і рэлігійная барацьба на Беларусі зноў абвастрылася. У часы Паўла І Беларусь атрымала новы адміністрацыйны падзел. У часы Катарыны ІІ лік губэрань у імпэрыі быў значна павялічан параўнальна з пятроўскім губэрніяльным падзелам. У пачатку XVIII сталецьця Расія складалася з 11 губэрань, пры Катарыне ІІ імпэрыя была падзелена на 50 губэрань. Такім спосабам, вынікла 39 новых губэрніяльных гарадоў. Разам з тым лік павятовых гарадоў павялічыўся на 200. Новыя гарады, як вытвараныя не на экономічным грунце, былі не прамысловымі і гандлёвымі пунктамі, а проста адміністрацыйнымі цэнтрамі губэрань і паветаў. Новая адміністрацыя патрабавала шмат выдаткаў на сваё ўтрыманьне. Маючы на мэце скарачэньне выдаткаў, урад пастанавіў зьменшыць лік губэрань і паветаў у імпэрыі, у сувязі з чым і быў выдадзен адпаведны указ 12 сьнежня 1796 году. Што датычыцца да Беларусі, то тут гэты указ рэалізаваўся ніжэйзгаданым спосабам. Быўшая Магілёўская губэрня і тры провінцыі губэрні Пскоўскай (Дзьвінская, Полацкая і Віцебская) злажылі адну Беларускую губэрню, галоўным горадам якой быў назначан Віцебск. У пазьнейшыя часы Беларуская губэрня была разьбіта на Магілёўскую і Віцебскую губэрні. Менская губэрня засталася бяз усякіх перамен; галоўным горадам яе быў Менск. Быўшыя губэрні—Віленская, Слонімская (Горадзенская) і Ковенская злажылі адну Літоўскую губэрню, галоўным горадам якой была назначана Вільня. У пазьнейшыя часы Літоўская губэрня ізноў разьбілася на тры—Віленскую, Гарадзенскую і Ковенскую губэрні.

Палажэньне сялянства на Беларусі ў канцы XVIII сталецьця нісколькі не палепшылася. Урад раздае казённыя землі паном за іх «заслугі» перад тронам направа й налева. Дзякуючы гэтаму, скарбовыя сяляне пераходзяць на палажэньне сялян прыватнаўласьніцкіх, ад чаго палажэньне пагаршаецца. Раздачы зямель у часы Паўла робяцца яшчэ шчадрэйшай рукою, чым у часы царыцы Катарыны. Для прыкладу даволі прывесьці лік сялянскіх душ, разданых тым і другім: Катарына II за 34 гады свайго доўгага панаваньня раздала сваім вяльможам і фаварытам 800.000 сялян, а Павал І за 4 гады свайго вельмі кароткага панаваньня пасьпеў раздаць 600.000 сялянскіх душ. Урад Паўла І раздае шчодраю рукою дзяржаўныя землі і на Беларусі. Землі раздаюцца паном бяз розьніцы іх нацыянальнасьці: і рускім, і паляком. Хто атрымаў больш зямель—трудна сказаць, але для палажэньня разданых з землямі беларускіх сялян гэта было ўсё роўна. Найперш ад усяго урад у парадку амністыі зварочвае сэквэстраваныя маёнткі тым польскім паном, каторыя згубілі свае двары ў часы Катарыны ІІ. Такім парадкам, атрымалі назад свае землі ці ўзялі іншыя ўзамен сваіх такія «патрыоты», як Патоцкія, Чацкія, Вяшкевічы і інш. Апроч таго, урад, не зважаючы на політычную небясьпеку для імпэрыі ад павялічэньня ў краі польскага земляўласьніцтва, раздае і нанова землі польскім шляхецкім фаміліям, напрыклад, Ажароўскім, Забелам, Парчэўскім і інш. Паўлаўскі урад не забываецца і аб сваіх уласных рускіх дваранах. Атрымалі на Беларусі зямлю—Мезенцава, поэта Дзяржавін, Мельнікаў, Убра і г. д. Як вынік гэтых раздач, на Беларусі зьяўляецца павялічэньне ліку прыватнаўласьніцкіх прыгонных сялян і зьмяншэньне ліку скарбовых, дзяржаўных сялян. Адным словам, ідзе павялічэнньне, лічбены ўзрост прыгоннага права.

Эканомічны стан беларускага сялянства ў апошнія годы ХVІІІ ст. невымоўна цяжкі. Усе тагочасныя крыніцы, асабліва запіскі сучасьнікаў даюць вам у гэтым кірунку шмат яскравых матэрыялаў. Вельмі тыповым апавядацелем сялянскага быту таго часу на Беларусі зьяўляецца добра вядомы пісьменьнік катарынінскай эпохі, «певец богоподобныя царевны Фелицы» Г. Р. Дзяржавін. У паўлаўскія часы ён меў поўную магчымасьць добра пазнаёміцца з палажэньнем сялянства на Беларусі. У 1800 годзе ён дастаў ад ураду даручэньне прасачыць на месцы за прычынамі страшнага голаду, што быў тады на Беларусі. Каб выканаць гэтае даручэньне, ён аб’яжджаў цэлы рад мясцовасьцяй. Апроч таго, «певец Фелицы» быў памешчыкам на Беларусі. Яшчэ ў 1777 годзе за сваю поэзію ён атрымаў маёнтак у 274 душы ў Невельскім павеце. Дзяржавін, добра знаёмы з беларускім селянінам, так піша аб яго палажэньні ў сваёй справаздачы ураду. «Хота жители ее (Белоруссии) и употребляют пушной или пополам с мякиной хлеб, покупая оный или брав взаймы, но сие и в самые лучшие хлебородные годы обыкновенно в том краю бывает, особенно весной до новой жатвы. Другіе пятую долю ржи с четыремя частями мякины мешают, а иные едят вареный щавель или из отрубей и выжимок вареную кислицу; при чем они но привычке и нужде в довольном равнодушии обретаются». З гэтых слоў мы бачым, што селянін на Беларусі ня толькі ў часы неўраджаю, але і ў звычайныя часы ня можа пахваліцца сваёю сытасьцю. Хлеб з мякіны, вотрубі, шчаўе і іншыя сурогаты замяняюць для яго аржаны хлеб. Дзяржавін, хочучы пацешыць урад, даносіць яму, што, ня гледзячы на пастаянны голад, беларускі селянін так звык да нужды, што зусім не абураецца, а «обретается в довольном равнодушии», падобна грэцкаму філёзофу стоіцкае школы. Факты таго часу нам ясна гавораць, што ў заўсёды галоднага беларускага сялянства якраз ня было філёзофскага, стоіцкага «равнодушия». Селянін і на Беларусі, як і ўва ўсёй Расіі, быў благім філёзофам: ён не здавальняўся сваім палажэньнем і шукаў лепшай долі, шукаў, як мог. Форма організаванага паўстаньня яшчэ была для яго недаступна, і ён пачаў протэставаць у форме бунтоў. У канцы 1796 і пачатку 1797 году па ўсёй Беларусі йдуць сялянскія бунты проціў паноў. Асабліва абвострываюцца і ўзмацняюцца шырокія бунты ў Полацкай провінцыі. Ня гледзячы на неорганізованасьць бунтаў, мы бачым, што сялянства ўжо добра ведае, што яно галадуе, дзякуючы эксплёатацыі паноў: бунты непасрэдна пакірованы проціў панскай эксплёатацыі. Бунты адбываюцца ў маёнтках як рускіх, так і польскіх паноў, бяз розьніцы ў нацыянальнасьці. Большасьць бунтаў адбываецца ў польскіх маёнтках толькі таму, што паноў-палякоў на Беларусі было куды болей, чым паноў-рускіх. Ня гледзячы на раздачу урадам зямель рускім вяльможам і дваранам, рускае земляўласьніцтва яшчэ нязначна пашырылася на Беларусі. Сялянскія бунты часта не маглі быць спынены аднэй поліцэйскаю сілаю і шмат дзе падаўляліся войскам. Толькі к сярэдзіне 1797 году бунты былі ліквідаваны з вялікаю жорсткасьцю.

У гэты-ж самы час, 5-га траўня 1797 году, у дзень урачыстасьці царскай каранацыі, урадам быў выдан маніфэст, каторы загадваў: «Дабы никто и ни под каким видом не дерзал в воскресные дни принуждать крестьян к работам». Апроч таго, у далейшых словах маніфэст вызначаў, што «для сельскіх изделиев остающиеся в неделе шесть дней, по равному числу оных вообще разделяемые, как для крестьян собственно, так и для работ их, в пользу помещиков следующих, при добром распоряжении достаточны будут для удовлетворения всяким хозяйственным надобностям».

Калі мы ўглядаемся ў гэты «сэрдабольны» для сялянства маніфэст, то бачым, што ён у першай частцы, прыведзенай намі вышэй, зьмяшчае загад аб абавязковым сьвяткаваньні нядзелі. Што датычыць да другой часткі, аб ня больш як трохдзённай паншчыне, то тут ніякага загаду няма. Паном маніфэст дае проста бацькаўскую параду, што ім «при добром распоряжении» выстарчыць і трохдзённай у тыдзень сялянскай працы. Гаварыць аб якім-небудзь значэньні гэтага царскага маніфэсту ня прыходзіцца. Ён ня мог палепшыць і не палепшыў сялянскага палажэньня. Селянін у хрысьціянскай «благоверной» дзяржаве Расійскай атрымаў права сьвяткаваць нядзелю, на што ён меў права і бяз гэтага маніфэсту. Як раней, так і цяпер законнае права на сьвяткаваньне нядзелі засталося пустым гукам. А парада адносна трохдзённай у тыдзень паншчыны цьвёрда выконвалася панамі толькі тады, калі селянін дагэтуль працаваў на пана менш, як тры дні ў тыдзень.

Школьная справа на Беларусі ў апошнія годы XVIII сталецьця мае па асобных губэрнях такі выгляд. Руская школа прасякае на Беларусь з усходу на захад. Найбольш рускіх школ было ў беларускай губэрні (Магілёўшчына і Віцебшчына). Чатырохклясавыя школы былі толькі дзьве, у галоўных гарадзкіх пунктах: Магілёве і Віцебску. Больш было двухсэнсавых школ, каторых у губэрні налічвалася сем. Яны знаходзіліся ў меншых гарадох, каторыя потым сталі на чале паветаў (Полацак, Невель, Вяліж, Мсьціслаў, Ворша, Чэрыкаў і Чавусы). Былі дзьве школы, каторыя насілі спэцыяльны характар, гэта—Шклоўскі кадэцкі корпус і Магілёўская праваслаўная духоўная сэмінарыя. Што датычыць да польскіх школ, то сетка іх была куды гусьцейшая і кваліфікацыя іх была вышэйшая. Адных толькі езуіцкіх колегіумаў было сем—шэсьць поўных і адзін няпоўны. Поўныя калегіюмы былі ў Полацку, Віцебску, Дзьвінску, Магілёве, Мсьціславе і Воршы, няпоўны—у Чачэрску. У Талочыне была пяцёхклясавая базыліянская школа. Апроч таго, у губэрні існавалі школы і другіх манашацкіх ордэнаў, напр., домінікан, піараў (Валынцы, Ушачы, Віцебск). Iснавала шмат пачатковых, так званых парафіяльных (прыходзкіх) школ пры каталіцкіх і вуніяцкіх манастырох і цэрквах. Па Менскай губэрні мы ведаем толькі адну рускую школу ў Рэчыцы; польскіх зарэгістраваных школ налічваеца восем (Менск, Мазыр, Бабруйск, Слуцак, Пінск, Несьвіж, Халапенічы, Паставы). У Менскай губэрні, як у Беларускай, школы вельмі часта ўтрымліваліся манашацкімі ордэнамі (базыліяне, піары). У Слуцку існавала адна кальвінская школа. У Літоўскай губэрні (Віленшчына, Горадзеншчына і Ковеншчына) рускіх школ зусім ня было. Там існавалі выключна польскія школы. На чале іх стаяла віленская езуіцкая акадэмія, што абярнулася пачатку XIX сталецьця ў унівэрсытэт. У акадэміі налічвалася каля 250 студэнтаў. Выкладаньне навук у акадэміі адбывалася ў лацінскай мове; польская мова толькі што яшчэ ўводзілася, як выкладовая мова ў школах. Як і ў першых дзьвюх губэрнях, шмат школ знаходзілася на ўтрыманьні манашацкіх ордэнаў (20 школ). Вядомы школы базыльянскія (4), піярскія (5), домініканскія (3), бэрнардынскія (3) і г. д.

Усе школы на Беларусі працуюць паводле навуковага пляну і статуту Адукацыйнай Комісіі, якая засталася яшчэ ад часу Рэчы Паспалітай: Былі школы, дзе ўжывалася і беларуская мова, напр., у школах базыліянскіх і парафіяльных. Наогул, беларускаю моваю карыстаюцца часта ў вуніяцкіх школах.