Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Інкорпорацыя Беларусі ў Расійскую імпэрыю

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова Інкорпорацыя Беларусі ў Расійскую імпэрыю
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Апошнія годы XVIII сталецьця

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Інкорпорацыя Беларусі ў Расійскую імпэрыю.

У XVII і асабліва ў XVIII сталецьцях хуткім крокам ішоў распад Рэчы Паспалітай польскай, у склад каторай з часу Люблінскай вуніі (1569) уваходзілі Беларусь і Літва. Рэзка вызначаны соцыяльны антагонізм, політычная анархія, нацыянальныя і рэлігійныя спрэчкі бязьлітасна руйнавалі гэтую, на свой манер «клясавую», панскую рэспубліку. Зразумела, што пры такіх умовах гаспадарства жыць далей не магло, і было-бы дзіўным, каб яно не развалілася. Так званыя падзелы Польшчы былі нічым іншым, як простым вынікам разлажэньня Рэчы Паспалітай, што было зьяўленьнем не надворнага, а ўнутранага характару. Ужо на гатовы баль прышлі, ужо за прыгатаваны стол селі нязваныя і незапрошаныя госьці.

Першы падзел адбыўся ў 1773-4 гадох. На аснове акту гэтага падзелу Расійская імпэрыя атрымала ваяводзтвы—Магілёўскае, Мсьціслаўскае і часьць Полацкага. Гэтыя ваяводзтвы злажылі Магілёўскую губэрню з провінцыямі—Магілёўскай, Аршанскай, Мсьціслаўскай, Рагачоўскай і тры провінцыі Пскоўскай губэрні—Дзьвінскую, Полацкую, і Віцебскую. Увесь гэты абшар у далейшыя часы злажыў Магілёўскую і Віцебскую губэрні. Да Расіі далучылася: скарбовых сялян—199.575, прыватнаўласьніцкіх сялян—316.322, шляхецтва—5.521, мяшчан— 127.841; усяго да імпэрыі было прылучана 649.259 чалавек.

Пасьля першага падзелу камандны стан Рэчы Паспалітай нічога старога не забыўся і нічому новаму не навучыўся. Развал гаспадарства не супыніўся. Хатняя барацьба й спрэчкі цягнуліся яшчэ дваццаць год, што зусім аслабіла Польшчу. Зразумела, што суседнія дзяржавы— Прусія, Аўстрыя й Расія, ужо раз пажывіўшыся, пасьпяшылі скарыстаць першы зручны момант. У 1793 годзе адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. Расія атрымала Менскую вобласьць, з каторай злажылася потым Менская губэрня. Да імпэрыі адышло: скарбовых сялян—81.599, царкоўных і манастырскіх — 111.921, прыватнаўласьніцкіх — 599.741, усяго сялян—793.261.

Праз два гады (1795), ня гледзячы на гэроізм рэформіцкіх шляхецкіх кол, каторыя хацелі рэформамі і дысцыплінаю выратаваць Польшчу і на чале якіх стаў добра вядомы Тадэуш Касьцюшка, адбыўся трэці і апошні падзел Рэчы Паспалітай. Выратаваць гнілое гаспадарства ўжо ня было ніякай магчымасьці. Па гэтым падзеле імпэрыя дастала Заходнюю Беларусь і Літву, з каторых злажыліся губэрні— Віленская, Слонімская (Горадзенская) і Ковенская. Да Расіі па трэцім падзеле адышло насяленьня бяз шляхты 796.333 мужчыны і 771.560 жанч.

Такім чынам, у канцы XVIII сталецьця ўся Беларусь увашла ў склад Расійскай імпэрыі. Вышла так, што з аднэй ужо раскіданай дзяржавы яна ўвашла ў другую, якая таксама не магла пахваліцца сваім здароўем. Мы добра ведаем, што ў канцы XVIII сталецьця Расія з соцыяльнага боку перажывала ўсе хваробы фэадалізму. Аснову экономікі імпэрыі складала вясковая гаспадарка. Яна цалком трымалася і грунтавалася на паднявольнай цяжкай працы прыгоннага, прыкутага да панскай зямлі, селяніна, каторы ў тыя часы носіць назву «раба», што кропка ў кропку адпавядае сярэднявяковай фэўдальнай назьве «сэрва» (servus — раб). Расійскае земляўласьніцкае дваранства, ня гледзячы на самую інтэнсыўную эксплёатацыю сваіх «рабоў», не дастае даходаў з гаспадаркі, бо ня можа наладзіць яе, як належыць, на капіталістычны манер. Гарады існуюць толькі як адміністрацыйныя цэнтры, а як гандлёвыя пункты яны знаходзяцца ў заняпадзе. Пры панаваньні прыгоннай натуральнай гаспадаркі прамысловасьць і гандаль ня могуць разьвінуцца. Самаўладзтва расійскага імпэратара таксама носіць больш фэўдальны, чым бюрократычны, характар. Цар зьяўляецца першым дваранінам-фэўдалам у сваёй імпэрыі, і царызм ставіць сабе за мэту выключна абарону дваранскіх праў і інтарэсаў. Вялікае тэрыторыяльна і багатае прыроднымі багацьцямі гаспадарства задыхаецца экономічна, а разам з тым і політычна. Вось у гэтую затхлую атмосфэру гнілога вялікага організму пападае і Беларусь.

«Апека» над новапрылучанымі землямі новага ўраду пачалася адразу. Пачалі выдавацца ўсялякія прыказы й адозвы. Мы зьвернем увагу на выданы пасьля першага падзелу (1774 г.) агульнага характару прыказ губэрнатара Магілёўскай і Пскоўскай губэрань, у склад якіх увашлі прылучаныя часткі Беларусі. Па сутнасьці гэтага прыказу губэрнатары гэтых губэрань павінны былі абвясьціць усім насельнікам беларускага краю, што яны цяпер маюць усе тыя правы і вольнасьці, каторымі карыстаюцца старыя падданыя Расійскай імпэрыі. У прыказе было сказана паміж іншым так: «Кожны стан з насельнікаў прылучаных зямель уступае з самага гэтага дня ўва ўсе да яго належныя карысьці (выгады) па ўсім абшары імпэрыі Расійскай». Гэты ўрачысты прыказ гучэў горкаю кпінаю ў адносінах да ўсіх працоўных мас Беларусі. Сялянства, каторае ў Рэчы Паспалітай карысталася ўсімі «выгадамі» «быдла», дастала ў новым гаспадарстве «выгады» рабочага «скота». Прыблізна тыя самыя «выгады» дасталі дробныя рамесьнікі і рабочы люд па гарадох. Буржуазія беларускіх гарадоў ад новых «выгад» таксама прайграла. Яна ў Рэчы Паспалітай мела такі-сякі самаўрад на аснове вельмі пашыранага Майдэборскага права. Цяпер яна самаўрад страціла, бо мяшчане гарадоў імпэрыі Майдэборскім правам не карысталіся.

Сярод мяшчан, як мы ведаем, па гарадох Беларусі з даўных часоў жыло шмат яўрэйства. Яно ў новым гаспадарстве дастала такую «выгаду», як добра вядомая ўсім нам «черта еврейской оседлости». Фэўдальная імпэрыя добра выявіла свае адносіны да яўрэйства вуснамі «просвещенной» Катарыны ІІ, каторая пераказала словы сваёй зусім не «просвещенной» прадмесьніцы Лізаветы Пятроўны: «От врагов Христовых не желаю интересной прибыли». Цікава тое, што «интересная прибыль» усё-ж такі потым з яўрэйства ўрадам выціскалася. Што гэта так, паказвае выдадзены ў 1794 годзе закон, на падставе якога з тых яўрэяў, каторыя залічваліся ў мяшчане ці ў гандляры, бралі ўдвая больш падаткаў, чым належала браць з мяшчан і гандляроў хрысьціянскага вызнаньня. З гэтага закону пачалося добра вядомае нам паступовае абмежаваньне праў яўрэйства ў Рааіі.

Праўда, у 70-ыя годы XVIII сталецьця ў царскім загадзе на імя гэнэрала Крэчэтнікава адносна гарадоў Беларусі, занятых рускімі войскамі, было сказана так: «Гарады заставіць на іх правох і прывілеях на першы выпадак і кожнаму з іх не перашкаджаць прасіць нас (Катарыну ІІ) аб зацьвярджэньні іх (праў і прывілеяў)». Паводле гэтага загаду можна думаць, што гарады з Майдэборскім правам засталіся як «на першы выпадак», так і потым. Але рэч у тым, што «права прасіць» аб зацьвярджэньні прывілеяў засталося толькі правам. На дзеле просьбы не здавольваліся. Гарадзкое жыцьцё на Беларусі замірае. Колькасьць гарадзкога жыхарства вельмі нязначная; яна з нацяжкаю даходзіць да 5-6 процантаў.

Знаходзячыся ў складзе Рэчы Паспалітай, Беларусь выносіла на сваім карку немалыя падаткі. У вапошнія часы існаваньня Польшчы за паўгода яна ўкладала ў польскі скарб 172.835 рублёў. Беларусі ня стала лягчэй і потым. Калі яна ўвашла ў склад Расійскай імпэрыі, то падаткі ў скарб ня толькі ня зьменшыліся, але яшчэ больш узрасьлі. Вядома, што за палавіну 1774 году Беларусь павінна была ўлажыць у імпэрскую казну 587.019 рублёў, што ў той складае больш за міліён рублёў. Такім спосабам, пасьля прылучэньня да Расіі, велічыня падаткаў на Беларусі ўзрасла блізка што ў 6 раз. Калі мы зробім прыпушчэньне, што Беларусь, аслабленая ранейшымі пэртурбацыямі, і ня выканала ўсіх тых падаткаў, якія былі на яе наложаны, то ўсё-ж такі павінны прызнаць, што фінансавая эксплёатацыя, каторай падлегла Беларусь у новым палажэньні, была куды большая, чым у складзе Рэчы Паспалітай. Гэтая эксплёатацыя ўсім сваім цяжарам лягла не на шляхту, а на іншыя групы насяленьня, асабліва на працоўныя нізы.

Што датычыць да беларускага магнацтва й шляхецтва, то ім скардзіцца на сваю долю ня прыходзілася, бо яны наагул добра сябе пачувалі ў Расійскай імпэрыі. Праўда, яны згубілі тую «залатую вольнасьць», каторай карысталіся ў Польскай Кароне, але гэтая страта была добра акуплена соцыяльна-экономічнымі прыбыткамі Кароны Расійскай. Шляхціц і магнат, як і раней, засталіся панамі, у руках каторых знаходзіліся ўсе выгады ад эксплёатацыі запрыгоненага сялянства. У новай дзяржаве вельмі хутка яны пачалі адчуваць сябе, як дома. Ураду Катарыны ІІ ад шляхты прылучаных беларускіх зямель быў пададзен адрас. Там, паміж іншым, сказана: «Жывучы ня ў Польшчы, мы адчуваем сябе, як-бы ў Польшчы і нават лепш, як у Польшчы». І трэба сказаць, што панства не памылялася. Справа ў тым, што ў Рэчы Паспалітай, пад уплывам францускай рэволюцыі ў канцы XVIII сталецьця, ужо зьявіліся рэформістыя буржуазна-дэмократычнага кірунку. Яны падымалі пытаньне аб соцыяльных і політычных рэформах, у тым ліку і аб сялянскай рэформе. Што датычыць да Расійскай імпэрыі, то сюды ўплывы францускай рэволюцыі папалі куды пазьней, і Расія гэтага часу была далёка ад якога-б то ні было рэформізму. Галасы Новікава і Радзішчава былі зусім няпрыметныя. Шляхту на Беларусі ў новым гаспадарстве ня пужала страшная здань вызваленьня сялян. Шляхта магла быць спакойна.

Толькі невялікая частка шляхты, якая засталася вернаю старому польскаму патрыотызму, не скарыстала «сваіх выгад» і не магла адчуваць сябе ў Расіі, як дома.

Гэта былі найчасьцей шляхціцы-рэформістыя, а часамі і магнаты. Яны не паслухалі загаду прыняць на працягу трох месяцаў прысягу на вернасьць рускаму ураду. Пасьля таго, як назначаны тэрмін скончыўся, яны павінны былі пакінуць межы Расіі, і на іх маёнткі была назначана сэквэстрацыя, г. зн. яны былі ўзяты ў скарб. З шляхецкіх фамілій, што пакінулі Расію ды выехалі ў эміграцыю, нам вядомы, напрыклад, Радзівілы, Агінскія, Чартарыскія, Сапегі, Салагубы і іншыя. Пасьля іх выхаду, у скарб імпэрыі адышло 51 маёнтак, з 110.357 сялянскімі «душамі». Такім спосабам, больш за сто тысяч сялян з прыватнаўласьніцкіх зрабіліся скарбовымі. Калі-б так засталося й надалей, то можна было-б сказаць, што палажэньне гэтых сялян палепшылася, бо, наагул, палажэньне скарбовых сялян было лепшае ад палажэньня сялян прыватнаўласьніцкіх. Але урад вельмі хутка «паправіўся». Атрыманыя ад ранейшых паноў у скарб землі з сялянамі ён сьпешна пачаў раздаваць новым, рускім паном за розныя іх «заслугі» перад тронам. Дзякуючы гэтаму, побач з старым польскім земляўласьніцтвам, на Беларусі пачало расьці новае рускае земляўласьніцтва, каторае зноў узяло ў свае рукі толькі што забраных у скарб беларускіх сялян. Асабліва вялікія падарункі дасталі ад ураду фаворыты Катарыны, каторых, як мы ведаем, было шмат, бо яны часта мяняліся. Князь Пацёмкін Таўрыдзкі дастаў 14.227 душ, граф Румянцаў—13.326 душ, гр. Чарнышоў—5.071, гэнэрал Завадоўскі—4.734, граф Мікіта Панін—3.090, Елагін—3.712, кн. А. Галіцын—3.152 душы і г. д. За невялікі тэрмін, у якія-небудзь пятнаццаць год на Беларусі было ўтворана для катарынінскіх вяльмож 107 маёнткаў, у якіх налічвалася 94.160 сялян. Праз нейкі час новыя шчодрыя раздачы ня толькі поўнасьцю пакрылі, але нават значна пераважылі лік атрыманых ад сэквэстру ў скарб сялянскіх душ.

Палажэньне беларускага сялянства пры інкорпорацыі Беларусі ў Расійскую імпэрыю нічым не зьмянілася, а потым, з цягам часу, паступова пачало яшчэ больш пагаршацца. Вольнае сялянства старажытных часоў Літоўска-Беларускага гаспадарства к канцу XVIII сталецьця зьнікла. Сяляне гэтага часу дзяліліся на дзьве няроўныя групы: большую групу складалі прыватнаўласьніцкія сяляне, меншую групу — скарбовыя (казённыя) сяляне. Палажэньне апошняй групы было крыху лепшае, чым палажэньне групы прыватнаўласьніцкіх сялян. У скарбовых сялян зямельныя надзелы былі большыя, а павіннасьці і абавязкі меншыя. Апрача таго, над імі ня было такога панскага зьдзеку і гвалту, каторы з дню ў дзень цярпелі сяляне прыватнаўласьніцкія. Паншчына адбывалася абедзьвюма групамі. У скарбовых дварох паншчына займала 3-4 дні на тыдзень, у панскіх маёнтках яна даходзіла з З дзён да 7 дзён на тыдзень. У некаторых панскіх дварох, такім чынам, сяляне ўлетку зусім ня мелі сьвяточнага адпачынку. Што датычыць да павіннасьцяй сялян, то яны былі падвойныя: павіннасьць працаю і павіннасьці натураю. Да працоўных павіннасьцяй належалі: фурманачная (падача пану патрэбнага яму ліку фурманак), вартаўнічая (варта панскага дабра), мастовая і падарожная (папраўка шляхаў і мастоў), аблаўная, невадная, вымалатачная і памольная (абавязак вымалаціць і змалоць панскае збожжа) і г. д. Павіннасьці натураю складаліся з чыншавых падаткаў пану хлебам, дамоваю жывёлаю і птаствам, маслам, салам, яйкамі і г. д. Кожны крок селяніна, кожная падзея з яго гаротнага жыцьця злучаліся з якім-небудзь абавязкам на пана.

Апроч экономічнага боку, беларускі селянін быў у поўнай юрыдычнай залежнасьці ад пана, кім-бы апошні ні быў—ці польскім шляхціцам, ці рускім вяльможам. Юрыдычна гаспадарства ня знала прыватнаўласьніцкага селяніна, і ён ня меў беспасрэдных адносін да дзяржавы. Пан быў для свайго селяніна ўсім—і судзьдзёю і адміністратарам. У 1773 годзе урадам Катарыны ІІ быў выдадзены закон, на падставе каторага ўсякі пан атрымліваў права караць селяніна ўва ўсіх здарэньнях паводле свайго погляду. Паны тлумачылі гэты закон у свой бок і прыдавалі яму такі сэнс, што яны маюць поўнае права караць сялян нават караю на сьмерць. На гэтай глебе вырасталі такія пышныя кветкі панскага ўціску і самадурства, як добра вядомая ўсім Салтычыха ў Расіі. Селянін, апроч таго, ня меў ніякага права нават паскардзіцца прадстаўніком улады на свайго пана, бо урадам тэй самай тарыны ІІ былі забаронены скаргі на сваіх паноў, якія-б гэтыя скаргі ні былі—праўдзівыя ці непраўдзівыя. За ўсякую скаргу на пана, замест яе разгляду, селяніна няшчадна білі бізуном і высылалі ў далёкую Сібір. Зразумела, што пры такіх умовах селянін ня мог адважыцца паскардзіцца на пана, якую-б незаконнасьць ён ні рабіў. Адным словам беларускі запрыгонены селянін, як мы вышэй сказалі, з «быдла» Рэчы Паспалітай польскай зрабіўся «скотиной» імпэрыі Расійскай.

Урад Катарыны ІІ у сваіх дэкрэтах і абвяшчэньнях заўсёды любіў зазначаць, што вельмі клапоціцца аб падтрыманьні «сьвятой» праваслаўнай веры і аб абароне праваслаўнага жыхарства на Беларусі. Трэба, аднак, сказаць, што гэтае падтрыманьне праваслаўнага жыхарства заўсёды было залежным ад таго соцыяльнага стану, да якога належаў той ці іншы праваслаўны. Ясна, што праваслаўны, калі ён быў запрыгонены, бяспраўны селянін, ня меў урадавага падтрыманьня, калі змагаўся з каталіком шляхецкага стану. Інтарэсы соцыяльна-шляхецкія былі для расійскага ураду выключнымі інтарэсамі, каторым падлягалі ўсе іншыя інтарэсы. Вельмі трывалымі ў гэтых адносінах зьяўляюцца наступныя словы з указу Катарыны ІІ, выдадзенага 17 траўня 1793 г. «Ураднікі, каторыя ў местах і на вёсках маюць нагляд над поліцыяй, павінны пільнаваць, каб, прылучаючы да (праваслаўнай) царквы нашай тых, хто таго хоча (з каталікоў і вуніятаў), не ўзялі гэтыя апошнія за прадлог ухіліцца ад паслушэнства паном сваім ці да іншых сваявольстваў». Рэлігія застаецца рэлігіяй, а ўся сутнасьць жыцьця ў «паслушэнстве» селяніна свайму пану.